Перайсці да зместу

Завіруха (1929)/Ад аўтара

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ад аўтара
Прадмова
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Завіруха
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ад аўтара (Чарот).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АД АЎТАРА

Дарэмна ў маім зборніку будуць шукаць якой-небудзь вызначанай мастацкай ці політычнай програмы.

Яе пакуль што няма.

Мой зборнік хутчэй дынаміка, чым статыка.

Ён — эволюцыя таго, што перажываў аўтар ня толькі як наглядчык рэволюцыйнай завірухі, але і непасрэдны ўдзельнік яе.

Час накладае свой адбітак. Тое, што было ўчора, таго няма сягоньня. Тое, што абурвала ўчора, тое сягоньня забыта і спалена. Сягоньня новае.

І гэта сягоньня — ня ёсьць яшчэ кропка, апошняе слова жыцьця і барацьбы.

Я іду ў заўтра, а заўтра — гэта Вялікая Будучыня.

Агонь рэволюцыі — гэта агонь вулькана, ён расплаўляе ўсё… І пакуль яшчэ рана гаварыць аб тых формах, у якія можна ўліць гэту вогнядышачую лавіну. Пакуль яшчэ рана гаварыць аб мастацкай . Можна толькі яе вызначыць — ставіць першыя вехі. Можна, дзеля таго што якар ёсьць. Маяк відаць.

Мы засыпаны сьнежнымі іскрамі,
Ломім ногі ў гальлі буралом
Крычым сонцу: „Блізка мы, блізка мы!
К сьвету Вялікаму! Новаму!

Калі ў першым сваім вершы я казаў:

У Край родны, край сумны крыжоў і балотаў…
Ці хутка пачую я песьню чаротаў
Над сонным балотам тваім?

то сягоньня сьпяваю:

Край новы ўзрасьце на бураломе —
Машыны будзе век, ня трэба будзе конь,
Бляск электрычаства там хмара не заслоніць,
Людзкое будзе ўсё: зямля, вада, агонь…

Не назад — у мінулае, а наперад — у будучыну пазіраем мы.

Гэту маленькую прадмову я прымушан напісаць дзеля таго, каб паставіць ў вядомыя межы маіх чытачоў і крытыкаў.

М. Ч.