Перайсці да зместу

Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/IX

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел VIII Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел IX
Раман
Аўтар: Даніэль Дэфо
1937 год
Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719)
Раздзел X

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел дзевяты

Рабінзон дастае рэчы з карабля, пацярпеўшага крушэнне. — Хвароба і туга.

1 мая. — Сёння раніцой у часе адліву ўбачыў здалёк на беразе нейкі вялікі прадмет, здалёк падобны на бочку. Пайшоў паглядзець, і высветлілася, што гэта сапраўды бочачка. Тут-жа было параскідана шмат драўляных абломкаў. Я зірнуў у той бок, дзе тырчэў корпус карабля, і мне здалося, што ён высоўваецца з вады больш звычайнага. У бачонку быў порах, папсаваны ад вады: ён увесь быў падмоклы і зацвярдзелы. Тым не менш я выкаціў бачонак вышэй, каб яго не знесла ў мора, а сам па аголеным морскім дне накіраваўся да карабля паглядзець, ці не знойдзецца яшчэ чаго карыснага для мяне.

Прайшоўшы некаторую адлегласць, я заўважыў, што палажэнне карабля неяк дзіўна змянілася. Насавая частка, якая раней амаль закопвалася ў пясок, паднялася цяпер прынамсі на шэсць футаў, а карма, зусім адлучаная (гэта здарылася даўно, хутка пасля маёй экскурсіі на карабль), цяпер расселася ў некалькіх месцах і перакулілася на бок. Акрамя таго, з боку палубы яна была занесена пяском, і адсюль-жа ў бок берагу стварылася пясковая водмель, і таму цяпер я мог падысці да самага карабля, тады як раней яшчэ за чвэртку мілі да яго я вымушаны быў плысці. Такая перамена ў палажэнні карабля спачатку мяне здзівіла, але потым я здагадаўся, што гэта зрабіла землетрасенне.

З гэтай прычыны, мусіць, расселася карма. З таго дня да берагу штодзённа прыбіваліся ветрам і цячэннем розныя рэчы, якія вымывала вадой з адчыненага трума.

Здарэнне з караблём заняло ўсе мае думкі. Я і думаць забыўся пра сваё перасяленне на новае месца. Увесь наступны дзень я меркаваў, як мне трапіць ва ўнутранае памяшканне карабля. Задача была нялёгкая, бо ўся яго сярэдзіна была набіта пяском. Але на гэта я не звяртаў увагі: я ўжо навучыўся ніколі не апускаць рук. Я пачаў расцягваць карабль па частках, ведаючы, што мне ў маім становішчы ўсё можа спатрэбіцца.

4 мая. — Вудзіў рыбу, але ніводнай спажыўнай не злавіў. Знудзіўшыся, хацеў быў пайсці, але, закінуўшы вудачку ў апошні раз, злавіў маленькага дэльфіна. Вудачка ў мяне самаробная: валаснік я змайстраваў з пянькі ад старой вяроўкі, а кручкі зрабіў з дроту. Тым не менш мая вудачка часамі лавіла столькі рыбы, што я мог есці яе ўдосыць, прасушваючы на сонцы.

5 мая. — Працаваў на караблі. Падпіліў брус, аддзёр ад палубы тры вялікія сасновыя дошкі, звязаў іх разам, і, дачакаўшыся прыліву, паехаў да берагу.

24 мая. — Усе гэтыя дні працаваў на караблі. Выламаў з палубы апошнія дошкі, пасля таго рэчы, якія былі ў труме — некалькі бачонкаў і дзве матроскія скрыні — усплылі наверх ад першага-ж прыліву. Але вецер дзьмуў з берагу, і іх загнала ўмора. Затое сёння выкінулася на бераг некалькі абломкаў і вялікі бачонак з рэшткамі бразільскай свініны, якая аднак нікуды не варта, бо ў бачонак трапіла шмат вады і пяску.

16 чэрвеня. — Знайшоў на беразе вялікую чарапаху. Раней я ніколі іх тут не бачыў.

17 чэрвеня. — Спёк чарапаху на вуголлі. Знайшоў у ёй да шасцідзесяці яек. Ніколі ў жыцці, здаецца, не еў гэткага смачнага мяса. Нічога дзіўнага: да таго дня маю мясную ежу на востраве складалі выключна козы ды птушкі.

18 чэрвеня. — Зранку да вечара ішоў дождж, я не выходзіў. Увесь дзень мяне нешта трасе, хаця, як гэта мне вядома, у тутэйшых шыротах не бывае халодных дажджоў.

19 чэрвеня. — Я, відаць, хворы: мне так холадна, нібы на дварэ зіма.

20 чэрвеня. — Усю ноч не сплюшчыў вачэй: вельмі баліць галава і холадна.

21 чэрвеня. — Зусім дрэнна. Страшэнна баюся расхварэцца і страціць сілы: якое будзе тады маё становішча!

22 чэрвеня. — Сёння мне лепей, але страх хваробы не пакідае мяне.

24 чэрвеня. — Значна лепей.

25 чэрвеня. — Моцная трасца: сем гадзін падрад мяне кідала то ў холад, то ў жар. Скончылася выпарынай і млосцю.

26 чэрвеня. — Лепей. У мяне вышаў увесь запас мяса, і я хадзіў на паляванне, хаця адчуваў страшэнную слабасць. Забіў казу, цераз сілу дацягнуў дадому, спёк кавалак на вуголлях і паеў. Мне вельмі хацелася згатаваць сабе супу, але ў мяне няма ні каструлі, ні гаршка.

27 чэрвеня. — Зноў трасца, такая моцная, што я ўвесь дзень праляжаў без яды і піцця. Я паміраў ад смагі, але ад слабасці не мог стаяць на нагах і не мог схадзіць па ваду.

28 чэрвеня. — Ноччу мучыўся ад смагі, але ні ў палатцы, ні ў склепе не было ні кроплі вады, і давялося перамучыцца да раніцы. Пад раніцу зноў заснуў і бачыў страшны сон.

30 чэрвеня. — Я адчуваў сябе здаровым увесь дзень. Не трасло. Выходзіў са стрэльбай, але не надоўга; доўгую экскурсію рабіць баяўся. Папалуднаваў чарапашымі яйкамі, якія еў са смакам. Увечары паўтарыў прыём лякарства, якое так дапамагло мне напярэдадні (я кажу аб рому з тытуном).

Тытуновых лісцяў не жаваў і не ўдыхаў тытуннага дыму. Затое на другі дзень — 1 ліпеня — мне, насупроць маім чаканням, было зноў не зусім добра: мяне трасло, хаця і нямоцна.

Ад З ліпеня мая трасца больш не паўтаралася, хаця і прайшло некалькі тыдняў, покуль я канчаткова паправіўся і набраўся сілы. Прайшло дзесяць з лішкам месяцаў майго жыцця на заклятым востраве. Я быў цвёрда ўпэўнены, што ніколі да мяне не было чалавечай нагі на гэтых пустынных берагах, таму прыходзілася, відаць, адмовіцца ад усякай надзеі на збавенне. Цяпер, калі маё жыллё было абнесёна моцнай агарожай і я мог быць спакойным за яго бяспечнасць, я рашыў добра даследваць востраў, спадзяючыся знайсці якія-небудзь новыя жывёлы і расліны, якія маглі-б быць мне карыснымі.

З 15 ліпеня пачаў свой агляд. Перш за ўсё я накіраваўся да той бухтачцы, дзе прычальваў з плытамі. У бухтачку сцякаў невялікі раўчачок. Прайшоўшыся мілі дзве ўверх па плыні гэтага раўчака, я ўпэўніўся што прыліў туды не даходзіць, бо з гэтага месца і ўверх вада ў раўчаку была чыстай і празрыстай, але толькі месцамі раўчак перасох (у гэты час быў сезон, калі не было дажджоў), і цячэнне перапынілася.

Па нізкіх яго берагах цягнуліся роўнай гладдзю сенажаці з густой, мяккай травой, а далей — там, дзе нізіна паступова пераходзіла ва ўзвышша і куды, як відаць, не дасягаў разліў, расло шмат тытуну, раскошнага, з высокімі і таўстымі сцябламі. Там былі і іншыя расліны, якіх я раней ніколі не бачыў; зусім магчыма, што, ведаючы іхнія ўласцівасці, я здолеў-бы атрымаць ад іх карысць для сябе. Я шукаў касавы[1], з кораня якой індзейцы гарачага клімата робяць хлеб, але не знайшоў. Затое я бачыў цудоўныя экземпляры алоэ[2] і цукровага трасніку. Але я не ведаў, ці можна зрабіць што-небудзь спажыўнае з алоэ. Цукровы траснік рос у дзікім выглядзе і таму для вырабу цукру не падыходзіў.

На другі дзень, 16-га, я пайшоў той-жа дарогай і знайшоў шмат розных пладоў, у ліку іх дыні (у вялікай колькасці) і вінаград. Вінаградныя лозы віліся па ствалах дрэў і з іх віселі раскошныя спелыя гронкі ягад. Гэтая знаходка вельмі здзівіла мяне і ўзрадавала. Але я своечасова ўспомніў, што калі жыў у Гвінеі, там памерла ад дызентэрыі некалькі англічан-нявольнікаў, якія аб‘еліся вінаградам, таму я еў яго цяпер з асцярожнасцю.

Аднак, я надумаўся скарыстаць вінаград іншым спосабам: прасушыць яго на сонцы і ўжываць у выглядзе ізюму, які добры ўжо тым, што яго можна нарыхтаваць узапас; ён вельмі смачны, а галоўнае — бясшкодны.

У гэты дзень я не вярнуўся нанач дамоў. Баючыся начных нападаў драпежнікаў, я скарыстаў той-жа спосаб самаабароны, як і ў першы дзень майго знаходжання на востраве — пераначаваў на дрэве. Спаў я добра, а зранку працягваў свой абыход. Я прайшоў яшчэ мілі чатыры ў ранейшым кірунку, на поўнач. Увесь час ішоў па нізіне між двума радамі ўзгоркаў.

Тут было шмат какосавых пальмаў, апельсінных і лімонных дрэў, але яны былі дзікія і толькі на нямногіх з іх у той час былі плады. Я нарваў зялёных лімонаў і потым піў ваду з лімонным сокам. Гэта піццё добра дзейнічала на мой страўнік і вельмі асвяжала мяне. Я дабраўся да дома (так я буду цяпер называць маю палатку і пячору) праз тры дні і са здавальненнем успамінаў новую плоданосную і прыгожую даліну, яе лясы, думаў аб тым, як добра яна абаронена ад вятроў, і прышоў да заключэння, што маё цяперашняе месца для жылля — адно з горшых месц на ўсім востраве. А прышоўшы да гэткага вываду, я, зразумела, пачаў падумваць аб тым, каб перасяліцца ў квітнеючую зялёную даліну, дзе было такое мноства пладоў зямных. Заставалася толькі знайсці там падыходзячае месца ды ўмацаваць яго на выпадак нападу ворагаў.

Гэтая думка не пакідала мяне: свежая зеляніна даліны вабіла, і некаторы час я цешыўся марамі аб перасяленні. Але, калі я добра абмеркаваў гэты план, калі прыняў у разлік, што цяпер жыву на віду мора і, значыцца, маю хоць маленькую надзею на шчаслівую перамену ў сваім лёсе, я сказаў сабе, што мне ні ў якім выпадку не варта мяняць свайго месца жыхарства. Той самы суровы лёс, які занёс мяне на мой востраў, мог занесці і іншага небараку накшталт мяне. Безумоўна, мала было надзеі на такі выпадак, але замкнуцца сярод узгоркаў і лясоў у глыбіні вострава, здалёк ад мора, азначала ўжо навекі закаваць сябе ў ланцугі і зрабіць вызваленне для сябе не толькі маланадзейным, алё і немагчымым.

Аднак, насуперак усім гэтым довадам, я так палюбіў маю даліну, што праседзеў там, амаль не выходзячы, увесь канец ліпеня і збудаваў сабе там другое жыллё. Я паставіў ў даліне шалаш, абгарадзіў наглуха высокім і моцным двайным частаколам, а прамежак між колляў залажыў ламаччам; уваходзіў-жа і выходзіў па прыстаўной лесніцы, як і ў старым жыллі. Такім чынам я і тут быў у бяспечнасці. Здаралася, што я начаваў у маім шалашы па дзве, па тры начы падрад. «Цяпер у мяне ёсць дом на беразе мора і дача ў лесе», казаў я сабе. Работы па пабудове гэтай дачы занялі ў мяне ўвесь час да пачатку жніўня.

3-га жніўня я заўважыў, што развешаны мною вінаград ператварыўся ў цудоўны ізюм. З таго-ж дня я пачаў здымаць яго з дрэў, і добра зрабіў, бо іначай ён папсаваўся-б ад дажджу, і я страціў-бы большую частку сваіх зімовых запасаў. (У мяне сушылася на сонцы больш двухсот вялікіх гронак). Як толькі ўсё было сабрана і амаль усё пёранесена ў пячору, пачаліся дажджы і з 14 жніўня да паловы кастрычніка ішлі амаль ня спынна штодзень. Часамі трапляліся такія палосы суцэльных ліўняў, што я па некалькі дзён не высоўваў носа з пячоры.

За гэты час лёс прынёс мне прыемны сюрпрыз: у мяне павялічылася сямейства. Адна з маіх кошак даўно ўжо недзе падзелася; я не ведаў, ці збегла яна куды, ці акалела, і вельмі аб ёй сумаваў; і вось раптам у канцы жніўня яна вярнулася з трыма кацянятамі.

З 14 да 26 жніўня дажджы не спыняліся, і я амаль не выходзіў з дому, бо з часу маёй хваробы асцерагаўся трапіць пад дождж. Між тым, пакуль я адседжваўся ў пячоры, чакаючы яснага надвор‘я, мае запасы харчоў пачалі падыходзіць да канца, і таму два разы я нават рызыкнуў выйсці на паляванне. У першы раз я забіў казу, а ў другі, 26-га (гэта быў апошні дзень майго зняволення), злавіў вялізную чарапаху, з якой згатаваў сабе цэлы абед. Увогуле ў гэты час мая яда падзялялася так: на снеданне галінка ізюму, на абед кавалак казляціны або чарапашага мяса (печанага на вуголлях, бо, на вялікі жаль, не было ў чым смажыць і варыць), на вячэру два ці тры чарапашыя яйкі.

На працягу дванаццаці дзён, якія я праседзеў у пячоры, хаваючыся ад дажджу, я штодзённа па дзве, па тры гадзіны прысвячаў земляной рабоце, бо даўно ўжо збіраўся павялічыць склеп. Я пракопваў яго ўсё далей у адзін бок да таго часу, пакуль не вывеў ход на знадворак, за агарожу. Цяпер у мяне быў скразны ход, і я мог вольна выходзіць і ўваходзіць без прыстаўной лесніцы. Гэта, вядома, было зручна, але затое не так спакойна, як раней: раней маё жыллё было з усіх бакоў загароджана, і я мог спаць, не баючыся нападаў; цяпер нічога не варта было пралезці да мяне. Не разумею, як я тады не дадумаўся, што мне няма каго баяцца на востраве, дзе я не бачыў ніводнай жывёлы буйнейшай за казу.

30 верасня. — Я дажыў да гадавіны прыбыцця майго на няшчасны востраў. Падлічыў зарубкі на крыжы, і высветлілася, што я жыву тут ужо трыста шэсцьдзесят пяць дзён.

Каля гэтага часу я заўважыў, што мой запас чарніла падыходзіць да канца. Трэба было эканоміць яго; таму я спыніў штодзённыя запісы і пачаў запісваць толькі выдатныя падзеі з майго жыцця.

У першы-ж год я заўважыў, што дажджлівая пара зусім правільна чаргуецца з парой без ніякіх дажджоў, і такім чынам заўсёды меў мажлівасць загадзя назапасіць усё неабходнае перад надыходам дажджоў. Але наогул свой вопыт я купляў дарагой цаной.

Пакуль расло і паспявала маё збожжа, я зрабіў маленькае адкрыцце, якое пасля мне вельмі спатрэбілася.

Як толькі спыніліся дажджы і надвор‘е ўсталявалася, гэта значыць, у канцы красавіка ці ў пачатку мая, я зрабіў экскурсію на сваю лясную дачу. Я не быў там некалькі месяцаў, але тым не менш знайшоў усё ў тым-жа выглядзе, як і пакінуў, за выключэннем агарожы, якая абкружала мой шалаш і складалася, як было сказана, з двайнога частакола. Агарожа была цэлай, але ўсё яе колле, для якіх я браў маладыя дрэўцы, што раслі поблізу і пароды якіх я не ведаў, пусцілі даўгія парасткі зусім так, як пускае іх вярба, калі ў яе зрэзаць верхавінку. Я вельмі здзівіўся, але разам з тым быў задаволены, што мая агарожа зазелянела. Я падстрыг усе дрэўцы, каб па магчымасці прыдаць ім аднолькавы выгляд, і яны разрасліся проста на дзіва.

Цяжка паверыць, якой прыгожай зрабілася мая дача праз тры гады. Не гледзячы на тое, што загарадка мела да дванаццаці сажняў у дыяметры, дрэвы (з колляў) пакрывалі ўсю плошчу ў сярэдзіне сваім веццем і давалі такі густы цень, што ў ім можна было схавацца ад сонца ў кожны час дня. Гэта прывяло мяне да думкі нарэзаць яшчэ некалькі дзесяткаў дрэў той-жа пароды ды пасадзіць іх поўкругам удоўж усёй агарожы майго старога жылля. Так я і зрабіў. Я пасадзіў дрэвы ў два рады, сажняў на чатыры ад ранейшай агарожы. Яны прыжыліся, і хутка ў мяне стварылася жывая агарожа, якая спачатку ахоўвала мяне ад спякоты, а пасля адслужыла мне і іншую службу.


  1. Касава — тонкае дрэўца, якбе разводзіцца ў трапічнай Амерыцы, у каранях касавы шмат спажыўнага крухмалу.
  2. Алоэ — трапічная расліна з сямейства лілейных.