Перайсці да зместу

Досьвіткі (1926)/Стары профэсар

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Страшная музыкава песьня Стары профэсар
Апавяданьне
Аўтар: Максім Гарэцкі
1926 год
Дурны настаўнік
Іншыя публікацыі гэтага твора: Стары прафэсар.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Стары профэсар

Дзеялася тое дужа даўно…

Прыяжджаў некалісь да пані ў госьці стары профэсар з маладою жонкаю, панінай пляменьніцай.

Прыехалі яны аднаго разу з Пецярбургу на папраўку познаю вясною, калі ўжо адпяялі салавейкі і адцвілі акацыі.

Ды яшчэ прыгожа было ў панскім садзе, і кожны вечар, ідучы з работы міма сіняга плоту, можна было бачыць там на сьцежцы беленькую сукеначку, ў пары з вялікаю чорнаю постацьцю профэсара.

Надта-ж любіў гэты паджылы вучоны чалавек сваю невялічкую рухавенькую жонку. Ён высокі, маўклівы, а яна ўчэпіцца за яго локаць, шчабеча яму, як тая птушачка, заглядае знізу ў вочы, як дачушка да старога бацькі.

Відаць, што ён, ня можа на яе налюбавацца, як-бы дзеля таго й маўчыць. Пазірае з вялікаю пяшчотаю і толькі носам усьміхнецца да яе з радасьці, як дзіця.

Затое і ўсіх людзей любіў. Да сялян быў ласкавы, даступны, сам падходзіў і пытаўся аб іхняе жыцьцё. І любіў слухаць усё, што яму кажуць. Песьні і казкі любіў, як нет ведама што. Пачуе цікаўную казку ад пастуха Якіма і ходзіць за ім, пільнуе, каб яшчэ пачуць. Пачне той плясьці свае плёткі, а профэсар слухае так, як-бы богу моліцца, слоўца не прапусьціць. Як той скончыць, ён задумаецца, засмуціцца, а потым і ўсьміхнецца пасвойму, як тое дзіця, Пачуе дзявочыя песьні, і ўзноў яму вялікая радасьць.

Палюбіў народ і яго жонку. Нават да старой пані ў тым леце ўсе ласкавейшыя з-за іх зрабіліся.

Дык ня дзіва, што надта ўсім было жалосна, калі захварэла маладзенькая паня на якуюсь цяжкую і цягучую хваробу.

Як прышло жніва, не бялелася ўвечары сукеначка між дрэў у садзе, затое бесьпярач стаяла ля сіняга плоту карэта пад доктара. То завазіла, то прывазіла, а палёгкі ніякае няма. Перабывалі з гораду ўсе дактары, то езьдзіў адзін, то потым другі, а, урэшце, і ўсе разам, тры ці чатыры сабраліся, а рады ня могуць даць ніякай.

Схудзеў профэсар, аблахмаціўся, вочы ў яго ўваліліся, гаруе бедны, як ня плача пры людзёх. Лячыў, лячыў дактарамі і прыждаў таго, што ўсе дактары ў адзін голас зусім яго абезнадзеілі. Хоць нічога яму страшнога не казалі, але відаць па іх, што чакаюць канца і як бы дзівяцца, чаму хворая так доўга не даецца сьмерці.

Хадзілі да яго і нашы бабы-шаптухі з сваімі радамі, ды ён і слухаць іх не хацеў, нават з старою паняю за іх пасварыўся. Ня ўцям гэта было людзём: казкі-ж простыя слухаць любіў, чаму-ж, думалі, ня хоча спрабаваць простыя рады? Бывае-ж — памагае.

Тымчасам адбіў ён тэлеграм у Пецярбург найлепшаму доктару. Прыехаў якраз на самага спаса. Пастукаў, паслухаў, паківаў галавою, як пераказвала пакаёўка, ды і разьвёў рукамі таксама, як і тутэйшыя дактары: няма надзеі. Купіў у Хаіма-рандатара пяць пудоў раньніх мядунічак з панскага саду і паехаў назад у Пецярбург.

Хворая ссохла, зьбялела, зьнядужала ў канец: адны косьці, абцягнутыя тоненькаю скураю. І што ёй такое было, хто ведае: то гарачка паліць, як агнём, за сорак градусаў даходзіць, то асьцюдзянее ўся, аслабне і так самлее, што вось-вось сканае нешчасьлівая… Разоў колькі думалі, што й памірае… Старая паня ламае з гора рукі, лемянтуе, хапае ў пакаёўкі сьмяротную сьвечку, прыступаецца да пляменьніцы на вечнае разьвітаньне, пакаёўка й кухарка равуць ад жалосьці, а профэсар, забыўшыся на сваю вучонасьць, крычыць на іх усіх, гоніць вон, потым абхопіць хворую, сашчэпіць у сваіх абоймах, прытуліць да яе пасохшых грудзей сваю сівую галаву і шэпча, як здурнеўшы: „Не, не, не! Гэтага быць ня можа! Ты не памрэш! Ты не памрэш! Я хачу, каб ты жыла. Мы ўзноў будзем гуляць вечарамі ў садзе… Мы ўзноў будзем гаманіць… А то не, мы кінем гэтае гіблае месца! Мы паедзем у Пецярбург! Паедзем, паедзем… Чуеш, рыбка мая, я не хачу, каб ты памёрла, ты не памрэш, не! не!! не!!!“ А ў самога вочы гараць, барада трасецца. І хворая, быццам паслухаўшы яго, патроху кранець вачыма, пачне дыхаць. І так гэта ўсё жаласна, што глядзець, — сэрца кожнаму сьціскаецца болем.

Пакаёўка, Аўгеньня, была сірата і мела толькі аднаго дзядзьку, таго самага пастуха-Якіма, што, бывала, пану казкі плёў і так складаў розныя нябыліцы. Яна часам бегала да дзядзькі пагаманіць і, вядома, пераказвала, што дзеецца ў панскім будынку. Жаль было Якіму добрага профэсара і яго маладой жонкі. І параіў ён, каб сказала паном зрабіць так: абвязаць хворую сырою ніткаю і кінуць тую нітку на раздарожжы, каб зьняла хваробу. Аўгеньня, вядома, дзяўчына, не сказала старой пані з вока-на-вока, а бухнула ў сталовай за абедам, калі быў і профэсар. Старая пані і абедаць кінула, хоць якое там з гора і абеданьне было! Пасядзяць моўчкі за сталом, цяжка ўздыхаючы, паглядзяць са смуткам на стравы і пойдуць, нічога ня зьеўшы.

— Зрабіце так, зрабіце пан профэсар! — кажа старая: — зрабіце, калі вам дорага мая Вольгачка:

А Вольгаю звалі хворую.

Профэсар за час хваробы жонкі зрабіўся апрысклівы, гняўлівы…

І тут загневаўся:

— Я чалавек навучны, а вы мне дурніну такую кажаце.

— Пабойцеся вы бога, пане профэсар, з сваёю навукаю, — аж дрыжыць і сьлёзы абцірае старая паня: — што вам даражэй: ваша навука ці… ці… жыцьцё… жыцьцё Вольгачкі?..

І вось профэсар паказаў сваё каменнае навучнае сэрца. Гаворыць так:

— Навука сказала сваё слова, і я веру ёй, а ня вашым забабонам.

Паня й Аўгеньня аж вочы ў страсе на яго вытрышчылі. І ён, мабыць, сам спалохаўся таго, што сказаў. Затросься ўвесь, застучэў кулаком па стале, закрычэў, як не ў памяці:

— Веру, веру, веру! Але не хачу гэтага, не хачу, не хачу, ой не хачу! — Потым схапіўся рукою за горла, завыў і бразнуўся на стул. Адлілі яго вадою, валяр‘янавых капак выпіць далі, пагразілі, што хворая пачуець яго крык. На тым размова скончылася.

Тую ноч была радоўка пільнаваць хворае профэсару з Аўгеньняю, бо так хворая настоіла, каб адну ноч старая паня з кухаркаю, а другую ноч яны-б былі пры ёй. Толькі ўсё роўна профэсар што ночы амаль не адхадзіў ад яе ложка, адно што не ў сваю радоўку стараўся ня быць на ваччу ў хворае і сядзеў у сумежным пакоі.

К гэтай ночы хворая зусім струхлела. Гарачка адпусьціла бедную, дык ляжала выцягнуўшыся, як доўгі шкілет, сіняя, непарушная.

Цеміць профэсар, што сьмерць у пакой увашла. Цеміць і з галавы сходзіць. Сатнець зубы, абхопіць галаву, рукамі і сядзіць, пахінуўшыся да кален, у крэсьле.

Калі хворая задрамала трошкі, вышаў ён на мысічках у другі пакой і давай штосьці шаптаць.

Прыслухаецца Аўгеньня і чуе, што ён спамінае ўсё то жонку, то навуку.

Расчыніў акно, глядзіць у сад і ўсё шэпча сам з сабою.

Жніўныя ночы ў нас дужа прыгожыя, асабліва як дзе дрэвы лісточкамі ў цемні варушаць. Цёпла, ціха, там-сям зорачка блісьне, з поля, дзе жыта пажатае, прыемны супакой так і плывець у душу. І антонаўкамі прыемна пахне…

— Сьпіць? — шэптам спытаўся профэсар у Аўгеньні і, убачыўшы, як кіўнула галавою, вышаў у сад — прахаладзіцца ці хто-ж яго ведае чаго. — Каб яшчэ не зрабіў сабе ад гора чаго ліхога“, памысьліла Аўгеньня і прыхінулася ля акна, каб ад хворай далёка не адхадзіць і дасачыць, ці ходзіць ён па дарожцы ў садзе.

Ціша панавала ўва ўсім будынку і садзе, потым гадзіньнік празваніў адзінаццаць ці дванаццаць, дзяўчына добра ня зьлічыла, і ўзноў усё-чыста сьціхла, толькі пясочак скрыпае пад нагамі ў прафэсара — чуваць у вакно.

Слухае Аўгеньня і пачала патроху разьбіраць, што там шэпча з гора чалавек.

— Вольгачка, Вольгачка, ты й навука — усё жыцьцё маё. Ты, — кажа, — ахарашыла для мяне навуку, а без цябе й навука ні ўва што.

Потым раздумаўся, памаўчаў дый кажа, быццам няўмысьля лютуючы сябе:

— Не — кажа, — навука вышэй за цябе, навука вышэй за ўсё і без навукі мне было-б нудна нават з табою, хоць ты адна і найлепшая для мяне ўва ўсім сьвеце. І ты памрэш, і я памру, а навука не павінна памерці і здрады не павінна цярпець.

„Божухна-бацюхна!“ — памысьліла дзяўчына, — „ня любіць ён жонкі, усе мужчыны такія: то халяруе ад каханьня, то гатоў за якуюсьці навуку на сьмерць жонку аддаць“.

— Памрэш ты, Вольгачка, — шэпча ён далей, — і застанецца мне адна пацеха — навука мая. Дык ці-ж магу абразіць яе забабонамі? Гэтая нітка — зьнявага для навукі і для майго імя.

І шмат чаго яшчэ казаў здурнелы ад гора профэсар, што і зразумець не магла Аўгеньня. Адно ўцяміла, што яму хочацца зрабіць так, як казаў яе дзядзька Якім, але чамусь сорамна яму рабіць тое.

— Тут, — кажа, — справа ня ў нітцы і не ў забабоне, а ў здрадзе навуцы, якую любіў, калі яшчэ й Вольгачкі ня любіў

— Няўжо-ж, — кажа, — магу я напляваць на сваю веру?

„І якая тут вера ў яго“, — мысьліць дзяўчына, — „калі нават папа прывезьці спавядаць жонку перад сьмерцю і то не дазволіў старой пані, — анцыхрыста стары!“

Аж раптам чуець яна: затупаў пан нагамі па зямлі, як няўдалы дзіцёнак, потым кінуўся за дрэва і давай калаціць яго на ўсю сілу, давай трэсьці.

Хацела бегчы дзяўчына па старую паню, ды ад страху прыліпла к сьценцы, думае сабе: „А што, як сапраўды здурнеў і паляціць сюды біцца? Вялікі, здаровы — задавіць на сьмерць“. А ён калаціў, калаціў дрэва, адпусьціўся і ціха, але жудасна, аж скура стыгне, зарагатаў:

— Пляваць мне на цябе, навука, калі ты бясьсільная!

Сьціх і йдзець у пакоі, а тымчасам Аўгеньня шмыгнула да хворай і млее там: досі гэта будзе? Хворая-ж ляжала, як мярцьвяк. „Можа й памёрла ўжо?“ — паглядае на яе дзяўчына і баіцца падыйсьці.

Тымчасам прыблізіўся на мысічках прафэсар, прыхіліў да жончыных грудзей галаву, паслухаў: „Дыхае,“ — шэпча Аўгеньні і ківае да сябе пальцам, гукае Аўгеньню за сабою. Як вышлі, пытаецца: „Ці няма ў цябе, Аўгінка, пад рукою якой нітачкі? Буду паперы разьбіраць у габінэце, трэба зьвязаць у пачкі“.

Зразумела яна, на якую патрэбу просіць нітку і зараз зьбегала ў сваю каморку, прынясла.

— Ну, галубка, ідзі троху пасьпі, — сказаў ёй профэсар; — я пакуль што адзін пабуду, а як трэба, дык узбуджу.

Пашла Аўгеньня, а троху пачакаўшы, дасачыла з-за вушака: абвязвае наўчоны профэсар хворую жонку ніткаю. Абвязаў, асьцярожненька прапусьціўшы пад ногі і пацягнуўшы вышэй пад тулава, патым пацалаваў жонку ў лоб, пераксьціў (чаго ніколі, ніколі раней не рабіў) і з ніткаю ў руцэ паціхеньку вышаў у сад.

Аўгеньня сьцяміла, што ён пабрыў за сіні плот на раздарожжа і была дужа рада.

Калі ён вярнуўся, дзяўчына паіла хворую паню вадою з узьбітым бялком і віном.

— А я трошкі прагуляўся, — вінавата, але спакойна й радасна казаў профэсар: — ах якая прыгожая ноч, дрэвы сьпяць і скрозь сон варушаць лісьцейкам… Ну як ты сябе чуеш, рыбка мая?

— Як-бы лепей… — усьміхнулася яму хворая цянюсенькімі вуснамі і раскрыла вочы.

— Чамусь мне верыцца, рыбка мая, што ты з гэтае начы пачнеш папраўляцца… У цябе сягоньня быў крызіс. Вось пабачыш, рыбка!

— Мне лепей… чую, што лепей! — парадавала мужа хворая і пацягнула худзенькую, васковую ручку, каб пацалаваў: — Цяпер ідзі спаць, мой любы.

Назаўтра Аўгеньня зьбегала да дзядзькі і сказала, што пан такі даўся з сваёю навукаю. Усе людзі з надзеяй чакалі паляпшэньня хворай.

Але не магла памагчы навука, — не памаглі і забабоны. На трэці дзень хворая сканала.