Загарэўся усход… Бляск зарніцы патух…
На траве сьлёзы буйнай расы…
Грае ў вёсцы труба, — выганяе пастух…
Між кустоў чутна песьня касы.
Забялелі шнуры ад кашуль мужыкоў,
І калышацца хваляй рады…
Сьвіст касы, звон мянташак, брускоў,
Ды ад ног на балоце сьляды.
За пракосам пракос выплывае у міг
З мора вечна зялёнай травы…
Касцоў песьціць рукой сонцавей залаты, —
Чэша променем сноп галавы.
Эх і цяжка касцом… рукі, плечы баляць…
Хмара гляне з-за лесу, як дым, —
Граблі ў рукі — сухое зграбаць!..
Ў касавіцу спачынак ня ім.
І ад раньня да зор, пакуль ноч напаўзе,
Як мурашнік, кішыць сенажаць…
Сонца сядзе за лес… Ночка вось балазе, —
Йдзе да хаты працоўная раць.
Жарты… песьні чуваць удалой грамады,
Рогат звонкі хлапцоў і дзяўчат…
Эх, мінулі няволі спрадвечнай гады,
І ад працы — ня плача наш брат!
1921 г.
|