Перайсці да зместу

Дудка беларуская (1922, Вільня)/Гдзе чорт ня можа, там бабу пашле

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хцівец і скарб на Сьвятога Яна Гдзе чорт ня можа, там бабу пашле
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1922 год
Кепска будзе
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гдзе чорт ня можа, там бабу пашле.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Гдзе чорт ня можа, там бабу
пашле.

Адзін мужык ды добра з жонкай ладзіў,
А гэта-ж чорту ў горле косьць.
І што ён толькі не рабіў, — ня звадзіў,
І немарасьць бяре і злосьць.
Чорт з хаты вон ідзе, хвастом трэ вочы:
Жаль душы яму, а навет стыд;
Няраз ня еўшы быў, ня спаўшы ночы,
А скутку ніц — сабе абрыд!
Калі глядзіць; шкулдык, шкулдык бабуся:
Якраз у тую вёску йдзець.
Чорт думае: дай бабе пакланюся,
Яна іх пэўне разьвядзець —
Прад бабай чорт такім харошым стаўся,
Аж вышчарыўся бабін клык;
Чорт жаль свой расказаў і абяцаўся
Даць бабе пару чаравік,
Як толькі муж ды жонку аддубасе,
І прысягу па свойму даў;
А баба ўраз за дзело узялася!
(Чорт бабу пэўна добра знаў
Яшчэ тагды, як яблык крала Ева,
У раі Божым, гдзесьці там,
З таго праклятага праз Бога дрэва,
Што праз яго прапаў Адам!)
Вось бабка зараз шусьць да жонкі на сакрэты;
Давай хваліць: што добра так жывуць,
Што рэдка гдзе знайсьці такой кабеты,
А лепшых дык нідзе ня чуць.
А можна-бы і лепей навет жыць,
Каб жонка ведала сакрэт,
Умела як натое варажыць, —
Яшчэ-бы лепшы стаў ей дзед.
«Есьць у мужчын на самым гарляку
«Грубейшы валасок адзін,
«Як сьпіць, — згалі яго, дык будзе да вяку
«Слухмяны для цябе, як сын!»
Тут бабе жонка надала, што мела,
І баба з Богам выйшла вон,
А жонка з радасьці і полудня ня ела:
Што век-жа будзе добры ён! —
Мужык гарэ і блізка ля мяжы,
А баба міма ідзе… шкулдык,
І стала! кажа: „Божа памажы!“
Як трэба, адказаў мужык,
„Што добрага чуваць, бабуся, ў людзях?“ —
„Ай чула, чула дзісь я шмат!
Ці то казаць, ці не казаць, бо страх!
Цяпер на брата ідзе брат,
А жонкі вернай — гдзе цяпер шукаць?..
І ў тваей каханак ёсьць;
Змаўлялася — як будзеш ў полі спаць,
Дык брытвай табе зробе штосьць!“
Сказаўшы гэта, марш у лес бабуся,
Як ліс лягла за першы куст,
Ціхусенька ляжыць, хоць кашаль дусе,
Ня пусьціць навет пары з вуст!
Аж жонка з полудням ляціць ад вёскі,
Схаваўшы брытву у кішэнь;
На вобмежку паставіла дар Боскі
І кліча мужа, як што дзень.
Ен хмурны штось і есьць ня надта хоча,
А потым зараз лёг заснуць.
Заснуў!.. а жонка ў кішані шамоча…
Дастала брытву — і чуць-чуць…
„Га! рэзаць, подлая ты душагубка!“
Зароў як той шалёны бык:
„Дык вот якая ты, мая галубка!..“
I дай біць жонку той мужык!..
Зьдзівіўся чорт, што баба так зрабіла,
Узяў яго прад бабай ляк.
Стужкі бабіны наткнуў на вілы,
Здалёку даў, баяўся так,
Каб баба і яму жыцьця ня струла,
Не нарабіла ў пекле штук,
Не набрахала-б там, што чула,
Або, што ён — яе байструк.
З тых пор як чорт гдзе не дарадзе,
Там слухае ён бабскіх рад,
У бабскай круціцца грамадзе,
І ў пеклі тым трымае лад!