Забабоны
Забабоны Публіцыстыка Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1913 Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 28, 12 ліпня 1913 г., б. 1-2 |
Што Беларускі народ належыць да найбольш забабонных у сьвеці народоў, — гэта, дзякаваць Богу, прызналі нам усе, хто меў, і хто ня меў на гэта права; хто разумеў і хто не разумеў значэньня слова забабон; а нават, на похвалу гэтых апошніх трэба сказаць, што яны найахватней гэта нам прызналі, бо найлягчэй біць лежачаго, а лаяць нямога. Але ня ў тым справа. Я хацеў сказаць, што забабоны бываюць нявінные і ня шкодные і бываюць дужэ шкодные, як хвароба, каторую завуць—ракам. Да такіх бязшкодных забабонаў залічаю я забабон, што як хто штодзень з левай нагі абуваецца, то яму ніколі ня будуць балець зубы, або каб звясьці ячмень з вока, трэба нюхаць свой кукіш. Першае і другое лекарства, трэба прызнаць бязшкодным. І калі каму стрэліць у галаву перш левую чым правую абуваць нагу, або нюхаць свой кукіш,—ніхай сабе абувае і нюхае на здароўе пакуль не здакучыць яму. Але побоч з гэтымі бязвіннымі забабонамі, укараніліся у нас і дужа шкодные, каторые, як рак цела разьедаюць нашу душу.
Адзін з гэткіх зараз—забабоноў ёсць той, што каб стацца інтэлігентным чэлавекам трэба навучыцца толькі „панскай“ мовы і ўсё ўжо гатова. У нашай шчасьлівай старонцы ня розум, ні душа ў цане і пашане, а «панокая» мова. Забабон гэты нарадзіўся у панскіх кухнях, перэдпакоях і пекарнях і адтуль, як пошэсць, разліўся па ўсей старонцы і заразіў безмала увесь народ. І каб з гэтаго факту судзіць аб усім народзе, то трэба было-б, хіба, прызнаць што наш народ—гэта народ слуг і служанак, народ панскіх падлыжнікоў, ці як лепей казаў, бязсьмертны украінскі пісьменнік, Тарас Шэвчэнко, — Варшавське сьметьтя,—гразь Москвы“…
Браты мае! балючая гэта праўда, але яна праўда. Бо ці-ж камуколечы з вас не прыходзілося бачыць такіх „цвэнкаючых“ па польску і „дакаючых“ па маскоўку, пуста—парожніх людзей, каторые аднак пышаюцца тым, што яны «інтэлігенты». Такіх, каторые за сочэвічную юшку прадалі свой гонар народны і такіх лёкайскіх душ, каторые перад панам неважацца выказаць сваей душы, сваей мовы. Такіх, каторые стыдаюцца гаварыць па свойму пры людзях… Не варта было б спыняцца над гэткімі людзьмі, выносіць на сьвет Божы гэткі бруд сваей, хаты каб гетагэта пошэсць не ўедалася у нашы косьці.
Да тых, хто ешчэ не заражэны гэтым забабонам — хваробай клічу: ваюйце з забабонам — заразай! Тлумачце што інтэлігенція, розум — у галаве; культурнасць у паступках чэлавека, а лекайства ў падлыжніцтве, у сабаччым віляньню хвастом;—ганьба ў здрадзе. Чэсьць-жэ і пашана тым, хто беражэ свой чэлавечы і народны гонар.
Юры Верэшчака.