Перайсці да зместу

Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/X

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел IX Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел X
Раман
Аўтар: Даніэль Дэфо
1937 год
Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719)
Раздзел XI

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел дзесяты

Рабінзон даследуе свой востраў.

Шмат разоў прабаваў я сплесці сабе кошык, але ўсе пруты, якімі я карыстаўся, былі такімі крохкімі, што ў мяне нічога не выходзіла.

Калі я быў дзіцем, я вельмі любіў хадзіць да аднаго майстра кошыкаў у нашым горадзе, і глядзеў як ён працуе. І цяпёр гэта вельмі мне спатрэбілася. Як усе наогул дзеці, я быў назіральным і заўжды гатоў быў услужыць. Я часта дапамагаў майму прыяцелю, майстру кошыкаў, у рабоце і так добра заўважыў тады, як плятуцца кошыкі, што і потым не забыў гэтага майстэрства. Для пляцення кошыкаў мне нехапала толькі матэрыялу. Нарэшце мне прышло ў галаву: ці не падыдуць для кошыкаў галінкі тых дрэў, якія я браў на частакол для сваёй дачы? Па маіх меркаваннях, у гэтых дрэў павінны былі быць пругкія, гнуткія галінкі, як у вярбы. І я рашыў паспрабаваць.

На другі-ж дзень я пайшоў на дачу, зрэзаў там некалькі галінак таго дрэва, выбіраючы самыя тонкія, і ўпэўніўся, што яны як нельга лепш падыходзяць для кошыкаў. У наступны раз я прышоў з сякерай, каб адразу насячы, колькі патрэбна. Мне не трэба было шукаць, бо дрэў той пароды расло тут многа. Насечаныя галінкі я перацягаў у агарожу, а калі яны падсохлі, перанёс іх у пячору. У бліжэйшую дажджлівую пару я ўзяўся за работу і наплёў вельмі многа кошыкаў. Яны служылі мне для розных патрэб: я насіў у іх зямлю, складваў усялякія рэчы і г. д. Праўда, мае кошыкі не вызначаліся пекнатой вырабу, але, у кожным разе, выконвалі сваё назначэнне, а мне толькі гэта і трэ‘ было. З таго часу я ніколі не забываў папаўняць свой запас кошыкаў: як толькі старыя ламаліся ці знашваліся, я між работай плёў новыя. Я рабіў іх рознай формы і велічыні, але галоўным чынам запасаўся глыбокімі і моцнымі кошыкамі цыліндрычнай формы, якімі меркаваў замяніць мяшкі для хавання збожжа, калі ў мяне яго набярэцца шмат.

Я ўжо казаў, што мне вельмі хацелася абысці ўвесь востраў і што я некалькі разоў хадзіў да раўчака і да таго месца даліны, дзе пабудаваў свой шалаш і адкуль адкрываўся від на мора з другога боку вострава. І вось я нарэшце адважыўся прайсці ўвесь востраў упоперак і дабрацца да супроцьлеглага берагу. Я ўзяў стрэльбу, сякеру, вялікі запас пораху, шроту і куляў, прыхапіў на кожны выпадак два сухары і вялікую галінку ізюму і пусціўся ў дарогу. Я ўзяў з сабой на гэты раз сабаку. Прайшоўшы тое месца даліны, дзе стаяў мой шалаш, я ўбачыў наперадзе, на захадзе, мора, а далей відаць была паласа зямлі. Быў яркі сонечны дзень, і я добра бачыў зямлю, але не мог вызначыць, ці гэта матэрык ці востраў. Гэта было высокае плоскаўзвышша, якое цягнулася ад захада на поўдзень і было вельмі далёка (па майму разліку, міль на сорак, калі не больш) ад майго вострава.

Я не ведаў, што гэта за зямля, і мог сказаць толькі адно, што гэта пэўна якая-небудзь частка Амерыкі, якая ляжыць, мусіць, недалёка ад іспанскіх уладанняў. Магчыма, што зямля гэтая была населена людаедамі і што, каб я трапіў туды, маё становішча было-б яшчэ горшым.

Разважаючы гэткім чынам, я, не спяшаючыся, пасоўваўся наперад. Я заўважыў, што тут шмат вадзілася папугаяў, і мне хацелася злавіць аднаго: я думаў зрабіць яго ручным і навучыць гаварыць. Пасля многіх бясплодных намаганняў мне ўдалося злавіць маладога папугая: я падбіў яму кіем крыло, так што ён не мог паляцець. Я ўзяў яго і прынёс да сябе ў палатку. Хутка я дамогся, што ён пачаў клікаць мяне па імені.

Дайшоўшы да берагу мора, я канчаткова ўпэўніўся, што выбраў для пасялення самую горшую частку вострава. На маім баку я за паўтары гады злавіў толькі трох чарапах: тут-жа ўвесь бераг быў усеяны імі. Акрамя таго, тут было нязмернае мноства птушак розных парод, у ліку якіх пінгвіны. Былі такія, якіх я ніколі не бачыў, і шмат такіх, назвы якіх былі мне невядомыя. Мяса некаторых было вельмі смачнае.

Бясспрэчна, гэты бераг быў ва ўсіх адносінах прывабней майго, і тым не менш я не меў ніякага жадання перасяляцца. Пражыўшы ў сваім гняздзе больш за паўтары гады, я да яго прывык; тут-жа я адчуваў сябе госцем, мне было ніякавата і цягнула дамоў.

Прайшоўшы ўдоўж берагу к усходу, мусіць, міль дванаццаць ці каля таго, я рашыў, што час вяртацца. Я ўтыркнуў у зямлю высокі шост, каб зазначыць месца, бо думаў у наступны раз прысці сюды з другога боку.

Я хацеў вярнуцца іншай дарогай. «Востраў такі невялікі, — думаў я, — што на ім нельга зблудзіць. У крайнім выпадку я ўзлезу на горку, азірнуся і ўбачу, куды мне ісці». Аднак, я памыліўся. Адышоўшы ад берагу не больш двух-трох міль, я непрыкметна спусціўся ў шырокую лагчыну, якую так шчыльна абстучалі лясістыя ўзгоркі, што не было ніякай мажлівасці вырашыць, дзе я знаходзіўся.

Я мог-бы ісці па сонцу, але для гэтага трэ’ было дасканальна ведаць, у якім пункце знаходзіцца сонца ў кожны час дня.

А тут яшчэ на бяду было пахмурнае надвор’е, і на працягу трох ці чатырох дзён сонца зусім не паказвалася. Увесь гэты час я блытаўся ў лагчыне, шукаючы дарогу. Нарэшце я вымушан быў выйсці зноў да берагу мора, на тое месца, дзе стаяў мой шост, ды ўжо адтуль вярнуўся дамоў ранейшай дарогай. Назад я ішоў, не спяшаючыся, з частымі перапынкамі, бо стаялі спякотныя дні, а на мне было шмат цяжкіх рэчаў — стрэльба, зарады, сякера — і мне было цяжка ісці.