Перайсці да зместу

Завіруха (1929)/Жывое балота

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Скокі на могілках Жывое балота
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
⁂ Я пясьняр лясоў, балота
Іншыя публікацыі гэтага твора: Жывое балота.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЖЫВОЕ БАЛОТА

Няхай гудзе віхор, няхай зьмятае
Збудованыя тут вякамі курганы,
Тут новы будзе край, тут волі дух вітае, —
Ня дасьць ён згінуць нам, гаротныя сыны.

Няхай агонь зямлі да хмар шугае,
Ад буры рушачай краіна не засьне,
Паўстаўшы наш народ красу жыцьця спазнае,
Як посьле непагод сьвет сонейка зірне.

Няхай грукоча гром, трашчаць пяруны, —
Хутчэй загіне сон — прачнецца чалавек,
Свабодзе гімн сьпяюць душы жывыя струны,
У кнізе вечных спраў адзначыць новы век.

Мы сьмела магутнаю сілаю
Разгонім жыцьця свайго змрок
І хутка ужо над магілаю
Спляцем вечнай волі вянок.

Праз мора агню і руінамі
Народ павядзём свой туды,
Дзе воля і шчасьце!.. Ня згінем мы!
Наш шлях — гэта нашы сьляды.

Мы верым, узбудзіцца воляю
Дух творчы усёй грамады…
Народ наш празван і нядоляю
Крыніцай жывучай вады.

Мы створым жыцьцё нявіданае,
Збудуем палац да нябёс.
Там будзе ўсім брацтва чаканае,
Ня будзе там зьдзеку і сьлёз.

Мы першыя пойдзем к Вялікаму,
Свой шлях працярэбім грудзьмі…
Пацерпім няшчасьце бяз ліку мы,
Каб толькі назвацца людзьмі.

Мы клічам: гэй, людзі балотныя,
Свабодным будуйце свой край…
Нас сонца зальле пазалотаю, —
Мы створым жыцьця свайго рай!

27-IV 1922 г.