Перайсці да зместу

Дудка беларуская (1922, Вільня)/Кепска будзе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гдзе чорт ня можа, там бабу пашле Кепска будзе
Паэма
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1922 год
У вастрозе
Іншыя публікацыі гэтага твора: Кепска будзе!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кепска будзе.

Як я толькі нарадзіўся —
Бацька сказаў: „кепска будзе!“
Ну дык-жа ж не памыліўся:
Зьдзекавалісь Бог і людзі.
А чым кепска? — бо у марцы
Я радзіўся — (пост праўдзівы,
Цяжкі месяц ў гаспадарцы.
Як пражыў хто — будзе жывы).
Пераеўся хлеб да крышкі,
Бульбы толькі як пасеяць,
І прыварку ані лыжкі,
І скаціна, — хоць разьвеяць;
Ні саломкі, ня то сена
Хоць-бы на раз для скаціны;
А тут дроў ані палена,
А тут яшчэ нарадзіны!
Трэба-ж бабе бохан хлеба
І гарэлкі-ж трэба пляшку,
Яшчэ-ж хрысьціць хлопца трэба…
Вот і думай, як сярмяжку
Нясьці жыду пад заставу,
Ці прадаць каня, кароўку.
„Сеў, казаў ён, я на лаву,
Узяўся за галоўку,
І заплакаў, аж заліўся,
Так як бацьку пахаваўшы…
Кепска зрабіў, што радзіўся,
Кепска будзе, сьвет пазнаўшы!“
Ці то слова йшло урокам,
Што казаў у кепскім часе,
Ці хто кінуў такім вокам?…
Ну і доля-ж удалася!
I збылося-ж бацькі слова! —
Вот у тыдзень вязуць гэта
Хрысьціць мяне да Макрова
Кумоў двое і кабета.
У Аборках мост сарвала…
А я-ж быў — чуць жывы, слабы;
Радаў раду, на тым стала,
Што ахрысьцяць з вады бабы.
3 Бярэзіны жменю вады
Кума сама зачарпнула,
Памятала сюды — туды,
Тройчы на мяне лінула.
„Вось і хрэст увесь тут, кажа,
„І ксёндз хрысьціць гэтак сама,
„Толькі яшчэ чымсь памажа,
„А хлапцу ўсё роўна — яма!
„Хоць-бы жывым ды давезьці,
„Каб дарогай не сканала, —
„Скажуць, кепска вязла гдзесьці,
„Або туга спавівала!…“
Гэтак мяне пахрысьціўшы,
Вязуць назад ўжо да маткі.
Вочы добра пазаліўшы,
Ледзьве унясьлі да хаткі.
Закусіўшы тут, як трэба,
Пакумаліся і квіта! —
Баба ўзяла бохан хлеба,
Пляшку водкі, торбу жыта;
Разыйшліся і паснулі. —
Матка-ж мяне калыхае:
„Люлі, шэпча, сынок, люлі“…
А як зваць? — сама ня знае
Вот назаўтра з пазараньня
Бяжыць матка да кумошкі
Ды пытае, як празваньне
Далі сыну? Лёну трошкі
Тут прынесла пры здарэньні,
Трошкі сала, круп са жменю…
А кума-ж была праворна:
Хоць што збрэша, не запнецца;
Круце сабе ў сенях жорны,
Трэба-ж салгаць! куды-ж дзецца?
„Імя, кажа, твайму сыну
„Ксёндз хацеў даць па кантычцы,
„Думаў ён можа з гадзіну;
„Узяў кніжку, як стаў рыцца,
„Дык даў потым з каліндарка!“
Матка прутчэй з хаты ў сені,
Як-бы цівун гнаў па карку,
Усё шэпча то іменьне:
„Аліндарка, Аліндарка!“
Прыляцеўшы так да дому,
За калыску узялася
І зрадзела, як сьвятому,
Што аж сьлёзмі залілася.
І калыша і галосе;
Надта імя ўпадабала;
Надта добрае здалося,
Што такога i ня знала!
Вось і клікаць мяне сталі,
Скаліндаркам, Аліндаркам…
Ну, як зналі, так і звалі.
Але вось што з гаспадаркай?
— Найперш конь здох, таго-ж лета
І цялушка, як лань пала…
Матка-ж, ведама, кабета,
Затужыла і запала,
Гадкоў за тры пацягнула,
У марцы і ручанькі згарнула.
(А ўсё ў марцы, трэба-ж гэта!
А разумная была кабета!)
З таго гора бацька бедны
Стаў маркотны, як магіла.
Было сядзе такі бледны.
„Што-ж ты гэта нарабіла?“
Гэтак скажа і заплача.
(Хто-ж пачуе, хто убача?)
Потым дай памалу сватяць;
Треба-ж, ведама, жаніцца,
Каб было каму палатаць,
Каб было у што зьмяніцца,
А так усё намарнела:
Куры, гусі, навет сьвіньні.
І сьвіньня дзяцей паела,
І карова марне гіне…
У восень давай шукаць пары:
Ды ніводная ня хоча,
Аднэй бедны, другой стары,
Треця чорт зна‘ — што тароча:
„Аддай, кажа, Аліндарку
„Куды кольвек, хоць на людзі,
„Сядзь на нашу гаспадарку!
„Тагды выйду, добра будзе!“
Бацька кідаўсь са тры тыдні,
Яшчэ горай зажурыўся,
Прадаў сякі-такі злыдні,
Разлайдачыўся, расьпіўся,
І умёр так пад гародам,
Ушчаміўшы ў плот галоўку.
Шапку знайшлі аж за бродам,
І у шапцы залатоўку.
А на заўтра прывёў соцкі
Асэсара, паноў трое.
Труп той зрэзалі на клёцкі…
(А у марцы-ж было й тое!)
Мяне цётка, у апеку
Узяўшы, трошкі падрасьціла,
Ды якомусь чалавеку
Як за сына адпусьціла.
Незадоўга зьмёрла цётка:
Я стаў круглая сіротка.
Ці гдзе днюю, ці начую,
А ўсё бяду сваю чую!
Пастухі зьбяруцца ў гаю,
Пяюць песьні ля бярозы,
А мне чагось, сам ня знаю,
Смутна, цяжка, цякуць сьлёзы.
Раз я гэтак за вачыма,
Ужо тройчы спавядаўся,
Калі зімой да вайчыма,
Ды ураднік заблукаўся.
Я сяджу сабе на печы,
Пляту лапці, ўю аборы,
Ен показуе праз плечы:
„Што-то? сын твой, кажа хворы?“ —
„То ня сын!“ айчым мой кажа,
„Узяў сіротку. Дзякуй Богу,
„Добры удаўся: позна ляжа,
„Рана ўстане, і адлогу
„Не запусьце… спагадлівы!
„Маю сына, хоць ня родны.
„Ажаню, як буду жывы.
„Будзе Богу й людзям годны!“ —
„А лет сколькі?“ — той пытае.
„Двадцаць, кажа, мусіць мае!“
„А зваць як?“, „Ды Каліндарка!..“
Раднік піша усё шпарка:
Як радзіўся, гдзе хрысьціўся…
Пісаў, пісаў дый паехаў!
Бацькі яго угасьцілі,
Далі торбачку гарэхаў…
Пасьля таго, так ня далей,
Як у тыдзень і асэсар
Шусьць у хату (і з мэдаляй).
„А гдзе, кажа, той пасэсар,
„Твой Ліндарка, ці як звецца,
„Што хаваецца з ракруцтва,
„Пляцець лапцікі на печцы?…
„Ашуканства, баламуцтва“…
..............
А я-ж ехаць меў па дровы.
Бацька клікнуў, іду ў хату…
А асэсар — той — здаровы!..
Лясь! мне ў морду, потым тату.
Я-ж узяў яго за грудзі
І піхнуў ілбом у дзьверы.
Ен як раўкне: „Гэй, вы людзі,
„Тут разбой. Прыміце меры!…
„Тут рыштант, брадзяга скрыты!…
„Вось і лоб калісь быў брыты!…
„Вяжы усіх, нараджайся!“…
Мяне лясь! „Ты хто? сазнайся!“ —
„Скаліндар, кажу, сірота…“
Пацягнулі па дарозе,
Завязалі і вароты,
Мы-ж спынуліся ў вастрозе…
..............
Астрог, братцы, поглядзеўшы
Мімаходам, выглядае
І нічога: Шак ня еўшы
І ў астрозе ня бывае.
Але лепшы ў хаце голад,
У дарозе велькі холад,
Найцяжэйша праца ў полі,
Як у тэй астрожнай долі!
Відзеў птушку я у клетцы,
Як галоўкай поты б‘ецца,
Аж скрыдэлкам затрапоча
І сканае… жыць ня хоча!…
Раз лісіцу, адкапаўшы,
Прывязалі мы да кола:
Стала-ж грызьці што папаўшы,
Сабе бруха распарола,
Растрыбушылась на часьці,
Каб ня жыць так, хоць прапасьці!..
Нашто — гадзіну, мядзянку,
Пусьці ў шклянае начыньне, —
Сама сабе без прастанку
Будзе жаліць, пакуль згіне!…
Як ужо-ж скаціна тая,
Або гадзіна праклята,
І та цану волі знае,
Што-ж для нашаго-то брата,
Меўшы розум не скацінны,
Як знаць волю мы павінны?…
А ў вастрозе-ж няма волі,
Ніўчым няма і ніколі!
У зялезе тыя дзьверы,
Пры дзьвярох стаяць жаўнеры,
А народ усё сярдзіты,
Так як-бы яшчэ ня сыты
Людзкіх сьлёзаў, мукі, енку,
Не гавораць памаленьку,
А ўсё зыкам, а ўсё з лайкай,
А ўсё з боем, ўсё з нагайкай!
..............
У дзядзінец нас як пхнулі.
Дзьвярмі тымі як грукнулі,
Дык і сьвет мне тым закрыўся,
Як-бы у труну забіўся…
Зараз старшы ўзяў за плечы
Хляснуў тройчы, так! бяз рэчы,
Ключы кінуў, — „У халодну!“
І аблаяў матку родну.
Нас піхнулі як у яму
У цёмну хату чтэрагранну,
Далі хлеба, вады меру
І запёрлі як за веру
У цямніцах калісь гэта
Замыкаліся ад сьвета.
Цёмна, зімна!.. прытуліцца
Няма куды! А каганец,
Як-бы губка, толькі тліцца…
Засьпевалі мы ражанец:
Пяём, плачам, аж галосім,
Божай ласкі, Праўды просім!
У такім енку са сьлязамі
І паснулі мы ў тэй яме!
Абудзіўся я з зьдзіўленьня:
Глядзяць ў шчэлачку праменьня!
Я падумаў: ласка-ж Божа
І сюды пралезьці можа?
Аглядаюся вакола,
Як-бы шукаў і тут Бога.
Мне зрабілася вясёла,
Не баюся я нікога,
Зноў ражанец: „Бог уцечка!“
Бляю сабе, як авечка.
Калі бразьць ключом у дзьверы,
І крычыць хтось: „Гэй! вы зьверы,
Вы бунтоўнікі, паскуды,
Выбірайцеся адсюды!
Тут важнейшым трэба сесьці,
Вас у вобшчу здадзём гдзесьці!“.
Павялі нас аж на гору…
Па якомусь калідору…
Дзьверы! дзьверы! ў дзьверах дзюрка,
І у кожнай-жа хвігурка
Як-бы тая-ж выглядае!
Гдзе ні глянеш, усё-ж тая:
Блішчаць вочы, твар як гліна,
І абросшы, як скаціна!..
У турме, як у тым гробе,
Ішлі, ішлі, гэтак з гоні.
А смурод такі, што з воні
Мне аж дух у грудзях сьпёрла,
Як-бы цісьне хто за горла.
Тут нам хату паказалі,
Упусьцілі, разьвязалі,
Вады далі, трохі хлеба
І запёрлі зноў, як трэба.
Тут народу шмат сядзела,
Глянуў я — душа самлела!
Як падушкі у іх твары!
У хаце пуста, толькі нары.
Ляжаць усе, з нас рагочуць,
Навет месца даць ня хочуць.
„Давай, кажа, хоць на пляшку!
А ня даўшы, дык парашку
Вынасіць заўсёды мусіш,
А ўжо хлеба — дык ня ўкусіш!
Мы табе наб‘ём аскому,
Пакуль вернешся да дому!“
Я спалохаўся, баюся:
„Войча наш!“ кажу, малюся…
Бог даў спомніць: залатоўка
Гдзесь была ў кашулі ўшыта,
Што дала калісь жыдоўка,
Як падвёз у млын ёй жыта.
Хутка сарваў тую лату,
Кінуў злоты той на хату…
І ня ўгледзіў як хапілі,
Толькі, відзеў, водку пілі.
Тагды сталі нас пытацца,
Ці застаўся хто у хатцы?
Адкуль? за што пасадзілі,
Іншы вуча на пытаньне
Даць якое паказаньне:
„Кажы, кажуць, знаць ня знаю,
„Чый я ёсьць, з якога краю.
„Малым быўшы, сьляпых водзіў;
„А падросшы і сам бродзіў;
„Ня прыпісаны да сказкі,
„І так жыву з Божай ласкі.
„Бог мой бацька, зямля матка:
„Знаць ня знаю!“ — усё гладка!
Так да марца сядзім ціха,
Ня чуваць дабра, ні ліха.
А у марцы шлюць бумагу,
Каб даставілі бадзягу,
Супраціўніка уласьці,
Улажэньня першай часьці,
Што мянуецца „Ліндорам“
Ды йшчэ б‘ецца з асэсорам.
Ды каб быў у ланцуг закуты,
На нагах каб былі путы,
Праважацелі каб срогі,
Каб ня сходзілі з дарогі,
А каб проста да начала…
І цімала там пісала?!
..............
Вот назаўтра рана, рана
Нам адзежка наша дана;
Паскідалі мы сярмягі,
Салдат узяў дзьве бумагі,
Нас зьвязалі і ў дарогу!..
Я падумаў: „Дзякуй Богу!
Хоць нас сонечка сагрэе!
Вецерчык на нас павее!
Можа дожджык срыбрны змоча!
Можа птушка засьвіргоча!..“
Аж заплакаў я зрадеўшы!
От, здаецца-б, і ня еўшы
Быў-бы сыты на свабодзе!
Як той кролік у гародзе!
Тут здаецца і сканаў-бы,
За свабоду жыцьцё-б даў-бы!
..............
Жаўручочкі Бога хваляць,
А пастушкі агонь паляць,
А і сонечка прыгрэла,
Аж мне ў душы паясьнела.
Да палудня ішлі гэтак;
Пры дарозе шмат і кветак:
То пралескі, то сасонкі
Выгравае Божа сонка!
Так падвечар ў месцы сталі,
У халоднай начавалі, —
Было розна. Заўтра зраньня,
Якраз у дзень Зьвяставаньня,
Клічуць мяне да дапросу,
(Задаваць то ужо чосу!)
Той судзебнік маладзенькі,
Такі быстры, хоць маленькі:
Усё пытаецца, ды піша,
І нагой усё калыша.
Як спытаўся мяне, хто я?
Я і спомніў сабе тое,
Як вучыў там той з астрогу:
„Знаць ня знаю я нічога“!
І старога тут клікнулі,
Папыталіся, раскулі
І да дому павярнулі.
А мне кажа: „ты, брадзяжка,
„Сакрыў званьне, будзе цяжка:
„Сорак розаг, потым роты!
„Скажы лепей — аткуль, хто ты?“
А ўсё піша, піша, піша
І нагой усё калыша.
Пісаў, пісаў, даў другому
I сам пайшоў кудысь з дому.
Мяне зноў-жа да астрогу.
Толькі цяпер, дзякуй Богу!
Адзінокі я застаўся.
Айчым плакаў, як жагнаўся:
„Помні, кажа, мяне, сыну,
„А я, хіба што сам згіну,
„А цябе вярну да вёскі,
„Хіба-б ужо гнеў быў Боскі,
„Або-б Праўда гдзесьці змёрла! —
„Выйму цябе ім із горла!
„Бог паможа проці сілы,
„Праўда выйдзе як з магілы!“
Сказаў гэта, пакланіўся,
Ды ізноў сьлязьмі заліўся.
І мне стала ў вочах цьмяна,
Зашчымела ў сэрцы рана,
Як-бы штосьці адарвала,
Сам ня знаю, што мне стала…
Калі гляну, ачунеўшы, —
Я ў шпіталі, захварэўшы…
Галава мая абрыта,
Твар вадой, ці чым абліты,
А піць хочацца… здаецца,
Рэчку-б выпіў, каб пры рэчцы!
Так я праляжаў тры тыдні,
Прадаў усе свае злыдні;
Надта есьці стаў памногу
І паправіўсь, дзякуй Богу!…
Я-ж тут ляжу і ні рэчы,
Што там стары гаспадара.
А ён торбу ўзяў на плечы,
Па начальству просьбы жара!
Тройчы Вільню, сем раз Ліду
Ен адведаў. Трэба-ж ведаць, —
Прысягнуў, пакуль ня выйду,
Навет дома не абедаць!
Раздабыў усе паперы,
Запісаў мяне у сказку…
Што і бацька-б можа шчэры,
Не зрабіў такую ласку.
Так у восень, ў замарозкі
Прывялі мяне да вёскі,
Пазьбіралі шмат суседаў!…
Кожны гаварыў, што ведаў:
Як я тут, калі радзіўся,
Як і бацька мой жаніўся…
Паказалі усё чыста,
І што імя мне „Каліста“,
Што завуць мяне „Ліндарка“
Так, на сьмех, што чыста гол,
Як ліндар, што на хальварку:
Увесь маёнтак: — ён ды вол.
А асэсар быў ўжо новы,
Чалавечак так, нічога,
Якісь ціхі, нездаровы
І цярплівы… хваліць Бога!
Пасьля таго праз паўгоду
У марцы-ж, мяне на свабоду
Дзякуй Богу! адпусьцілі
У той дзень, як і хрысьцілі.