Перайсці да зместу

Завіруха (1929)/А я іду

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вечная бура А я іду
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Гром
Іншыя публікацыі гэтага твора: А я іду.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




А Я ІДУ…

Шалёны вецер сьвішча ў полі…
Маланка зьзяе… гром грукоча…
А я іду… Слабею з болі.
Мо‘ не дайду туды ніколі,
Але ў няволі жыць ня хочу.

Ў зімову сьцюжу сьнег заносіць…
Ня бачу сьвету ў завірухах…
Але наш край свабоды просіць,
І сын яго хай гора зносіць,
Хай моцны будзе целам, духам.

Я сын яго. Дзіця я працы,
Такіх, як я — нас шмат — мільёны;
Мы зможам ворага ў палацы…
А вы рагочаце, паяцы,
І кажаце, што я — шалёны.

Шалёны, кажаце, шалёны,
Як вецер той, што ў полі сьвішча…
Затым, што там, дзе плач і стогны,
Ня біў я ворагу паклоны,
А справіў сьмерці баль-ігрышча.

А хто рагоча? Той, хто ўчора,
Як я, глядзеў на сьвет з-за краты,
Хто чару піў са мною гора…
Сягоньня трус ён стаў, прытвора,
Гатоў свайго-ж прадаці брата…

Мой цяжкі шлях… Ваюю з бурай…
Схіляе вецер, як былінку…
Часамі сьпеў душы — віхура —
Прымусіць доўга быць панурым,
Нібы бяздольну сірацінку.

Але змагаю ўсе няўзгоды,
У даль імкнуся без спачыну…
У ясны дзень і ў непагоду
Кладу я шлях свайму народу,

Пакуль ў сьнягох жыцьця ня згіну,
Хутчэй з заходу сонца ўзойдзе,
Чым край наш будзе у няволі…
Аб час мінулы у народзе
Дудар свой сумны сьпеў заводзе…
Той час ня прыдзе ўжо ніколі.

Пра гэты-ж час вайны крывавай
Раскажа лірнік казку сьвету,
Хто быў тут правы, хто няправы…
Аб гэтым зашуміць дубрава
І гучны верш пяўца-поэта…

… І я іду… Гудуць мяцелі…
Мо‘ імі буду я занесен…
Мільёнам ў гурбах ногі млелі,
Пасьля ім кулі песьні пелі…
І больш — яны ня чуюць песень.

21-I 1922 г.