Перайсці да зместу

Дэлегатка (1928)/У глушы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дэлегатка У глушы
Апавяданьне
Аўтар: Змітрок Бядуля
1928 год
Галіфэ
Іншыя публікацыі гэтага твора: У глушы (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У ГЛУШЫ

Р-р-рып-хрып. Р-р-рып-хрып.

Гэта выводзяць лірніцкі сьпеў нямазаныя сялянскія калёсы.

Комсамолец Грышка, седзячы на возе, муштруе свае вушы, каб не кародзіліся ад дзікага рыпаньня калёс.

Фурман, селянін гадоў пад шэсьцьдзесят, у парванай салдацкай шынэлі, падпяразанай саматканым поясам, трымае ў руках лейцы і шчыра цмокае каню. Цмокае смачна, нібы смокча кавалак цукру.

Селянін увесь пранікнуты ўвагай да свайго коніка. Ні на хвіліну ня спускае з калматай закарузлай жывёліны свае выцьвіўшыя вочы.

То сукаватым пугаўём збрую падыме ўверх; то на конскія капыты кіне гаспадарчы ўзрок; то выскачыць спрытна з калёс, каб аброць паправіць і пры гэтым яшчэ ўсуне каравую руку пад хамут — памацаць, ці скацінка не спацела.

Ні на хвіліну селянін не перастае гутарыць з сваёй „воўкарэзінай“.

Нуканьні і тпруканьні, — пераблытаныя з сьмешнымі лаянкамі, — сыпяцца, як буйны гарох, з вуснаў гаспадара.

Моцна любіць селянін свайго неразлучнага друга-коніка…

Спачатку стары ніякай увагі не зварочвае на Грышку. Але, ад‘ехаўшы некалькі вёрст, пачынае гутарку, у якой зноў-жа адна толькі гаспадарчая руплівасьць аб сваім „самалёце“ — кані і калёсах:

— Жартачкі, фунт мазі каштуе пятнаццаць мільёнаў. Не набярэшся грошай. Як толькі грыбы паказваюцца ў нас, я імі калёсы шмарую. Казьлякі і масьлянкі ня горш вашай мазі гарадзкой.

Пры гэтым селянін надзвычайна выразна натуе апошнія словы. Гэтым ён хоча збавіць фанабэрыі ў Грышкі. Ён глядзіць на Грышку, як на фабрыканта мазі, якога ён, вясковы гаспадар, зьбівае з ног сваімі грыбамі.

Селянін адным вокам касурыцца на Грышку.

— Дык ты едзеш, хлопча, у нашу вёску — у Сьвяты Камень, значыцца.

— Але, дзядзька, еду ў вашу вёску. Там у мяне сябар ёсьць — Антось Ліпчонак.

— Гэта той Ліпчонак, што бадзяўся па Расіі некалькі гадоў і на тым тыдні да хаты вярнуўся?

— Той самы, — пацьвярдзіў Грышка.

Ага. Вось яно што! — сьпявучым галаском зацягнуў селянін. Дык і ты з тэй хэўры, што Ліпчонак. I ты лаеш бацюшку і хочаш, каб нейкія хаты-чытальні паадчыняць па вёсках. Да антыхрыста Антона едзеш. А-г-г-га! Вось нечысьць…

„Нячыстай сілы“ селянін пабайваецца. Аб ёй усё жыцьцё бубняць яму ў вушы папы. Шмат грошай, збожжа, сала і палатна каштуе яму вера ў забабоны. А раз дорага плаціш, дык хочаш-ня-хочаш, а вер!

Лепшага аргуманту стары селянін ня мае ў сваёй веры, як толькі тое, што яна яму дорага каштуе.

Селянін паглядае на комсамольца так падазрона нібы бачыць у яго рогі на ілбе і закручаны хвост, ззаду.

„Мёйца, сына і сьвятога духа, аман!“ — бармоча ён набожна.

Пасьля такіх абараніцельных слоў ён супакойваецца і лагадней пазірае на комсамольца.

Грышка маўчыць. Глядзіць у даль дарогі.

Едуць ужо некалькі гадзін.

Абапал камяністай дарогі пераліваюцца ў розныя колеры палосы сялянскіх шнуроў. Хаткі выглядаюць вялізарнымі гнёздамі, а дрэвы і гайкі на далёкіх узгорках вабяць да сябе ў цянёк…

Сонца пячэ ў твар, у плечы.

І неяк усё гарадзкое, шумлівае: сходы, лекцыі і рознага гатунку праца, адплывае ад Грышкі ўдаль, як даўно мінулае, як лёгкі ўспамін.

Комсамольская бадзёрасьць і задор забаюкваюцца ў калысцы глухой беларускай дарогі паміж старадаўнімі дуплаватымі дубамі…

Ад маруднай язды на Грышку нападае дрымота. Не памагаюць і комсамольскія вясёлыя частушкі, якімі ён сябе падбадрывае час-ад-часу.

З кожнай вярстой, з кожнай міляю цяжар адзіноты і нудзьгі расьце. А калі позна вечарам ён прыехаў у вёску Сьвяты Камень, — яму здавалася, што прыехаў у нейкае зачарованае месца сталетняга мінулага…

Вёска Сьвяты Камень сваімі разваленымі старымі хаткамі, абросшай мохам капліцай, старасьвецкай сялянскай вопраткай, старадаўняй заўныўнай песьняй малявала застыўшы кут крывічоў тых часоў, калі яшчэ маліліся пню, або каменю.


∗     ∗

Антон Ліпчонак вельмі абрадваўся прыезду таварыша з гораду. Ён з ім моцна сябраваўся ў Менску ў працягу трох год.

Успамінаюць разам Комсамольскую вуліцу, сходы, газэты, карнавалы, муштры і ўсё тое цікавае і вясёлае, што ўжо ўвашло ў бытавыя рысы комсамольца.

Усё іхняе ляпейшае тут, у глушы, здаецца ім, знаходзіцца недзе на Марсе, а не за якія семдзесят вёрст адгэтуль.

— Няма тут з кім працаваць, — скардзіцца Ліпчонак, — няма ніводнага граматнага чалавека. Вёска агорнута цьмою, і я за два тыдні нічога не пасьпеў зрабіць, апрача толькі таго, што мяне называюць „антыхрыстам“.

— Да селяніна трэба падступіцца з антырэлігійнай пропагандай вельмі асьцярожна і далікатна. Ты, Антось, сваёй гарачнасьцю тут, мабыць, шмат напсаваў, — прабіраў Грышка свайго сябра.

Увечары комсамольцы з цэлай грамадой вясковых выбіраюцца на начлег.

Пахучым сокам апырскана летняяя ноч. Аксамітным вэльмам у залатых незабудках выглядае зорачнае неба.

Вогнішча начлежнікаў красуецца на пяшчыстым узгорку над абрывістым берагам рэчкі, адбіваючы ў вадзе свае чырвоныя драконаўскія языкі.

Над застыўшай люстрай вады ціха лунаюць дзікія качкі, кідаюцца, як аграмадныя клёцкі, у шопатны aip. Над галовамі начлежнікаў торхаюцца кажаны. Калі-ні-калі крадзецца з лесу стогн-сьмех савы…

Воддаль, на другім беразе рэчкі, вызначаюцца цені вясковых будынкаў. Яны напамінаюць вялікую грамаду чорных фігур папоў і шаптуноў. Тыя забабоны і казкі, якімі кожны беларускі куток аплецены ў працягу вякоў, абросшы, нібы курган мохам, цяпер вылазяць наверх. Уночы яны накіроўваюць людзей на тое, каб у іх верылі.

Забабон носіцца на скрыдлах таемна-ціхіх кажаноў. Яго чуеш у гуках савы, у шэптах начных палёў…

Па кучаравым лесе лунаюць казкі аб страшных багатырох-асілках, аб дыванох-самалётах, аб жарптухах, аб чараўнікох, якія за ноч заворвалі і засявалі поле ў дзесяткі вёрст. Ці бачаць вяскоўцы, што казкі, у якіх выказваліся затоеныя імкненьні сялян, цяпер пранікаюць у жыцьцё. Адважны багатыр-асілак — увесь працоўны люд, які вызваліўся з-пад ярма паноў. Самалёт, электрыка, трактар — вось усе мары сялян, выказаныя ў казках, якія цяпер патрохі спраўджваюцца ў звычайным жыцьці.

Начлежнікі сьпяць пад цёплымі кажухамі. Заснуў і Антон Ліпчонак. Ня сьпіць толькі Грышка, які з няпрывычкі ня можа заснуць. Таксама ня сьпіць адзін высокі селянін, гадоў пад сорак.

Селянін кідае сухія галіны на вогнішча і памалу, уважліва пераварачвае абсмаленым кіем бульбу, якая пячэцца ў гарачым прыску.

Водблеск агню разьлівае розныя колеры на васкова-бледны твар селяніна. Апушчаныя ўніз, пакітайску, вусы вызначаюцца на яго твары, як пара чорных стужак. Упаўшыя карыя вочы праз меру блішчаць вялікімі зрэнкамі. У іх захованы шматгадовы таемны зьдзіў старой пушчы і іронічная ўсьмешка над усім новым. Селянін увесь у мінулым, вырваны з сівізны старых вякоў.

Як старадаўны жрэц пры набажэнстве перад богам агнём, выглядае селянін.

Недалёка шушукаецца на розныя лады лес, вабіць і пагражае…

Працягла і сумна завылі ваўкі з далёкай пасекі і хутка змоўклі, толькі далі аб сабе знаць.

Селянін пачаў пільна прыслухоўвацца.

— Зноў ваўкалакі, — бурчыць ён з-пад чорных вусоў, зноў…

— Якія ваўкалакі, што ты? — пытаецца Грышка.

— Каб я здох, калі гэта няпраўда, — прысягнуўся селянін. — Іх шмат у нашай аколіцы.

Яго голас грубы, надтрэснуты і хрыплы, як стары звон. Яго орыгінальная кляцьба вельмі пасуе да дэкорацыі беларускай летняй ночы.

— Няпраўда! — засьмяяўся Грышка.

— Ты ня верыш?! Эх, малакасос!

Селянін мерыць Грышку з ног да галавы кплівымі вачыма. Іронічная ўсьмешка ня зыходзіць з яго твару. Усё цела яго застыўшае, нярухомае.

— Ды ня толькі ваўкалакі, але й дамавікі водзяцца ў нас.

У селяніна ў вачох — страх.

— Вунь, штоноч у маладой удавы Аўгіні дамавік хату суздром пераварачвае, а ў нашай капліцы старыя абразы золатам зноў заблішчэлі. Каб я здох, калі гэта няпраўда! Народ валіць да ўдавы Аўгіньні з усёй аколіцы і дзівіцца на цуд. А сьвяты камень бачыў?

Селянін строга паказвае рукой у бок капліцы.

— Каб я здох, калі гэта няпраўда! Даўным-даўно, як людзі яшчэ ня былі такімі грэшнымі, як цяпер, сьвятая Марыя вандравала па нашых палёх. Усюды засталіся яе сьляды. У нашай вёсцы яна таксама была. На вялікім камені каля крыніцы, — вунь там (селянін паказвае ў бок капліцы) засталіся сьляды яе босых ног. Там яна калісьці стаяла. Каб я здох, калі гэта няпраўда!

Селянін гаворыць з такой пэўнасьцю, што Грышка павінен маўчаць. Ніякія довады не памогуць. Селянін на мінутку змаўкае, пераварачвае бульбу кіём, каб лепей пяклася.

У вёсцы пераклікаюцца голасна пеўні. Коні на лузе храпяць, бразгаючы жалезнымі путамі. Прыдушаным голасам брэша на блізкім гумне сабака. У рэчцы вадзянікі люлькі кураць, пускаюць дым угару. Гэта — туман.

— Дык ты ня верыш? Эх!

Селянін махнуў рукой.

— Сьвяты камень ведаюць усе аколічныя вёскі. Дзеля яго і вёска наша завецца „Сьвяты Камень“. Пры камені пастаянна б‘е крыніца сьвятой вады. Вада памагае ад розных хвароб: сьляпы вочы вымые — відушчым зробіцца; кульгавы нагу вытра крынічнай вадой — нага выздаравее; хворы нап‘ецца гэтай вады здаровым робіцца. Гэта, хлопец, усім вядома!

Вынырнуў з-пад сівой хмары чырвоны месяц. Ён аблівае фосфарным сьветам усё навакол. Капліца выдзяляецца вельмі ярка, як постаць чорнага забабону.

— Вунь, бачыш, — там сьвяты камень, якраз заўтра кірмаш пры ім. Людзі прыяжджаюць з усёй аколіцы лячыцца. Прыносяць шмат ахвяр — палатном, салам, збожжам і грашмі. Цэлы дзень ідзе тут гандаль.

— І самагонку п‘юць? — запытаўся Грышка.

— Чаму ж ня выпіць? У нас і бацюшка п‘е. Ну дык што. З радасьці чаму ня выпіць? Бацюшка жыве гэтымі ахвярамі цэлы год.

Грышка захіхікаў.

— Ты ня сьмейся, малакасос, каб я здох, калі гэта няпраўда!

— Гэта праўда, што папу ад вашай дурнаты добрае жыцьцё…

Селянін злосна бліснуў вачыма на Грышку. Вусы яго закраталіся.

Заўсёды перад кірмашом штогод у чэсьць маці Марыі бывае яшчэ адзін цуд: за год сьвятыя сьляды абрастаюць мохам. А ў ноч перад кірмашом зьяўляецца ў белых вопратках матка боска, стаіць з поўгадзіны на камені, і сьляды робяцца чысьцюсенькія, сьвятусенькія. Усе нашыя бачылі. Толькі баяцца нечага блізка падыходзіць. Каб я здох, калі гэта няпраўда!

Вогнішча пачало тлець. Ноч зрабілася вельмі сьветлай пасьля поўначы. Надзвычайнай пахучасьцю аддавала празрыстае паветра, затуленае месячнай павуцінай. Кружылася галава, як ад хмелю. Зрабілася надзвычайна ціха.

Грышка так-сяк сагрэўся пад сялянскім кажухом і пачаў драмаць.

Селянін змоўк. Перакідвае з рукі ў руку гарачую бульбу.

Раптам бульба выпадае з яго рук. Яны ў яго павісьлі, як чужыя, і ён пачыняе пільна ўглядацца ў бок каплічкі — у бок „сьвятога каменя“.

З боку цёмнай грамадзіны-капліцы падсоўваецца белая здань. Ціха йдзе гэта таемная фігура, як-бы плыве. Пры месцы, дзе знаходзіцца „сьвяты камень“, здань прыпынілася.

— О, маці божа!.. вось яна! — стогне селянін і кідаецца на калені.

Грышка ўскочыў на ногі й давай азірацца. Угледзеўшы белую здань, ён падбег да кладкі, ціха прабраўся на другі бераг рэчкі і, асьцярожна туляючыся каля платоў, ідзе к белай здані…

Чым бліжэй ён падыходзіць да капліцы, тым ясьней вызначаецца кабечая фігура ў белым.

Сэрца Грышкі калоціцца моцна.

— Хто тут ладзіць такія фокусы?

Ён падыходзіць зусім блізка. Кабета сядзіць на „сьвятым камені“, нажом скрыбае „сьляды божай маці“.

Кабета так занята работай, што і не агледзелася, як Грышка яе цапнуў за руку.

Нож вываліўся з яе рук, і яна са сполаху крыкнула.

Хутка напоўнілася шумам уся вёска. Людзі з усіх хат беглі, як на пажар.

Грышка вёў сярод вуліцы за руку плачучую ўдаву Аўгіню, якая прысягалася, што яна нявінавата.

Гэта поп яе навучаў рабіць цуды ў сваёй хаце ды ачышчаць перад кірмашом „сьвятыя сьляды“ на камені.

Назаўтра сяляне склікалі сход. Забралі капліцу пад хату-чытальню, а ўдаву з папом арыштавалі і адправілі ў воліспалком.