Перайсці да зместу

Завіруха (1929)/Маладому песьняру

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Даволі сьлёз Маладому песьняру
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Песьня свабоды
Іншыя публікацыі гэтага твора: Маладому песьняру.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЛАДОМУ ПЕСЬНЯРУ

Гэй, пясьняр малады, ня вучыся сьпяваць
Новай песьні на сумны той лад.
Весялей трэба йграць, хоць-бы й струны парваць,
Хоць і сам мо‘ вясельлю ня рад.
Ведай ты, што твой верш раніць сэрца людзей,
Абаўе ён іх цела, як вуж…
Дык іграй весялей, гані смутак з грудзей,
Пакуль ‘шчэ малады ты і дуж.
Загартуй ты свой верш, як у горані сталь,
Стралой вострай ляціць хай у сьвет,
Абшукае хай даль, знойдзе ў сэрцы скрыжаль.
І пакіне на камені сьлед…
..................
Шмат хто песьні складаў пра гаротны наш край, —
Апавялі няволю і глум…
Ты, пясьняр, заіграй, галасьней засьпявай,
Хай загіне адвечны наш сум.
Няхай новы твой сьпеў гразь балот скалыхне,
Хай узбудзіць заснуўшы лес, гай…
Няхай вольна ўздыхне, хай вясёла зірне
Наш спрадвеку заплаканы край!

20-V 1921 г.