Думкі салдата

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Думкі салдата
Верш
Аўтар: Якуб Колас
Крыніца: http://yakubkolas.ru/category/vershy


Разлучыўся салдат з сваёй роднай сям’ёй,
       Развітаўся ён з домам сваім.
Знае лес баравы, дзе дыбаў ён ступой,
       Што за думкі віліся над ім.

Замірала душа, млела сэрца яго,
       Засцілаліся вочы слязьмі.
Кінуў жонку адну і дзяцей… на каго?
       Хоць ты з жалю разбіся вазьмі.

Разважае бядак, дом не йдзе з галавы,
       Пахілілася з гора яна.
І здавалася, з ім плакаў лес баравы,
       Быццам думка была ў іх адна.

У нязнанай далі мы дажджэмся чаго?
       Прападзеш, бы й на свеце не жыў.
І не скажа ніхто, дзе магіла яго,
       Дзе ён косці свае палажыў.

Скрозь прагалін лясоў былі хмаркі відны,
       Ў сінім небе іх нікла руно.
І здавалася, з ім смуткавалі яны,
       Як бы гора было ў іх адно.

Эх, за што? Ну, за што, адкажэце вы мне,
       Я павінен другіх зніштажаць
Ці калечыць сябе ў гэтай дзікай вайне
       І пад кулі свой лоб падстаўляць?

Вы, што селі ўгары, як вас, каты, назваць?
       Не шкада вам нявінных людцоў.
Самадурства сваё вы гатовы купляць
       Міліёнамі нашых галоў!

(1916)