Дуброўскі
Дуброўскі Аповесць/раман Аўтар: Аляксандр Пушкін 1949 год Арыгінальная назва: Дубровский (1833) Пераклад: Кузьма Чорны |
Некалькі год таму назад у адным з сваіх маёнткаў жыў старасвецкі рускі пан, Кірыла Петровіч Траекураў. Яго багацце, знатны род і знаёмствы рабілі яго чалавекам паважным у губернях, дзе быў яго маёнтак. Суседзі былі рады дагаджаць усялякім яго жаданням; губернскія чыноўнікі дрыжэлі, пачуўшы яго імя; Кірыла Петровіч прымаў адзнакі ліслівай пашаны да сябе як звычайную даніну; дом яго заўсёды быў повен гасцей, гатовых пацяшаць яго панскае гультайства, удзельнічаць у шумных, а часамі і буяных яго свавольствах. Ніхто не асмельваўся адмаўляцца ад яго запрашэння, або ў пэўныя дні не з'яўляцца з сталай пашанай у сяло Пакроўскае. У дамашнім побыце Кірыла Петровіч выяўляў усе хібы чалавека неадукаванага. Распешчаны ўсім, што толькі было навокал яго, ён прывык даваць пэўную волю ўсім імкненням кіпучага свайго нораву і ўсім выдумкам даволі абмежаванага розуму. Не гледзячы на незвычайную сілу фізічных здольнасцей, ён разы два на тыдзень пакутваў ад абжорства і кожны вечар бываў падвыпіўшы. У адным з флігеляў яго дома жылі шаснаццаць пакаёвак; яны займаліся ручной працай, уласцівай іх роду. Вокны у флігелі былі загароджаны драўлянымі кратамі; дзверы былі пад замкамі, ад якіх ключы захоўваліся ў Кірылы Петровіча. Маладыя затворніцы ў пэўныя гадзіны выходзілі ў сад і спацыравалі пад наглядам двух бабуль. Час-ад-часу Кірыла Петровіч аддаваў некаторых з іх замуж, і новыя станавіліся на іх месца. З сялянамі і дваровымі абыходзіўся ён жорстка і з норавам; але яны выхваляліся багаццем і славай свайго пана і ў сваю чаргу дазвалялі сабе шмат што ў дачыненні да сваіх суседзей, спадзеючыся на яго моцную руку.
Звычайнымі заняткамі Траекурава былі раз'езды па сваіх шырокіх уладаннях; няспынныя банкеты і свавольствы, якія кожнадзённа прыдумляліся і ахвярай якіх быў звычайна які-небудзь новы знаёмец, хоць і старыя прыяцелі не заўсёды ад іх выратоўваліся, за выключэннем аднаго Андрэя Гаўрылавіча Дуброўскага. Гэты Дуброўскі, адстаўны паручык гвардыі, быў яго бліжэйшы сусед і ўладаў сямідзесяццю душамі. Траекураў, ганарысты у дачыненнях з людзьмі самай вышэйшай годнасці, паважаў Дуброўскага, не гледзячы на яго непамысны стан. Некалі былі яны таварышы ў службе, і Траекураў ведаў з практыкі нецярплівасць і рашучасць яго натуры. Слаўны 1762 год[1] разлучыў іх надоўга. Траекураў, сваяк княгіні Дашковай[2], пайшоў у гару. Збяднелы Дуброўскі прымушан быў падацца ў адстаўку і астацца жыць у рэштках свае вёскі. Кірыла Петровіч, даведаўшыся пра гэта, прапанаваў яму сваю дапамогу, але Дуброўскі падзякаваў яму і астаўся бедны і незалежны. Праз некалькі год Траекураў, адстаўны генерал-аншэф[3], прыехаў у свой маёнтак; яны ўбачыліся і ўзрадваліся адзін аднаму. З таго часу яны кожны дзень бывалі разам і Кірыла Петровіч, які з роду не рабіў нікому ласкі сваім наведваннем, заязджаў па просту у дамок свайго старага таварыша. Будучы равеснікамі, народжаныя ў адным саслоўі, выхаваныя аднолькава, яны крыху мелі падабенства у натурах і звычках. Некаторым чынам і лёс іх быў аднолькавым: абодва ажаніліся кахаючы, абодва неўзабаве аўдавелі, у абодвух асталося па дзіцяці. Сын Дуброўскага выхоўваўся ў Пецербургу, дачка Кірылы Петровіча расла на бацькоўскіх вачах і Траекураў часта гаварыў Дуброўскаму: «Слухай, браце, Андрэй Гаўрылавіч: калі твой Валодзька будзе мець сталасць, то аддам за яго Машу, дарма што гол як сакол». Андрэй Гаўрылавіч трос галавой і адказваў звычайна: «Не, Кірыла Петровіч: мой Валодзька не жаніх Марыі Кірылаўне. Беднаму двараніну, такому як ён лепш жаніцца на беднай двараначцы, ды быць главой у доме, а то зробіцца прыказчыкам распешчанай кабеткі».
Усе зайздросцілі згодзе, якая была паміж ганарыстым Траекуравым і яго бедным суседам, і дзівіліся смеласці гэтага апошняга, калі ён за сталом у Кірылы Петровіча проста выказваў свае думкі, не клапоцячыся аб тым, ці не было гэта насупраць гаспадарскіх поглядаў. Некаторыя спрабавалі рабіць тое самае і выйсці з межаў устаноўленага паслухмянства, але Кірыла Петровіч так на іх сыкнуў, што назаўсёды адбіў у іх ахвоту да такіх спробаў, і Дуброўскі адзін астаўся па-за агульным законам. Нечаканы выпадак усё змяніў і разбурыў.
Раз, у пачатку восені, Кірыла Петровіч збіраўся на паляванне. Напярэдадні быў дадзен загад сабакарам і падлоўчым быць напагатове да пяці гадзін раніцы. Палатка і кухня накіраваны былі раней на месца, дзе Кірыла Петровіч павінен быў абедаць. Гаспадар і госці пайшлі на псарню, дзе больш за пяцьсот ганчакоў і выжлаў жылі ў раскошы і цяпле, услаўляючы шчодрасць Кірылы Петровіча на сваёй сабачай мове. Тут-жа быў і лазарэт для хворых сабак, пад наглядам штаб- лекара Цімошкі і памяшканне, дзе пародзістыя сукі шчаніліся і кармілі сваіх шчанят. Кірыла Петровіч ганарыўся гэтай цудоўнай установай і ніколі не траціў выпадку пахваліцца ёю перад сваімі гасцямі, з якіх кожны аглядаў яе прынамсі ўжо дваццаты раз. Ён пахаджваў па псарні, абкружаны сваім гасцямі, і следам хадзілі Цімошка і галоўныя сабакары: спыняўся перад некаторымі будкамі, то распытваючы аб здароўі хворых, то робячы заўвагі больш ці менш строгія: справядлівыя, то клічучы да сябе знаёмых сабак і ласкава з ім гаворачы. Госці мелі абавязак хваліць сабакарню Кірыла Петровіча. Адзін Дуброўскі маўчаў і хмурыўся. Ён быў заўзяты паляўнічы. Яго сродкі дазвалялі яму трымаць только двух ганчакоў і адзін гурт выжлаў. Ён не мог утрымацца ад некаторай зайздрасці, бачачы гэтую найцудоўнейшую установу.
— Чаго-ж ты, браце, хмурышся, — запытаў у яго Кірыла Петровіч, — хіба мая сабакарня табе не падабаецца?
— Не, - адказаў ён жорстка, — сабакарня цудоўная, — наўрад ці людзям вашым жыццё такое, як вашым сабакам.
Адзін з сабакароў пакрыўдзіўся.
— Мы на сваё жыццё, — сказаў ён, — дзякуючы богу і пану, не наракаем; а што праўда, то праўда, іншаму двараніну і не шкодзіла-б памяняць сялібу на любую гэтую будку — яму было-б і сытней і цяплей.
Кірыла Петровіч моцна засмяяўся ад такой задзірыстай заўвагі свайго халопа, а госці следам за ім зарагаталі, хоць і адчувалі, што жарт сабакара мог быць накірован і ў іх бок. Дуброўскі пабялеў і не сказаў ні слова.
У той момант паднеслі ў кашолцы да Кірылы Петровіча новароджаных шчанят; ён заняўся імі, выбраў сабе двух, астатніх сказаў утапіць. Тымчасам Андрэй Гаўрылавіч знік, і ніхто таго не заўважыў.
Вярнуўшыся з гасцямі з сабакарні, Кірыла Петровіч сеў вячэраць і толькі тады, не бачачы Дуброўскага, успомніў пра яго. Людзі адказалі, што Андрэй Гаўрылавіч паехаў дадому. Траекураў загадаў адразу-ж яго дагнаць і няйначай вярнуць. Зроду не выязджаў ён на паляванне без Дуброўскага, спрактыкаванага і тонкага аматара сабачых якасцей і беспамылковага вырашальніка усялякіх паляўнічых спрэчак. Слуга, які паімчаўся за ім, вярнуўся, калі яшчэ сядзелі за сталом, і паведаміў свайго пана, што, значыцца, Андрэй Гаўрылавіч не паслухаў і не захацеў вярнуцца. Кірыла Петровіч, як звычайна, разгарачаны наліўкамі, раззлаваўся і другі раз паслаў таго-ж слугу сказаць Андрэю Гаўрылавічу, што калі ён адразу-ж не прыедзе начаваць у Пакроўскае, то ён, Траекураў, з ім навек пасварыцца. Слуга зноў паімчаўся. Кірыла Петровіч, устаўшы з-за стала, развітаўся з гасцямі і пайшоў спаць.
На другі дзень першае пытанне яго было: ці тут Андрэй Гаўрылавіч? Замест адказа яму падалі ліст, згорнены трохкутнікам; Кірыла Петровіч загадаў свайму пісару чытаць яго ўголас, і пачуў вось што:
Мой добры пане,
Я да таго часу не маю намеру ехаць у Пакроўскае, пакуль не вышлеце мне сабакара Парамошку з просьбай аб прабачэнні; а будзе мая ласка пакараць яго, або дараваць яму, а я цярпець кпіны ад вашых халопаў не маю намеру, ды і ад Вас не сцярплю — бо я не блазан, а старадаўні дваранін. — З гэтым астаюся пакорлівы да паслуг
Андрэй Дуброўскі.
Паводле цяперашніх разуменняў аб этыкеце, ліст гэты быў-бы вельмі непрыстойны, але ён раззлаваў Кірылу Петровіча не дзіўным складам, але толькі сваёй сутнасцю.
— Як, — грымнуў Траекураў, рвануўшыся з пасцелі босы, — высылаць да яго маіх людзей з просьбай аб прабачэнні, ён зробіць ласку ім дараваць, або іх караць! — што-ж гэта ён сапраўды задумаў; ці ведае ён з кім звязваецца, вось я-ж яго! Наплачацца ён у мяне, будзе ведаць як ісці на Траекурава!
Кірыла Петровіч адзеўся і выехаў на паляванне са звычайнай сваёй пышнасцю. Але паляванне не ўдалося. За ўвесь дзень бачылі аднаго толькі зайца і таго прамарнатравілі. Абед у полі пад палаткай таксама не ўдаўся, ці прынамсі прышоўся не да густу Кірылу Петровічу, які збіў кухара, аблаяў гасцей і варочаючыся назад з усім сваім паляўніцтвам, назнарок паехаў палямі Дуброўскага.
Прайшло некалькі дзён, і варожасць паміж двума суседзямі не спынялася. Андрэй Гаўрылавіч не прыязджаў у Пакроўскае — Кірыла Петровіч без яго сумаваў і прыкрасць яго душы голасна вылівалася самымі зняважлівымі выразамі, якія, з прычыны шчырай стараннасці тамашніх дваран, даходзілі да Дуброўскага падпраўленыя і дапоўненыя. Новая акалічнасць адабрала і апошнюю надзею на замірэнне.
Дуброўскі аб'язджаў аднойчы свае невялікія ўладанні; пад'язджаючы да бярозавага гаю, пачуў ён стук сякеры і праз хвіліну трэск паваленага дрэва. Ён заспяшаўся ў гай і наехаў на пакроўскіх мужыкоў, якія спакойна кралі ў яго лес. Убачыўшы яго, яны кінуліся спачатку бегчы. Дуброўскі з сваім фурманам злавіў з іх двух і прывёў іх звязаных да сябе у двор. Трое ворагавых коней асталіся тут-жа як здабыча пераможцу. Дуброўскі быў вельмі злосны, дагэтуль людзі Траекурава, вядомыя разбойнікі, не асмельваліся сваволіць у межах яго ўладанняў, ведаючы сяброўскую сувязь яго з іх панам. Дуброўскі бачыў, што цяпер карысталіся яны нядаўным разрывам і адважыўся, не гледзячы на ўсе разуменні ваенных правоў, пакараць сваіх нявольнікаў дубцамі, якіх яны назапасілі ў яго-ж гаю, а коней пусціць у працу, далучыўшы іх да свае жывёлы.
Чутка аб гэтым здарэнні ў той-жа дзень дайшла да Кірыла Петровіча. Гнеў апанаваў яго, і ў першую хвіліну ён хацеў з усімі сваімі дваровымі зрабіць напад на Кісцянёўку (так называлася вёска яго суседа), разбурыць яе да-тла і сцішыць самога памешчыка ў яго сялібе — такія ўчынкі былі яму не ўпершыню. Але думкі яго неўзабаве пайшлі ў іншым кірунку. Пахаджаючы цяжкімі крокамі ўзад і ўперад па залу, ён зірнуў неспадзеўкі ў акно і ўбачыў ля брамы тройку коней; маленькі чалавек у скураным картузе і фрызавым[4] шынялю злез з воза і пайшоў у флігель да эканома; Траекураў пазнаў засядацеля Шабашкіна і загадаў яго паклікаць. Праз хвіліну Шабашкін ужо стаяў перад Кірылам Петровічам, раз-по-разу згінаючыся ў паклонах і з дрыжаннем сэрца чакаючы яго загадаў.
— Здароў, забыўся, як цябе завуць, сказаў яму Траекураў, — чаго прыехаў?
— Я ехаў у горад, ваша прэвасхадзіцельства, — адказаў Шабашкін, — і зайшоў да Івана Дзем'янава даведацца, ці не будзе якога загаду ад вашага прэвасхадзіцельства.
— Вельмі ў час заехаў, як, забыўся, цябе завуць, у мяне да цябе патрэба, выпі гарэлкі і выслухай.
Такое ласкавае абыходжанне прыемна здзівіла засядацеля. Ён адмовіўся ад гарэлкі і пачаў слухаць Кірылу Петровіча з найвышэйшай увагай.
— У мяне сусед ёсць, — сказаў Траекураў, — дробна- маянтковы грубіян: я хачу забраць у яго маёнтак — што ты пра гэта думаеш?
— Ваша прэвасхадзіцельства, калі ёсць якія-небудзь дакументы, або...
— Хлусіш, братка, якія табе дакументы. На тое ўказы. У тым і сіла, каб без усялякага права адабраць маёнтак. Чакай. Гэты маёнтак належаў калісьці нам, быў куплен у нейкага Спіцына і прададзен потым бацьку Дуброўскага. Ці нельга за гэта ўчапіцца?
— Мудравата, ваша прэвасхадзіцельства, напэўна гэты продаж зроблен законным парадкам.
— Падумай, браце, пашукай добра.
— Калі-б, напрыклад, ваша превасхадзіцельства маглі якім сабе хоць чынам дастаць ад вашага суседа запіс, у сілу якога уладае ён сваім маёнткам, то вядома...
— Разумею, але вось бяда — у яго ўсе паперы згарэлі у часе пажару.
— Як, ваша прэвасхадзіцельства, паперы ў яго згарэлі! Чаго-ж вам лепш — у такім выпадку, дазвольце дзейнічаць, паводле законаў і без усялякіх няўдач будзе вам ваша сапраўднае задаваленне.
— Ты думаеш? Ну, глядзі-ж. Я спадзяюся на тваю стараннасць, а наконт мае падзякі, то можаш быць упэўнен.
Шабашкін скланіуся амаль да зямлі, вышаў, з таго-ж дня пачаў старацца наконт задуманай справы і, з прычыны яго спрытнасці, роўна праз два тыдні Дуброўскі атрымаў з горада запрашэнне даць адразу-ж патрэбныя тлумачэнні наконт уладання сяльцом Кісцянёўкай.
Андрэй Гаўрылавіч, здзіўлены нечаканым патрабаваннем, у той-жа дзень напісаў у адказ даволі недалікатную паперку, у якой заяўляў ён, што сяльцо Кісцянёўка асталося яму па смерці нябожчыка яго бацькі, што ён уладае ім паводле права спадчыннасці, што Траекураву да яго справы ніякай няма і што ўсялякае пабочнае вымаганне на гэтую яго ўласнасць, ёсць паклёп і машэнства.
Ліст гэты выклікаў вельмі прыемнае ўражанне ў душы засядацеля Шабашкіна. Ён убачыў, па-першае, што Дуброўскі мала што разумее ў справах, па-другое, што чалавека такога гарачага і неасцярожнага няцяжка будзе давесці да самага невыгоднага стану.
Андрэй Гаўрылавіч, разгледзеўшы спакойна засядацельскія патрабаванні, убачыў неабходнасць адказаць дакладней. Ён напісаў даволі дзельную паперу, але яна па ходзе часу выявілася як недасканалая.
Справа пачала цягнуцца. Упэўнены ў сваёй праўдзе, Андрэй Гаўрылавіч мала аб ёй думаў, не меў ні ахвоты, ні магчымасці сыпаць навакол сябе грашыма, і хоць ён, бывала, заўсёды першы кпіў з прадажнага сумлення чарнільнага племя, але думка зрабіцца ахвярай ашуканства не прыходзіла яму ў галаву. З свайго боку Траекураў так-жа мала клапаціўся аб выйгрышы пачатай ім справы — Шабашкін за яго стараўся, дзейнічаў ад яго імя, палохаючы і падгоджваючы суддзяў і карыстаючы крыва і проста ўсялякія указы. Як-бы там ні было, 18.. года, * дня, Дуброўскі атрымаў праз гарадавую паліцыю запрашэнне явіцца да ** земскага суддзі, каб выслухаць рашэнне яго аб справе спрэчнага маёнтка паміж ім, паручыкам Дуброўскім, і генерал-аншэфам Траекуравым, і каб падпісаць сваё задаваленне або незадаваленне. У той-жа дзень Дуброўскі рушыў у горад; па дарозе дагнаў і апярэдзіў яго Траекураў. Яны горда зірнулі адзін на аднаго, і Дуброўскі заўважыў зларадную усмешку на твары свайго ворага.
Прыехаўшы ў горад, Андрэй Гаўрылавіч спыніўся ў знаёмага купца, начаваў у яго і на другі дзень зранку з'явіўся ў павятовы суд. Ніхто не звярнуў на яго ўвагі. Следам за ім прыехаў і Кірыла Петровіч, пісары ўсталі і пазакладалі пер'я за вуха, члены спаткалі яго з глыбокай і ліслівай пашанай, прысунулі яму крэсла з павагі да яго чыну, гадоў і паважнасці: ён сеў пры адчыненых дзвярах. Андрэй Гаўрылавіч, стоячы, прыхіліўся да сцяны — стала глыбокая цішыня, і сакратар звонкім голасам пачаў чытаць судовую пастанову.
Мы змяшчаем яе ўсю, мяркуючы, што кожнаму прыемна будзе ўбачыць адзін з спосабаў, якімі на Русі можам мы страціць маёнтак, на ўладанне якім маем бясспрэчнае права.
18... года лютага * дня ** павятовы суд разглядаў справу аб няправільным уладанні гвардыі паручыкам Андрэем Гаўрылавым сынам Дуброўскім маёнткам, належачым генерал- аншэфу Кірылу Петровічу сыну Траекураву, ** губерні, у сяльцы Кісцянёўцы, мужчынскага роду 186-ю душамі, ды зямлі з паплавамі і ўгоддзямі 932 дзесяціны. З названай справы відаць: адзначаны генерал-аншэф Траекураў мінулага 18... года ** 9-га дня ўвайшоў у гэты суд з прашэннем у тым, што нябожчык яго бацька, калежскі асэсар і кавалер Пётр Ефімаў сын Траекураў у 17... годзе, жнівеня 14 дня, служыўшы ў той час у ** намесніцкім праўленні за правінцыяльнага сакратара, купіў з дваран у канцылярыста Фадзея Егорава сына Спіцына маёнтак ** акругі ва ўспамянутым сяльцы Кісцянёўцы, каторае паселішча тады па рэвізіі звалася кісцянёўскімі выселкамі, усяго азначаных па 4-й рэвізіі мужчынскага роду 113 душ з усёй іх сялянскай маёмасцю, сялібай, з ворнаю і неворнаю зямлёю, лясамі, сяннымі пакосамі, рыбнымі лоўлямі па рэчцы, празываемай Кісцянеўцы, і з усімі прыналежачымі да гэтага маёнтку ўгоддзямі і панскім драўляным домам і словам усё без астачы, што яму пасля бацькі яго, з дваран урадніка Егора Цярэнцьева сына Спіцына ў спадчыну асталося і ва ўладанні яго было, не пакідаючы з людзей ніводнай душы, а з зямлі ніводнай чацвярціны, цаной за 2500 р., на што і купчая ў той-жа дзень у ** палаце суда і расправы творана, і яго бацька тады-ж жнівеня ў 26-ты дзень ** Земскім судом уведзен быў ва ўладанне і учынён за яго адказ. — А, нарэшце, 17... года верасня 6 дня бацька яго з волі божай памёр, а тым- часам ён, прасіцель, генерал-аншэф Траекураў з 17... года амаль з маленства знаходзіўся ў вайсковай службе і найбольш быў у паходах за граніцамі, чаму ён і не мог мець вестак, як аб смерці бацькі яго, роўна так і аб астаўленым пасля яго маёнтку. Цяпер-жа, па выхадзе зусім з той службы ў адстаўку і па звароце ў маёнткі бацькі яго, якія знаходзяцца у ** і ** губернях у К **, П** і P** паветах у розных паселішчах, усяго 3000 душ, знаходзіць, што з ліку адзначаных маёнткаў вышэйпісанымі ** 113-ю душамі (якіх па цяперашняй... рэвізіі вызначана ў тым сяльцы ўсяго 186 душ) з зямлёй і з усімі ўгоддзямі ўладае без усялякіх падмацаванняў вышэйпісаны гвардыі паручык Андрэй Дуброўскі, чаму, прыкладаючы да прашэння тую сапраўдную купчую, дадзеную бацьку яго прадаўцом Спіцыным, просіць, адабраўшы ўспамянуты маёнтак з няправільнага ўладання Дуброўскага, аддаць па прыналежнасці ў поўнае яго Траекурава распараджэнне. А за несправядлівае яго прысвойванне, з якога ён карыстаўся атрымліваемымі прыбыткамі, па ўтварэнні аб іх належачага дазнання, палажыць з яго, Дуброўскага, належны паводле закону ўзыск і якім яго, Траекурава, задаволіць.
Па учыненні-ж ** земскім судом па гэтаму прашэнню доследаў, адкрылася: што ўспамянуты цяперашні уласнік спрэчнага маёнтка гвардыі паручык Дуброўскі даў на месцы дваранскаму засядацелю растлумачэнне, што падуладны яму цяпер маёнтак, які знаходзіцца ў азначаным сяльцы Кісцянёўцы, 186 душ з зямлёй і ўгоддзямі, астаўся яму ў спадчыну пасля смерці бацькі яго, артылерыі падпаручыка Гаўрылы Еўграфава сына Дуброўскага, а яму дайшоўшае па куплі ад бацькі гэтага прасіцеля, раней былога правінцыяльнага сакратара, а пасля калежскага асэсара Траекурава, па даверанасці, дадзенага ад яго 17... года жнівеня 30 дня, засведчаным у ** павятовым судзе, тытулярнаму саветніку Грыгорыю Васільеву сыну Собалеву, па якім павінна быць ад яго на маёнтак гэты бацьку яго купчая, бо ў ёй якраз сказана, што ён, Траекураў, увесь атрыманы ім па купчай ад канцылярыста Спіцына маёнтак, 113 душ з зямлёй, прадаў бацьку яго, Дуброўскага, і належачыя па умове грошы, 3200 рублёў, усе дарэшты з бацькі яго без звароту атрымаў, і прасіў успамянутага давярыцеля Собалева выдаць бацьку яго сказаную купчую. А тымчасам бацьку яго ў той-жа даверанасці, з прычыны выпадку выплаты усёй сумы, уладаць тым пакупным у яго маёнткам і распараджэнне мець да гэтай купчай, як сапраўднаму ўласніку, і яму, прадаўцу Траекураву, надалей, і нікому ў той маёнтак ужо не уступацца.
Але калі іменна і ў якім прысуцтвеным месцы гэтая купчая ад паверанага Собалева дадзена яго бацьку, яму, Андрэю Дуброўскаму, невядома, бо ён у той час быў у самым малалецтве, і пасля смерці яго бацькі гэтай купчай адшукаць не мог, мяркуе, што ці не згарэла яна з іншымі паперамі і маёмасцю ў часе быўшага ў 17... годзе ў доме іх пажару, аб чым вядома было і насельнікам таго паселішча. А што гэтым маёнткам з дня прадажы Траекуравым, або выдачы Собалеву даверанасці, гэта значыцца з 17 .. года, а па смерці бацькі яго з 17 .. і дагэтуль, яны, Дуброўскія, бясспрэчна ўладалі, у тым сведчыцца на навакольных насельніках, якія, усяго 52 чалавекі, на дапытанне пад прысягай паказалі, што сапраўды, як яны могуць запомніць, названым спрэчным маёнткам пачалі ўладаць успамянутыя паны Дуброўскія назад гэтаму год з 70 без усялякай ад каго-небудзь спрэчкі, але па якім якраз акце або купчай, ім невядома. Успамянуты-ж па гэтай справе ранейшы пакупнік гэтага маёнтка, былы правінцыяльны сакратар Пётр Траекураў, ці ўладаў гэтым маёнткам, яны не памятаюць. Дом-жа паноў Дуброускіх назад гэтаму год трыццаць ад здарыўшагася ў іх маёнтку ў час ночы пажару згарэў, прычым староннія людзі даказалі, што даходу названы спрэчны маёнтак можа даваць, мяркуючы з таго часу разам штогодна, не менш як да 2000 рублёў.
Наупрэкі-ж гэтага генерал-аншэф Кірыла Петроў сын Траекураў 3-га студзеня гэтага года ўвайшоў у гэты суд з прашэннем, што хоць успамянуты гвардыі паручык Андрэй Дуброўскі і падаў пры ўтвораным следстве к справе гэтай выдадзеную нябожчыкам бацькам яго Гаўрылам Дуброўскім тытулярнаму саветніку Собалеву даверанасць на запраданы яму маёнтак, але па гэтай не толькі сапраўднай купчай, але нават і на утварэнне калі-небудзь такой ніякіх ясных доказаў па сіле генеральнага рэгламента 19 раздзела і ўказа 1752 года лістапада 29 дня не падаў. Значыцца, самая даверанасць цяпер, за смерцю самога давальніка, яе, бацькі яго, паводле ўказа 1818 года, мая дня, зусім знішчаецца. — А звыш таго — загадана спрэчныя маёнткі аддаваць ва ўладанне — каторыя з купчай, то па купчых актах, а каторыя не з купчай, то па розыску.
На азначаны маёнтак, прыналежны бацьку яго, пададзен ужо ад яго у доказ прыгонны акт, паводле якога і належыць, на аснове азначаных узаканенняў, з няправільнага ўладання ўпамянутага Дуброўскага адабраўшы, аддаць яму паводле права спадчыны. А як азначаныя памешчыкі, маючы ва ўладанні не належачы ім маёнтак і без усялякага ўмацавання, і карысталіся з яго няправільна і ім не належачымі прыбыткамі, то па разлічэнні, колькі такіх будзе прылічвацца па сіле... з памешчыка Дуброўскага і яго, Траекурава, імі задаволіць. Паводле разгляду гэтай справы і утворанай з яе і з законаў выпіскі ў К ** павятовым судзе вырашана:
Як з справы гэтай відаць, што генерал-аншэф Кірыла Петроў сын Траекураў на азначаны спрэчны маёнтак, што знаходзіцца цяпер пад уладаннем у гвардыі паручыка Андрэя Гаўрылава сына Дуброўскага, месцазнаходжаннем у сяльцы Кісцянёўцы, па цяперашняй... рэвізіі ўсяго мужчынскага роду 186 душ, з зямлёю і ўгоддзямі, падаў сапраўдную купчую на продаж маёнтка нябожчыку бацьку яго, правінцыяльнаму сакратару, які пасля быў калежскім асэсарам, у 17 ** годзе з дваран канцылярыстам Фадзеем Спіцыным, і што звыш гэтага гэты пакупнік, як з учыненым на той купчай надпісу відно, быў у тым-жа годзе земскім судом уведзен ва ўладанне, які маёнтак ужо і за яго адказам, і хоць наўпрэкі гэтага з боку гвардыі паручыка Андрэя Дуброўскага і пададзена даверанасць. дадзеная тым памершым пакупніком Траекуравым тытулярнаму советніку Собалеву для ўтварэння купчай на імя бацькі яго, Дуброўскага, але па такіх справах не толькі зацвярджаць крэпасныя нерухомыя маёнткі, але нават і часова уладаць паводле указа... забаронена, да таго-ж і самая даверанасць смерцю давальніка яе дарэшты знішчаецца. Але каб звыш гэтага сапраўды была па гэтай даверанасці ўтворана дзе і калі на азначаны спрэчны маёнтак купчая, з боку Дуброўскага ніякіх ясных доказаў да справы з пачатку вытварэння, гэта значыцца з 18.. года, і па гэты час не пададзена. А таму гэты суд і мяркуе: азначаны маёнтак, 180 душ, з зямлёй і ўгоддзямі, у якім цяпер стане той выявіцца, зацвердзіць па пададзенай на яго купчай за генерал-аншэфа Траекурава, аб зняцці распараджэння гэтым гвардыі паручыка Дуброўскага і аб сталым уводзе ва ўладанні за яго, пана Траекурава, і аб адказе за яго як дайшоўшага яму па спадчыне, прадпісаць ** земскаму суду. — А хоць звыш таго генерал-аншэф Траекураў і просіць аб узысканні з гвардыі паручыка Дуброўскага за няправільнае ўладанне спадчынным яго маёнткам ускарыстаўшыхся з яго прыбыткаў, але як гэты маёнтак, па паказанню старажылых людзей быў у паноў Дуброўскіх некалькі год у бясспрэчным карыстанні, і з справы гэтай не відаць, каб з боку пана Траекурава былі якія-небудзь да гэтага часу прашэнні аб гэтым няправільным уладанні Дуброўскім гэтага маёнтку, да таго па ўлажэнню загадана, ежэлі хто чужую зямлю засее, або сялібу загародзіць, і на таго аб няправільным заўладанні пачнуць біць чалом, і пра тое высветліцца дакладна, тады праваму аддаваць тую зямлю і з пасеяным хлебам, і загараддзю, і забудаваным, а таму генерал-аншэфу Траекураву ў заяўленым на гвардыі паручыка Дуброўскага іску адмовіць, бо належачы яму маёнтак варочаецца ў яго ўладанне, не із'емля з онага нічога. А што пры ўводзе за яго выявіцца можа ўсё без астачы, даць на меркаванне генерал-аншэфу Траекураву, калі ён мае аб гэтай сваёй пратэнзіі якія-небудзь ясныя і законныя доказы, можа прасіць дзе належыць асобна. Гэтае рашэнне абвясціць як істцу, роўна і адказчыку, на законным угрунтаванні, апеляцыйным парадкам, якіх і выклікаць у гэты суд для выслухання гэтага рашэння і подпісу задавалення, або незадавалення праз паліцыю.
Якое рашэнне падпісалі ўсе прысутныя таго суда.
Сакратар змоукнуў, засядацель устаў і з нізкім паклонам звярнуўся да Траекурава, запрашаючы яго падпісаць паперу. З урачыстым выглядам Траекураў узяў ад яго пяро, падпісаў пад пастановай суда поўнае сваё задаваленне.
Чарга была за Дуброўскім. Сакратар паднёс яму паперу. Але Дуброўскі стаяў і не варушыўся, унурыўшы галаву.
Сакратар яшчэ раз запрасіў яго падпісаць сваё поўнае і дасканалае задаваленне, або адкрытае нездаваленне, калі, звыш чакання, адчуе на сумленні, што на яго баку праўда, і мае намер у вызначаны законам час прасіць па апеляцыі куды належыць.
Дуброўскі маўчаў... Раптам ён ўзняў галаву, вочы яго бліснулі, ён тупнуу нагой, адштурхнуу сакратара з такой сілай, што той упаў, хапіў чарнільніцу і шпурнуу ёй у засядацеля. Усіх апанаваў жах. «Як! не шанаваць божай царквы! вон, хамава племя!» — Пасля да Кірыла Петровіча: «Ці чуў хто дзе, ваша прэвасхадзіцельства — гаварыў ён, — сабакары ўводзяць сабак у божую царкву! Сабакі бегаюць па царкве. Я вам пакажу!..» Старажы збегліся на шум і ледзве яго сцішылі. Яго вывелі і пасадзілі у сані. Траекураў вышаў следам за ім, разам з усім судом. Раптоўнае вар'яцтва Дуброўскага моцна падзейнічала на яго настрой і сапсавала яго ўрачыстасць. Суддзі, якія спадзяваліся на яго падзяку, не мелі ад яго ніводнага ветлівага слова. Ён у той-жа дзень выехаў у Пакроўскае. Дуброўскі тымчасам ляжаў у пасцелі, павятовы лекар, на шчасце не зусім без адукацыі, паспеў пусціць яму кроў, паставіць п'яўкі і шпанскія мухі; да вечара яму стала лягчэй, хворы дайшоў да памяці. На другі дзень павезлі яго ў Кісцянёўку, якая ўжо яму амаль што не належала.
Прайшоў пэўны час, а здароўе небаракі Дуброўскага не палепшвалася. Праўда, прыпадкі вар'яцтва ўжо не варочаліся, але сілы яго выразна слабелі. Ён забываўся на свае ранейшыя справы, мала калі выходзіў з свайго пакоя і думаў цэлымі суткамі. Егораўна, добрая бабуля, якая калісьці даглядала яго сына, цяпер стала яму за няньку. Яна даглядала яго як дзіця, гаварыла яму, калі трэба есці і спаць, карміла яго, клала спаць. Андрэй Гаўрылавіч ціха слухаў яе і апроч яе ні з кім не бачыўся. Ён не мог думаць аб сваіх справах, аб гаспадарчых распараджэннях, і Егораўна ўбачыла, што трэба паведаміць аб усім маладога Дуброўскага, які служыў у адным з гвардыі пяхотных палкоў і быў у той час у Пецербургу. Вырваўшы ліст паперы з выдатковай кнігі, яна прадыктавала кухару Харытону, адзінаму пісьменнаму ў Кісцянёўцы, пісьмо, якое ў той-жа дзень і адаслала у горад на пошту.
Але час пазнаёміць чытача з сапраўдным героем нашай аповесці.
Владзімір Дуброўскі выхоўваўся ў кадэцкім корпусе і выпушчан быў карнетам у гвардыю; бацька не шкадаваў нічога на добрае яго ўтрыманне, і малады чалавек атрымліваў з дому больш, чым павінен быў чакаць. Будучы неашчадлівы і ганарысты, ён дазваляў сабе раскошныя свавольствы; гуляў у карты і ўлазіў у даўгі, не клапоцячыся пра будучыню і прадбачачы сабе рана ці позна багатую нявесту, мару беднай маладосці.
Аднойчы ўвечары, калі некалькі афіцэраў сядзела ў яго, разваліўшыся па канапах і курачы з яго янтараў, Грыша, яго камердынер, падаў яму ліст, на якім надпіс і пячаць здзівілі маладога чалавека. Ён шпарка яго распячатаў і прачытаў вось што:
«Дарагі ты наш, Владзімір Андрэевіч, — я, твая старая нянька, адважылася табе паведаміць аб здароўі папенькі. Яму вельмі дрэнна, часам загаварваецца і ўвесь дзень сядзіць як дзіця неразумнае, а накошт жыцця і смерці — то ад бога суджана. Прыязджай ты да нас, саколік мой ясны, мы па цябе і коней вышлем на Пясочнае — чуваць, земскі суд да нас едзе аддаць нас пад руку Кірылу Петровічу Траекураву — бо мы, значыцца, іхнія, а мы спрадвеку Вашы, — і зроду таго не чулі. — Ты-б мог, жывучы ў Пецербургу, далажыць аб тым цару-бацюшку, а ён-бы не папусціў нас у крыўду. — Астаюся твая верная раба,
Пасылаю маё мацярынае блаславенне Грышу; ці добра ён табе служыць? — У нас дажджы ідуць вось ужо другі тыдзень, і пастух Родзя памёр каля Міколінага дня.
Владзімір Дуброўскі некалькі разоў прачытаў гэтыя даволі бязглуздыя радкі з незвычайным хваляваннем. Ён страціў маці яшчэ ў малыя гады і, амаль не ведаючы бацькі свайго, быў прывезен у Пецербург на восьмым годзе свайго узросту. З усім гэтым ён раманічна быў прывязан да бацькі і тым больш любіў сямейнае жыццё, чым менш паспеў задаволіць душу яго ціхімі радасцямі.
Думка страціць бацьку свайго цяжка рвала яго сэрца, а стан небаракі хворага, аб якім ён здагадваўся з ліста свае нянькі, наганяў на яго жах. Ён уяўляў бацьку, пакінутага ў глухой вёсцы, на руках дурной старой і дваровых людзей, якому пагражае нейкая бяда і які чэзне без дапамогі ў пакутах цела і душы. Владзімір упікаў сябе у злачыннай лёгкадумнасці. Доўга не меў ён ад бацькі ніякай весткі і не падумаў аб ім дазнацца, мяркуючы, што той у раз'ездах або ў гаспадарчым клопаце.
Ён наважыў да яго ехаць і нават выйсці ў адстаўку, калі хворы стан бацькі будзе вымагаць яго прысутнасці. Таварышы, заўважыўшы яго неспакой, пайшлі. Владзімір, астаўшыся адзін, напісаў просьбу аб водпуску, закурыў люльку і паглыбіўся ў думкі.
У той-жа дзень пачау ён клапаціцца аб водпуску і праз два дні пусціўся ў дарогу на станцыйных конях, з верным сваім Грышам.
Владзімір Андрэевіч набліжаўся да той станцыі, з якой павінен быў звярнуць на Кісцянёўку. Сэрца яго поўнілася сумнымі адчуваннямі, ён баяўся, што не застане бацьку жывога, ён уяўляў сабе сумны лад жыцця, які чакае яго ў вёсцы: глуш, бязлюднасць, беднасць і клопат аб справах, якіх ён не разумеў нічога. Прыехаўшы на станцыю, ён увайшоў да даглядчыка і запытаў вольных коней. Даглядчык, даведаўшыся, куды трэба было яму ехаць, сказаў, што коні, прысланыя з Кісцянёўкі, чакалі яго ўжо чацвертыя суткі. Неўзабаве з'явіўся да Владзіміра Андрэевіча стары фурман Антон, што калісьці вадзіў яго па стайні і даглядаў яго маленькага канька. Антон заплакаў, убачыўшы яго, скланіўся яму да зямлі, сказаў што яго стары пан яшчэ жывы і пабег запрагаць коні. Владзімір Андрэевіч адмовіўся ад снедання і спяшаў выехаць. Антон павёз яго палявымі дарогамі, між імі пачалася гаворка.
— Скажы, калі ласка, Антон, якая справа ў бацькі майго з Траекуравым?
— А бог іх ведае, Владзімір Андрэевіч... пан, значыцца, не паладзіў з Кірылам Петровічам, а той і падаў у суд — хоць найбольш ён сам сабе суддзя. Не наша халопская справа разбіраць панскую волю, а дальбог, дарма бацюхна ваш пайшоў на Кірылу Петровіча, бізуном абуха не пераб'еш.
— Дык, відаць, гэты Кірыла Петровіч у вас што хоча, тое і робіць?
— А пэўна што, паночку — засядацеля, значыцца, ён і ў грош не ставіць, іспраўнік у яго на пабягушках, паны з'язджаюцца да яго на паклон; і то сказаць — абы было карыта, а свінні знойдуцца.
— Ці праўда, што адбірае ён у нас маёнтак?
— Ох, паночку, чулі так і мы — гэтымі днямі пакроўскі панамар сказаў на хрэсбінах у нашага старасты: даволі вам гуляць; вось зараз возьме вас у рукі Кірыла Петровіч. Мікіта каваль і сказаў яму: сціхні ты, Савельіч, не палохай, як кажуць, людзей, не бянтэж гасцей — Кірыла Петровіч сам па сабе, Андрэй Гаўрылавіч сам па сабе, а ўсе мы божыя і царавы; але-ж да чужога роту гузіка не прышыеш.
— Значыцца, вы не хочаце перайсці пад уладанне Траекурава?
— Пад уладанне Кірылы Петровіча? Няхай бог бароніць, у яго там і сваім дрэнна прыходзіцца, а будуць чужыя, то ён з іх не толькі скуру, але і мяса здзярэ. Не, дай божа доўга жыць Андрэю Гаўрылавічу, а калі ўжо аддасць ён богу душу, то не трэба нам нікога, апроч цябе, наш дабрадзей. Не папускай ты нас у крыўду, а мы ўжо за цябе станем.
Пры гэтых словах Антон замахнуў пугай, тузануў лейцы, і коні паімчаліся шпарка.
Расчулены адданасцю старога фурмана, Дуброўскі змоўк і аддаўся сваім думкам. Прайшло больш як гадзіна часу, раптам Грыша абудзіў яго, гукнуўшы: «Вось Пакроўскае!» Дуброўскі ўзняў галаву. Ён ехаў берагам шырокага возера, з якога выцякала рэчка і далёка выгіналася паміж узгоркаў; на адным з іх, над густым зелянівам гаю, узвышаўся зялёны дах і бельведер[5] велічэзнага мураванага дома; на другім пяціглавая царква і старасвецкая званіца; навокал стаялі вясковыя хаты з іх гародамі і студнямі. Дуброўскі пазнаў гэтую мясціну — ён успомніў, што на гэтым самым узгорку гуляў ён з маленькай Машай Траекуравай, якая была на два гады за яго маладзей і тады ўжо было відаць, што з яе будзе красуня. Ён хацеў аб ёй запытаць у Антона, але нейкая саромлівасць стрымала яго.
Пад'ехаўшы да панскага дома, ён убачыў белую сукенку, якая мільгацела паміж садовых дрэў. У гэты час Антон сцебануў коней, і з-за ганарыстасці, якая ўласціва вясковым фурманам, таксама як і рамізнікам, паімчаўся на ўвесь дух цераз мост і паўз сяло. Выехаўшы з вёскі, уз'ехалі яны на гару, і Владзімір убачыў бярозавы гай, а ўлева на прагалку шэранькі дамок з чырвоным дахам; сэрца яго закалацілася. Перад яго вачыма была Кісцянёўка і бедны дом яго бацькі.
Праз дзесяць хвілін уехалі яны на панскі двор. Ён глядзеў навокал сябе з хваляваннем вялікім. Дванаццаць год не бачыў ён свае радзімы. Бярозкі, якія пры ім толькі што былі пасаджаны паўз плот, выраслі і сталі цяпер высокімі купчастымі дрэвамі. Двор, калісьці ўпрыгожаны трыма правільнымі кветнікамі, паміж якіх ішла шырокая дарога, старанна заўсёды надмеценая, ператварыўся ў няскошаны поплаў, на якім пасвіўся спутаны конь. Сабакі спачатку забрахалі, але пазнаўшы Антона змоўклі і замахалі кудластымі хвастамі. Дваровыя павыбягалі з хат, абкружылі маладога пана з шумным выяўленнем радасці. Ледзве мог ён прабіцца праз іх шчыры натоўп і ўзбег на стары ганак. У сенцах спаткала яго Егораўна і з плачам абняла свайго выхаванца.
— Здарова, здарова, няня, — гаварыў ён, прыціскаючы да сэрца шчырую старую, — як бацька, дзе ён, як з ім?
У гэты момант у зал увайшоў, ледзь перасоўваючы ногі, стары высокага росту, бледны і худы, у халаце і калпаку.
— Здаровенек, Валодзька, — сказаў ён слабым голасам, і Владзімір горача абняў бацьку свайго.
Радасць вельмі страсянула хворага, ён аслабеў, ногі яго хістануліся і ён упаў-бы, каб сын не падтрымаў яго.
— Нашто вы ўсталі з пасцелі, — гаварыла яму Егораўна, — на нагах не трымаецца, а ідзе, гледзячы на людзей.
Старога занеслі у спальню. Ён стараўся з імі гаварыць, але думкі блыталіся ў яго галаве і словы не мелі ніякай сувязі. Ён змоўк і ўпаў у санлівасць. Владзімір жахнуўся, гледзячы на бацьку. Ён астаўся ў яго спальні і прасіў, каб яго пакінулі аднаго з бацькам. Дамашнія паслухалі, і тады усе звярнуліся да Грышы і павялі да сябе, дзе і пачаставалі яго па-вясковаму, з шчырай гасціннасцю, замучыўшы яго запытаннямі і прывітаннямі.
Где стол был яств, там гроб стоит.Державин
Праз некалькі дзён пасля свайго прыезду малады Дуброўскі хацеў заняцца справамі, але бацька яго не меў сілы даць яму патрэбныя тлумачэнні, а ў яго не было паверанага. Разглядаючы бацькавы паперы, знайшоў ён толькі першы ліст засядацеля і чарнавы адказ на яго, з чаго не мог ён мець яснага уяўлення аб цеганіне і надумаўся чакаць, што будзе далей, спадзеючыся на праўду самой справы. Тымчасам здароўе Андрэя Гаўрылавіча ўсё пагоршвалася. Владзімір прадбачыў, што яно зусім занепадзе і не адыходзіў ад старога, які зусім здзяцінеў.
Тымчасам вызначаны тэрмін скончыўся, і апеляцыя не была пададзена. Кісцянёўка належала Траекураву. Шабашкін з'явіўся да яго з паклонамі і віншаваннямі і просьбай назначыць, калі яго прэвасхадзіцельства зажадае уступіць ва ўладанне нованабытым маёнткам — сам, або каму зробіць ласку даць на тое даручэнне. Кірыла Петровіч збянтэжыўся. З натуры не быў ён сквапны, жаданне помсты завяло яго занадта далёка, сумленне яго не было спакойнае. Ён ведаў, у якім стане яго праціўнік, стары таварыш яго маладосці, і перамога не радавала яго сэрца. Ён грозна зірнуў на Шабашкіна, шукаючы да чаго-б прычапіцца, каб яго вылаяць, але, не знайшоўшы яснай на гэта прычыны, сказаў яму злосна:
— Пайшоў вон, не да цябе.
Шабашкін, бачачы, што ён не ў гуморы, скланіўся і заспяшаўся выйсці. А Кірыла Петровіч, астаўшыся адзін, пачаў расхаджваць узад і ўперад, высвістваючы: «Гром победы раздавайся», што заўсёды азначала у ім незвычайнае хваляванне думак.
Нарэшце ён загадаў запрагчы сабе раз'ездныя драбінкі, цёпла апрануўся (гэта было ужо ў канцы верасня) і без фурмана выехаў з двара.
Неўзабаве ўбачыў ён дамок Андрэя Гаўрылавіча, і супярэчлівыя пачуцці апанавалі душой яго. Здзейсненая помста і гордасць заглушалі да некаторай ступені пачуцці больш далікатныя, але апошнія нарэшце узялі верх. Ён надумаўся памірыцца з старым сваім суседам, знішчыць і сляды сваркі, вярнуўшы яму яго ўладанні. Аблягчыўшы душу гэтым добрым намерам, Кірыла Петровіч пагнаў каня да сялібы свайго суседа і ўз'ехаў троста на двор.
У гэты час хворы сядзеў у спальні пры акне. Ён пазнаў Кірылу Петровіча, і жудаснае ўтрапенне адлюстравалася на яго твары — густая ружовасць заступіла месца звычайнай бледнасці, вочы заблішчэлі, ён выгаварваў штосьці незразумелае. Сын яго, што сядзеў тут за гаспадарчымі кнігамі, узняў галаву і жахнуўся, бачачы ў такім стане бацьку. Хворы паказваў пальцам на двор з жахам і гневам. Ён спяшаючыся падбіраў крысо свайго халата, імкнучыся ўстаць з крэсла, прыўзняўся і раптам упаў. Сын кінуўся да яго, стары ляжаў у непрытомнасці і без дыхання - паралюш хапіў яго.
— Хутчэй, хутчэй у горад па лекара! — крычаў Владзімір.
— Кірыла Петровіч пытае вас, — сказаў слуга, увайшоўшы.
Владзімір кінуў на яго жудасны позірк.
— Скажы Кірылу Петровічу, каб ён хутчэй выбіраўся, пакуль я не загадаў яго выгнаць з двара. Пайшоў!
Слуга радасна пабег ажыццяв ць загад свайго пана, і Егораўна заламала рукі.
— Бацюхна ты наш, — сказала яна пісклівым голасам, — згубіш ты сваю галаву! Кірыла Петровіч з'есць нас.
— Маўчы, няня, — сказаў горача Владзімір, — зараз пашлі Антона ў горад па лекара.
Егораўна вышла. У пярэднім пакой нікога не было — усе людзі збегліся на двор глядзець на Кірылу Петровіча. Яна вышла на ганак і пачула адказ слугі, які гаварыў ад імя маладога пана. Кірыла Петровіч выслухаў яго, седзячы на драбінках; твар яго стаў змрачнейшы за ноч, ён пагардліва ўсміхнуўся, грозна зірну на дваровых і паехаў ціха паўз дом. Ён зірнуў і ў акно, дзе за хвіліну перад гэтым сядзеў Андрэй Гаўрылавіч, але дзе ўжо яго не было. Няня стаяла на ганку, забыўшыся на загад пана. Дваровыя шумна гутарылі аб гэтым здарэнні. Раптам Владзімір з'явіўся паміж людзьмі і адрывіста сказаў:
— Не трэба лекара, бацюхна памёр. Пачалася сумятня. Людзі кінуліся ў пакой старога пана. Ён ляжаў у крэслах, на якія перанёс яго Владзімір; правая рука яго вісела да падлогі, галава спушчана была на грудзі — не было ўжо і адзнак жыцця ў гэтым целе, яшчэ не астылым, але ўжо агідна кранутым скананнем. Егораўна загаласіла; слугі абступілі труп, пакінуты на іхнія рукі — вымылі яго, адзелі ў мундзір, пашыты яшчэ у 1797 годзе і паклалі на той самы стол, за якім колькі год яны служылі свайму пану.
Пахаванне адбылося на трэці дзень. Цела небаракі старога ляжала на стале, накрытае саванам і абкружанае свечкамі. Сталовая поўна была дваровых. Рыхтаваліся да вынасу. Владзімір і трое слуг паднялі труну. Свяшчэннік пайшоў наперад, дзяк каля яго, спяваючы пахавальныя малітвы. Гаспадар Кісцянёўкі ў апошні раз перайшоў за парог свайго дома. Труну панеслі гаем. Царква была за ім. Дзень быў ясны і халодны. Асенняе лісце падала з дрэў.
Пры выхадзе з гаю, убачылі кісцянёўскую драўляную царкву і могільнік, зарослы старымі ліпамі. Там было пахавана цела Владзіміравай маці, там, каля магілы яе, напярэдадні выкапана была свежая яма.
Царква поўна была кісцянёўскіх сялян, якія прышлі аддаць апошняе пакланенне пану свайму. Малады Дуброўскі стаў ля кліраса: ён не плакаў і не маліўся, але твар яго быў страшчы. Жалобны абрад скончыўся. Владзімір, першы пайшоў развітацца з целам, за ім усе дваравыя. Прынеслі века і забілі труну. Бабы моцна галасілі; мужыкі часта выціралі слёзы кулакамі. Владзімір і тыя-ж трое слуг панеслі труну на могілкі, следам ішла ўся вёска. Труну спусцілі ў магілу, усе. што былі тут, кінулі ў яе па жмені пяску, яму засыпалі, пакланіліся ёй і разышліся. Владзімір шпарка пайшоў, усіх апярэдзіў і знік у Кісцянёўскім гаю.
Егораўна ад імя яго запрасіла папа і ўвесь прычт царкоўны на жалобны абед, абвясціўшы, што малады пан не мае намеру на ім быць; і такім чынам айцец Антон, пападдзя Федотаўна і дзяк пешкі рушылі на панскі двор, разважаючы з Егораўнай аб добрачыннасцях нябожчыка і аб тым, што, як відаць, чакала яго сына (прыезд Траекурава і тое, як яго прынялі, былі ўжо вядомы ўсяму наваколлю, і тамашнія палітыкі прарочылі важныя гэтаму вынікі).
— Што будзе, то будзе, — сказала пападдзя, — а шкада, калі не Владзімір Андрэевіч будзе нашым панам. Маладзец, нічога не скажаш.
— А каму-ж як не яму і быць у нас за пана, — перарвала Егораўна, — дарма Кірыла Петровіч і гарачыўся, не на баязліўца напаў, мой саколік і сам сябе ў крыўду не папусціць, ды і бог літаслівы яго не пакіне. Вельмі ганарысты Кірыла Петровіч! а бач ты, падтуліў хвост, калі Грышка мой закрычаў яму: Вон стары сабака! Вон з двара!
— А-яй, Егораўна, — сказаў дзяк, — як гэта ў Грыгора язык павярнуўся, я хутчэй згаджуся, здаецца аблаяць уладыку, чым крыва зірнуць па Кірылу Петровіча. Як убачыш яго, страх і баязлівасць хіліць цябе ніц, а спіна сама так і гнецца, так і гнецца...
— Суета сует, — сказаў свяшчэннік, — і Кірылу Петровічу адпяюць вечную памяць, усё як цяпер і Андрэю Гаўрылавічу, хіба што пахаванне будзе багацейшае і гасцей склічуць больш — а богу хіба не ўсёроўна!
— Ах, бацька! І мы хацелі склікаць усю навакольнасць, але Владзімір Адрэевіч не захацеў. Не падумайце, у нас усяго даволі, ёсць чым пачаставаць, але што зробіш. Прынамсі калі няма людзей, то ўжо хоць вас участую, дарагія госці нашы.
Гэтае ласкавае абяцанне і надзея знайсці смачны пірог паддалі ўсім ходу, і яны без дрэнных прыгод прышлі ў панскі дом, дзе стол быў прырыхтаваны ўжо і гарэлка пастаўлена.
Тымчасам Владзімір паглыбляўся ў гушчу дрэў, рухам і стомленасцю стараючыся заглушыць смутак душы. Ён ішоў, не разбіраючы дарогі; вецце штохвілінна кратала і абдзірала яго, ногі яго раз-по-разу вязлі ў балоце - ён нічога не заўважаў. Нарэшце дайшоў ён да маленькай лагчынкі, з усіх бакоў абкружанай лесам, ручаінка вілася ціха каля дрэў, напалову аголеных восенню. Валадзімір спыніўся, сеў на халодную траву, і думкі адна за адну змрачнейшыя згусціліся ў душы яго... Моцна адчуваў ён сваю адзіноту. Будучыня яму ўяўлялася ўкрытая навальнічнымі хмарамі. Варожасць з Траекуравым пагражала яму новымі няшчасцямі. Бедная яго ўласнасць магла адыйсці ад яго ў чужыя рукі — у такім выпадку жабрацтва чакала яго. Доўга сядзеў ён нерухома на тым-жа месцы, гледзячы на ціхую плынь ручаіны, якая зносіла кудысьці некалькі зблеклых лісцяў і жыва ўяўляла яму вернае падабенства жыцця — падабенства такое звычайнае. Нарэшце заўважыў ён, што пачало змяркацца — ён устаў і пайшоў шукаць дарогі дадому, але яшчэ доўга блукаў па незнаёмым лесе, пакуль не патрапіў на сцежку, якая і прывяла проста да брамы яго дома.
Насустрач Дуброўскаму натрапіўся поп з усім прычтам. Думка аб нешчаслівай прыкмеце прышла яму ў галаву. Ён, не раздумваючы, пайшоў стараной і знік за дрэвам. Яны яго не заўважылі і горача гаварылі між сабой, праходзячы паўз яго.
— Аддаліся ад злога, зрабі дабро; — гаварыў поп пападдзі, — няма чаго нам тут аставацца. Не твая справа, чымбы ўсё не скончылася.
Пападдзя штосьці адказала, але Владзімір не мог пачуць.
Падыходзячы, убачыў ён мноства парода — сяляне і дваравыя лодзі тоўпіліся на панскім двары. Здалёк пачуў Владзімір незвычайны шум і гоман. Ля хлява стаялі дзве тройкі. На ганку некалькі незнаёмых людзей у мундзірах і сурдутах, здавалася, аб чымсьці гутарылі.
— Што гэта значыць, — запытаў ён сярдзіта у Антона, які бег яму насустрач. — Гэта хто такія, што ім трэба?
— Ах, бацюхна Владзімір Андрэевіч, — адказаў стары задыхаючыся. — Суд прыехаў. Аддаюць нас Траекураву, адбіраюць нас ад тваёй ласкі!..
Владзімір унурыў галаву, людзі абкружылі няшчаснага свайго пана.
— Бацька ты наш, — крычалі яны, цалуючы яму рукі, не хочам іншага пана, апроч цябе, загадай, з судом мы ўправімся, памром, а не папусцімся... — Владзімір глядзеў на іх, і дзіўныя пачуцці хвалявалі яго.
— Стойце ціха, — сказаў ён ім, — а я з прыказнымі перагавару.
Перагавары, бацюхна, — закрычалі яму з натоўпу, — ды ўгавары нягоднікаў.
Владзімір падышоў да чыноўнікаў. Шабашкін, з картузом на галаве, стаяў узяўшыся ў бокі і горда пазіраў навакол сябе... Іспраўнік, высокі і таўсты мужчына год пяцідзесяці, з чырвоным тварам і з вусамі, убачыўшы каля сябе Дуброўскага, крактануў і сказаў ахрыплым голасам:
— Значыцца, я вам яшчэ раз гавару тое, што ўжо сказаў: паводле рашэння павятовага суда, ад сёння належыце вы Кірылу Петровічу, якога асобу заступае тут пан Шабашкін. Слухайце яго ва ўсім, што ні загадае, а вы, бабы, любіце і шануйце яго, ён да вас вялікі ахвотнік.
Пасля гэтага вострага жарту іспраўнік зарагатаў, а Ша башкін і іншыя члены зрабілі тое самае. Владзімір кіпеў ад гневу.
— Дазвольце дазнацца што гэта значыць? — запытаў ён з штучнай спакойнасцю ў вясёлага іспраўніка.
— А гэта тое значыць, — адказаў мудрагельны чыноўнік, — што мы прыехалі ўводзіць ва ўладанне гэтым Кірылу Петровіча Траекурава і прасіць некаторых іншых выбірацца адгэтуль, пакуль не позна.
— Але вы маглі-б, здаецца, аднесціся да мяне раней чым да маіх сялян, — і абвясціць памешчыку адхіленне ад улады.
— А ты хто такі? — сказаў Шабашкін з задзірыстым позіркам, — былы памешчык Андрэй Гаўрылаў сын Дуброўскі з ласкі божай памёр, — мы вас не ведаем, ды і ведаць не хочам.
— Владзімір Андрэевіч, наш малады пан, — сказаў голас з натоўпу.
— Хто там асмеліўся горла разявіць? — сказаў грозна іспраўнік, — які пан? Які Владзімір Андрэевіч? Пан ваш Кірыла Петровіч Траекураў — чуеце вы, дурні?
— Дзіва, што, — сказаў той-жа голас.
— Гэта-ж бунт! — закрычаў іспраўнік. — Гэй, стараста, сюды!
Стараста выступіў наперад.
— Знайдзіце зараз-жа, хто асмеліўся са мной гаварыць, я яго!
Стараста звярнуўся да натоўпу, пытаючы хто гаварыў? Але ўсе маўчалі. Неўзабаве ззаду ўзняўся гоман, стаў пабольшвацца і ў адну хвіліну ператварыўся ў жудасны гвалт. Іспраўнік знізіў голас і хацеў ужо іх угаварваць.
— Што тут на яго глядзець, — закрычалі дваровыя, — хлопцы! Вон іх! — І натоўп рушыў.
Шабашкін і іншыя члены шпарка кінуліся ў сенцы і замнулі за сабой дзверы.
— Хлопцы, наперад, — закрычаў той-жа голас, і натоўп пачаў націскаць.
— Чакайце, — гукнуў Дуброўскі. — Дурні! што гэта вы? Вы губіце і сябе, і мяне. Ідзіце па хатах і дайце мне спакой. Не бойцеся, цар мае літасць, я яго буду прасіць, ён нас у крыўду не папусціць — мы ўсе яго дзеці, як ён за вас можа заступіцца, калі вы пачнеце бунтаваць і разбойнічаць.
Прамова маладога Дуброўскага, яго гучны голас і вялікасны выгляд зрабілі сваю справу. Народ сціх, разышоўся, двор стаў пусты, члены сядзелі ў доме. Нарэшце Шабашкін ціхом адамкнуў дзверы, вышаў на ганак і з ліслівым паклонам пачаў дзякаваць Дуброўскага за яго ласкавае заступніцтва.
Владзімір слухаў яго з агідай і нічога не адказаў.
— Мы вырашылі, — гаварыў далей засядацель, — з вашага дазволу астацца тут начаваць; а то ўжо цёмна і вашы мужыкі могуць напасці на нас па дарозе. Зрабіце такую ласку: загадайце паслаць нам хоць сена ў гасцінай: ледзь на золак, мы паедзем сабе.
— Рабіце што хочаце, — адказаў ім суха Дуброўскі, — я тут ужо не гаспадар.
З гэтым словам ён пайшоў у пакой бацькі свайго і замкуў за сабой дзверы.
«Значыцца, усё скончана, — сказаў ён сам сабt; — яшчэ зранку меў я куток і кавалак хлеба. Заўтра павінен я пакінуць дом, дзе я нарадзіўся, дзе памёр мой бацька, віноўніку яго смерці і майго жабрацтва». І вочы яго нерухома спыніліся на партрэце яго маці. Жывапісец намаляваў яе нахіленую над балясамі, у белым ранішнім адзенні з адной ружай у валасах. «І партрэт гэты астанецца ворагу мае сям'і, — падумаў Владзімір, - яго закінуць у клець, разам з паламанымі крэсламі, або павесяць у пярэдняй дзеля кпін і заўваг яго сабакароў, а ў яе спальні, у пакоі.. дзе памёр бацька, будзе жыць яго аконам, або будзе гарэм. Не, не! Няхай-жа і яму не астанецца сумны дом, з якога ён выганяе мяне!» Владзімір сціснуў зубы — страшцыя думкі народжваліся ў галаве яго. Галасы пад'ячых даходзілі да яго; яны гаспадарылі, патрабавалі то таго, то іншага і непрыемна трывожылі яго сярод сумных думак. Нарэшце ўсё сціхла.
Владзімір адамкнуў камоды і куфры, узяўся за разбор папераў нябожчыка. Гэта найбольш былі гаспадарчыя рахункі і перапіска наконт усялякіх спраў. Владзімір парваў іх, не чытаючы. Сярод іх трапіўся яму пакет з надпісам: «Лісты мае жонкі». З узнятым пачуццем Владзімір узяўся за іх: яны пісаны былі ў часе турэцкага паходу і былі адрасаваны ў армію з Кісцянёўкі. Яна апісвала яму сваё самотнае жыццё, гаспадарчыя клопаты, з пяшчотай наракала на разлуку і клікала яго дадому, у абдымкі ласкавай падругі. У адным з іх яна выказвала яму свой непакой наконт здароўя маленькага Владзіміра; у другім яна радавалася яго раннім здольнасцям і прадбачыла бліскучую і шчаслівую яго будучыню. Владзімір зачытаўся і забыўся на ўсё на свеце, паглыбіўшыся душой у абсягі сямейнага шчасця, і не заўважыў, як прайшоў час; насценны гадзіннік выбіў адзінаццаць. Владзімір паклаў лісты у кішэню, узяў свечку і вышаў з кабінета. У зале прыказныя спалі на падлозе. На стале стаялі шклянкі, імі спарожненыя, і моцны дух рому чуўся па ўсім пакоі. Владзімір з агідай прайшоў паўз іх у пярэднюю. Дзверы былі замкнёны. Не знайшоўшы ключа, Владзімір вярнуўся ў зал — ключ ляжаў на стале. Валадзімір адчыніў дзверы і наткнуўся на чалавека, які прыціснуўся ў куток — сякера блішчэла ў яго. І павярнуўшыся да яго са свечкай, Владзімір пазнаў Архіпа-каваля.
— Чаго ты тут? - запытаў ён.
— Ах, Владзімір Андрэевіч, гэта вы, — адказаў Архіп пошаптам, — няхай нас бог ратуе. Добра, што вы ішлі з свечкай!
Владзімір глядзеў на яго са здзіўленнем.
— Чаго ты пут прытаіўся? — запытаў ён каваля.
— Я хацеў.. я прышоў... даведацца, wі ўсе дома, — ціха адказаў Архіп, заікаючыся.
— А нашто ў цябе сякера?
— Сякера нашто? А як-жа без сякеры цяпер і хадзіць? Гэтыя прыказныя такія, бач, свавольцы, таго і глядзі...
— Ты п'яны, кінь сякеру, ідзі выспіся.
— Я п'яны? Бацюхна, Владзімір Андрэевіч, бог сведка, ніводнай кроплі ў роце не было.. ды і ці гэта ў галаве! Гэта-ж трэба! — пад'ячыя ўздумалі намі ўладаць, пад'ячыя выганяюць нашых паноў з панскага двара. Чуў, як храпуць, нягоднікі, — каб усіх разам — дык і канцы-б у ваду.
Дуброўскі спахмурнеў.
— Паслухай, Архіп, — сказаў ён, крыху памаўчаўшы, — не добра ты думаеш. Не прыказныя вінаваты. Запалі ліхтар і ідзі за мной.
Архіп узяў свечку з рук папа, знайшоў у запечку ліхтар, запаліў яго, і абодва ціха сышлі з ганку і пайшлі па двару; стораж пачаў біць у чыгунную дошку; сабакі забрахалі.
— Хто вартуе? — запытаў Дуброўскі.
— Мы, паночку, - адказаў тонкі голас, - Васіліса і Лукер'я.
— Ідзіце па хатах, — сказаў ім Дуброўскі, — вас не трэба.
— Шабаш, - абазваўся Архіп.
— Дзякуй, родненькі, — адказалі бабы і адразу рушылі дадому.
Дуброўскі пайшоў далей. Два чалавекі наблізіліся да яго, яны на яго гукнулі. Дуброўскі пазнаў галасы Антона і Грышы.
— Чаму вы не спіце? — запытаў ён іх.
— Ці да сну нам, - адказаў Антон, - да чаго мы дажыліся, хто-б гэта мог падумаць...
— Цішэй! — перабіў Дуброўскі, — дзе Егораўна?
— У панскім доме, у сваім пакойчыку, — адказаў Грыша.
— Ідзі, прывядзі яе сюды, і выведзі з дому ўсіх нашых людзей, каб ніводнай душы ў ім не аставалася, апроч прыказных, а ты, Антон, запражы каня.
Грыша пайшоў і праз хвіліну з'явіўся з сваёй маці. Старая не раздзявалася ў гэтую ноч; апроч прыказных ніхто ў доме не заплюшчыў вачэй.
— Ці ўсе тут? — запытаў Дуброўскі, — ці не асталося каго ў доме?
— Нікога, апроч пад'ячых, — адказаў Грыша.
— Давайце сюды сена і саломы, — сказаў Дуброўскі. Людзі пабеглі ў стайню і вярнуліся, несучы бярэмы сена.
— Падкладзіце пад ганак. Вось так. Ну, хлопцы, агню!
Архіп адчыніў ліхтар. Дуброўскі запаліў лучыну.
— Чакай, — сказаў ён Архіпу, — здаецца, спяшаючыся, я замкнуў дзверы ў пярэднюю, ідзі хутчэй адчыні іх.
Архіп пабег у сенцы — дзверы былі адамкнёны. Архіп замкнуў іх на ключ, сказаў сам сабе: так ды не так, адамкні! І вярнуўся да Дуброўскага.
Дуброўскі паклаў лучыну, сена ўспыхнула, полымя шыбанула і асвятліла ўвесь двор.
— Авохці, — загаласіла Егораўна. — Владзімір Андрэевіч, што ты робіш?
— Маўчы, - сказаў Дуброўскі. — Ну, дзеці, бывайце, іду куды бог павядзе; будзьце шчаслівы з новым вашым панам.
— Бацька наш родненькі, — адказалі людзі, — памром — не пакінем цябе, пойдзем з табой.
Коні былі гатовы. Дуброўскі сеў з Грышам у воз і пазначыў месцам спаткання Кісцянёўскі гай. Антон сцебануў па конях, і яны выехалі з двара.
Узняўся вецер. У адну хвіліну полымя абняло ўвесь дом. Чырвоны дым віўся над дахам. Шкло трашчала, сыпалася, палымнеючыя бярвенні пачалі падаць, пачуўся енк і крыкі: «гарым, памажыце! памажыце!»
— Так ды не так! - сказаў Архіп, са злобнай усмешкай паглядаючы на пажар.
— Архіпка, — гаварыла яму Егораўна, — выратуй гэтых нягоднікаў, бог табе верне.
— Так ды не так, — адказаў каваль.
У гэтую хвіліну прыказныя кінуліся да вокан, стараючыся выламаць падвойныя рамы. Але тут дах з трэскам абваліўся, і енкі заціхлі.
Неўзабаве ўсе дваровыя высыпалі на двор. Бабы з крыкам спяшаліся выратаваць свой набытак, дзеці скакалі, цешачыся з агню. Іскры паляцелі вогненнай завірухай, хаты загарэліся.
— Цяпер усё добра, - сказаў Архіп, - бач, як гарыць? Напэўна з Пакроўскага добра глядзець.
У гэтую хвіліну новая з'ява прыцягнула да сябе ўвагу; кошка бегала па страсе ахопленага агнём хлява, не ведаючы, куды саскочыць — з усіх бакоў абкружвала яе полымя. Небарака жывёліна няшчасным мяўканнем клікала на дапамогу, хлапчукі качаліся з рогату, гледзячы на яе роспач.
— Чаго смяецеся, чарцяняты? — сказаў ім злосна каваль, — бога вы не баіцеся: божае стварэнне гіне, а вы дурні, радуецеся, — і, прыставіўшы лесніцу, палез па кошку. Яна зразумела яго намеры і з выглядам раптоўнай удзячвасці ўчапілася за яго рукаў. Абсмалены каваль з сваёй здабычай палез уніз.
— Ну, людзі, бывайце, — сказаў ён збянтэжаным дваровым, — мне тут няма чаго рабіць. Шчасліва, не думайце злога.
Каваль пайшоў, пажар шыбаў яшчэ некаторы час. Нарэшце суняўся, і кучы вуголля без агню зырка гарэлі ў цемені ночы; каля іх блукалі пагарэлыя насельнікі Кісцянёўкі.
На другі дзень вестка аб пажары пайшла па ўсёй навакольнасці. Усе гаварылі аб ім з рознымі здагадкамі і меркаваннямі. Некаторыя сцвярджалі, што людзі Дуброўскага, напіўшыся п'яныя на пахаванні, запалілі дом з-за неасцярогі; некоторыя вінавацілі прыказных, якія падгулялі на новаселлі; а шмат хто стараўся ўсіх упэўніць, што Дуброўскі сам згарэў з земскім судом і з усімі дваровымі. Былі-ж і такія, што здагадваліся аб праўдзе і сцвярджалі, што віноўнікам гэтага жудаснага няшчасця быў сам Дуброўскі, якім кіравала злосць і роспач. Траекураў прыехаў на другіж дзень на месца пажару і сам рабіў следства. Выявілася, што іспраўнік, засядацель земскага суда, страпчы і пісар, таксама як Валадзімір Дуброўскі, няня Егораўна, дваровы чалавек Грыгорый, фурман Антон і каваль Архіп зніклі невядома куды. Усе дваровыя паказалі, што прыказныя згарэлі ў той час, калі абваліўся дах, абгарэлыя іх косці былі знойдзены. Бабы Васіліса і Лукер'я сказалі, што Дуброўскага і Архіпа-каваля бачылі яны за некалькі хвілін да пажару. Каваль Архіп, як гаварылі ўсе, быў жывы і напэўна галоўны, калі не адзін віноўнік пажару. На Дуброўскага клалася моцная падазронасць. Кірыла Петровіч паслаў губернатару падрабязнае апісанне ўсяго здарэння, і новая справа пачалася.
Неўзабаве іншыя весткі далі іншую прычыну для цікаўнасці і гутарак. У ** з'явіліся разбойнікі і павялі жах на ўсю навакольнасць. Захады, якія ўжыла супроць іх улада, нічога не дапамаглі. Грабежніцтвы, адно за другое большае, адбываліся адно за другім. Было небяспечна па дарогах і па вёсках. Некалькі троек, поўных разбойнікаў, раз'язджалі днём па ўсёй губерні — спынялі падарожных і пошту, прыязджалі ў сёлы, грабілі памешчыцкія дамы і палілі іх. Начальнік шайкі славіўся розумам, адвагай і нейкім велікадушшам. Расказвалі пра яго цуды; імя Дуброўскага было ва ўсіх на языку, усе былі ўпэўнены, што ён, а не хто іншы, быў начальнік адважных злачынцаў. Дзівіліся з аднаго: маёнткаў Траекурава разбойнікі не кранулі, яны не аграбілі ў яго ніводнага хлява, не запынілі ніводнага воза. З звычайнай сваёй ганарыстасцю Траекураў знаходзіў прычыну гэтаму выключэнню ў тым страху, з якім на яго глядзелі ва ўсёй губерні, а таксама вельмі добрай паліцыі, якую ён завёў у сваіх вёсках. Спачатку суседзі смяяліся між сябе з гордасці Траекурава і кожны дзень чакалі, каб няпрошаныя госці завіталі ў Пакроўскае, дзе было ім чым пажывіцца, але нарэшце вымушаны былі з ім згадзіцца і прызнацца, што і разбойнікі ставіліся да яго з незразумелай павагай... Траекураў ганарыўся і пры кожнай вестцы аб новым грабежніцтве Дуброўскага, сыпаў насмешкамі наконт губернатара, іспраўнікаў і ротных камандзіраў, ад якіх Дуброўскі знікаў заўсёды без следу.
Тым часам надышло 1-е кастрычніка — прастольнае свята ў сяле Траекурава. Але раней чым пачнем апісваць гэтую ўрачыстасць і далейшыя падзеі, мы павінны пазнаёміць чытача з асобамі, для яго новымі, або пра якіх мы злёгку толькі сказалі ў пачатку нашай аповесці.
Чытач, напэўна, ужо здагадаўся, што дачка Кірыла Петровіча, пра якую сказалі мы толькі некалькі слоў, ёсць гераіня нашай аповесці. У эпоху, якую мы апісваем, ёй было семнаццаць год, і прыгажосць яе была ў поўным росквіце. Бацька любіў яе да шаленства, але абыходзіўся з ёю з уласцівым яму норавам, то стараючыся дагаджаць кожнаму яе капрызу, то палохаючы яс суровым, а часам і жорсткім абыходжаннем. Упэўнены ў яе адданасці, пікол! не мог ён дамагчыся яе давер'я. Яна прывыкла хаваць ад яго свае пачуцці і думкі, бо піколі не магла ведаць напэўна, як яны будуць спатканы. Яна не мела сябровак і вырасла ў адзіноце. Жонкі і дочкі суседзей мала калі ездзілі да Кірыла Петровіча, звычайныя гаворкі і забавы якога патрабавалі мужчынскага таварыства, а не дамскага. Мала калі наша красуня з'яўлялася сярод гасцей на піру ў Кірылы Петровіча. Велічэзная бібліятэка, складзеная найбольш з твораў французскіх пісьменпікаў ХУШ стагоддзя, была аддадзена ў яе рукі. Бацька яе, які ніколі не чытаў нічога, апроч Дасканалай Паварыхі[6] не мог кіраваць ёю ў выбары кніг, і Маша, натуральным чынам, перабраўшы творы ўсялякіх гатункаў, спынілася на раманах. Такім чынам закончыла яна сваё выхаванне, пачатае калісьці пад наглядам мамзель Мімі, да якой Кірыла Петровіч выяўляў вялікую шчырасць і прыхільнасць і якую вымушан ён быў нарэшце выслаць ціхом у другі маёнтак, калі вынікі гэтага сяброўства сталі вельмі выразнымі. Мамзель Мімі пакінула пасля сябе ўспаміны даволі прыемныя. Яна была добрая дзяўчына і ніколі на злое не скарыстоўвала ўплыву, які відаць мела на Кірыла Петровіча — чым і адрознівалася яна ад іншых сябровак Кірылы Петровіча, якіх ён бесперапынна зменьваў. Сам Кірыла Петровіч, здавалася любіў яе больш, як іншых, а чорнавокі хлапчук, свавольнік год дзевяці, падобны з твару на паўднёвы твар m-lle Мімі, выхоўваўся пры ім і прызнан быў за яго сына, не гледзячы на тое, што мноства босых дзяцей, як дзве кроплі вады падобных да Кірылы Петровіча, бегалі перад яго вокнамі і лічыліся дваровымі. Кірыла Петровіч выпісаў з Масквы свайму маленькаму Сашу французскага настаўніка, які і прыехаў у Пакроўскае ў часе падзей, якія мы цяпер апісваем.
Гэты настаўнік спадабаўся Кірылу Петровічу сваім прыемным выглядам і простымі манерамі. Ён паказаў Кірылу Петровічу свае атэстаты і пісьмо ад аднаго з сваякоў Траекурава, у якога чатыры гады жыў ён за гувернёра. Кірыла Петровіч усё гэта перагледзеў і быў нездаволен адной маладосцю свайго француза, не таму, што лічыў гэтую прыемную загану несумяшчальнай з цярплівасцю і спрактыкаванасцю, так патрэбнымі ў няшчаснай годнасці настаўніка, але ў яго былі свае думкі, якія адразу яму і растлумачыў. Для гэтага загадаў ён паклікаць да сябе Машу (Кірыла Петровіч па-французску не гаварыў і яна была яму за перакладчыка).
— Хадзі сюды, Маша: скажы ты гэтаму мусе, што няхай так — прымаю яго; толькі з тым, каб ён у мяне за маімі дзяўчатамі не адважыўся цягацца, бо я яго, сабачага сына... перакладзі яму гэта, Маша.
Маша пачырванела і, звярнуўшыся да настаўніка, сказала яму па-французску, што бацька яе спадзяецца на яго далікатнасць і прыстойныя паводзіны.
Француз ёй скланіўся і адказаў, што ён спадзяецца заслужыць павагу, нават калі адмовяць яму ў прыхільнасці.
Маша слова ў слова пераклала яго адказ.
— Добра, добра, — сказаў Кірыла Петровіч, - не трэба для яго ні прыхільнасці, ні павагі. Яго справа наглядаць за Сашам і навучаць граматыцы і геаграфіі, перакладзі гэта яму.
Мар'я Кірылаўна змякчыла ў сваім перакладзе грубыя бацькавы выразы, і Кірыла Петровіч адпусціў свайго француза ў флігель, дзе вызначан быў яму пакой.
Маша не аддала ніякай увагі маладому французу, выхаваная ў арыстакратычных забабонах. Настаўнік быў для яе накшталт слугі або рабочага, а слуга ці рабочы не здаваўся ёй мужчынам. Яна не заўважыла і ўражання, зробленага ёю на m-r Дэфоржа, ні яго збянтэжанасці, ні яго ўтрапення, ні змененага голасу. Некалькі дзён падрад пасля яна сустракала яго даволі часта, не даючы яму большай уважлівасці. Нечаканым чынам атрымала яна аб ім зусім новае разумение.
На двары ў Кірылы Петровіча выхоўвалася звычайна некалькі мядзведзянят, яны былі адной з галоўных забавак пакроўскага пана. У першай сваёй маладосці мядзведзяняты штодзённа прыводзіліся ў гасціную, дзе Кірыла Петровіч цэлымі гадзінамі важдаўся з імі, нацкоўваючы іх на катоў і сабак. Вырасшы, яны сядзелі на ланцугу, чакаючы сапраўднага цкавання. Часамі іх выводзілі пад вокны панскага дома і падкочвалі ім парожнюю бочку з-пад віна, з паўтыканымі цвікамі; мядзведзь абнюхваў яе, пасля ціхом да яе дакранаўся, калоў сабе лапы, раззлаваўшыся, штурхаў яе мацней, і мацнейшы рабіўся боль. Ён даходзіў да сапраўднага шаленства, зароўшы, кідаўся на бочку, пакуль не адбіралі ў небаракі-звера прычыны дарэмнай яго злосці. Здаралася, што ў воз упрагалі пару мядзведзяў, сілком саджалі ў яго гасцей і пускалі іх ляцець на волю божую. А за лепшы жарт лічылася ў Кірылы Петровіча вось што.
Галоднага мядзведзя замкнуць, бывала, у пустым пакоі, прывязаўшы яго вяроўкай за колца, ушрубаванае ў сцяну. Вяроўка была даўжынёй амаль на ўвесь пакой, так што ў адным толькі супроцьлеглым кутку можна было быць смелым ад нападу страшэннага звера. Падводзілі звычайна навічка да дзвярэй гэтага пакоя, знянацку ўпіхалі яго да мядзведзя, дзверы замыкаліся і няшчаспую ахвяру пакідалі адну з калматым пустэльнікам. Небарака-госць, з адарваным крысом, і да крыві падрапаны, хутка знаходзіў той куток, але вымушан быў часамі цэлых тры гадзіны стаяць, прыціснуўшыся да сцяны, і глядзець, як раз'юшапы звер, за два крокі ад яго роў, скакаў, станавіўся па дыбкі, рваўся і стараўся да яго дацягнуцца. Вось якія былі далікатныя забавы рускага пана! Праз некалькі дзён пасля прыезду настаўніка, Траекураў успомніў аб ім і надумаўся пачаставаць яго ў мядзвежым пакоі: для гэтага, паклікаўшы яго аднойчы раніцой, павёў ён яго з сабой цёмнымі карыдорамі; раптам бакавыя дзверы адчыніліся, двое слуг упіхаюць у іх француза і замыкаюць ключом. Апамятаваўшыся, настаўнік убачыў прывязанага мядзведзя, звер пачаў чмыхаць, здалёк абнюхваючы свайго гасця і раптам, падняўшыся на задніх лапах, рушыў на яго... Француз не спалохаўся, не пабег, а чакаў нападу. Мядзведзь наблізіўся, Дэфорж выняў з кішэні маленькі пісталет, уклаў яго ў вуха галоднаму зверу і стрэліў. Мядзведзь упаў. Усе збегліся. Дзверы адчынілі - Кірыла Петровіч увайшоў, здзіўлены развязкай свайго жарту.
Кірыла Петровіч хацеў няйначай тлумачэння ўсёй справе — хто папярэдзіў Дэфоржа аб жарце, для яго падрыхтаваным, або нашто ў яго ў кішэні быў пісталет. Ён паслаў па Машу, Маша прыбегла і пераклала французу бацькавы запытанні.
— Я не чуў пра мядзведзя, — адказаў Дэфорж, — але я заўсёды нашу пры сабе пісталеты, бо не маю намераў цярпець крыўду, за якую, паводле майго звання, не магу патрабаваць задавальнення.
Маша глядзела на яго са здзіўленнем і пераклала словы яго Кірылу Петровічу. Кірыла Петровіч нічога не адказаў, загадаў выцягнуць мядзведзя і злупіць з яго скуру; пасля, звярнуўшыся да сваіх людзей, сказаў: — «Бачыце, які маладзец! не спалохаўся, дальбог, не спалохаўся». З той хвіліны ён Дэфоржа палюбіў і не думаў ужо з яго паджартоўваць.
Але выпадак гэты зрабіў яшчэ большае ўражанне на Мар'ю Кірылаўну. Думкі яе ўзварушыліся: яна бачыла забітага мядзведзя і Дэфоржа, які спакойна стаяў над ім і спакойна з ёю гаварыў. Яна ўбачыла, што адвага і гордасць не належаць выключна аднаму саслоўю і з таго часу пачала выказваць маладому настаўніку павагу, якая, чым далей, то рабілася большай. Паміж імі пачаліся некаторыя зносіны. Маша мела цудоўны голас і вялікія музычныя здольнасці. Дэфорж пачаў вучыць яе. Пасля гэтага чытачу ўжо не цяжка здагадацца, што Маша закахалася ў яго, сама яшчэ ў гэтым сабе не прызнаючыся.
Напярэдадні свята госці пачалі з'язджацца. Некаторыя спыняліся ў панскім доме і ў флігелях, другія ў войта, трэція ў свяшчэцніка, чацвёртыя ў заможных сялян — стайні поўныя былі дарожных коней, двары і хлявы заграмоджаны ўсялякімі экіпажамі. У дзевяць гадзін раніцы зазванілі на абедню і ўсе пацягнуліся да новай мураванай царквы, якую пабудаваў Кірыла Петровіч і штогодна ўпрыгожваў сваімі ахвярамі. Сабралася такое мноства важных багамольцаў, што простыя сяляне не маглі змясціцца ў царкве і стаялі ў прытворы і на цвінтары. Абедня не пачыналася — чакалі Кірылу Петровіча. Ён прыехаў у фаэтоне на шасцерыку і ўрачыста пайшоў на сваё месца, разам з Мар'яй Кірылаўнай. Позіркі мужчый і жанчын накіраваліся на яе — першыя захапляліся яе прыгожасцю, другія ўважліва аглядалі яе ўборы. Пачалася абедня, дамашнія пеўчыя спявалі на клірасе, Кірыла Петровіч сам падцягваў, маліўся, не аглядаючыся ні направа ні налева, і з гордай пакорлівасцю паклапіўся ў зямлю, калі дыякан грымучым голасам успамянуў і «о зиждителе храма сего».
Абедня скончылася. Кірыла Петровіч першы падышоў да крыжа. Усе за ім рушылі, пасля суседзі падышлі да яго з прывітаннем. Дамы абкружылі Машу. Кірыла Петровіч, выходзячы з царквы, запрасіў усіх да сябе на абед — сеў у фаэтон і паехаў дадому. Усе накіраваліся следам. Пакоі напоўніліся гасцямі. Кожную хвіліну ўваходзілі новыя асобы і ледзь маглі праціснуцца да гаспадара. Пані селі паважным поўкругам, адзетыя па запозненай модзе, у паношаных і дарагіх уборах, усе ў жэмчугах і брыльянтах; мужчыны тоўпіліся каля гарэлкі і ікры, з шумным рознагалоссем гаворачы паміж сабой. У залі рыхтавалі стол на восемдзесят асоб. Слугі мітусіліся, расстаўляючы бутэлькі і графіны і падсцілалі абрусы. Нарэшце дварэцкі падаў голас: стол гатовы — і Кірыла Петровіч першы пайшоў садзіцца за стол, за ім рушылі дамы і паважна занялі свае месцы, трымаючыся некаторага старшынства; паненкі сціснуліся гуртам, як баязлівы статак козачак і выбіралі сабе месца адна каля другой. Супроць іх паселі мужчыны. На канцы стала сеў настаўнік каля маленькага Сашы.
Слугі пачалі разносіць талеркі па чынах, у выпадку иепаразумення кіруючыся Лафатэрскімі здагадкамі, і амаль заўсёды беспамылкова. Звон талерак і лыжак зліўся з тлумнай гаворкай гасцей, Кірыла Петровіч весела акідаў вачыма сваё застолле і быў шчаслівы сваім хлебасольствам... У гэты час уз'ехаў на двор фаэтон, запрэжаны на шэсць коней.
— Хто гэта? - запытаў гаспадар.
— Антон Пафнуцьіч, — адказала некалькі галасоў. Дзверы адчыніліся і Антон Пафнуцьіч Спіцын, тоўсты мужчына год пяцідзесяці, з круглым і рабым тварам, упрыгожаным трайным падбародкам, усунуўся ў сталовую, вітаючыся, усміхаючыся і ўжо збіраючыся прасіць выбачэння.
— Прыбор сюды, — закрычаў Кірыла Петровіч, — калі ласка, Антон Пафнуцьіч, садзіся і скажы нам, што гэта значыць: не быў на маёй абедні і на абед спазніўся. Гэта не ў тваёй ватуры, ты і багамольны, і з'есці любіш.
— Вінават, — адказаў Антон Пафнуцьіч, зацягваючы сарвэтку ў пятліцу гарохавага кафтана, — вінават, бацюхна Кірыла Петровіч, я быў рана выбраўся ў дарогу, але не паспеў ад'ехаць і дзесяці вёрст, раптам шына на пярэднім коле папалам — што тут паробіш? На шчасце, недалёка было да вёскі; пакуль да яе давалакліся і знайшлі каваля, ды ўсё наладзілі сяк-так — прайшло якраз тры гадзіны, нічога не зробіш. Ехаць бліжэйшай дарогай праз Кісцянёўскі лес я не адважыўся, а даў круга...
— Эге! — перабіў Кірыла Петровіч,— ты, значыцца, адвагі не маеш, чаго ты баішся?
— Як чаго баюся, бацюхна Кірыла Петровіч? А Дуброўскага? — неспадзеўкі трапіш яму ў лапы; ён хлопец удалы, нікому не перапусціць, а з мяне, напэўна, і дзве скуры здзярэ.
— За што-ж, браце, такая ўвага да цябе?
— Як за што, бацюхна Кірыла Петровіч? А за суд нябожчыка Андрэя Гаўрылавіча. Ці-ж не я гэта на пацеху вашу, гэта значыцца сумленна і справядліва, паказаў, што Дуброўскія ўладаюць Кісцянёўкай, не маючы на тое ніякага права, толькі з ласкі вашай. Нябожчык (вечны яму спакой) абяцаў са мной па-свойску пераведацца, а сынок, напэўна, стрымае бацькава слова. Дагэтуль бог крыў. Усяго разграбілі ў мяне адзін свіран, а то могуць і да ўсёй сялібы дабрацца.
— А ў сялібе будзе ім дзе пагуляць, — заўважыў Кірыла Петровіч, - мусіць, чырвоная шкатулачка поўненькая...
— Адкуль, Кірыла Петровіч! Была поўная, а цяпер зусім апусцела!
— Кінь хлусіць, Антон Пафнуцьіч. Ведаем мы вас, куды ты можаш там грошы дзець! Дома сядзіш, як свіння, нікога не прымаеш, сваіх мужыкоў крыўдзіш, грошы збіраеш, і ўсё па ўсім.
— Вы ўсё маеце ласку жартаваць, бацюхна Кірыла Петровіч, — прамармытаў з усмешкай Антон Пафнуцьіч, а мы, дальбог, збяднелі, — і Антон Пафнуцьіч пачаў заядаць панскі жарт гаспадара сытым кавалкам кулебякі.
Кірыла Петровіч кінуў яго і звярнуўся да новага іспраўніка, які першы раз да яго ў госці прыехаў, і сядзеў на другім канцы стала, поплеч настаўніка.
— А што, зловіце хоць вы Дуброўскага, пане іспраўнік?
Ісраўнік спалохаўся, пакланіўся, усміхнуўся, заікнуўся і выгаварыў нарэшце:
— Пастараемся, ваша прэвасхадзіцельства.
— Гм, пастараемся. Даўно, даўно стараюцца, а карысці ніякай. Але праўда, нашто і лавіць яго. Дуброўскага разбоі шчасце для іспраўнікаў, — раз'езды, следствы, фурманкі, а грошы ў кішэню - нашто такога дабрадзея знішчаць? Ці не праўда-ж, пане іспраўнік?
— Шчырая праўда, ваша прэвасхадзіцельства, - адказаў зусім збянтэжаны іспраўнік.
Госці зарагаталі.
— Люблю малайца за шчырасць, - сказаў Кірыла Петровіч. - А шкада нябожчыка нашага іспраўніка Тараса Алексеевіча — каб не спалілі яго, то каля нас стала-б цішэй. А што чуваць пра Дуброўскага? Дзе яго бачылі апошні раз?
— У мяне Кірыла Петровіч, — прапішчаў тоўсты дамскі голас, - у аўторак абедаў у мяне...
Позіркі ўсіх накіраваліся на Анну Савішну Глобаву, даволі простую ўдаву, якую ўсе любілі за добрую і вясёлую натуру. Усе з цікаўнасцю нарыхтаваліся слухаць яе расказ.
— Трэба ведаць, што таму тры тыдні паслала я прыказчыка на пошту з грашыма для майго Ванюшы. Сына я не пешчу, ды і не маю на гэта дастатку, каб і хацела: аднак самі ведаеце: афіцэру гвардыі трэба ўтрымліваць сябе прыстойным чынам і я з Ванюшай дзялюся як магу сваімі, якія маю, прыбыткамі. Вось і паслала яму 2000 рублёў, хоць Дуброўскі не раз прыходзіў мне ў галаву, але думаю: горад блізка, усяго сем вёрст, бог можа ўратус. Гляджу: увечары мой прыказчык варочаецца бледны, абарваны і пешы — я аж ахнула — «Што такое? што з табой зрабілася?» Ён мне: «Родная Анна Савішна — разбойнікі аграбілі; самога ледзь не забілі — сам Дуброўскі быў тут, хацеў павесіць мяне, але злітаваўся і пусціў — затое ўсяго абабраў — адабраў і каня, калёсы». Я аслупянела; божа літасцівы, што будзе з маім Ванюшам? Нічога не зробіш, напісала сыну ліст, расказала ўсё і паслала яму сваё блаславенне без капейкі грошай.
Прайшоў тыдзень, другі — раптам уз'язджае на мой двор фаэтон. Нейкі генерал просіць са мной пабачыцца: калі ласка; уваходзіць да мяне чалавек год трыццаці пяці, смуглы чорнавалосы, у вусах, у барадзе, ну якраз партрэт Кульнёва[7], адрэкамендоўваецца мне як друг і таварыш па службе нябожчыка мужа Івана Андрэевіча; ён, значыцца, ехаў паблізу і не мог не заехаць да яго ўдавы, ведаючы, што я тут жыву. Я пачаставала, яго чым бог даў, разгаварылася аб тым, аб сім, нарэшце і аб Дуброўскім — я расказала яму сваё гора. Генерал мой спахмурнеў. «Гэта дзіўна, — сказаў ён, — я чуў, што Дуброўскі нападае не на кожнага, а на вядомых багатыроў, але і тут бярэ толькі частку, а не грабіць да апошняга. А ў забойствах ніхто яго не вінаваціць, ці няма тут круцельства, загадайце паклікаць вашага прыказчыка». — Пашлі па прыказчыка, ён з'явіўся; толькі ўбачыў генерала, ён так і аслупянеў. «Раскажы ты мне, браце, якім чынам Дуброўскі цябе аграбіў, і як ён хацеў цябе павссіць». Прыказчык мой задрыжаў і кінуўся генералу ў ногі.
— Паночку, вінават, д'ябал падвёў - схлусіў. - «Калі так, — адказаў генерал, - то расказвай пані, як уся справа адбылася, а я паслухаю». Прыказчык не мог апамятацца. «Ну, што-ж - падганяў генерал, — расказвай: дзе ты спаткаўся з Дуброўскім?» — Ля двух хвояў, паночку, ля двух хвояў. - «А што-ж сказаў ён табе?» - Ён запытаў у мяне, чый ты, куды едзеш і чаго? — «Ну, а пасля?». — А пасля запатрабаваў ён ліст і грошы. - «Ну?» — Я аддаў яму ліст і грошы — а ён? «Ну а ён?» — Паночку, вінават. — «Ну што-ж ён зрабіў?.. — Ён вярнуў мне грошы і ліст і сказаў: ідзі сабе з богам — аддай гэга на пошту. — «Ну, а ты?» — Паночку, вінават.— «Я з табой, галубок, распраўлюся, - сказаў грозна генерал, - а вы, пані, загадайце абгледзець куфар гэтага абармота і аддайце яго ў мае рукі, я яго навучу. Ведайце, што Дуброўскі сам быў гвардзейскім афіцэрам, ён не захоча пакрыўдзіць таварыша». Я здагадалася, хто быў яго прэвасхадзіцсльства, няма чаго мне было з ім гаварыць. Фурманы прывязалі прыказчыка да козлаў фаэтона — грошы знайшлі; генерал у мяне паабедаў, пасля адразу паехаў і павёз з сабой прыказчыка. Прыказчыка майго знайшлі на другі дзень у лесе, прывязанага да дуба і ўсяго абадранага як ліпку.
Усе слухалі моўчкі расказ Анны Савішны, асабліва панеипкі. Шмат хто з іх употайкі яму спачуваў, бачачы ў ім героя раманічнага, — асабліва Мар'я Кірылаўна, гарачая наконт мараў. Яча начыталася таемных жахаў Радкліф[8].
— І ты, Анна Савішна, мяркуеш, што ў цябе быў Дуброўскі? — запытаў Кірыла Пятровіч. — Вельмі-ж ты памылілася. Не ведаю, хто быў у цябе ў гасцях, але толькі не Дуброўскі.
— Як гэта не Дуброўскі? А хто-ж, як не ён выедзе на дарогу і пачне запыняць падарожных і аглядаць?
— Не ведаю, а ўжо гэта напэўна, што не Дуброўскі. Я памятаю яго малога, не ведаю ці пачарнелі ў яго валасы, а тады быў ён кучаравы бялявы хлопчык, але ведаю напэўна, што Дуброўскі на пяць год старэйшы за маю Машу і што, значыцца, яму не трыццаць пяць год, а каля дваццаці трох.
— Точна так, ваша прэвасхадзіцельства, — падаў голас іспраўнік, — у мяне ў кішэні і прыметы Владзіміра Дуброўскага. У іх выразна сказана, што яму ад роду дваццаць трэці год.
— А! — сказаў Кірыла Петровіч, — дарэчы прачытайце, а мы паслухаем, не пашкодзіць і нам ведаць яго прымсты, часамі па вочы трапіцца, то не выкруціцца.
Іспраўнік дастаў з кішэні даволі зашмальцаваны ліст паперы, разгарнуў яго з паважным выглядам і пачаў чытаць нараспеў:
«Прыметы Владзіміра Дуброўскага, складзеныя паводле апавяданняў былых яго дваровых людзей.
Ад роду 22 гады, росту сярэдняга, з твару чысты, бараду голіць, вочы мас карыя, валасы русыя, нос просты. Прыметы адмысловыя: такіх не знойдзена».
— І толькі? - сказаў Кірыла Петровіч.
— Толькі, — адказаў іспраўнік, згортваючы паперу.
— Вітаю, пане іспраўнік. От дык паперы! Па гэтых прыметах няцяжка будзе знайсці Дуброўскага. Хто-ж гэта не сярэдняга росту, у каго не русыя валасы, не просты нос, не карыя вочы! Іду ў заклад, тры гадзіны ўзапар будзеш гаварыць з самім Дуброўскім, а не здагадаешся, з кім бог цябе звёў. Няма чаго сказаць, разумныя галовы ў прыказных!
Іспраўнік пакорліва паклаў у кішэню сваю паперу і моўчкі ўзяўся за гуся з капустай; тымчасам слугі паспелі ўжо некалькі разоў абыйсці гасцей, наліваючы кожнаму чарку. Некалькі бутэлек горскага і цымлянскага гучна былі адкупораны і прыняты прыхільна пад імем шампанскага; твары пачыналі ружавець, гаворка рабілася званчэйшая, блытаная і вясёлая.
— Не, — гаварыў далей Кірыла Петровіч, - не будзе ў нас ужо такога іспраўніка, якім быў нябожчык Тарас Алексесвіч! Гэты не даваў маху, не раззяўляў рота. Шкада, што спалілі малайца, а то-б ад яго не ўцёк ніводзін чалавек з усёй шайкі. Ён-бы ўсіх да аднаго пералавіў-бы- ды і сам Дуброўскі не выкруціўся-б і не адкупіўся. Тарас Алексеевіч
445 грошы з яго ўзяць-бы то ўзяў, але і самога-б не выпусціў. Такі быў звычай у нябожчыка. Нічога не зробіш, відаць, мне трэба ўмяшацца ў гэтую справу і пайсці лавіць разбойнікаў з маімі дамашнімі. Спачатку пашлю чалавек дваццаць, дык яны і ачысцяць зладзейскі гай; народ не баязлівы, кожны адзін на мядзведзя ходзіць — разбойнікаў не збаяцца.
— Ці здароў ваш мядзведзь, Кірыла Петровіч? — сказаў Антон Пафнуцьіч, успомніўшы пры гэтых словах свайго калматага знаёмца і некаторыя жарты, пад якія і ён калісьці быў падпаў.
— Міша ўжо нябожчык, — адказаў Кірыла Петровіч, памёр слаўнай смерцю ад рукі непрыяцеля. Унь яго пераможца, — Кірыла Петровіч паказаў на Дэфоржа. — ён адпомсціўся за тваю... З дазволу сказаць... памятаеш?
—- Дзіва, што памятаю, — сказаў Антон Пафнуцьіч, пачухваючыся, — вельмі памятаю. То Міша памёр — шкада Мішы, дальбог шкада! Які быў свавольнік! Які разумнік! Гэтакага мядзведзя другога не знойдзеш. Але нашто мусье забіў яго?
Кірыла Петровіч з вялікай ахвотай стаў расказваць аб адважным учынку свайго француза, бо меў шчаслівую здольнасць хваліцца ўсім, што толькі было навокал яго. Госці з уважлівасцю слухалі аповесць аб Мішавай смерці і са здзіўленнем паглядалі на Дэфоржа, які, не падазраючы, што гаворка ішла аб яго адвазе, спакойна сядзеў на сваім месцы і рабіў выхаваўчыя заўвагі непаседліваму свайму выхаванцу.
Абед, які цягнуўся каля трох гадзін, скончыўся, гаспадар паклаў сарвэтку на стол — усе ўсталі і пайшлі ў гасціную, дзе чакала іх кава, карты і працяг папойкі, так слаўна пачатай у сталовай.
Каля сямі гадзін вечара некаторыя госці хацелі ехаць, але гаспадар, развесялёны пуншам, загадаў замкнуць браму, і заявіў, што да наступнае раніцы нікога з двара не выпусціць. Неўзабаве грымнула музыка, дзверы ў зал адчыніліся і пачаўся баль. Гаспадар і яго сябры сядзелі ў кутку, выпіваючы шклянку за шклянкай і цешачыся з вясёлай моладзі. Старэнькія жанчыцы гулялі ў карты. Кавалераў, як і ўсюды, дзе не кватаруе якая-небудзь уланская брыгада, было менш чым дам, усе мужчыны годныя для танцаў, былі завербаваны. Настаўнік паміж усіх вельмі кідаўся ў вочы, ён танцаваў больш за ўсіх, усе паненкі выбіралі яго і знаходзілі, што з ім вельмі лёгка вальсаваць. Некалькі разоў кружыўся ён з Мар'яй Кірылаўнай — і паненкі насмешліва за імі наглядалі. Нарэшце, каля поўначы, стомлены гаспадар спыніў танцы, загадаў даваць вячэру, а сам пайшоў спаць.
Адсутнасць Кірылы Петровіча дала ўсім больш волі і жвавасці - кавалеры асмеліліся заняць месцы каля дам, дзяўчаты смяяліся і перашэптваліся з сваімі суседзьмі; дамы моцна гаварылі цераз стол. Мужчыны пілі, спрачаліся і рагаталі — словам, вячэра была вельмі вясёлая і пакінула пасля сябе многа прыемных успамінаў.
Адзін толькі чалавек не ўдзельнічаў у агульнай радасці. Антон Пафнуцьіч сядзеў хмуры і маўклівы на сваім месцы, еў вяла і здаваўся вельмі неспакойны. Гаворкі аб разбойніках хвалявалі яго думкі. Мы хутка ўбачым, што ён меў грунтоўную прычыну іх баяцца.
Антон Пафнуцьіч, заклікаючы бога за сведку ў тым, што чырвоная шкатулка яго была пустая, не хлусіў і не грашыў чырвоная шкатулка сапраўды была пустая, грошы, якія раней ў ёй хаваліся, пераклаліся ў скураную торбу, якую насіў ён на грудзях пад кашуляй. Толькі гэтай асцярогаю заспакойваў ён сваю недаверлівасць да ўсіх і вечную баязнь. Вымушаны астацца начаваць у чужым доме, ён баяўся, каб не далі яму начлега дзе-небудзь у аддаленым пакоі, куды лёгка маглі залезці зладзеі, ён шукаў вачыма надзейнага таварыша і выбраў нарэшце Дэфоржа. Яго дужы выгляд, а найбольш смеласць, выяўленая ім пры спатканні з мядзведзем, пра якога небарака Антон Пафнуцьіч не мог успомніць без страху, памаглі яму ў гэтым выбары. Калі ўсталі з-за стала, Антон Пафнуцьіч стаў пакручвацца каля маладога француза, крэкчучы і адкашліваючыся і нарэшце звярнуўся да яго: — Гм, гм, ці не можна, мусье, пераначаваць мне ў вашай каморцы, бо як самі бачыце...
Que desire, monsieur[9], запытаў Дэфорж, далікатна яму пакланіўшыся.
— От бяда, ты, мусье, па-руску яшчэ не навучыўся. Жэ, вэ, муа, шэ ву кушэ[10] ці разумееш?
— Monsieur, très volontiers, - адказаў Дэфорж, — veuillez donner des ordres en conséquence.[11]
Антон Пафнуцьіч, вельмі задаволены сваімі ведамі ў французскай мове, пайшоў адразу распараджацца.
Госці пачалі развітвацца між сабою, і кожны накіраваўся ў пакой, яму вызначаны. А Антон Пафнуцьіч пайшоў з настаў. нікам у флігель. Ноч была цёмная. Дэфорж асвятляў дарогу ліхтаром. Антон Пафнуцьіч ішоў за ім даволі рухава, прыціскаючы час-ад-часу да грудзей патаемную торбачку, каб упэўніцца, што грошы яго яшчэ пры ім.
Прышоўшы ў флігель, настаўнік запаліў свечку, і абодва пачалі раздзявацца; тымчасам Антон Пафнуцьіч пахаджаў па пакоі, аглядаючы замкі і вокны - і ківаючы галавой пры гэтым сумным аглядзе. Дзверы засоўваліся на адну засоўку, яшчэ не былі ўстаўлены падвойныя вокны. Ён паспрабаваў быў скардзіцца на гэта Дэфоржу, але веды яго ў французскай мове былі вельмі абмежаваныя для такой складанай гаворкі — француз яго не зразумеў, і Антон Пафнуцьіч вымушан быў спыніць свае скаргі. Пасцелі іх стаялі адна насупроць другой, абодва леглі, і настаўнік патушыў свечку.
— Пуркуа ву тушэ, пуркуа ву тушэ[12]? - закрычаў Антон Пафнуцьіч, спрагаючы з грахом напалам рускі дзеяслоў «тушу» на французскі лад. - Я не магу дормір[13] упоцемку.
Дэфорж не зразумеў яго выгуку і пажадаў яму добрай ночы.
— Пракляты басурман, — прамармытаў Спіцын, захутваючыся ў коўдру, — трэба яму было свечку тушыць. Яму-ж горш. Я спаць не буду без агню. — Мусье, мусье, — гаварыў ён далей, — жэ вэ авек ву парле[14]. — Але француз не адказваў і неўзабаве захроп.
«Храпе шэльма француз, — падумаў Антон Пафнуцьіч, - а мне дык і сон у галаву не лезе, боязна, каб зладзеі не ўлезлі праз дзверы, ці праз вокны, а яго, шэльму, і гарматамі не пабудзіш».
— Мусье! га, мусье! каб цябе д'ябал узяў.
Антон Пафнуцьіч змоўк — стомленасць і хмель пакрысе перамаглі яго баязлівасць — ён пачаў драмаць, і неўзабаве глыбокі сон апанаваў яго зусім.
Дзіўнае рыхтавалася яму абуджэнне. Ён адчуваў праз сон, што хтосьці ціхенька тузае яго за каўнер кашулі. Антон Пафнуцьіч расплюшчыў вочы — і пры бледным святле асенняй раніцы ўбачыў перад сабой Дэфоржа; француз у адной руцэ трымаў кішэнны пісталет, а другой адшпільваў тую самую скураную торбу. Антон Пафнуцьіч аслупянеў.
— Кесь ке се, мусье, кесь ке се?[15] — прагаварыў ён дрыжачым голасам.
— Цішэй, маўчаць, - адказаў настаўнік чыстай рускай мовай, — маўчаць, а калі не — вам канец. Я — Дуброўскі.
Цяпер папросім у чытача дазволу растлумачыць апошнія падзеі аповесці нашай папярэднімі акалічнасцямі, аб якіх не паспелі мы яшчэ расказаць.
На станцыі **, у доме даглядчыка, пра якога мы ўжо ўспамянулі, сядзеў у кутку падарожны, з выглядам ціхім і цярплівым — падобна, што гэта быў разначынец або чужаземец, гэта значыцца чалавек, які не мае голаса на паштовым тракце. Брычка яго стаяла па дварэ, чакаючы падмазкі. У ёй ляжаў маленькі чамадан, мізэрны доказ яго не вельмі вялікага багацця. Падарожпы не браў сабе ні чаю, ні кофія, пазіраў у акно і пасвістваў на вялікае нездаваленне даглядчыцы, якая сядзела ў бакоўцы.
- От бог даў свістуна, — гаварыла яна сама сабе, - пасвіствае, каб ён лопнуў, паганы басурман.
— Чаму, — сказаў даглядчык, — што за бяда, няхай сабе свішча.
— Што за бяда? — адказала сярдзіта жонка, — а хіба не ведаеш прыметы?
— Якой прыметы? што свіст грошы зводзіць? Э, Пахомаўна, у нас свішчы, ці не: а грошай ніколі няма ўсёроўна.
— Адпраў ты яго, Сідарыч. Што табе за ахвота яго трымаць. Дай яму коней і няхай праваліцца к чорту.
— Пачакае, Пахомаўна; на стайні ўсяго тры тройкі, чацвёртая адпачывае. Таго і глядзі, падаспеюць добрыя праезджыя; не хачу сваёй шыяй адказваць за француза. О, так і ёсць! Унь едуць! Эгэ-эгэ, як шпарка; ці не генерал які?
Брычка спынілася каля ганку. Слуга саскочыў з козлаў, адчыніў дзверцы, і праз хвіліну малады чалавек у вайсковым шынелі і ў белай шапцы ўвайшоў да даглядчыка, следам за ім слуга ўнёс шкатулку і паставіў яе на акно.
— Коней, — сказаў афіцэр грозным голасам.
— Зараз, — адказаў даглядчык. — Калі ласка падарожную[16].
— Няма ў мяне падарожнай. Я еду ўбок... Хіба ты мяне не пазнаеш?
Даглядчык заклапаціўся і кінуўся падганяць фурманоў. Малады чалавек пачаў расхаджваць узад і ўперад па пакоі, зайшоў ў бакоўку і запытаў ціха ў даглядчыцы: хто такі праезджы.
— Бог яго ведае, - адказала даглядчыца, — нейкі француз. Ужо вось пяць гадзін чакае коней і свішча. Надакучыў пракляты.
Малады чалавек загаварыў з падарожным па-французску.
— Куды маеце ласку ехаць? — запытаў ён у яго.
— У бліжэйшы горад, — адказаў француз, - адтуль выеду да аднаго памешчыка, які наняў мяне завочна ў настаўнікі. Я думаў сёння быць ужо на месцы, але пан даглядчык, здаецца, думае інакш — у гэтай краіне цяжка дастаць коней, пане афіцэр.
— А да каго з тутэйшых памешчыкаў накіраваліся вы? - запытаў афіцэр.
— Да пана Траекурава, - адказаў француз.
— Да Траекурава? Хто такі гэты Траекураў?
— Ma foi, monsieur[17]... я чуў пра яго мала добрага. Гавораць, што ён пан горды і з норавам, жорсткі ў абыходжанні з сваімі хатнімі, што ніхто не можа з ім ужыцца, што ўсе дрыжаць ад яго, што з настаўнікамі (avec les outchitels) ён не асабліва далікатны і ўжо двух прыкончыў да смерці.
— Даруйце. І вы адважыліся пайсці на службу да такога страшыдлы?
— Што-ж зробіш, пане афіцэр. Ён дае мне добрае жалаванне — 3 000 рублёў на год і ўсё гатовае. Быць можа, я буду шчаслівейшы за іншых. У мяне старэнькая маці, палавіну жалавання буду адсылаць ёй на пражыццё, а з рэшты грошай за пяць год магу сабраць маленькі капітал, якога будзе даволі, на тое, каб надалей быць незалежным - і тады bonsoir[18], паеду ў Парыж і пускаюся ў камерцыйныя справы.
— Ці ведае вас хто-небудзь у доме Траекурава? — запытаў ён.
— Ніхто, - адказаў настаўнік, - мяне ён выпісаў з Масквы праз аднаго з сваіх прыяцеляў, повар якога, мой зям ляк, мяне рэкамендаваў. Трэба вам ведаць, што я рыхтаваўся не ў настаўнікі, а ў кандытары - але мне сказалі, што ў вашай краіне настаўніцкая годнасць не ў прыклад выгадней...
Афіцэр задумаўся.
— Паслухайце, - перабіў ён, зварочваючыся да француза, — што-б калі замест гэтай будучыні прапанавалі вам 10 000 чыстымі грашыма, з тым, каб адразу-ж выехалі назад у Парыж.
Француз паглядзеў на афіцэра са здзіўленнем, усміхнуўся і паківаў галавой.
— Коні гатовы, — сказаў, увайшоўшы, даглядчык.
Слуга пацвердзіў тое-ж самае.
— Зараз, — адказаў афіцэр, — выйдзіце вон на хвіліну. — Слуга і даглядчык вышлі. — Я не жартую, — гаварыў ён па-французску, — 10 000 магу я вам даць, мне патрэбна толькі ваша адсутнасць і вашы паперы.
Пры гэтых словах ён адамкнуў шкатулку і дастаў некалькі кіп асігнацый.
Француз вытарашчыў вочы. Ён не ведаў, што і думаць.
— Мая адсутнасць... мае паперы... але вы жартуеце: нашто вам мае паперы?
— Вам справы няма да гэтага. Пытаю, згодны вы ці не?
Француз, усё яшчэ не верачы сваім вушам, працягнуў свае паперы маладому афіцэру, які хутка іх пераглядзеў.
— Ваш пашпарт... добра — ліст рэкамендацыйны, паглядзім. Пасведчанне аб нараджэнні, цудоўна. Ну, вось-жа вам вашы грошы, выязджайце назад. Бывайце...
Француз стаяў як укопаны.
Афіцэр вярнуўся.
— Я забыўся на самае важнае: дайце мне чэснае слова, што ўсё гэта астанецца паміж намі — чэснае ваша слова.
— Чэснае маё слова, — адказаў француз. — Але мае паперы, што мне рабіць без іх?
— У першым горадзе заявіце, што вы былі аграблены Дуброўскім. Вам павераць і дадуць патрэбныя пасведчанні. Бывайце, дай вам божа хутчэй даехаць да Парыжа і знайсці маці ў добрым здароўі.
Дуброўскі вышаў з пакоя, сеў у брычку і паімчаўся.
Даглядчык глядзеў у акно, і калі брычка ад'ехала, гукнуў да жонкі:
— Пахомаўна, ці ведаеш ты што? Гэта-ж быў Дуброўскі.
Даглядчыца мігам кінулася да акна, але ўжо было позна — Дуброўскі быў ужо далёка. Яна пачала лаяць мужа:
— Бога ты не баішся, Сідарыч, чаму ты не сказаў мне таго раней, я хоць-бы зірнула на Дуброўскага, а цяпер чакай, каб ён зноў заехаў. Несумленны ты, сапраўды, несумленны!
Француз стаяў як укапаны. Умова з афіцэрам, грошы, усё здавалася яму сном. Але кіпы асігнацый былі ў яго ў кішэні і красамоўна гаварылі яму аб сапраўднасці дзіўнага здарэння.
Ён наняў коней да горада. Фурман павёз яго паволі, і ўночы дацягнуліся яны да горада.
Не даязджаючы да заставы, пры якой, замест вартавога, стаяла раскіданая будка, француз загадаў спыніцца, вылез з брычкі і пайшоў пешкі — растлумачыўшы знакамі фурману, што брычку і чамадан даруе яму на гарэлку. Фурман быў у такім здзіўленні ад яго шчодрасці, як і сам француз ад прапановы Дуброўскага. Але дадумаўшыся да таго, што «немец» звар'яцеў, фурман падзякаваў яго шчырым паклонам, і, вымеркаваўшы, што будзе лепш не ўязджаць у горад, рушыў у вядомае яму вясёлае месца, гаспадар якога быў яму знаёмы. Там быў ён цэлую ноч, а на другі дзець з ранку на голай тройцы выехаў у свой бок - без брычкі і без чамадана, з падпухлым тварам і чырвонымі вачыма.
Дуброўскі, заўладаўшы паперамі француза, смела з'явіўся, як мы ўжо бачылі, да Траекурава і стаў жыць у яго доме. Якія-б ні былі яго патаемныя намеры (мы аб іх даведаемся пасля), але ў яго паводзінах не было нічога нядобрага. Праўда, ён мала займаўся выхаваннем малога Сашы, даваў яму поўную волю сваволіць і не вельмі прыціскаў да навукі, даючы заданні толькі для формы — затое з вялікай адданасцю сачыў за музычнымі поспехамі сваёй вучаніцы і часта цэлымі гадзінамі праседжваў з ёю за фортэпіяна. Усе любілі маладога настаўніка — Кірыла Петровіч за яго смеласць і ўдаласць на паляванні, Мар'я Кірылаўна за вялікую адданасць і сціплую ўважлівасць, Саша за тое, што не перашкаджаў яму сваволіць, дамашнія за дабрату і за шчодрасць, напэўна супярэчлівую яго сродкам. Сам ён, здавалася, быў адданы ўсёй сям'і і лічыў ужо сябе за члена яе.
Прайшло каля месяца ад таго, калі ён пачаў быць настаўнікам і да памятнага свята, і ніхто не падазраваў, што ў ціхім маладым французе стаіўся грозны разбойнік, імя якога наводзіла жах на ўсіх навакольных уласнікаў. За ўвесь гэты час Дуброўскі не выязджаў з Пакроўскага, але чутка аб яго разбоях не заціхала, з прычыны вострай фантазіі і ўяўлення мясцовых насельнікаў, але магло стацца і тое, што яго шайка не пакідала дзейнічаць, хоць і без начальніка.
Начуючы ў адным пакоі з чалавекам, якога мог ён лічыць асабістым сваім ворагам і адным з галоўных віноўнікаў яго няшчасця, Дуброўскі не мог утрымацца ад спакусы. Ён ведаў аб існаванні скураной торбы і надумаўся ёю заўладаць. Мы бачылі, як ён збянтэжыў небараку Антона Пафнуцьіча нечаканым сваім ператварэннем з настаўніка ў разбойніка.
У дзевяць гадзін раніцы госці, што начавалі ў Пакроўскім, сабраліся адзін за другім у гасцінай, дзе кіпеў ужо самавар, перад якім у ранішнім адзенні сядзела Мар'я Кірылаўна: а Кірыла Петровіч у байкавым сурдуце і ў туфлях выпіваў свой шырокі кубак, падобны да паласкальнай міскі. Апошнім з'явіўся Антон Пафнуцьіч; ён быў такі бледны і здаваўся такі ўтрапёны, што выгляд яго ўсіх здзівіў, і Кірыла Петровіч запытаўся аб яго здароўі. Спіцын адказаў штосьці без усялякага сэнсу і з жахам паглядаў на настаўніка, які тут-жа сядзеў, якбы нічога і не было. Праз некалькі хвілін слуга ўвайшоў і сказаў Спіцыну, што брычка яго гатова. Антон Пафнуцьіч заспяшаўся развітацца і, не слухаючы гаспадарскіх угавораў, вышаў шпарка з пакоя і адразу паехаў. Не разумелі, што з ім зрабілася, і Кірыла Петровіч падумаў, што ён аб'еўся. Пасля чаю і развітальнага снедання астатнія госці пачалі раз'язджацца. Неўзабаве Пакроўскае апусцела, і ўсё ўвайшло ў звычайны парадак.
Прайшло некалькі дзён, і не адбылося нічога цікавага. Жыццё насельнікаў Пакроўскага было аднастайнае. Кірыла Петровіч штодзённа выязджаў на паляванне; чытанне, прагулкі і музычныя заняткі займалі Мар'ю Кірылаўну — асабліва музычныя заняткі. Яна пачынала разумець уласнае сэрца і прызнавалася з нявольнай прыкрасцю, што яно не было абыякавым да дадатнасцей маладога фраппуза. Ён з свайго боку не выходзіў з межаў павагі і дасканалай прыстойнасці, і тым заспакойваў яе гордасць і баязлівыя хістанні. Яна з большай і большай даверлівасцю аддавалася прывабнай прывычцы. Яна сумавала без Дэфоржа, заўсёды цікавілася ім, аб усім хацела ведаць яго думку і заўсёды з ім згаджалася. Можа быць, яна не была яшчэ закаханая, але пры першай выпадковай перашкодзе або раптоўным няшчасці полымя кахання павінна было ўспыхнуць у яе сэрцы.
Аднойчы, прышоўшы ў зал, дзе чакаў яе настаўнік, Мар'я Кірылаўна са здзіўленнем заўважыла збянтэжанасць на бледным яго твары. Яна адкрыла фортэпіяна, праспявала некалькі нот, але Дуброўскі быццам з-за галаўной болі, папрасіў прабачэння, спыніў заняткі і, загортваючы ноты, падаў ёй ціхом запіску. Мар'я Кірылаўна, не паспеўшы адумацца, узяла яе і раскаялася ў тую-ж хвіліну, але Дуброўскага не было ўжо ў зале. Мар'я Кірылаўна пайшла ў свой пакой, разгарнула запіску і прачытала:
«Будзьце сёння ў сем гадзін у альтанцы каля рэчкі. — Мне трэба з вамі гаварыць».
Цікаўнасць яе была вельмі ўзбуджана. Яна даўно чакала прызнання, жадаючы і баючыся яго. Ёй прыемна было-б пачуць пацверджанне таго, аб чым яна здагадвалася, але яна адчувала, што ёй было-б непрыстойна чуць такое прызнанне ад чалавека, які паводле таго, кім ён быў, не мог спадзявацца калі-небудзь атрымаць яе руку. Яна надумалася ісці на спатканне, але хісталася ў адным: як прыме яна прызнанне настаўніка, ці з арыстакратычным гневам, ці з угаварваннем аб дружбе, з вясёлымі жартамі, ці з маўклівай спагадлівасцю. Тымчасам яна што-хвіліны паглядала на гадзіннік. Змяркалася, падалі свечкі, Кірыла Петровіч сеў гуляць у бастон з прыезджымі суседзямі, сталовы гадзіннік выбіў чвэрць сёмай, і Мар'я Кірылаўна ціхенька вышла на ганак —азірнулася на ўсе бакі і пабегла ў сад.
Ноч была цёмная, неба ўкрыта хмарамі — за два крокі ад сябе нельга было нічога бачыць, але Мар'я Кірылаўна ішла ў цемені знаёмымі дарожкамі і праз хвіліну апынулася ля альтанкі; тут спынілася яна, каб аддыхацца і з'явіцца перад Дэфоржам з выглядам абыякавым і разважлівым. Але Дэфорж ужо стаў перад ёю.
— Дзякую вам, — сказаў ён ёй ціхім і сумным голасам, што вы не адмовілі мне ў маёй просьбе. Я быў-бы ў роспачы, каб вы на тое не згадзіліся.
Мар'я Кірылаўна адказала загадзя нарыхтаванай фразай:
— Спадзяюся, што вы не прымусіце мяне каяцца ў маёй дабраце.
Ён маўчаў і, здавалася, набіраўся духу.
— Акалічнасці вымагаюць... я павінен вас пакінуць, сказаў ён нарэшце, - вы неўзабаве можа быць пачуеце... Але перад разлукай я павінен з вамі сам пагаварыць...
Мар'я Кірылаўна не адказала нічога. У гэтых словах бачыла яна прадмову да прызнання, якога чакала.
— Я не той, што вы думаеце, — гаварыў ён, унурыўшы галаву, — я не француз Дэфорж, я Дуброўскі.
Мар'я Кірылаўна ўскрыкнула.
— Не бойцеся, калі ласка, вы не павінны баяцца майго імя. Так, я той няшчасны, ад якога ваш бацька адабраў кавалак хлеба, выгнаў з бацькаўскага дома і паслаў грабіць на вялікіх дарогах. Але вам не трэба мяне баяцца — ні за сябе, ні за яго. Усё скончана. Я яму дараваў. Паслухайце, вы выратавалі яго. Першы мой крывавы ўчынак павінен быў адбыцца над ім. Я хадзіў каля яго дома, вымяркоўваючы, дзе павінен успыхнуць пажар, адкуль увайсці ў яго спальню, каб загарадзіць яму ўсе дарогі да ўцякання — у тую хвіліну вы прайшлі паўз мяне, як нябесная здань, і сэрца маё сцішылася, я зразумеў, што дом, дзе жывеце вы, святы, што ні адна істота, звязаная з вамі крывёй, не падлягае пад маё пракляцце. Я адмовіўся ад помсты, як ад вар'яцтва. Цэлыя дні я блукаў каля садоў Пакроўскага, спадзеючыся ўбачыць здалёк вашу белую сукенку. У часе вашага неасцярожнага спацыравання хадзіў следам за вамі, крадучыся ад куста да куста, шчаслівы ад думкі, што вас ахоўваю, што для вас няма небяспекі там, дзе я прысутнічаю ўпотайкі. Нарэшце выпадак здарыўся. Я пачаў жыць у вашым доме. Гэтыя тры тыдні былі мне днямі шчасця — успаміны аб іх будуць радасцю сумнага майго жыцця... Сёння я атрымаў вестку, пасля якой мне нельга далей тут быць. Я пакідаю вас сёння... зараз-жа... Але раней я павінен быў вам прызнацца, каб вы не пракліналі мяне, не гацьбілі нянавісцю. Думайце часамі аб Дуброўскім. Ведайце, што ён народжан быў дзеля іншых спраў, што душа яго ўмела вас любіць, што ніколі...
Тут пачуўся лёгкі свіст — і Дуброўскі змоўк... Ён хапіў яе руку і прыціснуў да агністых вуснаў. Свіст пачуўся другі раз.
— Даруйце, — сказаў Дуброўскі, - мяне клічуць, хвіліна можа загубіць мяне.
Ён адышоўся. Мар'я Кірылаўна стаяла нерухома. Дуброўскі вярнуўся і зноў узяў яе руку.
— Калі часамі, — сказаў ён ёй ціхім і чулым голасам, калі часамі здарыцца, што няшчасце вас спасцігне і вы ні ад каго не будзеце чакаць дапамогі, у такім выпадку ці абяцаеце вы звярнуцца да мяне, патрабаваць ад мяне ўсяго для вашага ратунку? Ці абяцаеце вы не адкінуць мае адданасці?
Мар'я Кірылаўна плакала моўчкі. Свіст пачуўся трэці раз.
— Вы мяне губіце! — закрычаў Дуброўскі.— Я не пакіну вас, пакуль не дасце мне адказу — абяцаеце вы ці не?
— Абяцаю, — прашаптала няшчасная красуня.
Усхвалёваная спатканнем з Дуброўскім, Мар'я Кірылаўна вярталася з саду. Ёй здалося, што ўсе людзі разбягаліся — у доме быў рух, на дварэ было многа народу, ля ганку стаяла тройка — здалёк пачула яна голас Кірылы Петровіча і спяшалася ўвайсці ў пакоі, баючыся, хаб яе адсутнасць не заўважылі. У зале спаткаў яе Кірыла Петровіч, госці абкружылі іспраўніка, нашага знаёмца і засыпалі яго пытаннямі. Іспраўнік, адзеты як у дарогу, узброены з ног да галавы, адказваў ім з выглядам таемным і сумятлівым.
— Дзе ты была, Маша? — запытаў Кірыла Петровіч, — ці не спаткала ты м-р Дэфоржа?
Маша лездве магла даць адмоўны адказ.
— Уяві, - гаварыў Кірыла Петровіч, — іспраўнік прыехаў яго схваціць і ўпэўняе мяне, што гэта сам Дуброўскі.
— Усе прыметы, ваша прэвасхадзіцельства, — сказаў з павагаю іспраўнік.
— Эх, браток, — перабіў Кірыла Петровіч, — вымятайся, ведаеш куды, з сваімі прыметамі. Я табе майго француза не выдам, пакуль сам не разбяру справы. Як можна верыць на слова Антону Пафнуцьічу, баязліўцу і хлусу: яму здалося, што настаўнік хацеў аграбіць яго. Чаму-ж ён у тую-ж раніцу не сказаў мне пра тое ні слова?
— Француз запалохаў яго, ваша прэвасхадзіцельства, адказаў іспраўнік, - і прымусіў яго прысягнуць, што будзе маўчаць...
— Хлусня, - заявіў Кірыла Петровіч, — зараз я ўсё выведу на чыстую воду. Дзе-ж настаўнік? — запытаў ён у ўвайшоўшага слугі.
— Нідзе не знайсці, — адказаў слуга.
— То знайсці яго!- закрычаў Траекураў, пачынаючы ўпадаць у падазронасць. — Пакажы мне твае славутыя прыметы, — сказаў ён іспраўніку, які адразу і падаў яму паперу.
— Гм, гм, дваццаць два гады, росту сярэдняга, з твару чысты, бараду голіць, вочы мае карыя, валасы русыя, нос просты. Прыметы адмысловыя: іх не выявілася. Яно так, але гэта яшчэ нічога не даводзіць. Дзе-ж настаўнік?
— Не могуць знайсці, — зноў быў адказ.
Кірыла Петровіч пачынаў трывожыцца, Мар'я Кірылаўна была ні жывая, ні мёртвая.
— Ты бледная, Маша, - заўважыў ёй бацька, — цябе перапалохалі.
— Не, папенька, - адказала Маша, — у мяне галава баліць.
— Ідзі, Маша, у свой пакой і не трывожся. - Маша пацалавала яго ў руку і пайшла хутчэй у свой пакой; там яна кінулася на пасцель і закалацілася ў істэрычным прыпадку. Служанкі збегліся, сілком яе раздзелі, ледзве яе сцішылі халоднай вадой і ўсялякімі спірытусамі. Яе паклалі ў пасцель, і яна ўпала ў санлівасць.
Тымчасам француза не знаходзілі. Кірыла Петровіч хадзіў узад і ўперад па залу, грозна пасвістваючы Гром победы раздавайся. Госці шапталіся між сабой, іспраўнік, здаецца, быў абдураны — француза не знайшлі. Напэўна ён паспеў знікнуць, папярэджаны загадзя. Але хто і як яго папярэдзіў? Гэта аставалася таемным.
Было адзінаццаць, але ніхто і не думаў пра сон. Нарэшце Кірыла Петровіч сказаў злосна іспраўніку:
— Ну што? Не да дня-ж табе тут сядзець, дом мой не карчма, не з тваім спрытам, браце, злавіць Дуброўскага, калі гэта сапраўды Дуброўскі. Едзь ты дадому і надалей будзь ты рухавейшы. Вам таксама пара дадому, — гаварыў ён далей, зварачваючыся да гасцей. — Загадайце запрагаць, а я хачу спаць.
Так недалікатна развітаўся Траекураў са сваімі гасцямі.
Прайшло некалькі часу без ніякага выдатнага здарэння. Але ў пачатку наступнага лета адбылося шмат змен у сямейным побыце Кірылы Петровіча.
За трыццаць вёрст ад яго быў багаты маёнтак князя Верэйскага. Князь доўгі час быў у чужых краях — усім маёнткам яго кіраваў адстаўны маёр, і ніякіх дачыненняў не было паміж Пакроўскім і Арбатавым. Але ў канцы мая месяца князь вярнуўся з-за граніцы і прыехаў у сваю вёску, якой зроду яшчэ не бачыў. Прывыкнуўшы да люднасці, ён не мог пераносіць адзіноты і на трэці дзень пасля свайго прыезду паехаў абедаць да Траекурава, з якім быў калісьці знаёмы.
Князю было каля пяцідзесяці год, але ён здаваўся куды старэйшы. Усялякія непатрэбствы сапсавалі яго здароўе і паклалі на ім сваю пячаць. Не гледзячы на гэта, выгляд яго быў прыемны, прывабны, а прывычка быць заўсёды ў грамадзе рабіла яго ветлівым, асабліва з жанчынамі. Ён меў несупынную патрэбу быць сярод людзей і бесперапынку сумаваў. Кірыла Петровіч быў надзвычай рад яго прыезду, прыняўшы гэта за адзнаку павагі ад чалавека, які ведае свет; ён як зазвычай пачаў частаваць яго аглядам сваіх уладанняў і павёў на сабачы двор. Але князь ледзь не задыхнуўся ў сабачым па ветры і спяшаўся выйсці вон, заціскаючы нос хустачкай, апырсканай духамі. Старасвецкі сад з яго стрыжанымі ліпамі, чатырохкутнай сажалкай і правільнымі дарожкамі яму не спадабаўся; ён любіў англійскія сады і так званую прыроду, але хваліў і захапляўся; слуга прышоў сказаць, што абед пададзен. Яны пайшлі абедаць. Князь пакульгваў, стаміўшыся сваім спацырам і ўжо каючыся, што прыехаў сюды.
Але ў зале спаткала іх Мар'я Кірылаўна і стары гуляка быў здзіўлен ад яе хараства. Траекураў пасадзіў гасця каля яе. Князь ажывіўся ад блізасці яе, быў вясёлы і паспеў некалькі разоў прыцягнуць яе ўвагу цікавымі сваімі расказамі. Пасля абеда Кірыла Петровіч прапанаваў ехаць конна, але князь папрасіў прабачэння, паказваючы на свае аксамітавыя боты—і жартуючы з свае падагры — ён захацеў лепш праехацца ў лінейцы, з тым каб не разлучацца з любай своёй суседкай. Лінейку запраглі. Два старыя і красуня селі і паехалі. Гаворка не спынялася. Мар'я Кірылаўна з прыемнасцю слухала далікатныя і вясёлыя пахвальбы свецкага чалавека, як раптам Верэйскі, павярнуўшыся да Кірылы Петровіча, запытаў у яго, што значыць гэты пагарэлы будынак, і ці яму ён належыць?..— Кірыла Петровіч нахмурыўся; успаміны, абуджаныя ў ім пагарэлай сялібай, былі яму непрыемныя. Ён адказаў, што зямля цяпер яго і што раней яна належала Дуброўскаму.
- Дуброўскаму, — перапытаў Верэйскі,—як, гэтаму славутаму разбойніку?
— Яго бацьку, - адказаў Траекураў, — але і бацька быў не малы разбойнік.
— Куды-ж дзеўся наш Рынальдо?[19] Ці жыў ён, ці злавілі яго?
— І жыў, і на волі—і пакуль у пас будуць іспраўнікі спрыяць у руку зладзеям, да тых часоў не будзе ён злоўлены; дарэчы, князь, Дуброўскі, здаецца, быў у цябе ў Арбатаве?
— Так, леташнім годам, ён, здаецца, штосьці спаліў ці разграбіў. Ці не праўда, Мар'я Кірылаўна, што было-б цікава пазнаёміцца бліжэй з гэтым рамантычным героем?
— Што там цікава! — сказаў Траекураў,— яна знаёма з ім — ён цэлыя тры тыдні вучыў яе музыцы, але дзякуй богу не ўзяў нічога за ўрокі.
Тут Кірыла Петровіч пачаў расказваць пра свайго фран цуза-настаўніка. Мар'я Кірылаўна сядзела як на іголках, Верэйскі выслухаў з глыбокай увагай, знайшоў, што ўсё гэта вельмі дзіўна і змяніў гаворку. Вярнуўшыся, ён загадаў падаваць сваю карэту і, не гледзячы на гарачыя просьбы Кірылы Петровіча астацца начаваць, паехаў адразу пасля чаю. Але раней прасіў Кірылу Петровіча прыехаць да яго ў госці з Мар'яй Кірылаўнай - і горды Траекураў абяцаў, бо ўзяўшы на ўвагу княжную годнасць, дзве звязды і 3000 душ фамільнага маёнтка, ён да некаторай ступені лічыў князя Верэйскага роўным сабе.
Праз два дні пасля гэтага Кірыла Петровіч паехаў з дачкой у госці да князя Верэйскага. Пад'язджаючы да Арбатава, ён не мог не цешыцца з чыстых і вясёлых сялянскіх хат і з мураванага панскага дома, пабудаванага ў гусце англійскіх замкаў. Перад домам быў густа-зялёны поплаў, на якім пасвіліся швейцарскія каровы, пазвоньваючы сваімі званкамі. Шырокі парк абкружваў дом з усіх бакоў. Гаспадар спаткаў гасцей ля ганку і падаў руку маладой красуні. Яны ўвайшлі ў цудоўны зал, дзе стол быў падрыхтаваны на тры асобы. Князь падвёў гасцей да акна, і перад імі разбеглася найпрыгажэйшая карціна. Волга цякла перад вокнамі, па ёй ішлі нагружаныя лайбы пад нацягненымі ветразямі і мільгацелі рыбацкія чаўны, так трапна празваныя душагубкамі. За ракой цягнуліся ўзгоркі і поле, некалькі вёсак ажыўлялі навакольнасць. Пасля яны заняліся разглядам галерэй карцін, купленых князем у чужых краях. Князь растлумачыў Мар'і Кірылаўне аб іх каштоўнасцях, аб змесце, гаварыў аб гісторыі жывапісцаў, расказваў пра недахопы; ён гаварыў аб карцінах не на ўмоўленай мове педантычнага знаўцы, але з пачуццём і фантазіяй. Мар'я Кірылаўна слухала яго з прыемнасцю. Пайшлі за стол. Траекураў аддаў поўную ўвагу вінам свайго Амфітрыона[20] і ўмельству яго повара, а Мар'я Кірылаўна не адчувала ніякай збянтэжанасці або штучнасці ў гаворцы з чалавекам, якога бачыла яна толькі другі раз зроду. Пасля абеда гаспадар запрасіў гасцей пайсці ў сад. Яны пілі каву ў альтанцы на беразе шырокага возера, усыпанага астравамі. Раптам пачулася духавая музыка і шасцівеславы човен прыстаў да самай альтанкі. Яны паехалі па возеру, каля астраўкоў, выходзілі на некаторыя з іх — на адным знаходзілі мармуровую статую, на другім пус тэльную пячору, на трэцім помнік з таемным надпісам, які абуджаў у Мар'і Кірылаўны дзявочую цікаўнасць, не зусім задаволеную далікатным князёвым недагаварваннем. Час прайшоў хутка — пачало змяркацца. Князь з прычыны халоднай расы, паспяшыў вярнуцца дадому — самавар іх чакаў. Князь прасіў Мар'ю Кірылаўну гаспадарыць у доме старога халасцяка. Яна разлівала чай, слухаючы няспынныя расказы ветлівага гаваруна; раптам пачуўся стрэл — і ракета асвятліла неба. Князь падаў Мар'і Кірылаўне шаль і паклікаў яе і Траекурава на балкоі. Перад домам у цемені ўспыхнулі каляровыя агні, закружыліся, падняліся ўгару зорамі, патухалі і зноў успыхвалі, Мар'я Кірылаўна весялілася, як дзіця. Князь Верэйскі радаваўся, што яна ў захапленні, а Траекураў быў вельмі ім задаволен, бо прымаў tous les frais[21] князя, як адзнакі павагі і жадання яму дагадзіць.
Вячэра была не горшая за абед. Госці накіраваліся ў пакоі, ім вызначаныя, і на другі дзень зранку развіталіся з ветлівым гаспадаром, даўшы ўзаемнае абяцанне неўзабаве зноў убачыцца.
Мар'я Кірылаўна сядзела ў сваім пакоі, перад адчыненым акном і вышывала. Яна не пераблытала колеры шоўку, як гэта рабіла палюбоўніца Конрада[22], якая ў любоўным утрапенні вышыла ружу зялёным шоўкам. Пад яе іголкай на канве беспамылкова клаліся ўзоры, не гледзячы на гэта яе думкі не сачылі за работай, яны былі далёка.
Раптам у акно ціха працягнулася рука - хтосьці паклаў на пяльцы ліст і знік, раней чым Мар'я Кірылаўна паспела адумацца. У гэты самы час да яе ўвайшоў слуга і паклікаў яе да Кірылы Петровіча. Яна з трывогай схавала ліст за касынку і пайшла да бацькі ў кабінет.
Кірыла Петровіч быў не адзін. Князь Верэйскі сядзеў у яго. Як толькі ўвайшла Мар'я Кірылаўна, князь устаў, моўчкі скланіўся ёй, са збянтэжанасцю для яго нязвыклай.
— Падыдзі сюды, Маша, — сказаў Кірыла Петровіч, — скажу табе навіну, якая, спадзяюся цябе ўзрадуе. Вось твой жаніх, князь да цябе сватаецца.
Маша аслупянела, смяротная бледнасць пакрыла яе твар. Яна маўчала. Князь да яе падышоў, узяў яе за руку і з выгля дам расчуленым запытаў: ці згодна яна стварыць яго шчасце. Маша маўчала.
— Згодна, вядома, згодна, — сказаў Кірыла Петровіч, але ведаеш, князь: дзяўчыне цяжка выгаварыць гэтае слова. Ну, дзеці, пацалуйцеся і жывіце шчасліва.
Маша стаяла нерухома, стары князь пацалаваў ёй руку, раптам слёзы пабеглі па бледным яе твары. Князь злёгку нахмурыўся.
— Пайшла, пайшла, пайшла, — сказаў Кірыла Петровіч,— асушы свае слёзы і вярніся да нас вясёлая. Яны ўсе плачуць у тэты момант, — гаварыў ён да Верэйскага, — гэта ў іх ужо такі звычай... Цяпер, князь, пагаворым пра справу — гэта значыцца пра пасаг.
Мар'я Кірылаўна прагна скарыстала дазвол выйсці. Яна пабегла ў свой пакой, зачынілася і дала волю слязам сваім, уяўляючы сябе жонкай старога князя; ён раптам здаўся ёй агідным і ненавісным — шлюб палохаў яе, як шыбеніца, як магіла... «Не, не, — гаварыла яна ў роспачы, — лепш памерці, лепш у манастыр, лепш пайду за Дуброўскага». Тут яна ўспомніла пра ліст і прагна кінулася яго чытаць, адчуваючы, што ён быў ад яго. Сапраўды гэта пісаў ён. Было напісана толькі некалькі слоў:
«Увечары ў дзесяць гадзін на ранейшым месцы».
Месяц свяціў, ліпеньская поч была ціхая, зрэдку ўзнімаўся ветрык, і лёгкі шум прабягаў па ўсім садзе.
Як лёгкі цень, маладая красуня падышла да месца, вызначанага для спаткання. Яшчэ нікога не было відно, раптам з-за альтанкі з'явіўся Дуброўскі перад ёю.
— Я ўсё ведаю, - сказаў ён ёй ціхім і сумным голасам. — Успомніце аб вашым абяцанні.
— Вы прапануеце мне сваю дапамогу, — адказала Маша, — але не злуйце - яна палохае мяне. Якім чынам вы дапаможаце мне?
— Я мог-бы пазбавіць вас ад ненавіснага чалавека.
— Не чапайце яго, не смейце яго чапаць, калі вы мяне кахаеце — я не хачу быць вінаватай у якім-небудзь жаху...
— Я не крану яго, воля ваша для мяне святая. Вам абавязан я за жыццё. Ніколі злачынства не будзе зроблена ў імя ваша. Вы павінны быць чыстая нават і ў маіх злачынствах. Але як-жа я выратую вас ад жорсткага бацькі?
— Яшчэ ёсць надзея. Я спадзяюся расчуліць яго маімі слязьмі і роспаччу. Ён упарты, але ён так мяне любіць.
— Не спадзявайцеся дарэмна: У гэтых слёзах убачыць ён толькі звычайную баязлівасць і прыкрасць, уласцівыя ўсім маладым дзяўчатам, калі ідуць яны замуж не з кахання, а з сталай практычнасці; што калі возьме ён сабе ў галаву стварыць шчасце ваша без вас саміх; калі сілком павязуць вас да шлюбу, каб навек аддаць лёс ваш пад уладу старога мужа...
— Тады, тады нічога не зробіш, з'явіцеся па мяне, я буду ваша жонка.
Дуброўскі задрыжэў: бледны твар укрыўся густой ружовасцю і ў тую-ж хвіліну стаў бляднейшы як калі. Ён доўга маўчаў, унурыўшы галаву.
— Збярыце ўсе сілы душы, упрошвайце бацьку, кіньцеся да яго ног: давядзіце яму ўвесь жах будучыні, вашу маладосць, счэзлую каля гнілога і распуснага старога; адважцеся на жорсткую гаворку: скажыце, што калі ён не паслухае вашых просьбаў, то... то вы знойдзеце жахлівую абарону... скажыце, што багацце не дасць вам ніводнай хвіліны шчасця; раскоша цешыць толькі беднасць, і то з непрывычкі, на адзін момант, не згаджайцеся з ім, не палохайцеся ці яго гневу, ні пагроз — пакуль будзе аставацца хоць цень надзеі, прашу вас, не згаджайцеся. Калі-ж не будзе ўжо іншага ратунку...
Дуброўскі закрыў твар рукамі; ён, здавалася, задыхаўся. Маша плакала...
— Няшчасная, няшчасная мая доля, — сказаў ён, цяжка ўздыхнуўшы... - За вас аддаў-бы я жыццё, бачыць вас здалёк, крануць вашу руку было мие асалодай. І калі адкрываецца мне магчымасць лепшае стварэнне прыціснуць да ўсхвалёванага сэрца і сказаць: ангел, памрэм! — небарак, я павінен усцерагацца ад шчасця, я павінен аддаляць яго ўсімі сіламі... Я не асмельваюся ўпасці да вашых ног, дзякаваць небу за незразумелую незаслужаную ўзнагароду. О, як павінен я ненавідзець таго — але адчуваю — цяпер у сэрцы маім няма месца для нянавісці.
Ён ціха абняў стройны яе стан і ціха прытуліў яе да свайго сэрца. Даверліва схіліла яца галаву на плячо маладога разбойніка. Абое маўчалі.
Час імчаўся.
— Пара, - сказала нарэшце Маша. Дуброўскі быццам вышаў з санлівасці. Ён узяў яе руку і надзеў ёй на палец пярсцёнак.
— Калі надумаецеся прыйсці да мяне, - сказаў ён — то прынясіце пярсцёнак сюды, пакладзіце яго ў дупло гэтага дуба — я буду ведаць, што рабіць.
Дуброўскі пацалаваў яе руку і знік між дрэў.
Заляцанне князя Верэйскага не было ўжо сакрэтам для суседзяў — Кірыла Пестровіч прымаў віншаванні, да вяселля рыхтаваліся. Маша з дня на дзень адкладала канчатковае агалашэнне. Тым часам абыходжанне яе з старым жаніхом было халоднае і штучнае. Князь пра гэта не дбаў. Ён аб каханні не клапаціўся, задаволены яе маўклівай згодай.
Але час ішоў. Маша нарэшце адважылася дзейнічаць і напісала ліст да князя Верэйскага; яна старалася абудзіць у яго сэрцы пачуццё вялікадушша, шчыра прызнавалася, што не мела да яго аніякай схільнасці, упрашвала яго адмовіцца ад яе і самому абараніць яе ад бацькавай улады. Яна ціханька аддала ліст князю Верэйскаму, той прачытаў яго і ніяк яго не кранула шчырасць яго нявесты. Наадварот, ён убачыў патрэбу хутчэй зрабіць вяселле і для гэтага палічыў патрэбным паказаць ліст будучаму цесцю.
Кірыла Петровіч узвар'яваўся: князь ледзь мог угаварыць яго не паказваць Машы і выгляду, што ён ведае пра яе ліст. Кірыла Петровіч згадзіўся ёй пра гэта не гаварыць, але меў намер не траціць часу і вызначыў адбыцца вяселлю на другі-ж дзень. Князь сказаў, што гэта вельмі разумна, пайшоў да свае нявесты, сказаў ёй, што ліст яе абудзіў у ім сум, але што ён спадзяецца з цягам часу заслужыць яе прыхільнасць, што думка страціць яе вельмі яму цяжкая і што ён не мае сіл згадзіцца на свой смяротны прысуд. Пасля гэтага ён далікатна пацалаваў яе руку і паехаў, не сказаўшы ёй ні слова аб тым, што вырашыў Кірыла Петровіч.
Але ледзь паспеў ён выехаць з двара, як бацька яе ўвайшоў і адразу загадаў ёй падрыхтавацца да заўтрашняга дня. Мар'я Кірылаўна, ужо ўсхвалёваная словамі князя Верэйскага, аблілася слязьмі і кінулася да бацькавых ног.
— Папенька, — закрычала яна жаласлівым голасам, — папенька, не губіце мяне, я не люблю князя, я не хачу быць яго жонкай...
— Гэта што значыць, — сказаў грозна Кірыла Петровіч, — дагэтуль ты маўчала і была згодна, а цяпер, калі ўсё вырашана, ты ўздумала капрызнічаць і адмаўляцца. Пакінь дурыцца, гэтым ты нічога не выйграеш.
— Не губіце мяне, — паўтарыла небарака Маша, - за што гоніце мяне ад сябе прэч і аддаеце чалавеку нялюбаму? Хіба я вам надакучыла? Я хачу астацца з вамі, як дагэтуль. Папенька, вам без мяне будзе сумна, яшчэ сумней, калі падумаеце, што я няшчасная; папенька, не прымушайце мяне, я не хачу ісці замуж...
Кірыла Петровіч расчуліўся, але не выказаў свае збянтэжанасці і, адпіхнуўшы яе, сказаў жорстка:
— Усё гэта глупства, чуеш ты? Я ведаю лепш за цябе, што трэба для твайго шчасця. Слёзы табе не дапамогуць, паслязаўтра будзе тваё вяселле.
— Паслязаўтра, — ускрыкнула Маша, — божа мой! Не, не, нельга, гэтага не будзе. Папенька, паслухайце, калі ўжо вы надумалі згубіць мяне, то я знайду абаронцу, пра якога вы і не думаеце, вы ўбачыце, вас апануе жах, да чаго вы мяне давялі.
— Што? што? - сказаў Траекураў, — пагрозы? мне пагрозы, дзёрзкае дзяўчанё! Але ці ведаеш ты, што я з табой зраблю тое, чаго ты і не ўяўляеш. Ты асмелілася мяне палохаць нейкім абаронцам. Паглядзім, хто будзе гэты абаронца.
— Владзімір Дуброўскі, — адказала Маша ў роспачы.
Кірыла Петровіч падумаў, што яна звар'яцела і глядзеў на яе са здзіўленнем.
— Добра, — сказаў ён ёй, памаўчаўшы, - чакай сабе каго хочаш на паратунак, а пакуль што сядзі ў гэтым пакоі, ты з яго не выйдзеш да самага вяселля. — З гэтым словам Кірыла Петровіч вышаў і замкнуў за сабой дзверы.
Доўга плакала небарака дзяўчына, уяўляючы ўсё, што чакала яе, але бурная гаворка зняла з душы цяжар і яна спакайней магла думаць аб сваёй долі і аб тым, што трэба ёй рабіць. Найважней было ёй: выратавацца ад агіднага шлюбу; доля жонкі разбойніка здавалася ёй раем у параўнанні з лёсам, ёй нарыхтаваным. Яна зірнула на пярсцёнак, дадзены ёй Дуброўскім. Горача жадала яна з ім пабачыцца сам-на-сам і яшчэ раз перад рашучай хвілінай параіцца. Адчуванне падказвала ёй, што ўвечары знойдзе яна Дуброўскага ў садзе, каля альтанкі; яна адважылася ісці чакаць яго там, як толькі пачне змяркацца. Змерклася. Маша нарыхтавалася, але дзверы яе замкнёны на ключ. Пакаёўка адказала ёй з-за дзвярэй, што Кірыла Петровіч не загадаў яе выпускаць. Яна была пад арыштам. Глыбока зняважаная, яна села пры акне і да глыбокай ночы сядзела, не раздзяючыся, нерухома гледзячы ў цёмнае неба. На світанні яна задрамала, але чулы сон яе быў устрывожан сумнымі ўяўленнямі, і праменні ранішняга сонца пабудзілі яе.
Яна прачнулася, і з першай думкай уявіўся ёй увесь жах яе стану. Яна пазваніла, дзеўка ўвайшла і на запытанні яе адказала, што Кірыла Петровіч увечары ездзіў у Арбатава і вярнуўся позна, што ён даў жорсткі загад не выпускаць яе з пакою і наглядаць за тым, каб ніхто з ёю не гаварыў, што, дарэчы, не відаць ніякіх асаблівых падрыхтовак да вяселля, апрача таго, што загадана было папу не адлучацца з вёскі ні з якіх прычын. Пасля гэтых вестак дзеўка пакінула Мар'ю Кірылаўну і зноў замкнула дзверы.
Яе словы зрабілі зацятай маладую нявольціцу; галава яе кіпела, кроў хвалявалася; яна вырашыла даць ведаць аб усім Дуброўскаму і пачала шукаць спосабу адправіць пярсцёнак у дупло таго дуба. У гэты час каменьчык стукнуўся ў яе акно, шкло зазвінела - і Мар'я Кірылаўна глянула на двор і ўбачыла малога Сашу, які рабіў ёй таемныя знакі. Яна ведала яго прывязанасць і ўзрадавалася яму. Яна адчыніла акно.
— Добры дзень, Саша, — сказала яна, - нашто ты мяне клічаш?
— Я прышоў, сястрыца, даведацца ад вас, ці не трэба вам чаго-небудзь. Папенька злосны і забараніў усяму дому вас слухаць, але скажыце мне зрабіць, што хочаце, і я для вас усё зраблю.
— Дзякуй, любы мой Сашачка, слухай: ты ведаеш стары дуб з дуплом, што каля альтанкі?
— Ведаю, сястрыца.
— То калі ты мяне любіш, збегай туды хутчэй і пакладзі ў дупло вось гэты пярсцёнак, але глядзі, каб ніхто цябе не бачыў.
З гэтым словам яна кінула яму пярсцёнак і зачыніла акно.
Хлопчык падняў пярсцёнак і з усіх сіл кінуўся бегчы - і за тры хвіліны апынуўся ля патрэбнага дрэва. Тут ён спыніўся, аддыхваючыся, азірнуўся на ўсе бакі і паклаў пярсцёнак у дупло. Скончыўшы справу шчасліва, хацеў ён адразу-ж паведаміць пра гэта Мар'і Кірылаўне, як раптам рыжы і касавокі абарваны хлапчук мільгнуў з-за альтанкі, кінуўся да дуба і запусціў руку ў дупло. Саша хутчэй за вавёрку кінуўся да яго і ўчаціўся за яго абодвума рукамі.
— А табе што да таго? — адказаў хлапчук, стараючыся ад яго вызваліцца.
— Пакінь гэты пярсцёнак, рыжы заяц, — крычаў Саша-бо я распраўлюся з табой па-свойму.
Замест адказа той ударыў яго кулаком па твары, але Саша яго не выпусціў і закрычаў ва ўсё горла:
— Зладзеі, зладзеі! сюды, сюды!..
Хлапчук стараўся ад яго вырвацца. Ён быў, відаць на два гады старэйшы за Сашу і шмат за яго дужэйшы, але Саша быў больш вёрткі. Яны змагаліся некалькі хвілін, нарэшце рыжы хлапчук перамог. Ён пакаціў Сашу на зямлю. і схапіў яго за горла.
Але ў гэты час моцная рука ўчапілася ў яго рыжыя і пруткія валасы, і садоўнік Сцяпан падняў яго на поўаршына ад зямлі...
— Ах ты, рыжая шэльма, — гаварыў садоўнік, — як гэта ты асмеліўся біць малога пана...
Саша паспеў падняцца і агледзецца.
— Ты мяне хапіў пад бакі, - сказаў ён, — а то-б ніколі мяне не пакаціў. Аддай зараз пярсцёнак і ідзі.
— Дзіва што, — адказаў рыжы і, раптам перакруціўшыся на адным месцы, вызваліў свой віхор з Сцяпанавых пальцаў.
Тут ён кінуўся быў бегчы, але Саша дагнаў яго, пхнуў У спіну, і хлапчук упаў з усяго маху, садоўнік зноў яго схапіў і звязаў папружкай.
— Аддай пярсцёнак! — крычаў Саша.
— Чакай, - сказаў Сцяпан, — мы павядзем яго на расправу да прыказчыка.
Садоўнік павёў нявольніка на панскі двор, а Саша пайшоў следам, з трывогай паглядаючы на свае шаравары, разарваныя і запэцканыя зяленівам. Раптам усе ўтрох апынуліся перад Кірылам Петровічам, які ішоў аглядаць сваю стайню.
— Гэта што? - запытаў ён у Сцяпана.
Сцяпан у кароткіх словах расказаў аб здарэнні.
Кірыла Петровіч выслухаў яго з уважлівасцю.
— Ты, свавольнік, — сказаў ён, павярнуўшыся да Сашы, — за што ты з ім звязаўся?
— Ён украў у дупле пярсцёнак, папенька, загадайце аддаць пярсцёнак.
— Які пярсцёнак, з якога дупла?
— Мне Мар'я Кірылаўна... той пярсцёнак...
Саша збянтэжыўся, зблытаўся. Кірыла Петровіч нахмурыўся і сказаў, патрасаючы галавой:
— Тут умяшалася Мар'я Кірылаўна. Прызнавайся ва ўсім, бо так адлупцую цябе дубцом, што будзеш ведаць.
— Дальбог, папенька, я папенька.. Мне Мар'я Кірылаўна нічога не гаварыла, папенька.
— Сцяпан, ідзі зрэж мне добры свежы бярозавы дубец...
— Чакайце, папенька, я ўсё вам раскажу. Я сёння бегаў па двары, а сястрыца Мар'я Кірылаўна адчыніла акно, і я падбег, і сястрыца незнарок упусціла з рук пярсцёнак, а я схаваў яго ў дупле, і.. гэты рыжы хлапец хацеў пярсцёнак украсці.
— Неназнарок упусціла, а ты хацеў схаваць... Сцяпан, ідзі па дубцы.
— Папенька, пачакайце я ўсё раскажу. Сястрыца Мар'я Кірылаўна сказала мне збегаць да дуба і пакласці пярсцёнак у дупло; і я збегаў і паклаў пярсцёнак, а гэты брыдкі хлапчук...
Кірыла Петровіч павярнуўся да брыдкага хлапчука ; запытаў яго грозна:
— Чый ты?
— Я дваровы чалавек паноў Дуброўскіх, — адказаў рыжы хлапчук.
Твар Кірылы Петровіча спахмурнеў.
— Ты, здаецца, мяне за свайго пана не прызнаеш? Добра, — адказаў ён. - А што ты рабіў у маім садзе?
— Маліну краў, — адказаў хлапчук з вялікай абыякавасцю.
— Ага, слугі пашлі па пану, які поп, такаяі парафія; а маліна хіба расце ў мяне на дубах?
Хлапчук нічога не адказаў.
— Папенька, скажыце яму аддаць пярсцёнак, — сказаў Саша.
— Маўчы, Александр, — адказаў Кірыла Петровіч, — не забывайся, што я збіраюся з табой расправіцца. Ідзі ў свой пакой. Ты, касавокі, ты мне здаешся хлопцам спрытным. Аддай пярсцёнак і ідзі дадому.
Хлапчук распрастаў кулак і паказаў, што ў яго руцэ нічога не было.
— Калі ты мне ва ўсім прызнаешся, то я цябе не буду сцябаць, дам яшчэ пяць капеек на арэхі. А не то я з табой зраблю тое, чаго ты не спадзяешся. Ну?
Хлапчук не адказаў ні слова, стаяў, унурыўшы галаву і напусціў на сябе выгляд сапраўднага дурачка.
— Добра, - сказаў Кірыла Петровіч, — замкніце яго куды-небудзь, ды глядзіце, каб ён не ўцёк, бо з усяго дому скуру спушчу.
Сцяпан адвеў хлапчука на галубятню, замкнуў яго там і прыставіў назіраць за ім старую наглядчыцу птушак Аграфію.
— Зараз-жа ехаць у горад па іспраўніка, — сказаў Кірыла Петровіч, правёўшы хлопчыка вачыма, - і як мага хутчэй.
«Тут няма ніякага сумнення. Яна захавала зносіны з праклятым Дуброўскім. Але няўжо і сапраўды яна клікала яго на дапамогу? — думаў Кірыла Петровіч, пахаджваючы па пакоі і злосна высвістваючы: Гром победы. - Можа быць, я нарэшце напаў на яго гарачыя сляды, і ён ад нас не ўцячэ. Мы скарыстаем гэты выпадак. Ага! званочак, дзякуй богу, гэта іспраўнік. — Эй, прывесці сюды хлапчука злоўленага.
Тым часам драбінкі ўз'ехалі на двор, і знаёмы ўжо нам іспраўнік увайшоў у пакой увесь абпылены.
— Добрая вестка, - сказаў яму Кірыла Петровіч. — я злавіў Дуброўскага.
— Дзякуй богу, ваша прэвасхадзіцельства, — сказаў іспраўнік з выглядам узрадаваным, — дзе-ж ён?
— Значыцца, не Дуброўскага, а аднаго з яго шайкі. Зараз яго прывядуць. Ён пасобіць нам злавіць самога атамана. Вось яго і прывялі.
Іспраўнік, які чакаў грознага разбойніка, быў здзіўлен, убачыўшы трынаццацігадовага хлапчука, даволі слабога выгляду. Ён з непаразуменнем звярнуўся да Кірылы Петровіча і чакаў тлумачэння. Кірыла Петровіч пачаў тут-жа расказваць ранішняе здарэнне, не ўспамінаючы аднакжа пра Мар'ю Кірылаўну.
Іспраўнік выслухаў яго ўважліва, штохвілінна паглядаючы на малога шэльму, які, прыкінуўшыся дурачком, здавалася, не браў на ўвагу ўсё, што рабілася каля яго.
— Дазвольце, ваша прэвасхадзіцельства, перагаварыць з вамі сам-на-сам, — сказаў нарэшце іспраўнік.
Кірыла Петровіч павёў яго ў другі пакой і замкнуў за сабой дзверы.
Праз поўгадзіны яны вышлі зноў у зал, дзе нявольнік чакаў вырашэння свайго лёсу.
— Пан хацеў, - сказаў яму іспраўнік, - пасадзіць цябе ў гарадскі астрог, высцябаць нагайкамі і выслаць пасля на пасяленне, але я заступіўся за цябе і выпрасіў табе волю. — Развязаць яго... — Хлапчука развязалі.
— Падзякуй-жа пану, — сказаў іспраўнік.
Хлапчук падышоў да Кірылы Петровіча і пацалаваў у яго руку.
— Ідзі сабе дадому, — сказаў яму Кірыла Петровіч, - і больш не крадзь маліны ў дупле.
Хлапчук вышаў, весела саскочыў з ганку і кінуўся бегчы не азіраючыся цераз поле ў Кісцянёўку. Дабегшы да вёскі, ён спыніўся каля разваленай хацінкі, першай ад краю, і пастукаў у аконца. Аконца паднялося, і старая паказалася.
— Бабулька, хлеба, — сказаў хлопчык, - я ад ранку нічога не еў, уміраю з голаду.
— Ах, гэта ты, Міця. Дзе-ж ты быў, чарцянё? — адказала старая.
— Пасля раскажу, бабуля, злітуйся, хлеба.
— Ды ўвайдзі-ж у хату.
— Няма калі, бабуля - мне трэба збегаць яшчэ ў адно месца. Хлеба, злітуйся, хлеба.
— От непаседа, — прамармытала старая, - на, вось табе лустачку, - і сунула ў акенца лусту чорнага хлеба.
Хлапчук прагна яго адкусіў і жуючы ў момант накіраваўся далей.
Пачынала змяркацца. Міця прабіраўся паўз гумны, агародамі ў Кісцянёўскі гай. Дайшоўшы да двух хвояў, што стаялі перадавымі вартавымі гаю, ён спыніўся, азірнуўся на ўсе бакі, свіснуў прарэзліва і адрывіста — пачаў прыслухоўвацца; лёгкі і доўгі свіст пачуўся яму ў адказ, хтосьці вышаў з гаю і наблізіўся да яго.
Кірыла Петровіч пахаджваў узад і ўперад па залу мацней звычайнага высвістваючы сваю песню. Увесь дом быў ахоплен рухам — слугі бегалі, дзеўкі мітусіліся, у стайні фурманы запрагалі карэту. На двары густа стаяў народ. У прыбіральні паненкі, перад люстэркам, дама абкружаная служанкамі, убірала бледную, перухомую Мар'ю Кірылаўну, галава яе далікатна хілілася пад цяжарам брыльянтаў; яна злёгку дрыжала, калі неасцярожная рука калола яе, але маўчала, бяздумна гледзячы ў люстэрка.
— Ці скора? — пачуўся за дзвярыма голас Кірылы Петровіча.
— У момант, — адказала дама, — Мар'я Кірылаўна, устаньце, паглядзіце на сябе, ці добра?
Мар'я Кірылаўна ўстала і не адказала нічога. Дзверы адчыніліся.
— Нявеста гатова — сказала дама Кірылу Петровічу, — загадайце садзіцца ў карэту.
— З богам, — адказаў Кірыла Петровіч, узяўшы са стала абраз, — падыйдзі да мяне, Маша, - сказаў ён ёй расчуленым голасам, — бласлаўляю цябе...
Небарака дзяўчына кінулася яму ў ногі і зарыдала.
— Папенька... папенька... — гаварыла яна праз слёзы, і голас яс ледзьве быў чуцен.
Кірыла Петровіч спяшаўся яе блаславіць, — яе паднялі і амаль панеслі ў карэту. З ёю села пасажаная маці і адна з служанак. Яны паехалі ў царкву. Там жаніх ужо іх чакаў. Ён вышаў насустрач да нявесты і быў здзіўлен бледнасцю яе і дзіўным выглядам. Яны разам увайшлі ў халодную, пустую царкву, за імі замкнулі дзверы. Свяшчэннік вышаў з алтара і адразу-ж пачаў. Мар'я Кірылаўна нічога не бачыла, нічога не чула, думала пра адно; з самага ранку яна чакала Дуброўскага, надзея ні на хвіліну яе не пакідала, але калі свяшчэннік звярнуўся да яе з пэўнымі пытаннямі, яна ўздрыганулася і абмерла — але яшчэ марудзіла, яшчэ чакала; свяшчэннік, не дачакаўшыся яе адказу, сказаў словы, якіх назад нельга вярнуць.
Абрад быў скончан. Яна адчувала халодны пацалунак нялюбага мужа, яна чула вясёлыя віншаванні прысутных і ўсё яшчэ не магла паверыць, што жыццё яе было навекі скутая, што Дуброўскі не прымчаўся вызваліць яе. Князь звярнуўся да яе з ласкавымі словамі, яна іх не зразумела, яны вышлі з царквы, на цвінтары стаялі сяляне з Пакроўскага. Позірк яе хутка іх акінуў і зноў стаў як нежывы. Маладыя селі разам у карэту і паехалі ў Арбатава, туды ўжо выехаў Кірыла Петровіч, каб спаткаць там маладых. Седзячы поплеч маладое жонкі, князь аніяк не быў збянтэжан яе халодным выглядам. Ён не надакучаў ёй прыкрай гаворкай і смешным захапленнем, словы яго былі простыя і не патрабавалі адказаў. Так праехалі яны каля дзесяці вёрст, коні імчаліся шлпарка па няроўнай дарозе, і карэта амаль не гойдалася на сваіх англійскіх рэсорах. Раптам пачуліся крыкі пагоні, карэта спынілася, — натоўп узброеных людзей абкружыў яе, - і чалавек з маскай на твары адчыніўшы дзверцы з таго боку, дзе сядзела маладая княгіня, сказаў ёй:
— Вы вольная, выходзьце.
— Што гэта значыць! - закрычаў князь, - хто ты такі!..
— Гэта Дуброўскі, — сказала княгіня.
Кяязь, не трацячы адвагі, дастаў з баковай кішэні дарожны пісталет і выстраліў у замаскіраванага разбойніка. Княгіня крыкнула і з жахам закрыла твар абодвума рукамі. Дуброўскі быў ранен у плячо, кроў паказалася. Князь, не трацячы ні хвіліны, дастаў другі пісталет. Але яму не далі часу выстраліць, дзверцы адчыніліся, і некалькі моцных рук выцягнулі яго з карэты і вырвалі ў яго пісталет. Над ім бліснулі нажы.
— Не чапаць яго! — закрычаў Дуброўскі, — і змрочныя яго аднадумцы адступілі.
— Вы вольная, - яшчэ сказаў Дуброўскі да бледнай княгіні.
— Не, - сказала яна, — позна — я абвенчана, я жонка князя Верэйскага.
— Што вы гаворыце! - закрычаў у роспачы Дуброўскі, — не, вы не жонка яго, вы былі сілком прымушаны, вы ніколі не маглі згадзіцца...
— Я згадзілася, я дала клятву, - сказала яна з цвёрдасцю, — князь мой муж, загадайце вызваліць яго і пакіньце мяне з ім. Я не ашуквала. Я чакала вас да апошняй хвіліны... але цяпер, кажу вам, цяпер позна. Пусціце нас.
Але Дуброўскі ўжо яе не чуў, боль ад раны і моцнае хваляванне душы адабралі ў яго сілы. Ён упаў ля кола, разбойнікі абкружылі яго. Ён паспеў сказаць ім некалькі слоў, яны пасадзілі яго конна, двое з іх яго падтрымлівалі, трэці ўзяў каня за аброць і ўсе паехалі ў бок, пакінуўшы карэту пасярод дарогі, людзей звязаных, коней выпражаных, але не разграбіўшы нічога і не праліўшы ніводнай кроплі крыві, у помсту за кроў свайго атамана.
Пасярод цёмнага лесу, на вузкай прагаліне, узвышалася малое земляное ўмацаванне, створанае з вала і рова, за якім было некалькі шалашоў і зямлянак.
На дварэ мноства людзей, якіх, паводле рознастайнасці адзежы і агульнаму ўзбраенню, можна было адразу палічыць за разбойнікаў, абедала, седзячы без шапак каля агульнага катла. На валу, каля маленькай гарматы, сядзеў вартавы, падабраўшы пад сябе ногі; ён латаў сваю адзежу, уладаючы іголкай з умельствам, уласцівым спрактыкаванаму краўцу, і штохвіліны паглядаў ва ўсе бакі.
Хоць пэўная пасудзіна некалькі разоў і пераходзіла з рук у рукі, дзіўнае маўчанне панавала ў гэтым натоўпе — разбойнікі паабедалі, адзін за адным уставалі і маліліся богу, некаторыя разышліся па шалашах, а некаторыя разбрыліся па лесе — або прыляглі заснуць, паводле рускага звычаю.
Караульшчык скончыў сваю работу, патрос свой лахман, пацешыўся з латкі, ушпіліў у рукаў іголку, сеў на гармату верхам і заспяваў ва ўсё горла меланхалічную старую, песню.
Не шуми мати зеленая дубровушка,
Не мешай мне молодцу думу думати.
У гэты час дзверы аднаго з шалашоў адчыніліся, і старая жанчына ў белым чапцы, ахайна і з густам адзетая, з'явілася ля парогу.
— Даволі табе, Сцёпка, — сказала яна злосца, - пан адпачывае, а ты гарлапаніш — няма ў вас ні сумлення, ні спачування.
— Вінават, Егораўна, — адказаў Сцёпка, — добра, больш не буду, няхай ён сабе, наш бацюхна, адпачывае і папраўляецца.
Старая пайшла, а Сцёпка пачаў расхаджваць па валу.
У шалашы, з якога выходзіла старая, за перагародкай, ранены Дуброўскі ляжаў на паходным ложку. Перад ім на століку ляжалі яго пісталеты, а шабля вісела ў галавах. Зямлянка выслана і абвешана была багатымі дыванамі, у кутку знаходзіўся жаночы срэбны туалет і трумо. Дуброўскі трымаў у руцэ разгорнутую кнігу, але вочы яго былі заплюшчаны. І старая, што паглядвала на яго з-за перагародкі, не магла ведаць, ці заснуў ён, ці толькі задумаўся.
Раптам Дуброўскі здрыгануўся, — ва ўмацаванні пачулася трывога — і Сцёпка ўсунуў да яго галаву ў акенца.
— Бацюхна, Владзімір Андрэевіч! — закрычаў ён, — нашы знак падаюць, нас шукаюць.
Дуброўскі рвануўся з ложка, схапіў зброю і вышаў з шалаша. Разбойнікі з шумам тоўпіліся на двары, як толькі ён вышаў наступіла глыбокае маўчанне.
— Ці ўсе тут? — запытаў Дуброўскі.
— Усе, апроч дазорных, — адказалі.
- Усе на месцы! — закрычаў Дуброўскі. І разбойнікі занялі кожны пэўнае месца.
У гэты час трое дазорных прыбеглі да брамы; Дуброўскі пайшоў да іх насустрач.
— Што такое? - запытаў ён іх.
— Салдаты ў лесе, — адказалі яны, — нас абкружаюць.
Дуброўскі загадаў замкнуць браму і сам пайшоў агледзець гарматку. У лесе пачулася некалькі галасоў — і пачалі набліжацца, — разбойнікі чакалі моўчкі. Раптам тры ці чатыры салдаты паказаліся з лесу і адразу падаліся назад стрэламі падаўшы знак таварышам.
— Рыхтавацца да бою, — сказаў Дуброўскі і сярод разбойнікаў пачуўся шоргат — зноў усё заціхла.
Тады пачулі шум каманды, якая набліжалася, зброя бліснула паміж дрэў, чалавек паўтараста салдат высыпала з лесу і з крыкам кінуліся на вал. Дуброўскі прыставіў кнот, стрэл быў удалы: аднаму адарвала галаву, двое былі ранены. Паміж салдат узнікла збянтэжанасць, але афіцэр кінуўся наперад, салдаты за ім рушылі і збеглі ў роў; разбойнікі стрэлілі ў іх з стрэльбаў і пісталетаў і пачалі з сякерамі ў руках абараняць вал, на які лезлі раз'яраныя салдаты, пакінуўшы ў рове чалавек дваццаць раненыў таварышоў. Рукапашны бой пачаўся; салдаты ўжо былі на валу, разбойнікі пачалі падавацца. Але Дуброўскі, падышоўшы да афіцэра, прыставіў яму пісталет да грудзей і стрэліў, афіцэр грымнуўся вобземлю, некалькі салдат падхапілі яго на рукі і спяшаліся аднесці ў лес, а астатнія, страпіўшы начальніка, спыніліся. Падбадзёраныя разбойнікі скарысталі гэтую хвіліну збянтэжанасці, змялі іх, адціснулі ў роў, салдаты пабеглі — разбойнікі з крыкам рушылі за імі. Перамога была поўная. Дуброўскі, спадзеючыся на перамогу над ворагам, спыніў сваіх і зачыніўся ў крэпасці, загадаўшы пабраць раненых, падвоіўшы варту і загадаўшы нікому не адлучацца.
Апошнія падзеі прыцягнулі ўжо не на жарты ўвагу ўлады на смелыя разбоі Дуброўскага. Сабраны былі весткі аб месцы яго знаходжання. Накіравана была рота салдат, каб узяць яго — мёртвага ці жывога. Злавілі некалькі чалавек з яго шайкі і даведаліся ад іх, што ўжо Дуброўскага паміж імі не было. Праз некалькі дзён, ён сабраў усіх сваіх аднадумцаў, сказаў ім, што мае намер назаўсёды з імі развітацца, раіў і ім змяніць спосаб жыцця.
— Вы разбагацелі пад маім начальствам, кожны з вас мае дакументы, з якімі смела можа выбрацца ў якую-небудзь далёкую губерню і там пражыць астатняе жыццё ў сумленнай працы і ў дастатку. Але вы ўсе машэннікі і, напэўна, не захочаце кінуць ваша рамяство.
Пасля гэтай прамовы ён пакінуў іх, узяўшы з сабой аднаго **. Ніхто не ведаў, куды ён дзеўся. Спачатку не верылі ў праўду гэтых паказанняў - адданасць разбойнікаў атаману была вядома. Меркавалі, што яны стараліся выратаваць яго. Але далейшае іх апраўдала — грозныя наведванні, пажары і грабежніцтвы спыніліся. Дарогі сталі вольныя. Паводле другіх вестак дазналіся, што Дуброўскі знік за граніцу.
1832 - 1833
- ↑ У 1762 годзе Екацерына II (1729-1796) зрабіла з дапамогай гвардыі «дварцовы пераварот», скінуўшы з трона свайго мужа Петра III, неўзабаве забітага яе аднадумцамі. Яна захапіла ў свае рукі дзяржаўную ўладу. Пры гэтым перавароце дзед Пушкіна, афіцэр Ізмайлаўскага палка, верны Петру, быў пасаджан у крэпасць. Эпітэт «слаўны 1762 год» Пушкін ужыў іранічна.
- ↑ Е. Р. Дашкова - блізкая да Екацерыны асоба.
- ↑ Генерал-аншэф — вышэйшы генеральскі чын — «поўны генерал».
- ↑ Фрызавы — з тоўстага сукна, зробленага адмысловым спосабам.
- ↑ Бельведер — невялікая вежа над дахам дома.
- ↑ Напэўна гаворыцца аб кнізе «Прыгожая паварыха, або прыгоды разбэшчанай жанчыны» — раман М. Чулкова (1770 — 1793), які быў у свой час вельмі папулярны.
- ↑ Кульнёў Я. П. - рускі генерал (1763— 1812), які атрымаў шэраг бліскучых перамог над шведамі ў час вайны 1808 — 1809 г. Забіты на вайне ў 1812 годзе.
- ↑ Радкліф (1764 — 1823) — англійская пісьменніца, якая практыкавала з вялікім поспехам жанр «рамана жахаў».
- ↑ Што вы хочаце, пане?
- ↑ Я хачу спаць у вас.
- ↑ Вельмі ахвотна, пане, калі ласка, дайце адпаведнае распараджэнне.
- ↑ Нашто вы тушыце, нашто вы тушыце? (па-французску toucher чапаць).
- ↑ Спаць.
- ↑ Я хачу з вамі пагаварыць.
- ↑ Што гэта значыць, пане, што гэта значыць?
- ↑ Падарожная — ліст, які даваў права на атрыманне паштовых коней.
- ↑ Сапраўды, пане.
- ↑ Да пабачэння.
- ↑ Рынальдо—герой вядомага ў свой час рамана нямецкага пісьменніка Вульпіуса (1762 — 1827) «Рынальдо-Рынальдзіні, атаман разбойнікаў».
- ↑ Амфітрыон — ветлівы, гасцінны гаспадар; ад імя героя камедый старарымскага пісьменніка Плаўта (259 - 184 да н.э.) і французскага пісьменніка Мольера (1622 - 1673).
- ↑ Усе выдаткі.
- ↑ Конрад—герой паэмы выдатнага польскага паэта Міцкевіча (1798 —- 1855) «Конрад Валленрод»
Арыгінал: | Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму. |
---|---|
Пераклад: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |