Жыды на Беларусі (Бядуля)
Коштам З. Б.
Ні маючы пад рукамі ніякаго належачаго да гэтаго тэмату матэр’ялу, я ні удавауся у грунтоуную і дэтальную апрацоуку свайго артыкулу, каторы быу напісаны для штодзеннай газэты «Беларускі Шлях» па просьбе рэдакцыі.
І вось дзеля таго, што да гэтаго часу яшчэ аб жыдох на Беларусі ні было напісано ніводнаго радку у беларускім друку я чую патрэбным даць вышэй памяненую газэтную стаццю аддзельнай брашуркай. А калі гэта брашурка пакіруе на думку каго кольвечы напісаць аб гэтым сталую працу з дэтальнымі гістарычнымі, эконамічнымі, этнографічнымі і статыстычнымі даннымі, то мэта мая будзе дасягнута.
Некалькі сталеццяу таму назад, жыды перабраліся у наш край праз заходнюю Эуропу і Польшчу. Да заняцця нашаго краю Расіяй, яны, апрача волі гандлю, рамесла і жыхарства усюды — і па весках, мелі ішчэ і свае самаупрауленне — «кагал».
Значнейшыя рэпрэсіі над імі у нашым краю расійскім урадам былі паузяты каля 1820 г., хаця ужо зараз-жа пасьля «брацкаго» прылучэння Беларусі да Масквы, што сталося прыапошнім раздзелі Польшчы у 1795 годзе, Беларусі надавалася роля жыдоускаго «гетто». Кацярына Вялікая увела «еврейскій вопросъ» у унутрэннюю палітыку Расіі, а у 1800 року паэт Дзержавін быу камандзіраваны імпэратарам Паулам I на Беларусь, каб дэтальна пазнаеміцца са становішчам жыдоу і, паводлуг фактычных данных, апрацовываць праэкт рэформы для жыдоу. Дзержавін пісау свой праект у Вітэбску.
Менскі «кагал» уладжывау з гэтай прычыны сход у 1802 року і хлапатау перад Александрам I аб зьмягчэнні рэформау. Перашкаджаючы усякімі спосабамі разсяленню жыдоускаго элемэнту у каранных расійскіх губ. за «шкадлівасьць», расійскі урад, лічыушы Беларускі край чужым, забраным, паволі стварыу тут астрог для жыдоускай люднасьці, уключыушы Беларусь у ганебнейшую у гісторыі царскай Расіі, прагрымеушую на увесь сьвет, так званую «черту еврейской осѣдлости».
Тут, на Беларусі, болей чым у сумежных краех жыдоускаго гетто, тварыуся іх эконамічны і культурно-нацыянальны быт доугімі годамі.
Зразумело, што гэтая творчасьць ні магла ні рабіць уплыву на характар краю, як і сама яна павінна была пераняць нікаторыя яго асобнасьці, праз што тварыуся натуральны абмен культурнымі вартасьцямі паміж жыдамі і беларусамі.
Суседзтво гэтых двух нацыяу тварыло такія жыццевыя умовы і эконамічныя стасункі, у якіх адна нацыя без другой ні магла абыйсьціся.
Гандаль і рамеслы у нашым краю развівалі жыды. І трэба сказаць, што у гэтым накірунку яны досіць ажывілі наш край і праз увесь час прыносілі яму шмат карысьці. Паміж іншым, яны тут частычна займаліся і хлебаробствам. З усіх губэрняу Эуропэйскай Расіі, толькі у нашых беларускіх губэрнях былі жыды—селяне, і да гэтаго часу ішчэ захаваліся вескі з адным жыдоускім насяленнем.
Месты і мястэчкі, у якіх салідную перавагу мело жыдоускае насяленне, давалі беларускім селянам мажлівасьць нормальнаго тавараабмену. Гандляры і рамесьнікі таксама былі ніабхадзімы у гэтым глухім (у бытнасьці пад Расіяй) краю, дзе ні было ніякай эконамічнай культуры.
Кавалі, шауцы, крауцы былі людзі першай важнасьці і пашаны у весках. Да іх прыходзілі у свой час, ні толькі па справах іх спэцыяльнасьці, але так сабе: «пагутарыць з разумнымі людзьмі», параіцца аб розных справах і г. д.
Жыды стараліся зьменьшыць цэны на прадукты, як у рамеслах, так-сама і у гандлю; яны здавальняліся драбніцамі, бо фізычныя патрэбнасьці былі у іх вельмі малыя. Дзякуючы пасрэдніцтву усюды бываючаго жыда-скупшчыка, селянін збывау на мейсцы усе свае прадукты. А скупшчык—жыд пры усей сваей вялікай працы быу такі самы бедны, як яго сусед—селянін, хаця жыд і гарэлкі ні піу.
Прыпісываць толькі адным жыдом спэцыяльнасьць гандлеваго шахэрмахарства і упаівання народа гарэлкай — нельга: мы добра ведаем, як у вялікарасійскіх губэрнях славянскія «купцы-кулаки» і «цѣловальники» эксплоатавалі тамтэйшых селян у неколькі стопняу болей, чым тут жыдоускі гандлевы кляс нашых селян.
Ды наагул бравары у Беларусі былі панскія, корчмы па трактах жыды арэндавалі ад паноу, так што яны былі толькі той сьляпой прыладай у руках паноу, якія праз жыдоу сабе выпамповывалі апошнія селянскія грашы.
Ні гледзючы на цкаванне рознымі чорнасоценцамі з Масковіі нашых селян на жыдоу, наш народ нічога кепскаго ні рабіу жыдом. У той час, калі у Расіі чыніліся над жыдамі пагромы і страшэнныя зьдзекі, беларускія селяне ні паддаваліся цемнай агітацыі. Хлебаробы нашыя ні маглі рабіць кепскіх учынкау над жыдамі, чуючы інстынктыуна у душы штучнасьць і ніпраудзівасьць чорнасоценных ідэй. Так выходзіло, што вялікія грошы, высыпаныя дзеля пагромнай агітацыі расійскімі ісьцінна-рускімі урадамі, падобна Сталыпінскому, у нашым краю, — пайшлі на нішто.
Нідарма у восені 1917 г. на Усебеларускім зьездзі у Менску прэдстаунікі розных жыдоускіх партый, вітаючы беларусау, са шчырай удзячнасьцю успаміналі аб тым, што на Беларусі ніколі жыдоускіх пагромау ні было.
За увесь час суместнаго жыцця беларусау і жыдоу на Беларускай зямлі гэтыя дзьве нацыі псыхічна шмат перанялі адна ад аднэй. У мовах, у звычаях, у легэндах, у будоуніцтве, у будзенным жыцці — у іх формы так перамешаліся, што (болей усяго у жыдоу) прынялі новую самабытную акрасу.
Есьць агульныя жыдоуска-беларускія народныя меледзіі, прыказкі, дзе жыдоуская і беларуская мовы перамешаны паміж сабою. У беларускай мове есьць словы: «хаурус», «хэура», «бахур», «адхаіць» і шмат іншых — чыста гэбрайскіх слоу. У жыдоускай мове беларускіх слоу есьць тым болей.
У свой час, у 1911-12 г., жыдоускі журналіст і рэдактар рожных жыдоускіх часопісау, п. Гурвіч, у Вільні, зьвярнуу на гэту справу увагу. Сабраушы цэлы зборнік жыдоуска-беларускіх прыказак і дадаушы да іх свае тлумачэнні, ен паслау гэта да друку у загранічны журнал.
Але гэтаго мала. Есьць цэлая жыдоуска-беларуская этнографія, якая чэкае свайго зьбірацеля. Такія прыказкі, як: «Ні добра рэйдэлэ (гаворыць), а добра мэйнэлэ (думаіць)», — есьць соткі.
Вось па жыдоускаму альфабэту жабрацкае клянчанне, якое жыды сьпеваюць на дзяды:
«Ах, | брацця, | галубцы, | давайце | галод- | |
алеф, | бойс, | гімэль, | далес, | гой, | |
наму | вашаму | жэбраку | хлеба | троху. | |
вов, | заін, | хэс, | тэс, | ||
Я — | калека, | ламака. | Мучэльнік. | Ні | |
юд, | коф, | ламэд, | мэм, | нун | |
магу | служыць | у | пана. | Чым | коль- |
самэх, | айэн, | цэй, | цадык, | куф, | |
век | ратуйце | сьляпога | татуню». | ||
рэйш, | шын, | тоф. |
Есьць вельмі пекная беларуская песьня, якая канчаецца па гэбрайску і пяецца на хасідскую меледыю:
Бацько, бацько!
Выкупі нашу матку…
Выстрой нашу хатку…
Без хаткі ні будзем,
Без маткі заблудзем.
Абрамуню, Абрамуню,
Абрамуню!
Дзедушак ты наш!
Чаго-ж вы ні просіце,
Чаго-ж вы ні моліце
Пана Бога за нас…
Што-б вы нас асвабадзілі
Із голус (выгнанне) вывадзілі,
Нашу матку (народ) выкупілі,
Нашу хатку (Палестыну) выстроілі,
Лэйарцэйну (у нашу зямлю) прывадзілі —
Lejarcejnu, Lejarcejnu!
Адказываюць яму з неба:
Ой ты, сынок, сынок, сынок,
Ні затрогой свае сэрцо.
Матка бэндзе выкуплена
Хатка бэндзе выстроена
Бондзь мондры, чэкай конца[1]
Wnejmar lefonow schiro chadoscho…
(І мы яму скажам новую песьню)
За другім разам:
Lejarcejnu!
Entwert men ihm won ejben.
Вось другая песьня да трох жыдоускіх патрыархау — Абрама, Ісака і Якова:Стары Абрам, Сівы Абрам,
Што ты зажурыуся?
— Веу сына да Акейдо, (ахвяру) —
Дармо патрудзіуся!
Ісак, Ісак, наш ацец,
Быу зьвязан, як баранец;
Сталі ангелы плакаці,
Вялеу Бог адпусьціці.
Яков, Яков, бацька наш,
Чатырнаццаць гадоу авец пас
· | · | · | · | · |
Гэтакіх песьняу есьць шмат у жыдоу, як сурьезныя, так сама і легкія прыпеукі.
Вось на манер талмудычнай сафістыкі ешыбацкі жарт:
На матыу «Кол Нідрэй» (малітва на «Страшную ноч») жыды пяюць беларускую песьню: «Як паехау у карчомку». На жаль слоу ні памятаю.
У некаторых мейсцах Віленшчыны па мястэчках, жыды, пераняушыся забабонамі і міталегіяй беларусау, на Купалле сьцелюць хлявы крапівой і папаратнікам, каб ведзьмы малака ні адбіралі у кароу. Нешта падобнае да беларускай каляднай казы есьць і у жыдоу. На Дзяды пры выпіуцы адзін адзеваецца казою і пяе беларускія прыказкі у парадку жыдоускаго альфабэта:
«(Алеф) |
Антон канцавы. |
(Бэйс) |
Брау ні брау — |
(Гімэль) |
Глазамі горад ні браць, |
Жыды вельмі паважаюць беларускую народную мудрасьць. У іх есьць такая пагаворка:
«Agojescher glajchwort ist wi aidocshe tojre» (селянская прыказка усе роуна, як жыдоуская Тора).
На першы погляд магло-б здавацца, што у пераняцці культуры адной нацыей у другой, жыды, як нацыя болей культурная, павінна была мець перавагу над беларусамі і мець свой большы уплыу над імі, але у самай рэчы есьць іначэй. Першая прычына гэтаго тая, што у гэтых двух нацый німа родства мовы і плямен і тут як раз палякі і расійцы занялі першае мейсцо, асіміліруючы беларусоу. Другая прычына — гэта беларуская зямля. Дэкорацыя мейсцовай самабытнай прыроды мае у себя такую вялікую сілу, што, на уплывы уселякіх іншых культур дзействуе адпорна у адваротную старану. І тыя людзі з нашаго краю, якія пісалі па расійску або па польску і нажылі сабе славу у памяненых літэратурах, ні маглі выкараніць у сябе духу беларускай зямлі, каторы жыу у іх сэрцах. На кожным кроку чуецца, што гэтыя пісьменнікі — беларусы. Моц беларускай зямлі зрабіла тое, што у Беларуска-Літоускім князьстве законы пісаліся па беларуску, прыдворная мова літоускіх князеу была беларуская. А літвіны яшчэ цяпер нарэкаюць, што шмат літоускіх селян абеларуселі. У цяперашняй выстауцы старасьвецкіх памяткау у Вільні пад назваю: «Вільня—Менск» есьць каран беларускі, пісаны татарскімі літэрамі. Гэта паказуе да чаго можэ даходзіць уплыу беларускай культуры!
Дзеля усяго гэтаго і ні дзіво, што жыды, жыушы тут, у сваей новай бацькаушчыне, болей перанялі ад беларусоу, чымся беларусы ад іх. Магутная сіла беларускай зямлі дала асобны духоуны і унешні воблік беларускім жыдам. Цяпер яны рожнюцца ад усіх другіх жыдоу, і іх па усяму сьвету называюць: «літвакамі».
З асобай сымпатыяй беларуская газэта у Вільні «Наша Ніва» друкавала тыпы беларускіх жыдоу і жыдоускіх сынагог у беларускім стылю. Калі мы глянем на жыдоускае мястэчко на Беларусі, то пабачым на кожным кроку нешта роднае, свае, у будоулях і ва усей абставе. Узяць жыдоускіх пісьменнікау з Беларусі, — то у іх творах чуецца зауседы беларуская прырода — «родныя зьявы». Болей усіх гэта адбіваецца у творах жыдоускаго клясіка Абрамовіча (Мэндэле Мойхэр Сфорым) с Капыля.
Жыдоускі пісьменнік, Абраам Мапу, пісаушы свой біблійны раман з ідылічных часоу цара Хізкія і прарока Ісая, малявау ціхі Бэтляхам быушы натхненым пекнымі узбярэжжамі беларускаго Немна. Знаменіты жыдоускі пісьменнік с часау «haskola» (адраджэння) Перэц Смаленскін, лічыцца так сама выхаванцам Беларусі.І у другіх галінах штукарства у тутэйшых жыдоу чуецца беларускі дух.
Жыды, тры разы на дзень у малітвах сваіх успамінаючы Сыон, малявалі сабе у думках гэты Сыон, як нейкі узгорак-узвышку, якія акружаюць іх тут, на Беларусі. Жыдоускае дзіця, аддаючы усе свае маладыя годы бібліі у хэдэрах, мело перад сабою жывую біблію беларускіх ратаяу, беларускай спакойнай, ціхай зямелькі з лясамі, пушчамі, рэчкамі, лугамі. Без гэтай беларускай прыроды, зауладаушай іх душою ад радзэння, яны бы ні маглі у фантазіі сваей маляваць Палестыну, каторую яны малююць, маючы узорам беларускую зямлю.
Праудзівымі і зразумелымі есьць апаведанні жыдоускіх эмігрантау выкінутых адгэтуль льосам у Амэрыку і інш., аб іх суму па бацькаушчыне. І ні адпаведаюць праудзе паказанні большасьці антысэмітау, што жыды ні маюць пачуцця кахання да таей зямлі, дзе яны жывуць… Гэта было-б проціу законау прыроды. Адно толькі — гэта цяга да бацькаушчыны у іх абвеяна асобым трагізмам. З аднэй стараны — жыцце на чужыне соткамі год, дзе даконывалі іх розныя антысэміты і жыдаеды, хочучы ні толькі зьнішчыць іх фізычна, як пагромамі і грабежствамі, але так сама і апаганіць іх душу — рэлігію — пад відам розных крывавых нагаворау і крытыкі Тальмуду. З другой стараны — далекая Палестына, з якой яны выгнаны ужо 2000 гадоу, — акрапляло самабытнай расою душы кожнаго жыда тыя карэнні, якія зьвязываюць яго з зямлею, дзе ен жывець. Яго каханне да новай бацькаушчыны — нэрвовае, балючае і нізразумелае прэдстаунікам другіх нацыяу.
III.
У беларускіх вялікіх местах, як Вільня, Менск і інш., жыды мелі свае вялікшыя культурныя цэнтры: школы, абшчыны, прафэсыянальныя цэхі і др.
У той час, калі другія нацыі на Беларусі былі страшэнна сьціснуты расійскім ударам, калі беларусам зусім было забаронено друкаванае слово, жыды мелі у гэтым нейкую свабоду — нацыянальная жыдоуская культура магла развівацца без уселякаго, праве, тармозу. Тутэйшы «кагал» быу свайго гатунку самаупрауленнем. С прычын усей гэтай абставы, жыды з Беларусі давалі жыдом усяго сьвету найвялікшых вучоных у рэлігійным і нацыянальным жыцці.
Крыніцай гэтаму было место Вільня, бацькаушчына віленскаго «гоэна» — Равві Ільі (памер у 1797 р.) і другіх вялікіх тальмудыстау. Там друкаваліся самыя лепшыя кнігі і быу да апошняго дня жыдоускі вучыцельскі інстытут. Нідарма Вільня называецца жыдамі «Літоускім Ерузалімам» («Ieruschalim dylito»). У той самы час славіуся кіраунік хасыдызму на Беларусі, — Шнеер Зальмар. Тут-жа, на Беларусі, разыгралася тады вялікая барацьба паміж двума жыдоускімі рэлігійнымі партыямі: Хасыдым і Міснагдым. Гэта барацьба нарабіла вялікаго ніспакою у віленскім «Кагале».У мястэчку Валожыне, Віленскай губ., у 1803 року залажылася вучнем Гоэна, Хаімам Валожынэр, жыдоуская духоуная акадэмія, скуль выходзілі вялікія жыдоускія вучоныя, пісьменнікі і раввіны для усяго сьвету жыдоу. (З Валожынскаго «Ешыбота» выйшоу і знамэніты жыдоускі паэт Х. Н. Бялік). У валожынскі «Ешыбот» прыезджалі вучыцца жыды с Кауказа, з Нямеччыны, з Амэрыкі і г. д.
Тут, на Беларусі, меу свае развіцце і жыдоускі містыцызм (Каббала). Вядомы цадыкі у Лібавічах, у Койданові, Пінску,[2] да каторых прыезжаюць веруючыя з усей Расіі. І ні дзіво, што глаунае развіцце жыдоускай нацыянальна-рэлігійнай культуры мело мейсцо тут, на Беларусі, дзе ім былі даны прывілегіі ішчэ пры кн. Вітоуце. Яны жылі тут, як дзержава у дзержаве, і іх «Кагал» меу нават право судзіць сваіх пабрацімау.
У пэрыадзе амерцьвення беларускаго нацыянальнаго асьведамлення, жыды, як і самі Беларусы, хоць добра ведалі беларускую мову, але глядзелі на яе, як на «мужыцкую», і русыфікуючыся самі, нісьвядомна служылі русыфікатарскай ідэі Вялікаросіі. Але гэта быу той багаты кляс, каторы адтрымау свою навуку у расійскіх школах, а што тычыцца простых местачковых жыхароу, то, апрача роднай мовы, яны ведаюць толькі беларускую.
Ад самаго пачатку беларускаго адраджэння, амаль ні побач спершымі піанэрамі беларускаго руху пайшлі, хоць і у малым ліку, і жыды, выйшоушыя з вескі; хаця шырэйшыя інтылігэнтныя массы жыдоуства, асабліва у местах, ні могуць ішчэ пазбыцца сукцэсау расійскаго тут уладання і усе ішчэ служаць праваднікамі русіфікацыі.
IV.
У 1912 г. — калі у чорнасоценных газэтах «Сѣверо-Западного края» паміж другімі нападкамі на беларускую газэту «Наша Ніва» у Вільні, яе вінавацілі яшчэ і у тым, нібы то яна выдаецца то на польскія, то на нямецкія, то расійскія, а так сама і на жыдоускія грошы, — нікаторыя з віленскіх жыдоускіх журналістау зацікавіліся гэтай «народнай» газэтай на «мужыцкім языку». Пазнаеміушыся з гэтымі «дзіунымі» новымі нацыяналістамі, са складу рэдакцыі «Н. Н.», якія ні толькі ні аказывалі нінавісьці да чужых нацыяу, але — наадварот — чым болей чужая нацыя нацыянальна асьвядомлена, тым болей яе шанавалі, жыдоускія журналісты пачалі у новаадкрытым для сябе руху знайходзіць усе новыя Амэрыкі і цуды. Аказалося, што беларусы, інтэлігэнты ні толькі цікавяцца старасьвецкімі памяткамі культуры сваей нацыі, але і культурамі другіх нацый, жывучых на Беларусі.
У беларускім музэі газэты «Наша Ніва» жыдоускія журналісты убачылі цэлую калекцыю малюнкау старасьвецкіх жыдоускіх сінагог у беларускім будоуніцкім стылю, калекцыю сінагогальных ліхтароу і пасудзіны мосенжовыя і сярэбраныя з мейсцовай арнамэнтыкай, колекцыю стылевых ярмолак. Яны былі зьдзіулены тым, як гэта беларусы умеюць усе «чужое шанаваць…»
Пры бліжэйшым знаемстві жыдоускія журналісты пачулі ад беларусау і дакоры, чаму ні стараюцца даць адпор жыдоускай асіміляцыі, чаму жыдоуская інтэлігэнцыя сароміцца свайго імяні, усяго роднаго, чаму ні цікавяцца сваей этнаграфіяй, тутэйшым краем і г. д.
У 1913 г. паказауся у жыдоускім журнале «Ды Юдышэ Вэлт» у Вільні першы артыкул аб беларускім адраджэнні. Пасьля гэтаго гурток жыдоускіх «краеуцау» надумау выдаваць жыдоускую краевую газэту «Унзер Гегенд» (Наш Край), каб знаеміць шырокую жыдоускую публіку с тутэйшым краем, а у гэтым і з беларускім рухам, з беларускай літэратурай і г. д., але па розным прычынам гэта ім ні удалося. У 1914 г. гэты самы гурток выдау па жыдоуску зборнік «Літва», дзе былі пераклады з беларускай і літоускай літэратур і артыкул а беларускім руху.
Вельмі горача адклікнулася на гэты зборнік уся жыдоуская краевая прэсса і ставілі у прыклад рвенне беларусау да адраджэння сваей нацыянальнай культуры жыдоускім асімілятарам. Як мы ужо потым даведаліся, то гэты зборнік «Літва» нарабіу вялікаго шуму у Амэрыцы, паміж інтэлігэнтнымі жыдамі з Беларусі.
Да друку быу прыгатаваны і другі зборнік «Літва» с перакладамі вершау Я. Купалы, апаведанняу М. Горэцкаго і г. д., але хутка, у часе вайны, расійскі урад забараніу друкаваць па жыдоуску.
Пачалася наогул паласа чорнай рэакцыі у нашым краю, — калі расійскі ваенны штаб ні пазволіу у Менску і па беларуску друкаваць.
* * *
У часе перавароту, калі беларусы у Менску пачалі выступаць пад сваім уласным штандарам, то гарачэй усіх віталі іх жыды нацыяналісты. У часе выбарау у меськую думу беларусы з жыдамі (нацыянальныя партыі) увайшлі у коаліцыю і зрабілі адзін сьпісак кандыдатау. А калі Усебеларускі Зьезд, паказау, што творыцца дзержауная сіла, у жыдоускіх газэтах пачалі усе часьцей паказывацца артыкулы аб беларусах. Пасьля разгону большэвікамі памяненаго зьезду, жыдоускія нацыянальныя партыі апублікавалі свой пратэст проціу гэтаго гвалту.
Нельга казаць, каб паміж тутэйшых жыдоу ні было праціунікау беларускаго руху, — есьць і досіць многа. Глауным чынам выступаюць проціу тыя с партыйнай моладзі, інтэрнацыяналістау, якія маюць летуценні аб тым, што некалі ніякіх нацыяу ні будзе — усе пойдзе па Бэлямі.
Другі род праціунікау беларускай справы з ніпартыйных жыдоу маець йшчэ болей арігінальны матыу: Жыдоуская нацыя разсеяна па усяму сьвету, на свае нішчасьце, раздзелено на жыдоу розных другіх нацый, павінна ведаць розныя мовы тых нацый, дзе яна жыве. І вось бяруць ішчэ тут нанова дзяліць жыдоу: на беларускіх, украінскіх і г. д.
Гэты «новы раздзел жыдоу» есьць для іх інтэрэсау мінус — гэта рацыя. Але занадта наіуная і эгоістычная, крытыкі тут ніякой быць ні можа…
Дзеля гэтай прычыны у часе зборау на Беларускі нацыянальны фонд у мястэчку Даугінаве (Віленской г.), жыдоуская моладзь адмовілася прыняць учасьце у зборах, бо яны — праціунікі «новаго раздзелу жыдоу»…
Але проці жыцця нічога ні зрабілі і у беларускіх школах жыдоускія вучні вучацца па беларуску і робяць гэто ахвотне.
* * *
Што датычы дальнейшых адносін жыдоускіх сьвядомых сфэр да беларусоу, то гісторыя іх так вышколіла, што, — на жаль, — па большасьці, яны арыентуюцца толькі грубай сілай: Чый верх — таго і прауда…
Гэто паказау іх першы энтузыазм да беларусоу у Менску у часе уцекау большэвізму. Потым — пачалося ківанне з боку у бок, трымаючы нос па ветру…
Першы пасьля уцеку большэвікоу Беларускі Сэкрэтарыят з Менску, меу у сваім складзе двох жыдоу: Гутмана (без портфэля) і Белкінда — сэкрэтара фінансау…
Пры гэтым прыпамінаецца, што у Беларуска-Літоускім Князстве высокую дзержауную пасаду займау пярэхрыст (у тых часох німа чаго дзівіцца, што нікрэшчоных ні прыймалі на гэткія службы) Абрам Езэфофіч Рэбічковіч, каторы быу здольным адміністратарам і фінансавым агэнтам, а потым, пры Жыгімонце I, дайшоу да пасады падскарбія земскаго, г. з. міністра фінансау, і члена Гаспадарскай Рады.
Яшчэ адзін выпадак: на першым сялянскім зьездзі у Менску, скліканы Беларускім Нацыянальным Камітэтам 4/IV — 1917 г., дэлегатам ад Пауловічскай воласьці, Магілеускай губ. і павету, быу жыд Мордух Янкеляу Зільбэрман. Ен там сельскім старастой ужо 30 гадоу (ні крэшчоны).
Як далей пойдуць нашыя стасункі з жыдамі — тут — ні бярэмся судзіць. Ва уселякім выпадку жыцце гэтых двух нацыяу так цесна зьвязана, што кожная з іх прымушана цікавіцца другой, ужо хаця бы з эконамічнаго пункту. Эконамічная струна — вельмі чулая і шчокатная рэч. Да гэтай рэчы, як ні як, кожны прыкладываецца шчыра зацікауленым вухам. Нідалекая быдучына нашаго краю мае перад сабою перспэктыву розных селянскіх коопэрацій[3] і гандлевых рэформау, што можэ зусім іначай паставіць увесь лад гандлю у нашым краю. Вось дзеля гэтаго варта жыдом болей уважна задумывацца над доляй сваіх блізкіх суседзяу, з якімі яны так зьвязаны эконамічна.
Мы пэуны, што адносіны будуць у нас самыя прыязьныя. Варункі новаго жыцця, грамадзянская воля і роуныя правы усім, без розніцы веры і нацый, так загладзяць ніроунасьці і у эконамічных стасунках, што пакрыуджэнных ні будзе.
Канец.
Зноскі
[правіць]- ↑ Увага: Тут словы песьні прыймаюць акрасу польскай мовы. Гэта паказывае, што беларуская мова і у большасьці жыдоу лічыцца «простай». Значэ, яны ні могуць сабе прэдставіць, каб Пан Бог гаварыу іначай, як па «панску» — г. з. па польску.
- ↑ Пінск у пачатку мінулаго сталецця быу вялікім цэнтрам хасідызму.
- ↑ У цяперашніх селянскіх коопэратывах есьць жыдоускія прыказчыкі. Жыдоу селяне ахвотне бяруць у прыказчыкі, дзеля іх гандлевай здольнасьці і практычнасьці. Так сама есьць коопэратывы, дзе членамі і хауруснікамі нароуне і селяне і жыды.