Над балотам гудзе завіруха…
Ведзьмай носіцца з краю да краю,
І зьмятае з зямлі жыцьця пацяруху…
Неба сьвінцовым дажджом палівае.
Бура ломіць дубы і бярозы-сталеткі,
Выварочвае хвоі з карэньнем…
І ўзыходзяць з-пад сьнегу чырвоныя кветкі, —
Непагоды шалёнай насеньне.
Мы засыпаны сьнежнымі іскрамі,
Ломім ногі ў гальлі буралому…
Крычым сонцу: „Блізка мы, блізка мы!
К сьвету Вялікаму! Новаму!“
Нам ня страшна мяцеліца сьмерці,
І напевы хаўтурныя ветра…
Ўсё жыцьцё нам прыходзілась мераць
Агнявыя балоты і нетры.
Завіруха як сьвішча — мы слухаем…
Песьцяць сэрца жалобныя песьні…
Сьвет стары яна сьмела парухае, —
Гэта бура зімы на прадвесьні.
Падарожны ня згіне ў мяцеліцу,
Шлях ён знойдзе ў тумане балота…
Тут адважнаму путніку верыцца,
Што ўжо хутка міне яго слота.
Сонца гляне — асьвеціць палаткі,
Згіне з сэрца бязьмерная скруха…
Закрасуюць з-пад сьнегу чырвоныя кветкі,
Сьціхне плакаць жыцьця завіруха.
1922 г.
|