Пасьвячаю Цішку Гартнаму ў гадаўшчыну супольнай працы ў газэце „Савецкая Беларусь“.
Яшчэ шугаў агонь… і кулі песьні пелі…
За волю беднаты ішлі мы грамадой
Пад музыку гармат і буйны град шрапнэлі,
Ня змыта кроў была у горадзе з панэлі,
Як першы наш быў кліч: „на ворага! — у бой!“
І наш пачулі кліч. На гэтых вось страніцах
Ўсім вочы адчыняў крывавы сьлед пяра,
І праўды голас наш даў сілу прабудзіцца…
Над краем, бачым мы, усход зары ірдзіцца;
І песьню вольную мы чуем дудара.
Мінаў за днямі дзень — мы новы кліч гукнулі…
„Да працы!“ звалі мы… Народ стаў працаваць.
Магутнаю рукой жыцьцё ўсё скалыхнулі…
Адгук народа мы на гэты кліч пачулі:
„Сьвет новы будзем мы, сьвет вольны будаваць!“
Дзе ўчора сьлёзы й плач, дзе кроў цякла ракою.
Дзе з полымем агню да неба віўся дым,
Там заўтра будзе мур са стрэхай залатою,
Палацам працы ён і будзе над зямлёю,
Працоўны ўвесь народ жыць вольна будзе ў ім…
І сьлед тады пяра на гэтых вось страніцах
Праменем заблішчыць, ткучы радкоў узор, —
А сонца вечнае над сьветам загарыцца…
Мінулы страшны час нам толькі мо‘ прысьніцца,
Ці казку аб усім раскажа шумны бор.
8-VIII 1921 г.
|