Гудзе звон… Мільёны мазолістых рук
Б‘юць жалезам аб бераг мядзяны,
І клічам магутным разносіцца гук, —
Заве да жыцьця!.
Грамадзяне:
Рвіце ўсе адвечнай няволі ланцуг,
На кліч звона ідзі, хто ня скуты!
Будзеш ты уладар, будзеш — бог,
Калі пройдзеш ты шлях — шлях пакуты.
Ня ў прыгожым убраньні йдзеце туды,
Калі гнуцца пад крыжам калені,
Кроўю змочаны будуць вашы сьляды,
Не памогуць паклоны, маленьне.
Звон гудзе… Будзе доўга і моцна гудзець,
Пакуль скрыўджаны брат не паўстане,
Хутчэй сонца сьвяціць перастане,
Чым пра волю пакіне ён пець,
Чуе сьвет… усіх будзіць гулкі наш звон…
Размахні і удар не паволі!
Мацней загудзе… запяе ён: „дзін-бом!..“
Чуеш! чуеш, сын вечнай няволі?!
Вораг плача… шчыра як моліцца ён, Ветрам страшным пад звон завывае…
І хаўтурным напевам стогне наш звон,
Калі шлях хто к жыцьцю захіляе.
І гучней, і гучней тады звон наш гудзе
Ў хвалях звону ня гасьне надзея…
На кліч грамада сьмела, дружна ідзе, —
Шлях, што ўдар — карацей і сьвятлее.
|