Раз у дзень задушны, якраз а паўночы,
Іду я да дому… а цёмна і ўюга!..
Не каб заліўшы саўсім ужо вочы,
Але так, ў меру падвыпіўшы туга.
Іду і мяркую, ці то цяпер шчасьце,
Як паноў ня стала, ці то была доля?
І лічу на пальцах: паншчыны дванасьце,
А гадоў да трыццаць, як настала воля…
Там быў аконам, камісар і цівун,
Намесьнік, лясьнічы, хмістрыня, паны.
І кожны меў права узяць за бізун,
І кожны меў права да нашай сьпіны…
А цяпер?.. Ой штосьці кепска выходзе,
Цяпер ці ня болей настала паноў?!
Ня надта свабодна у гэтай свабодзе,
І давай я лічыць паноў новых ізноў:
Стараста, соцкі, пісар, старшына,
Пасьрэднік, ураднік, асэсар і суд,
Зьезд міравы, прысуцтвы і сход…
Аж паднялася са стараху чупрына,
Аж пальцаў ня стала на ўвесь гэты шчот,
А пальцамі-ж трэба карміць гэты люд!..
Іду… калі, шусьць, як маланкай спаліць,
Стаіць, так якраз, што умёр, аканом.
Прыгледжуся: — ён — тыкі ён — і стаіць,
І стрыжаны-ж вус і стаіць з бізуном…
Схудаўшыся толькі: скура ды косьць.
А белы ўвесь чыста, белы, як сьнег,
Толькі на сэрцы плямачкі ёсьць.
І плямкі на пальцах — мусіць то грэх?!…
„Браціку, кажа, браце Мацей!
„Ратуй маю грэшную душу
„З чысца, з рук подлых чарцей, „Або на векі загінуць я мушу!
„Дваццаць пяць лет, што у чысцы я пёкся,
„Усе грахі выбыў, усіх-жа адрокся,
„Толькі на сэрцы вот грэх як смала,
„Прыліп да мяне і ня змыты.
„То за жонку тваю: саграшыў, як жыла;
„За цябе, што нявінна быў біты.
„Ох, ідзі ты са мной, зачарпнуўшы вады,
„Аж да чысцу таго, аж на дне,
„І выбач ты мяне, што як быў малады,
„Твая жонка-краса спадабалася мне.
„І палій ты вадой мне на сэрца, Мацей,
„Буду Бога маліць за цябе, за дзяцей!“
Я заплакаў з жалю, але думаю: досьць
Нацярпеўся і ён, бо лазіць што жывы,
Гэтак ссох ад агню — толькі скура ды косьць.
Пайду ў чысьцец я той, пагляджу на дзівы!
І дзівы-ж, браце мой, у тым чысцы, але!
Чэрці кормяць смалой і гатуюць ў смале,
І цягаюць, і рвуць, запрагаюць у воз,
Кручком цягнуць кішкі і зубамі за нос;
Вочы колюць ражном, пазурамі рвуць твар,
Скрабуць скуру нажом, як на боты тавар.
І каго-ж тут няма? — тут і пан, і жабрак,
Генарал і салдат, аканом і мужык.
А што баб і дзявок — сказаць так, —
ўтроя больш як мужчын ёсьць на лік.
Хто за што, а як баб, дык найбольш за язык.
Языкі-ж даўжыні — так як добры ручнік.
Іх і паляць смалой і нажамі скрабуць,
І ніяк да бела прапаліць не магуць.
Надта шмат маладых, што дурылі мужоў;
Чараўніц, а і зводняў старых…
Тут я шмат і знаёмых знайшоў,
Але так не чапаў ужо іх.
З мужыкоў тут ня надта, каб шмат, А ўсё больш дык багатых паноў,
На зямлі адцярпеўшы, наш брат
На той сьвет, як па масле, пайшоў!
А паном дык і трудна цярпець
Бяз прывычкі, дык стогнуць, аж страх!
Глянеш, пан, як, здаецца, мядзьведзь,
А чорт дышлем запрог і трах-тарарах,
Бічам б‘е, ражном пора у тыл,
Морду круце на бок і за кудлы трасе;
Стук і крык, аж віхор круце пыл,
Так пан чортавы воз той нясе.
Там паны і муруюць й гаруць,
Вымятаюць, і сьвіньні пасуць,
А смалу, дык як мёд, там жаруць,
А каменьня як горы нясуць
Усё ў пекле, каб дно як зрабіць;
А ўсё толку нямаш з іх работы нігдзе:
Тут яны робяць усё, абы збыць,
І там ім гэтак работа ідзе.
Я-ж то думаў, што ксяндзоў тут няма,
Калі зірк! аж і ксёндз тут сядзіць:
Чорт яго аблажыў грашыма,
Запаліў у грашох тых, і ксёндз так гарыць.
А другі — дык вісіць, але як? —
Дык і стыдна мне вам гаварыць!
А са стыду чырвоны, як рак,
Вочы жмура, як кот, і гарыць.
А тут баба яго так кляне
Ды так лае з астатніх-жа слоў,
Што, каб гэтак хто лаяў мяне,
Я-6 яго з сьвету даўно перавёў.
Станавы, старшыня й тыя тут.
Тым дык чорт усё грошы зьбярэ,
Скруце цьвёрды круцель, або жмут,
Ды у горла запрэ і даўбешкай пярэ
Каласірам, ці чым там паліў І жмут той у горле агнём запаліў…
Але-ж і ёсьць там народу, аж цьма!
І роду ўсякага і стану, і веку,
Хто ня жыў на зямлі, таго тут няма;
Няхай Бог сьцеражэ там быць чалавеку
Ледзь я прайшоў аж у тую кануру,
Гдзе аконам Бізунскі цярпіць.
Чорт і яго запрагае у фуру.
Спацеўшы бедны, а енча: „Дай піць“!
Я брызнуў крапідлам на твар,
Ен аж зрадзеў, як дзіця,
Як хапіўся рукой за той каламар,
Што узяў я з вадой яму для піцьця.
Дык высахла зараз вада аж да дна;
Ен стаў такі сьветлы, як гэты дымок,
Стаў нікнуць, засталася пара адна,
І зьнік так, як нікне на сонцы аблок…
Ня помню, як выйшаў я з чысцу таго,
Праснуўся у хаце, на печы, аж днём.
Усе кругом плачуць, ня ведаць чаго,
А паліць мяне ды так, як агнём!
Трашчыць галава, баляць усе косьці,
І надта вады зажадалася піць.
Напіўся і зноў упаў я у млосьці!…
От давялося-ж у чысцы мне быць.
|