Перайсці да зместу

Дудка беларуская (1922, Вільня)/Мая хата

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Воўк і авечка Мая хата
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1922 год
Праўда
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мая хата (Багушэвіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мая хата.

Бедна-ж мая хатка, расселася з краю,
Між пяскоў, каменьняў, ля самага гаю,
Ля самага бору, на беражку лесу:
Ніхто тут ня трапе, хоць-бы з інтарэсу,
Як няма гарэлкі, няма куска хлеба,
Дык які-ж інтэрас, каму сюды трэба?
Ды хоць няма хлеба, жабраваць ня буду,
Пражыву яккольвек ад працы, ад труду.

Кепска-ж мая хатка, падваліна згніла,
І дымна і зімна, а мне яна міла;
Ня буду мяняцца хоць бы і на замкі, —
Калок свой мілейшы, як чужыя клямкі.
На страсе мох вырас, на імху бярозка, —
Мільшая мне хатка, як чужая вёска…

Сваталі-ж мне ў прыймы у новую хату,
На зямлю раджайну і дзеўку багату;
Буду жыць, казалі, як які пасэсар,
Езьдзіць парай коні, як сам пан асэсар;
Ды мне даражэйшы вугал гэтай гнілы,
Камень пры дарозе, пясок ля магілы,
Як чужое поле, як дом мураваны! —
Не аддам за сурдут каптан свой падраны.

Клікалі ж у госьці і клічуць суседзі; —
Не пайду, ня трэба, бо кажуць заедзі,
Ад чужога хлеба драсны абсядаюць,
Што чужога прагнуць, то свайго кідаюць.
Я ня кіну хаты, хоць вы мяне рэжце,
Не пайду да вас я, хіба у арэшце.
А хоць сілай навет адарвалі-б з дому,
Калісьці вярнуўся-б, як мядзьведзь да лому.
Заваліцца й хата, зарастуць пакосы,
Усё-б я вярнуўся, хоць голы ды босы!
Насёк-бы бярвеньняў, нацягаў-бы моху,
Зноў-бы склеціў хату яккольвек патроху,
Зрабіў-бы камору, выкаваў-бы жорны, —
Усё-ж свой хлеб еў-бы, хоць-бы сабе чорны!
Ну дык жа адстаньце, на што я вам трэба:
Ці каб ваш хлеб есьці, ці рабіць вам хлеба?