Перайсці да зместу

Дон-Кіхот Ламанчскі (1935)/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Частка першая Дон-Кіхот Ламанчскі. Частка другая
Раман
Аўтар: Мігель Сервантэс
1935 год
Арыгінальная назва: Don Quijote de la Mancha (1605—1615)
Пераклад: Цімох Зарэчны

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧАСТКА ДРУГАЯ


РАЗДЗЕЛ І
Пра тое, што адбылося ў папа і цырульніка з Дон-Кіхотам з прычыны яго хваробы

Поп і цырульнік не бачыліся з Дон-Кіхотам амаль месяц, каб не аднаўляць і не ажыўляць у яго памяці нядаўніх падзей. Тым не менш, яны часта наведвалі пляменніцу і ахмістрыню яго, даручаючы ім як можна лепш даглядаць рыцара і даваць яму харч, падмацоўваючы мозг, галоўную прычыну ўсіх яго няшчасцяў. Абедзве жанчыны рабілі гэта з вялікай ахвотай і клопатамі і заявілі, што іх сен’ёр часам выказвае адзнакі цвярозага розуму. З гэтай прычыны поп і цырульнік парашылі наведаць яго і ўпэўніцца, ці сапраўды яму лепш. Хаця яны лічылі гэта амаль немажлівым, але ўмовіліся не гаварыць пра вандроўнае рыцарства, каб унікнуць небяспекі абудзіць раны, якія толькі што пачыналі гаіцца.

Увайшоўшы да яго, яны ўбачылі яго седзячым на ложку, да таго худога і зморшчанага, што ён здаваўся сапраўднай муміяй.

Сустрэў ён іх вельмі ветліва і на запытанне пра яго здароўе адказаў вельмі разумна і самымі ветлівымі словамі. У час гутаркі яны гаварылі і пра так званае дзяржаўнае пытанне і розныя спосабы ўлады, прычым кожны з іх трох прадстаўляў сабой заканадаўца, сучаснага Лікурга або новаспечанага Салона. Яны так перараблялі ўвесь грамадскі лад, што, здавалася, аддавалі яго ў кузню, адкуль і атрымлівалі ў зусім новым выглядзе.

Дон-Кіхот гаварыў так разважліва і цвяроза пра ўсе рэчы, пра якія ішла гутарка, што абодва экзаменатары пераканаліся ў тым, што ён здаровы і ў поўным розуме. У час гутаркі прысутнічалі ахмістрыня і пляменніца, якія вельмі ўзрадаваліся, убачыўшы Дон-Кіхота зноў такім здаровым. А поп, адступіўшы ад ранейшага намеру не гаварыць пра рыцарства, захацеў грунтоўна праверыць, ці сапраўды выздаравеў Дон-Кіхот, або толькі так здаецца. Ён перадаў некалькі навін, дайшоўшых з сталіцы, і між іншым сказаў, што, па чутках, туркі наступаюць з вялікім флотам. Хаця іхні памер покуль невядомы, але з прычыны гэтай небяспекі, якая амаль штогод прымушае нас брацца за зброю, кароль паклапаціўся ўжыць захады для абароны берагоў Неапаля, Сіцыліі і вострава Мальты[1].

На гэта Дон-Кіхот адказаў:

— Яго вялікасць зрабіў не так, як павінен зрабіць кожны сапраўдны воін, каб непрыяцель не заспеў яго нечакана.

Толькі поп пачуў гэтыя словы, як ён сказаў сабе: „Бедны Дон-Кіхот, мне здаецца, ты падаеш з вяршыні свайго вар’яцтва ў глыбокае бяздонне сваёй праставатасці“. Але цырульнік, якому прышла ў галаву тая-ж думка, што і папу, запытаў Дон-Кіхота, з чаго-ж складаецца яго прапанова.

— Мая прапанова, — адказаў Дон-Кіхот, — самая лёгкая, зручная і простая, якая можа прыйсці толькі ў галаву вынаходцу праектаў.

— Вы не спяшаецеся паведаміць яе нам, сен’ёр Дон-Кіхот, — сказаў поп.

— Я-б не хацеў паведамляць яе тут цяпер, каб заўтра раніцою яна не дайшла да членаў каралеўскага совета, і хто-небудзь іншы не выкарыстаў-бы ўдзячнасць і ўзнагароду за маю стараннасць.

— Што-ж тычыцца мяне, — адказаў цырульнік, — даю вам слова, што з усяго таго, пра што-б вы ні сказалі нам, ні кароль і ні адзін чалавек не пачуе ні слова.

— А хто паручыцца мне за вас, сен’ёр свяшчэннік? — запытаўся Дон-Кіхот.

— Мой сан, — адказаў поп, — прымушае мяне хаваць таемнасць.

— Добра, — сказаў тады Дон-Кіхот, — я вам адкрыю праект. Самае лепшае, што мог-бы зрабіць яго вялікасць, гэта абвясціць цераз глашатаяў загад усім вандроўным рыцарам, вандруючым па Іспаніі, сабрацца ў прызначаны дзень у сталіцы. Калі-б іх з’явілася туды нават не больш поўтузіны, у ліку іх мог-бы знайсціся такі рыцар, што аднаго яго было-б дастаткова для знішчэння ўсёй магутнасці туркаў. Вы можа думаеце, што для вандроўнага рыцара так ужо цяжка знішчыць армію ў дзвесце тысяч чалавек. Вы не верыце? А колькі гісторый напоўнена падобнымі цудамі? Калі-б цяпер былі жывыя славуты Беліяніс або яшчэ які-небудзь з вялікіх патомкаў Амадыса Гальскага, калі-б хто-небудзь з іх выступіў супроць туркаў, клянуся сумленнем, я не хацеў-бы быць на іхнім месцы. Але і цяпер знойдзецца рыцар, калі і не такі харобры, як ранейшыя рыцары, ды прынамсі, роўны ім у мужнасці. Больш я нічога не скажу.

— Ах, — усклікнула тут пляменніца, — няхай заб’юць мяне, калі мой сен’ёр не хоча зноў зрабіцца вандроўным рыцарам!

На гэта Дон-Кіхот адказаў:

— Вандроўным рыцарам я і памру. Няхай туркі высаджваюцца, дзе хочуць, калі захочуць і ў якой колькасці могуць, а я яшчэ раз паўтараю: больш я нічога не скажу.

— Упрашаю вас, вашы міласці, — сказаў тады цырульнік, — дазвольце мне паведаміць вам маленькую гісторыю, якая здарылася ў Севільі, і якая як нельга лепш падыходзіць да данага выпадку.

Дон-Кіхот даў дазвол, а поп і ўсе астатнія пачалі ўважліва слухаць.

— У доме для вар’ятаў у Севільі, — пачаў цырульнік, — знаходзіцца чалавек, сваякі якога пасадзілі яго туды, бо ён страціў розум. Меў ён вучоную ступень лісенсіята па царкоўнаму праву, але гэта не пашкодзіла яму звар’яцець. Гэты чалавек з вучонай ступенню, прасядзеўшы некалькі год у доме для вар’ятаў, уявіў, што ён выздаравеў, і напісаў архібіскупу, упрашаючы яго выратаваць яго з такога дрэннага становішча, у якім ён апынуўся. Па яго словах, ва ўсім былі вінаваты сваякі, якія хочуць узяць сабе яго частку маёмасці і з гэтай прычыны трымаюць яго ў доме для вар’ятаў. Архібіскуп, перакананы атрыманымі ад яго многімі вельмі разважлівымі лістамі, загадаў аднаму з сваіх капеланаў даведацца ў дырэктара дома для вар’ятаў, ці праўду піша яму лісенсіят, а таксама і самому пагутарыць з вар’ятам. Капелан накіраваўся ў дом для вар’ятаў, але дырэктар сказаў яму, што чалавек той яшчэ хворы. Хаця часта ён гаворыць разумныя рэчы, але ўсё-ж недарэчнасці намнога пераважаюць над яго разумнымі меркаваннямі, у чым капелану лёгка будзе самому пераканацца, калі ён пагутарыць з хворым. Капелан парашыў парашыў так і зрабіць, ён гутарыў з вар’ятам больш гадзіны. За ўвесь гэты час той не сказаў аніводнага недарэчнага слова; наадварот, ён гаварыў так разумна, што капелан не мог не паверыць у поўнае выздараўленне былога вар’ята. Між іншым, хворы сказаў яму, што дырэктар — яго вораг, бо ён не хоча страціць падарунукі, якія яму даюць сваякі хворага за тое, каб ён выдаваў яго за вар’ята са светлымі прамежкамі. Адным словам, ён так гаварыў, што абудзіў падазрэнне супроць дырэктара, выставіў сваіх сваякоў хцівымі і бесчалавечнымі людзьмі, а сябе такім разважлівым, што капелан парашыў узяць яго з сабой з дома для вар’ятаў. Дырэктар яшчэ раз папярэдзіў капелана, што лісенсіят усё яшчэ вар’ят. Але папярэджванні і парады не прывялі ні да чаго, і дырэктар павінен быў падначаліцца. Лісенсіята апранулі, і ён пачаў прасіць капелана дазволіць яму развітацца з яго звар’яцеўшымі таварышамі. Капелан адказаў, што хоча суправаджаць яго і паглядзець на хворых, якія знаходзяцца ў доме. Калі яны падняліся на гару, лісенсіят падышоў да клеткі, у якой знаходзіўся буйны вар’ят, і сказаў яму:

„Брат мой, ці не хочаце вы што-небудзь даручыць мне, бо я выходжу адгэтуль. Я папрашу прыслаць вам прысмакаў, і вы абавязкова ежце іх, бо я ўпэўнены, што ўсе нашы шаленствы адбываюцца з той прычыны, што ў нас страўнік пусты, а ў галаве вецер. Мацуйцеся, мацуйцеся, бо маладушша ў няшчасцях падрывае здароўе і паскарае смерць“.

Усю гэтую прамову лісенсіята чуў другі буйны вар’ят, які знаходзіўся ў суседняй клетцы, супроць першай. Падняўшыся са старай чаротавай цыноўкі, на якой ён ляжаў зусім голы, ён уголас запытаўся, хто гэта пакідае іх.

Лісенсіят адказаў: — „Гэта я пакідаю вас; мне больш няма патрэбы заставацца тут, бо я зусім здаровы“.

„Падумайце пра тое, што вы гаворыце, лісенсіят! — засупярэчыў вар’ят. — Дайце адпачыць нагам і аставайцеся спакойна тут, у нашым доме. Вам не патрэбна будзе назад прыязджаць сюды“.

„Я ведаю, што здаровы, — адказаў лісенсіят, — і мне не давядзецца сюды варочацца“.

„Вы здаровы?! — усклікнуў вар’ят. — Добра, няхай будзе так. Ідзіце, але клянуся Юпітэрам, чыю ўладу я прадстаўляю на зямлі, што я адпомшчу за гэта. За той грэх, які робіць сёння Севілья, выпушчаючы вас з гэтага дома, я нападу на яе з такой карай, памяць пра якую не забудзецца на векі-вякоў, амінь! Няўжо ты, нягодны лісенсіят, не ведаеш, што ў маёй уладзе гэта зрабіць, бо, паўтараю, я — Юпітэр-грамавержац і трымаю ў сваіх руках маланку, якой я магу і прывык пагражаць свету і разбураць яго. Я не дам дажджу ўсёй севільскай вобласці і ваколіцам на працягу цэлых трох год. Ты вольны? Ты здаровы? Ты ў цвярозым розуме? А я вар’ят? Я хворы? Я звязаны? Хутчэй павешуся, але не дам ісці дажджу!“

Шалёныя крыкі і словы вар’ята прыцягнулі ўвагу прысутных, і лісенсіят, звяртаючыся да капелана, сказаў:

„Не крыўдзіцеся, сен’ёр мой, і не звяртайце ўвагі на тое, што гаворыць гэты вар’ят. Калі ён Юпітэр і не хоча даць дажджу, то я Нептун, айцец і бог вады, пашлю дождж кожны раз, як мне гэта здасца патрэбным“.

На гэта капелан адказаў:

„Тым не менш, сен’ёр Нептун, было-б нядобра раздражняць сен’ёра Юпітэра. Няхай ваша міласць застаецца лепш тут, а мы прыедзем калі небудзь у другі раз“.

Такім чынам лісенсіят астаўся ў доме для вар’ятаў.

— Дык вось тая гісторыя, сен’ёр цырульнік, — сказаў Дон-Кіхот, — якая так дарэчы падыходзіць да выпадку, што вы не маглі не расказаць яе. Ах, сен’ёр брадабрэй, сен’ёр брадабрэй! Няўжо вы, ваша міласць, не ведаеце, што кожнае параўнанне розуму з розумам або мужнасці з мужнасцю не заўсёды да месца. Сен’ёр цырульнік, я не Нептун, бог вады. Я не выдаю сябе за разумнага чалавека, а толькі імкнуся пераканаць свет, у якой ён знаходзіцца памылцы, не стараючыся ўваскрасіць ордэн вандроўнага рыцарства. Але распусны наш век не заслугоўвае таго, каб вандроўныя рыцары ўскладалі на свае плечы ўсё зло свету, абарону дзяўчат, дапамогу сіротам і няпоўналетнім, кару ганарлівым і ўзнагароду пакрыўджаным. Большасць цяперашніх рыцараў аддае перавагу не звону кальчугі і зброі, а шолаху парчы і іншых дарагіх шаўковых тканін, у якія яны апранаюцца. Няма цяпер такога рыцара, які пайшоў-бы на рызыку, звязаную з выкананнем яго абавязкаў. Няма такога, які, валацужачы па бязлюднаму і пустыннаму берагу мора і, убачыўшы на беразе маленькі човен без вёслаў, без мачты, без парусоў, з сэрцам, поўным адвагі, ускочыў-бы ў яго, аддаючы сябе суровым хвалям глыбокага мора, то падкідваючым яго к небу, то пасылаючы яго ў бездань, — і, сустрэўшы грудзьмі непераможны шквал, апынуўся-б за тры тысячы і больш міль ад таго месца, адкуль ён адплыў; і калі ён выскачыў-бы тут на берег далёкай і невядомай краіны, з ім здарыліся-б падзеі, вартыя быць запісанымі не толькі на пергамент, але і на бронзу. Цяпер ленасць святкуе перамогу над стараннасцю, гультайства над працаю, загана над добрадзейнасцю, ганарлівасць над харобрасцю, тэорыя над практыкай; толькі сярод вандроўных рыцараў усё гэта жыло і квітнела. А калі не так, скажыце, ці быў хто больш добрадзейным і харобрым, як славуты Амадыс Гальскі? Хто быў больш адважным, як Рэйнальдос? Хто быў такім непераможным, як Рольдан?! Усе гэтыя рыцары і многія іншыя, якіх я мог-бы яшчэ назваць, былі, сен’ёр свяшчэннік, славай і гонарам рыцарства. Такімі, хацеў-бы я, каб былі і тыя, якіх я прапанаваў у сваім праекце. Калі-б яны знайшліся, яго вялікасці была-б зроблена вялікая паслуга: ён быў-бы пазбаўлены вялікіх страт, а турку давялося-б рваць сабе бараду. Але я павінен астацца ў сябе дома, бо капелан не бярэ мяне з сабой, а калі Юпітэр, як сказаў цырульнік, не пашле дажджу, я тут і пашлю яго, калі мне захочацца. Кажу гэта, каб сен’ёр цырульны таз ведаў, што я яго зразумеў.

— Па праўдзе, сен’ёр Дон-Кіхот, — засароміўся цырульнік, — я гэта казаў зусім не з такой мэтай. Намер мой быў добры, і вашай міласці няма чаго злавацца на мяне.

— Але тут яны яны пачулі, што ахмістрыня і пляменніца, яшчэ раней вышаўшыя з пакоя, голасна крычаць на двары, і ўсе кінуліся на шум.


РАЗДЗЕЛ ІІ,
у якім гутарка ідзе пра цікавую сварку, пачатую Санчо Панса з ахмістрыняй і пляменніцай Дон-Кіхота і пра іншыя забаўныя прыгоды

Шум на двары быў падняты з-за Санчо Панса. Ён спрабаваў увайсці ў дом, каб убачыцца з Дон-Кіхотам, а дамы не пушчалі яго.

— Што трэба гэтаму валацугу тут ў доме? Варочайся да сябе, брат! Вы толькі адцягваеце сен’ёра ад заняткаў, спакушаеце яго і водзіце валацужыць па дзікіх і пустынных мясцовасцях.

— Ахмістрыня сатаны! — адказаў Санчо. — Спакушаны, адцягнены ад заняткаў і заведзены валацужыць па дзікіх і пустынных мясцовасцях, — гэта я, а не твой пан. Ён цягаў мяне з сабой па ўсім свеце і прымусіў мяне пакінуць дом, паабяцаўшы мне востраў.

— Падавіся ты сваімі брыдкімі астравамі, Санчо пракляты! — сказала пляменніца. — Што такое астравы? Іх ядуць ці што, абжора ты, ласун?

— Іх нельга есці, — сказаў Санчо, — але можна імі кіраваць і гэта, безумоўна, больш прыбыткова, як кіраваць чатырма гарадамі або мець даходы з чатырох судзейскіх пасад у сталіцы.

— Тым не менш, — сказала ахмістрыня, — вы не ўвойдзеце сюды, торба ўсялякай брыдоты і мех злосці! Ідзіце, кіруйце сваім домам, арыце свой ласкут зямлі і забудзьцеся на ўсе астравы і астраўкі.

Гутарка гэтых трох асоб вельмі спадабалася папу і цырульніку, але Дон-Кіхот, баючыся, каб Санчо не сказаў такога, што не вельмі паслужыла-б рыцарскай чэсці, загадаў двум жанчынам упусціць яго. Санчо ўвайшоў, а поп і цырульнік развіталіся з Дон-Кіхотам. На выздараўленне яго яны цяпер ужо страцілі надзею, убачыўшы, што ён па-ранейшаму ва ўладзе сваіх недарэчных фантазій.

— Убачыце, кум, — сказаў поп цырульніку, — наш ідальго зноў паляціць з гнязда, каб вандраваць па лясах і палях.

— Не сумняваюся ў гэтым, — адказаў цырульнік, — але я не так здзіўляюся вар’яцтву рыцара, як прастаце яго зброеносца, які непахісна верыць у гэты востраў.

Між тым Дон-Кіхот зачыніўся з Санчо ў сваім пакоі і сказаў яму:

— Мяне вельмі крыўдзіць, Санчо, што ты балбочаш, нібыта я выманіў цябе з твайго доміка; калі ты ведаеш, што і сам я не сядзеў у сябе дома. Разам мы выехалі, разам жылі і вандравалі; адно і тое-ж шчасце выпала нам абодвум на долю. Калі цябе раз падкідвалі на коўдры, дык мяне сто разоў білі, — вось усе перавагі, якія я меў перад табою.

— Гэта зусім правільна, бо, мяркуючы па словах вашай міласці, няшчасці — хутчэй прыналежнасць вандроўных рыцараў, як іхніх зброеносцаў.

— Ты памыляешся, Санчо, — сказаў Дон-Кіхот, — бо па выслоўю: „quando caput dolet…“[2]

— Я не разумею іншай мовы, апрача маёй роднай, — спыніў яго Санчо.

— Гэтым я хачу сказаць, што калі баліць галава, церпяць усе члены цела; я — галава, а ты частка мяне, бо ты — мой слуга. З гэтай прычыны ўсякі боль, які я адчуваю або буду адчуваць, павінен адчуваць і ты, усё-адно як і я адчуваю твой боль.

— Так павінна было-б быць. Але калі яны мяне адкідалі на коўдры, як частку вашага цела, дык мая галава стаяла на тым баку паркана і глядзела, не адчуваючы ніякага болю, як я лётаў у паветры. Калі члены цела прымушаны мучыцца з-за болю галавы, дык ёй варта-б пацярпець з-за іхняга болю.

— Ці не хочаш ты сказаць, Санчо, што я не цярпеў, калі цябе падкідалі на коўдры? Не кажы гэтага, бо я ў той раз больш цярпеў душой, як ты целам. Але пакінем гэта ў баку покуль. Лепш скажы мне, сябра Санчо, што гавораць пра мяне на сяле. Якой думкі пра маю харобрасць, мае ўчынкі і маю ветлівасць? Якія ідуць гутаркі аб рыцарскім ордэне, які я аднаўляю? Я, Санчо, хачу, каб ты расказаў мне пра гэта, не перавялічваючы добрае і не хаваючы ні на іёту дрэннае, бо абавязак верных васалаў заўсёды гаварыць сваім сен’ёрам праўду, не падфарбоўваючы яе ліслівасцю і не хаваючы нічога па іншых марных меркаваннях.

— Зраблю гэта ахвотна, сен’ёр мой. Але ваша міласць не раззлуецца, калі я раскажу вам голую праўду, не накідваючы на яе вопраткі, апрача той, у якой яна дайшла да мяне?

— Ніякім чынам не раззлуюся. Ты можаш гаварыць, што хочаш, Санчо.

— Такім чынам, перш-на-перш скажу: сяляне лічаць вашу міласць за найвялікшага вар’ята, а мяне за такога-ж прастака. Ідальго кажуць, што міласць ваша, не абмяжоўваючыся межамі ідальгіі, прысвоіла сабе тытул „дон“ і пераскочыла ў кабальеро, у якіх няма ў шчыце герба, якія чэрняць дымам чаравікі свае і ладзяць чорныя шкарпэткі зялёным шоўкам.

— Усё гэта, — сказаў Дон-Кіхот, — не мае дачынення да мяне, бо я заўсёды добра апрануты і ніколі ў мяне не бывае лапікаў, можа што і падрана ў мяне, але хутчэй ад шморгання зброі, як ад часу.

— Што-ж тычыцца харобрасці, ветлівасці і ўчынкаў вашай міласці, думкі разыходзяцца: адны кажуць — вар’ят, але цікавы; другія — харобры, але няўдалы, трэція — ветлівы, але дзёрзкі. Тут столькі балбатні аб розных рэчах, што ні ў вашай міласці, ні ў мяне яны не пакінулі жывой костачкі.

— Заўваж, Санчо, — заспакоіў яго Дон-Кіхот, — выдатную добрадзейнасць заўсёды праследуюць. Ніхто з славутых людзей мінулых стагоддзяў не мог схавацца ад джала паклёпу і злосці. Юлій Цэзар — самы мужны, разумны і харобры з усіх правадыроў — быў абвешчаны ганарлівым і не зусім чыстым як у вопратцы, так і ў звычаях. Пра Аляксандра Вялікага гаварылі, што ён мае нахіл на п’янства. Пра Геркулеса, зрабіўшага столькі вялікіх учынкаў, апавядаюць, нібы ён быў спешчаным. Сярод такога мноства паклёпаў на добрых людзей, на гутаркі, якія распаўсюджваюцца пра мяне, не варта звяртаць увагі, калі толькі гэта не больш таго, што ты мне паведаміў.

— Вось тут і загвоздка, клянуся целам майго бацькі!

— Значыць, ёсць яшчэ нешта?

— Застаецца яшчэ садраць скуру з хваста[3]. Тое, што я сказаў, толькі салодкі торт і пернікі. Калі ваша міласць хоча ведаць усё, я адразу прывяду сюды чалавека, які раскажа вам пра ўсё, не прапусціўшы ні на грош. Сёння ўначы прыехаў сын Барталамео Караско, які вучыўся ў Саламанцы; цяпер ён бакалаўр. Ён мне сказаў, што гісторыя вашай міласці ўжо вышла з друку і мае назву: „Дасціпны ідальго Дон-Кіхот Ламанчскі“. Там успамянулі і пра мяне пад маім сапраўдным імем Санчо Панса, пра сен’ёру Дульсінею і пра іншыя рэчы, якія адбываліся ў нас з вамі адзін-на-адзін. Ніяк не ўцямлю, якім чынам той, хто напісаў гісторыю, мог даведацца пра ўсе нашы справы.

— Запэўняю цябе, Санчо, што аўтар нашай гісторыі, напэўна, які-небудзь мудры чараўнік. Толькі для іх нічога не можа быць схаваным з таго, што яны захочуць даведацца.

— Вельмі можа быць, — адказаў Санчо. — Але калі ваша міласць захоча, каб я прывёў сюды бакалаўра, дык я збегаю па яго.

— Ты гэтым зробіш мне вялікую ласку, сябра.

Санчо адразу-ж пайшоў шукаць бакалаўра, з якім хутка вярнуўся.


РАЗДЗЕЛ III
Пра смешную гутарку, якая адбылася між Дон-Кіхотам, Санчо Панса і бакалаўрам Сансонам Караско

Дон-Кіхот сядзеў, глыбока задумаўшыся, чакаючы бакалаўра Караско, ад якога спадзяваўся пачуць навіны пра самога сябе, надрукаваныя ў кнізе, як казаў Санчо. Ён не мог паверыць, што гісторыя гэта сапраўды існуе. Няўжо кроў забітых ім ворагаў не паспела яшчэ высахнуць на лязы яго мяча, а яго высокія рыцарскія ўчынкі ўжо з’явіліся ў друку? Напэўна, які-небудзь мудрэц з дапамогаю чараўніцтва надрукаваў іх. Ва ўсякім выпадку, калі падобная гісторыя існуе, дык, паколькі ў ёй гутарка ідзе пра вандроўнага рыцара, яна не можа не быць узвышанай, дзівоснай і праўдзівай. Думка гэтая некалькі заспакоіла яго, але ён зноў занепакоіўся, баючыся, што ў кнізе пра каханне яго гаворыцца некалькі непрыстойна — да знявагі добрага імені яго сен’ёры Дульсінеі Табоскай. Ён хацеў-бы, каб там было абвешчана пра вернасць і павагу, якія ён заўсёды да яе хаваў, стрымліваючы парывы сваіх прыродных імкненняў.

Занятага гэтымі і многімі іншымі думкамі знайшлі яго Санчо і Караско. Дон-Кіхот прыняў іх з вялікай ветлівасцю.

Бакалаўр, якога звалі Сансонам, быў не вельмі вялікага росту, хаця і вельмі вялікі балаўнік; бледны, круглатвары, з плоскім носам і вялікім ротам, ён меў усе адзнакі шкодных заган і нахілаў да кпінаў і жартаў. Убачыўшы Дон-Кіхота, ён паваліўся перад ім на калені, кажучы:

— Дайце мне, сен’ёр Дон-Кіхот Ламанчскі, вашу руку, бо, клянуся, міласць ваша — адзін з самых славутых вандроўных рыцараў, якія толькі існавалі або маглі існаваць ва ўсім свеце. Добра зрабіў аўтар, напісаўшы гісторыю вашых учынкаў; яшчэ лепш зрабіў той знаўца справы, які пераклаў гэтую гісторыю з арабскай на простую нашу кастыльскую мову для забавы чалавецтаа ўсяго свету.

Дон-Кіхот прымусіў яго падняцца і сказаў яму:

— Значыць, праўда, што ёсць гісторыя пра мяне, якую склаў мудрэц?

— Так, сен’ёр, і гэтая кніга вадрукавана ў Партугаліі, Барселоне і Валенсіі. Ёсць нават весткі, што яе друкуюць у Антверпене, і я ўпэўнены, не будзе мовы на свеце, на якую-б яе не пераклалі.

— Адна з рэчаў, — сказаў Дон-Кіхот, — якая можа даць найбольшую асалоду добрадзейнаму і выдатнаму чалавеку, гэта — бачыць сябе яшчэ ў час жыцця надрукаваным з добрым іменем ва вуснах людзей. Я падкрэсліваю — з добрым іменем, бо ў адваротным выпадку ніякая смерць не магла-б параўнацца з гэтым.

— Калі справа ідзе пра добрае імя, — горача сказаў бакалаўр, — дык ваша міласць атрымала пальму пяршынства перад усімі вандроўнымі рыцарамі. І аўтар і перакладчык надзвычайна ярка паказалі харобрасць вашай міласці, адвагу ў небяспецы, цярплівасць у пакутах, мужнасць ў няшчасці, а таксама чыстату і стрыманасць у такім платанічным каханні вашай міласці да сен’ёры дон’і Дульсінеі Табоскай.

— Ніколі я не чуў, — сказаў Санчо Панса, — каб сен’ёру Дульсінею называлі „дон’яй“. Яе завуць проста сен’ёра Дульсінея Табоская і ў гэтым гісторыя, безумоўна, памыляецца.

— Гэтае супярэчанне не мае вялікага значэння, — сказаў Караско.

— Вядома, не мае, — пацвердзіў Дон-Кіхот. — Але скажыце мне, сен’ёр бакалаўр, якія з маіх учынкаў праслаўляюцца больш за іншыя ў гэтай гісторыі.

— Адносна гэтага існуюць розныя думкі; і густ-жа бывае розны: адны ставяць вышэй за ўсё прыгоду з ветракамі, якія ваша міласць палічыла за гігантаў, другія аддаюць перавагу прыгодзе з вальцоўкамі. Адным падабаецца эпізод з двума войскамі, якія былі двума статкамі баранаў; другія захапляюцца гісторыяй з трупам, які везлі хаваць у Сеговію, некаторыя аддаюць перавагу вызваленню галерных нявольнікаў, а іншыя сцвярджаюць, што нічога не можа параўнацца з двума волатамі-бенедыктынцамі і бойкай з харобрым біскайцам.

— Скажыце мне, сен’ёр бакалаўр, — сказаў тады Санчо, — ці ўвайшла таксама ў гісторыю прыгода з янгуэсцамі, калі вашаму добраму Расінантэ захацелася троху пагуляць?

— Нічога мудрэц не пакінуў на дне чарнільніцы. Ён гаворыць пра ўсё, нават і пра скачкі добрага Санчо на коўдры, калі яго падкідвалі на ёй.

— На коўдры я не рабіў скачкоў, — засупярэчыў Санчо. — На паветры рабіў іх, і нават больш, як хацеў-бы.

— Я думаю, — зусім слушна заўважыў Дон-Кіхот, — што няма такой чалавечай гісторыі, у якой не было-б зменнасці, асабліва-ж у тых гісторыях, дзе гутарка ідзе пра рыцараў, у якіх не могуць быць заўсёды адны толькі паспяховыя прыгоды.

— Тым не менш, — адказаў бакалаўр, — некаторыя чытачы кажуць, што былі-б рады, калі-б аўтар змаўчаў пра частку палачных удараў, атрыманых Дон-Кіхотам у час розных яго боек і сутычак.

— Тут ужо ўступае ў сілу праўдзівасць гісторыі, — заўважыў Санчо.

— Але аўтар, па справядлівасці, усё-ж мог-бы не казаць пра гэтыя ўдары, — сказаў Дон-Кіхот, — бо няма патрэбы запісваць дзеянні, якія не змяняюць і не скрыўляюць гістарычнай праўды, а толькі вядуць да знявагі героя.

— Гэта так, — засупярэчыў Сансон, — але адна справа пісаць як паэт, другая — пісаць як гісторык. Паэт можа расказаць або васпець падзеі не так, як яны былі, а як яны павінны былі-б быць, гісторык-жа павінен паказваць іх, нічога не дадаючы і не хаваючы ісціны.

— Калі гэты сен’ёр аўтар апісвае адну толькі праўду, — сказаў Санчо, — дык, напэўна, сярод палачных удараў, атрыманых маім панам, знойдуцца і атрыманыя мною: кожны-ж раз, калі бралі мерку спіны майго пана, яе бралі з усяго майго цела. Між іншым, тут няма чаму здзіўляцца, бо, як гаворыць сам сен’ёр мой, боль галавы павінны падзяляць і члены цела.

— Вы хітры, Санчо, — сказаў Дон-Кіхот, — кажучы сумленна, у вас няма недахопу ў памяці, калі вы гэтага захочаце.

— Калі-б я хацеў запамятаваць атрыманыя мною палачныя ўдары, гэтага не дапусцілі-б сінякі, якія яшчэ выразна відаць на маіх рэбрах.

— Маўчыце, Санчо, не перабівайце сен’ёра бакалаўра, якога я прашу прадаўжаць апавяданне пра тое, што гаворыцца ў гэтай гісторыі пра мяне.

— І пра мяне, — сказаў Санчо, — бо, кажуць, і я там адзін з галоўных герояў.

— Зусім правільна, — адказаў бакалаўр. — Вы, Санчо, другая асоба ў гісторыі; ёсць нават людзі, якія аддаюць перавагу слухаць вашыя прамовы больш, як чые-б там ні было ў кнізе. Праўда, некаторыя чытачы кажуць, нібыта вы былі праз меру лёгкадумнымі, прыняўшы на веру губернатарства вострава, абяцанае вам сен’ёрам Дон-Кіхотам.

— Яшчэ сонца відаць на верхавіне паркана[4], — сказаў Дон-Кіхот. — Санчо робіцца старэйшым і, дзякуючы вопыту, які даецца з гадамі, усё больш і больш набывае здольнасць і прыгоднасць для губернатарства.

— Даю слова гонару, сен’ёр, — адказаў Санчо, — востравам, якім я не магу кіраваць у цяперашнія мае гады, я не змагу кіраваць, дажыўшы і да год Мафусаіла. Няшчасце ў тым, што гэты востраў застраў няведама дзе, а не ў тым, каб у мяне нехапіла мазгоў кіраваць ім. Бачыў я тут губернатараў, якія, на мой погляд, не варты падэшвы маіх чаравікаў, тым не менш іх велічаюць сен’ёрамі, і яны абедаюць на срэбры.

— Гэта не губернатары астравоў, — сказаў Сансон, а другіх губернатарстваў, якімі лёгка кіраваць, бо губернатары, кіруючыя астравамі, павінны, прынамсі, ведаць граматыку.

— „Грам“[5], — сказаў Санчо, — гэта яшчэ куды ні ішло, але ад „тыкі“ я адмаўляюся, бо не разумею гэтага слова. Аднак я скажу, сен’ёр бакалаўр, мне вельмі прыемна, што аўтар гісторыі не гаварыў пра мяне нічога крыўднага.

— Баюся толькі, — заўважыў Дон-Кіхот, — каб аўтар гэтай гісторыі не быў падобны да аднаго мастака, які на запытанне, што ён малюе, адказаў: „тое, што выйдзе“. Аднойчы ён намаляваў такога непадобнага пеўня, што побач давялося зрабіць надпіс гатычнымі літарамі: „гэта певень“. Вось і для маёй гісторыі, напэўна, будзе патрэбен каментарый, каб яе маглі зразумець.

— Ну, не, — адказаў Сансон, — яна такая зразумелая, што нічога цяжкога ў ёй не знайсці. Яе чытаюць і малыя і старыя і так добра разумеюць, што, як толькі ўбачаць якую-небудзь худую клячу, усе ў адзін голас гавораць: „Вось Расінантэ“. Няма ніводнага дома, дзе не было-б „Дон-Кіхота“; не паспее адзін выпусціць кнігу з рук, як другі ўжо бярэ яе, некаторыя адбіраюць яе сілай, другія просяць даць. Адным словам, гэтая гісторыя — адна з найбольш прыемных і найменш непрыстойных забаў; у ёй няма і ценю непрыстойнага слова…

— Пісаць інакш, — перабіў яго Дон-Кіхот, — азначала-б пісаць не праўду, а хлусню. Тых-жа гісторыкаў, якія нахабна хлусяць, варта-б спальваць, як фальшываманетчыкаў, але я не ведаю, што прымусіла аўтара ўзяцца за навелы і пабочныя апавяданні, калі ў яго было так многа сказаць пра мяне: калі-б ён толькі выклаў мае думкі, уздыханні, слёзы, добрыя намеры і справы, дык атрымаўся-б велізарнейшы том. Для стварэння гісторыі і кніг, якога-б там ні было сорту, патрэбен шырокі кругагляд і спелае меркаванне; гаварыце дасціпныя жарты і пісаць з гумарам — лёс выдатных талентаў. Самая прыгожая фігура ў п’есе — фігура жартаўніка, бо той, хто хоча здавацца прастаком, не павінен ім быць. Гісторыя — свяшчэнная рэч, бо яна павінна быць праўдзівай. Тым не менш бываюць аўтары, якія складаюць і выдаюць кнігі, нібы пякуць бліны.

— У кожнай кнізе, — сказаў бакалаўр, — нават у дрэннай, ёсць што-небудзь добрае. Пад вялікую рызыку падупадае той, хто друкуе кнігу, бо самае немажлівае — скласці яе так, каб яна падабалася ўсім, хто яе прачытае.

— Напэўна, тая, у якой ідзе гутарка пра мяне, — сказаў Дон-Кіхот, — мала каму спадабалася.

— Хутчэй наадварот, бо хоць і многа дурняў, але таксама многа і тых, якім спадабалася гэтая гісторыя. Між іншым, некаторыя скардзіліся на недахоп памяці ў аўтара, бо ён забыў расказаць, хто ўкраў Шэрага ў Санчо. Потым хутка пасля зладзейства мы бачым Санчо вярхом на тым-жа асле, хаця невядома адкуль ён у яго ўзяўся. Аўтар запамятаў таксама паведаміць, што зрабіў Санчо з той сотняй чырвонцаў, якія ён знайшоў у ручным чамадане ў Сіера-Марэне, бо пра іх нідзе больш не ўспамінаецца, а многім хацелася-б ведаць, на што ён іх патраціў. Гэта — адзін з галоўных недахопаў у кнізе.

— Сен’ёр Сансон, — сказаў на гэта Санчо, — мне цяпер нельга пачаць расказваць, бо я адчуваю вельмі вялікую слабасць у страўніку. Мая птаха чакае мяне дома. Скончыўшы есці, я вярнуся і задаволю вашу міласць і ўвесь свет адносна ўсяго, што вы хочаце запытаць — як аб прапажы асла, так і пра выдаткаванне сотні чырвонцаў.

І, не чакаючы адказу, Санчо пайшоў дахаты.

Дон-Кіхот настойваў, каб бакалаўр не пакідаў яго і паабедаў разам з ім. Бакалаўр прыняў запрашэнне і астаўся. За абедам гутарка ішла аб рыцарстве, пры гэтым Караско падрабляўся ўвесь час пад дзівацтвы Дон-Кіхота.

Калі абед скончыўся, і Санчо вярнуўся, гутарка аднавілася.


РАЗДЗЕЛ IV,
у якім Санчо Панса дае тлумачэнне на ўсе запытанні і сумненні бакалаўра Сансона Караско. Апрача таго, у ім паведамляецца і пра іншыя здарэнні, заслугоўваючыя таго, каб іх паслухаць

Такім чынам, сен’ёру незразумела, — пачаў Санчо Панса, звяртаючыся да бакалаўра, — як, калі і хто ўкраў майго асла. Гэта здарылася ў тую самую ноч, калі мы накіраваліся ў горы Сіера-Марэна. Пасля няшчаснай прыгоды з галернымі нявольнікамі і прыгоды з трупам, які везлі ў Сеговію, мой сен’ёр і я схаваліся ў гушчары. Абодва змораныя і пабітыя ў нядаўняй бойцы, мы так заснулі, нібы ляжалі на чатырох пухавіках. Асабліва я спаў такім моцным сном, што нехта, — хто-б ён ні быў, — меў мажлівасць падыйсці да мяне, падставіць пад мяне чатыры падпоркі, замацаваўшы на іх чатыры вуглы ўючнага сядла. Я і застаўся ляжаць на сядле, а ён вывеў з-пад мяне Шэрага так, што я не пачуў гэтага.

Прышла раніца, і не паспеў я, прачнуўшыся, пацягнуцца, як падпоркі пада мною рассунуліся, і я з гулам паваліўся на зямлю. Я паглядзеў, дзе мой асёл, але яго не было. Слёзы паказаліся на маіх вачах. Я пачаў так скардзіцца, што калі аўтар нашай гісторыі не змясціў гэтага ў сваёй кнізе, то вельмі многа страціў. Праз некалькі дзён, калі мы ехалі з сен’ёрай прынцэсай Мікаміконай, я апазнаў майго асла. На ім у цыганскай вопратцы ехаў Хінес дэ-Пасамонтэ, ашуканец і найвялікшы жулік, якога мы, мой пан і я, вызвалілі ад кайданоў…

— Не ў гэтым памылка, — перабіў яго Сансон, — а ў тым, што раней, як асёл знайшоўся, Санчо ўжо ехаў на Шэрым.

— На гэта, — сказаў Санчо, — не ведаю, што адказаць. Напэўна, аўтар гісторыі памыліўся, або гэта недагляд наборшчыка.

— Так яно, напэўна, і ёсць, — згадзіўся Сансон. — Але што-ж зрабілася з той сотняй чырвонцаў?

— Яны выдаткаваны, — нездаволена адказаў Санчо. — Я патраціў іх на карысць уласнай маёй асобы і на карысць маёй жонкі і маіх дзяцей. Толькі дзякуючы гэтым грошам жонка мая аднеслася спакойна да вандраванняў і раз’ездаў маіх па службе ў сен’ёра Дон-Кіхота. Калі-б пасля такой даўгой адсутнасці я вярнуўся дахаты без граша і без асла, страшэнная завіруха чакала-б мяне тут. А наогул кажучы, нікому няма справы ўмешвацца ў тое, браў я што або не браў, траціў або не траціў. Калі-б за ўдары, атрыманыя мною ў час гэтых вандраванняў, заплацілі грашыма, хаця-б па чатыры мараведысы за кожны ўдар, — новай сотні чырвонцаў было-б мала, каб заплаціць мне толькі за палову атрыманых мною ўдараў. Няхай усе зразумеюць гэта, бо кожны чалавек такі, які ён ёсць, а часта нават і горш таго.

— Я паклапачуся, — заявіў Караско, — папярэдзіць аўтар гісторыі, калі ён яе зноў надрукуе, не запамятаваць таго, што сказаў добры Санчо?

— Можа аўтар абяцае і другую частку? — запытаў Дон-Кіхот.

— Так, абяцае, — адказаў Сансон, — але гаворыць, што ён яшчэ не знайшоў яе. Некаторыя кажуць, нібыта другія часткі ніколі не бываюць добрымі, а другія — што ўжо многа пісалі пра Дон-Кіхота, але ўсё-ж вельмі многія кажуць: давайце нам як мага больш дон-кіхоцтва…

— А што-ж парашыў рабіць аўтар?

— Як толькі ён знойдзе другую частку гісторыі, якую ён з вялікай упартасцю шукае, ён адразу-ж аддасць яе ў друк. Да таго-ж яго прымушае хутчэй чакаемая ім карысць, чымся жаданне якіх-бы там ні было пахвал.

— Такім чынам, аўтар разлічвае на грошы і на карысць! — сказаў Санчо. — Было-б цудам, каб ён дасягнуў гэтага, бо Ў яго ў галаве адно: спяшацца, спяшацца, накшталт краўца напярэдадні вялікадня, а работа наспех ніколі не можа дайсці да вышыні. Няхай гэты сен’ёр паклапоціцца пра тое, што ён робіць, бо я і мой сен’ёр дамо яму столькі матэрыялу ў рукі, прыгод і розных здарэнняў, што ён можа скласці не толькі другую частку, а сотні частак. Калі-б мой пан паслухаўся маёй парады, мы ўжо былі-б з ім у адкрытым полі, знішчаючы зло і выпраўляючы крыўды, узнагароджваючы добрых і караючы злых, як гэта ў звычаі ў добрых вандроўных рыцараў.

Толькі Санчо прамовіў гэтыя словы, як пачулася іржанне Расінантэ, якое здалося Дон-Кіхоту такой шчаслівай адзнакай, што ён парашыў зрабіць новы выезд дні праз тры або чытыры.

Паведаміўшы пра свой намер бакалаўру, Дон-Кіхот прасіў у яго парады, у які бок яму варта паехаць у гэты раз.

Той адказаў, што, па яго думцы, варта-б паехаць у Арагонскае каралеўства, у горад Сарагосу. Там праз некаторы час, у свята Георгія, павінны адбыцца ўрачыстыя турніры. На іх ён можа пакрыць сябе славай, перамагчы ўсіх арагонскіх рыцараў, што азначала-б перамагчы рыцараў ўсяго свету. Бакалаўр хваліў Дон-Кіхота, паважнае і харобрае яго рашэнне. Ён прасіў яго быць асцярожным пры сустрэчы з небяспекай, бо яго жыццё належыць не яму, а ўсім тым, хто мае патрэбу ў яго абароне і падтрымцы.

— Я заўсёды прашу яго пра гэта, сен’ёр Сансон, — сказаў тут Санчо, — бо мой пан кідаецца на сотню ўзброеных людзей, як прагны хлапчук на поўтузіну гарбузоў. Клянуся ўсім светам, сен’ёр бакалаўр, ёсць час, калі трэба нападаць, і ёсць час, калі трэба адступаць. Сапраўдная мужнасць, як гаворыць мой пан, знаходзіцца між двума крайнасцямі — баязлівасцю і безразважнай адвагай. Але раней за ўсё папярэджваю майго пана: калі ён возьме мяне з сабой, дык усё, што мае дачыненне да боек, ён бярэ на сябе аднаго, а я абавязаны толькі даглядаць яго асобу, клапаціцца пра чыстату і забеспячэнне яго ежай. Я, сен’ёр Сансон, не імкнуся набыць славу харобрага, а толькі лепшага і найбольш адданага з зброеносцаў, калі-небудзь служыўшых вандроўнаму рыцару. Калі пан мой Дон-Кіхот захацеў-бы даць мне які-небудзь востраў з тых шматлікіх астравоў, якія ён павінен недзе там сустрэць, буду яму вельмі ўдзячны. Калі-ж ён не дасць мне вострава, я застануся тым-жа, чым я нарадзіўся, і хлеб мой здасца мне такім-жа смачным і нават можа яшчэ смачнейшы без губернатарства. Санчо я нарадзіўся, Санчо і думаю памерці.

— Вы, брат Санчо, — сказаў Караско, — гаварылі, як прафесар з кафедры. Спадзявайцеся на вашага сен’ёра Дон-Кіхота, які вам дасць не толькі востраў але і цэлае каралеўства.

— Гэта відаць будзе потым, — сказаў Дон-Кіхот і папрасіў бакалаўра, калі ён паэт, скласці якія-небудзь вершы з прычыны разлукі з сен’ёрай Дульсінеяй Табоскай.

Бакалаўр адказаў, што паспрабуе гэта зрабіць, хаця і не належыць да ліку славутых іспанскіх паэтаў, якіх, як кажуць, не больш трох з паловай.

Вырашана было, што ад’езд рыцара адбудзецца праз восем дзён.

Дон-Кіхот прасіў бакалаўра захаваць гэта ў сакрэце, асабліва ад пляменніцы і ахмістрыні, каб яны не перашкодзілі ажыццявіць благароднае і харобрае рашэнне.

Усё гэта Караско абяцаў і потым развітаўся, папрасіўшы Дон-Кіхота паведамляць яму пры зручным выпадку пра ўсе свае ўдачы і незадачы.

Санчо таксама пайшоў падрыхтоўваць усё неабходнае для іхняга падарожжа.


РАЗДЗЕЛ V
Пра дасціпную і цікавую гутарку, якая адбылася ў Санчо Панса з яго жонкай, Тэрэсай Панса, а таксама і пра іншыя падзеі, заслугоўваючыя прыемнага ўспаміну

Дайшоўшы да пятага раздзела, перакладчык гэтай гісторыі абвяшчае, што ён лічыць яе фальшывай, бо Санчо Панса гаворыць тут іншым складам, як можна было-б чакаць ад яго нязначнага розуму, і гаворыць рэчы такія тонкія, якіх ён не можа ведаць. Але, тым не менш, каб выканаць узяты ім на сябе абавязак, перакладчык не спыняе работы.

Санчо вярнуўся дахаты такі задаволены і вясёлы, што яго жонка прыкмеціла радасць яго ўжо на адлегласці палёту стралы, і гэта прымусіла яе запытаць яго:

— Што з вамі, сябра Санчо? Чаму вы такі вясёлы?

— Жонка, калі-б можа было, я быў-бы вельмі рады не быць такім вясёлым, якім я вам здаюся!

— Не разумею, муж мой, што вы хочаце сказаць гэтым! Хаця я і дурная, але не ведаю, як можна знаходзіць здавальненне ў тым, каб не мець здавальнення.

— Вось што, Тэрэса, я вясёлы таму, што парашыў зноў паступіць на службу да майго пана Дон-Кіхота. Я зноў еду з ім, бо мяне прымушпаюць зрабіць гэта беднасць і надзея, што я магу знайсці другую сотню чырвонцаў, зусім падобную да той, якую мы патрацілі. Калі-б я мог мець хлеб, седзячы дома, дык радасць мая была-б больш поўнай і больш сапраўднай. А цяперашняя мая радасць змешана з горам разлукі з табой. З гэтай прычыны я і сказаў, што быў-бы рады, калі-б не быў такім вясёлым.

— Слухайце, Санчо, з таго часу, як вы зрабіліся членам вандроўнага рыцарства, вы гаворыце так дзіўна, што ніхто не можа вас зразумець.

— Таму, каму патрэбна, зразумее мяне, — адказаў Санчо, — а покуль не запамятайце добра даглядаць Шэрага, каб ён мог несці зброю. Майце на ўвазе, што мы едзем не на вяселле, а будзем валацужыць па свеце, уступаць убойкі з волатамі, драконамі і зданямі, слухаць свіст, рэў, завыванне і мычанне. Калі-б я не спадзяваўся ў хуткім часе зрабіцца губернатарам вострава, дык адразу-б паваліўся мёртвым.

— Ну, не, муж мой! — спалохалася Тэрэса. — Жывіце, калі ласка, і нвяхай возьме чорт усе губернатарствы, колькі-б іх ні было на свеце. Без губернатарства вышлі вы з вантробы свае маткі, без губернатарства жылі да гэтага часу і без губернатарства пойдзеце або вас панясуць у магілу. Колькі такіх, якія абыходзяцца без губернатарства і з-за гэтага зусім не адмаўляюцца жыць. Лепшая прыправа на свеце — голад, а ў бедных у ім няма недастачы; з гэтай прычыны яны ядуць з здавальненнем. Толькі глядзіце, Санчо, калі б вам выпадкова трапіла ў рукі губернатарства, не запамятайце мяне і вашых дзяцей. Звярніце ўвагу, што Санчыко ўжо споўнілася пятнаццаць год і яму варта-б хадзіць у школу. Не запамятайце, што Марысанча, ваша дачка, не памрэ ад крыўды, калі мы яе выдадзім замуж. Мне таксама здаецца, што яна не менш хоча сабе мужа, як вы — губернатарства.

— Кажучы сумленна, калі я атрымаю што-небудзь накшталт губернатарства, я спадзяюся, жонка мая, выдаць Марысанчу так бліскуча, каб ніхто не падступаўся да яе інакш, як называючы яе „ваша сен’ёрыя“.

— Не, не, Санчо, выдайце яе замуж за роўнага ёй, і гэта будзе разумней за ўсё.

— Маўчы, дурная! — сказаў Санчо. — Самае важнае, каб яна была „ваша сен’ёрыя“, а там няхай будзе, што будзе.

— Трымайцеся, Санчо, свайго стану! Калі вы выдадзіце нашу Марыю замуж за якога-небудзь графішча або рыцарышча, дык ён, калі ям прыдзе ў галаву, будзе дрэнна абыходзіцца з ёю, крыўдзіць яе і называць мужычкай, дачкой падзёншчыка-селяніна і беднай прахі. Не, не бываць гэтаму, муж, покуль я жывая! Даставайце грошы, Санчо, а ўжо замужства вашай дачкі перадайце мне. Тут у нас ёсць Лопе Точо, здаровы, дзябёлы хлопец, і мы ведаем, што ён заглядаецца на дзяўчыну.

— Ідзі-ка сюды, жывёла, — сказаў Санчо. — Ці бачыш, Тэрэса, я заўсёды чуў ад старэйшых, што той, хто не ўмеў карыстацца шчасцем, калі яно падыйдзе да яго, не павінен скардзіцца, калі яно пройдзе міма яго. Хіба не разумееш ты, жывёла, як было-б добра, каб я так проста і нырнуў у якое-небудзь выгаднае губернатарства. Цябе будуць называць „дон’я Тэрэса Панса…“ Між іншым, не будзем больш гаварыць пра гэта, бо Марысанча павінна быць графіняй, як-бы ты ні імкнулася адбіць мяне ад гэтага!

— Ці ведаеце вы, што гаворыце, муж! — запыталася Тэрэса. — Баюся я, каб гэтае графства мае дачкі не было яе пагібеллю. Рабіце, што хочаце з яе, але гэта не будзе з маёй волі і згоды. У час хрышчэння назвалі мяне Тэрэсай ясна і проста, без ніякіх падвесак, бахромак і ўпрыгожванняў накшталт „дон“ або „дон’я“. Бацьку майго звалі Каскахо, і, з той прычыны, што я — ваша жонка, мяне завуць Тэрэса Панса, хаця, уласна кажучы, трэ’ было-б зваць Тэрэсай Каскахо. Вы, брат, ідзіце сабе і рабіцеся губернатарствам або востравам і ганарыцеся направа і налева, але ні дачка мая, ні я не пойдзем ні на крок з нашай вёскі: сумленная жанчына, нібы з паламанай нагой, сядзіць заўсёды дома, а для добрадзейнай дзяўчыны працаваць — свята. Ідзіце са сваім Дон-Кіхотам, куды хочаце, невядома толькі, хто прычапіў яму гэтага „дона“, якога не было ні ў яго бацькі, ні ў дзеда.

— Цяпер скажу, — засупярэчыў Санчо, — што ў табе сядзіць які-небудзь злы дух! Жанчына! Колькі ты нанізала адну на адну рэчаў, у якіх няма ні галавы, ні ног! Якое дачыненне маюць Каскахо, падвескі, бахромкі і ганарлівасць да таго, што я кажу? Калі-б я сказаў, каб дачка мая кінулася з вежы ўніз галавой, ты мела-б прычыну не згаджацца са мной, але калі я за дзве хвіліны прычаплю ёй і „дон’ю“ і „сен’ёрыю“, калі лёс з лагчыны ніжэйшага стану ўзнясе яе на вяршыню шчасця, дык будзь упэўнена, ніхто не ўспомніць, кім яна была раней.

— Не разумею вас, муж мой. Рабіце, што хочаце, і не дурыце мне галавы вашымі казаннямі. Калі вы прышлі ўжо да такой рэволюцыі, як гаворыце…

— Рэзалюцыі, павінна ты сказаць, жонка, — перабіў яе Санчо, — а не рэволюцыі.

— Толькі не спрачайцеся са мной, муж, — дказала Тэрэса. — Я кажу, калі вы спадзяецеся быць губернатарам, дык вазьміце з собой свайго сына, Санча, і адразу-ж вучыце яго губернатарству, бо вельмі добра, каб дзеці наследвалі і ведалі рамяство сваіх бацькоў.

— Калі я атрымаю губернатарства, я адразу-ж загадаю прывезці яго па пошце, я табе прышлю грошы. У мяне не будзе ў іх недастачы, бо заўсёды знойдуцца людзі, якія пазычаць губернатару. Такім чынам, мы з табой згодны ў тым, што ваша дачка павінна быць графіняй?

— Той дзень, калі я ўбачу яе графіняй, я палічу днём яе хаўтур.

Сказаўшы гэта, Тэрэса заплакала такімі горкімі слязмі, нібы ўжо бачыла перад сабою сваю Марысанчу мёртвай і пахаванай. Санчо, заспакойваючы яе, сказаў, што калі ён і зробіць з дачкі графіню, дык пастараецца, каб гэта было як можна пазней.

На гэтым і скончылася іхняя гутарка.

А Санчо вярнуўся да Дон-Кіхота, каб пачаць падрыхтоўку да ад’езду.


РАЗДЗЕЛ VI
Пра тое, што адбылося ў Дон-Кіхота з яго ахмістрыняй і пляменніцай, — адзін з самых важных раздзелаў ва ўсёй гісторыі

У той час, як Санчо Панса і жонка яго Тэрэса вялі між сабою недарэчную гутарку, пляменніца і ахмістрыня Дон-Кіхота здагадаліся, што ён збіраецца зноў вырвацца з дому і перайсці да выканання абавязкаў вандроўнага рыцара.

Яны спрабавалі адхіліць яго ад гэтага намеру ўсялякімі ўгаворамі.

— Сен’ёр мой, — казала ахмістрыня, — калі ваша міласць не хоча ўзяцца за розум і спакойна сядзець дома, дык мне застаецца толькі пайсці і прынесці скаргу каралю.

— Ахмістрыня, — слушна засупярэчыў Дон-Кіхот, — што адказаў-бы на гэта яго вялікасць, мне поўнасцю невядома. Ведаю толькі, што калі-б я быў каралём, я не адказаў бы на такія бязглуздыя просьбы.

— Скажыце, сен’ёр, а пры двары яго вялікасці няма рыцараў?

— Ёсць і вельмі многа. Яны неабходны для бляску каралеўскай вялікасці.

— Чаму-б і вам, ваша міласць, не зрабіцца адным з тых рыцараў, якія з усімі выгодамі служаць свайму каралю, жывучы пры двары?

— Бачыш, сябра, — сказаў Дон-Кіхот, — не ўсе рыцары могуць быць прыдворнымі і не ўсе прыдворныя павінны быць вандроўнымі рыцарамі. Прыдворныя, не пераступаючы парога палаца, вандруюць па ўсім свеце, толькі гледзячы на карту. А мы, сапраўдныя вандроўныя рыцары, і ў спякоту, і ў холад, пад адкрытым небам падупадаем пад непагоду і ўначы і ўдзень, вярхом і пехатою вымерваем усю зямлю ўласнымі крокамі. Мы ведаем ворага не толькі па малюнках, але змагаемся з ім пры кожным зручным выпадку. Усё гэта кажу я табе, ахмістрыня мая, каб ты бачыла розніцу між аднымі і другімі рыцарамі. Было-б вельмі добра, каб усе рыцары ставілі вышэй гэты другі, або, лепш сказаць, першы разрад вандроўных рыцараў.

— Ах, сен’ёр мой! — сказала тады пляменніца. — Усё, што вы гаворыце пра вандроўных рыцараў — байкі і хлусня.

— Клянуся, — раззлаваўся Дон-Кіхот, — калі-б ты не была маёй роднай пляменніцай, я пакараў-бы цябе за багахульства, якое ты сказала. Як! Ці мажліва, каб дзяўчынка адважвалася абвяргаць гісторыі вандроўных рыцараў? Што сказаў-бы сен’ёр Амадыс, калі-б ён гэта пачуў? Між іншым, ён, напэўна, дараваў-бы табе, бо ён быў самы ціхі і ветлівы з рыцараў свайго часу і самы гарачы абаронца дзяўчат. Але твае словы мог-бы пачуць і такі рыцар, ад якога табе давялося-б дрэнна. Не ўсе-ж рыцары ветлівыя і разважлівыя, ёсць між імі абібокі і нядобра выхаваныя. Трэба мець умельства распазнаваць гэтыя два рады рыцараў, так падобных па імені і так розных па дзейнічанню.

— Чаго вы толькі не ведаеце, сен’ёр дзядзька! А тым не менш, вы апынуліся ў такім вар’яцтве, што ўяўляеце сябе ваяўнічым — калі вы стары, дужым — калі вы слабы, а галоўнае — лічыце сябе рыцарам, не з’яўляючыся ім, бо ідальго могуць быць рыцарамі, але не тыя, хто бедныя.

— Многа праўды ў тым, што ты гаворыш, пляменніца, — адказаў Дон-Кіхот. — Для беднага рыцара няма іншага шляху праявіць сябе рыцарам, як толькі шлях добрадзейнасці: ён павінен быць ласкавым, добра выхаваным, ветлівым, велікадушным, павінен аказваць паслугі. Кожны, убачыўшы яго ўпрыгожаным вышэйазначанай добрадзейнасцю, будзе меркаваць пра яго, як пра чалавека добрага паходжання. Заўсёды пахвала была ўзнагародай добрадзейнасці. Два шляхі, дочкі мае, могуць прывесці людзей к дасягненню багацця і пашаны: адзін шлях — навука, другі — зброя. Я аддаю перавагу зброі перад навукай і вымушаны ісці па гэтай дарозе. Дарэмна пераконваеце мяне, каб я не хацеў таго, да чаго імкнуся ўсёй воляй. Я ведаю, што сцежка добрадзейнасці вельмі вузкая, а дарога зла шырокая і прасторная; ведаю, што мэта і канец іх розныя, бо шырокая і прасторная дарога зла канчаецца смерцю, а вузкая і цяжкая сцежка добрадзейнасці — бяссмерцем.

— Ах, няшчасная я! — усклікнула пляменніца.

Але ў гэты час пастукаўся ў дзверы Санчо. Пляменніца ўпусціла яго, а Дон-Кіхот вышаў да яго насустрач. Потым абодва яны безадкладна замкнуліся ў пакоі рыцара, дзе ў іх і адбылася другая гутарка, ні ў чым не горшая за першую.


РАЗДЗЕЛ VII
Пра тое, што адбылося ў Дон-Кіхота з яго зброеносцам, і пра іншыя ў вышэйшай ступені цікавыя падзеі

Як толькі ахмістрыня ўбачыла, што Санчо замкнуўся з яе панам, яна адразу-ж пайшла шукаць бакалаўра Сансона Караско.

Калі Караско ўбачыў яе, ён запытаў:

— Што гэта, сен’ёра ахмістрыня, здарылася ў вас?

— Нічога не здарылася, сен’ёр Сансон, апрача таго, што пан мой так і ломіцца…

— Як ломіцца, сен’ёра? Можа ён пашкодзіў сабе якую-небудзь частку цела?

— Не, не, ён ломіцца ў дзверы свайго вар’яцтва. Я хачу сказаць, бакалаўр душы маёй, што ён зноў кідае дом, каб шукаць на свеце сваіх прыгод. У першы раз яго прывезлі да вас ляжачым папярок асла, усяго пабітага; у другі раз ён прыехаў на вазу, запёрты ў клетку, куды, па яго словах, ён трапіў зачараваны. Ён быў худы, жоўты, з вачыма, уваленымі глыбока, да самых перагародак мозга. Для таго, каб вярнуць яму чалавечы выгляд, я пусціла больш шасцісот яек, як гэта вядома ўсяму свету і маім курам, якія не дадуць мне схлусіць.

— Гэтаму я ахвотна паверу, бо вашы куры такія тлустыя і добра выхаваныя, што яны ні за што не сказалі-б адной рэчы замест другой, калі-б нават і лопнулі з гэтай прычыны. Але вы не бойцеся, калі ласка. Ідзіце дахаты, а я прыду зараз да вас, і вы ўбачыце цуда.

— Гора маё! — сказала ахмістрыня і з гэтымі словамі пайшла, а бакалаўр адразу-ж накіраваўся да папа, каб параіцца з ім пра тое, пра што будзе паведамлена ў свой час.

Калі Дон-Кіхот і Санчо зачыніліся, між імі адбылася гутарка, якую гісторыя перадае з вялікай дакладнасцю і праўдзівасцю.

— Сен’ёр, — пачаў Санчо, — я ўжо абламаў маю жонку, так што яна адпускае мяне з вашай міласцю, куды вам захочацца.

— Ты, напэўна, хочаш сказаць „уламаў“, а не „абламаў“?!

— Ужо раз ці два я ўпрашаў вашу міласць не папраўляць маіх слоў, калі вы разумееце, што я хачу сказаць. Вам абавязкова хочацца збіць мяне з панталыку, каб пачуць яшчэ дзвесце недарэчнасцей!

— Ну, добра! Але што-ж гаворыць Тэрэса?

— Тэрэса гаворыць, каб я добра паклапаціўся пра свае інтарэсы, бо хто ўмовіцца наперад, з тым спакой будзе, а адно „бяры“ лепш двух „я дам табе“. Хаця жаночая парада і дурная, але хто не слухаецца яе, той неразумны.

— І я кажу тое-ж самае. Працягвайце, сябра Санчо, не спыняйцеся. Сёння з вашых вуснаў сыплюцца сапраўдныя пэрлы.

— Справа ў тым, што ўсе мы ходзім пад смерцю: за баранам ідзе і барашка ўслед. Ніхто не можа абяцаць табе многа гадзін жыцця, бо смерць глухая. Калі яна стукаецца ў дзверы нашага жыцця, яна заўсёды спяшаецца.

— Усё гэта правільна, — сказаў Дон-Кіхот, — але я не ведаю, да чаго ты хіліш.

— Я хілю да таго, каб ваша міласць прызначыла мне пэўную пенсію, якая будзе выплачвацца мне штомесяц з вашай маёмасці. Я не хачу залежаць ад ласкі, якая прыходзе або позна, або ніколі. Адным словам, я хачу ведаць, што я зарабляю, ці будзе гэта многа або мала, бо з многіх мала складаецца адно вялікае і, покуль тое-сёе набываецца, нічога не траціцца. А калі сапраўды здарыцца (чаму я не веру і чаго не чакаю), што ваша міласць падаруе мне востраў, я не настолькі няўдзячны. Я ацаню даход з гэтага вострава і вылічу з яго ў вашу карысць у пэўным памеры маю пенсію. Ваша міласць зразумела мяне?

— Я так добра зразумеў цябе, — адказаў Дон-Кіхот, — што яскрава бачу, куды ты цэліш бязлікімі стрэламі сваіх прыказак. Слухай, Санчо, я-б ахвотна даў табе пенсію, калі-б знайшоў у якой-небудзь з гісторый вандроўных рыцараў зазначэнне, колькі зброеносцы атрымлівалі штомесячна або штодня. Але я прачытаў большую частку рыцарскіх гісторый і не помню, каб які-небудзь рыцар прызначаў пэўную пенсію свайму зброеносцу: усе яны служылі з ласкі, але затое яны ўзнагароджваліся востравам або чым-небудзь іншым, такім-жа каштоўным. Калі вы, Санчо, здавальняючыся гэтымі надзеямі, згодны зноў паступіць да мяне на службу, — калі ласка! Адступіць-жа ад асвечанага часам старажытнага звычаю вандроўнага рыцарства я не магу. Так што, Санчо, вярніцеся да да сябе дахаты і растлумачце вашай Тэрэсе маё рашэнне. Калі вам не падабаецца быць пры мне на ласцы, мы, як і раней, застанемся добрымі сябрамі. У мяне не будзе недастачы ў зброеносцах, бо раз у галубятні няма недастачы ў карму, не будзе недастачы і ў галубах, а добрая надзея каштуе больш дрэннай маёмасці, як надзейны іск лепш дрэннай платы. Як бачыце, і я, як вы, магу выліць з сябе дождж прыказак.

Калі Санчо пачуў цвёрдае рашэнне свайго пана, неба пацямнела ў яго вачах, бо ён быў упэўнены, што без яго пан не паедзе ні за якія багацці на свеце. Покуль ён стаяў і думаў у нерашучасці, увайшоў Сансон Караско, а разам з ім ахмістрыня і пляменніца, згараўшыя ад жадання даведацца, якімі довадамі бакалаўр пераканае іхняга сен’ёра не накіроўвацца ў новыя пошукі прыгод. Сансон, гэты славуты прайдзісвет, падышоў да Дон-Кіхота і, абняўшы яго, гучна сказаў:

— О, гонар вандроўнага рыцарства! О, чэсць і люстра іспанскага народу! Няхай будзе так, каб тыя асобы, якія працівяцца трэцяму твайму выезду, самі не знайшлі выхаду з лабірынта сваіх жаданняў і ніколі не ўбачылі выканання свайго злога намеру.

Потым, звяртаючыся да ахмістрыні, ён сказаў: — Сен’ёра ахмістрыня, я ведаю, што сен’ёр Дон-Кіхот яшчэ раз ажыццявіць высокія і нечуваныя свае намеры. Я вельмі запляміў-бы сваё сумленне, калі-б не пачаў раіць гэтаму рыцару адразу-ж накіравацца ў дарогу. На ім ляжыць цяжкі і благародны абавязак ахоўваць чэсць дзяўчат і рабіць іншыя рэчы, накшталт гэтага, якія ўваходзяць у абавязак вандроўнага рыцара. Такім чынам, сен’ёр Дон-Кіхот мой, няхай лепш сёння, як заўтра, ваша міласць і ваша вялікасць накіроўваецца ў дарогу. Калі-б была патрэба служыць вашай вялікасці зброеносцам, я палічыў-бы гэта за найвялікшае шчасце для сябе.

Тады Дон-Кіхот, павярнуўшыся да Санчо, сказаў:

— Ці не сказаў я табе, Санчо, што ў мяне будзе больш зброеносцаў, як патрэбна мне! Бачыш, хто прапануе мне ім быць. Ніхто другі, як непараўнальны бакалаўр Сансон Караско, радасць слухачоў саламанскіх школ, здаровы целам, спрытны і гнуткі, маючы ўсе якасці, патрэбныя для зброеносца вандроўнага рыцара. Але я не павінен разбіваць калону вучонасці і сасуд навук: няхай сен’ёр Сансон астанецца на сваёй айчыне і пакрые гонарам сівізну старых бацькоў сваіх. А я знайду другога зброеносца, калі Санчо не захоча ехаць са мной.

— Не, мне хочацца! — адказаў расчулены Санчо. — Няхай не скажуць пра мяне, сен’ёр мой: хлеб падзялілі і адзін аднаго забілі. Я зразумеў жаданне ваша, сен’ёр, зрабіць мне ласку, і калі пачаў лічыць маю пенсію, дык зрабіў гэта толькі для таго, каб дагадзіць маёй жонцы. Але, урэшце-рэшт, мужчына павінен быць мужчынай, а з той прычыны, што я — мужчына ўсюды, чаго нельга адмаўляць, дык хачу ім быць і ў сябе дома. Такім чынам, няхай міласць ваша прывядзе ў парадак свой запавет і накіруемся адразу-ж у дарогу, каб не мучылася сумленне сен’ёра Караско. Я зноў буду служыць вашай міласці лепш, як усе зброеносцы, служыўшыя вандроўным рыцарам у мінулыя і цяперашнія часы.

Бакалаўр быў здзіўлены манерай гаварыць Санчо Панса. Хаця ён і чытаў першую частку гісторыі Дон-Кіхота, але не мог паверыць, каб Санчо быў сапраўды такім забаўным, якім там яго намалявалі. Дон-Кіхот і Санчо з ухвалы вялікага Караско, які з гэтага часу зрабіўся іхнім аракулам, парашылі, што праз тры дні адбудзецца іхні ад’езд.

За гэты час яны спадзяваліся знайсці сапраўдны шлём з забралам, які Дон-Кіхот, чаго-б там ні каштавала, павінен быў узяць з сабой.

Пляменніца і ахмістрыня засыпалі бакалаўра пракляццямі. Яны рвалі на сабе валасы, драпалі твар і плакалі з прычыны ад’езду свайго пана, нібы ён паміраў.

Мэта, якую паставіў перад сабой Сансон, пераконваючы Дон-Кіхота накіравацца ў новае вандраванне, будзе выкладзена далей, а зрабіў ён так па парадзе папа і цырульніка.

На працягу трох дзён Дон-Кіхот і Санчо назапасіліся ўсім неабходным. Калі Санчо сціхамірыў сваю жонку, а Дон-Кіхот — пляменніцу і ахмістрыню, яны з надыходам ночы накіраваліся па дарозе ў Табосо: Дон-Кіхот — на сваім добрым Расінантэ, а Санчо — на старым сваім Шэрым. Торбы іхнія былі туга напакаваны прадуктамі, а кашалёк — грашыма, якія Дон-Кіхот даў на хаванне Санчо.


РАЗДЗЕЛ VIII,
у якім гаворыцца пра тое, што здарылася з Дон-Кіхотам, ехаўшым на спатканне з сен’ёрай сваёй Дульсінеяй Табоскай.

Калі Дон-Кіхот і Санчо ад’ехалі ўжо на вялікую адлегласць ад свайго сяла, Расінантэ пачаў ірзаць, а Шэры — стагнаць. Абодва яны — і рыцар і зброеносец — палічылі гэта за шчаслівую адзнаку. Рэў і стогн Шэрага былі мацней за ірзанне каня, з чаго Санчо зрабіў вывад, што яго шчасце возьме верх над шчасцем яго пана. Не ведаю, ці правільныя ўсе гэтыя прыкметы. У кожным выпадку, калі Санчо спатыкаўся або падаў, ён гаварыў: лепш было зусім не выходзіць з дому, бо спатыканне і паданне прыводзяць толькі да падраных чаравікаў або да паламаных рэбраў. У гэтым ён, напэўна, быў не вельмі далёкі ад ісціны.

— Санчо, — сказаў Дон-Кіхот, — ноч надыходзіць шпарка, і мы не зможам даехаць да Табосо, а мне неабходна заручыцца блаславеннем і міласлівым дазволам непараўнальнай Дульсінеі, бо нічога ў жыцці не можа надаць больш — харобрасці вандроўным рыцарам, як упеўненасць у прыхільнасці да іх дам.

— І я гэта думаю, але лічу, што вашай міласці будзе цяжка гаварыць з сен’ёрай Дульсінеяй адзін-на-адзін. У кожным разе вы можаце атрымаць яе блаславенне толькі праз паркан двара, дзе я бачыў яе першы раз, калі прывёз ёй ліст з весткай пра недарэчнасці і шаленствы, зробленыя вашай міласцю ў глыбіні Сіера-Марэны.

— Парканам здалося табе, няшчасны Санчо, тое месца, адкуль ты бачыў гэтую ніколі дастаткава не ўхвалёную прыгожасць і грацыю. Напэўна, гэта былі галерэі, порцікі, аркады раскошных каралеўскіх палацаў. О, толькі-б убачыць яе яшчэ раз! Кожны прамень, які падзе ад сонца прыгожасці яе, асвеціць розум мой і замацуе маё сэрца…

— Па праўдзе кажучы, сен’ёр, калі я бачыў гэтае сонца сен’ёры Дульсінеі Табоскай, яно не свяціла так ярка, каб кідаць якія-небудзь праменні. Напэўна, гэта адбывалася з той прычыны, што яе міласць у той час прасейвала пшаніцу: падняты густы пыл клаўся наўкола яе твара і зацямняў яго.

— Як ты ўсё яшчэ, Санчо, гаворыш і думаеш, што мая сен’ёра Дульсінея прасейвала пшаніцу, хаця гэты занятак зусім не падыходзіць да знатных асоб. Дрэнна памятаеш ты, о, Санчо, вершы, апісваючыя работы, якімі займаліся ў крышталёвых сваіх палацах німфы. Вынырнуўшы з любімага імі Тахо, яны сядалі на зялёным лузе вырабляць багатыя тканіны, сатканыя з золата, шоўку і пэрлаў. Гэтым, напэўна, была занята і мая сен’ёра, калі ты яе бачыў. Толькі зайздрасць нейкага злоснага чараўніка надае зусім іншыя вобразы таму, што дае мне такое здавальненне. Я баюся, што і ў гісторыі пра мае ўчынкі аўтар, калі ён варожа да мяне ставіцца, мог замяніць адну рэч другой і да адной праўды прымяшаць тысячу няпраўдаў. О, зайздрасць, корань бязмежнай злосці і чарваточына добрадзейнасці!

— Я таксама кажу гэта, — адказаў Санчо. — Думаю, што ў гэтай гісторыі, напэўна, і з маім добрым імем не вельмі цэрамоняцца і растрэслі яго ва ўсе бакі, падмятаючы ім, як гаворыцца, усе вуліцы. А між тым у мяне няма такой удачы і шчасця, каб маглі мне зайздросціць.

— Гэта, Санчо, падобна на тое, што здарылася з адным славутым сучасным паэтам. Ён напісаў злую сатыру супроць лёгкадумных дам, але не ўключыў ў яе адну даму, адносна якой у яго было сумненне — лёгкадумная яна або не. Убачыўшы, што яе імя няма ў спісе гэтых дам, яна патрабавала, каб ён дапоўніў сваю сатыру, змясціўшы і яе туды; у адваротным выпадку яна пагражала яму сваім гневам. Паэт выканаў яе жаданне і нагаварыў пра яе ў сваёй сатыры такіх рэчаў, што яна засталася вельмі здаволенай, бо адразу набыла вядомасць. Дарэчы, можна прыгадаць яшчэ і таго пастуха, што спаліў славуты храм Дыяны, які лічыўся адным з сямі цудаў свету, каб імя яго перажыло вякі. І хаця была выдана пастанова, каб ніхто не ўспамінаў яго імя ні вусна, ні пісьмова, але ўсё-ж зрабілася вядомым, што яго звалі Герастратам. Гэтым я хачу сказаць, Санчо, што жаданне набыць славу — у вышэйшай ступені дзейная і магутная прычына. Як ты думаеш, што прымусіла Гарацыя ў поўным узбраенні кінуцца з маста ў глыбіню Тыбра? Чаму Муцый Сцэвола спаліў сабе руку? Усе гэтыя і яшчэ розныя іншыя вялікія ўчынкі ёсць і будуць адзнакай славы, да якой людзі імкнуцца, як да вечнасці.

— Усё, што ваша міласць сказала, я зразумеў вельмі добра. А цяпер я хацеў-бы, каб міласць ваша растлумала мне адно недамненне…

— Недаўменне — хацеў ты, пэўна, сказаць, Санчо, — паправіў яго Дон-Кіхот. — Пытайся, і я адкажу табе, што здолею.

— Скажыце мне, сен’ёр, дзе знаходзяцца ўсе гэтыя славутыя рыцары, пра якіх вы казалі?

— Язычнікі, напэўна, знаходзяцца ў пекле, а хрысціяне, калі яны былі добрыя, у чысцілішчы або ў раю.

— А перад грабніцамі, у якіх ляжаць целы гэтых выдатных сен’ёраў, ці ёсць там срэбраныя лампады, ці ўпрыгожаны сцены іхніх капліц?

— Грабніцамі ў язычнікаў, — адказаў Дон-Кіхот, — былі большай часткай раскошныя храмы. Попел спаленага трупа Юлія Цэзара быў пакладзены пад каменную піраміду надзвычайнай вышыні[6], якую цяпер у Рыме завуць іглой св. Петра. Артэміза пахавала свайго мужа, караля Маўзалея, у грабніцы, якую лічылі адной з сямі цудаў свету. Але ніякія лампады там не гараць.

— Вельмі добра, а цяпер скажыце мне, што больш вы хочаце — уваскрасіць мёртвага або забіць волата?

— Адказ можа быць толькі адзін: безумоўна, уваскрасіць мёртвага.

— Вось я вас і злавіў! — узрадаваўся Санчо. — Значыць слава тых, хто, па чутках, уваскрашае мёртвых, дае зрок сляпым, варочае здароўе хворым, слава тых, перад грабніцай якіх гараць лампады, вышэй той славы, якую ўсе язычаскія імператары і вавдроўныя рыцары пакінулі і пакінуць пасля сябе.

— Не супярэчу таксама супроць гэтай ісціны, — згадзіўся Дон-Кікот, — але якое-ж заключэнне хочаш ты, Санчо, вывесці з усяго гэтага?

— А вось якое: нам-бы варта было хутчэй зрабіцца святымі! Тады мы лёгка дасягнем славы. Вялікім шчасцем будзе для ўсіх датыкацца і прыкладвацца да нашых целаў. Так што, сен’ёр мой, лепш быць бедным манахам якога-б там ні было ордэна, як харобрым вандроўным рыцарам.

— Усё гэта так, — адказаў Дон-Кіхот, — але не ўсе мы можам быць манахамі. Рыцарства — таксама рэлігія, і ў раю ёсць святыя рыцары.

— Але я чуў, нібыта на небе больш манахаў, як вандроўных рыцараў.

— Гэта з той прычыны, што колькасць манахаў больш колькасці вандроўных рыцараў.

У такіх і таму падобных гутарках правялі яны ноч і наступны дзень. За гэты час з імі не здарылася нічога вартага ўспаміну, што вельмі пакрыўдзіла Дон-Кіхота. Нарэшце на другі дзень, пад вечар, перад іхнімі вачыма раскінуўся вялікі горад Табосо. Пры гэтым радасць напоўніла душу Дон-Кіхота, а сум — душу Санчо, бо ён не ведаў, дзе жыла Дульсінея, і ніколі ў жыцці не бачыў яе, як не бачыў яе і яго пан. Так што абодва яны былі ўсхваляваныя: адзін — ад чакання ўбачыць яе, другі — таму што не бачыў яе.

Нарэшце, з надыходам ночы яны ўехалі ў горад, дзе з імі здарыліся справы вельмі паказальныя.


РАЗДЗЕЛ IX,
у якім апавядаецца тое, пра што чытач даведаецца, калі прачытае

Якраз у поўнач Дон-Кіхот і Санчо ўехалі ў Табосо. Усё сяло знаходзілася ў глыбокай маўклівасці, бо жыхары спалі, як гаворыцца, не пераводзячы духу. Ноч была досыць светлая, хаця Санчо і хацеў, каб яна была як мага цямнейшай, бо цемра магла-б быць апраўданнем яго глупству. Ва ўсім мястэчку быў чутны толькі брэх сабак, які непакоіў вушы Дон-Кіхота і сэрца Санчо. Час ад часу роў асёл, рохкалі свінні, курняўкалі кошкі. Усё гэта рыцар палічыў дрэннай адзнакай, тым не менш ён сказаў Санчо:

— Санчо, завядзі мяне ў палац Дульсінеі: можа мы яшчэ заспеем яе не спячай.

— У які гэта палац я павінен весці вас, клянуся сонцам, калі той, у якім я бачыў яе вялікасць, быў толькі зусім маленькім домікам?

— Мабыць янпа тады была ў невялікай прыбудове свайго каралеўскага палаца і забаўлялася там са сваімі дзяўчатамі, як гэта ў звычаі ў знатных дам і прынцэс.

— Сен’ёр, калі ўжо ваша міласць хоча, каб, назло мне, дом сен’ёры Дульсінеі быў каралеўскім палацам, дык ці такі цяпер час, каб знайсці дзверы адчыненымі. Ці добра будзе стукацца так, каб перапалохаць усіх людзей?

— Раней за ўсё знойдзем, а потым я скажу табе. Санчо, што нам трэба рабіць. Вось глядзі, — цёмная груда, якая відаць адсюль, напэўна і ёсць палац Дульсінеі.

— Дык няхай ваша міласць і вядзе нас!

Дон-Кіхот паехаў наперад і, праехаўшы каля двух соцень крокаў, убачыў, што груда, якая адкідвала ад сябе чорны цень, была высокай вежай. Ён адразу-ж зразумеў, што будынак гэты — не палац, а царква таго мястэчка, і, расчараваны, сказаў:

— Мы наткнуліся на царкву, Санчо.

— Бачу. Добра яшчэ, што мы не наткнуліся на свае магілы, бо недарэмна здані блукаюць па могілках у такія гадзіны. Апрача таго, я, наколькі памятаю, казаў вашай міласці, што дом гэтай сен’ёры знаходзіцца ў глухім завулку.

— Будзь ты пракляты, дурань! — раззлаваўся Дон-Кіхот. — Дзе ты бачыў, каб каралеўскія замкі і палацы былі пабудаваны ў глухіх завулках?!

— Сен’ёр, кожная краіна мае свае звычаі. Можа тут, у Табосо, звычай — будаваць дамы і вялікія будынкі ў глухіх завулках. З гэтай прычыны ўпрашаю вашу міласць — дазвольце мне пашукаць па гэтых вуліцах і глухіх завулках, якія тут бачу перад намі. Можа здарыцца, што ў якім-небудзь куту я знайду той палац, які лепш з’елі-б сабакі, як нам бегаць і мучыцца, шукаючы яго.

— Кажы з патрэбнай павагай, Санчо, пра рэчы, маючыя адносіны да маёй сен’ёры.

— Паспрабую стрымацца, але адкуль мне ўзяць цярплівасць, калі ваша міласць патрабуе, каб я, бачыўшы толькі адзін раз дом нашай пані, ведаў яго заўсёды і знайшоў яго ў поўнач! А вы самі не знаходзіце яго, хаця павінны былі бачыць яго сотні тысяч разоў.

— Ты давядзеш мяне да роспачы, Санчо! Слухай, ерэтык, ці не казаў я табе тысячу разоў, што за ўсё сваё жыццё я ніколі не бачыў непараўнальнай Дульсінеі, ніколі да гэтага часу не пераступаў парога яе палаца і закаханы ў яе толькі па чутках пра яе вялікую прыгажосць і пра не менш вялікі розум.

— Але-ж і я яе не бачыў.

— Гэтага не можа быць! — усклікнуў Дон-Кіхот. — Ты-ж сам мне казаў, што бачыў яе, калі яна прасейвала пшаніцу, і прывёз мне адказ на ліст, які я з табой паслаў ёй.

— Не звяртайце на гэта ўвагі, сен’ёр. Я павінен вам сказаць, што бачыў яе і прывёз вам ад яе адказ толькі па чутках, і так-жа магу сказаць, хто сен’ёра Дульсінея, як ударыць кулаком у неба.

— Санчо, Санчо! — пачаў дакараць яго Дон-Кіхот. — Ёсць час для жартаў і час, калі жарты не да месца. Калі я кажу, што не бачыў і не гутарыў з уладаркай маёй душы, дык ты зусім не абавязаны паўтараць тое-ж самае.

Гутарачы такім чынам, яны ўбачылі, што каля іх прайшоў нехта з двума муламі. Гэта быў земляроб, які, устаўшы рана, досвіта накіроўваўся на работу.

Калі земляроб параўнаўся з імі, Дон-Кіхот запытаў яго:

— Ці не можаце вы мне сказаць, добры сябра, дзе тут палац непараўнальнай Дульсінеі Табоскай?

— Сен’ёр, — адказаў малады хлопец, — я не тутэйшы і ўсяго толькі некалькі дзён жыву ў гэтым сяле, дзе паступіў на службу да багатага селяніна. Вось тут у доме супроць жыве мясцовы поп і панамар; абодва яны, або кожны ў паасобку, могуць даць вашай міласці патрэбныя весткі пра сен’ёру прынцэсу, бо ў іх ёсць спіс усіх жыхароў Табосо. Я-ж, з свайго боку, думаю, што ва ўсім мястэчку няма ніводнай прынцэсы. Між іншым, сен’ёр тут вельмі многа, і кожная з іх можа лічыць сябе прынцэсай у сваім доме. — І, пагнаўшы сваіх мулаў, ён не пачаў чакаць далейшага распытвання.

Санчо, убачыўшы, што яго пан у недаўменні і некалькі нездаволены, сказаў:

— Сен’ёр, дзень ужо блізка. Было-б з нашага боку неасцярожна, каб сонца заспела нас на вуліцы. Лепш нам паехаць з горада. Няхай ваша міласць схаваецца ў якіх-небудзь хмызняках тут, недалёка, а як толькі развіднее, я зноў вярнуся сюды і не пакіну кутка ва ўсім мястэчку не абшуканым. Я абавязкова знайду дом, замак або палац маёй сен’ёры, бо было-б вялікім няшчасцем, калі-б я яго не знайшоў. А знайшоўшы яго, я пагутару з яе міласцю і паведамлю, дзе асталася ваша міласць, чакаючы яе загадаў. Такім чынам, вы можаце ўбачыцца з ёю без заганы для яе чэсці і добрага імя.

— Санчо, ты ў некалькіх кароткіх словах сказаў тысячы мудрых выразаў! Параду, якую ты даў мне, я ўхваляю і прымаю з вялікай гатоўнасцю: хадзем, сын мой, шукаць, дзе мне схавацца.

Верны зброеносец палаў нецярплівасцю хутчэй вывезці свайго пана з мястэчка, каб ён не выкрыў аго ашуканства адносна адказу Дульсінеі, прывезенага Санчо ў Сіера-Марэну. На адлегласці двух міль ад сяла яны знайшлі лясок, у якім Дон-Кіхот і схаваўся, а Санчо вярнуўся ў горад для перамоў з Дульсінеяй. У час гэтага пасольства з ім здарыліся такія рэчы, якія патрабуюць новай увагі і новай даверлівасці.


РАЗДЗЕЛ X,
у якім паведамаяецца пра хітрасць якую выдумаў Санчо Панса, каб ачараваць сен’ёру Дульсінею, і пра іншыя падзеі, такія-ж смешныя, як і праўдзівыя

Дайшоўшы да гэтага раздзела, аўтар гэтай вялікай гісрыі хацеў-бы прайсці яе маўчаннем, баючыся, што яму не павераць, бо вар’яцтва Дон-Кіхота дасягае тут вышэйшага пункту і апошняй мяжы, якую толькі можна ўявіць сабе, і нават перавышае іх на два стрэлы з арбалета.

Калі Дон-Кіхот схаваўся ў хмызняку, ён адразу пачаў падганяць Санчо:

— Ідзі, сын мой, і не саромся, калі апынешся перад яркімі праменнямі таго сонца прыгожасці, на пошукі якога ты накіроўваешся. Шчаслівейшы ты з усіх зброеносцаў на свеце! Хавай у памяці, як яна цябе прыме, ці зменіцца ў твары, ці захвалюецца, пачуўшы маё імя. Ці не пераступіць яна з адной нагі на другую, ці падыме рукі да валасоў, каб паправіць іх, хаця-б яны і не былі ў непарадку. Ты павінен ведаць, Санчо, што вонкавыя дзеянні і рухі, якія праяўляюцца ў закаханых, калі гутарка ідзе пра іхняе каханне, самыя надзейныя вешчуны, якія нясуць вестку пра тое, што адбываецца ў глыбіні іхняй душы.

— Я вярнуся хутка, — сказаў Санчо, — а вы, сен’ёр мой, падбадзёрце сваё сэрца. Кажуць, мужнае сэрца перамагае злую долю; дзе няма вокаракаў, там няма для іх і кручкоў, бо дзе менш чакаюць, там і выскоквае заяц. Калі мы не знайшлі палацаў або замкаў нашай сен’ёры, дык я спадзяюся цяпер знайсці іх, калі менш за ўсё чакаю. А калі знайду, дык паверце мне, я ужо спраўлюся з прыгожай Дульсінеяй.

— Слухай, Санчо, ты заўсёды прыцягваеш у гутарцы свае прыказкі так за валасы, што — няхай пашле мне лёс лепш удачу ў тым, чаго я жадаю.

Пасля гэтых слоў Санчо завярнуўся і пагнаў Шэрага. Але толькі ён выехаў з лесу, як адразу-ж злез з асла, сеў пад дрэвам і пачаў сам з сабою разважаць наступным чынам:

— Цяпер паглядзім, Санчо, куды гэта накіроўваецца ваша міласць? Ці не на пошукі якога-небудзь асла, якога вы страцілі? Зусім не! Я еду шукаць — ні мала, ні многа — прынцэсу, а ў ёй сонца прыгожасці і ўсё неба, разам узятыя. Дзе-ж вы думаеце знайсці яе, о, Санчо? У вялікім горадзе Табосо. Добра, а ад імя каго едзеце вы шукаць яе? Ад імя славутага рыцара Дон-Кіхота Ламанчскага, які знішчае зло, дае есці таму, каго мучыць смага, і піць таму, хто адчувае голад. Усё гэта вельмі добра! А што, калі жыхары Табосо, даведаўшыся пра тое, што вы з’явіліся да іх з намерам спакусіць іхніх прынцэс і ўзбунтаваць іхніх дам, прыдуць усе і так памалоцяць палкамі рэбры, што ў вас не астанецца ніводнай косткі цэлай? Не, я не пайду шукаць Дульсінею ў Табосо. Д’ябал, д’ябал заблытаў мяне ва ўсе гэтыя справы і ніхто іншы!

Разважаючы такім чынам з самім сабою, Санчо прышоў да наступнага вываду:

— Мой пан, як я ў гэтым пераканаўся з тысячы прыкладаў, вар’ят, якога варта-б звязаць, а я таксама недалёка адышоў ад яго, бо прыказка гаворыць: „скажы мне, з кім ты сябруеш, і я скажу табе, хто ты такі“. Вар’яцтва-ж яго такога сорту, што ён прымае адну рэч за другую: белае лічыць чорным, а чорнае — белым, як гэта было, напрыклад, з ветракамі. З гэтай прычыны не вельмі цяжка будзе прымусіць яго паверыць, што першая сялянка, якая будзе ісці яму насустрач, і ёсць сен’ёра Дульсінея. Можа ён нават уявіць сабе, што які-небудзь злы чараўнік так сапсаваў яе вобраз на бяду і гора яму.

Гэтымі думкамі заспакоіў сябе Санчо Панса і астаўся там сядзець да пасляабеда. Усё склалася для яго вельмі ўдала. Калі ён падняўся, каб сесці на свайго Шэрага, ён убачыў, што з Табосо ў напрамку да яго едуць тры сялянкі на трох аслах або асліцах. Убачыўшы сялянак, ён ускочку паехаў да свайго сен’ёра Дон-Кіхота, якога знайшоў Уздыхаючым і гаворачым тысячы любоўных слоў.

— Якую вестку нясеш ты мне, сябра Санчо? — усклікнуў Дон-Кіхот. Як мне адзначыць гэты дзень — белым або чорным каменем?

— Лепш было-б, калі-б міласць ваша адзначыла яго чырвоным графітам, каб хутчэй убачыць тое, што патрэбна!

— Значыць, ты прывёз мне добрыя весткі?

— Вашай міласці безадкладна трэба прышпорыць Расінантэ і выехаць у адкрытае поле для спаткання з сен’ёрай Дульсінеяй Табоскай, якая з двума прыслужніцамі едзе на спатканне з вашай міласцю.

— Што ты кажаш, Санчо, сябра! Не ашуквай мяне і не імкніся хаўслівай радасцю спалохаць сапраўдны мой сум.

— Якая мне карысць ашукваць вашу міласць?! — сказаў Санчо. — Прышпорце каня, сен’ёр, і вы ўбачыце прынцэсу, нашу ўладарку, прыгожую і прыбраную. Прыслужніцы яе і яна — адзін толькі бляск золата, пэрлаў, брыльянтаў, рубінаў; апрача таго, на іх прыгожая парча. Валасы іхнія распушчаны па плячах і здаюцца сонечнымі праменнямі; яны едуць вярхом на трох буланых конях, прыгажэй за якіх і на свеце няма.

— У такім выпадку едзем, Санчо. У ўзнагароду за гэтую нечаканую і радасную вестку я абяцаю даць табе лепшую здабычу, якую набуду ў першай сустрэтай прыгодзе. Калі-ж гэта цябе не здаволіць, я падарую табе жарабят, якіх прынясуць мне сёлета мае тры кабылы.

— Давайце лепш жарабят, — сказаў Санчо. — Гэта больш надзейна, як уся здабыча.

Выехаўшы з лесу, яны ўбачылі трох сялянак. Дон-Кіхот пільна глянуў на ўсю дарогу да Табосо. Не ўбачыўшы на ёй нікога, апрача гэтых трох дзяўчат, ён вельмі замяшаўся і запытаў Санчо, ці не пакінуў ён Дульсінею з прыслужніцамі за горадам.

— Як за горадам? — пакрыўдзіўся Санчо. — Можа ў вашай міласці вочы адзаду галавы, калі вы не бачыце, што яны едуць нам насустрач, ззяючы, як яркае сонца ў поўдзень.

— Нічога не бачу, Санчо, — сумна прамовіў Дон-Кіхот, — апрача трох сялянак на трох аслах.

— Што вы, што вы гаворыце?! Няўжо тры прыгожыя кані здаюцца вашай міласці асламі? Я вырваў-бы сабе бараду, калі-б гэта было праўдай.

Сказаўшы гэта, Санчо паехаў наперад, злез з Шэрага, узяў за наморднік асла адной з сялянак, і, стаўшы перад ёю на калені, сказаў:

— Каралева, прынцэса і герцагіня прыгожасці, ці не будзе мець ласку ваша вялікасць праявіць прыхільнасць да палоненага вамі рыцара, які стаіць унь там, ператвораны ў камень і мармур, засаромлены і замярцвеўшы, убачыўшы сябе ў прыгожай вашай прысутнасці. Я — Санчо Панса, зброеносец яго, а ён — многа вандруючы рыцар Дон-Кіхот Ламанчскі, якога завуць яшчэ рыцарам Сумнага Вобразу.

У гэты час Дон-Кіхот ужо апусціўся поплеч з Санчо на калені. Пільна глядзеў ён, вылупіўшы ад здзіўлення і жаху вочы на тую, якую Санчо называў каралевай і сен’ёрай. Нажаль, ён не бачыў перад сабою нікога, апрача сялянкі, да таго-ж вельмі непрыгожай, з круглым тварам і плоскім носам. Сялянкі таксама былі ў вышэйшай ступені здзіўленыя, убачыўшы гэтых двух так непадобных адзін на аднаго людзей, якія стаялі перад імі на каленях і не хацелі даць дарогу іхняй сяброўцы.

Нарэшце „прынцэса“ спыніла маўклівасць, крыкнуўшы рэзка і злосна:



— Сайдзіце з дарогі, ды хутчэй! Дайце нам праехаць, бо мы спяшаемся.

На гэта Санчо адказаў:

— О, прынцэса і ўсемагутная ўладарка не злітасцівіцца, убачыўшы на каленях перад велічнай вашай прысутнасцю апору вандроўнага рыцарства?!

— Глядзіце, — сказала адна з дзяўчат, — гэтыя сен’ёры з’явіліся сюды пакпіць з вясковых дзяўчат, нібыта мы не ўмеем, як яны, адпускаць жарты.

— Падыміся, Санчо! — сказаў тады Дон-Кіхот. — Лёс, не насыціўшыся яшчэ маімі пакутамі, загарадзіў усе шляхі, адкуль магло-б прыйсці хоць некаторае заспакаенне ў маю пакутлівую душу, О, мяжа ўсякага ўдасканальвання, вяршыня чалавечай пекнаты, адзіная ўцеха сумнага сэрца, ставячага вышэй за ўсё цябе! Цяпер я бачу, што злосны чараўнік, праследуючы мяне, пакрыў мае вочы туманам і толькі для іх адных змяніў тваю непараўнальную прыгожасць. Калі ён не ператварыў таксама і мой выгляд у пачвару, каб зрабіць мяне брыдкім у тваіх вачах, не адмоўся глянуць на мяне пяшчотна і любоўна, прызнаўшы ў маім каленасхіленні перад тваёй пакрыўленай прыгожасцю ўсю пакорнасць, з якой душа мая багатварыць цябе.

— Расказвай гэта маім дзядам! — адказала сялянка. — Знайшоў аматарку слухаць пустую балбатню! Адыйдзіце ў бок, дайце нам дарогу, і мы вам падзякуем.

Санчо пастараніўся і прапусціў яе, вельмі здаволены, што ён так добра вышаў з свайго затруднення. Астатнія сялянкі кінуліся за ёю і паехалі ўскочку, не павярнуўшы галавы, покуль не праехалі поўмілі.

Калі яны зніклі з вачэй, Дон-Кіхот звярнуўся да Санчо, кажучы:

— Што ты скажаш цяпер? Як мяне ненавідзяць чараўнікі! Паглядзі, чаго дасягае супроць мяне іхняя злосць і гнеў: яны нават адабралі ў мяне шчасце ўбачыць маю сен’ёру ў сапраўдным яе выглядзе. Звярні таксама ўвагу, Санчо, што гэтыя здраднікі не здаволіліся змяненнем і ператварэннем маёй Дульсінеі — яны адабралі ў яе і тое, што заўсёды так уласціва знатным сен’ёрам, менавіта: добры пах ад усягдашняга іхняга знаходжання сярод амбры і кветак.

— О, брыдкі зброд! — усклікнуў тады Санчо. — О, злосныя і праклятыя чараўнікі, якіх я хацеў-бы бачыць усіх нанізанымі за жабры, як сардынкі на вяроўцы! Вы ператварылі пэрлы вачэй маёй сен’ёры ў жалуды пробкавага дрэва, яе валасы з чыстага золата — у шчаціну рыжага бычынага хваста. Хаця, кажучы па праўдзе, я зусім не бачыў яе нязграбнасці, а яе прыгожасць была падкрэслена і ўдасканалена радзімкай над яе губой, разам з сямю або з васьмю рыжымі валосікамі, нібы залатыя ніткі, даўжынёй больш за дзюйм.

— Ты некалькі перавялічваеш, Санчо: валасы, як ты іх апісаў, вельмі даўгія для радзімак.

— Я павінен сказаць вашай міласці, што гэтыя валасы так ішлі да яе, нібы яна з імі нарадзілася.

— Веру табе, сябра мой, бо прырода не магла стварыць у Дульсінеі нічога, што не было б удасканалена і закончана.

Хітрун Санчо ледзь стрымліваўся ад смеху, слухаючы недарэчнасці свайго пана, так тонка ашуканага ім.

Нарэшце рыцар з зброеносцам селі на сваіх жывёл і паехалі па дарозе ў Сарагосу, каб трапіць на ўрачыстыя святы, якія адбываліся штогод у гэтым славутым горадзе.

Але па дарозе з імі здарыліся шматлікія і значныя здарэнні, пра якія чытач хутка і даведаецца.


РАЗДЗЕЛ XI
Пра дзіўную прыгоду, якая здарылася з харобрым Дон-Кіхотам пры сустрэчы з калясніцаю смерці і яе прыдворным штатам

У глыбокай задуме ехаў Дон-Кіхот сваёй дарогай. Ён не мог прыдумаць, які выкарыстаць сродак, каб вярнуць Дульсінеі першапачатковы яе выгляд. Не заўважаючы нічога, ён апусціў аброць Расінантэ, і конь спыняўся на кожным кроку, каб пашчыпаць зялёнай травы. Нарэшце Санчо вывеў яго з глыбокай задумы, сказаўшы:

— Сен’ёр, сум створаны не для жывёлы, а для людзей, але, калі людзі празмерна аддаюцца яму, яны ператвараюцца ў жывёлу. Падбадзёрцеся, ваша міласць, падбярыце аброць Расінантэ, страсяніцеся і вярніцеся да той жывасці, мець якую павінен вандроўны рыцар! Што гэта такое, чорт вазьмі! Што за заняпад духу! Няхай д’ябал забярэ ўсіх Дульсіней на свеце, таму што бяспека аднаго вандроўнага рыцара даражэй, як усе ператварэнні і чараўніцтвы на свеце.

— Маўчы, Санчо! — сказаў Дон-Кіхот не вельмі слабым голасам. — Не гавары багахульстваў супроць гэтай чароўнай сен’ёры. У яе бядзе і горы вінаваты адзін я: з той зайздрасці, якую злыя чараўнікі маюць да мяне, нарадзілася і яе няшчасце.

— І я тое-ж самае кажу, — адказаў Санчо. — Хто ведаў яе раней і бачыць цяпер, у тым сэрца не можа не плакаць, павер!

— Ты можаш гэта сапраўды сказаць, Санчо, бо ты бачыў яе ў поўным бляску яе прыгожасці. Але разам з гэтым, Санчо, ты дрэнна апісаў мне яе прыгожасць: калі не памыляюся, ты сказаў, што яе вочы як пэрлы, а вочы, падобныя на пэрлы, хутчэй могуць быць у ляшча, як у дамы. Вочы Дульсінеі павінны быць як зялёныя ізумруды: вялікія, адкрытыя, з двума нябеснымі дугамі, якія служаць ёй брывямі. А пэрлы вазьмі ў вачэй і перанясі на зубы, бо ты, Санчо, без сумнення, памыліўся, прыняўшы вочы яе за зубы.

— Усё можа быць, — адказаў Санчо, — бо яе прыгожасць мяне прывяла ў такую замяшанасць, у якую прывяла вашу міласць яе брыдасць. Адна рэч непакоіць мяне больш за ўсе астатнія: калі ваша міласць пераможа волата або якога-небудзь другога рыцара, і вы яму загадаеце ісці і стаць на калені перад прыгожасцю сен’ёры Дульсінеі, дзе знойдзе яе бедны той волат або няшчасны пераможаны рыцар? Калі-б яны сустрэлі яе сярод вуліцы, яны не апазналі-б яе ў такім выглядзе.

— Я думаю, Санчо, чараўніцтва не можа адабраць у пераможаных волатаў і рыцараў мажлівасць апазнаць Дульсінею. Ва ўсякім выпадку над першым-жа пераможаным мы зробім вопыт, загадаўшы яму вярнуцца і даць мне справаздачу пра тое, што ў яго вышла ў гэтай справе.

— Гэта вельмі добра прыдумана, сен’ёр. Такім чынам мы даведаемся пра тое, што нам патрэбна. Калі выявіцца, што сен’ёра Дульсінея ператворана толькі ў вачах вашай міласці, няшчасце больш будзе ваша, як яе.

Дон-Кіхот толькі што хацеў адказаць Санчо, але ў гэты момант на сярэдзіну дарогі выехала калымага, нагружаная самымі рознастайнымі і дзіўнымі людзьмі і фігурамі, якія толькі можна ўявіць. Вазніцай быў пачварны д’ябал. Сама калымага была зусім адкрытая і не мела верха.

Першай убачыў Дон-Кіхот фігуру смерці, поплеч з ёю віднеўся ангел, з другога боку стаяў імператар. Ля ног смерці сядзеў бог кахання, якога завуць купідонам.

З гэтымі асобамі ехалі яшчэ і другія ў розных гарнітурах. Усё гэта прывяло ў замяшанасць Дон-Кіхота і напоўніла спалохам сэрца Санчо.

Але Дон-Кіхот узрадаваўся, падумаўшы, што яму сустрэлася новая і небяспечная прыгода. З гэтай думкай ён спыніўся перад калымагай і гучна сказаў:

— Вазніца, кучар, д’ябал або хто-б там ні быў! Безадкладна адказвай: хто ты, куды едзеш, і хто гэтыя людзі, якіх ты вязеш у сваёй калымазе?

На гэта д’ябал, спыніўшы калымагу, адказаў вельмі ветліва:

— Сен’ёр, мы — акторы з трупы Ангуло эль-Мало. Сёння раніцою мы ставілі ў сяле п’еску: „Смерць і яе прыдворны штат“, а ўвечары павінны ставіць яе ў мястэчку, якое вельмі блізка адсюль. Каб пазбавіць сябе ад працы распранацца і апранацца, мы едзем у тых-жа гарнітурах, у якіх гралі. Калі вашай міласці захочацца даведацца яшчэ што-небудь пра нас, запытайце, бо, раз я д’ябал, нічога не схавана ад мяне.

— Клянуся сумленнем вандроўнага рыцара! — усклікнуў Дон-Кіхот. — Як толькі я ўбачыў гэтую калымагу, я ўявіў, што перада мной стаіць вялікая прыгода.

Покуль яны так гутарылі, да іх падышоў адзін з актораў трупы, апрануты жартаўніком, увесь абвешаны бубенчыкамі. Ён трымаў у руках палку, да верхняга канца якой было прывязана тры надутыя бычыныя пузыры. Падышоўшы да Дон-Кіхота, жартаўнік пачаў фехтаваць палкай, біць пузырамі па зямлі і з усяе сілы скакаць, звонячы бубенчыкамі.

Страшэнная гэтая здань так спалохала Расінантэ, што ён, закусіўшы цуглі, пабег па полі, і Дон-Кіхот не мог яго спыніць. Санчо парашыў, што пану яго пагражае небяспека быць скінутым з каня, і, саскочыўшы са свайго Шэрага, пабег з усяе сілы да яго на помач. Калі ён да яго падбег, Дон-Кіхот ужо ляжаў на зямлі поплеч з Расінантэ — звычайны канец кожнай адвагі Расінантэ і яго спрыту.

Але толькі Санчо саскочыў са свайго асла, як скакун ускочыў на Шэрага і пачаў біць яго пузырамі. Не столькі боль ад удараў, як шум і спалох прымусілі Шэрага ляцець ускочку цераз поле да таго мястэчка, куды акторы ехалі на свята. Убачыўшы ўцёкі асла свайго і паданне свайго пана, Санчо не ведаў, якой з гэтых двух бед трэба памагчы ў першую чаргу.

Нарэшце, як у вернага зброеносца, любоў да пана перамагла прыхільнасць да асла. У недаўменні і трывозе падбег ён да Дон-Кіхота і, памагаючы яму ўзлезці на Расінантэ, сказаў:

— Сен’ёр, д’ябал забраў з сабою майго Шэрага.

— Які д’ябал?

— Той, з пузырамі!

— Я адбяру ў яго Шэрага, нават калі-б ён схаваўся з ім у самых глыбокіх бяздоннях пекла. Іхняя калымага едзе павольна, і я муламі заплачу табе за прапажу асла.

— Няма чаго непакоіцца, сен’ёр, — сказаў Санчо. — Як мне здаецца, д’ябал ужо адпусціў Шэрага, і ён вяртаецца да нас.

Сапраўды, д’ябал зваліўся з Шэрага і, нібы нічога не здарылася, пайшоў пехатою ў мястэчка, а асёл вярнуўся да свайго гаспадара.

— Тым не менш, — сказаў Дон-Кіхот, — было-6 нядрэнна за грубасць гэтага д’ябла адпомсціць каму-небудзь з седзячых у калымазе, хаця-б самому імператару.

— Няхай ваша міласць выкіне з галавы гэтую думку, — пачаў упрашаць Санчо. — Ніколі нельга звязвацца з акторамі, бо гэты народ карыстаецца вялікім спачуваннем. Гэта людзі вясёлыя, яны даюць асалоду, і з гэтай прычыны ўсе іх абараняюць, памагаюць ім і ставяцца да іх з павагай, асабліва-ж да каралеўскіх і прывілеяваных труп.

— Тым не менш гэты камедыянт-д’ябал не ўцячэ ад мяне, хаця-б яму спачуваў увесь чалавечы род.

Сказаўшы гэта, Дон-Кіхот павярнуў каня, паімчаўся да калымагі і гучным голасам закрычаў:

— Спыніцеся! Пачакайце, вясёлы святочны натоўп! Я хачу правучыць вас, як трэба абыходзіцца з асламі і наогул з жывёламі, на якіх ездзяць зброеносцы вандроўных рыцараў.

Дон-Кіхот крычаў так гучна і доўга, што сядзеўшыя ў калымазе нарэшце пачулі яго. Смерць у момант выскачыла з калясніцы, а ўслед за ёю — імператар, вазніца, д’ябал і ангел. Усе яны схапілі каменні і, пастроіўшыся ў рад, пачалі чакаць Дон-Кіхота, каб ветліва сустрэць яго.

Убачыўшы гэта, Дон-Кіхот спыніў Расінантэ і пачаў разважаць, як-бы кінуцца на іх з найменшай для сябе небяспекай.

У гэты час пад’ехаў Санчо.

— Было-б вар’яцтвам пачынаць такую справу, сен’ёр, — сказаў ён. — Супроць пахлёбкі з булыжніка, ды яшчэ ў такой колькасці, няма на свеце абараняючай зброі. Апрача таго, гэта неразважнасць, а не харобрасць — аднаму чалавеку нападаць на армію, у якой знаходзіцца смерць і змагаюцца імператары і якой памагаюць добрыя і злыя ангелы. Але калі і гэтае меркаванне не заспакоіць вас, дык падумайце хоць пра тое, што сярод усіх прысутных, хаця яны і здаюцца каралямі і імператарамі, няма ніводнага вандроўнага рыцара.

— Цяпер сапраўды, Санчо, ты сказаў праўду, якая прымусіць мяне адмовіцца ад майго рашэння. Я не магу падымаць свой меч супроць тых, хто не пасвечаны ў рыцары. Справа гэта тычыцца цябе, Санчо, і калі ты хочаш адпомсціць за знявагу, зробленую твайму Шэраму, я адсюль памагу табе мудрай і карыснай парадай.

— Сен’ёр, па-мойму, няма чаго помсціць каму-б там ні было. Я ўгавару майго асла перадаць сваю крыўду на разгляд маёй волі, якая складаецца з таго, каб мірна пражыць усю рэшту дзён маіх.

— Калі такое тваё рашэняе, добры Санчо, пакінем гэтыя здані і паедзем шукаць больш сур’ёзных прыгод, бо ў гэтай краіне не можа быць недастачы ў самых дзівосных справах.

Адразу-ж Дон-Кіхот таргануў за аброць Расінантэ, а Санча сеў на свайго асла. Смерць і ўвесь яе лятучы атрад вярнуліся ў калымагу і працягвалі сваё вандраванне. Гэтым шчаслівым канцом закончылася страшэнная прыгода з калясніцай смерці, а з Дон-Кіхотам на наступны дзень здарылася новая прыгода, не менш вартая здзіўлення, як папярэдняя.


РАЗДЗЕЛ XII
Аб страшнай прыгодзе, якая здарылася з адважным рыцарам Дон-Кіхотам і харобрым рыцарам Люстраў

Для адпачынку Дон-Кіхот і яго зброеносец спыніліся пад некалькімі густымі дрэвамі. У час вячэры Санчо сказаў свайму пану:

— Сен’ёр, якім-бы я быў дурнем, калі-б абраў сабе ў нагароду здабычу першай прыгоды, а не жарабят ад вашых трох кабыл. Яй-права-ж, верабей у руках лепш, як каршун наляту!

— Калі-б ты, Санчо, даў мне кінуцца ў бойку, дык у якасці здабычы ты атрымаў-бы залатую карону імператара і размаляваныя крыллі купідона…

— Скіпетр і карона тэатральных імператараў ніколі не бываюць залатымі.

— Гэта праўда, — згадзіўся Дон-Кіхот. — Але ўсё-ж, я не хацеў-бы, каб ты з-за гэтага дрэнна глядзеў на тэатр, бо ён ставіць перад намі люстра чалавечага жыцця. Няма другога паказу, апрача драматычных твораў і актораў, які больш жыва перадаваў-бы, хто мы ёсць і чым мы павінны быць. Ты-ж ведаеш, што ў тэатры адзін грае нягодніка, другі — ашуканца, хто-небудзь — дасціпнага прастака, другі — дурнога закаханага, а калі скончыцца п’еса, усе акторы зноў роўныя між сабой.

— Так, я ведаю гэта.

— Тое-ж самае адбываецца і на сцэне гэтага свету, дзе некаторыя граюць ролю імператараў, другія — ролю пап, але калі прыходзіць канец гэтай п’есы, гэта значыць іхняму жыццю, смерць здымае з іх розную іхнюю вопратку, і ўсе робяцца роўнымі ў магіле.

— Добрае параўнанне, — сказаў Санчо, — хаця я ўжо чуў яго многа разоў, як і параўнанне з шахматнай гульнёй: покуль гульня працягваецца, кожная фігура мае сваё асобнае значэнне, а як толькі гульня скончыцца, іх змешваюць і кідаюць у скрынку, дзе яны, як у магіле, усе роўныя.

— З кожным днём, Санчо, ты робішся менш праставатым і больш разумным.

— Так, — адказаў Санчо, — што-небудзь ад розуму вашай міласці павінна-ж прыстаць і да мяне. Бясплодныя і сухія палі, калі іх угнаіць і апрацаваць, даюць добры ўраджай. Гутаркі вашай міласці былі ўгнаеннем, паўшым на бясплодную глебу майго худога розуму, а апрацоўка — час, праведзены мною разам з вамі.

Дон-Кіхот засмяяўся з вобразнай мовы Санчо. Сапраўды ён рабіў поспехі, хаця кожны раз, калі Санчо хацеў сказаць што-небудзь высокім складам, ён з вяршыні сваёй прастаты падаў у бяздонне свайго невуцтва. Але затое ён выказваў найбольшую дасціпнасць і добрую памяць у выкарыстоўванні прыказак, незалежна ад таго, ці былі яны дарэчы, ці не.

У гэтых і іншых гутарках прайшла большая частка начы. Санчо захацеў апусціць затворы сваіх вачэй, як ён казаў, калі яму хацелася спаць, і заснуў на карэннях пробкавага дрэва, а Дон-Кіхот драмаў пад магутным дубам. Але хутка яго абудзіў шум. Шпарка ўскочыўшы на ногі, ён пачаў аглядвацца і ўбачыў двух людзей вярхом. Адзін з іх сказаў другому:

— Сайдзі, дружа, і раскілзай коні. Гэта месца багата на траву, а таксама на цішыню і адзіноту, якая так неабходна маім закаханым марам.

Сказаўшы гэта, ён злез з каня і лёг на зямлю, пры гэтым на ім зазвінела ўзбраенне — яўная адзнака вандроўнага рыцара. Падышоўшы да Санчо, які спаў, Дон-Кіхот праз сілу прымусіў яго прачнуцца і ціха сказаў яму:

— Брат Санчо, у нас прыгода!

— Дзе вы бачыце, сен’ёр мой, яе міласць мадам прыгоду?

— Дзе? — пераспытаў Дон-Кіхот. — Паглядзі і ўбачыш ляжачага на зямлі вандроўнага рыцара, які не вельмі вясёлы. Я бачыў, як ён злез з каня і кінуўся на зямлю з яўнымі адзнакамі вялікага гора, а калі ён клаўся, на ім зазвінела зброя.

— З чаго-ж міласць ваша робіць вывад, што гэта прыгода?

— Я не хачу сказаць, што гэта ўжо цэлая прыгода, але, безумоўна, гэта пачатак, бо так звычайна пачынаюцца прыгоды. Слухай, ён настройвае гітару і кашляе; як відаць, ён збіраецца спяваць.

— Так і ёсць, — адказаў Санчо. — Напэўна ён — закаханы рыцар.

— Няма ніводнага вандроўнага рыцара, які не быў-бы закаханы. Паслухаем яго, мы па гэтай нітцы дойдзем і да клубка яго думак, бо ад перапоўненасці сэрца гавораць вусны.

Санчо хацеў было супярэчыць свайму пану, але голас рыцара Лесу, не надта добры і не вельмі дрэнны, перашкодзіў яму. Скончыўшы спеў гучным уздыхам, рыцар Лесу загаварыў жаласна:

— О, прыгажэйшая і самая няўдзячная з жанчын усяго свету! Няўжо ты, святлейшая Касільдэя дэ-Вандалія, можаш дапусціць, каб палонены табою рыцар змарнеў і загінуў у бесперапынным вандраванні і суровай працы? Ці не хопіць таго, што прызнаць цябе першай у свеце я прымусіў усіх рыцараў Навары, леонскіх, кастыльскіх і, нарэшце, усіх рыцараў Ламанчы.

— Ну, гэтага не можа быць! — абурыўся Дон-Кіхот. — Я сам з Ламанчы, але ніколі не прызнаваў, не мог і не павінен прызнаць рэч, якая хіліць да знявагі прыгожасці маёй сен’ёры; гэты рыцар трызніць. Але паслухаем яшчэ; можа ён выкажацца больш выразна.

— Напэўна выкажацца, — адказаў Санчо, — бо ён сабраўся гаварыць свае скаргі цэлы месяц.

Але рыцар Лесу, пачуўшы, што паблізу яго гавораць, не працягваў сваіх скаргаў, а падняўся і запытаў гучна, але ветліва:

— Хто там? Што за людзі? З ліку тых, што радуюцца; або з ліку тых, што сумуюць?

— З ліку тых, што сумуюць, — адказаў Дон-Кіхот.

— У такім выпадку ідзіце да мяне і будзьце ўпэўнены, што сустрэнецеся з самім сумам, з самім горам.

Пачуўшы такі расчулены ветлівы адказ, Дон-Кіхот разам з Санчо падышоў да яго. Сумны рыцар узяў Дон-Кіхота за руку і сказаў:

— Сядайце сюды, сен’ёр рыцар. Я адразу зразумеў, што вы з ліку спавядаючых вандроўнае рыцарства.

— Сапраўды, — адказаў Дон-Кіхот. — Я рыцар таго ордэна, пра які вы казалі. Хаця душа мая — прытулак суму, няшчасця і гора, тым не менш, яны не выгналі з яе спачування да чужога няшчасця. Я таксама адразу зразумеў, што вашы пакуты адбываюцца ад кахання.

Кажучы так, абодва рыцары ўжо сядзелі поплеч у добрым міры і згодзе, нібыта перад імі не стаяла, калі праменні золку перамогуць цемру, праламіць адзін аднаму галовы.

— Можа, — запытаў рыцар Лесу Дон-Кіхота, — і вы, сен’ёр кабальеро, таксама закаханы?

— На няшчасце, закаканы, хаця пакуты, якія народжаны высокім каханнем, трэба лічыць хутчэй за шчасце, як за няшчасце.

— Гэта праўда, калі-б толькі знявага нашых сен’ёр не муціла наш розум і развагу.

— Ніколі не бачыў я знявагі ад маёй сен’ёры, — сказаў Дон-Кіхот.

— Не, сумленна кажучы, не! — усклікнуў Санчо, які стаяў тут-жа. — Наша сен’ёра ціхая, як прыручаная авечка, і мягчэй за масла.

Між тым зброеносец рыцара Лесу сказаў Санчо:

— Пойдзем удвух і пагутарым, пра што нам захочацца. Пакінем нашых сен’ёраў ламаць коп’і, расказваючы адзін аднаму гісторыю свайго кахання: напэўна золак заспее іх за гэтым заняткам, а можа і тады яны яго яшчэ не скончуць.

— Калі ласка! — згадзіўся Санчо.

З гэтымі словамі абодва зброеносцы пайшлі ў бок.


РАЗДЗЕЛ XIII,
у якім працягваецца прыгода з рыцарам Лесу, а таксама адбываецца дасціпная, надзвычайная і цікавая гутарка між двума зброеносцамі

Калі зброеносцы адышлі некаторую адлегласць ад рыцараў, зброеносец рыцара Лесу сказаў Санчо:

— Цяжкое жыццё вядзем мы, зброеносцы вандроўных рыцараў! Мы зарабляем хлеб, пацеючы ў сто патоў…

— І ў дрыжыках цела, — дадаў Санчо. — Хто больш за няшчасных зброеносцаў церпіць холад? Добра яшчэ, калі-б мы мелі, што есці. Але часам праходзіць і дзень і два, а нам нічога не трапляе на зубы, апрача ветру, і то толькі тады, калі ён дзьмухае.

— Гэта ўсё можна перацярпець, — сказаў зброеносец рыцара Лесу, — у надзеі на будучую ўзнагароду. Калі вандроўны рыцар не вельмі няшчасны, дык зброеносец яго праз кароткі час будзе ўзнагароджаны добрым губернатарствам або графствам.

— Я ўжо сказаў майму пану, што задаволюся губернатарствам якого-небудзь вострава, і ён абяцаў мне яго ўжо многа разоў.

— А я задаволюся, атрымаўшы канонікат, і мой пан заручыўся ўжо адным з іх для мяне.

— Як гэта?! — здзівіўся Санчо. — Значыць, пан вашай міласці нешта накшталт рыцара ад духоўнага ведамства? А мой пан толькі парафіянін. Хаця некаторыя разумныя, на мой погляд, з злым намерам людзі раілі яму зрабіцца архібіскупам, але ён хоча толькі аднаго — быць імператарам. Прызнаюся, я дрыжаў ад жаху, каб не надумаўся ён раптам перайсці да царквы: я не лічу сябе годным мець царкоўны прыход і павінен прызнацца вашай міласці, што, мяркуючы па вонкаваму выгляду, я — чалавек, але ў справах царкоўных — ну проста жывёла.

— Па праўдзе кажучы, міласць ваша памыляецца, бо дзяржавы на астравах не ўсе добрага гатунку: адны з іх — нейкія крывыя, другія — мізэрныя, трэція — гаротлівыя. Самае пышнае і добра пастаўленае губернатарства цягне за сабой цяжкія клопаты і невыгоды; по-мойму, лепш за ўсё вярнуцца к сабе дахаты і там узяцца за больш прыемныя справы, як, напрыклад, за паляўніцтва і за рыбную лоўлю. Кожны-ж зброеносец мае каня, пару сабак і вудачку!

— У мяне няма недастачы ва ўсім гэтым, — адказаў Санчо. — Праўда, каня я не трымаю, але затое ў мяне ёсць асёл, які каштуе ў два разы больш за каня майго пана. Што тычыцца сабак, дык іх у нашым мястэчку вельмі многа, тым больш, што паляванне асабліва прыемнае тады, калі яно вядзецца на чужы кошт.

— Па праўдзе кажучы, — сказаў слуга рыцара Лесу, я парашыў кінуць гэтыя недарэчныя рыцарскія вымудры, вярнуцца да сябе ў вёску і выхоўваць маіх трох дзяцей.

— А ў мяне іх двое, — сказаў Санчо. — Маю дзяўчынку я гадую з тым, каб яна была графіняй.

— А колькі год сен’ёры, якая гадуецца, каб быць графіняй?

— Пятнаццаць год, а можа на два гады больш або менш, але яна высокая, як кап’ё, свежая, як красавікоўская раніца, і дужая, як насільшчык цяжараў.

— Гэтых якасцей вельмі нават многа для таго, каб быць графіняй. О, мілая дзяўчынка, якія, напэўна, у цябе, хітруні, мускулы!

На гэта Санчо адказаў некалькі раззлавана:

— Яна зусім не мілая дзяўчына і яе маці не была такой, і ніводная з іх не зробіцца мілай дзяўчынай, покуль я жывы. Кажыце больш ветліва, бо, калі міласць ваша вырасла сярод ветлівых вандроўных рыцараў, дык вашы словы мне здаюцца не вельмі падыходзячымі.

— О, як ваша міласць дрэнна разумее хвалебныя выгукі! — замяшаўся зброеносец Лесу.

— Так, я прашу вас пазбавіць мяне ад такіх выразаў! Хопіць з мяне і таго, што даводзіцца цярпець з маім панам, які больш вар’ят, як рыцар.

— Калі гутарка зайшла пра нашых паноў, дык і я скажу: на свеце няма другога большага вар’ята, як мой пан. Замест таго, каб вярнуць развагу другому рыцару, страціўшаму яе, — ён сам яе траціць.

— Можа ён закаханы?

— Але, — казаў зброеносец Лесу, — ён пераканаў сябе ў каханні да нейкай неіснуючай Касільдэі дэ-Вандалія.

— Гэта мяне заспакойвае, — прамовіў Санчо, — бо вы служыце пану, які такі-ж дурны, як і мой.

— Ён дурны, але харобры і яшчэ большы шэльма.

— А мой, нажаль, зусім не шэльма: усім робіць толькі дабро, і няма ў яго ніякае злосці. Дзіця можа пераканаць яго, што ў поўдзень — ноч, і за гэтую прастату я люблю яго, як уласную душу, і не магу кінуць.

— Тым не менш, брат, — сказаў зброеносец Лесу, — калі сляпы вядзе сляпога, абодвум пагражае небяспека зваліцца ў яміну. Для нас лепш за ўсё было-б хутчэй вярнуцца дахаты і ўзяцца за свае справы. Між іншым, мы з вамі так доўга гутарылі, што язык у нас прыліп да нёба.

Сказаўшы гэта, ён пайшоў і хутка вярнуўся з вялікім бурдзюком віна і паштэтам.

Ён сеў і запрасіў Санчо, які не прымусіў сябе доўга прасіць.

— Ваша міласць надзвычайна велікадушная і шчодрая, — сказаў Санчо, — не тое, што я, бедны і няшчасны, у якога ў дарожных торбах усяго толькі крыху сыру, чатыры тузіны салодкіх ражкоў і столькі-ж лясных арэхаў. Усё гэта дзякуючы скнарасці майго пана, які сцвярджае, нібыта вандроўныя рыцары павінны есці толькі сухія плады і палявыя травы.

— Клянуся сумленнем, брат, — адказаў зброеносец Лесу, — мой страўнік не зроблены для чартапалоху, лясных ігруш і горных карэнняў. Няхай усё гэта нашы паны пакінуць сабе разам са сваімі думкамі і рыцарскім! статутамі.

Сказаўшы гэта, ён перадаў бурдзюк з віном Санчо, які прытуліў яго да сваіх губ на чвэртку гадзіны.

— А ўсё-такі я кажу, — сказаў зброеносец Лесу, — што нам варта пакінуць пошукі прыгод і вярнуцца ў свае халупы.

— Я буду яшчэ служыць майму пану, покуль мы не прыедзем з ім у Сарагосу, а пасля таго мы пагутарым адзін з адным.

Нарэшце два добрых зброеносцы так многа гаварылі і пілі, што толькі сон мог звязаць ім языкі і зменшыць іхнюю смагу, бо задаволіць яе было немажліва. Абняўшы амаль пусты бурдзюк, абодва яны заснулі. Мы покуль іх так і пакінем і раскажам, што адбылося ў гэты час між рыцарам Лесу і рыцарам Сумнага Вобразу.


РАЗДЗЕЛ XIV,
які мае ў сабе працяг прыгод з рыцарам Лесу

Сен’ёр, — пачаў сваё апавяданне рыцар Лесу, — мой лёс, або больш праўдзіва, уласны мой выбар прымусіў мяне закахацца ў непараўнальную Касільдэю дэ-Вандалія. Называю я яе непараўнальнай з той прычыны, што ёй няма роўнай, як па велічыні росту, так і па знатнасці становішча і дасканаласці прыгажосці. Гэтая Касільдэя за мае добрыя пачуцці да яе і сумленныя намеры адплаціла тым, што паслала пад шматлікія небяспекі. Пасля сканчэння кожнай з іх яна абяцала мне ажыццяўленне маіх надзей, пасля таго, як толькі я перамагу наступную. Але ланцуг прыгод маіх рос (ім цяпер ужо няма ліку), а я не ведаю, якая-ж з іх будзе апошняй і пакладзе пачатак ажыццяўленню маіх чыстых намераў.

Аднойчы яна загадала мне выклікаць на бойку славутую севільскую веліканшу Хіральду[7]. Яна такая харобрая і дужая, нібы зроблена з бронзы, і, не кранаючыся з месца, з’яўляецца самай жвавай і ветранай жанчынай у свеце. Я прышоў, убачыў, перамог яе і прымусіў спыніцца. У гэтым мне памог вецер, які больш тыдня дзьмухаў у адным напрамку.

У другі раз Касільдэя загадала мне ўзважыць старажытныя каменні магутных быкоў Гісандо[8] — справа, якую варта-б даручыць насільшчыкам цяжараў, а не рыцару. І, не гледзячы на гэта, надзеі мае асталіся мёртвымі, а яе патрабаванні і знявага да мяне да гэтага часу жывуць. Нядаўна яна загадала мне аб’ехаць правінцыі ўсёй Іспаніі і ўзяць у вандроўных рыцараў прызнанне, што яе прыгожасць самая высокая, а я — самы харобры і закаханы рыцар на свеце. Я аб’ездзіў ужо большую частку Іспаніі і перамог многіх рыцараў, якія адважваліся супярэчыць мне ў гэтым. Але больш за ўсё я ганаруся тым, што перамог у бойцы славутага рыцара Дон-Кіхота Ламанчскага і прымусіў яго прызнаць, што мая Касільдэя прыгажэй за яго Дульсінею. Адной гэтай перамогай я перамог усіх рыцараў на свеце, бо Дон-Кіхот перамог-бы ўсіх іх. Вядомасць яго, слава і гонар перайшлі да мяне.

Чым вышэй пераможанага ўсе ставяць,
Тым больш пераможцу праславяць…

з гэтай прычыны бязлікія ўчынкі ўспамянёнага Дон-Кіхота цяпер ужо занесены на мой рахунак.

Дон-Кіхот быў у вышэйшай ступені здзіўлены, слухаючы рыцара Лесу. Хаця тысячу разоў з кончыка языка ў яго хацелі сарвацца словы: „вы хлусіце“, але ён стрымаў сябе. Дон-Кіхот хацеў прымусіць таго рыцара ўласнымі вуснамі прызнацца ў хлусні і з гэтай прычыны спакойна сказаў яму:

— Мажліва, што ваша міласць, сен’ёр рыцар, перамагла большасць вандроўных рыцараў Іспаніі і нават усяго свету, — супроць гэтага я не супярэчу. Але я сумняваюся, каб вы перамаглі Дон-Кіхота Ламанчскага. Можа гэта быў хто-небудзь другі, падобны да Дон-Кіхота, хаця мала такіх, якія былі-б падобны да яго.

— Клянуся небам, якое падымаецца над намі, што я змагаўся з Дон-Кіхотам, перамог яго і прымусіў здацца. Гэта чалавек высокага росту, з хударлявым тварам і даўгім худым целам, з арліным носам і вялікімі чорнымі і вісячымі вусамі. Змагаецца ён пад прозвішчам рыцара Сумнага Вобразу. Зброеносцам у яго служыць селянін Санчо Панса. Уладарка яго дум — нейкая Дульсінея Табоская. Калі гэтага недастаткова, каб давесці ісціну маіх слоў, дык мой меч прымусіць паверыць самую няверу!

— Заспакойцеся, сен’ёр кабальеро! — сказаў Дон-Кіхот. — Ведайце-ж, што гэты Дон-Кіхот да такой ступені мне сябра, што ён усё-адно, што я. Па вашых словах я не магу сумнявацца, што вы перамаглі яго, але тлумачу гэта тым, што ў яго многа ворагаў сярод чараўнікоў. Хто-небудзь з іх прыме яго вобраз, каб даць сябе перамагчы і пазбавіць яго славы, якую рыцарскія ўчынкі далі яму на ўсёй зямлі. Не больш як два дні назад гэтыя чараўнікі ператварылі асобу прыгожай Дульсінеі Табоскай у вобраз бруднай, нязграбнай сялянкі. Такім-жа чынам ператварылі яны і Дон-Кіхота. Каб пераканаць вас у правільнасці ўсяго гэтага, скажу: перад вамі стаіць сам Дон-Кіхот. Я гатоў адстойваць гэтую ісціну са зброяй у руках, пехатою або конна, як вам захочацца.

З гэтымі словамі ён падняўся і, узяўшыся за рукаятку мяча, чакаў рашэння рыцара Лесу, які таксама вельмі спакойна адказаў:

— Добры плацельшчык не баіцца за свае залогі: той, хто аднойчы перамог ператворанага ў вас, сен’ёр Дон-Кіхот, справіцца з вамі і ў сапраўдным выглядзе. Але рыцары не робяць свае ваенныя ўчынкі ў цемры, падобна разбойнікам і нягоднікам. Пачакаем надыходу дня, каб сонца бачыла нашы справы. Няхай пераможаны падначаліцца волі пераможцы, пры той умове, вядома, каб патрабаванні апошняга не супярэчылі рыцарскаму гонару.

— Я больш як здаволены гэтай умовай і ўгаворам, — адказаў Дон-Кіхот.

Скончыўшы на гэтым, яны пайшлі да сваіх зброеносцаў, разбудзілі іх і загадалі трымаць напагатове коні. Досвіта абодва рыцары павінны былі пачаць крывавую і страшэнную бойку. Пачуўшы гэтую вестку, Санчо быў вельмі здзіўлены. Не кажучы ні слова, абодва зброеносцы пайшлі шукаць свой табун. Па дарозе зброеносец рыцара Лесу сказаў Санчо:

— Трэба вам ведаць, што, па звычаю Андалузіі, сведкі бойкі не могуць прысутнічаць пры ёй, склаўшы рукі, і бяздзейнічаць у той час, як праціўнікі змагаюцца. Покуль нашы сен’ёры будуць біцца, мы таксама павінны пабіць адзін аднаго ўшчэнт.

— Звычай гэты, сен’ёр зброеносец, можа і карыстаўся поспехам сярод буянаў, пра якіх вы гаворыце, яле што тычыцца зброеносцаў вандроўных рыцараў, пра гэта і думаць няма чаго. Прынамсі, я не чуў ад майго пана пра такі звычай, а ён напамяць ведае ўсе статуты вандроўнага рыцарства. Але калі-б нават такое правіла сапраўды існавала, дык я яму ўсё-адно не падначаліўся-б, а лепш заплаціў-бы штраф, тым больш, што ў мяне і мяча няма.

— Ну, гэта глупства. У мяне з сабой два палатняныя мяхі аднолькавага памеру. Мы возьмем іх і будзем біцца ўдарамі палатняных мяхоў. Зброя ў нас будзе аднолькавая.

— Такім спосабам — калі ласка, — узрадаваўся Санчо. — Такая бойка хутчэй ачысціць нас ад пылу, як параніць.

— Не, дарагі мой, каб мяхі не падхапіў вецер, мы паложым у кожны з іх поўтузіны добрых каменняў аднолькавай вагі. Такім чынам мы будзем біцца мяхамі, не робячы адзін аднаму ні болю, ні шкоды.

— Клянуся целам бацькі майго! — усклікнуў Санчо. — Які гэта сабаліны мех і якія кулі з пухкай ваты задумаў ён пакласці ў тыя мяхі, каб не разбіць нам чэрапы і не патаўчы косці ў парашок! Але калі вы напоўніце мяхі нават шаўковымі коканамі, ведайце, сен’ёр мой, што біцца я не буду! Няхай вашы паны б’юцца, колькі ім захочацца, а мы будзем есці і піць. Час і без таго паклапоціцца адабраць у нас жыццё, і нам зусім няма чаго шукаць сродкаў, як скончыць з ім да тэрміну, раней чым яно, паспеўшы, само адпадзе.

— Тым не менш, мы ўсё-такі павінны біцца, прынамсі, хоць з поўгадзіны.

— Зусім не! Я не магу быць такім няветлівым і няўдзячным, каб пачаць сварку з чалавекам, з якім я піў і еў, тым больш, што я зусім не адчуваю ні кроплі злосці або гневу. Каму-ж, чорт вазьмі, можа прыйсці ў галаву біцца проста так сабе, ні за што, ні пра што, толькі каб сумна правесці час.

— Супроць гэтага ў мяне есць добры сродак. Раней як мы з вамі пачнем бойку, я падыйду да вашай міласці і пачастую вас трыма або чатырма такімі аплявухамі, што вы зваліцеся да маіх ног. Гэтым спосабам я абавязкова абуджу ў вас гнеў, хаця-б ён спаў мацней як сурок.

— Супроць гэтага жарту я ведаю другі, які будзе роўны яму. Я вазьму дубіну і раней, як ваша міласць паспее абудзіць мой гнеў, я прымушу вас заснуць пад ударамі дубіны, што больш вы і не прачнецеся, хіба толькі на тым свеце, дзе ведаюць, што я не такі чалавек, які дазволіў-бы, каб чыя-небудзь рука гуляла па маім твары. З гэтай прычыны лепш кожнаму з нас сціхамірыць свой гнеў, бо чужой душы ніхто не ведае, а хто ідзе стрыгчы, здараецца, сам абстрыжаным вяртаецца, таму што кошка, праследваемая, цкаваная і раздражнёная, ператвараецца ў льва, а я, будучы чалавекам, чорт ведае ў што магу ператварыцца. Такім чынам, цяпер-жа даводжу да ведама вашай міласці, што запішу на ваш рахунак усю шкоду, якая можа быць з нашай сваркі.

— Добра, — адказаў зброеносец рыцара Лесу, — няхай прыдзе дзень, а там ужо відаць будзе.

Між тым на дрэвах пачалі цілікаць тысячы ўсялякіх пярэстых птушак. Здавалася, што яны сваім вясёлым спевам сустракаюць і прывітаюць малады золак, які ўжо скінуў посцілку з прыгожага свайго твара і страсануў з валасоў мірыяды растопленых пэрлаў, у дзіўнай вільгаці якіх купаліся расліны.

Досвіткам першае, што кінулася ў вочы Санчо Панса, быў нос зброеносца Лесу такога памеру, што цень ад яго падаў амаль на ўсё яго цела. Сапраўды, гэты нос быў нечуваных памераў, пасярэдзіне ўпрыгожаны гарбом, увесь у бародаўках, колеру зялёна-фіялетавага і спускаўся ён на два пальцы ніжэй рота. Памер носа, колер яго, бародаўкі і горб так скрыўлялі твар зброеносца Лесу, што ў Санчо задрыжэлі рукі і ногі, як у дзіцяці ў прыпадку эпілепсіі; ён парашыў лепш дазволіць ударыць сябе хоць дзвесце разоў, чымся даць абудзіць свой гнеў і пачаць бойку з пачварай.

Дон-Кіхот таксама хацеў глянуць на свайго праціўніка, але на ім быў ужо надзеты шлём і спушчана забрала; ён прыкмеціў толькі, што гэты чалавек моцна складзены і невысокага росту. На латах у яго была туніка з матэрыі, якая здавалася тонкім золатам і была асыпана маленькімі месяцападобнымі бліскучымі люстрамі. Гэта надавала яму надзвычайна раскошны і прыгожы выгляд. Над шлёмам у яго калыхалася многа зялёных, жоўтых і белых пер’яў; кап’ё, якое ён прыхіліў да дрэва, было вельмі вялікае, важкае і са сталёвым спічаком, даўжынёю больш як на пядзь.

Усё гэта Дон-Кіхот разгледзеў і з гэтага зрабіў вывад, што рыцар Лесу — вялікай сілы. Але гэта не спалохала яго, як Санчо Панса; наадварот, прыняўшы зграбны выгляд, ён звярнуўся да рыцара Люстраў, кажучы:

— Калі палкае ваша жаданне змагацца, сен’ёр рыцар, не пагасіла ў вас ветлівасці, імем яе прашу вас падняць крыху забрала, каб я мог убачыць, ці адпавядае мужнасць вашага твара ўсёй астатняй вашай фігуры.

— Выйдзеце вы пераможаным або пераможцам з бойкі, сен’ёр кабальеро, — адказаў рыцар Люстраў, — у вас будзе часу болей, як трэба, каб убачыць мяне. Мне здаецца, я зрабіў-бы вялікую знявагу прыгожай Касільдэі дэ-Вандалія, калі-б патраціў час хоць настолькі, колькі патрэбна, каб падняць маё забрала, не прымусіўшы вас раней прызнаць тое, што я патрабую ад вас.

— Але, покуль мы сядаем на коні, вы маглі-б сказаць, ці той я Дон-Кіхот, якога вы нібыта перамаглі.

— Вы падобны на рыцара, якога я перамог, як адно яйка на другое яйка, але калі вас праследуюць чараўнікі, дык не адважваюся сцвярджаць, ці той вы, або не.

— Гэтага з мяне досыць, каб пераканацца ў вашай памылцы. А каб зусім вывесці вас з яе, мне спатрэбіцца меншы тэрмін, як той, які вам патрэбен, каб падняць ваша забрала. Калі мая чэсць, мая сен’ёра і рука мая мяне падтрымаюць, я ўбачу ваш твар, а вы ўбачыце, што я не пераможаны Дон-Кіхот, за якога вы мяне лічыце.

Спыніўшы сваю гутарку, яны селі на коні. Дон-Кіхот павярнуў Расінантэ, каб ад’ехаць на неабходную адлегласць і потым паскакаць насустрач свайму праціўніку, тое-ж зрабіў і рыцар Люстраў. Але Дон-Кіхот не ад’ехаў і дваццаці крокаў, як незвычайны нос зброеносца Лесу кінуўся яму ў вочы. Ён быў здзіўлены гэтым відовішчам не менш за Санчо і падумаў: страшыдла перад ім або чалавек новай пароды, яшчэ нябачанай на свеце? Санчо-ж не захацеў аставацца адзін-на-адзін з насатым зброеносцам. З гэтай прычыны ён пабег за сваім панам, схапіў адно стрэмя і сказаў Дон-Кіхоту:

— Упрашаю вашу міласць, сен’ёр мой, раней як вы павернецеся, каб сустрэцца з вашым праціўнікам, памажыце мне ўзлезці на тое пробкавае дрэва. Адтуль мне будзе куды лепш, як з зямлі, бачыць харобрую вашу бойку з гэтым рыцарам.

— Я думаю, Санчо, што ты хочаш ўзлезці вышэй, каб быць у бяспецы.

— Кажучы па праўдзе, страшны нос гэтага зброеносца мяне здзіўляе і напаўняе жахамі. Я не адважваюся заставацца побач з ім.

— Яго нос такога сорту, — сказаў Дон-Кіхот, — што калі-б я не быў тым, што я ёсць, ён мог-бы спалохаць і мяне. Ну, добра, я памагу табе ўзлезці туды, куды ты хочаш.

Дон-Кіхот спыніўся, каб памагчы Санчо ўзлезці на пробкавае дрэва, а рыцар Люстраў, ад’ехаўшы на дастатковую адлегласць, павярнуў свайго каня, не больш спрытнага і палкага, як Расінантэ, і паскакаў насустрач свайму ворагу. Але, убачыўшы яго занятым тым, што ён падсаджваў на дрэва Санчо, рыцар Люстраў стрымаў аброць і спыніўся сярод дарогі, за што яго конь быў яму вельмі ўдзячны, бо ўжо не меў сілы рухацца.

Дон-Кіхот, якому здалося, што яго вораг ляціць проста на яго, ціскануў шпорамі худыя бакі Расінантэ і прымусіў яго кінуцца наперад. З гэтай ніколі нябачанай ярасцю Дон-Кіхот даскакаў туды, дзе знаходзіўся рыцар Люстраў, які не мог крануць свайго каня ні на адзін палец з таго месца, дзе ён на ўсім бягу спыніўся. У такі зручны момант Дон-Кіхот без ніякай небяспекі для сябе наляцеў на рыцара Люстраў з такой сілай, што скінуў яго цераз каня ніцма на зямлю. Паданне яго было такое небяспечнае, што ён, не рухаючы ні рукой, ні нагой, ляжаў, нібы мёртвы.

Санчо, убачыўшы, што рыцар зваліўся, адразу-ж злез з дрэва і шпарка падбег да свайго пана, а Дон-Кіхот, саскочыўшы з Расінантэ, нагнуўся над рыцарам Люстраў. Ён расшпіліў рамяні яго шлёма, каб паглядзець, ці памёр ён, і ўбачыў… Але хто можа сказаць, што ён убачыў, не выклікаўшы здзіўлення і спалоху ў слухачоў? Ён убачыў партрэт і сапраўдны малюнак бакалаўра Сансона Караско.

— Бяжы, Санчо, — гучна крыкнуў Дон-Кіхот, — і паглядзі на тое, чаму ты не паверыш. Хутчэй, сын, і запомні, што можа зрабіць магія, на што здольны чараўнікі і ведзьмакі!

Санчо падбег і, убачыўшы твар бакалаўра, пачаў тысячу разоў хрысціцца. Між тым Караско не падаваў знаку жыцця, і Санчо сказаў Дон-Кіхоту:

— Вам, сён’ёр мой, без далейшых разваг варта глыбей засадзіць меч у рот гэтаму нібыта Сансону Караско. Можа вы заб’еце такім чынам каго-небудзь з вашых ворагаў-чараўнікоў.

— Напэўна гэта праўда: чым менш ворагаў, тым лепш! — сказаў Дон-Кіхот і падняў ужо меч, каб выканаць параду Санчо. Але ў гэты момант да іх падбег зброеносец рыцара Люстраў, ужо без носа, так пакрывіўшага яго выгляд, і гучна крыкнуў:

— Падумайце пра тое, што вы робіце, сен’ёр Дон-Кіхот. Той, хто ляжыць ля вашых ног, сапраўды бакалаўр Сансон Караско, ваш сябра, а я — яго зброеносец.

— А нос? — здзіўлена запытаў Санчо.

— Ён у мяне ў кішэні, — адказаў той і, сунуўшы руку ў правую кішэню, дастаў адтуль лакіраваны маскарадны нос з папкі. Калі Санчо бліжэй падышоў да зброеносца, ён гучна крыкнуў:

— Хто-ж гэта такі, ці не Томе Сесіял, мой сусед і кум?

— Ну, вядома, — адказаў зброеносец. — Я — Томе Сесіял, кум і сябра Санчо Панса. Зараз я раскажу вам пра тайны і хітрасці, у выніку якіх я трапіў сюды, а покуль угаварыце вашага пана, каб ён не забіваў рыцара Люстраў.

Між тым рыцар Люстраў апамятаўся. Калі Дон-Кіхот убачыў гэта, ён прыставіў да твара яго лязо мяча і сказаў:

— Вы памрэце, рыцар, калі не прызнаеце, што прыгожасць непараўнальнай Дульсінеі Табоскай куды вышэй за прыгожасць вашай Касільдэі дэ-Вандалія. Звыш таго вы павінны, — калі захаваеце жыццё пасля гэтай бойкі і падання, — абяцаць мне накіравацца ў горад Табосо і прадставіцца там ад майго імя сен’ёры Дульсінеі, каб яна мела вас у сваім распараджэнні, дакуль ёй захочацца. Калі-ж яна дасць вам волю, знайдзіце мяне (сляды маіх учынкаў прывядуць вас туды, дзе я буду знаходзіцца) і паведаміце ўсё, што адбылося між вамі і ёю. Усё гэта, згодна ўмове вашай, не пераступае статутаў рыцарства.

— Прызнаю, — сказаў бакалаўр, — што падраны і брудны чаравік сен’ёры Дульсінеі каштуе больш Касільдэі, і абяцаю накіравацца да сен’ёры Дульсінеі і выканаць усё, што вы ад мяне патрабуеце.

— Вы павінны таксама прызнаць, што рыцар, якога вы перамаглі, не быў і не мог быць Дон-Кіхотам Ламанчскім, а быў другі, падобны да яго, як і я прызнаю, што вы — не бакалаўр Сансон Караско, а другі, падобны да яго, і што мае ворагі надалі вам яго вобраз, каб я зменшыў запал свайго гневу і з лагоднасцю карыстаўся славай сваёй перамогі.

— Усё гэта я прызнаю, але, прашу вас, дазвольце мне падняцца, калі боль ад падання дазволіць зрабіць гэта, бо я знаходжуся ў вельмі дрэнным становішчы.

Дон-Кіхот і Томе памаглі яму падняцца, а Санчо, не гледзячы на відавочнасць, не мог паверыць, што перад яго вачыма знаходзіцца яго зямляк. Адным словам, пан і слуга асталіся пры сваёй памылцы, а рыцар Люстраў і яго зброеносец, хмурыя і сумныя, развіталіся з Дон-Кіхотам і Санчо, спадзяючыся знайсці якую-небудзь мясцінку, дзе можна было-б уставіць рэбры і прыкласці да іх прыпаркі. Дон-Кіхот і Санчо працягвалі сваё падарожжа ў напрамку да Сарагосы, дзе гісторыя і пакідае іх, каб паведаміць, хто такі быў рыцар Люстраў і яго даўганосы зброеносец.


РАЗДЗЕЛ XV
Вельмі кароткі, у якім паведамляецца, хто такі быў рыцар Люстраў і яго зброеносец

Перад тым, як параіць Дон-Кіхоту зноў узяцца за рыцарства, бакалаўр меў нараду з папом і цырульнікам наконт таго, як прымусіць Дон-Кіхота астацца дома. Нарада гэтая прывяла да аднадушнага рашэння: не супярэчыць выезду Дон-Кіхота, бо ўтрымаць яго дома было немажліва. Але бакалаўр павінен быў паехаць услед за ім у выглядзе вандроўнага рыцара і пачаць з ім бойку. Недастачы ў прычынах для выкліку яго не магло быць, а перамагчы Дон-Кіхота здавалася вельмі лёгкай задачай. Перад бойкай яны павінны былі ўмовіцца, каб переможаны падначаліўся поўнасцю волі пераможцы. Перамогшы Дон-Кіхота, рыцар-бакалаўр парашыў патрабаваць, каб ён вярнуўся дахаты і не пакідаў яе, прынамсі, на працягу двух год, Караско ўзяўся за гэта, а яго зброеносцам згадзіўся быць Томе Сесіял, кум і сусед Санчо, чалавек вясёлы і разумная галава. Сансон узброіўся, а Томе Сесіял прымайстраваў сабе фальшывы нос, каб Санчо не апазнаў яго, калі яны сустрэнуцца. Яны паехалі па той-жа дарозе, як і Дон-Кіхот.

Сустрэча з ім адбылася ў лесе, дзе і здарылася тое, што ўважлівы чытач прачытаў ўжо. Дзякуючы дзіўным фантазіям Дон-Кіхота, уявіўшага сабе, што бакалаўр — не бакалаўр, сен’ёр Караско мог назаўсёды пазбавіцца мажлівасці атрымаць ступень лісенсіята ў выніку таго, што ён не знайшоў і гнёздаў там, дзе думаў знайсці птушак. Томе Сесіял, убачыўшы, да якога дурнога канца прывяло іх падарожжа, сказаў бакалаўру:

— Зразумела, сен’ёр Караско, мы атрымалі тое, што заслужылі. Дон-Кіхот — вар’ят, мы — у цвярозым розуме; ён паехаў непашкоджаны і смеючыся, а ваша міласць асталася пабітай і сумнай. Пытаюся, хто большы вар’ят: ці той, хто з’яўляецца такім мімаволі, ці той, хто зрабіўся ім па сваёй ахвоце.

— Розніца між гэтымі вар’ятамі, — злосна і разважліва зазначыў Сансон, — тая, што вар’ят міжвольны астанецца ім назаўсёды, а стаўшы вар’ятам сваявольным, перастане ім быць, як толькі захоча.

— Калі гэта так, дык я быў вар’ятам сваявольным, калі прапанаваў зрабіцца зброеносцам вашай міласці, а цяпер па сваёй-жа добрай волі хочу перастаць ім быць і вярнуцца дахаты

— Рабіце, як ведаеце, — адказаў Сансон, — але я не вярнуся дахаты, пакуль не памалачу палкай Дон-Кіхота. Цяпер я ўжо не так хачу вярнуць яму страчаны розум, як адпомсціць, бо моцны боль у рэбрах не дазваляе мне захапляцца больш жаласнымі думкамі.

Нарэшце абодва яны даехалі да мястэчка, дзе, на шчасце, знайшоўся костапраў, які і ўзяўся за лячэнне няшчаснага Сансона. Томе Сесіял вярнуўся дахаты, а бакалаўр пачаў выдумляць, што-б зрабіць, каб адпомсціць Дон-Кіхоту. У свой час аўтар вернецца да яго, цяпер-жа ён не можа не паследваць за Дон-Кіхотам, каб пазабавіцца з ім.


РАЗДЗЕЛ XVI
Пра тое, што здарылася з Дон-Кіхотам і адным разважлівым кабальеро Ламанчы

Здаволены, радасны і святкуючы перамогу, працягваў Дон-Кіхот сваё падарожжа. Дзякуючы апошняй сваёй перамозе, ён лічыў сябе самым харобрым рыцарам на свеце. Чараўніцтва і чараўнікоў ён ужо не баяўся, а пра бязлікія палачныя ўдары, атрыманыя ім ў час яго рыцарства, ён ужо запамятаў.

Калі-б ён знайшоў сродак зняць чары са сваёй сен’ёры Дульсінеі, дык ён быў-бы самым шчаслівым з усіх вандроўных рыцараў. Ехаў ён увесь ахоплены гэтымі марамі, калі Санчо сказаў яму:

— Ці не дзіўна, сен’ёр, што ў мяне ўсё яшчэ да гэтага часу перад вачыма пачварны нос Томе Сесіяла?

— Можа ты, Санчо, думаеш, што рыцар Люстраў быў сапраўды бакалаўр Караско, а яго зброеносец — твой кум Томе Сесіял?

— Не ведаю, што вам адказаць на гэта, але тыя весткі, якія ён мне паведаміў пра маю жонку і дзяцей, ніхто, апрача яго, не мог паведаміць. А твар яго, калі ён скінуў свой нос, быў акурат тварам Томе Сесіяла, і голас быў таксама зусім яго голасам.

— Але ў такім выпадку чаму бакалаўр Караско з’явіўся вандроўным рыцарам, узброены, каб пачаць са мною бойку? Ці быў я калі-небудзь яму ворагам? Або я супраціўнік яму?

— Але калі гэта чараўніцтва, — сказаў Санчо, — дык хіба не было на свеце другіх двух людзей, на якіх гаты рыцар і яго зброеносец маглі быць падобнымі?

— Усё гэта хітрасць злых чараўнікоў, праследуючых мяне. Убачыўшы, што я буду пераможцам у бойцы, яны надалі пераможанаму рыцару выгляд майго сябра бакалаўра, каб ён стаў між лязом майго мяча і сілай маёй рукі. У доказ гэтага ўспомні, Санчо, як чараўнікам лёгка ператварыць адну асобу у другую, робячы з прыгожага пачварнае. Яшчэ няма двух дзён, як ты сваімі вачыма бачыў прыгожасць і пекнасць непараўнальнай Дульсінеі ва ўсёй яе дасканаласці; я-ж бачыў яе толькі ў вобразе пачварнай, бруднай і грубай вясковай дзяўчыны з гнойнымі вачыма і дурным пахам з рота. Важна толькі тое, што ўрэшце-решт, пад якім-бы там ні было выглядам, я астаўся пераможцам майго ворага.

Хаця Санчо ведаў, што ператварэнне Дульсінеі было яго хітрасцю, і довады пана з гэтай прычыны не вельмі пераканалі яго, але ён не захацеў супярэчыць.

У гэты час іх дагнаў чалавек, які ехаў за імі па той-жа дарозе вярхом на кабыле. На ім быў плашч з тонкага зялёнага сукна, абшыты чырвона-бурым мошастам, а на галаве ў яго была машастовая шапачка такога-ж колеру.

Калі падарожнік пад’ехаў да Дон-Кіхота і Санчо, ён ветліва пакланіўся ім і праехаў было міма, але Дон-Кіхот сказаў яму:

— Сен’ёр франт, калі міласць ваша едзе па той-жа дарозе, як і мы, і калі вам не трэба спяшацца, я палічыў-бы за асалоду паехаць разам.

Падарожнік стрымаў каня, здзіўляючыся з фігуры і твара Дон-Кіхота. Покуль коннік у зялёным плашчы ўважліва разглядаў Дон-Кіхота, апошні з яшчэ большай увагай разглядаў незнаёмца, які здаўся яму чалавекам шаноўным і сур’ёзным. На выгляд яму было год пяцьдзесят, валасы яго былі з невялікай сівізной, твар з арліным носам, выраз напоўвясёлы, напоўсур’ёзны.

Пра Дон Кіхота Зялёны Плашч падумаў, што ніколі яшчэ ў жыцці не даводзілася яму сустракаць чалавека з такім выглядам. Дон-Кіхот адразу-ж прыкмеціу увагу, з якой разглядаў яго падарожнік, і сказаў:

— Я бачу, што вонкавы выгляд мой выклікае ў вас здзіўленне. Але ваша міласць пакіне здзіўляцца, калі даведаецца, што я рыцар, шукальнік прыгод. Я развітаўся са ўсімі выгодамі і кінуўся ў абымкі лёсу, каб ён занёс мяне, куды яму захочацца. Жадаючы ўваскрасіць ордэн вандроўнага рыцарства, я ужо выканаў значную частку свайго намеру, памагаючы ўдовам, абараняючы дзяўчат, падтрымліваючы жонак, сірот і няпоўналетніх. За мае харобрыя ўчынкі я ўжо трапіў у друк у большасці народаў на зямлі. Каб вы мяне зразумелі, я скажу вам, што я — Дон-Кіхот Ламанчскі, якога завуць у нас „Рыцарам Сумнага Вобразу“. Так што, сен’ёр кабальеро, ні гэты конь, ні зброеносец, ні ўсё маё ўзбраенне, ні вялікая худоба мая не могуць здзіўляць вас, калі вы даведаліся, хто я і якой займаюся прафесіяй.

На гэта Зялёны Плашч адказаў:

— Вам удалося, сен’ёр рыцар, адгадаць маё жаданне, але вам не ўдалося знішчыць маё здзіўленне. Вы сказалі, сен’ёр, што, даведаўшыся, хто вы такі, я пакіну здзіўляцца, але цяпер, калі я гэта ведаю, я яшчэ больш здзіўлены. Ці мажліва, што ў цяперашні час на свеце ёсць вандроўныя рыцары і ў друку існуюць гісторыі пра сапраўдныя рыцарскія ўчынкі? Не магу сабе ўявіць, каб у наш час хто-небудзь памагаў удовам, абараняў дзяўчат, шанаваў замужніх жанчын. Я бязмежна рады, што дзякуючы ўжо вышаўшай з друку гісторыі высокіх і сапраўдных рыцарскіх учынкаў будуць забыты кнігі пра выдуманых рыцараў.

— Многае можна-б сказаць, — пакрыўдзіўся Дон Кіхот, — адносна таго, ці выдуманы гісторыі вандроўных рыцараў, або не.

— Але хто-ж можа сумнявацца ў гэтым?!

— Я сумняваюся, але пакінем гэта покуль. Калі наша сумеснае падарожжа працягнецца, спадзяюся пераканаць вашу міласць, як дрэнна вы робіце, лічачы гэтыя гісторыі выдуманымі.

Зялёны Плашч падумаў, ці не вар’ят сустрэты ім рыцар, і чакаў, ці не пацвердзяць другія адзнакі гэтую думку. Між тым Дон-Кіхот папрасіў яго сказаць, хто ён, на што Зялёны Плашч адказаў:

— Я, сен’ёр рыцар, родам з аднаго мястэчка, дзе мы з вамі сёння папалуднуем. Мае сродкі — досыць значныя; імя маë — дон Дыего дэ-Міранда. Я праводжу жыццё сваё разам з маёй жонкай і сябрамі маімі; займаюся паляваннем і рыбнай лоуляй, але не трымаю ні сокала, ні борзых сабак, а толькі прыманную курапатку або афрыканскага тхара. Я маю каля шасці тузін кніг, але рыцарскія кнігі ніколі не пераступалі парога майго дома. Я сам не люблю нікога ганьбіць і не дазваляю другім рабіць гэта ў маёй прысутнасці; ніколі не імкнуся выведаць, як жывуць другія, і не дапытваюся пра справы старонніх; дзялюся сваім дастаткам з беднымі, не хвастаючы добрымі справамі.

Санчо вельмі ўважліва слухаў паведамленне пра жыццё Зялёнага Плашча, а Дон-Кіхот запытаў сустрэтага ідальго, колькі ў яго дзяцей, дадаўшы, што старажытныя філосафы лічылі вышэйшым шчасцем мець прыродныя таленты, мець многа сяброў і многа добрых дзяцей.

— У мяне, сен’ёр Дон-Кіхот, — адказаў ідальго, — усяго толькі адзін сын, але калі-б яго не было, можа я лічыў-бы сябе шчаслівейшым; і не таму, што ён дрэнны, а таму, што ён не такі добры, як я хацеў-бы. Яму восемнаццаць год, з якіх шэсць ён правёў у Саламанцы, вывучаючы грэцкую і латынскую мовы. Пасля гэтага ён так захапіўся паэзіяй, што я ніяк не магу прымусіць яго звярнуцца да вывучэння права. Цэлыя дні сын мой праводзіць, разважаючы, добра або дрэнна сказаў Гамер у якім-небудзь вершы ў „Іліядзе“; ці быў Марцыл непрыстойным, ці не ў якой-небудзь эпіграме; трэба разумець такім або іншым чынам якія-небудзь вершы Вергілія.

На ўсё гэта Дон-Кіхот адказаў:

— Дзеці, сен’ёр, частка ўнутранай сутнасці сваіх бацькоў, і з гэтай прычыны мы павінны іх любіць. Прымушаць іх вывучаць тую або іншую навуку я не лічу разумным; хаця паэзія менш карысная, як другія навукі, але яна не пляміць прыхільнікаў сваіх. Яна ніякім чынам не павінна быць прадажнай, — могуць прадавацца толькі паэтычныя творы. Я скажу таксама, што прыроджаны паэт, які ў дапамогу сабе заклікае мастацтва, будзе куды вышэй і лепш паэта, жадаючага быць ім, абапіраючыся толькі на веданне мастацтва. Прычына тая, што мастацтва не стаіць вышэй прыроды, а толькі ўдасканальвае яе; прыродны талент у злучэнні з мастацтвам і мастацтва ў злучэнні з прыродным талентам зробяць самага дасканалага паэта. У заключэнне, сен’ёр ідальго, скажу, што вашай міласці варта дазволіць свайму сыну ісці туды, куды яго вядзе зорка.

Зялёны Плашч быў вельмі здзіўлены развагам1 Дон-Кіхота і ўжо гатоў быў змяніць сваю ранейшую думку адносна яго вар’яцтва. Але у гэты час Дон-Кіхот убачыў, што па дарозе едзе закрыты фургон з каралеўскімі сцягамі.

Уявіўшы, што гэта, напэўна, новая прыгода, Дон-Кіхот гучна паклікаў Санчо.

Верны зброеносец паспешна пад’ехаў да свайго пана, з якім здарылася страшэнная і надзвычайная прыгода.


РАЗДЗЕЛ XVII
У ім паказваецца вышэйшая і апошняя мяжа, да якой дасягнула і магла дасягнуць нечуваная харобрасць Дон-Кіхота ў шчасліва закончанай ім прыгодзе са львамі

Калі Дон Кіхот крыкнуў Санчо, каб ён прынёс яму шлём, той быў заняты купляй тварагу ў пастухоў. Замяшаўшыся ад паспешнага крыку свайго пана, Санчо не ведаў, што рабіць з тварагом. Нядоўга думаючы, ён парашыў пакласці тварог у шлём Дон-Кіхота. Прыняўшы гэтую меру перасцярогі, ён паехаў да свайго сен’ёра даведацца, чаго той хоча. Убачыўшы яго, Дон-Кіхот сказаў:

— Дай мне, сябра, хутчэй шлём. Мала я разумею ў прыгодах, калі тое, што там насоўваецца, не такая прыгода, якая прымушае мяне ўзяцца за зброю!

Зялёны Плашч, пачуўшы гэта, пачаў глядзець ва ўсе бакі, але нічога не ўбачыў, апрача ваза з двума або трыма маленькімі сцягамі, паказваючымі, што на гэтым вазу вязуць каралеўскую маёмасць. Але Дон-Кіхот не верыў вачам сваім і сказаў Зялёнаму Плашчу:

— Калі вораг выкрыты, ён напалову параножаны. Я павінен ужыць меры перасцярогі, бо ведаю, што ў мяне ёсць ворагі, але не ведаю дзе, калі і ў якім выглядзе яны нападуць на мяне.

Абярнуўшыся да Санчо, ён папрасіў у яго шлём, які той падаў, не паспеўшы вынуць адтуль тварог. Дон-Кіхот з вялікай паспешнасцю надзеў яго сабе на галаву. Сыроватка з тварага адразу-ж пацякла па ўсім твары і па барадзе Дон-Кіхота. Гэта так здзівіла яго, што ён сказаў Санчо:

— Што гата такое? Мне здаецца, чэрап у мяне размякчыўся, або я з галавы да ног абліваюся потам. Калі гэта пот, дык, далібог, не ад спалоху. Ніколькі не сумняваюся, што прыгода, якая стаіць перада мной, будзе страшэннай. Дай мне чым выцерціся, бо гэты пот слепіць мне вочы.

Санчо змоўчаў і падаў свайму пану хустку, узрадаваўшыся, што яго сен’ёр не зразумеў, у чым справа. Дон-Кіхот выцер сабе твар і зняў шлём. Ён хацеў паглядзець, што там такое халадзіць яму галаву.

Убачыўшы белыя камкі ў шлёме, ён паднёс да носа, і панюхаўшы, сказаў:

— Клянуся жыццём маёй сен’ёры Дульсінеі Табоскай, гэта тварог, які ты мне сюды паклаў, здраднік, разбойнік і нахабны зброеносец!

На гэта Санчо адказаў з вялікім спакоем і штучным прытворствам:

— Калі гэта тварог, дайце мне яго, ваша міласць, і я яго з’ем; але лепш няхай есць яго д’ябал, які, напэўна, туды яго паклаў. Няўжо я адважыўся-б забрудзіць шлём вашай міласці?! Клянуся чэсцю, сен’ёр, я ўпэўнены, што і мяне праследуюць чараўнікі за прыналежнасць да вашай міласці. Яны, напэўна, паклалі гэтую брыдоту, каб ваша цярплівасць ператварылася ў гнеў, і вы, па звычаю, пакамечылі мне бакі. Але я веру цвярозай развазе майго пана, які прыме пад увагу, што ў мяне не было тварагу. Калі-б ён быў, я хутчэй паклаў-бы яго сабе ў страўнік, як у шлём.

Ідальго ў зялёным плашчы ўсё гэта бачыў і яшчэ больш здзівіўся, калі Дон-Кіхот, добра выцершы сабе галаву і твар, зноў надзеў шлём і, узяўшы кап’ё, сказаў:

— Усё мажліва, але цяпер я зноў гатовы харобра змагацца хоць з самым д’яблам.

У гэты час да іх пад’ехаў фургон, у якім быў толькі вознік і яшчэ адзін чалавек.

Дон-Кіхот загарадзіў дарогу фургону і сказаў:

— Куды вы едзеце, браты? Што гэта за фургон? Што вы вязеце ў ім і што гэта за сцягі такія?

— Фургон мой, — адказаў вознік, — вязу я ў ім у клетцы двух дужых львоў, якіх генерал з Орана пасылае ў сталіцу ў падарунак яго вялікасці: сцягі гэтыя каралеўскія і абазначаюць, што вязуць яго дабро.

— Львы вялікія? — запытаў Дон-Кіхот.

— Самыя вялікія, якіх калі-небудзь прывозілі з Афрыкі ў Іспанію. Тут самец і самка: самец у пярэдняй клетцы, а самка ў задняй. Яны галодныя, бо сёння яшчэ нічога не елі; з гэтай прычыны, няхай міласць ваша дасць нам дарогу.

— Што мне львы? Не такі я чалавек, каб спалохацца львоў! Злазьце-ка, добры чалавек, адчыніце клеткі і выпусціце адтуль гэтых звяроў. Тут, сярод гэтага поля, я пакажу ім, хто такі Дон-Кіхот Ламанчскі, на зло чараўнікам, паслаўшым іх мне.

„Та-та! — сказаў тут сабе ідальго. — Добры наш рыцар давёў, хто ён такі. Бессумненна, тварог размякчыў яму чэрап і разжыжыў мазгі“.

Між тым Санчо падышоў да ідальго і сказаў яму:

— Сен’ёр, упрашаю вас, зрабіце, каб мой пан не змагаўся з гэтымі львамі. Калі ён гэта зробіць, яны ўсіх нас загрызуць.

— Але хіба ваш пан вар’ят? Няўжо ён кінецца на такіх дзікіх звяроў?

— Ён не вар’ят, але адважны да вар’яцтва.

— Я зраблю так, каб ён не быў ім, — абяцаў ідальго.

Падышоўшы да Дон-Кіхота, які настойваў, каб вартаўнік адчыніў клеткі, ён сказаў яму:

— Сен’ёр, харобрасць, уваходзячая ў галіну безразважнасці, больш падобна да вар’яцтва, як да адвагі. Гэтыя дны зусім не ідуць супроць вашай міласці, а іх вязуць у падарунак яго вялікасці. З гэтай прычыны нядобра затрымваць іх.

— Няхай міласць ваша, сен’ёр ідальго, — спыніў яго Дон-Кіхот, — накіроўваецца сабе дахаты клапаціцца пра сваю ручную курапатку і пра адважнага афрыканскага тхара. Не перашкаджайце мне выконваць свой абавязак. Я сам ведаю, ідуць супроць мяне львы або не ідуць.

І ён зноў сказаў вартаўніку львоў:

— Клянуся, дон жулік, калі вы зараз не адчыніце клеткі, я гэтым кап’ём прышыю вас да воза!

Вознік, убачыўшы рашучасць узброенай здані, пачаў прасіць:

— Сен’ёр мой, ці не зробіце вы мне ласку, дазволіўшы адпрэгчы маіх мулаў і разам з імі схавацца ў бяспечным месцы? Калі-ж львы раздзяруць маіх мулаў, дык я загіну на ўсё жыццё, бо ў мяне няма нічога, апрача гэтага фургона і гэтых мулаў.

— О, малаверны! — адказаў Дон-Кіхот. — Злазь, адпрагай мулаў і рабі, што хочаш. Хутка ты ўбачыш, што мог-бы пазбавіць сябе ад гэтай працы.

Вознік злез і распрог мулаў, а вартаўнік львоў сказаў:

— Усе вы, прысутныя тут, будзеце сведкамі, што толькі па прымусу я адчыняю клеткі. Я заяўляю гэтаму сен’ёру: усе няшчасці і страты, якія дзікія звяры могуць зрабіць, будуць пастаўлены на яго рахунак. А вы, сен’ёры, схавайцеся ў бяспечнае месца. Мне львы не зробяць зла.

Ідальго яшчэ раз паспрабаваў угаварыць Дон-Кіхота не рабіць такога шалёнага ўчынку, але рыцар Сумнага Вобразу весела адказаў:

— Цяпер, сен’ёр, ваша міласць, якая вельмі баіцца, прышпорце сваю шэрую ў яблыках кабылу і едзьце ў бяспечнае месца.

Пачуўшы гэта, Санчо са слязмі на вачах пачаў упрашаць Дон-Кіхота адмовіцца ад такой справы, у параўнанні з якой прыгода з ветранымі млынамі і ўсе ўчынкі, зробленыя ім, былі толькі салодкім тортам і пернікамі, але Дон-Кіхот спакойна адказаў:

— Схавайся, Санчо, і пакінь мяне. Калі-б я памёр тут, ты ведаеш нашу ранейшую ўмову: накіруйся да Дульсінеі — больш нічога не скажу табе.

Убачыўшы, што далейшыя ўгаворы нічога не дадуць, Зялёны Плашч прышпорыў кабылу, Санчо — Шэрага, вознік — сваіх мулаў. Усе яны як мага далей ад’ехалі ад фургона. Санчо аплакваў смерць свайго сен’ёра: ён быў упэўнены, што яму не мінуць кіпцюроў льва.

Покуль усе яны спешна ўцякалі, Дон-Кіхот разважаў, ці не будзе лепш павесці бойку пехатою. Нарэшцё ён парашыў змагацца пехатою, баючыся, каб Расінантэ не спудзіўся, убачыўшы львоў. Ён саскочыў з каня, узяў кап’ё і прадзеў на руку шчыт. Падняўшы меч, з дзіўнай адвагай і з сэрцам, ахопленым мужнасцю, ён падышоў павольным крокам да воза, даручаючы усю душу сваёй Дульсінеі.

Калі вартаўнік львоў убачыў, што яму не ўдасца ўнікнуць неабходнасці выпусціць з клеткі льва-самца, ён расчыніў першую клетку.

Леў павярнуўся ў клетцы і працягнуў лапу. Потым ён увесь выцягнуўся, раскрыў зяпу, зяхнуў не спяшаючыся і, высунуўшы язык, аблізаў сабе морду. Зрабіўшы гэта, ён выставіў галаву з клеткі і пачаў азірацца ва ўсе бакі, бліскаючы вачыма, як распаленым вуголлем — поза, якая магла-б кінуць у жах самую адвагу.

Дон-Кіхот не зводзіў вачэй з льва, жадаючы толькі аднаго: каб ён саскочыў і трапіў яму ў рукі, якімі ён думаў разарваць яго на кавалкі. Але велікадушны леў павярнуўся спіной і, паказваючы Дон-Кіхоту свае сядалішчныя часткі, з вялікім спакоем разлёгся ў сваёй клетцы. Убачыўшы гэта, Дон-Кіхот загадаў вартаўніку біць яго палкай і дражніць, каб выгнаць з клеткі.

— Я гэта не зраблю, — адказаў вартаўнік, — бо, калі я яго раздражню, першы, каго ён разарве, буду я сам. Здавольцеся, сен’ёр рыцар, тым, што зроблена, бо і гэта звыш усялякай харобрасці. Вялікасць душы вашай міласці выявілася поўнасцю. Самы харобры рыцар абавязаны толькі выклікаць свайго ворага і чакаць яго на полі бойкі; калі-ж праціўнік не з’явіцца, ганьба кладзецца на яго, а той хто выклікаў, набывае вянец славы.

— Гэта праўда, — згадзіўся Дон-Кіхот. — Зачыні, сябра, дзверы і пасведчы, што я тут рабіў на тваіх вачах, менавіта: як ты адчыніў клетку льва, як я яго чакаў, а ён не вышаў; як чакаў яго я зноў, а ён зноў не вышаў і зноў лёг. Большага я не абавязаны рабіць. Зачыні дзверы, а я дам нашым уцекачам знак вярнуцца, каб яны з тваіх вуснаў пачулі пра гэты мой учынак.

Вартаўнік львоў так і зрабіў, а Дон-Кіхот, прымацаваўшы да кап’я хустку, якой ён выціраў сабе твар ад тварожнага дажджу, пачаў клікаць уцекачоў. Убачыўшы сігнал белай хусткі, Санчо сказаў:

— Няхай заб’юць мяне, калі мой пан не перамог дзікіх звяроў, бо ён нас кліча.

Усе спыніліся і, супакоіўшыся крыху ад свайго сполаху, наблізіліся да фургона. Калі яны апынуліся каля яго, Дон-Кіхот сказаў возніку:

— Запражэце зноў вашых мулаў, брат, і працягвайце

турнірах у прысутнасці дам. Але прыгажэй за ўсіх іх вандроўны рыцар, які па пустынях шукае небяспечных прыгод, каб набыць вялікую славу. Прыгажэй вандроўны рыцар, які дапамагае ўдаве ў якім-небудзь пустынным месцы, чымся прыдворны рыцар, гуляючы з маладой дзяўчынай у горадзе.

— Сен’ёр Дон-Кіхот, — адказаў дон Дыего, — усё, што ваша міласць сказала і зрабіла, нібы ўзважана на вазе самога розуму. Я ўпэўнены, калі-б усе статуты вандроўнага рыцарства згубіліся, дык знайшлі-б іх у грудзях вашай міласці, як у сапраўдным іхнім схове і архіве. Але тым не менш, паспяшайце, каб хутчэй даехаць да майго дома, дзе ваша міласць адпачне ад вялікай працы.

— Лічу запрашэнне ваша за вялікую ласку і гонар, сен’ёр дон Дыего, — адказаў Дон-Кіхот.

І, прышпорыўшы коней, яны каля двух гадзін пасля поўдня даехалі да дома дон Дыего, якога Дон-Кіхот зваў рыцарам Зялёнага Плашча.


РАЗДЗЕЛ XVIII
Пра тое, што здарылася з Дон-Кіхотам у доме рыцара Зялёнага Плашча

На пярэднім двары дома дона Дыего дэ-Міранда знаходзіўся вінны склеп, устаўлены мноствам гліняных гладышоў. Гэтыя гладышы былі з Табосо і зноў напомнілі рыцару яго зачараваную і ператвораную Дульсінею. Глыбока ўздыхнуўшы і сам не прыкмеціўшы, што гаворыць, Дон-Кіхот ускрыкнуў:

— О, табоскія гладышы, напомніўшыя мне салодкі прадмет вялікага майго душэўнага гора!

Гэтыя словы пачуў паэт-студэнт, сын дона Дыего, вышаўшы разам з маткай прыняць гасця. Маці і сын былі здзіўлены, убачыўшы фігуру рыцара. Сышоўшы з Расінантэ, Дон-Кіхот з вялікай ветлівасцю падышоў да сен’ёры, просячы даць яму руку для пацалунку, а дон Дыего сказаў:

— Прыміце, сен’ёра, слаўнага Дон-Кіхота Ламанчскага. Гэта вандроўны рыцар, самы адважны і харобры на ўсім свеце.

Сен’ёра, якую звалі дон’яй Крыстынай, прывітала гасця з вялікай прыхільнасцю і ветлівасцю, а Дон-Кіхот засведчыў ёй сваю павагу ў самых ветлівых і далікатных выразах. Той-жа самы абмен ветлівасцямі адбыўся ў яго і са студзнтам.

Дон-Кіхота павялі ў залу. Санчо зняў тут з яго ўзбраенне; рыцар астаўся у замшавым камзоле і шырокіх кароткіх фламандскіх панталонах. Ён апаясаў сябе добрым сваім мячом, але яшчэ раней гэтага ён пяццю або шасцю вёдрамі вады вымыў сабе галаву і твар. Вада да самага канца мела колер сыроваткі, дзякуючы недарэчнаму тварагу. Дон-Кіхот з прыгожым і адважным выглядам вышаў у другую залу, покуль накрывалі на стол. У гэты час Ларэнсо (так звалі сына дон Дыего) выкарыстаў выпадак, каб запытаць у бацькі:

— Хто гэты рыцар, якога ваша міласць прывяла да нас у дом?

— Не,ведаю хто ён, — адказаў дон Дыего. — Адно толькі магу сказаць: я бачыў, як ён рабіў найвялікшыя ў свеце шаленствы і разам з тым чуў ад яго такія разважлівыя прамовы, якія загладжваюць і выкрэсліваюць яго ўчынкі. Пагутары з ім, намацай пульс таго, што ён ведае, і сам вырашы пытанне пра яго разважлівасць або вар’яцтва. Кажучы па праўдзе, я лічу яго больш вар’ятам, як у цвярозым розуме.

Пасля гэтага Ларэнсо пайшоў займаць Дон-Кіхота. Між іншымі гутаркамі, якія яны вялі, Дон-Кіхот сказаў Ларэнсо:

— Скажыце мне, міласць ваша, якімі вершамі заняты цяпер. Калі вы пішаце вершы для літаратурнага спаборніцтва, дык імкніцеся атрымаць другую прэмію, бо першая даецца заўсёды дзеля знатнага імя; другая-ж даецца па заслугах, так што трэцяя робіцца другой, а першая па гэтаму ліку будзе трэцяй.

„Да гэтага часу, — думаў пра сябе Ларэнсо, — я яшчэ не магу лічыць яго вар’ятам. Паглядзім, што будзе далей,“ — і ён уголас сказаў:

— Як відаць, ваша міласць наведвала вышэйшыя школы. Якую-ж вы вывучалі навуку?

— Навуку вандроўнага рыцарства. Яна такая-ж добрая, як паэзія, і нават на два дзюймы лепш за яе.

— Што гэта за навука?

— Яна ўключае ў сябе большасць навук, існуючых на свеце. Вандроўнвы рыцар павінен быць юрыстам і ведаць законы, каб за кожным прызнаць тое, што яму падабае. Ён павінен быць доктарам, каб у пустынях вылечваць раны, бо вандроўны рыцар не можа на кожным кроку шукаць, хто перавязаў-бы іх яму. Ён павінен быць і астролагам, каб па зорах апазнаваць уначы, якая гадзіна і ў якім клімаце ён знаходзіцца. Ён павінен ведаць матэматыку, умець падкоўваць коні і ладзіць сядло і збрую. Апрача таго, ён павінен захоўваць вернасць сваёй даме, быць чыстым у думках, велікадушным ва ўчынках, цярплівым у працы, і нарэшце ён павінен быць змагаром за праўду. З усіх гэтых якасцей ствараецца добры вандроўны рыцар.

Тут гутарка іхняя была спынена, бо іх паклікалі абедаць. Дон Дыего запытаў сына, якое ў яго ўражанне адносна становішча розуму іхняга гасця, на што сын адказаў:

— Усе дактары і знаўцы не выведуць яго з туману яго вар’яцтва, але ён вар’ят светлы.

Чатыры дні прабыў Дон-Кіхот у доме дона Дыего. Пасля гэтага часу, выказаўшы дону Дыего вялікую ўдзячнасць за радушны пачастунак, ён прасіў дазволу паехаць, бо вандроўнаму рыцару не падыходзіць праводзіць доўгія гадзіны ў гультайстве і раскошы.

Прышоў, нарэшце, дзень ад’езду рыцара. Развітваючыся, Дон-Кіхот сказаў Ларэнсо:

— Каб вы хацелі скараціць шлях да вяршыні храма славы, вы павінны былі-б пакінуць вузкую сцежку паэзіі і перайсці на сцежку вандроўнага рыцарства, каб у момант зрабіцца імператарам.

Зноў бацька і сын здзівіліся блытаным словам Дон-Кіхота, а таксама настойлівасці і ўпартасці, якія ім цалкам валодалі ў справе пошукаў яго няшчасных прыгод.

Абмяняўшыся яшчэ раз ветлівасцямі, Дон-Кіхот і Санчо паехалі на Расінантэ і Шэрым.


РАЗДЗЕЛ XIX,
у якім апавядаецца прыгода закаханага пастуха, а таксама і іншыя цікавыя падзеі

Дон-Кіхот яшчэ недалёка ад’ехаў ад дома дона Дыего, як сустрэў двух студэнтаў і двух сялян, ехаўшых на аслах.

Як студэнты, так і сяляне здзівіліся, убачыўшы ў першы раз Дон-Кіхота, і яны паміралі ад жадання даведацца, хто гэты чалавек, так не падобны да астатніх людзей. Пакланіўшыся ім і даведаўшыся, што яны едуць туды, куды і ён, Дон-Кіхот запрапанаваў ім сябе ў спадарожнікі.

Ён паведаміў ім, што ён — вандроўны рыцар і едзе шукаць прыгоды ва ўсіх частках свету; сказаў ён ім таксама, што імя яго — Дон-Кіхот Ламанчскі, а прозвішча „Рыцар Львоў“. Для сялян усё гэта было тарабарскай граматай, але студэнты адразу заўважылі, што з мазгамі Дон-Кіхота справа дрэнная. Тым не менш адзін з іх сказаў:

— Калі вы, сен’ёр рыцар, не едзеце па раней вызначанаму шляху, дык паедзем з намі. Вы ўбачыце адно з лепшых і самых багатых вяселляў.

Дон-Кіхот запытаў, ці не вяселле гэта якога-небудзь прынца.

— Не, — адказаў студэнт, — гэта вяселле селяніна з сялянкай. Ён — самы багаты ва ўсёй той мясцовасці, яна — самая прыгожая, якую калі-небудзь бачылі людзі. Вяселле святкуюць на лузе. Нявесту завуць Кітэрыя Прыгожая, а жаніха яе — Камачо Багаты; ёй восемнаццаць год, яму дваццаць два — парачка вельмі падыходзячая. Гэты Камачо задумаў увесь луг пакрыць павеццю з галін і лісцяў. Ён наладжвае там таксама і танцы са шпагамі і бубенчыкамі. Але нішто не зробіць гэтага вяселля такім дастапамятным як тое, што натворыць на ім даведзены да роспачы Басіліё — пастух з той-жа вёскі, што і Кітэрыя. Басіліё закахаўся ў Кітэрыю з самага ранняга дзяцінства, і яна адказвала яго пачуццю тысячай нявінных знакаў прыхільнасці. Каханне Кітэрыі і Басіліё ў іхнім дзяцінстве з’яўлялася забавай для ўсёй вёскі. А калі яны выраслі, бацька Кітэрыі забараніў Басіліё ўваход у свой дом і парашыў выдаць дачку замуж за багатага Камачо; яму здавалася непадыходзячым выдаць яе за Басіліё, якога прырода больш шчодра надарыла сваімі дарамі, як шчасце — сваімі.

— Калі-б усе, якія кахаюць адзін аднаго, жаніліся, — сказаў Дон-Кіхот, — бацькі-б былі пазбаўлены права выбару і не маглі-б выдаваць сваіх дачок замуж, калі і за каго трэба.

— Як-бы там ні было, — казаў студэнт, — але няшчасны Басіліё з таго часу, як даведаўся, што прыгожая Кітэрыя выходзіць замуж за Камачо, заўсёды сумны, задуменны і гаворыць сам з сабою, а гэта яўная і верная адзнака таго, што ён страціў розум. Адным словам, ён так страшэнна пакутуе, што ўсе мы баімся, ці не будзе „так“, сказанае заўтра прыгожай Кітэрыяй, яго смяротным прысудам.

— Супроць усялякага болю, — сказаў Санчо, — ёсць лекі. Ніхто не ведае, што чакае яго наперадзе. Няхай мне скажуць: хто на свеце можа пахвастацца, што ён забіў цвік у кола Фартуны? Між „так“ і „не“ жанчын я-б не адважыўся ўваткнуць і кончык шпількі, бо яму не знайшлося-б там месца. Калі толькі Кітэрыя кахае Басіліё шчыра, я запрапаную яму цэлы мех шчасця, бо каханне глядзіць у акуляры, скрозь якія медзь здаецца золатам, беднасць — багаццем і гной у вачах — пэрламі.

— Калі ты спынішся, Санчо, будзь ты прокляты! — раззлаваўся Дон-Кіхот. — Калі ты пачнеш нанізваць прыказкі і казкі, за табой не ўгнацца і самому чорту, узяў-бы ён цябе! Скажы мне, жывёла, што ведаеш ты пра цвікі і пра колы, або пра што-б там ні было?

— Калі мяне не разумеюць, не дзіва, што і мае прыказкі лічаць недарэчнымі, але гэта няважна. Я разумею сябе і ведаю што не сказаў вельмі многа глупства, а толькі вы, ваша міласць, заўсёды кітыкуеце мае словы і мае ўчынкі.

— „Крытыкуеце“ трэ’ было табе сказаць, — паправіў яго Дон-Кіхот, — а не „кітыкуеце“, няшчасны сказіцель добрай мовы!

— Не будзьце такімі патрабоўнымі да мяне, міласць ваша, я-ж не выхоўваўся пры двары і не вучыўся ў Саламанцы, каб ведаць, ці трэба дадаць або выкінуць якую-небудзь літару ў маіх словах. Наогул, вельмі многа людзей, якія наконт тонкай гутаркі таксама невысока лятаюць.

Між тым надышоў змрок. Раней як яны даехалі да сяла, усім ім здалося, што каля сяла неба засеяна бязлікімі бліскучымі зоркамі. Яны пачулі таксама гукі розных інструментаў: флейт, тамбурынаў, кімвалаў, бубнаў і літаўраў. Калі яны пад’ехалі бліжэй, то ўбачылі, што вялікі звод з лісцяў пры ўваходзе ў сяло ўвесь ілюмінаваны агнямі. Музыканты гулялі групамі па гэтай прыемнай мясцовасці, танцуючы, напяваючы песні і граючы на розных інструментах. Адным словам, здавалася, радасць і весялосць бліскаюць у гэтым месцы, прызначаным для святкавання вяселля Камачо і хаўтур Басіліё.

Дон-Кіхот адмовіўся заехаць у сяло з той, прычыны, што ў вандроўных рыцараў у звычаі лепш спаць пад адкрытым небам, як у населеных месцах.

З усходам сонца Дон-Кіхот падняўся і паклікаў Санчо, які ўсё яшчэ спаў.

— О, ты, шчаслівейшы з усіх смяротных, — сказаў Дон-Кіхот, — ты спіш, спакойны духам, чараўнікі не ганяюцца за табою, чараўніцтвы не палохаюць цябе. Спі, кажу я і скажу яшчэ сотню разоў: да бесперапыннага дбання не прымушае цябе рэўнасць да тваёй дамы, твайму сну не перашкаджаюць клопаты пра незаплочаныя даўгі або думка пра тое, чым на наступны дзень пракарміць сябе самаго і сваю маленькую бедную сям’ю. Цябе не трывожыць ганарлівасць, не стамляе сумятлівая пышнасць свету, бо мяжа тваіх жаданняў знаходзіцца не далей клопатаў пра твайго асла.

На ўсё гэта Санчо нічога не адказаў, бо ён яшчэ спаў.

Ён не прачнуўся-б так хутка, калі-б Дон-Кіхот не раскатурхаў яго сваім кап’ём. Нарэшце ён прачнуўся і сказаў:

— З таго зялёнага звода чуецца, калі не памыляюся, пах, падобны да смажанае скібкі копчанага мяса. Вяселле, якое пачынаецца такімі пахамі, павінна быць пышным і багатым.

— Хопіць, абжора, падымайся, пойдзем на вяселле і паглядзім, што зробіць пакінуты Басіліё.

— Няхай робіць, што хоча, — сказаў Санчо. — Не быў-бы ён бедным, ажаніўся-б з Кітэрыяй. Не мець за душой ні граша і хацець ажаніцца вышэй хмар! Сумленна кажучы, сен’ёр, на мой погляд, беднаму варта-б здаволіцца тым, што ён можа атрымаць, і не шукаць ласункаў на дне мора. Вельмі дурная была-б Кітэрыя, калі-б адмовілася ад убораў і каштоўнасцей, якія Камачо ёй даў і можа даць, каб перад усім гэтым аддаць перавагу прыродным талентам Басіліё. Здольнасці і таленты, якія нельга ператварыць у грошы, нічога не каштуюць. На добрым падмурку можна пабудаваць і добры будынак, а самая лепшая аснова і падмурак у свеце — гэта грошы.

— Імем сен’ёры Дульсінеі прашу цябе, Санчо, спыні сваё шматслоўе. Мне здаецца, калі-б ты мог працягваць балбатню, якую ты на кожным кроку пачынаеш, у цябе не аставалася-б часу ні есці, ні спаць.

— Калі-б у вашай міласці была добрая памяць, — засупярэчыў Санчо, — вы-б не забылі аднаго з пунктаў нашай умовы, паводле якога вы дазволілі мне гаварыць усё, што я хачу, толькі-б я не гаварыў нічога супроць павагі да вашай міласці. Да гэтага часу я, здаецца, нічым не парушаў гэтага пункту!

— Я не памятаю, Санчо, падобнага пункту, але цяпер я хачу, каб ты змоўк. Ты паслухай: гукі інструментаў пачынаюць зноў ажыўляць лагчыну. Відаць, шлюб адбудзецца ў ранішняй прохаладзі, а не ў пасляабедзенай спякоце.

Санчо зрабіў тое, што яму загадаў яго пан. Абодва яны селі вярхом і ціха паехалі да альтанкі з дрэў. Першае, што кінулася ў вочы Санчо, быў цэлы бык у агні, пад якім палала вялікая гара дроў. Шэсць гліняных гаршкоў, стаяўшых вакол агню, былі поўныя мяса. Зайцам і абскубаным курам, вісеўшым на дрэвах і чакаючым чаргі быць пахаванымі ў гаршках, не было ліку. Санчо налічыў больш за шэсцьдзесят бурдзюкоў з віном. Астатняй правізіі ён і лік згубіў. Да ўсяго, што ён убачыў, Санчо адчуваў шчырую пяшчоту. Не маючы сілы цярпець далей, ён падышоў да аднаго з пяцідзесяці кухараў і ветлівымі словамі, у якіх адчуваўся голад, папрасіў у яго дазволу абмакнуць скібку хлеба ў адзін з волатаў-гаршкоў.

— Брат, — адказаў яму на гэта кухар, — сёнешні дзень дзякуючы Камачо — не з тых, над якімі мае ўладу голад. Паглядзіце, ці няма паблізу чарпака, і здыміце сабе адну або дзве курыцы. Між іншым, пачакайце. — І сказаўшы гэта, кухар схапіў кацялок, апусціў яго ў адзін з гліняных волатаў, выцягнуў адтуль трох курэй і двух гусей і перадаў іх Санчо са словамі:

— Ежце, сябра, покуль не прыдзе час абеда.

Покуль Санчо быў заняты такім чынам, Дон-Кіхот убачыў, як у агарожу ўехала каля дванаццаці сялян. Усе гэтыя коннікі, па-святочнаму апранутыя, праехалі па лузе стройным натоўпам з радаснымі крыкамі:

— Няхай жыве Кітэрыя і Камачо! Ён настолькі-ж багаты, як яна прыгожая, а яна прыгажэй за ўсіх на свеце!

Пачуўшы гэта, Дон-Кіхот падумаў:

„Зразумела, гэтыя людзі не бачылі мае Дульсінеі Табоскай: каб яны яе бачылі, то былі-б больш асцярожнымі ў пахвалах гэтай сваёй Кітэрыі“.

Хутка з розных бакоў пачалі ўваходзіць шматлікія групы танцораў, у тым ліку і група са шпагамі, якая складалася з дваццаці чатырох маладых хлапцоў. Яны пачалі танцаваць, а потым да іх далучылася група танцаваўшых вельмі прыгожых дзяўчат, апранутых у вопратку з зялёнай матэрыі. Грала дзяўчатам саморская валынка, і яны — са сціпласцю ў вачах і спрытнасцю ў нагах — паказалі сябе лепшымі танцоркамі ў свеце.

Некалькі актораў выступілі з вершамі, а потым паставілі сатырычную пантаміму, складзеную мясцовым папом.

— Няхай жыве Камачо! — крычаў ва ўсё горла Санчо.

— Адразу відаць, — сказаў яму Дон-Кіхот, — што ты грубы чалавек, адзін з тых, якія заўсёды крычаць: „няхай жыве пераможца!“

— Не ведаю, з якіх я, — адказаў Санчо, — але добра ведаю, што з гаршкоў Басіліё я ніколі не здыму такой пены, якую я зняў з гаршкоў Камачо! — І, паказаўшы яму кацялок, напоўнены гусямі і курамі, ён выцягнуў адтуль адну з іх і пачаў есці з вялікай прагнасцю і апетытам, кажучы: — Чорт з імі, з гэтымі талентамі Басіліё! На свеце ўсяго толькі два паходжанні і станы, як казала мая бабуля: багатыя і бедныя, а яна сама заўсёды трымалася багатых. Багаты больш каштоўны, як той, хто толькі ведае, але нічога не мае, таму што асёл, пакрыты золатам, выглядае лепш за каня, на якім уючнае сядло.

— Скончыў ты свае разважанні, Санчо? — запытаў Дон-Кіхот.

— Давядзецца скончыць, бо я бачу, што яны абрыдлі вашай міласці, а калі-б не гэта, у мяне нарыхтавана матэрыялаў хоць на тры дні.

— Добра было-б, Санчо, каб я ўбачыў цябе нямым раней, як я памру.

— Раней, як ваша міласць памрэ, я буду ўжо есці зямлю і тады я буду такім нямым, што не скажу ні слова да канца свету.

— Усё-адно, Санчо, ніколі твая маўклівасць не пераважыць таго, што ты гаворыш і будзеш гаварыць на працягу свайго жыцця.

— Ну, што-ж, дрэнна прапаведуе той, хто дрэнна жыве, — адказаў Санчо.

— Але я не магу зразумець, якім чынам ты ведаеш столькі розных рэчаў?

— Клапаціцеся, міласць ваша, пра сваё рыцарства, — спыніў яго Санчо, — і не гаварыце пра здольнасці другіх людзей. Лепш дайце мне, міласць ваша, справіцца з гэтай вось курыцай, а ўсё астатняе ў жыцці — толькі гультайскія словы.

Сказаўшы гэта, ён зрабіў новы напад на свой кацялок з такой прагнасцю, што абудзіў яе і ў Дон-Кіхота. Ён, вядома, памог-бы яму ў гэтым, калі-б не перашкодзіла тое, пра што неабходна расказаць далей.


РАЗДЗЕЛ XX,
у якім працягваецца апавяданне пра вяселле Камачо і пра іншыя прыемныя падзеі

У гэты час пачуліся гучныя крыкі, абвясціўшыя набліжэнне жаніха і нявесты з усёй іхняй раднёй. Усе яны былі ў святочных уборах. Калі Санчо ўбачыў нявесту, ён сказаў:

— Сумленна кажучы, апранута яна не як сялянка, а як пекная прыдворная дама. Калі я не памыляюся, на яе шыі багатыя каралы, а ўся яна ў мошасце і атласе. Яе рукі ўпрыгожаны залатымі пярсцёнкамі з чорнага янтара, апраўленымі ў пэрлы бялейшыя за тварог, з якіх кожная пэрла павінна каштаваць зрэнку вока. О, мілая дзяўчына, якія валасы ў цябе, — калі толькі яны не накладныя, — за ўсё сваё жыццё не бачыў я такіх даўгіх і светлазалацістых. А яе выгляд, яе рост! Мімаволі параўнаеш яе з рухомай пальмай, абвешанай фінікамі, бо на іх вельмі падобны каштоўнасці, якімі ўпрыгожаны яе валасы і шыя. Клянуся душой маёй, гэта герой-дзяўчына!

Дон-Кіхот засмяяўся з пахвал Санчо, але і яму здалося, што, за выключэннем сен’ёры сваёй Дульсінеі Табоскай, ён яшчэ ніколі не бачыў такой красуні. Прыгожая Кітэрыя была бледная, напэўна, у выніку бяссоннай ночы, якую заўсёды праводзяць нявесты, рыхтуючыся да вяселля.

Працэсія накіравалася да эстрады, пастаўленай у канцы луга, дзе павінен быў адбыцца абрад вянчання. Дайшоўшы да гэтага месца, яны пачулі адзаду сябе шум і гучнае ўсклікванне: — Пачакайце крыху!

Усе павярнулі галовы і ўбачылі чалавека ў чорнай суконнай накідцы. На галаве ў яго быў вянок з траурнага кіпарыса, а ў руках вялікая палка. Калі ён падышоў бліжэй, у ім апазналі прыгожага Басіліё і чакалі ў здзіўленні, чым скончыцца ўсё гэта, баючыся, каб не вышла чаго дрэннага ад з’яўлення яго ў такі час. Стаўшы перад маладымі, ён уваткнуў палку сваю са сталёвым спічаком у зямлю. Пабляднеўшы і гледзячы на Кітэрыю, ён хрыплым голасам прамовіў:

— Ты добра ведаеш, няўдзячная Кітэрыя, што ты не можаш, покуль я жывы, выйсці замуж за другога. Я заўсёды меў да цябе павагу, якая патрабуецца тваёй чэсцю; але ты, адкінуўшы ўсе свае абавязкі да мяне, парашыла аддаць сябе другому, чыё багацце зрабілася для яго прычынай нечуванага шчасця. Каб ён карыстаўся ім у поўнай меры, я сам сваёю рукой знішчу перашкоду, якая магла-б пашкодзіць яго шчасцю. Няхай жыве багаты Камачо з няўдзячнай Кітэрыяй доўгія і шчаслівыя гады, і няхай памрэ Басіліё, беднасць якога абрэзала крыллі яго шчасцю!

Сказаўшы гэта, ён схапіўся за палку, уваткнутую ў зямлю. Адна палова яе асталася ў зямлі, прычым выявілася, што яна з’яўлялася ножнамі для захаванай у яе шпагі. Усадзіўшы рукаятку шпагі ў зямлю, Басіліё з шпаркасцю і цвёрдай рашучасцю кінуўся на яе.

У адно імгненне акрываўлены спічак з паловай ляза вышаў з яго плеч. Няшчасны, плаваючы ў крыві, ляжаў распасцёртым на зямлі, працяты ўласнай сваёй зброяй.

Сябры яго адразу падбеглі да яго, і Дон-Кіхот, сышоўшы з Расінантэ, таксама кінуўся на дапамогу. Падхапіўшы яго на рукі, ён убачыў, што юнак ледзь дыша. Сябры хацелі было выцягнуць шпагу з яго раны, але поп, быўшы тут, сказаў, што гэтага рабіць нельга, покуль ён не паспавядаецца, бо, калі вынуць меч з раны, Басіліё адразу памрэ. Апамятаўшыся крыху, Басіліё слабым голасам сказаў:

— Калі-б ты, жорсткая Кітэрыя, у гэтую цяжкую, апошнюю хвіліну майго жыцця захацела даць мне сваю руку… Калі-б ты зрабілася маёю жонкаю, вар’яцтва маё знайшло-б сабе апраўданне… Дзякуючы яму я дасягнуў-бы шчасця быць тваім.

Пачуўшы гэтыя словы, поп сказаў параненаму, каб ён лепш паклапаціўся аб паратунку сваёй душы, чымся пра асалоду цела. Але Басіліё адказаў, што ён ні за што не паспавядаецца, покуль Кітэрыя не дасць яму сваю руку, паабяцаўшы зрабіцца яго жонкаю; толькі гэтая радасць замацуе яго сілы і дасць яму мажлівасць паспавядацца.

Пачуўшы просьбу паміраючага, Дон-Кіхот падтрымаў яе, зазначыўшы, што просьба гэтая справядлівая, і што яе лёгка выканаць: для сен’ёра Камачо не менш гонару атрымаць прыгожую Кітэрыю ўдавой харобрага Басіліё, як атрымаць яе з рук бацькі. Тут усё зводзілася толькі да таго, каб Кітэрыя прамовіла сваё „так“, якое не будзе мець далейшых вынікаў, паколькі шлюбным ложам гэтага вяселля з’явіцца магіла.

Камачо, здзіўлены і засаромлены, не ведаў, што рабіць. Але сябры Басіліё неадступна ўпрашалі яго не супярэчыць Кітэрыі аддаць руку Басіліё, каб не загінула яго душа.

Тады ён сказаў:

— Калі Кітэрыя захоча даць руку Басіліё, я не супярэчу ёй, бо гэтым я адтэрміную толькі на некалькі хвілін выкананне майго жадання.

Халодная і нерухомая, як статуя, стаяла Кітэрыя і не магла прамовіць ні слова. Але поп сказаў ёй, каб яна хутчэй вырашала, бо рыхтуючыся пакінуць цела, душа Басіліё ўжо блукае на яго вуснах і няма часу чакаць доўгіх рашэнняў.

Тады прыгожая Кітэрыя, не кажучы ні слова, падышла да таго месца, дзе ляжаў Басіліё з ужо заплюшчанымі вачыма. Ён шаптаў скрозь зубы імя Кітэрыі, і, як відаць, рыхтаваўся памерці. Кітэрыя, падышоўшы да яго, стала каля яго на калені і знакам папрасіла ў яго руку. Басіліё расплюшчыў вочы, глянуў на яе ўважліва і сказаў:

— О, Кітэрыя, я не маю сілы перажыць шчасце, якое ты мне даруеш, зрабіўшы мяне сваім мужам! Пра адно толькі ўпрашаю цябе о, ракавая зорка мая: каб ты ўзяла маю руку і аддала мне сваю — не для таго, каб зноў ашукаць мяне… кажы, што, не робячы прымусу над сваёй воляй, ты аддаеш мне руку сваю, як законнаму мужу… Было-б нядобра, каб у такую хвіліну ты ашукала мяне або хітрыла з тым, хто заўсёды адносіўся да цябе з поўнай праўдзівасцю.

У час гэтай прамовы ён некалькі разоў траціў прытомнасць, і прысутныя думалі, што ён памірае ўжо. Кітэрыя-ж, узяўшы правую руку Басіліё, сказала:

— Ніякі прымус не меў-бы сілы схіліць маю волю. З самай поўнай воляй, якую я маю, даю табе маю руку, як законная твая жонка, і прымаю тваю, калі ты даеш яе мне па вольнай ахвоце са свядомасцю, незацямнёнай няшчасцем, у якое кінуў цябе твой неабдуманы ўчынак.

— Даю табе руку, — адказаў Басіліё, — у поўным розуме і ў цвярозай развазе.

— А я аддаю сябе табе, — прамовіла Кітэрыя, — усё-адно, ці пражывеш ты доўгія гады, або занясуць цябе зараз у магілу.

— Для цяжка раненага, — сказаў тады Санчо, — гэты малады хлопец нешта ўжо вельмі многа гаворыць. Час-бы яму кінуць свае любоўныя гісторыі і паклапаціцца пра сваю душу, якая, як мне здаецца, засела ў яго больш на языку, чымся збіраецца пакінуць яго цела.

Як толькі Басіліё і Кітэрыя злучылі свае рукі, мяккасардэчны поп са слязмі на вачах блаславіў іхні шлюб, просячы неба заспакоіць душу адыходзячага ў лепшае жыццё маладога. Але гэты апошні, атрымаўшы блаславенне, шпарка ўскочыў на ногі. З надзвычайнай спрытнасцю выцягнуў ён шпагу са свайго цела, служыўшага ёй ножнамі. Усе прысутныя былі здзіўлены, а некаторыя з іх пачалі ўголас крычаць: „Цуд, цуд!“

Але Басіліё адказаў:

— Не цуд, а хітрасць!

Здзіўлены поп падбег, каб абодвума рукамі абмацаць рану Басіліё. Шпага прайшла не цераз цела, а цераз выдзяўбленую жалезную трубку, напоўненую крывёй і вельмі ўдала прыстасаваную да грудзей.

Кроў была так прыгатавана, як потым даведаліся, што яна не скручвалася.

Адным словам, поп, Камачо і ўсе прысутныя ўбачылі, што яны ашуканы і абдураны. Нявеста-ж не выказала ніякага нездавальнення, наадварот, пачуўшы, што зроблены шляхам ашуканства шлюб не можа лічыцца сапраўдным, яна сказала, што пацвярджае яго зноў. Адсюль усе зрабілі вывад, што камедыя была разыграна са згоды і ведама абодвух.

Гэта прывяло ў такую ярасць Камачо і яго сяброў, што яны парашылі адразу-ж адпомсціць Басіліё і, падняўшы мячы, кінуліся на яго, але ў абарону яго паднялася амаль столькі-ж другіх мячоў, а Дон-Кіхот вярхом на Расінантэ з паднятым кап’ём апынуўся наперадзе ўсіх, прымусіўшы даць сабе дарогу. Санчо (яму такія справы ніколі не падабаліся і не давалі здавальнення) шукаў надзейнай мясцінкі сярод волатаў-гаршкоў, з якіх ён зняў такую прыемную пену. Ён лічыў гэтае месца свяшчэнным, перад якім усе павінны адчуваць павагу.

Дон-Кіхот крычаў гучным голасам:

— Спыніцеся, сен’ёры! Несправядліва помсціць за крыўды, якія каханне робіць нам! Каханне і вайна — гэта адно і тое-ж: падобна таму, як на вайне прынята выкарыстоўваць ваенную хітрасць, каб перамагчы ворага, і ў любоўных сутычках дапускаюцца хітрасці і ашуканства, калі толькі гэта не робіцца ганебным для прадмета кахання. Кітэрыя належала Басіліё, а Басіліё — Кітэрыі. Камачо багаты і можа купіць сабе асалоду, калі, дзе і як захоча. У Басіліё-ж адна толькі авечка, і ніхто не адбярэ яе ў яго. Хто-ж паспрабуе гэта зрабіць, таму давядзецца прайсці спачатку цераз спічак гэтага кап’я.

Дон-Кіхот абудзіў спалох ва ўсіх, бо ніхто не ведаў яго.

Камачо-ж так пакрыўдзіўся на Кітэрыю, што адразу выкінуў яе вобраз са сваёй галавы і лёгка згадзіўся на ўгаворы папа, якому ўдалося заспакоіць і сціхамірыць Камачо і яго прыхільнікаў.

Яны схавалі свае мячы, ганьбячы больш Кітэрыю за яе лёгкадумства, як Басіліё за яго ашуканства. Камачо нават заявіў, што калі Кітэрыя кахала Басіліё дзяўчынай, дык яна кахала-б яго і замужняй жанчынай. З гэтай прычыны ён павінен дзякаваць лёс за тое, што ён адабраў яе ў яго.

Багаты Камачо, каб паказаць, што ён не мае злосці за сыграны з ім жарт, захацеў, каб святы ішлі сваёй чаргой, нібы ён і сапраўды павянчаўся. Але Басіліё, яго жонка і прыхільнікі іхнія адмовіліся прысутнічаць на гэтых святах і накіраваліся ў вёску Басіліё.

Яны павялі з сабою Дон-Кіхота, лічачы яго чалавекам паважаным і мужным.

У аднаго толькі Санчо душа зацямнілася горам, калі ён убачыў, што яму нельга прысутнічаць на бліскучай пагулянцы і святах Камачо, якія цягнуліся да глыбокай начы. Нездаволены і сумны, ішоў ён за сваім панам, пакінуўшы за сабою багатыя катлы. Праўда, ён панёс іх з сабою ў душы, бо пена з іх, быўшая ў яго ў кацялку, напамінала яму пра пышнасць і багацце таго, што ён страціў.


РАЗДЗЕЛ XXI,
у якім паведамляецца пра вялікую прыгоду ў пячоры Мантэсінос, даведзеную да шчаслівага канца харобрым Дон-Кіхотам

Маладажоны частавалі Дон-Кіхота ветліва і багата, адчуваючы сябе абавязанымі яму за шчырасць у абароне іхняй справы. Добры Санчо падмацоўваў свае сілы на працягу трох дзён за кошт маладых. Выявілася, што ў Басіліё не было папярэдняй умовы з прыгожай Кітэрыяй адносна прытворнага паранення ім сябе. Гэта была хітрасць Басіліё, пра якую ён паведаміў толькі некаторым з сваіх сяброў, каб яны маглі своечасова падтрымаць яго ашуканства.

— Нельга называць ашуканствам тое, — сказаў Дон-Кіхот, — што мае на ўвазе благародную мэту, а злучыць шлюбам двух закаханых — самая высокая мэта. Але пры гэтым нельга забываць, што найвялікшы вораг, якога мае каханне, гэта — голад і бесперапынная беднасць, бо каханне ёсць уся радасць, весялосць і шчасце.

Гэтае і яшчэ многае іншае прапаведваў Дон-Кіхот з мэтаю прымусіць Басіліё кінуць практыкаванні ў талентах, якія даюць яму толькі славу, але не даюць грошай. Шаноўны бядняк, маючы прыгожую жонку, мае скарб. Прыгожая і добрадзейная жонка, муж якой бедны, заслугоўвае быць увенчанай лаўрамі перамог і пальмамі ўрачыстасці. Сама па сабе прыгожасць прываблівае жаданне ўсіх, хто яе бачыць; як на ласую прывабу, накіроўваюцца да яе багатыя арлы і іншыя высокалётныя птушкі; але калі да такой прыгажосці далучаецца яшчэ і беднасць, дык нават каршуны, груганы і іншыя драпежныя птушкі нападаюць на яе.

— Вазьміце пад увагу, разважлівы Басіліё, — закончыў Дон-Кіхот, — што, па думцы аднаго мудраца, на ўсім свеце існуе ўсяго толькі адна добрая жанчына. З гэтай прычыны ён раіў кожнаму думаць і быць упэўненаму, што гэта адзіная добрая жанчына — яго жонка і такім чынам быць шчаслівым.

Усё гэта Санчо чуў і падумаў:

„Калі я скажу што-небудзь разумнае па сутнасці, сен’ёр мой звычайна гаворыць, што я мог-бы ўзяць у рукі кафедру і ісці прапаведваць па ўсім свеце, а калі ён пачынае нанізваць выслоўі, ён не толькі мог-бы ўзяць у рукі кафедру, але дзве на кожны палец і пайсці па ўсіх пляцах прапаведаваць, што каму патрэбна. А я ад душы думаў, што ён можа ведаць толькі тое, што тычыцца яго рыцарства; выходзіць, няма такой рэчы, дзе-б ён не клюнуў і куды-б не апусціў свае лыжкі“.

Тры дні правялі яны ў маладажонаў, а на чацверты Дон-Кіхот папрасіў Басіліё знайсці яму правадніка, які правёў-бы яго ў пячору Мантэсінос. Рыцар хацеў пераканацца, ці праўду гавораць адносна цудаў, схаваных у гэтай пячоры.

Басіліё сказаў, што дасць яму ў праваднікі свайго стрыечнага брата, вядомага вучонага і вялікага аматара рыцарскіх кніг, з якім можна весці вельмі прыемныя гутаркі.

Стрыечны брат з’явіўся вярхом на асліцы. Санчо асядлаў Расінантэ, закілзаў свайго Шэрага, і, развітаўшыся з усімі, яны накіраваліся ў дарогу ў напрамку да славутай пячоры.

Дарогай Дон-Кіхот запытаў стрыечнага брата, якога роду яго прафесія.

Той адказаў, што па прафесіі ён — гуманіст, а яго занятак — складанне кніг для друку. Усе яны прыносяць вялікую карысць і не менш забавы дзяржаве. Адна з гэтых кніг мае назву: „Кніга ўбораў“ — у ёй ён апісвае семсот тры ўборы, і з яе прыдворныя рыцары могуць выбіраць у час урачыстасцей і святаў усё, што ім спадабаецца.

— Ёсць у мяне яшчэ кніга, — закончыў ён, — якую я назваў „Дадатак да Віргілія Палідора“[9], дзе ідзе гутарка пра вынаходніцтвы; тут мноства вучонасці і працы, бо вельмі сурёзныя рэчы, якія прапусціў Палідор, я тлумачу прыгожым складам. Віргілій запамятаў, напрыклад, паведаміць нам, хто першы на свеце атрымаў катар, а я гэта тлумачыў вельмі дакладна і пацвярджаю спасылкамі на дваццаць пяць аўтароў.

Санчо, які вельмі ўважліва слухаў апавяданні стрыечнага брата, запытаў яго:

— Вось што, сен’ёр, ці не можаце вы мне сказаць напэўна, вы гэта ведаеце, таму што вы ўсё ведаеце, — хто першы на свеце пачухаў сабе галаву?

— Па праўдзе кажучы, брат, — адказаў той, — гэтага я не магу адразу вырашыць. Мне трэба вывучыць гэтае пытанне, і я гэта зраблю, як толькі вярнуся да сваіх кніг. Я дам вам адказ, калі мы ў наступны раз сустрэнемся, бо мы бачымся з вамі не ў апошні-ж раз.

— Вось што, сен’ёр, — заявіў Санчо, — не працуйце над вырашэннем гэтага пытання, бо мне толькі што прышоў у галаву адказ на яго. Першы пачухаў галаву Алам, бо, безумоўна, у яго была галава, а з той прычыны, што ён быў першым чалавекам на зямлі, дык, напэўна, часам у яго часалася галава.

— Вы праўду кажаце, дружа мой! — згадзіўся стрыечны брат.

— Гэтае запытанне і адказ, — сказаў Дон-Кіхот, — не ўзяты з тваёй галавы, Санчо, а ты іх чуў ад каго-небудзь.

— Кіньце, сен’ёр, — адказаў Санчо, — клянуся чэсцю, калі я пачну пытацца і адказваць, я не скончу да заўтрашняга дня. Паверце, для таго, каб пытацца пра недарэчнасці і глупствы мне няма патрэбы шукаць дапамогі ў суседзяў.

— Ты сказаў больш таго, Санчо, як сам разумееш, — заявіў Дон-Кіхот, — бо ёсць людзі, якія стамляюцца, вывучаючы і даследуючы рэчы, хаця гэтыя рэчы, будучы даследаванымі і вывучанымі, не маюць ні на грош цаны ні для розуму, ні для памяці.

У гэтых і іншых прыемных гутарках у іх прайшоў увесь дзень.

Начаваць яны спыніліся ў невялікай вёсцы, ад якой да пячоры Мантэсінос заставалася прайсці не больш двух міль.

Але для таго, каб пабыць у пячоры, трэ’ было назапасіцца вяроўкамі. Таму яны купілі каля сотні сажняў вяровак і наступным днём у дзве гадзіны пасля поўдня даехалі да пячоры, увесь уваход у якую зарос дзікімі дрэвамі, цярноўнікам і хмызняком. Стрыечны брат і Санчо адразу-ж моцна абвязалі Дон-Кіхота вяроўкамі. Покуль яны яго абвязвалі, Санчо сказаў:

— Сен’ёр мой, не хавайце сябе жывым. Не лезьце туды, дзе вы будзеце падобны да бутэлькі, якую спускаюць у калодзеж, каб яе ахаладзіць. Да таго-ж не вас тычыцца і не справа вашай міласці даследваць тое, што павінна быць горш за падземную турму.

— Вяжы і маўчы, — адхазаў Дон-Кіхот, — бо такая справа, як гэтая, сябра Санчо, была прызначана для мяне.

Тады праваднік сказаў:

— Упрашаю вашу міласць, глядзіце добра і даследуйце ўсё, што сустрэнецца ў пячоры. Можа там знойдуцца такія рэчы, што я іх змяшчу ў якую-небудзь з маіх кніг.

— Не бойцеся: бубен знаходзіцца ў руках добрага барабаншчыка, — сказаў Санчо.

Калі скончылі абвязваць Дон-Кіхота, ён сказаў:

— О, уладарка маіх дзеянняў, непараўнальная і святлейшая Дульсінея Табоская, імем нечуванай прыгожасці тваёй упрашаю цябе не адмовіць мне ў прыхільнасці і дапамозе тваёй. Я збіраюся рынуцца ў бяздонне і гэтым давесці, што няма немажлівага, за якое-б я не ўзяўся і не давёў да канца.

Пасля гэтых слоў Санчо і стрыечны брат адпусцілі вяроўку і пачалі спускаць рыцара ў страшэнную пячору. Калі ён пачаў спускацца, Санчо, паслаўшы яму блаславенне, сказаў:

— Хай кіруе табой непараўнальная Дульсінея, гонар, смятана і пенкі вандроўных рыцараў! Вось ты і спушчаешся, самахвал свету, сталёвае сэрца, мядзяныя рукі! Вярніся непашкоджаным да жыцця, якое ты пакідаеш, каб пахаваць сябе ў цемры, якую ты шукаеш.

Спускаючыся, Дон-Кіхот гучна крычаў, каб яны больш і больш давалі яму вяроўкі. Калі крыкі яго, якія чуліся з пячоры, нібыта з трубы, змоўклі, усе сто сажняў вяроўкі былі ўжо спушчаны. Яны падумалі тады, што варта-б падняць угару Дон-Кіхота, бо нельга ўжо спускаць яго ніжэй. Але ўсё-такі яны пачакалі каля поўгадзіны, пасля чаго пачалі цягнуць назад вяроўку вельмі лёгка і без ніякага цяжару, адзнака таго, што Дон-Кіхот астаўся на дне пячоры. Санчо горка плакаў і цягнуў вяроўку з вялікай паспешнасцю, каб даведацца, ці жыў яго пан. Але калі яны выцягнулі ўжо каля васьмідзесяці сажняў вяроўкі, дык адчулі цяжар. Нарэшце, пры дзесяці сажнях яны добра ўбачылі Дон-Кіхота, і Санчо радасна ўсклікнуў:

— Калі ласка, сен’ёр мой, а мы ўжо думалі, што вы засталіся там!

Дон-Кіхот не адказаў ні слова. Выцягнуўшы яго зусім, яны ўбачылі, што вочы яго заплюшчаныя, як у спячага. Яны палажылі яго на зямлю, развязалі і пачалі моцна трэсці. Толькі пасля досыць доўгага часу ён апамятаўся, пацягваючыся, нібы прачнуўся пасля глыбокага і доўгага сна.

Аглянуўшыся вакол, ён сказаў:

— Нашто пазбавілі вы мяне самага салодкага відовішча, якога ніводзін смяротны не бачыў? О, няшчасны Мантэсінос! О, цяжка паранены Дурандартэ! О, няшчасная Белерма!

Санчо і стрыечны брат са здзіўленнем слухалі словы Дон-Кіхота, а потым папрасілі яго расказаць, што ён бачыў у тым пекле.

— Пеклам называеце вы яго?! — запытаў Дон-Кіхот. — Не называйце яго так, бо ён не заслугоўвае гэтага, як вы зараз і ўбачыце.

Ён папрасіў, каб яму далі чаго-небудзь паесці, бо ён адчувае голад. Усе селі і грунтоўна падмацавалі свае сілы, пасля чаго Дон-Кіхот пачаў апавядаць.


РАЗДЗЕЛ XXII,
адкрываючы дзівосныя рэчы, пра якія харобры і адважны Дон-Кіхот расказаў, нібы ён бачыў іх у глыбокай пячоры Мантэсінос

Было каля чатырох гадзін пасля поўдня, калі Дон-Кіхот пачаў сваё апавяданне наступным чынам:

— На дванаццатым або чатырнаццатым сажні глыбіні ў гэтым падзямеллі ёсць выемка, дзе можа змясціцца вялікі воз, запрэжаны муламі. Гэтую выемку я ўбачыў, калі ўжо стаміўся і мне абрыдла спускацца ўніз, не маючы пэўнай дарогі перад сабой. Таму я рашыў увайсці ў гэтае паглыбленне і там крыху адпачыць. Я закрычаў вам, просячы не спускаць больш вяроўкі, але вы мяне не чулі. Тады я сабраў усю вяроўку, якую вы спусцілі, злажыў яе ў кучу і сеў на яе, разважаючы, што мне рабіць. Сярод гэтых разваг на мяне напаў глыбокі сон. Потым я прачнуўся і апынуўся сярод прыгожага луга, на якім я ўбачыў дзівосны палац або алькасар[10]. Калі расчыніліся вялікія яго дзверы, я ўбачыў, што з іх выходзіць і накіроўваецца да мяне паважны старац.

На галаве ў яго была чорная міланская шапачка, і беласнежная барада спускалася яму на грудзі. Ён падышоў да мяне і сказаў:

„Доўгія стаголдзі ўжо, харобры рыцар Дон-Кіхот Ламанчскі, мы, знаходзячыся ў гэтай чароўнай адзіноце, спадзяваліся ўбачыць цябе тут, каб ты мог расказаць свету, што тоіць у сабе гэтая глыбокая пячора, — учынак, прызначаны толькі тваёй непераможнай мужнасці і дзівоснай тваёй харобрасці. Ідзем са мной, святлейшы сен’ёр, я хачу паказаць табе цуды, што хавае ў сабе крышталёвы гэты палац, які я заўсёды вартую, бо я — сам Мантэсінос, імем якога названа гэтая пячора[11].

Я запытаў у яго, ці праўда тое, што ён выразаў маленькім кінжалам сэрца з грудзей свайго вялікага сябра Дурандартэ і занёс гэтае сэрца сен’ёры Белерме, як прасіў яго Дурандартэ перад смерцю. Ён адказаў мне, што ўсё гэта правільна, за выключэннем кінжала, бо гэта быў не кінжал, а ручны стылет, вастрэйшы за шыла. Потым шаноўны Мантэсінос павёў мяне ў крышталёвы палац, дзе стаяла мармуровая грабніца надзвычайна мастацкай работы. На грабніцы ляжаў рыцар, распасцерты на ўвесь рост, не з бронзы, мармура або яшмы, а з сапраўднага мяса і касцей. Правая рука ляжала ў яго на сэрцы. Мантэсінос, убачыўшы здзіўленне маё, сказаў:

„Гэта — мой сябра Дурандартэ, гонар і люстра закаханых і харобрых рыцараў свайго часу. Яго трымае тут зачараваным, як мяне і многіх рыцараў, сен’ёр Мерлін, французскі чараўнік. Пра гэтага Мерліна гавораць, што ён быў сынам д’ябла, але я думаю, што ён ім не быў, а ведаў крыху больш, як д’ябал. Як і чаму ён нас зачараваў, нікому невядома, і ён адкрые гэта, калі прыдзе час, — а прыдзе ён, як мне здаецца, ужо хутка. Здзіўлены я вось чым: Дурандартэ памёр у мяне на руках і, калі ён апошні раз уздыхнуў, я сваімі рукамі выняў у яго з грудзей яго сэрца. Не гледзячы, аднак, на тое, што рыцар гэты сапраўды памёр, ён да гэтага часу скардзіцца і час ад часу ўздыхае, як жывы“.

Калі Мантэсінос сказаў гэта, няшчасны Дурандартэ гучным голасам усклікнуў:

„О, кузен мой Мантэсінос! Калі я памру, прашу вас — выньце з грудзей маіх сэрца і занясіце яго Белерме“.

Пачуўшы гэта, шаноўны Мантэсінос стаў на калені перад няшчасным і са слязмі на вачах сказаў:

„Даўно ўжо, сен’ёр Дурандартэ, выканаў я тое, што вы мне загадалі ў няшчасны дзень вашай пагібелі: я выняў у вас сэрца, не пакінуўшы ніякай часткі яго ў вашых грудзях. Я выцер яго вышыванай хусткай і паехаў з ім у Францыю, перад гэтым схаваўшы вас у нетрах зямлі з такім мноствам слёз, што іх хапіла-б памыць мне рукі і змыць з іх кроў, якой яны пакрыліся, калі я капаўся ў вашых вантробах. У першым-жа мястэчку, куды я прыехаў, я пасыпаў соллю ваша сэрца, каб яно не пахла дрэнна, і калі не свежае, дык, прынамсі, хоць сухое з’явілася яно перад вачыма сен’ёры Белермы, якую разам з вамі, са мной, з вашым зброеносцам Гадыянам, дуэн’яй Руідэрай і многімі іншымі з вашых сяброў трымае тут доўгія гады зачараванымі мудры Мерлін. Хаця прайшло ўжо больш пяцісот год, але ніхто з нас яшчэ не памёр, за выключэннем Руідэры, яе дачкі і пляменніц, так дужа плакаўшых, што з жаласці да іх Мерлін ператварыў іх у лагуны. Гадыян, ваш зброеносец, быў ператвораны ў раку, названую яго імем. Калі яна вышла на паверхню зямлі, ёю авалодала вялікае гора, бо яна адыходзіла ад вас, і з гэтай прычыны яна зноў апусцілася ў нетры зямлі. Пра ўсё гэта, о, стрыечны мой брат, я казаў вам ужо многа разоў, але вы ніколі нічога не адказалі мне. І я баюся, што цяпер вы не верыце мне або не чуеце мяне. Некаторую навіну хачу я вам цяпер паведаміць: тут перад вамі той вялікі рыцар, пра якога мудры Мерлін толькі прарочыў. Перад вамі Дон-Кіхот Ламанчскі, які ўваскрасіў ужо забытае ў цяперашні час вандроўнае рыцарства. Можа з яго дапамогаю з нас будуць зняты чары, бо вялікія ўчынкі прызначаны для вялікіх людзей“.

„Калі-б гэта і не было так, — адказаў варты жаласці Дурандартэ, — я скажу: цярплівасць і ператасуйце карты“ — і, павярнуўшыся на другі бок, ён вярнуўся да сваёй звычайнай маўклівасці, не кажучы больш ні слова.

У гэты час пачуўся гучны плач. Я павярнуў галаву і скрозь крышталёвыя сцены ўбачыў, як па другой зале праходзіла працэсія, якая складалася з двух шарэнг прыгожых маладых дзяўчат, апранутых у траур. У канцы працэсіі ішла дама, таксама апранутая ў чорнае, з белай вуаллю, такой шырокай і даўгой, што яна цалавала зямлю. У руках яна трымала тонкую палатняную хусцінку, а ў ёй — наколькі я мог разглядзець — падобнае да муміі сэрца — так яно высахла і зморшчылася. Гэта была Белерма. Сен’ёр Мантэсінос сказаў мне: чатыры дні ў тыдзень яна са сваімі дзяўчатамі наладжвае такія працэсіі, і яны спяваюць або, дакладней кажучы, плачуць хаўтурныя песні над трупам і над няшчасным сэрцам Дурандартэ. Яна не такая прыгожая, як пра яе шла слава: прычынай таму дрэнныя ночы і яшчэ горшыя дні, якія церпіць яе сэрца з-за другога сэрца. Калі-б не гэта, наўрад ці магла-б параўнацца з ёй па прыгожасці, хараству і розуму вялікая Дульсінея Табоская, так праслаўленая на ўсім свеце.

„Хопіць, сен’ёр Мантэсінос! — сказаў я тады. — Расказвайце, міласць ваша, гісторыю сваю як трэба. Зусім няма чаго параўноўваць каго-б там ні было з кім-бы там ні было. Непараўнальная Дульсінея Табоская ёсць тое, што яна ёсць, а сен’ёра Белерма тое, чым яна была — і ўсё тут!“

„Сен’ёр Дон-Кіхот, — адказаў ён мне, — няхай прабачыць мне ваша міласць. Я павінен быў адразу заўважыць, што вы — рыцар Дульсінеі, і лепш прыкусіць сабе язык, чымся параўноўваць яе з кім-бы там ні было, апрача неба“.

Гэтыя словы, сказаныя вялікім Мантэсіносам, заспакоілі маё сэрца.

— А я проста дзіўлюся, — сказаў Санчо, — як гэта ваша міласць не накінулася на старога, не пераламала яму рэбры і не вырвала ў яго бараду да апошняга валаска.

— Не, сябра Санчо, усе мы абавязаны выказваць павагу старым, асабліва, калі яны рыцары, ды да таго-ж яшчэ зачараваныя.

— Не ведаю, сен’ёр Дон-Кіхот, — заўважыў тут стрыечны брат, — як вы ў такі кароткі час бачылі столькі рэчаў і так многа гаварылі.

— А колькі часу прайшло, як я спусціўся ў пячору? — запытаў Дон-Кіхот.

— Крыху больш гадзіны, — сказаў Санчо.

— Гэтага быць не можа, бо пры мне там тры разы наступала ноч, так што, па майму разліку, я тры дні прабыў у той далёкай мясцовасці.

— Мой пан, напэўна, гаворыць праўду, бо ўсё з ім здарылася шляхам чараўніцтва, і тое, што нам здаецца гадзінай, там цягнецца тры дні і тры ночы.

— Так яно, мусіць, і ёсць, — згадзіўся Дон-Кіхот.

— А вы, сен’ёр мой, елі што-небудзь за ўвесь гэты час? — запытаў стрыечны брат.

— Ні адаой крошкі не было ў мяне ў роце, — адказаў Дон-Кіхот.

— А зачараваныя ядуць?

— Не, не ядуць, хаця людзі думаюць, што ў іх растуць ногці, барада і валасы.

— Можа зачараваныя спяць, сен’ёр? — запытаў Санчо.

— Вядома, не.

— Сюды, дарэчы, — сказаў Санчо, — падыходзіць прыказка: скажы мне, з кім ты сябруеш, і я скажу табе, хто ты такі. Ваша міласць сябравала з зачараванымі, якія не ядуць і не спяць, і што-ж тут дзіўнага, калі і вы не елі і не спалі. Прабачце мне, міласць ваша, калі я скажу, — узяў-бы мяне чорт, — што ніводнаму вашаму слову не веру.

— Як не верыце? — усклікнуў стрыечны брат. — Няўжо сен’ёр Дон-Кіхот хлусіць? Калі-б нават і захацеў гэта зрабіць, у яго не было-б часу скласці столькі хлусні.

— Я і не думаю, каб мой пан хлусіў.

— А што-ж ты думаеш? — запытаў Дон-Кіхот.

— Я думаю, што гэты сен’ёр Мерлін, які зачараваў столькі людзей там унізе, начыніў і вам галаву ўсім гэтым глупствам.

— Усё гэта магло-б быць, Санчо, — адказаў Дон-Кіхот, — каб тое, што я расказаў, я не бачыў сваімі ўласнымі вачыма. Але што скажаш ты, калі я паведамлю табе, што я бачыў там трох сялянак, скачучых, як козы, па дзівосных тых лугах. У адной з іх я апазнаў Дульсінею Табоскую, а ў астатніх двух — тых сялянак, з якімі мы гутарылі ў час ад’езду з Табосо. Я запытаў Мантэсіноса, ці ведае ён іх. Ён мне адказаў, што не ведае, але мяркуе, што гэта якія-небудзь знатныя зачараваныя сен’ёры. Яны толькі некалькі дзён назад з’явіліся на гэтых лугах.

Калі Санчо пачуў усё гэта, яму здалося, што ён або звар’яцее, або памрэ ад смеху. Ведаючы праўду адносна нібыта зачаравання Дульсінеі, ён канчаткова зразумеў, што пан яго ў поўным сэнсе слова вар’ят, і сказаў яму:

— У няшчасны дзень вы, дарагі гаспадар мой, спусціліся ўніз і ў нядобрую хвіліну сустрэліся там з сен’ёрам Мантэсіносам, які вярнуў вас нам у такім змененым выглядзе. Тут, у нас ваша міласць была ў сваім розуме і ў поўным парадку. Вы гаварылі выслоўі і давалі парады на кожным кроку, не тое, што цяпер, калі вы расказваеце найвялікшую бяссэнсіцу, якую толькі можна ўявіць.

— З той прычыны, што я цябе ведаю, Санчо, я не звяртаю ўвагі на твае словы.

— Як і я на словы вашай міласці, — адказаў Санчо, — хаця-б вы пабілі мяне або забілі за тое, што я сказаў. Але скажыце мне, міласць ваша, цяпер, покуль мы з вамі ў згодзе, як і чаму вы апазналі сен’ёру нашу пані? І калі вы з ёю гутарылі, што яна адказала вам?

— Апазнаў яе таму, што на ёй была тая-ж вопратка, як і тады, калі ты мне яе паказаў. Я загаварыў з ёю, але яна не адказала мне ні слова, а, павярнуўшыся да мяне спіной, так шпарка ўцякла, што яе не дагнала-б і страла. Я хацеў дагнаць яе, але Мантэсінос параіў мне не брацца за такую працу, бо яна будзе дарэмнай. Ён сказаў мне таксама, што ў будучым мне будзе паведамлена, як зняць чары з яго, з Белермы, з Дурандартэ і з усіх тых, хто там знаходзіцца. Покуль Мантэсінос мне гаварыў, да мяне падышла адна з двух спадарожніц няшчаснай Дульсінеі і з вачыма, поўнымі слёз, ціхім і сумным голасам сказала:

„Мая сен’ёра, Дульсінея Табоская, цалуе рукі вашай міласці і просіць паведаміць, як вы сябе адчуваеце. Знаходзячыся ў беднасці, яна просіць вашу міласць самым настойлівым чынам пазычыць ёй пад залог вось гэтай новай каніфасавай спадніцы поўтузіну рэалаў. Яна дае слова вярнуць вам іх як можна хутчэй“.

Падобная просьба здзівіла і прывяла ў замяшанасць мяне. Звярнуўшыся да сен’ёра Мантэсіноса, я запытаў яго, ці мажліва, каб зачараваныя сен’ёры мелі патрэбу ў грошах.

На гэта ён адказаў мне:

„Тое, што завуць беднасцю, сустракаецца ўсюды і не шкадуе зачараваных. Калі сен’ёра Дульсінея Табоская просіць гэтыя шэсць рэалаў і дае залог, які каштуе таго, вам застаецца толькі паслаць ёй грошы“.

„Залога я не вазьму, — адказаў я, — але не магу даць нічога, бо ў мяне няма ні рэала. Паведаміце, любая мая, вашай сен’ёры, што я засмучаны да глыбіні душы яе цяжкім становішчам. Прашу перадаць, што я не магу адчуваць сябе здаровым, покуль я пазбаўлены мажлівасці мець асалоду, гледзячы на яе. Перадайце ёй таксама, што я не дам сябе спакою і аб’еду ўвесь свет, покуль не здыму з яе чары“.

„Усё гэта і яшчэ больш таго міласць ваша абавязана зрабіць для маёй сен’ёры“, — адказала мне дзяўчына і зрабіла скачок у паветра роўна ў два аршыны вышыні.

— Ці мажліва, — гучным голасам усклікнуў тады Санчо, — што здаровы розум майго пана ператварыўся ў такое недарэчнае вар’яцтва! О, сен’ёр, прашу вас, падумайце аб сабе, не верце ў гэтае глупства, якое расслабіла ваш розум.

— Ты, Санчо, так гаворыш з той прычыны, што нявопытны ў справах свету. Прыдзе час, і ты паверыш таму, што я цяпер расказаў.


РАЗДЗЕЛ XXIII,
у якім гаворыцца пра тысячу нязначных рэчаў, такіх-жа недарэчных, як і неабходных для сапраўднага разумення гэтай вялікай гісторыі

Стрыечнага брата здзівілі як дзёрзкасць Санчо Панса, так і цярплівасць яго пана. Ён парашыў, што асалода, якую Дон-Кіхот меў, гледзячы на Дульсінею Табоскую, хаця і зачараваную, прывяла яго ў добры настрой.

Каб не гэта, Санчо варта-б памалаціць палкамі. Жадаючы загладзіць учынак Санчо, ён звярнуўся да Дон-Кіхота з наступнымі словамі:

— Сен’ёр, я лічу дзень, праведзены з вашай міласцю, як нельга лепш выкарыстаным, бо, па-першае, я пазнаёміўся з вашай міласцю, што лічу найвялікшым для сябе шчасцем; па-другое, я даведаўся, што мае ў сабе пячора Мантэсінос; па-трэцяе, я даведаўся пра даўнасць карт. Як відаць, іх ведалі ўжо ў часы імператара Карла Вялікага, бо Дурандартэ, калі ён прачнуўся, сказаў: „Цярплівасць і ператасуйце карты!“ Зазначэнне гэтае неабходна мне для кнігі: „Дадатак да Віргілія Палідора пра вынаходніцтвы старажытнасці“. Ён забыўся напісаць пра карты, а я цяпер гэта зраблю, што будзе мець вялікае значэнне, бо я магу спаслацца на такі шаноўны і даставерны аўтарытэт, як сен’ёр Дурандартэ.

У гэты час яны ўбачылі пешахода, які біў палкаю мула, нагружанага коллем і алебардамі. Параўнаўшыся з імі, ён пакланіўся і прайшоў далей.

— Спыніцеся, добры чалавек, — сказаў яму Дон-Кіхот. — Як відаць, вы спяшаецеся больш, як гэта патрэбна вашаму мулу.

— Я не магу спыняцца, сен’ёр, — адказаў той чалавек, — бы зброя, якую я вязу, павінна пайсці ў ход заўтра-ж. Я мяркую заначаваць сёння на заезджым двары. Калі вы едзеце па той-жа самай дарозе, вы мяне знойдзеце там, і я раскажу вам усялякія цуды. А покуль я павінен спяшацца.

І ён шпарка пагнаў мула, а Дон-Кіхот, маючы некаторы нахіл да ўсяго цікавага, загадаў адразу-ж ехаць на заезджы двор.

Так і зрабілі, — усе селі вярхом і ўтрох накіраваліся па прамой дарозе да заезджага двара, куды яны і прыехалі незадоўга перад надыходам ночы.

Не паспелі яны ўвайсці на заезджы двор, як Дон-Кіхот адразу-ж запытаў гаспадара пра чалавека з коп’ямі і алебардамі. Гаспадар адказаў, што гэты чалавек у стайні і глядзіць сам за сваім мулам. Стрыечны брат і Санчо таксама павялі сваіх жывёл у стайню, перадаўшы ў ёй Расінантэ лепшае стойла.

Дон-Кіхот не меў цярплівасці дачакацца расказу сустрэтага на дарозе чалавека з алебардамі. Нарэшце гэты чалавек сеў на каменную лаву, а сам Дон-Кіхот поплеч з ім.

Маючы перад сабой аудыторыю з Дон-Кіхота, стрыечнага брата, Санчо Панса і гаспадара, расказчык пачаў так:

— У мястэчку, якое знаходзіцца ў чатырох з паловаю мілях ад гэтага заезджага двара, здарылася, што ў мясцовага рэхідора[12] ў выніку хітрасці і ашуканства адной яго служанкі загінуў асёл. Хаця рэхідор скарыстаў усе мажлівыя захады, каб знайсці яго, але асла не знайшлі.

Тыдні праз два другі рэхідор з таго-ж мястэчка сказаў першаму рэхідору: — Дайце мне, кум, узнагароду: ваш асёл знайшоўся! — Дам вам яе ахвотна, кум, але скажыце, дзе знаходзіцца мой асёл? — У лесе на гары. Хацеў я яго ўзяць і прывесці да вас, але, калі я падышоў да яго, ён уцёк і схаваўся ў самым гушчары лесу. Калі хочаце, пойдзем з вамі ўдвух шукаць яго. — Вы мне зробіце вялікую ласку, — адказаў гаспадар загінуўшага асла. Абодва рэхідоры пехатою, узяўшы адзін аднаго пад руку, накіраваліся ў лес. Але асла яны там не знайшлі. Тады рэхідор, які яго бачыў, сказаў другому: — Слухайце, кум, мне прышла ў галаву бліскучая думка. Я ўмею вельмі добра крычаць па-аслінаму. Калі-ж і вы хоць трохі ўмееце гэта, лічыце, што асёл ужо знойдзены. — У гэтым мастацтве, — сказаў другі рэхідор, — я не адступлю ні перад кім, нават перад самім аслом. — У такім выпадку, ідзіце па адным баку лесу, а я па другім, і такім чынам мы абыйдзем і даследуем увесь лес. Час ад часу вы крычыце па-аслінаму, і я буду рабіць тое-ж самае; асёл нас пачуе і адкажа нам, калі ён толькі ў лесе. На гэта гаспадар загінуўшага асла адказаў: — Ваша выдумка надзвычайна добрая і зусім вартая вялікага розуму!

Абодва яны па ўмове разыйшліся ў розныя бакі.

Здарылася так, што амаль у адзін і той-жа час і той і другі, зараўлі па-аслінаму. Кожны з іх, уведзены ў памылку крыкам другога, пабег шукаць асла, думаючы, што гэта крычыць ён.

Сустрэўшыся з таварышом, гаспадар асла запытаў: — Хіба гэта не мой асёл крычаў? — Не, гэта я крычаў, — адказаў той. — Між вамі, кум, і аслом, — сказаў першы, — няма ніякай розніцы. У жыцці сваім я не бачыў і не чуў нічога больш падобнага. — Гэтыя пахвалы і прыемныя водгукі, — адказаў вынаходца выдумкі, — больш заслужаны вамі. Вы равеце ў два разы лепш, як жывы асёл: гук у вас высокі, тон поўны, пералівы частыя і шпаркія, адным словам — я прызнаю сябе пераможаным, перадаю вам пальму пяршынства і сцяг гэтага надзвычайнага мастацтва. — Сказаўшы гэта, яны зноў разышліся і пачалі раўсці, на кожным кроку ўводзячы адзін аднаго ў памылку, але загінуўшы асёл ні разу не адгукнуўся ніводным нават гукам. І як-жа мог ён, бядак, адгукнуцца, калі яны ўрэшце знайшлі яго ў самым густым гушчары лесу, з’едзенага ваўкамі?! Убачыўшы гэта, гаспадар асла сказаў: — Калі-б ён быў жывы, ён абавязкова адгукнуся-б, інакш ён не быў-бы аслом.

Пасля гэтага, нездаволеныя і ахрыплыя, яны вярнуліся ў сваю вёску і расказалі суседзям, што з імі здарылася, прычым кожны хваліў умельства другога раўсці па-аслінаму. Усё гэта хутка распаўсюдзілася па бліжэйшых сёлах. Жыхары другіх вёсак, сустракаючы каго-небудзь з нашага мястэчка, пачыналі раўсці па-аслінаму. Гэта перанялі і хлапчукі, і асліны рэў пачаў распаўсюджвацца з вёскі ў вёску. У выніку няшчаснага гэтага жарту тыя, хто многа разоў былі высмеяныя, выходзілі ўзброенымі змагацца супроць насмешнікаў. Заўтра або ў бліжэйшы дзень жыхары майго сяла, гэта значыць сяла аслінага рэву, выйдуць змагацца супроць жыхароў другога сяла, якое знаходзіцца ад нашага за дзве мілі. Каб мы былі добра ўзброеныя, я і вязу купленыя намі коп’і і алебарды, якія вы бачылі. Вось і ўсе цуды. Калі яны вам не здаліся такімі, другіх я не ведаю. Тут якраз увайшоў чалавек, увесь апрануты ў замшу, — панчохі, панталоны і камзол, — і гучна запытаў:

— Сен’ёр гаспадар, знойдзецца ў вас мясцінка? Да вас просіцца начаваць адгадчыца-малпа і тэатр з паказам вызвалення Мелісендры.

У гэтага чалавека ў замшы левае вока і амаль уся палова левай шчакі былі закрыты пляйстарам з зялёнай тафты; мабыць увесь гэты бок твара ў яго балеў.

— Калі ласка, сен’ёр маэсе Педро! — сказаў гаспадар. — Няхай прыходзіць малпа і тэатр, бо сёння ў мяне на заезджым двары прыезджыя, якія заплоцяць за спектакль і за штукарствы малпы.

— Вельмі добра! — адказаў чалавек з пляйстарам. — Я зменшу цану і буду лічыць, што мне добра заплацілі, калі апраўдаюцца мае выдаткі, а покуль пайду і загадаю ім ехаць сюды.

З гэтымі словамі ён вышаў. Тады Дон-Кіхот запытаў гаспадара, хто такі гэты маэсе Педро. На гэта гаспадар адказаў:

— Маэсе Педро — славуты марыянетачны актор, які ўжо даўно раз’язджае па Арагонскай Ламанчы, паказваючы марыянетачнае вызваленне Мелісендры харобрым донам Гаіферосам. Апрача таго, маэсе Педро мае в сабой цікавую малпу. Калі ў яе пытаюцца што-небудзь, яна ўважліва прыслухоўваецца; потым, ускочыўшы на плячо да свайго гаспадара, яна гаворыць яму на вуха адказ на тое, што ў яе запыталі, а маэсе Педро адразу-ж паўтарае гэта гучна. Пра мінулае яна гаворыць больш, як пра будучае, і большай часткай не памыляецца. Два рэалы за кожны адказ атрымлівае гэты маэсе Педро. Як відаць, ён вельмі багаты і вядзе самае прыемнае ў свеце жыццё. Балбоча за шасцярых, п’е за дванаццацёрых, і ўсё гэта за кошт сваёй малпы і тэатра.

У гэты час вярнуўся маэсе Педро. На вазку ехалі тэатр і малпа — вялікая, бясхвостая, але нядрэннага выгляду. Толькі Дон-Кіхот убачыў яе, як запытаў:

— Скажыце мне, міласць ваша, сен’ёра адгадчыца, што з намі будзе? Вось вам два рэалы — і ён загадаў Санчо даць гэтыя грошы маэсе Педро, які сказаў:

— Сен’ёр, гэта жывёла не дае вестак пра будучыню.

— Клянуся віном, — сказаў Санчо, — я не даў-бы ні граша

за прароцтва аб тым, што са мной было, бо ніхто не можа гэтага ведаць лепш за мяне. Плаціць за тое, што я сам ведаю, было-б вялікім глупствам. Але малпа ведае і цяперашняе, з гэтай прычыны вось мае два рэалы, і скажыце мне, сен’ёра малпачка, што цяпер робіць жонка мая, Тэрэса Панса, і чым яна занятая.

Маэсе Педро пляснуў два разы правай рукой па левым плячы. Малпа разам скокнула туды і, наблізіўшы рот да вуха свайго пана, пачала шпарка ляскаць зубамі, а потым адным скачком апынулася на зямлі. Адразу-ж з вялікай паспешнасцю маэсе Педро кінуўся на калені перад Дон-Кіхотам і абняў яго ногі, усклікнуўшы:

— О, славуты ўваскрасальнік нізрынутага ў небыццё вандроўнага рыцарства, ніколі дастаткова не ўсхвалёны рыцар Дон-Кіхот Ламанчскі!

Дон-Кіхот, Санчо і стрыечны брат былі вельмі здзіўлены, чалавек з аслінай вёскі ашаломлены, гаспадар двара замяшаны, пачуўшы словы гаспадара тэатра, які казаў далей:

— А ты, о, добры Санчо Панса, лепшы зброеносец лепшага на свеце рыцара, радуйся, бо добрая твая жонка Тэрэса здаровая. Якраз цяпер яна расчосвае цэлы фунт лёну, а поплеч з ёю стаіць гладыш з паламанымі берагамі. У ім дастатковая колькасць віна, якім яна забаўляецца ў час работы.

— Гэтаму я ахвотна веру, — адказаў Санчо, — бо яна ў мяне самая сумленная жанчына і ў кожным выпадку з тых, хто ні ў чым сабе не адмаўляюць, хаця-б і ў страту сваім наследнікам.

— Хто многа вандруе, — заявіў Дон-Кіхот, — той многа ведае. Хто-б мог калі-небудзь упэўніць мяне, што на свеце ёсць малпы, якія адгадваюць? Я-ж сапраўды той самы Дон- Кіхот Ламанчскі, пра якога гаварыла гэтая добрая жывёла. Хаця яна занадта ўжо хваліла мяне.

Тады маэсе Педро, які ўжо не стаяў больш на каленях перад Дон-Кіхотам, сказаў:

— Каб дагадзіць сен’ёру Дон-Кіхоту і каб даць яму асалоду, я расстаўлю тут мой тэатр марыянетак і бясплатна пазабаўлю ўсіх прысутных на заезджым двары.

Пачуўшы гэта, гаспадар быў у вышэйшай ступені ўзрадаваны і паказаў маэсе Педро месца, дзе можна было-б расставіць тэатр марыянетак.

Дон-Кіхот быў не вельмі задаволены адгадваннем малпы, бо яму здавалася, што малпе не пасуе адгадваць ні будучае, ні мінулае.

Покуль маэсе Педро ўстанаўліваў тэатр, Дон-Кіхот адышоў з Санчо ў бок і сказаў яму так, каб іншыя не чулі:

— На мой погляд, гаспадар малпы склаў умову, на словах або фармальную, з д’яблам, каб той даў яго малпе гэтую здольнасць. Зрабіўшыся багатым, Педро аддасць сваю душу дэману, на што і разлічвае гэты ўсеагульны вораг чалавецтва. Гэта тым больш мажліва, што малпа адгадвае толькі мінулае і цяперашняе, а веданне д’ябла не можа ісці далей гэтага, бо аб будучыне ён ведае толькі па здагадках, ды і то не заўсёды. Калі-ж гэта так, дык я здзіўляюся, як яшчэ да гэтага часу не ўзялі ў яго прызнанне, чыёй сілай яна адгадвае. Няма сумнення, што малпа гэтая — не астролаг, і яна сваёй хлуснёй і невуцтвам губіць дзіўную ісціну навукі. Я ведаю сен’ёру, якая запытала ў аднаго з вучоных астролагаў, ці зацяжарае і ашчэніцца маленькая пакаёвая сабачка яе і колькі якога колеру прынясе яна шчанят. На гэта сен’ёр астролаг, склаўшы астралагічную фігуру, адказаў, што сучка зацяжарае і прынясе трох шчанят: зялёнага, чырвонага і буланага, але толькі пад той умовай, калі гэтая самая сучка народзіць між адзінаццацю і дванаццацю гадзінамі дня або ночы ў панядзелак або ў суботу. Здарылася-ж так, што праз два дні сучка здохла ад дрэннай работы страўніка, а сен’ёр астролаг займеў славу самага здагадлівага вучонага, як гэга і павінна было быць. А малпа на гэта, вядома, не здольная.

У гэты час да іх падышоў маэсе Педро і запрасіў іх паглядзець на прадстаўленне, да якога ўжо ўсё было падрыхтавана. Дон-Кіхот і Санчо паслухаліся яго і накіраваліся туды, дзе тэатр марыянетак быў ужо расстаўлены, акружаны з усіх бакоў запаленымі васковымі свечкамі.

Маэсе Педро змясціўся ўнутры, бо ён прыводзіў у рух марыянетак, а звонку быў пастаўлены хлапчук, слуга маэсе Педро, які растлумачваў тайны гэтага лялечнага тэатра. У руках ён трымаў палачку, якой паказваў на фігуры, калі яны з’яўляліся. Пасля таго, як Дон-Кіхот, Санчо і стрыечны брат занялі лепшыя месцы, тлумач пачаў гаварыць тое, пра што даведаецца кожны, хто прачытае наступны раздзел.


РАЗДЗЕЛ XXIV
Працяг пацешнай прыгоды з гаспадаром лялечнага тэатра, а таксама і іншыя сапраўды цікавыя здарэнні

Погляды гледачоў марыянетачнага тэатра былі прыкаваны да вуснаў тлумача яго цудаў, які адразу пачаў казаць:

— Вось сапраўдная гісторыя пра тое, як сен’ёр дон Гаіферос вызваліў сваю жонку Мелісендру, якая знаходзілася ў палоне ў маўраў, у горадзе Сансуэн’я, які цяпер завуць Сарагосай.

Гляньце, міласці вашы, вось там дон Гаіферос сядзіць, гуляючы ў шашкі.

А гэта асоба з каронай на галаве — імператар Карл Вялікі, нібыта бацька памянёнай Мелісендры. Убачыўшы гультайства і бяспечнасць свайго зяця, ён раззлаваўся і вышаў лаяць яго і нагаварыў яму многа чаго пра небяспеку, пагражаючую яго чэсці, калі ён не пастараецца вярнуць волю сваёй жонцы.

Звярніце таксама ўвагу, міласці вашы, як імператар паварочвае спіну і пакідае нездаволенага дона Гаіфероса аднаго, а той, раззлаваўшыся, кідае далёка ад сябе стол і шашкі і ідзе надзяваць узбраенне, каб адразу-ж накіравацца ў дарогу.

Цяпер, міласці вашы, звярніце ўвагу на вежу, якая вось тут з’явілася.

Гэта — адна з вежаў алькасара ў Сарагосе, а дама, якая паказалася на балконе гэтай вежы, і ёсць непараўнальная Мелісендра.

Як бачыце, дон Гаіферос ужо з’яўляецца каля Мелісендры і адкрываецца ёй, пасля чаго яна спускаецца з балкона, каб сесці на каня разам з любым сваім мужам. Але — о, няшчасная! — яна зачапілася падолам ніжняй спадніцы за адну з жалезных рашотак балкона і асталася вісець у паветры, не маючы мажлівасці спусціцца на зямлю. Аднак глядзіце: дон Гаіферос пад’ехаў блізка і, не звяртаючы ўвагі, ці разарвецца, ці не яе багатая спадніца, схапіў Мелісендру, зняў яе з балкона і потым, у момант, пасадзіў па-мужчынскаму вярхом на круп свайго каня. Паглядзіце, як яны, завярнуўшыся у другі бок, пакідаюць горад і накіроўваюцца па дарозе ў Парыж. Адразу-ж пра гэта далі ведаць каралю Марсіліё, а ён загадаў біць у набат.

Глядзіце, якая шматлікая і бліскучая кавалькада выязджае з горада ў дагон за двума закаханымі. Я баюся, што іх дагоняць і прывязуць назад, прывязаных да хваста іхняга каня, а гэта было-б страшэннае відовішча!

Калі Дон-Кіхот убачыў такую безліч маўраў і пачуў увесь гэты шум, ён парашыў, што трэба памагчы ўцекачам, і, ўскочыўшы з крэсла, гучна крыкнуў:

— Ніколі не дапушчу я, каб у маёй прысутнасці была зроблена такая знявага такому славутаму рыцару, як дон Гаіферос. Спыніцеся вы, брыдкі зброд! Не ганіцеся за імі, а то вы будзеце змагацца са мною!

І, падняўшы меч, ён кінуўся на тэатр марыянетак і з нябачаным шалёнствам пачаў біць мячом па лялечным маўрытанскім натоўпе, перакульваючы адных, здымаючы галовы другім, знішчаючы і калечачы трэціх. Каб маэсе Педро не схаваўся, Дон-Кіхот адсек-бы і яму галаву.

— Спыніцеся, міласць, ваша! — крычаў маэсе Педро на ўвесь голас. — Звярніце ўвагу, што гэтыя маўры, якіх вы знішчаеце, не сапраўдныя маўры, а толькі фігуры з кардону. Вы-ж знішчаеце і разбураеце ўсю маю маёмасць!

Але Дон-Кіхот сыпаў, нібы дажджом, ударамі мяча направа і налева, згары і знізу. Нарэшце ён раскідаў увесь тэатр, пасек на кавалкі і ўшчэнт усе фігуры, цяжка параніў караля Марсіліё, а імператару Карлу Вялікаму рассек папалам карону і галаву. Усе гледачы ўсхваляваліся, малпа ўцякла на страху заезджага двара, стрыечны брат і Санчо Панса былі ахоплены найвялікшым спалохам.

Разбурыўшы тэатр, Дон-Кіхот некалькі заспакоіўся і сказаў:

— Хацеў-бы я тут, перад сабой, убачыць усіх тых, хто не хоча верыць, да якой ступені вандроўныя рыцары карысны на свеце. Калі-б я не быў тут, што зрабілася-б з добрым донам Гаіферосам і прыгожай Мелісендрай? Напэўна, гэтыя сабакі дагналі-б іх і зрабілі злосную знявагу. І з гэтай прычыны — няхай жыве вандроўнае рыцарства над усім жывучым на зямлі!

— Няхай жыве яно на здароўе, — прамовіў слабым голасам сам маэсе Педро. — Але што рабіць мне? Поўгадзіны, нават поўхвіліны назад я быў уладаром каралёў і імператараў; стайні мае былі поўныя мноствам коней, скрыні — бязлікай колькасцю пышных убораў, а цяпер я бачу сябе жабраком і, што горш за ўсё, пазбаўленым сваёй малпы. І ўсё гэта з-за безразважлівай ярасці гэтага сен’ёра кабальеро, пра якога гавораць, нібыта ён робіць добрыя справы; толькі на мне адным велікадушныя яго намеры пацярпелі няўдачу.

Скаргі маэсе Педро расчулілі Санчо, і ён сказаў яму:

— Не плач, маэсе Педро! Пан мой, Дон-Кіхот, калі ён табе зрабіў шкоду, можа заплаціць табе за ўсё.

— Калі-б сен’ёр Дон-Кіхот заплаціў мне за якую-небудзь частку страты…

— Я не ведаю, пра якую страту вы гаворыце, — сказаў Дон-Кіхот.

— Як не ведаеце! — адказаў маэсе Педро. — А ўсе гэтыя абломкі, якія ляжаць на сухой і бясплоднай глебе, — хто іх раскідаў і знішчыў, як не магутная сіла вашай непераможнай рукі.

— Цяпер я канчаткова пераканаўся, — сказаў Дон-Кіхот, — што ва ўсім вінаваты чараўнікі, праследуючыя мяне. Усё, што адбывалася тут, здавалася мне сапраўдным, Мелісендра была для мяне жывой Мелісендрай, Гаіферос — жывым Гаіферосам. З гэтай прычыны я так і разгарэўся гневам. Калі-ж усё здарылася наадварот, віна не мая, а тых, хто мяне праследуе. Тым не менш за гэтую сваю памылку я прысуджваю сябе сам да выплаты ўсіх страт. Няхай-жа маэсе Педро паглядзіць, колькі ён хоча атрымаць з мяне за знішчаных марыянетак.

Маэсе Педро пакланіўся яму, кажучы:

— Я не чакаў меншага ад нечувана харобрага Дон-Кіхота Ламанчскага. Сен’ёр гаспадар заезджага двара, а таксама і вялікі Санчо будуць панятымі і пасярэднікамі між вашай міласцю і мною адносна таго, што каштуюць паламаныя марыянеткі.

Гаспадар і Санчо згадзіліся быць панятымі, і маэсе Педро, пералічваючы ўсе паламаныя і пакамечаныя марыянеткі, назначаў за кожную з іх цану, а пасярэднікі-суддзі змяншалі яе крыху, так што абодва бакі асталіся зусім здаволенымі. Агульная сума дасягнула сарака і трох чвэртак рэала. Грошы гэтыя Санчо адразу-ж заплаціў маэсе Педро, але той папрасіў яшчэ два рэалы за работу па адшуканню сваёй малпы.

— Дай яму гэтыя два рэалы, — сказаў Дон-Кіхот, — калі не на тое, каб злавіць малпу, дык на тое, каб выпіць за яе здароўе.

Адным словам, навальніца з лялечным тэатрам мінула. Усе дружна павячэралі за кошт Дон-Кіхота, які быў у вышэйшай ступені шчодры. Досвіта выехаў з заезджага двара чалавек, які вёз коп’і і алебарды, а таксама і стрыечны брат. Маэсе Педро, не развітваючыся з Дон-Кіхотам, якога ён добра ведаў, падняўся яшчэ да ўсходу сонца і, узяўшы з сабою рэшткі свайго тэатра і малпу, накіраваўся шукаць сваіх прыгод.

Сам Дон-Кіхот разам з Санчо, развітаўшыся з гаспадаром, каля васьмі гадзін раніцы таксама накіраваўся ў дарогу, дзе мы іх на час пакінем, каб расказаць аб іншых рэчах, патрэбных для тлумачэння славутай гэтай гісторыі.


РАЗДЗЕЛ XXV,
у якім гаворыцца пра тое, хто быў маэсе Педро і яго малпа, а таксама пра няўдачу Дон-Кіхота ў прыгодзе з асліным рэвам.

Хто чытаў першую частку гэтай кнігі, напэўна, памятае Хінеса дэ-Пасамонтэ, якога ў ліку другіх галерных нявольнікаў Дон-Кіхот вызваліў у Сіера-Марэне. Гэты Хінес дэ-Пасамонтэ, якога Дон-Кіхот назваў Хінесільё дэ-Парапілья, украў у Санчо Панса яго Шэрага (па памылцы наборшчыкаў гэтае паведамленне не трапіла ў першую частку Дон-Кіхота). Потым Санчо вярнуў сабе асла, а гэты самы Хінес, баючыся трапіць у рукі правасуддзя, якое шукала яго за бязлікія злачынствы і жульніцтвы, парашыў накіраванне ў Арагонскае каралеўства.

Пакрыўшы сабе пляйстарам левую частку твара, каб яго не маглі апазнаць, ён заняўся прафесіяй гаспадара марыянетачнага тэатра, бо гэты занятак і паказванне фокусаў ён ведаў дасканала. Апрача таго, ён набыў сабе малпу, якую навучыў скакаць яму на плячо і рабіць выгляд, што яна нешта шэпча яму на вуха. Падрыхтаваны такім чынам, ён перад тым, як увайсці ў якое-небудзь сяло са сваім тэатрам і сваёй малпай, даведваўся ў бліжэйшым да яго мястэчку, якія асаблівыя і з кім здзрэнні былі ў тым сяле. Ён пачынаў з прадстаўлення лялечнага тэатра, а потым прапаноўваў прысутным пераканацца ў здольнасці яго малпы, кажучы, што яна ўмее адгадваць цяперашняе і мінулае. Ніхто не настойваў, каб ён вытлумачыў, як адгадвае яго малпа, і ён усіх збіваў з панталыку і набіваў свой вялікі скураны кашэль. Як толькі Хінес увайшоў на заезджы двор, ён адразу-ж апазнаў Дон-Кіхота і Санчо, але яны яго не апазналі.

Між тым Дон-Кіхот, выехаўшы з заезджага двара, парашыў агледзець узбярэжжа ракі Эбро і ваколіцы, раней як накіравацца ў горад Сарагосу, бо да турніраў заставалася яшчэ досыць многа часу. Ён ехаў цэлых два дні, не сустрэўшы нічога цікавага. На трэці дзень, уз’язджаючы на гару, ён пачуў гучны гул бубнаў, труб і стрэлы з агнястрэльнай зброі. Падняўшыся на вяршыню, рыцар убачыў унізе чалавек дзвесце, узброеных коп’ямі, самастрэламі, алебардамі, некалькімі стрэльбамі і круглымі шчытамі.

Рыцар спусціўся з гары, наблізіўся да атрада і выразна ўбачыў сцягі. На адным з іх вельмі па-мастацку і надзвычайна падобна быў намалёваны асёл, маленькі сардынскі асёл, з адкрытым ротам і высунутым языком.

Па гэтай адзнацы Дон-Кіхот здагадаўся, што гэтыя людзі — жыхары славутай вёскі аслінага рэву. Ён так і сказаў Санчо і пад’ехаў да іх, не гледзячы на нездавальненне свайго зброеносца, якому ніколі не падабалася ўмешвацца ў падобнага роду прыгоды. Атрад прыняў рыцара у сярэдзіну, думаючы, што гэта хто-небудзь з іхніх прыхільнікаў. Падняўшы забрала, Дон-Кіхот з прыгожай позай пад’ехаў да сцяга з аслом. Тут вакол яго сабраліся правадыры арміі, бо іх ахапіла надзвычайнае здзіўленне, якое перажывалі ўсе тыя, хто ўпершыню бачыў яго.

Убачыўшы, з якой увагай яны яго разглядаюць, Дон-Кіхот паспяшаўся выкарыстаць гэтую маўклівасць, і, узвысіўшы голас, сказаў:

— Сен’ёры мае, я — вандроўны рыцар, прафесія мая — зброя, абавязак — памагаць тым, хто мае патрэбу ў помачы, і быць прыхільным да прыгнечаных. Некалькі ўжо дзён таму назад даведаўся я пра ваша няшчасце і аб прычыне, прымушаючай вас на кожным кроку брацца за зброю, каб адпомсціць вашым ворагам. Абмеркаваўшы многа разоў вашу справу, я знаходжу, згодна з законамі дуэлі, што вы памыляецеся, лічачы сябе зняважанымі. Прызнана, што адна асоба не можа зняважыць цэлы горад, з гэтай прычыны няма чаго вам скарыстоўваць помсту. Так што, сен’ёры мае, вашы міласці і па-боскіх і па-чалавечых законах абавязаны заспакоіцца.

Дон-Кіхот спыніўся, каб перадыхнуць. Убачыўшы, што ўсе вакол яго маўчаць, ён хацеў працягваць сваю прамову, але тут умяшаўся Санчо са сваёй дасціпнасцю.

— Мой сен’ёр, Дон-Кіхот Ламанчскі, — сказаў ён, — вельмі разважлівы ідальго, ведаючы і латынь і сваю мову. Усё ён робіць, як сапраўдны салдат. Вось чаму ўсе вы павінны зрабіць тое, што ён раіць, а калі з’явілася памылка, я бяру ўсю віну на сябе. Памятаю, калі я быў хлапчуком, я крычаў па-аслінаму колькі і калі мне захочацца, але ніколі ніхто не лаяў мяне за гэта. Майму мастацтву зайздросцілі многія з самых лепшых аднасяльчан. Вы пераканаецеся, што я кажу праўду, калі паслухаеце; гэтую навуку, як і ўмельства плаваць, ніколі не запамятаеш.

І адразу, прыставіўшы руку да носа, Санчо так гучна зароў па-аслінаму, што ва ўсіх бліжэйшых лагчынах пачуўся яго рэў. Але адзін з стаяўшых паблізу палічыў, што Санчо з іх здзекуецца і, падняўшы дубіну, так моцна ўдарыў яго, што ў момант паваліў яго на зямлю. Убачыўшы Санчо ў такім дрэнным становішчы, Дон-Кіхот з паднятым кап’ём кінуўся на таго, хто ўдарыў Санчо, але між імі двума апынулася столькі народу, што Дон-Кіхоту было не мажліва адпомсціць.

Наадварот, убачыўшы, што на яго самога сыплецца град каменняў і яму пагражаюць дзесяткі нацягненых самастрэлаў і столькі-ж стрэльбаў, ён павярнуў Расінантэ і наўскочку ўцёк ад іх. Ён не на жарты спалохаўся, каб якая-небудзь куля не трапіла яму ў спіну. Але людзі, быўшыя ў атрадзе, здаволіліся тым, што ён ад іх уцёк, і не стралялі па ім. Санчо-ж, калі ён апамятаўся, яны пасадзілі на асла і дазволілі яму паехаць за панам. Хаця ён яшчэ не мог кіраваць аслом, Шэры ішоў сам па слядах Расінантэ, без якога ён не мог прабыць ні хвіліны. Ад’ехаўшы на далёкую адлегласць, Дон-Кіхот павярнуў галаву і, убачыўшы, што Санчо едзе за ім, пачаў яго чакаць.


РАЗДЗЕЛ XXVI,
дзе гутарка ідзе аб рэчах, пра якія даведаецца кожны, хто прачытае гэты раздзел, калі прачытае яго ўважліва

Санчо дагнаў Дон-Кіхота, калі ўжо апамятаўся, і, дагнаўшы, зваліўся з Шэрага да ногс Расінантэ. Дон-Кіхот нагнуўся, жадаючы агледзець яго раны, але, убачыўшы, што ён з ног да галавы цэлы, сказаў яму досыць сярдзіта:

— У нядобры час паказалі вы, Санчо, сваё майстэрства раўсці па-аслінаму. Дзе-ж вы чулі, што ў доме павешанага добра казаць пра вяроўку? Які акампанімент можна было чакаць на вашу музыку аслінага рэву, як не ўдары дубінай? Добра яшчэ, Санчо, што яны вас блаславілі палкай, а не нажом.

— Я не магу адказваць вам цяпер, — сказаў Санчо, — але мне здаецца, што за мяне досыць выразна гаворыць пабітая спіна мая. Сядзем вярхом і паедзем адгэтуль. Пра мой асліны рэў я змоўчу, але не маю сілы я змаўчаць пра тое, што вандроўныя рыцары ўцякаюць, пакінуўшы ва ўладзе ворага добрых сваіх зброеносцаў, памеленых, як пшанічнае зерне.

— Не ўцякае той, хто адступае, — апраўдваўся Дон-Кіхот. — Ты павінен ведаць, Санчо, што харобрасць, якая не абапіраецца на разважлівасць, завецца шалёнай адвагай, а геройства шалёна-адважнага прыпісваецца хутчэй яго ўдачы, як мужнасці; такім чынам, я прызнаю, што адступіў, але не ўцёк. У гэтым я пераймаў учынкі многіх харобрых людзей, якія захоўвалі сябе для лепшых часоў. Але я пра іх цяпер змоўчу, бо яны табе не дадуць карысці, а мне не прынясуць здавальнення.

Між тым Санчо ўжо ўзлез на свайго Шэрага, і яны накіраваліся ціхім крокам у тапалёвы гай, які віднеўся на адлегласці чвэрткі мілі адтуль. Час ад часу Санчо глыбока стагнаў. Калі Дон-Кіхот запытаў яго аб прычыне такога горкага яго засмучэння, ён адказаў, што з асновы спіннога хрыбта да апошняга шыйнага пазванка ў яго так баліць, што ён ледзь не траціць свядомасці.

— Прычына гэтага болю, — суцешыў яго Дон Кіхот, — складаецца, бессумненна, з таго, што палка, якой цябе білі, была вельмі даўгая і шырокая. Яна біла па ўсёй тваёй спіне, захапіўшы тыя часткі, якія ў цябе баляць. Але калі-б яна трапіла далей, боль быў-бы значна мацнейшым.

— Вось дзякую! Ваша міласць вывела мяне з вялікага сумнення і растлумачыла мне яго ў самых прыемных выразах. Клянуся маім целам, няўжо прычына майго болю такая таямнічая, што з’явілася патрэба растлумачыць мне, чаму ў мяне баліць усё тое, куды трапіла палка. Калі-б У мяне балелі шчыкалаткі, яшчэ можна было-б спрабаваць адгадаць, чаго яны забалелі, а калі баляць толькі тыя месцы, па якіх мяне білі, тут, здаецца, і гадаць няма чаго. Сумленна кажучы, пан мой, мала я магу чакаць ад сяброўства з вамі. Калі цяпер вы далі мяне пабіць палкай, дык у другі раз і яшчэ сто разоў мы вернемся да падкідвання на коўдры і да іншых гульняў. Куды лепш я зрабіў-бы, калі-б вярнуўся дахаты, а не ішоў-бы ўслед за вашай міласцю па непраходных дарогах. Няхай-бы я ўбачыў спаленым і ператвораным у парашок першага, хто накіраваўся ў гэтае вандроўнае рыцарства, або, прынамсі, першага, які захацеў быць зброенасцам у такіх дурняў, якімі былі ўсе ранейшыя вандроўныя рыцары. Пра цяперашніх я не кажу нічога, з той прычыны, што ваша міласць у іх ліку.

— Згодзен біцца на добры заклад, Санчо, — сказаў Дон-Кіхот, — што цяпер, калі вы гаворыце і ніхто вас не спыняе, у вас нічога не баліць ва ўсім вашым целе. Гаварыце, сын мой, усё, што вам прыдзе ў галаву і трапіць на язык. Дзеля таго, каб вы не адчувалі болю, я палічу за здавальненне тугу, якую на мяне наганяе ваша дзёрзкасць. Але калі вы ўжо так моцна хочаце вярнуцца дахаты, я не буду перашкаджаць вам у гэтым. У вас мае грошы, — вылічце, колькі часу прайшло, як мы ў трэці раз выехалі з нашага мястэчка, падумайце, колькі вы павінны атрымліваць у месяц пенсіі, і заплаціце яе сабе з уласных рук.

— Калі я служыў у Томе Караско, — адказаў Санчо, — бацькі бакалаўра Сансона Караско, дык атрымліваў у месяц два чырвонцы і, апрача таго, харчы. Не ведаю, колькі мне трэба атрымліваць ад вас, хоць добра ведаю, што ў зброеносцаў вандроўнага рыцара больш справы, як у парабка земляроба. Я-ж атрымліваў увечары цёплую вячэру і спаў у пасцелі. А з таго часу, як служу вашай міласці, я не спаў у пасцелі, выключаючы кароткі час, праведзены намі ў доме дона Дыего дэ-Міранда і Басіліё. Еў я ўвесь час паскробкі сыру і хлебныя скарынкі і піў адну толькі ваду з ручаёў і крыніц.

— Усё, што ты гаворыш, Санчо, праўда. Але-ж колькі па вашай думцы, павінен я заплаціць звыш таго, што вы атрымлівалі ў Томе Караско?

— На мой погляд, — сказаў Санчо, — каб ваша міласць дадала мне яшчэ па два рэалы ў месяц, я-б лічыў, што мне добра плоцяць. Гэта ў лік пенсіі за паслугі мае; што-ж тычыцца дадзенага мне і нявыкананага абяцання ўзнагародзіць мяне губернатарствам вострава, дык было-б справядліва, каб за кошт губернатарства вы дадалі мне яшчэ шэсць рэалаў, што ў агульным склала-б трыццаць рэалаў.

— Вельмі добра! Прапарцыянальна пенсіі, якую вы сабе прызначылі, вылічце, Санчо, колькі я ўсяго вам вінен за дваццаць пяць дзён нашага падарожжа, і заплаціце сабе з сваіх рук.

— О, клянуся маім целам! — усклікнуў Санчо. — Ваша міласць вельмі памыляецца ў сваім разліку. Адносна абяцанага вострава трэба лічыць з таго часу, як ваша міласць упершыню абяцала мне, да цяперашняй хвіліны:

— Колькі-ж часу таму назад я вам абяцаў востраў, Санчо?

— Калі я не памыляюся, напэўна прайшло больш за дваццаць год, на тры дні больш або менш.

Дон-Кіхот ударыў сябе далоняй па ілбу і засмяяўся, кажучы:

— Не прайшло і двух месяцаў з часу нашых раз’ездаў і падарожжа майго ў Сіера-Марэну, а ты кажаш, Санчо, што ўжо дваццаць год, як я абяцаў табе востраў. Ты проста хочаш усе мае грошы ўзяць сабе на пенсію. Калі гэта так, бяры мае грошы, і няхай яны ідуць табе на добрую карысць. Каб пазбавіцца ад такога дрэннага зброеносца, я рады буду застацца бедным і без граша. Але скажы мне, адступнік ад правіл зброеносцаў вандроўнага рыцарства, дзе ты чытаў, каб які-небудзь зброеносец вандроўнага рыцара таргаваўся са сваім панам? Апусціся, нягоднік, баязлівец і пачвара, апусціся ў вялікае мора рыцарскіх гісторый, і тады зразумееш ты, які ты грубы! А цяпер павярні Шэрага і варочайся дахаты, бо ніводнага кроку далей адсюль ты не зробіш са мной. О, стварэнне, больш падобнае на жывёлу, як на чалавека! Цяпер ты пакідаеш мяне якраз тады, калі я прышоў да цвёрдага і канчатковага рашэння зрабіць цябе ўладаром лепшага вострава на свеце! Адным словам, як ты сам казаў мне не раз, мёд не для асла і гэтак далей. Асёл ты і ёсць, аслом і астанешся да канца свайго жыцця!

Санчо глядзеў на Дон-Кіхота, покуль той сыпаў на яго гэтыя папрокі. Адчуўшы такое раскайванне, што слёзы выступілі ў яго на вачах, ён слабым і сумным голасам сказаў:

— Сен’ёр мой, прызнаю, што для таго, каб быць поўным аслом, мне нехапае толькі аднаго хваста. Калі ваша міласць захоча прывесіць яго мне, я палічу, што ён на месцы, і буду служыць вам аслом усе дні майго страшнага жыцця. Выбачце мне, міласць ваша, і вазьміце пад увагу, што ведаю я мала, а калі гавару многа, дык больш ад слабасці, як ад злосці. Але хто грашыць і выпраўляецца, таго прабачыць трэба!

— Я-б здзівіўся, Санчо, каб ты не прымяшаў у сваю гутарку якой-небудзь прыказкі. Ну, добра, прабачаю цябе, толькі з тым, каб ты выправіўся і наперад не быў такім аматарам уласнай выгады. Імкніся пашыраць свой кругагляд і падтрымліваць сябе надзеяй на выкананне маіх абяцанняў.

Санчо адказаў, што ён так і зробіць, хаця-б яму давялося чэрпаць сілу з сваёй слабасці. Хутка яны ўехалі ў тапалёвы гай. Дон-Кіхот лёг каля вяза, а Санчо каля бука. Санчо правёў ноч пакутліва, бо боль ад удараў дубінай адчуваўся мацней у начной вільгаці. Золкам яны паехалі далей, накіроўваючыся да берагоў славутага Эбро, дзе з імі здарылася тое, што будзе расказана ў наступным раздзеле.


РАЗДЗЕЛ XXVII
Пра славутую прыгоду з зачараванай баркай

Праз два дні пасля выезду з тапалёвага гаю Дон-Кіхот і Санчо даехалі да ракі Эбро. Выгляд яе вельмі задаволіў Дон-Кіхота і аднавіў у яго памяці тысячы любімых мараў. Калі яны ехалі берагам рэчкі, яны ўбачылі невялікую барку без вёслаў і ўсякай іншай снасці, прывязаную ля берагу да ствала дрэва. Дон-Кіхот аглянуўся ва ўсе бакі і, не ўбачыўшы нідзе нікога, саскочыў з Расінантэ і загадаў Санчо злезці з Шэрага і мацней прывязаць абедзве жывёлы разам да ствала якога-небудзь дрэва. Санчо запытаў яго аб прычыне такога раптоўнага прывязвання жывёлы.

— Ты павінен ведаць, Санчо, — адказаў Дон-Кіхот, — што гэтая барка як нельга больш яскрава запрашае мяне сесці ў яе. Гэта зусім, як у рыцарскіх кнігах. Калі які-небудзь рыцар трапляе ў бяду, з якой ён самастойна не можа выйсці, чараўнікі пасылаюць яму на помач другога рыцара на хмары або ў барцы. Так што, Санчо, ты цяпер не сумняваешся, што гэтая барка прыслана сюды для той-жа мэты?

— Калі гэта так, — сказаў Санчо, — і ваша міласць на кожным кроку хоча быць уцягненым у гэтыя вар’яцтвы, дык я павінен падначаліцца. Тым не менш для ачышчэння свайго сумлення я лічу патрэбным папярэдзіць вашу міласць, што гэтая барка не з зачараваных, а належыць якім-небудзь мясцовым рыбакам.

Санчо гаварыў гэта, прывязваючы жывёл і з вялікім болем у душы пакідаючы іх пад апякунствам і абаронай чараўнікоў.

— Жывёлы нашы прывязаны ўжо, — абвясціў ён. — Што-ж нам рабіць?

— Што? — перапытаў Дон-Кіхот. — Зняцца з якара, гэта значыць, я хачу сказаць, увайсці ў барку, і перарэзаць вяроўку, якой барка прывязана.

Кажучы гэта, Дон-Кіхот ускочыў у барку, Санчо накіраваўся ўслед за ім; яны перарэзалі вяроўку, і барка павольна адышла ад берага. Санчо пачаў дрыжаць, баючыся, што яму пагражае пагібель, але мацней за ўсё непакоіў яго рэў Шэрага і выгляд Расінантэ, які з усёй сілай спрабаваў адарвацца ад прывязі.

Потым Санчо так горка заплакаў, што Дон-Кіхот, раззлаваны і нездаволены, сказаў яму:

— Чаго ты баішся, баязлівае стварэнне? Хто цябе праследуе, або хто табе пагражае, мышыная ты душа! Цяпер мы, прынамсі, адплылі семсот або восемсот міль. Мы хутка пройдзем роўналежную лінію, падзяляючую на дзве роўныя паловы адлегласць між двума супрацьлеглымі полюсамі.

— А калі мы даплывем да гэтай лініі, колькі мы тады праедзем?

— Многа, — адказаў Дон-Кіхот, — мы зробім палову з трохсот шасцідзесяці градусаў, якія ёсць на зямным шары, па вылічэнню Пталамея, які быў найвялікшым з вядомых касмографаў.

— Не ведаю, на каго гэта ваша міласць спасылаецца. Які гэта „граф з космамі“?

Дон-Кіхот засмяяўся з санчавага тлумачэння слова „касмограф“ і сказаў:

— Ведай, Санчо, іспанцы і тыя, што плывуць з Кадыкса ва Ўсходнюю Індыю, лічуць, што праехалі ўспамянёную мною роўналежную лінію, калі ва ўсіх, хто знаходзіцца на караблі, паміраюць вошы. Такім чынам, Санчо, ты можаш правесці рукой па свайму бядру: калі зловіш што-небудзь жывое, мы вызвалімся ад гэтага сумнення; а калі не, тады мы праехалі лінію.

— Не веру я гэтаму, — сказаў Санчо, — не ведаю, якая неабходнасць рабіць такога рода вопыты, калі я бачу сваімі ўласнымі вачыма, што мы не ад’ехалі ад берагу і пяці аршын. Расінантэ і Шэры на тым-жа самым месцы, дзе мы іх пакінулі.

— Зрабі, Санчо, дослед, пра які я табе казаў, бо ты не ведаеш, што такое паралелі, задыякі, экліптыкі, полюсы, планеты, градусы і т. д. Калі-б ты ведаў усе гэтыя рэчы, ты-б яскрава ўбачыў, колькі ўжо праехалі мы паралеляў. Паўтараю табе зноў: абмацай сябе!

Санчо асцярожна памацаў рукой у паглыбленні пад левым каленам і сказаў:

— Або вопыт няправільны, або мы не даехалі яшчэ на многа міль да таго месца, пра якое гаворыць ваша міласць.

Барка плыла ціха, бо гнала яе сама плынь вады, да гэтага часу яшчэ спакойная і ціхая. Хутка наперадзе паказалася некалькі вялікіх вадзяных млыноў. Толькі Дон-Кіхот убачыў іх, як гучна сказаў Санчо:

— Перад намі ўжо адкрываецца горад, замак або крэпасць, дзе, напэўна, знаходзіцца той прыгнечаны рыцар, на помач да якога я пасланы.

— Пра які там, чорт вазьмі, горад гаворыць міласць ваша, сен’ёр? — запытаў Санчо. — Няўжо вы не бачыце, што гэта вадзяныя млыны, куды прывозяць малоць пшаніцу?

— Маўчы, Санчо! Хаця яны і здаюцца млынамі, але гэта не млыны. Я ўжо казаў табе, што пры дапамозе чараўніцтва ўсе рэчы змяняюць натуральны выгляд, чаму можа служыць прыкладам ператварэнне Дульсінеі — адзінай маёй надзеі.

Між тым барка трапіла ў сярэдзіну плыні і пачала рухацца не так павольна, як раней. Млынары, убачыўшы, што барка можа быць уцягненай ў вадаверць пад млынавыя колы, шпарка вышлі з млыноў з даўгімі шастамі, каб адапхнуць яе. Яны гучна крычалі:

— Чэрці, куды вы плывеце?! Звар’яцелі вы, ці што?! Хочаце вы патануць і быць размеленымі ўшчэнт гэтымі коламі?!

— Ці не казаў я табе, Санчо, — сказаў тады Дон-Кіхот, — што мы даехалі да таго месца, дзе я павінен паказаць усю магутнасць і сілу маёй рукі! Бачыш, якія разбойнікі і пачвары ідуць супроць мяне, колькі брыдкіх фізіяномій здзекваюцца з нас?! Пачакайце, зараз убачыце, нягоднікі!

Стаўшы на ногі ў барцы, ён пачаў пагражаць млынарам, крычучы:

— Злосны зброд! Безадкладна вярніце волю той асобе, якую вы трымаеце ў гэтай вашай крэпасці або астрозе, бо я — Дон-Кіхот Ламанчскі, які давядзе гэтую прыгоду да шчаслівага канца.

І ён падняў меч, пагражаючы млынарам. Пачуўшы, але не зразумеўшы гэтых недарэчнасцей, яны спрабавалі сваімі шастамі стрымаць барку, падхопленую ўжо вадаверцю, што нясла іх пад самыя млынавыя колы. Нарэшце, дзякуючы іхняй стараннасці, барка спынілася, але Дон-Кіхот і Санчо зваліліся ў ваду. На шчасце, Дон-Кіхот умеў плаваць, як гусь, але цяжар яго ўзбраення два разы зацягваў яго на дно. Каб не млынары, якія кінуліся ў ваду і выцягнулі іх адтуль, абодва яны загінулі-б.

Калі іх выцягнулі на зямлю, Санчо, стоячы на каленах, прасіў неба ў доўгай і цёплай малітве пазбавіць яго наперад ад дзёрзкіх выдумак і спраў яго пана. Між тым з’явіліся рыбакі, якім належала барка. Убачыўшы, што яна разбіта ўшчэнт млынавымі коламі, яны кінуліся раздзяваць Санчо і патрабаваць ад Дон-Кіхота, каб ён заплаціў ім за барку. Рыцар зусім спакойна сказаў млынарам і рыбакам, што ён ахвотна заплоціць за барку, але толькі з умовай, каб яны адразу-ж вярнулі волю асобе або асобам, заняволеным у іхнім замку.

— Пра якія асобы і пра які замак гаворыш ты, безразважлівы чалавек? — запытаў адзін з млынароў.

„Хопіць, — сказаў сабе Дон-Кіхот. — Зусім зразумела, што ў гэтай прыгодзе сустрэліся два чараўнікі. Адзін перашкаджае таму, што пачынае другі; адзін паслаў мне барку, другі перакуліў яе. Увесь гэты свет — толькі адно спляценне варожых сіл! Я не магу нічога больш зрабіць?“

Потым, узвысіўшы голас і гледзячы на вадзяныя млыны, ён сказаў:

— Сябры! Хто-б вы ні былі, заняволеныя ў гэтым астрозе, даруйце мне. На маё і на ваша няшчасце, я не магу пазбавіць вас ад вашай бяды. Напэўна гэтая прыгода прызначана другому рыцару.

Сказаўшы гэта, ён увайшоў у згоду з рыбакамі і заплаціў ім за барку пяцьдзесят рэалаў, якія Санчо вельмі неахвотна ім аддаў, кажучы:

— Яшчэ дзве паездкі на барцы, падобныя да гэтай, і ўсё наша багацце апынецца на дне ракі.

Млынар і рыбакі стаялі ў здзіўленні, гледзячы на іх, а Дон-Кіхот і Санчо вярнуліся да сваіх жывёл. На гэтым і скончылася прыгода з зачараванай баркай.


РАЗДЗЕЛ XXVIII
Пра тое, што адбылося ў Дон-Кіхота з прыгожай паляўнічай

Вельмі нездаволеныя і ў дрэнным настроі вярнуліся да сваіх жывёл рыцар і зброеносец, асабліва Санчо, для якога змяншэнне яго грашовых запасаў раўнялася замахам на яго душу.

Яны селі вярхом, не кажучы ні слова, і паехалі ад славутай ракі.

На наступны дзень, у час заходу сонца, Дон-Кіхот, выязджаючы з лесу на зялёны луг, убачыў многа народу. Пад’ехаўшы бліжэй, ён убачыў, што гэта сакалінае паляванне[13]. Сярод паляўнічых ён убачыў прыгожую сен’ёру вярхом на прыгожым кані бліскучай белаты. Сама сен’ёра была вельмі прыбраная і прыгожа апранутая і ў левай руцэ трымала сокала. Дон-Кіхот, здагадаўшыся, што яна пані ўсіх паляўнічых, сказаў Санчо:

— Бяжы і перадай той сен’ёры, што я, рыцар Львоў, цалую рукі яе вялікай прыгожасці. Калі яе высокасць дазволіць мне, дык я буду служыць ёй, наколькі дазволяць мне сілы і захоча яе светласць. Толькі глядзі, Санчо, гутары ветліва і паспрабуй не прыплятаць да свайго пасольства якую-небудзь з сваіх прыказак.

— Нашлі пераплётчыка, няма чаго сказаць! І гэта вы гаворыце мне, які ўжо не ўпершыню накіроўваецца паслом да знатных і магутных сен’ёр!

— Апрача твайго пасольства да сен’ёры Дульсінеі, — здзівіўся Дон-Кіхот, — я не ведаю, каб ты яшчэ куды-небудзь ездзіў паслом.

— Гэта праўда, — адказаў Санчо, — але добрага плацельшчыка не непакоіць унесены ім залог, а дзе ў доме багацце завядзецца, шпарка вячэра падаецца. Я хачу гэтым сказаць, што мне не патрэбна нічога ні гаварыць, ні зазначаць, бо я на ўсё здольны і гатоў да ўсяго.

— Веру гэтаму, Санчо. Ідзі-ж, калі ласка.

Санчо пагнаў асла ўскочку. Даехаўшы туды, дзе знаходзілася прыгожая паляўнічая, ён злез з асла, стаў перад ёю на калені і сказаў:

— Прыгожая сен’ёра, гэты рыцар, якога вы там бачыце, называемы рыцарам Львоў, — мой пан, а я яго зброеносец, і завуць мяне Санчо Панса. Гэты самы рыцар Львоў, які нядаўна яшчэ называўся рыцарам Сумнага Вобразу, паслаў мяне прасіць у вашай высокасці дазволу з’явіцца сюды, каб служыць вашай высокай ганарлівасці і прыгожасці. Даўшы гэты дазвол, ваша высокасць зробіць рэч, якая пойдзе на карысць вам і на радасць яму.

— Няма сумнення, добры зброеносец, — адказала сен’ёра, — што вы сваё даручэнне выканалі з усімі фармальнасцямі, якія патрабуюцца ад такога рода пасольстваў. Падыміцеся! Зброеносец такога славутага рыцара Сумнага Вобразу, якога мы тут ужо многа чулі, не павінен стаяць на каленях. Скажыце вашаму сен’ёру, каб ён наведаў нас. Мы — я і мой муж — будзем вельмі рады яму і чакаем яго ў загарадным нашым доме.

Санчо падняўся, захоплены як прыгожасцю добрай сен’ёры, так і яе адменнай ветлівасцю, а сен’ёра запытала ў яго:

— Скажыце мне, брат зброеносец, ці не пра вашага пана надрукавана гісторыя, якая мае такую назву: „Дасціпны ідальго Дон-Кіхот Ламанчскі“? Ці не ён гэта абраў уладаркай сваіх дум нейкую Дульсінею Табоскую?

— Ён самы і ёсць, сен’ёра, — адказаў Санчо, — а яго зброеносец, якога завуць Санчо Панса, гэта — я, калі мяне не падмянілі ў друку.

— Усяму гэтаму я вельмі рада, — сказала герцагіня. — Ідзіце, брат Панса, і перадайце вашаму сен’ёру, што ён будзе дарагім і жаданым госцем у маіх валоданнях.

З такім прыхільным адказам Санчо вярнуўся ў вялікім захапленні да свайго пана. Ён расказаў яму пра ўсё, хвалячы надзвычайную прыгожасць сен’ёры. Дон-Кіхот прыняў далікатную позу на сваім сядле і, прышпорыўшы Расінантэ, паехаў наперад.

У той-жа час сен’ёра герцагіня, загадаўшы паклікаць герцага, мужа свайго, расказала яму пра пасольства Дон-Кіхота. Герцаг і герцагіня прачыталі першую частку гісторыі Дон-Кіхота і з яе даведаліся пра надзвычайныя яго дзівацтвы. Яны чакалі яго з вялікай нецярплівасцю, парашыўшы падначальвацца яго дзівацтвам і згаджацца з усімі яго поглядамі, выконваючы ўвесь прыняты ў такіх выпадках цэраманіял, пра які яны чыталі ў рыцарскіх кнігах.

Між тым Дон-Кіхот пад’ехаў да іх з паднятым забралам. Калі ён збіраўся злезці з каня, Санчо паспяшаўся да яго, каб падтрымаць стрэмя. Але ён быў такім няшчасным, што, злазячы з Шэрага, заблытаўся ў адной з вяровак уючнага сядла.

Не маючы мажлівасці вызваліць ногі, ён павіс у паветры, тварам і грудзьмі кранаючыся зямлі.

Дон-Кіхот, думаючы, што Санчо ўжо трымае стрэмя, нахіліўся наперад і пацягнуў з сабою сядло Расінантэ, быўшае, як відаць, дрэнна падцягненым. І сядло і ён зваліліся на зямлю, што прывяло рыцара ў вялікую замяшанасць. Ён скрозь зубы паслаў нямала пракляццяў па адрасу няшчаснага Санчо, нага якога ўсё яшчэ аставалася застраўшай у путах. Герцаг загадаў сваім паляўнічым памагчы рыцару і яго зброеносцу.

Яны паспяшаліся падняць Дон-Кіхота, які моцна ўдарыўся ў час падання. Кульгаючы, ён, як мог, падышоў схіліць калені перад іх светласцямі.

Але герцаг сам саскочыў з каня, абняў Дон-Кіхота і сказаў яму:

— Мне вельмі крыўдна, сен’ёр рыцар Сумнага Вобразу, што першыя крокі вашы ў маіх валоданнях аказаліся такімі няўдалымі, але нядбайнасць зброеносца бывае часам прычынай нават горшых выпадковасцей.

— Тая, якая здарылася са мной, — ветліва адказаў Дон-Кіхот, — не можа быць названа няшчаснай, бо яе згладжвае тая чэсць, якую я маю, гледзячы на вас. Мой зброеносец — няхай ён будзе прокляты — лепш умее развязваць язык, як падвязваць сядло. Але ў якім-бы я ні быў выглядзе, я заўсёды гатоў служыць вам і сен’ёры герцагіні, дастойнай уладарцы прыгожасці і сусветнай княгіне ветлівасці.

— Больш асцярожна, мой сен’ёр Дон-Кіхот Ламанчскі! — сказаў герцаг. — Покуль існуе сен’ёра дон’я Дульсінея Табоская, няма месца ўсхвальванню другіх красунь!

У гэты час Санчо ўжо вызваліўся з сваіх пут і, вядома, не мог стрымаць языка на прывязі.

— Нельга адмаўляць, — сказаў ён, — што сен’ёра Дульсінея Табоская вельмі прыгожая; але заяц выскоквае там, дзе менш усяго яго чакаюць, і тое, што завецца прыродай, падобна да ганчара, а хто зрабіў адну гліняную пасудзіну, можа зрабіць і дзве, і тры, і сотню. Кажу гэта з той прычыны, што сен’ёра герцагіня такая-ж прыгожая, як паня мая, сен’ёра Дульсінея Табоская.

Дон-Кіхот звярнуўся да герцагіні, кажучы:

— Ваша высокасць, ні ў аднаго вандроўнага рыцара на свеце не было больш балбатлівага і забаўнага зброеносца, як мой.

На гэта герцагіня адказала:

— Я вельмі высока стаўлю дасціпнасць, бо яна — адна з адзнак розуму.

Пасля гэтага герцаг запрасіў Дон-Кіхота ў свой замак.

Санчо паспеў ужо добра падцягнуць сядло ў Расінантэ, на якога Дон-Кіхот адразу-ж узлез. Герцаг сеў на свайго прыгожага каня, а між імі абодвума ехала герцагіня. Усе разам накіраваліся да замка. Герцагіня загадала Санчо ехаць поплеч з ёю, бо яго дасціпнасць давала ёй вялікую пацеху. Санчо не прымусіў сябе прасіць і, умяшаўшыся сярод іх трох, з’явіўся чацвертым у гутарцы. Герцаг і герцагіня былі вельмі рады прыняць у сваім замку такога вандроўнага рыцара і такога дзіўнага зброеносца.


РАЗДЗЕЛ XXIX,
у якім ідзе гутарка пра многія і важныя рэчы

Весялосць Санчо дасягнула вышэйшай ступені, калі ён уяўляў сабе, што знойдзе ў замку тое, што знайшоў у дамах дона Дыего і Басіліё.

Раней як яны даехалі да замка, герцаг паехаў наперад і даў сваім слугам загад, як ім абыходзіцца з Дон-Кіхотам. Як толькі рыцар разам з герцагіняй пад’ехалі да варот, адразу-ж выбеглі два лакеі ў даўгой вопратцы з тонкага малінавага атласа. Падхапіўшы на рукі Дон-Кіхота, яны шапнулі яму:

— Няхай ваша высокасць паможа сайсці з каня сен’ёры герцагіні.

Дон-Кіхот так і хацеў зрабіць, але герцагіня не захацела даць сябе зняць з каня інакш, як толькі з дапамогаю герцага, кажучы, што не лічыць сябе дастойнай турбаваць такога славутага рыцара бескарысным цяжарам.

Калі яны ўвайшлі на вялікі двор, з’явіліся дзве прыгожыя дзяўчыны і накінулі на плечы Дон-Кіхота даўгую мантыю з тонкага чырвонага сукна.

Потым з’явіліся герцагскія служкі і служанкі, якія гучна ўскліквалі: „Калі ласка, просім, гонар і слава вандроўных рыцараў!“

Усе яны абпырсквалі з флакончыкаў пахучай вадой Дон-Кіхота і герцага з герцагіняй.

Гэта быў першы дзень, калі Дон-Кіхот паверыў і асвядоміў сябе сапраўдным вандроўным рыцарам, а не фантастычным, убачыўшы, што з ім абыходзяцца так, як абыходзіліся ў былыя часы з рыцарамі.

Забыўшыся на свайго Шэрага, Санчо ішоў, як прышыты да герцагіні, і разам з ёю ўвайшоў у замак. Адчуваючы віну, што ён пакінуў Шэрага аднаго, ён падышоў да адной шаноўнай дуэн’і і шапнуў ёй:

— Сен’ёра Гонсалес, або як завуць вашу міласць?!

— Мяне завуць дон’яй Родрыгес дэ-Грыхальбі. Што вам патрэбна?

— Я-б хацеў, каб ваша міласць вышла за вароты замка. Там вы ўбачыце майго шэрага асла. Будзьце такімі добрымі загадаць завесці яго ў стайню або адвядзіце яго самі, бо бядак не можа астацца адзін.

— Калі пан такі-ж разумны, як яго слуга, — адказала дуэн’я, — добрую мы зрабілі знаходку. Ідзіце, брат, і чорт вазьмі вас і таго, хто ў нядобрую гадзіну прывёў вас сюды! А свайго асла даглядайце самі, бо мы — дуэн’і гэтага дома і не прызвычаіліся да падобнага роду заняткаў.

— Але-ж сапраўды я чуў, — адказаў Санчо, — як мой пан расказваў пра Лансарота. Калі той вярнуўся з Брэтані, сен’ёры даглядалі яго, а дуэн’і — яго каня; што-ж тычыцца майго асла, дык я не прамяняў-бы яго на каня сен’ёра Лансарота…

— Брат, калі вы жартаўнік, захавайце свае жарты для тых, каму яны спадабаюцца і хто вам заплоціць за іх, бо ад мяне вы можаце атрымаць толькі фігу.

— Вельмі добра, бо яна будзе зусім спелай, калі ўлічыць вашы гады!

— Балван! — усклікнула дуэн’я, ахопленая гневам. — Старая я ці не, меркаваць не вам, нягоднік, які наеўся часнаку!

Яна крыкнула гэтыя словы так гучна, што герцагіня пачула іх.

Убачыўшы сваю дуэн’ю такой усхваляванай, яна запытала, з кім яна лаецца.

— А вось з ім, — адказала дуэн’я, — з гэтым добрым чалавекам, які вельмі настойліва просіць мяне пайсці завесці ў стайню яго асла, пакінутага ім ля варот замка.

— Я сказаў гэта з той прычыны, — апраўдваўся Санчо, — што любоў мая да асла вельмі ўжо вялікая. Апрача таго, я быў упэўнены, што нельга даручыць яго чалавеку больш жаласнаму, як сен’ёра дон’я Родрыгес.

Дон-Кіхот, які ўсё чуў, запытаў у Санчо:

— Ці падыходзіць такая гутарка тут, у такім месцы?

— Сен’ёр, кожнаму даводзіцца гаварыць пра тое, што яму патрэбна, дзе-б ён ні знаходзіўся. Тут я ўспомніў пра Шэрага і тут гаварыў пра яго: калі-б я ўспомніў пра яго ў стайні, я гаварыў-бы там.

— Санчо гаворыць праўду, — умяшаўся тут герцаг, і вінаваціць яго няма за што, Шэраму будзе дадзена столькі корму, колькі ён можа з’есці, Санчо можа не баяцца, бо за яго аслом будуць даглядаць таксама, як за ім самім.

Сярод гэтых цікавых для ўсіх, апрача Дон-Кіхота, гутарак яны падняліся ўгару па лесніцы. Рыцара ўвялі ў залу, прыбраную багатай тканінай з парчы і золата. Шэсць дзяўчат знялі з яго ўзбраенне і служылі яму пажамі. Усе яны былі папярэджаны герцагам і так вялі сябе з Дон-Кіхотам, як трэба па рыцарскіх раманах. Дон-Кіхот астаўся ў вузкіх штанах і замшавым камзоле, высокі, сухі і даўгі. З яго фігуры рассмяяліся-б прыслугоўваючыя яму дзяўчаты, каб яны з усёй сілы не імкнуліся схаваць сваю весялосць (гэта быў адзін з самых строгіх загадаў, дадзеных ім іхнімі панамі). Ён прасіў паклікаць Санчо і пасля таго, як зачыніўся з ім у пакоі, звярнуўся да яго са словамі:

— Скажы мне, новаспечаны жартаўнік і ўсягдашні ёлап, ці дабра было з твайго боку зневажаць такую дастойную павагі дуэн’ю? Хіба сен’ёры гэтыя такія, што могуць пакінуць на голад жывёлу ў той час, калі яны так ветліва прымаюць гаспадароў гэтай жывёлы? Прашу цябе, Санчо, стрымлівайся! Вядзі сябе так, каб не прыкмецілі па нітцы, з якой таўстой і грубай пражы ты сатканы. Хіба ты не разумееш, гэткі ты дурань, што, убачыўшы ў табе жартаўніка, могуць падумаць, што я які-небудзь ашуканец або самазваны рыцар!

Санчо як нельга больш шчыра абяцаў свайму пану, што праз яго ніколі не даведаюцца, хто яны.

Дон-Кіхот апрануўся, накінуў на плечы яркачырвоную мантыю і ў гэтым уборы вышаў у вялікую залу, дзе герцаг і герцагіня ўжо чакалі яго. Акружыўшы яго, пажы з вялікай урачыстасцю і пышнасцю павялі яго ў другую залу, дзе быў накрыты багата прыбраны стол на чатыры асобы. Герцагіня і герцаг падышлі да дзвярэй залы, каб сустрэць яго, і з імі суровы поп з тых, што драбязою сваіх душ вымяраюць вялікасць душы другіх людзей.

Усе яны абмяняліся многімі ветлівасцямі і нарэшце падышлі да стала. Герцаг запрасіў рыцара сесці на шаноўнае месца ля стала. Хаця Дон-Кіхот адмаўляўся, гаспадар так настойваў, што госцю давялося згадзіцца. Духоўная асоба змясцілася супроць Дон-Кіхота, а герцаг і герцагіня па абодвух баках. Убачыўшы мноства цэрамоній і ўпрашванняў, каб рыцар заняў шаноўнае месца за сталом, Санчо сказаў:

— Калі міласць ваша дазволіць, я раскажу гісторыю, якая здарылася ў маім сяле з прычыны гэтых месцаў за сталом.

Толькі Санчо гэта сказаў, як Дон-Кіхота кінула ў дрыжыкі. Ён не сумняваўся ў тым, што яго зброеносец скажа найвялікшае глупства. Санчо глянуў на свайго пана, зразумеў яго і сказаў:

— Не бойцеся, міласць ваша, што я саб’юся з дарогі або скажу што-небудзь неабдуманае: я не забыў парад, якія не так даўно міласць ваша мне давала.

— Нічога гэтага я не помню, — адказаў Дон-Кіхот, — кажы, што хочаш, толькі кажы хутчэй, але спачатку падумай пра тое, што ты збіраешся сказаць.

— Я так добра абдумаў гэта, што цяпер я ў поўнай бяспецы, як званар на званіцы.

— Добра было-б, — сказаў Дон-Кіхот, — каб вашы высокасці распарадзіліся выкінуць адсюль гэтага дурня, які нагаворыць тысячы недарэчнасцей.

— Клянуся жыццём герцага, — сказала герцагіня, — я не пушчу Санчо ні на крок ад сябе. Мне ён вельмі падабаецца, бо ён вельмі разважлівы.

— Дзякую вам, — сказаў Санчо, — за вашу добрую думку пра мяне. А хачу я вам расказаць вось што. Запрасіў адзін ідальго з майго сяла, — вельмі багаты і наогул знатны чалавек, — з-за яго многа год таму назад у нашым мястэчку адбылася сварка, у якой, калі не памыляюся, быў замешаны сен’ёр мой Дон-Кіхот, а таксама быў паранены гультай Тамарыльё. Хіба ўсё гэта не праўда, сен’ёр пан мой?

— Ды кажы карацей! — ледзь-ледзь стрымліваючы сябе, сказаў Дон-Кіхот.

— Такім чынам, я кажу, сен’ёры мае, — казаў Санчо, — што гэты самы ідальго, якога я таксама добра ведаю, як свае рукі, запрасіў да сябе абедаць беднага, але шаноўнага земляроба. Такім чынам, калі гэты земляроб прышоў у дом памянёнага ідальго, запрасіўшага яго, — ён памёр ужо, але мяне пры гэтым не было, бо я ў той час пайшоў жыць у Тэмблеке…

— Заклінаю вас жыццём вашым, сын, — сказаў поп, — вярніцеся хутчэй з Тэмблеке і канчайце сваё апавяданне, не пахаваўшы ідальго, калі не хочаце яшчэ другіх хаўтур.

— Справа ў тым, — сказаў Санчо, — што калі абодва яны сабраліся сесці за стол — мне здаецца, што я вось цяпер бачу іх як нельга больш выразна — земляроб прасіў ідальго, каб той сеў на шаноўнае месца, а ідальго настойваў, каб земляроб заняў гэта месца, кажучы, што ў яго доме трэба слухацца яго волі. Але земляроб, які ганарыўся сваёй ветлівасцю і добрым выхаваннем, ні за што не згаджаўся, покуль нарэшце ідальго не раззлаваўся. Паклаўшы абедзве рукі яму на плечы, ён сілай пасадзіў яго, кажучы: „Сядайце-ж, неабцёсаны чалавек. Бо куды-б я ні сеў, я буду галавой для вас!“ Вось маё апавяданне, і я шчыра думаю, што яно зусім не недарэчы тут.

У Дон-Кіхота ўвесь час мяняўся колер твара: скрозь смуглы колер ён здаваўся пярэстым і падобным да яшмы.

Герцаг і герцагіня ўсімі сіламі стрымліваліся ад смеху, каб не раззлаваць канчаткова Дон-Кіхота, бо яны добра зразумелі злосны намёк Санчо. Каб змяніць гутарку і не даць мажлівасці Санчо сказаць яшчэ новае глупства, герцагіня запытала Дон-Кіхота: якія ў яго весткі пра сен’ёру Дульсінею і ці пасылаў ён ёй у апошні час волатаў або разбойнікаў?

— Сен’ёра мая, мае няшчасці, — адказаў рыцар, — ніколі не будуць мець канца. Волатаў я перамагаў і разбойнікаў пасылаў ёй; але дзе ім знайсці яе, калі яна зачараваная і ператворана ў самую брыдкую сялянку, якую можна толькі ўявіць сабе.

— Не ведаю, — сказаў Санчо Панса, — мне яна здаецца самым чароўным стварэннем у свеце. Я добра ведаю, што па лёгкасці і ўмельству скакаць яна паспрачаецца з канатным скакуном. Сумленна кажучы, сен’ёра герцагіня, яна ўскоквае з зямлі на асліцу, як кошка.

Духоўная асоба, пачуўшы гутарку пра волатаў, разбойнікаў і чараўніцтва, здагадалася, што перад ім той самы Дон-Кіхот Ламанчскі, гісторыю якога герцаг так ахвотна чытаў. Духаўнік часта папікаў яго, кажучы, што няма сэнсу чытаць падобныя глупствы. Пераканаўшыся ў тым, што яго падазрэнні справядлівыя, ён, ахоплены гневам, звярнуўся да герцага, кажучы:

— Вашай светласці, сен’ёр мой, давядзецца трымаць адказ перад богам за тое, што гэты добры чалавек робіць. Гэты Дон-Кіхот, або дон вар’ят, як-бы ён ні называўся, па-мойму зусім не такі вар’ят, як ваша светласць хоча, даючы яму выпадак працягваць свае шаленствы і вар’яцтвы.

Потым, звярнуўшыся да Дон-Кіхота, ён сказаў:

— А вы, гладышовая душа, хто вам сказаў, што вы — вандроўны рыцар, перамагаеце волатаў і бярэце ў палон зладзеяў? Дзе вы бачылі вандроўных рыцараў? Дзе волаты ў Іспаніі або разбойнікі ў Ламанчы, або зачараваныя Дульсінеі і ўся бязлікая колькасць недарэчнасцей, якія пра вас расказваюць?!

Дон-Кіхот слухаў уважліва словы гэтага шаноўнага чалавека.

Убачыўшы, што ён ужо змоўк, Дон-Кіхот з разгневаным і ўсхваляваным тварам падняўся і сказаў… Але гэты адказ заслугоўвае асобнага раздзела.


РАЗДЗЕЛ XXX
Пра адказ, які Дон-Кіхот даў свайму ганьбіцелю, і пра іншыя сур’ёзныя і вясёлыя здарэнні

Падняўшыся і ахоплены дрыжыкамі з ног да галавы, як жывое срэбра, Дон-Кіхот, хвалюючыся і заікаючыся, сказаў:

— Месца, дзе я знаходжуся, і прысутнасць вось гэтых знатных асоб звязваюць па руках мой справядлівы гнеў. З той прычыны, што зброя носячых сутану тая-ж самая, як і зброя жанчын, — менавіта язык, — я буду змагацца маім языком у роўнай бойцы з вашай міласцю. Нядобра, нічога не ведаючы пра грэх, за які ганьбіш, лаяць зрабіўшага яго дурнем і вар’ятам. Няўжо нічога іншага не патрабуецца, як, выхаваўшыся ў чатырох сценах якой-небудзь семінарыі, не бачыўшы свету далей, як на дваццаць міль у ваколіцы, вольна разважаць пра вандроўных рыцараў? Каб мяне залічылі ў дурні рыцары, я палічыў-бы гэта за непаправімую знявагу; але калі мяне лічаць прастаком кніжнікі, якія ніколі не станавіліся на шлях рыцарства, дык гэта мяне не датычыцца. Я, кіруючыся маёй планетай, іду па вузкай сцежцы вандроўнага рыцарства і выконваю свой абавязак. Я закаханы, але настолькі, наколькі гэта абавязкова для вандроўнага рыцара. Намеры мае накіраваны заўсёды да добрай мэты: менавіта — рабіць усім дабро і нікому не рабіць зла, ці заслугоўваю я называцца дурнем, няхай вырашаць святлейшы герцаг і герцагіня.

— Добра сказана! — усклікнуў Санчо. — Не кажыце больш нічога, міласць ваша, у саю абарону. Гэты сен’ёр адмаўляе нават, што на свеце былі і ёсць вандроўныя рыцары. Што-ж дзіўнага, калі ён нічога не ведае аб рэчах, пра якія ён гаварыў?!

— Можа, — запытаў поп, — вы, брат, той Санчо Панса, якому пан яго абяцаў губернатарства?

— Так, я той і ёсць, — адказаў Санчо. — Я належу да тых, пра якіх гавораць: да добрых прыстаў і сам добрым стаў; і яшчэ: хто да добрага дрэва прыхіляецца, добрым ценем накрываецца. Я прыхіліўся да добрага пана — няхай жыве ён і няхай жыву я! Як у яго не будзе недахопаў у імперыях, так у мяне ў астравах…

— Так, так, сябра Санчо, — спыніў яго герцаг. — Я ад імя сен’ёра Дон-Кіхота прапаную вам губернатарства на адным з належачых мне астравоў, досыць значным.

— Стань на калені, Санчо, — сказаў Дон-Кіхот, — і пацалуй ногі яго светласці за зробленую табе ласку.

Санчо так і зрабіў: але, убачыўшы гэта, духоўнік падняўся з-за стала, страшэнна раззлаваны, і сказаў:

— Клянуся сутанай, надзетай на мне, ваша светласць такая-ж неразважлівая, як і гэтыя два грэшнікі. Аставайцеся, ваша светласць, з імі, але покуль яны будуць у вас, я лічу за лепшае сядзець дома.

Ён кінуў есці і пайшоў; герцаг не вельмі яго стрымліваў і сказаў Дон-Кіхоту:

— Вы, міласць ваша, адказалі яму дасканала! І вы можаце не крыўдзіцца: як не могуць абразіць жанчыны, так не могуць абразіць і духоўныя асобы.

— Зусім правільна, — сказаў Дон-Кіхот, — бо хто не можа быць абражаным, не можа і абразіць нікога. Жанчыны, дзеці і духоўныя асобы не могуць абараняцца, хаця-б іх і пакрыўдзілі; з гэтай прычыны яны не могуць быць абражанымі. Між крыўдай і абразай тая розніца, што крыўду можа зрабіць кожны без таго, каб крыўда ператварылася ў абразу. Напрыклад, да чалавека, стаячага спіной, падыходзіць хто-небудзь ззаду і б’е палкай, але, ударыўшы яго, не чакае, а ўцякае; пацярпеўшы кідаецца за ім, аднак не можа дагнаць. Атрымаўшы ўдар палкай будзе пакрыўджаным, але не абражаным, бо абразу неабходна падтрымаць. Я не магу лічыць сябе абражаным, бо той, хто не можа быць абражаным, тым менш можа абразіць.

Нарэшце Дон-Кіхот заспакоіўся, абед скончыўся, і калі знялі абрус, у сталовую ўвайшлі дзяўчаты, якія падалі ўсім прысутным тазы для мыцця рук.

— Я-б не адмовіўся памыць сабе і бараду, — заявіў Санчо.

— Ну, што-ж, — адказала герцагіня, — жаданне ваша лёгка выканаць.

Герцагіня загадала дварэцкаму выканаць жаданне Санчо. Дварэцкі адразу-ж пайшоў разам з Санчо, а герцаг, герцагіня і Дон-Кіхот асталіся сядзець за сталом, гутарачы пра многія і розныя рэчы, маючыя, аднак, адносіны да вайсковай справы і да вандроўнага рыцарства. Герцагіня звярнулася да Дон-Кіхота з просьбай апісаць прыгожасць і выгляд Дульсінеі Табоскай, якая, безумоўна, павінна быць самым прыгожым стварэннем на ўсёй зямлі і нават ва ўсёй Ламанчы. Дон-Кіхот глыбока ўздыхнуў і сказаў:

— Каб я мог вынуць сваё сэрца і палажыць яго на блюда, ваша светласць убачыла-б там вобраз сен’ёры Дульсінеі. Але як магу я адважыцца намаляваць красу непараўнальнай Дульсінеі? Гэта цяжар, які патрабуе іншых плеч, як мае, — справа, заняцца якой належала-б лепшым мастакам і прамоўцам свету!

— Тым не менш, — сказаў герцаг, — сен’ёр Дон-Кіхот зрабіў-бы нам вялікую прыемнасць, калі-б апісаў сен’ёру Дульсінею.

— Я абавязкова гэта зрабіў-бы, — адказаў Дон-Кіхот, — каб нядаўняе няшчасце, якое здарылася з ёю, не згладзіла з маёй памяці вобраз яе. Цяпер я хутчэй гатоў аплакваць яе красу, як апісваць яе, бо зусім нядаўна я знайшоў яе зачараванай і ператворанай з прынцэсы ў сялянку, з красуні ў вырадка, з ангела ў д’ябла.

— Не можа быць! — усклікнуў тут герцаг. — Хто-ж зрабіў столькі зла свету?

— Хто? — пераспытаў Дон-Кіхот. — Злосны чараўнік, які дамагаецца мае высокія рыцарскія ўчынкі скінуць у глыбокае бяздонне забыцця. Ён раніць мяне там, дзе для мяне найбольш адчувальна, бо адабраць у вандроўнага рыцара яго даму, азначае адабраць у яго сонца, асвятляючае яго. Вандроўны рыцар без дамы ўсё-адно, што дрэва без лісцяў, будынак без падмуркаў і цень без таго прадмета, які яго кідае…

— Нічога нельга сказаць супроць гэтага, — сказала герцагіня, — але калі можна верыць надрукаванай гісторыі Дон-Кіхота, ваша міласць ніколі не бачыла сен’ёры Дульсінеі. Такой сен’ёры няма на свеце, а яна проста твор вашай фантазіі.

— Наконт гэтага можна было-б многае сказаць, — адказаў Дон-Кіхот. — Ці ёсць Дульсінея на свеце або няма яе, фантастычная яна або не, гэта такія рэчы, даследванне якіх не можа быць даведзена да самага канца. Ва ўсякім выпадку не я стварыў яе і не ў маім уяўленні нарадзілася яна, хаця і лётае перад маімі вачыма.

— Усім, што сказала ваша міласць, — заявіла герцагіня, — вы мяне пераканалі, што ў Табосо ёсць Дульсінея, вартая таго, каб такі рыцар, як сен’ёр Дон-Кіхот, служыў ёй. Але я не магу не выказаць некаторае сумненне наконт таго, што Санчо Панса заспеў успамянёную сен’ёру Дульсінею, калі ён адвёз ёй ліст ад імені вашай светласці, за прасейваннем чырвонай пшаніцы — падрабязнасць, выклікаючая сумненні ў знатнасці паходжання Дульсінеі.

— Сен’ёра мая, — адказаў Дон-Кіхот, — большая частка рэчаў, якія здараюцца са мной, выходзяць з звычайных межаў здарэнняў. У кожным разе сумненне вашай высокасці лёгка вырашыць. Чараўнікі, якія праследуюць мяне, не могуць зрабіць шкоды мне самому і з гэтай прычыны накіроўваюць сваю злосць на сен’ёру Дульсінею. Калі мой зброеносец з’явіўся да яе з даручэннем, яны ператварылі яе ў сялянку, занятую прасейваннем пшаніцы; але тая пшаніца зусім не была пшаніцай, а пэрламі Ўсходу. Тое самае здарылася, калі нядаўна я праязджаў цераз Табосо і не мог знайсці там палацаў Дульсінеі, а вобраз яе самой быў ператвораны, і яна з’явілася перада мной грубай і нязграбнай сялянкай. Усё гэта я сказаў, каб ніхто не звяртаў увагі на словы Санчо аб прасейванні і чыстцы пшаніцы Дульсінеяй. Наогул я павінен сказаць, што Санчо Панса — адзін з самых цікавых зброеносцаў, калі-небудзь служыўшых вандроўнаму рыцару. Іншы раз ён праяўляе прастату да таго дасціпную, што разабрацца ў тым, просты ён або дасціпны, з’яўляецца нямалай прыемнасцю. Ён ва ўсім сумняваецца і ўсяму верыць. Часам ён з’яўляецца з такімі разумнымі рэчамі, якія падымаюць яго да неба. Адным словам, я-б не прамяняў яго на другога зброеносца, хоць-бы мне далі ў прыдачу цэлы горад, з гэтай прычыны я сумняваюся; ці пасылаць яго на губернатарства, якое ваша вялікасць дала яму. Хаця я і бачу ў ім некаторую здольнасць да кіраўніцтва, але калі яшчэ крыху адшліфаваць яго розум, ён зусім паспяхова справіцца з кожным губернатарствам. Не патрэбна-ж ні вялікага майстэрства, ні вялікай вучонасці для таго, каб быць губернатарам, бо ў нас у Іспаніі дзесяткі такіх, якія ледзь умеюць чытаць.

У гэты час мірная гутарка іх была спынена шумам. Праз некалькі хвілін у залу ўбег Санчо з крыкам:

— Усе гэтыя цырымоніі намыльвання падобны больш на здзек, як на ветлівасць, якую аказваюць гасцям.

Герцагіня памірала ад смеху, убачыўшы гнеў Санчо і слухаючы яго словы, але Дон-Кіхоту не дастаўляла вялікай прыемнасці глядзець на Санчо, упрыгожанага дрэннай пярэстай анучай і акружанага шматлікім кухонным штатам. Нарэшце герцагіня, не пакідаючы смяяцца, сказала, звяртаючыся да суправаджаўшых яго людзей.

— Санчо Панса ва ўсім мае рацыю, што ён казаў, і будзе мець рацыю ва ўсім, што скажа. Вы, служкі чыстаты, аказаліся надзвычайна дзёрзкімі, калі для такой асобы і такой барады замест таза, рукамыйніка з чыстага золата і галандскіх ручнікоў прынеслі дзеравяную міску і кухонныя анучы. Безумоўна, вы не можаце — такія вы нягоднікі — схаваць сваёй зайздрасці да зброеносцаў вандроўных рыцараў!

Хітруны-кухарчыкі і нават мажардом, быўшыя разам з ім, думалі, што герцагіня сапраўды гаворыць сур’ёзна: яны знялі анучу з грудзей Санчо і, пакінуўшы яго ў спакоі, пайшлі засаромленыя. Як толькі Санчо ўбачыў, што выратаваўся ад гэтай вялікай, як яму здавалася, небяспекі, ён паў на калені перад герцагіняй і сказаў:

— За ласку, якую ваша высокасць мне цяпер зрабіла, я хачу быць пасвечаным у вандроўныя рыцары, каб усё сваё жыццё аддаць на служэнне такой знатнай сен’ёры. Я — селянін; імя маё — Санчо Панса; я жанаты, маю дзяцей і служу зброеносцам. Калі чым-небудзь з усяго гэтага я магу служыць вашай высокасці, не паспее ваша светласць загадаць, як ужо загад будзе мною выкананы.

— Цяпер відаць, Санчо, — сказала герцагіня, — што вы выхоўваліся пад кіраўніцтвам Дон-Кіхота, які не можа не быць узорам ветлівасці і цэрамоній, або цырымоній, як вы гаворыце. Падыміцеся, сябра Санчо. Я заплачу вам за вашу ветлівасць тым, што папрашу сен’ёра майго герцага, каб ён як мага хутчэй надзяліў вас абяцаным ім губернатарствам.

На гэтым спынілася іхняя гутарка, і Дон-Кіхот пайшоў адпачыць пасля абеда. Герцагіня-ж папрасіла Санчо, калі яму не асабліва хочацца спаць, правесці час сіесты з ёю і з яе дзяўчатамі ў вельмі прахладнай зале. Санчо адказаў, што ён сапраўды мае звычай спаць улетку чатыры або пяць гадзін пасля абеда, але каб дагадзіць яе светласці, ён з усёй сілы паспрабуе не спаць сёння і прыдзе да яе, падначальваючыся яе загаду.


РАЗДЗЕЛ XXXI
Аб прыемнай гутарцы герцагіні і яе дзяўчат з Санчо Панса, заслугоўваючай быць прачытанай і адзначанай

Каб стрымаць сваё слова, Санчо пайшоў пасля абеда да герцагіні, якая загадала яму сесці поплеч з сабой. Санчо, як добра выхаваны, не згаджаўся сядаць, але калі герцагіня сказала, каб ён сеў як губернатар і гаварыў як зброеносец, Санчо паціскаў плячыма, падначаліўся і сеў. Усе дзяўчаты і дуэн’і герцагіні акружылі яго ў глыбокай маўклівасці, рыхтуючыся ўважліва слухаць тое, што ён скажа. Першай загаварыла герцагіня.

— Я-б хацела, каб сен’ёр губернатар растлумачыў мне некаторыя сумненні адносна ўжо надрукаванай гісторыі пра сен’ёра Дон-Кіхота. Адно з гэтых сумненняў наступнае: калі добры Санчо зусім не бачыў сен’ёры Дульсінеі Табоскай, не перадаваў ёй ліста сен’ёра Дон-Кіхота, як-жа ён адважыўся выдумаць адказ яе і тое, што ён нібыта заспеў яе за прасейваннем пшаніцы. Усё гэта толькі кпіны і хлусня, якая зневажае добрае імя непараўнальнай Дульсінеі і не адпавядае пасадзе і адданасці добрых зброеносцаў.

Не кажучы ні слова, Санчо падняўся з крэсла і, ціханька прылажыўшы палец да губ, сказаў:

— Сен’ёра мая, калі ніхто не чуе нас, апрача тут прысутных, дык перш за ўсё скажу, што лічу майго пана Дон-Кіхота як ёсць сапраўдным вар’ятам, хаця ён часам і гаворыць разумныя рэчы. З гэтай прычыны я і адважваюся ўпэўніваць яго ў розных небыліцах, накшталт адказа Дульсінеі на яго ліст і таго, што здарылася шэсць або восем дзён назад, а менавіта: зачараванне сен’ёры Дульсінеі.

Герцагіня прасіла яго расказаць пра гэта зачараванне, і Санчо паведаміў як яно здарылася, што вельмі спадабалася яго слухачам. Працягваючы гутарку, герцагіня сказала:

— Тое, што добры Санчо расказаў мне, абудзіла ў маёй душы яшчэ адно сумненне: калі Дон-Кіхот Ламанчскі вар’ят, а Санчо Панса ўсё гэта ведае і тым не менш служыць яму, дык ён павінен быць яшчэ большым вар’ятам і бязглуздым, як яго пан. А калі гэта так, дык як-жа той, хто не ўмее кіраваць сабой, зможа кіраваць другімі?

— Сапраўды, сен’ёра, — сказаў Санчо Панса, — гэтае сумненне з'явілася ў вас зусім правільна. Каб я быў разумным, я даўно кінуў-бы майго пана. Але гэта мой лёс, і ў гэтым маё няшчасце. Я не магу інакш, я павінен ісці за ім. Мы з аднаго мястэчка, я еў яго хлеб, я яго люблю; нас можа разлучыць толькі смерць. Калі-ж ваша высокасць не хоча, каб мне далі абяцанае губернатарства, што-ж зробіш? Можа гэта і да лепшага: бо гавораць: на ўласную бяду нарадзіліся ў мурашкі крыллі. Можа здарыцца, што Санчо-зброеносец хутчэй трапіць на неба, як Санчо-губернатар; гавораць-жа: уначы ўсе кошкі шэрыя. Не ўсё тое золата, што блішчыць; з гэтай прычыны больш грэюць чатыры аршыны тоўстага і таннага сукна, як чатыры аршыны тонкага і дарагога сукна. Апрача таго, пасля смерці цела папы не зойме ў зямлі больш месца, як цела дзячка. І я паўтараю зноў: калі ваша светласць не захоча даць мне востраў, як дурному, я, як разумны, змагу не пакрыўдзіцца на гэта.

Герцагіня не магла не здзіўляцца развагам і прыказкам Санчо і сказала яму:

— Добры Санчо ведае, што рыцар заўсёды выконвае свае абяцанні. Герцаг, муж мой, хаця і не вандроўны, але ўсё ж рыцар: ён выканае дадзенае ім слова адносна абяцанага вострава. Няхай толькі Санчо кіруе сваімі васаламі, памятаючы, што ўсе яны адданыя і прыстойныя людзі.

— Адносна таго, каб добра кіраваць імі, — адказаў Санчо, — вы не бойцеся, бо я па сваёй прыродзе жаласны і маю прыхільнасць да бедных. Я ўмею быць пільным і не згаджуся, каб мне кідалі пыл у вочы, бо ведаю, дзе мне цісне чаравік. Мне здаецца, што адносна кіраўніцтва ўся справа ў тым, каб пачаць. Прабыўшы два тыдні губернатарам, я напэўна ведаў-бы лепш гэтую пасаду, як палявыя работы, на якіх я вырас.

— Вы праўду кажаце, Санчо, — сказала герцагіня, — ніхто не нараджаецца вучоным: губернатараў робяць з людзей, а не з камення. Але, варачаючыся да нядаўняй нашай гутаркі пра зачараванне сен’ёры Дульсінеі, я лічу ўсё-ж праўдзівым, што сялянка, ускочыўшая на асліцу, была сапраўды Дульсінея Табоская, а добры Санчо, уявіўшы, што ён ашукаў, быў сам ашуканы. Усё гэта мне адкрыў адзін сябра мой — таксама чараўнік.

— Гэта зусім мажліва, — згадзіўся Санчо. — Цяпер я гатоў верыць і таму, што пан мой расказваў пра тое, што здарылася з ім у пячоры Мантэсінос. Сапраўды, я не думаю, каб такія мізэрныя перакананні, як мае, маглі яго прымусіць паверыць у такую небывалую рэч. Так што папікаць мяне няма за што. У мяне добрая слава, а добрае імя лепш вялікага багацця. Няхай мне паложаць на плечы губернатарства — і ўбачаць цуды, бо хто быў добрым зброеносцам, той будзе і добрым губернатарам.

— Усё, што добры Санчо толькі што сказаў, — заявіла герцагіня, — ёсць сапраўдныя выслоўі мудрасці. Адным словам, кажучы на манер Санчо: пад дрэнным плашчом, здараецца, добры п’яніца хаваецца.

— Па праўдзе кажучы, сен’ёра, — адказаў Санчо, — ніколі ў жыцці не піў я ад сапсутасці. Ад смагі — гэта было, бо я не хачу хітрыць: я п’ю, калі ёсць ахвота піць. Калі-ж яе няма, а паднясуць, я таксама п'ю, каб не быць манерным або дрэнна выхаваным, бо якое-ж трэба мець мармуровае сэрца, каб не чокнуцца з прыяцелем, калі ён п’е за чыё-небудзь здароўе!

— Я гэтаму веру, — сказала герцагіня. — Цяпер няхай Санчо ідзе адпачываць, а потым мы пагутарым з ім больш грунтоўна і дамо загад, каб яму хутчэй палажылі на плечы, як ён гаворыць, губернатарства.

Санчо зноў пацалаваў руку герцагіні і прасіў яе зрабіцьяму яшчэ ласку і загадаць добра даглядаць яго Шэрага, бо той для яго ўсё.

— Хто такі Шэры? — запытала герцагіня.

— Гэта мой асёл, — адказаў Санчо. — Адну сен’ёру дуэн’ю я прасіў паклапаціцца аб ім, а яна так раззлавалася, нібы я ёй сказаў, што яна непрыгожая або старая. Між тым было-б лепш і прыстойней для дуэн’і даглядаць асла, як фарсіць у залах.

— Добра, — заспакоіла яго герцагіня, — клопаты пра вашага Шэрага я бяру на сябе. З той прычыны, што ён для вас скарб, я стаўлю яго вышэй зрэнак маіх вачэй.

— Дастаткова для Шэрага стаяць у стайні, — адказаў Санчо, — бо стаць вышэй зрэнак вачэй вашай вяльможнасці, хаця-б на адзін момант, ні ён, ні я — мы не варты гэтага. Хаця мой пан і гаварыць, што ў справах ветлівасці лепш здаць картай больш, як картай менш, але ў ветлівасці да жывёлы і аслоў трэба трымаць вагу і ведаць меру.

— Няхай Санчо, — сказала герцагіня, — бярэ з сабой свайго асла на губернатарства. Ён можа там даглядаць за ім, як яму захочацца, і нават можа вызваліць яго ад работы.

— Не думайце, міласць ваша, сен’ёра герцагіня, што вы сказалі нешта небывалае, — адказаў Санчо, — бо я не раз ужо бачыў аслоў, якія ідуць на губернатарства.

Словы Санчо рассмяшылі і пазабавілі герцагіню. Паслаўшы яго адпачываць, яна прышла да герцага даць яму справаздачу пра тое, што адбылося ў яе з Санчо. Тут яны ўдвух умовіліся і склалі план зрабіць з Дон-Кіхотам жарт. Яны выдумалі некалькі жартаў, такіх удалых і дасціпных, што яны з’яўляюцца лепшымі з прыгод, якія апісваюцца ў вялікай гэтай гісторыі.


РАЗДЗЕЛ XXXII,
дзе гаворыцца, якім чынам зняць зачараванне з непараўнальнай Дульсінеі Табоскай, што і складае адну з найбольш славутых прыгод у гэтай кнізе

Герцаг і герцагіня выкарысталі тое, што Дон-Кіхот расказаў ім аб пячоры Мантэсінос, каб падрыхтаваць яму вельмі цікавую прыгоду. Больш за ўсё здзіўляў герцагіню Санчо, які паверыў у зачараванне Дульсінеі Табоскай, хаця сам ён быў і чараўнік і ашуканец у гэтай справе.

Даўшы распараджэнне слугам, герцаг і герцагіня ўзялі з сабой рыцара на вялікае паляванне разам з многімі паляўнічымі. Дон-Кіхоту і Санчо далі паляўнічыя гарнітуры з тонкага зялёнага сукна, але рыцар не захацеў надзець яго, а Санчо, наадварот, узяў тое, што яму далі, з намерам прадаць пры першым зручным выпадку. Калі прызначаная гадзіна прышла, Дон-Кіхот надзеў сваё ўзбраенне, а Санчо — новы гарнітур і, сеўшы вярхом на Шэрага, умяшаўся ў натоўп паляўнічых.

Нарэшце яны прыехалі ў лес, раскінуты між двума высокімі горамі, дзе пачалося паляванне, такое шумнае, што нельга было пачуць адзін аднаго з-за брэху сабак і гука паляўнічых рагоў. Герцагіня злезла з каня і з вострай рагацінай у руках заняла месца, дзе звычайна выбягалі некаторыя дзікія вепры. Герцаг і Дон-Кіхот, таксама злезшы з коней, сталі па абодвух баках герцагіні. Санчо астаўся ззаду ад усіх, не злазячы з Шэрага. Толькі яны занялі месца, як проста на іх выбег выгнаны сабакамі і праследваемы паляўнічымі вялікі вепр. Убачыўшы яго, Дон-Кіхот надзеў на руку шчыт і, падняўшы меч, выступіў наперад насустрач вепру; тое-ж зрабіў і герцаг, трымаючы ў руках рагаціну, а герцагіня апярэдзіла-б іх усіх, каб герцаг не спыніў яе.

Адзін толькі Санчо, убачыўшы раззлаванага звера, саскочыў з Шэрага, кінуўся з усіх сіл уцякаць і спрабаваў быў узлезці на высокі дуб. Але гэта яму не ўдалося: калі ён ўжо ўзлез да паловы дуба і схапіўся за сук, каб узлезці на верхавіну — галіна пад ім зламалася. Падаючы, ён зачапіўся за выступіўшы сук, на якім і павіс у паветры, не маючы мажлівасці спусціцца на зямлю. У такім становішчы, убачыўшы, што зялёная паляўнічая вопратка яго рвецца, і баючыся, што лютая жывёла накіруецца сюды, Санчо пачаў так моцна крычаць, што ўсе чуўшыя, але не бачыўшыя яго, падумалі, што ён ў зубах якога-небудзь дзікага звера.

Нарэшце, вепр з вялікімі клыкамі паў пад ударамі рагаціны многіх паляўнічых. Дон-Кіхот, павярнуўшыся на крык Санчо, убачыў яго вісячым на дубе галавой уніз. Поплеч з ім стаяў Шэры, які не пакінуў яго ў бядзе. Наогул мала хто бачыў Санчо Панса без Шэрага або Шэрага без Санчо — такім вялікім было іхняе сяброўства і прыхільнасць. Дон-Кіхот падышоў і адчапіў Санчо. Убачыўшы сябе вольным і стаячым на зямлі, ён агледзеў свой падраны паляўнічы гарнітур і пакрыўдзіўся да глыбіні душы.

Між тым важкага вепра палажылі на ўючнага мула і павезлі, як пераможны трафей, да вялікіх паляўнічых палатак у лесе, дзе ўжо быў пададзены багаты абед. Паказваючы герцагіне дзіркі на падраным гарнітуры, Санчо сказаў:

— Каб мы мелі паляванне на зайца ці на маленькіх птушак, напэўна вопратка мая была-б цэлай. Не ведаю, якая прыемнасць чакаць жывёлу, якая можа пазбавіць вас жыцця! Па-мойму, не варта-б прынцам і каралям займацца забавай, якая складаецца з таго, каб забіваць ні ў чым не вінаватую жывёлу.

— Вы памыляецеся, Санчо, — адказаў герцаг, — бо паляванне на драпежных звяроў — занятак з усіх іншых найбольш неабходны для каралёў. Паляванне — падабенства вайны: у ім ёсць і стратэгія, і ваенныя хітрасці, і засады, з тым, каб, не падупадаючы пад небяспеку, перамагчы ворага. На паляванні церпяць вялікі холад, нясцерпную спякоту, праганяюць ленасць і сон, узмацняюць фізічныя сілы. Нарэшце гэта — занятак, які нікому не робіць шкоды, а многім прыносіць прыемнасць. З гэтай прычыны, сябра Санчо, змяніце свой погляд. Калі будзеце губернатарам, абавязкова займіцеся паляваннем.

— Ну, не, — сказаў Санчо, — добры губернатар, як з паламанай нагой, сядзіць дома! Добра было-б, каб да яго прышлі па справе людзі стомленыя, а ён сабе бавіўся ў гэты час у лесе! Такое губернатарства не дабром успамянеш! Сумленна кажучы, сен’ёр, паляванне і розныя забавы больш для гультаёў, як для губернатараў. Я думаю забаўляцца толькі гульнёй у козыры. Добрага плацельшчыка не непакоіць унесены ім залог, і пуза прыводзіць у рух ногі, а не ногі — пуза. Я хачу сказаць, што я буду рабіць тое, што павінен, з добрым намерам, і няма сумнення, я буду губернатарстваваць вельмі добра. А хто не верыць, няхай паложыць мне палец у рот і ўбачыць, ці адкушу я яго, ці не.

— Будзь ты прокляты, Санчо! — усклікнуў Дон-Кіхот. — Ці прыдзе дзень, калі я пачую, што ты будзеш гаварыць без прыказак, разумна і добра. Сен’ёры мае, не слухайце гэтага дурня, а то ён размеле вам душу між двума тысячамі прыказак, якія ён так дарэчы прыводзіць, як мне прыемна слухаць іх.

— Прыказкі Санчо Панса, — заўважыла герцагіня, — каштоўныя за кароткасць выразаў.

У гэткіх і іншых цікавых гутарках шпарка прайшоў дзень, і пачала апускацца ноч, якая прынесла з сабой поцемкі, вельмі спрыяючыя для планаў герцага і герцагіні. Перад надыходам поўнай цемры раптам здалося, нібы ўвесь лес з усіх чатырох бакоў у полымі. Адразу пачуліся тут і там гукі бязлікага мноства труб і іншых ваенных інструментаў. Потым пачуўся ваяўнічы крык маўраў: „Ла іла ілла ілла!“[14]. Трубы і ражкі гралі, бубны білі. Трэ’ было быць зусім нячулым, каб не страціць прытомнасці ад мяшанага гуку столькіх інструментаў. Герцаг і герцагіня былі ашаломленыя, Дон-Кіхот здзіўлены, Санчо дрыжаў, і нават самі ўдзельнікі жарту спалохаліся. Разам са спалохам запанавала агульнае маўчанне. У гэты час да іх пад’ехаў вярхом паштальён у выглядзе д’ябла, трубячы ў вялікі сагнуты рог, з якога выходзілі хрыплыя і страшэнныя гукі.

— Эй, брат ганец, — сказаў герцаг, — хто вы такі і адкуль і што за ваенны люд праходзіць праз лес?

Ганец адказаў глухім і жудасным голасам:

— Я — д’ябал і шукаю Дон-Кіхота Ламанчскага. Люд, які там праходзіць, складаецца з шасці атрадаў чараўнікоў, вязучых на трыумфальнай калясніцы непараўнальную Дульсінею Табоскую. Яна едзе зачараваная і з ёю вясёлы француз Мантэсінос, каб расказаць Дон-Кіхоту, як могуць быць зняты чары з успамянёнай сен’ёры.

— Калі-б вы былі д’яблам, як гаворыце, вы-б адразу апазналі рыцара Дон-Кіхота, бо ён стаіць перад вамі.

— Клянуся сваім сумленнем, — сказаў д’ябал, — я пра гэта не думаў. У мяне ў галаве столькі розных думак, што пра галоўнае я і запамятаў.

— Гэты д’ябал, — заявіў Санчо, — відаць, чалавек сумленны, бо ён клянецца сумленнем. Я цяпер думаю, што нават сярод чарцей таксама сустракаюцца добрыя людзі.

Тут д’ябал, не злазячы з каня і звяртаючыся да Дон-Кіхота, сказаў:

— Да цябе, рыцар Львоў (хацеў-бы я бачыць цябе ў іхніх кіпцюрах!), паслаў мяне няшчасны, але адважны рыцар Мантэсінос, даручыўшы сказаць, каб ты яго чакаў на тым месцы, дзе я цябе знайду. Ён вязе Дульсінею Табоскую і хоча сказаць табе, якім чынам можаш ты зняць з яе чары.

Сказаўшы гэта, ён затрубіў у свой страшэнны рог, павярнуўся і паехаў, не дачакаўшыся ні ад каго адказу. Усе зноў здзівіліся, асабліва Санчо і Дон-Кіхот, які ўсё яшчэ не быў упэўнены, ці сапраўды здарылася з ім што-небудзь у пячоры Мантэсінос. Калі ён быў ахоплены гэтымі развагамі, герцаг запытаў яго:

— Ці думаеце вы, сен’ёр Дон-Кіхот, чакаць Мантэсіноса тут?

— Вядома, — адказаў рыцар.

Між тым ноч зрабілася яшчэ цямнейшай. Пачуўся страшэнны шум, падобны таму, які робіцца грузнымі коламі вялікіх фургонаў, запрэжаных валамі. Потым пачуўся яшчэ больш страшэнны грукат, нібыта ў чатырох канцах лесу адбываліся адначасова чатыры бойкі. Рагі, трубы, флейты, бубны, страляніна з гармат, стрэльбаў, а галоўнае, рэзкі рып фургонаў, — усё гэта, разам узятае, рабіла такі страшэнны шум, што Дон-Кіхот павінен быў сабраць усю сваю мужнасць.

Але мужнасць Санчо не вытрымала, — ён абамлеў і паваліўся на складкі спадніц герцагіні, якая прыкрыла імі яго і паспешна загадала пырснуць яму ў твар вадою. Калі Санчо апамятаўся, калясніца, рыпаючы коламі, пад’ехала да таго месца, дзе былі ўсе ў зборы. Яе везлі чатыры вялікіх валы, пакрытых чорнымі папонамі; на кожным рагу ў іх гарэў вялікі васковы факел. На калясніцы было зроблена высокае сядзенне, занятае шаноўным старцам з даўгой барадой, бялей снегу.

Калі фура дасягнула месца, дзе ўсе яны стаялі, старац падняўся з высокага свайго сядзення і гучна сказаў: „Я — мудры Ліргандэс“. І адразу-ж калясніца паехала далей, а старац не сказаў больш ні слова, за ёй з’явіліся яшчэ дзве калясніцы, якія таксама праехалі каля герцага і герцагіні, Дон-Кіхота і Санчо.

Гэтыя тры калясніцы ад’ехалі на вельмі далёкую адлегласць і там спыніліся. Пасля гэтага спыніўся і абрыдлы рып іхніх колаў. Заместа гэтага пачулася меладычная, прыемная музыка. Санчо вельмі ўзрадаваўся ёй і палічыў яе за добрую адзнаку.

— Сен’ёра, — сказаў ён герцагіні, — дзе музыка, там не можа быць нічога дрэннага.

— Гэта мы яшчэ ўбачым, — сказаў Дон-Кіхот, які чуў усё гэта.

І ён меў рацыю, як гэта высветліцца ў наступным раздзеле.


РАЗДЗЕЛ XXXIII,
у якім працягваецца апавяданне пра зняцце чар з Дульсінеі і паведамляюцца іншыя дзіўныя прыгоды

Хутка пасля гэтага яны ўбачылі, як у такт прыемнай музыцы да іх набліжаецца трыумфальная калясніца, запрэжаная шасцю шэрымі муламі, пакрытымі папонамі з белага палатна. На кожным з гэтых мулаў сядзеў вярхом чалавек увесь у белым, з васковым запаленым факелам у руках. Калясніца была ў тры разы больш за папярэднія, а па баках яе і ўперадзе знаходзілася яшчэ дванаццаць чалавек у белых, як снег, вопратках, усе з палаючымі факеламі ў руках — відовішча, якое адначасова прыводзіла ў здзіўленне і палохала.

У калясніцы сядзела на высокім троне німфа, ахутаная ў тысячы пакроваў са срэбнай тканіны, на якой было бязлікае мноства бліскучых залатых пялёсткаў. Твар яе быў закрыты лёгкім і празрыстым шоўкавым газам; скрозь гэтую тканіну віднеўся чароўны тварык дзяўчыны. Дзякуючы мноству запаленых факелаў, можна было прыкмеціць яе прыгожасць. Поплеч з ёю знаходзілася фігура, апранутая ў росагантэс[15], а галава яе была пакрыта чорнай вуаллю. Калі калясніца гэта спынілася супроць герцага, герцагіні і Дон-Кіхота, гукі флейт, лютняў і арф, якія чуліся з калясніцы, сціхлі. Тады фігура ў даўгой вопратцы раскінула яе і, скінуўшы вуаль, адкрыла твар — як ёсць сапраўднай смерці, худы і да таго страшэнны, што Дон-Кіхот здрыгануўся, Санчо спалохаўся, а герцаг з герцагіняй зрабілі гэст агіды. Калі жывая смерць паднялася і выпрасталася, яна некалькі сонным голасам і павольна загаварыла наступным чынам:

— Я — Мерлін, князь чараўніцтва і магіі ўладар. Я — адданы абаронца тых часоў, калі бліскалі справы адважных, харобрых рыцараў, якіх я любіў і цяпер люблю. Я пачуў горкі плач прыгожай і непараўнальнай Дульсінеі, злосна ператворанай у брыдкую сялянку. Сто тысяч розных кніг прагледзеў я маёй навукі чорнай і да цябе прышоў адкрыць лекі ад тугі той вялікай. О, слава, гонар, бляск, святло ўсіх тых, хто адважна аддае сябе службе зброі! Табе я кажу, о, муж, як належыць нікім яшчэ не ўсхвалёны, Дон-Кіхот, зорка Іспаніі, Ламанчы слава! Зачараванне з прыгожай Дульсінеі зняць можна адным толькі сродкам: няхай твой зброеносец Санчо дасць тры тысячы і трыста сабе ўдараў бізуном, агаліўшы сядалішча сваё, — ды так, каб было яму ад тых удараў вельмі балюча.

— Клянуся, чым хочаце, — усклікнуў тады Санчо, — не толькі тры тысячы ўдараў бізуном, але і тры ўдары не дам сабе, як не ўдарыў-бы сабе і тры разы кінжалам, Чорт вазьмі такі спосаб здымаць чары! Я не ведаю, якія адносіны мае маё сядалішча да зачаравання? Клянуся, калі сен’ёр Мерлін не знойдзе іншага сродку зняць чары з сён’ёры Дульсінеі Табоскай, яна можа легчы ў магілу зачараванай.

— Вазьму я вас, дон нягоднік, які аб’еўся часнаку, — сказаў Дон-Кіхот, — прывяжу да дрэва голага, як маці нарадзіла вас, і дам не тры тысячы трыста, а шэсць тысяч шасцьсот удараў!

Пачуўшы пагрозы рыцара, Мерлін сказаў:

— Гэтага не павінна быць! Удары, якія добраму Санчо трэба атрымаць, павінны быць зроблены ім самому сабе добраахвотна, а не прымусова, і толькі тады, калі ён захоча, бо тэрмін яму не прызначаны. Але яму дазваляецца, калі-б ён захацеў пазбавіць напалову сваё бічаванне, даручыць гэта чужой руцэ хаця-б яна і была некалькі цяжкаватай.

— Ні чужая, ні свая, ні цяжкая, наогул ніякая рука не датыкнецца да мяне, — сказаў Санчо. — Чаму гэта мае ляшкі павінны расплачвацца за грахі Дульсінеі. Іншая справа, пан мой, які складае частку яе сутнасці (ён-жа сам на кожным кроку гаворыць пра яе: „Жыццё маё, душа мая“): ён можа і павінен біць сябе дзеля яе і ўзяць на сябе ўсе клопаты па зняццю з яе чар. А каб я сябе біў — не згаджаюся!

Санчо не паспеў дагаварыць апошніх слоў, як срэбная німфа, сядзеўшая поплеч з Мерлінам, паднялася. Скінуўшы з сябе вуаль, яна адкрыла твар, які паказаўся ўсім надзвычайна прыгожым.

З мужчынскай вольнасцю і не вельмі жаночым голасам яна сказала:

— О, няшчасны зброеносец з гладышовай душой і сэрцам з пробкавага дрэва! Каб табе, бессаромны нягоднік, загадалі кінуцца ўніз з высокай вежы, каб цябе, вораг чалавечага роду, прасілі з’есці тузіну жаб, дзве тузіны яшчарак і тры тузіны вужак, каб цябе прасілі зарэзаць жонку сваю і дзяцей — не дзіўна было-б, каб ты выказаў агіду і непахіснасць волі. Пашкадуй, брыдкая пачвара, мае квітучыя гады, якія вянуць і марнеюць пад грубай абалонкай сялянкі. „Сёння я з’явілася сюды ў гэтым выглядзе толькі з асаблівай ласкі Мерліна, каб прыгожасць мая магла зрабіць цябе больш ласкавым. Бі, бі бізуном тлустае сваё цела, неўгамонная жывёла, абудзі ад сна ляны дух свой, які прымушае цябе толькі есці, вярні далікатнасць маёй скуры, лагоднасць майму сэрцу і прыгожасць твару майму! Зрабі гэта дзеля беднага Дон-Кіхота, душа якога ўжо стала ў яго поперак горла і чакае толькі твайго адказу — суровага або ласкавага, — каб выйсці ў яго з рота, або вярнуцца ў сярэдзіну.

Пачуўшы гэта, Дон-Кіхот памацаў сабе горла і сказаў, звяртаючыся да герцага:

— Клянуся, сен’ёра Дульсінея сказала праўду, бо я адчуваю, што душа ў мяне стаіць упоперак горла, як стрэл арбалета.

— Што вы на гэта скажаце, Санчо? — запытала герцагіня.

— Скажу, сен’ёра, — адказаў Санчо, — тое, што ўжо сказаў — адмаляюся.

— „Адмаўляюся“, хочаце вы сказаць, Санчо? — паправіў яго герцаг.

— Пакіньце мяне, ваша высокасць, — адказаў Санчо, — я цяпер не ў такім становішчы, каб звяртаць увагу на тонкасці: адной літарай больш ці менш. Я зусім збянтэжаны ад гэтых удараў, якія павінны мне даць або я сам павінен сабе даць. Але я хацеў-бы пачуць ад сен’ёры — маёй сен’ёры Дульсінеі Табоскай, — дзе яна навучылася такому спосабу прасіць? Яна патрабуе ад мяне, каб я пасек сабе цела ўдарамі бізуна, і называе мяне пры гэтым „гладышовай душой“, „нягоднікам“, „пачварай“ і цэлай чарадой лаянкі, якую няхай церпіць д’ябал. Можа, цела маё з бронзы, або мне ёсць справа да таго, ці будуць зняты з яе чары або не? Які кошык бялізны, якія сарочкі, хусткі і шкарпэткі, — хаця шкарпэтак я не нашу, — прынесла яна мне, каб зрабіць мяне ласкавым? Зусім нічога, і толькі лаянка за лаянкай, хаця ёй добра вядома прыказка: нагружаны золатам асёл лёгка ўзыходзе на гару, а падарункі прабіваюць скалы; і адно „бяры“ лепш двух „я дам табе“. Тое-ж самае і мой пан, які павінен быць ласкавым да мяне, каб я зрабіўся мяккім, як вата. Замест гэтага ён гаворыць, што ён голага прывяжа мяне да дрэва і падвоіць лік удараў бізуном. Гэтыя пакрыўджаныя сен’ёры павінны былі-б прыняць пад увагу, што яны не толькі просяць біць сябе бізуном зброеносца, але і губернатара. Няхай-жа яны ў нядобрую гадзіну навучацца прасіць і быць ветлівымі, бо чалавек не заўсёды ў добрым настроі. Цяпер я сам не свой ад гора, што зялёны мой гарнітур падраны, а тут яшчэ прыходзяць і патрабуюць, каб я па добрай волі біў сябе бізуном.

— А ўсё-ж такі, сябра Панса, — сказаў герцаг, — калі вы не зробіцеся мякчэйшым, вы не атрымаеце свайго губернатарства. Няма чаго сказаць, добрым быў-бы я, каб паслаў маім падданым жорсткага губернатара з каменным сэрцам. Адным словам, Санчо, вы павінны самі біць або даць сябе біць, або вам не быць губернатарам.

— Сен’ёр, — запытаў Санчо, — ці не дадуць мне два дні падумаць пра тое, што для мяне лепш?

— Не, ніякім чынам, — сказаў Мерлін, — тут, безадкладна, не сыходзячы з месца, гэтая справа павінна быць вырашана. Дульсінея вернецца ў пячору Мантэсінос і зноў будзе ператворана ў сялянку або будзе завезена ў цяперашнім яе выглядзе ў Елісейскія палі, дзе і астанецца жыць, пакуль лік удараў не будзе даведзены да канца.

— Слухайце, добры Санчо, — сказала герцагіня, — будзьце мужным і пакажыце сабе ўдзячным за хлеб, які вы елі ў пана Дон-Кіхота. Скажыце: „так, я згодзен на бічаванне“.

Тут і Мерлін падтрымаў герцагіню, кажучы:

— Дайце, нарэшце, сваю згоду на бічаванне і паверце мне, што яно прынясе вам вялікую карысць як для душы, так і для цела: для душы таму, што вы гэтым зробіце добрую справу; для цела таму, што вы ад прыроды поўнакроўны, і выпусціць кроў вам не пашкодзіць.

— Многа дактароў на свеце: нават чараўнікі — і тыя дактары! — цяжка ўздыхнуўшы, сказаў Санчо. — Хаця асабіста я не бачу ніякай у тым патрэбы, усё-ж згаджуся даць сабе тры тысячы трыста ўдараў, толькі з той умовай, што магу даць іх сабе, як і калі захачу, каб мне не вызначалі ні дні, ні тэрміны. Я паспрабую заплаціць гэты доўг як можна хутчэй, каб свет меў асалоду з красы сен’ёры Дульсінеі Табоскай. І вось яшчэ адна ўмова: я не абавязаны біць сябе да крыві; калі некаторыя з удараў спалохаюць толькі мух, іх таксама прыняць у разлік. Апрача таго, каб я не памыліўся ў ліку ўдараў, сен’ёр Мерлін, — бо ён усё ведае, — павінен паклапаціцца лічыць удары і паведамляць мне, колькі іх нехапае і колькі лішніх.

— Пра лішнія не давядзецца паведамляць вас, — адказаў Мерлін, — бо, як толькі іх будзе адлічана патрэбная колькасць, адразу-ж з сен’ёры Дульсінеі Табоскай спадуць чары, і яна з’явіцца да добрага Санчо, каб падзякаваць яго і ўзнагародзіць за добрую справу. Так што вам зусім няма прычыны сумнявацца адносна лішніх або недастаючых удараў.

Пасля гэтага зноў пачуліся гукі флейт і бязлікія стрэлы, а Дон-Кіхот кінуўся на шыю Санчо, цалуючы яго шчокі і лоб. Калясніца з Мерлінам і Дульсінеяй накіравалася ў дарогу. Прыгожая Дульсінея зрабіла глыбокі рэверанс Санчо. Між тым пачала набліжацца вясёлая смяхотлівая раніца. Палявыя кветкі выпрасталіся і раскрылі пялёсткі, а крышталёвая вада ручаёў бегла па белых і шэрых каменьчыках, несучы сваю даніну чакаўшым яе рэкам.

Герцаг і герцагіня, задаволеныя паляваннем і ўдалым ажыццяўленнем іхняга намеру, вярнуліся ў свой замак, парашыўшы працягваць свае жарты з Дон-Кіхота.


РАЗДЗЕЛ XXXIV,
у якім апавядаецца пра нечуваную прыгоду дуэн’і Даларыды, а таксама падаецца ліст, напісаны Санчо Панса сваёй жонцы, Тэрэсе Панса

У герцага быў мажардом з гуллівым і дасціпным розумам; менавіта ён быў Мерлінам і наладзіў апісаную прыгодў, даручыўшы аднаму з пажоў сыграць ролю Дульсінеі. Потым ён прыдумаў яшчэ новае дзівацтва, самае цікавае, якое толькі можна ўявіць сабе.

На наступны дзень пасля палявання герцагіня запытала Санчо, ці пачаў ён выконваць узятыя на сябе абавязкі. Ён адказаў, што пачаў і ў мінулую ноч даў сабе пяць удараў рукой.

— Гэта плясканне, а не бічаванне, — сказала герцагіня. — Мне здаецца, што мудры Мерлін не будзе задаволены вашай спагадлівасцю да сябе. Добраму Санчо трэба набыць які-небудзь бізун з калючкамі або вяровачнымі вузламі, якія далі-б сябе добра адчуць, бо крывёю падмацоўваюць грамату[16]. Вызваленне такой знатнай сен’ёры, як Дульсінея, не можа быць танным. Заўважце таксама, Санчо, што добрыя справы, якія выконваюцца холадна і вяла, нічога не вартыя.

— Дайце мне, ваша светласць, — адказаў Санчо, — які-небудзь бізун або добры кавалак вяроўкі, і я буду біць сябе. Толькі каб не было праз меру балюча, бо хаця я і селянін, але цела маё больш падобна да мяккай ваты, як да жалезнага чарота. Нядобра было-б, каб я сябе знішчаў з-за чужой справы.

— Добра, — сказала герцагіня, — я дам вам заўтра бізун, які акурат падыходзіць да вас і пагадзіцца з вашым далікатным целам, як родны брат.

— Слухайце, сен’ёра душы маёй, — сказаў тады Санчо, — я напісаў ліст маёй жонцы, Тэрэсе Панса, і даю ў ім справаздачу пра ўсё, што здарылася са мной пасля таго, як я пакінуў яе. Ліст у мяне за пазухай. Я хацеў-бы, каб ваша мудрасць прачытала яго, бо мне здаецца, што напісаны ён па-губернатарску.

— Хто склаў вам гэты ліст?

— Хто мог яго скласці, як не я сам, грэшны.

— І вы самі напісалі яго?

— І не думаў: я не ўмею ні чытаць, ні пісаць, хаця магу ставіць свой подпіс.

— Давайце ліст сюды, — сказала герцагіня, — не сумняваюся, што вы выказалі ў ім усе вартасці свайго розуму.

Санчо дастаў з-за пазухі спісаны ліст паперы і перадаў яго герцагіні. Узяўшы яго, яна прачытала наступнае:

„Ліст Санчо Панса да Тэрэсы Пансо, яго жонкі

Калі ў мяне добрае губернатарства, затое яно і каштуе мне добрых удараў бізуном. Ты гэта не зразумееш цяпер, Тэрэса мая; другі раз уцяміш. Я парашыў, каб ты ездзіла ў карэце; гэта самая добрая рэч для цябе, бо перасоўвацца інакш, азначала-б перасоўвацца на манер кошак. Жонка губернатара, глядзі, каб ніхто не наступаў табе на нагу. Пасылаю табе пры гэгым зялёны паляўнічы гарнітур, які мне падаравала сен’ёра герцагіня; зрабі так, каб з яго вышла спадніца і ліф для нашай дачкі.

Дон Кіхот, мой пан, разумны і цікавы вар’ят; кажуць, я зусім падобны да яго. Мы пабылі ў пячоры Мантэсінос, і Мудры Мерлін звярнуўся да мяне, каб я зняў чары з Дульсінеі Табоскай, што завецца ў нас Альдонса Ларэнсо. Ад трох тысяч трохсот удараў бізуном без пяці, якімі я павінен сябе ўзнагародзіць, яна вызваліцца ад чар. Не кажы пра гэта нікому нічога. Калі ты вынесеш справу сваю на святло, адны скажуць, што яна белая, а другія, што чорная.

Праз некалькі дзён я еду на губернатарства, куды накіроўваюся з вялікім жаданнем набраць сабе як мага больш грошай. Кажуць, што ўсе новыя губернатары едуць з гэтым самым жаданнем. Я памацаю пульс, як там ідуць справы, паведамлю табе, пераязджаць табе да мяне або не.

Шэры здаровы і вельмі табе кланяецца. Я і не думаю разлучацца з ім, хаця-б мяне зрабілі турэцкім султанам. Герцагіня, мая сен’ёра, тысячу разоў цалуе табе рукі, а ў адказ ты пацалуй ёй іх дзве тысячы разоў, бо няма нічога, што было-б таннейшым, як ветлівыя абыходзіны. На гэты раз мне не ўдалося знайсці другі ручны чамадан з другімі чырвонцамі, як у мінулы раз. Не крыўдзься з гэтага, мая Тэрэса, бо ў бяспецы той, хто звоніць на званіцы, і ўсё адмыецца ў шчолаку губернатарства. Тым або іншым шляхам, але ты будзеш багатая і шчаслівая.

З гэтага замка 20 ліпеня 1614 г.

Твой муж губернатар Санчо Панса“.

Калі герцагіня прачытала ліст, яна сказала Санчо:

— У двух рэчах добры губернатар збіваецца крыху з дарогі: першае, калі ён гаворыць, што атрымаў губернатарства за ўдары бізуном. Герцаг-жа абяцаў вам губернатарства ў той час, калі нікому на свеце не сніліся яшчэ гэтыя ўдары бізуном. Па-другое, вы выказваеце сябе ў лісце вельмі прагавітым, а я не хацела-б, каб вы ім былі, бо прагавіты губернатар дрэнна робіць суд.

— Я зусім не хацеў гэтага сказаць, — адказаў Санчо. — Калі вашай міласці здаецца, што ліст напісаны не так, як трэба, лепш падраць яго і напісаць новы, але, напэўна, ён выйдзе яшчэ горшым, калі зноў дадуць мне складаць яго з маёй галавы.

— Не, не, — адказала герцагіня, — ліст гэты добры, і я хачу, каб герцаг прачытаў яго.

З гэтымі словамі яны пайшлі ў сад, дзе ў той дзень парашылі абедаць. Герцагіня паказала герцагу ліст Санчо, і гэта вельмі пацешыла герцага.

Абед скончыўся. Калі са стала былі зняты абрусы, герцаг з герцагіняй досыць доўга забаўляліся цікавымі гутаркамі з Санчо. Раптам пачуліся вельмі сумныя гукі флейты і нястройны бой у бубен. Усе здаваліся здзіўленымі гэтай ваяўнічай і сумнай музыкай, асабліва Дон-Кіхот, які не мог усядзець на месцы ад моцнага хвалявання, а Санчо спалох загнаў у звычайны яго прытулак, поплеч з герцагіняй каля яе спадніц.

Усе былі ў напружаным чаканні, калі ў сад увайшлі ў траурных вопратках два чалавекі, біўшыя ў два вялікія бубны, таксама пакрытыя траурам. За імі ішоў чалавек гіганцкага росту, захутаны ў чорную мантыю з незвычайным даўгім шлейфам. На вопратцы ў яго вісеў надзвычайных памераў ятаган. Твар волата быў закрыты празрыстым чорным пакрывалам, скрозь які можна было бачыць даўгую белую, як снег, бараду. Павольна і ўрачыстай хадою, у тахт удараў у бубны, падышоў ён да герцага і стаў перад ім на калені.

Але герцаг аніяк не згадзіўся дазволіць яму гаварыць, покуль ён не падымецца. Страшыдла, падняўшыся з кален і гледзячы на герцага, сказала:

— Святлейшы сен’ёр, мяне завуць Трыфальдзін-Белая Барада. Я — зброеносец графіні Трыфальдзі, якую завуць яшчэ дуэн’яй Даларыдай. Яна просіць у вашай міласці дазволу з’явіцца сюды і расказаць вам пра сваю незвычайную і дзіўную бяду. Але раней за ўсё яна хацела даведацца, ці знаходзіцца ў замку харобры, нікім не пераможаны рыцар Дон-Кіхот Ламанчскі.

Сказаўшы гэта, ён пачаў спакойна чакаць адказу герцага, які сказаў яму:

— Добры зброеносец Трыфальдзін-Белая Барада, перадайце сен’ёры графіні Трыфальдзі, якая, дзякуючы чараўнікам, прымушана называцца дуэн’яй Даларыдай, каб яна ўвайшла сюды. Скажыце ёй таксама, што тут знаходзіцца харобры рыцар Дон-Кіхот Ламанчскі, які паможа ёй у бядзе.

Пачуўшы гэта, Трыфальдзін сагнуўся да зямлі і пры тых-жа гуках флейты і бубнаў вышаў з саду, пакінуўшы ўсіх у здзіўленні.

— Цемра злосці і невуцтва, — сказаў герцаг, звяртаючыся да Дон-Кіхота, — не можа засланіць бляск дабрадзейнасці і харобрасці! Не паспелі яшчэ вы прабыць і тыдня ў гэтым замку, як ужо з’яўляюцца шукаць вас з далёкіх краін людзі, упэўненыя, што знойдуць у гэтай магутнай руцэ збаўленне ад гора і пакут.

— Я хацеў-бы, сен’ёр герцаг, — адказаў Дон-Кіхот, — каб тут прысутнічаў той царкоўнік, які ў мінулы раз за абедам выказаў столькі злосці да вандроўных рыцараў. Цяпер ён сваімі вачыма мог-бы пераканацца ў тым, ці патрэбны гэтыя рыцары свету, ці не. Няхай-жа ідзе гэтая дуэн’я і просіць усё, што хоча, бо я здабуду ёй паратунак ад яе бяды.


РАЗДЗЕЛ XXXV,
у якім падаецца апавяданне дуэн’і Даларыды пра яе няшчасны лёс і многія іншыя дастапамятныя прыгоды

Герцаг і герцагіня былі ў вышэйшай ступені здаволеныя, убачыўшы, што Дон-Кіхот ідзе насустрач іхняму намеру. У прыемных гутарках непрыкметна прайшоў час, покуль зноў не пачуліся сумныя гукі флейты і бубнаў, абвяшчаўшыя, што дуэн’я Даларыда набліжаецца.

Услед за сумнымі музыкантамі ў сад увайшло дванаццаць дуэней, апранутых у траурную манашаскую вопратку. За імі ішла графіня Трыфальдзі. Яе вёў за руку Трыфальдзін-Белая Барада, яе зброеносец. Яна была апранута ў тонкую чорную байку. Твары дуэней і графіні былі закрыты чорнымі вуалямі, такімі густымі, што скрозь іх нічога нельга было бачыць. Герцаг, герцагіня, Дон-Кіхот і ўсе, глядзеўшыя на гэтую павольна рухаючуюся працэсію, падняліся. Даларыда выступіла наперад і, сагнуўшыся, голасам больш густым і хрыпатым, як далікатным і мяккім, прамовіла:

— Я не магу, як трэ’ было-б, адказаць на вашу ветлівасць з той прычыны, што дзіўнае няшчасце маё занесла розум мой не ведаю куды, — напэўна далёка, бо чым больш я яго шукаю, тым менш знаходжу яго.

— Той быў пазбаўлены розуму, сен’ёра графіня, — адказаў герцаг, — хто па вашаму вонкаваму выгляду не змог-бы здагадацца пра вашыя вартасці.

І, узяўшы яе за руку, ён памог ёй падняцца і пасадзіў на крэсла поплеч з герцагіняй. Пасля некаторага маўчання дуэн’я Даларыда пачала сваё апавяданне наступнымі словамі:

— Я ўпэўнена, што маё найглыбокае гора знойдзе ў вашых найхаробрых сэрцах лагоднае і велікадушнае спачуванне. Гора маё такое, што яно можа размякчыць мармур, растапіць алмазы і разбурыць сталь самых жорскіх на свеце сэрцаў. Але раней, як расказаць пра гэтае маё гора, я-б хацела ведаць, ці зваходзіцца тут найбеззаганнейшы рыцар Дон-Кіхот Найламанчскі і яго найзбраеноснейшы Панса.

— Панса тут! — усклікнуў Санчо раней, як хто-небудзь мог паспець адказаць дуэн’і. — І Дон-Найкіхотнейшы таксама тут; з гэтай прычыны вы, найблагароднейшая дуэнейшая, можаце ўсё сказаць, што вам найзахочацца, бо мы ўсе найгатоўнейшыя і маем найахвоту быць вашымі слугамі.

Тут Дон-Кіхот падняўся і, звяртаючыся да дуэн’і, сказаў:

— Я — Дон-Кіхот Ламанчскі, абавязак якога складаецца з таго, каб дапамагаць усім тым, хто мае патрэбу ў помачы. Вам не патрэбна, сен’ёра, шукаць слоў для ўступу, а проста і без лішняга раскажыце пра ваша няшчасце, бо тыя, хто слухаюць вас, змогуць, калі не памагчы, дык, прынамсі, выказаць спачуванне.

Герцаг і герцагіня паміралі ад смеху, бо ведалі, у чым была сутнасць усёй гэтай прыгоды. Яны ў думках хвалілі майстэрства Трыфальдзі, якая зноў села і сказала:

— Слаўным каралеўствам Кандая кіравала каралева Магунсія, удава караля Арчыпіёла. Ад гэтага шлюбу ў іх нарадзілася інфанта Антонамасія, наследніца прастола. Гэтая Антонамасія расла і выхоўвалася пад маім наглядам, бо я была самай шаноўнай з дуэней яе маткі. Калі Антонамасіі мінула чатырнаццаць год, яна дасягнула самай вялікай прыгожасці. У гэтую красуню закахалася бязлікая колькасць прынцаў, а сярод іх быў таксама і просты рыцар, які спадзяваўся ў гэтай справе на сваю маладосць і харобрасць. Але яго мужнасць і таленты зусім не памаглі-б яму, каб нахабны злодзей не выкарыстаў хітрасць. Прымусіўшы заснуць мяне сваімі дзіўнымі вершамі, Дон Клавіхо (так звалі гэтага славутага кабальеро) подлым спосабам украў няшчасную Антонамасію. Між іншым, я не магу паручыцца, што яна была вельмі ўжо няшчаснай. Як-бы там ні было, але гэтая падзея прынесла каралеве Магунсіі, матцы інфанты Антонамасіі, такое гора, што мы праз тры дні пахавалі яе.

— Яна, напэўна, памерла? — запытаў Санчо.

— Безумоўна, — адказаў Трыфальдзін, — бо ў Кандаі не хаваюць жывых, а толькі мёртвых.

— Не раз ужо, сен’ёр зброеносец, — адказаў Санчо, — хавалі самлеўшага чалавека, думаючы, што ён мёртвы. На мой погляд, каралеве Магунсіі лепш было самлець, як памерці, бо, захаваўшы жыццё, можна многае выправіць: не такі ўжо страшэнны быў учынак інфанты, каб прымаць яго так блізка да сэрца.

— Ты праўду кажаш, Санчо, — пацвердзіў Дон-Кіхот, — але няхай сен’ёра Даларыда працягвае сваё апавяданне. Мне здаецца, што ёй засталося паведаміць горкае ў сваёй да гэтага часу салодкай гісторыі.

— Сапраўды, засталося адно толькі горкае, — адказала графіня. — Калі каралева памерла — а не самлела — мы яе пахавалі. Але не паспелі мы засыпаць яе зямлёю, як на магіле вярхом на дзеравяным кані з’явіўся чараўнік — волат Маламбруно, стрыечны брат Магунсіі. Маючы намер адпомсціць за смерць каралевы Магунсіі і пакараць як дзёрзкасць дона Клавіхо, так і лёгкадумнасць Антонамасіі, ён сілаю свайго чараўніцтва выклікаў іх на магілу і зачараваў іх, ператварыўшы яе ў бронзавую малпу, а яго — у страшэннага кракадзіла з невядомага метала. Між імі стаіць калона, таксама з метала, з надпісам на сірыйскай мове: „Гэтыя два адважныя закаханыя не атрымаюць назад ранейшага свайго выгляду да таго часу, покуль харобры ламанчац не пачне са мною бойку, бо лёс толькі для адной яго вялікай мужнасці хавае такую нечуваную прыгоду. Зрабіўшы ўсё сказанае, Маламбруно загадаў, каб прывялі да яго ўсіх дуэней з палаца, якія цяпер перад вамі. Ён строга асудзіў думкі дуэней. Потым ён сказаў, што не хоча караць нас смерцю, а прысуджае да другой пакуты, якая будзе для нас бясконцай грамадзянскай смерцю. У той самы момант мы адчулі, як у нас на твары зрабіліся шырэйшымі поры, і ў іх з’явіўся боль, нібы ад уколу іголкамі. Адразу-ж мы рукамі дакрануліся да сваіх твараў, якія аказаліся такімі, якімі вы ўбачыце іх цяпер.

І зараз-жа Даларыда і ўсе дуэн’і скінулі вуалі, закрываўшыя іх твары, зарослыя бародамі, некаторыя рыжымі, другія — чорнымі, а іншыя — сівымі, пры выглядзе якіх гердаг і герцагіня, Дон-Кіхот і Санчо і ўсе прысутныя былі вельмі здзіўлены.

— Цяпер, — казала дуэн’я Даларыда, — калі харобры сен’ёр Дон-Кіхот не паможа нам, мы так з бародамі і ляжам у магілу.

— За мной астаноўкі не будзе, — адказаў Дон-Кіхот. — Скажыце, сен’ёра, што мне зрабіць, бо я зусім гатоў служыць вам.

— Справа ў тым, — сказала Даларыда, — што адсюль да каралеўства Кандаі сухой дарогай пяць тысяч міль. Калі-ж вандраваць па паветры, дык толькі тры тысячы дзвесце дваццаць сем міль. Маламбруно абяцаў мне, калі лёс прывядзе нас сустрэцца з нашым збавіцелем, паслаць яму дзівоснага каня. Конь гэты з дрэва і кіруюць ім пры дапамозе ўтулкі, якая ў яго на ілбу і з’яўляецца аброццю; ён ляціць па паветры з такой шпаркасцю, што здаецца, нібыта самі д’яблы нясуць яго, але, не гледзячы на гэта, той, хто сядзіць на ім, можа ў руках трымаць чарку, напоўненую вадой, не праліўшы з яе ніводнай кроплі.

— Наконт спакойнай і роўнай язды, — заўважыў Санчо, — няма лепш за майго Шэрага. Хаця ён і не ляціць па паветры, але я не змяню яго ні на якіх коней у свеце.

Усе засмяяліся, а Даларыда казала далей:

— Гэты самы конь з’явіцца сюды да нас праз поўгадзіны пасля надыходу ночы.

— Мне хацелася-б ведаць, сен’ёра Даларыда, — сказаў Санчо, — як завуць таго каня.

— Завуць яго, — адказала тая, — Клавілен’ё Шпарканогі.

— Я хацеў-бы ўбачыць гэтага каня, — сказаў Санчо, — але нізавошта не сяду на яго, бо не маю намеру памалоць сябе, каб вызваліць некага ад барады. Я не думаю, каб я каму-небудзь быў патрэбны для галення гэтых барод, як мае патрэбу сен’ёра Дульсінея, каб зняць з яе чары.

— Не, патрэбны, сябра, — адказала Трыфальдзі. — Без вашай прысутнасці мы нічога не можам зрабіць.

— Каравул! — крыкнуў Санчо. — Якая справа зброеносцам да прыгод іх сен’ёраў?! Клянуся маім целам, каб яшчэ гісторыкі гаварылі: такі і такі рыцар давёў да канца такую і такую прыгоду з дапамогай такога і такога свайго зброеносца, без якога яму немажліва было-б давесці да канца справу. А яны пішуць сабе проста: Дон-Параліпаменон тры зоркі перамог шэсць страшыдлаў, — і нават не называюць асобы зброеносца, які прысутнічаў пры ўсім гэтым, нібыта яго і не было на свеце. Не, пан мой можа ехаць адзін, а я застануся тут. Можа, калі ён вернецца, справа сен’ёры Дульсінеі будзе далёка наперадзе, бо я маю намер у вольны час надаваць сабе многа ўдараў.

— Тым не менш вам давядзецца праводзіць свайго пана, добры Санчо, — сказала герцагіня, — бо не заставацца-ж тварам гэтых сен’ёр такімі валасатымі з-за вашага непатрэбнага спалоху.

— Зноў закрычу „каравул“, — засупярэчыў Санчо. — Калі-б гэта трэ’ было-б зрабіць для якіх-небудзь дзяўчынак у сіроцкіх прытулках, а столькі перацярпець, каб пазбавіць дуэней ад іхніх барод? Ды няхай буду я прокляты! Лепш хачу бачыць іх усіх з бародамі ад самай вялікай да самай малой, ад самай манернай, да самай вольнай.

— Ну, хопіць, — сказаў Дон-Кіхот. — Санчо зробіць тое, што я яму загадаю, Толькі-б з’явіўся Клавілен’ё і перада мной апынуўся Маламбруно. Няма брытвы, якая з такой лёгкасцю згаліла-б бароды вашай міласці, як меч мой зголіць галаву з плеч Маламбруно.

— Ах! — усклікнула тут Даларыда. — Не ведаю, як мне дзякаваць за вашу харобрасць.

Трыфальдзі сказала гэта з такім пачуццём, што нават вочы Санчо напоўніліся слязмі, і ён амаль парашыў ісці за сваім панам да самага краю свету.

Між тым прышоў час, калі павінен быў з’явіцца славуты конь Клавілен’ё. Дон-Кіхоту здалося, што Маламбруно не спяшаецца пасылаць каня.

Раптам у сад увайшло чатыры дзікуны, захутаныя зялёным плюшчам. На плечах яны неслі вялікага дзеравянага каня. Паставіўшы яго на зямлю, адзін з іх сказаў:

— Няхай на гэтую махіну сядзе той, хто мае мужнасць.

— Я не сяду на яе, — сказаў Санчо, — бо ў мяне няма мужнасці, ды я і не рыцар.

— І няхай зброеносец, — казаў дзікун, — сядзе на круп каня. Нічога не пагражае яму. Трэба толькі адно — павярнуць утулку, зробленую ў каня на шыі, і ён панясе іх па паветры туды, дзе іх чакае Маламбруно. Каб вышыня і прыгожасць дарогі не выклікалі ў іх галавакружэння, ім трэба ехаць з завязанымі вачыма да таго часу, покуль конь не заіржэ. Гэта будзе адзнакай, што яны скончылі сваё падарожжа.

Сказаўшы гэта, дзікуны пакінулі Клавілен’ё і пайшлі, тады Даларыда амаль са слязмі сказала Дон-Кіхоту:

— Харобры рыцар, абяцанні Маламбруно выкананы — конь тут. Упрашаем цябе, каб ты сеў на каня са сваім зброеносцам і зрабіў шчаслівы пачатак свайму надзвычайнаму падарожжу.

— Я зраблю гэта, сен’ёра Трыфальдзі, з найвялікшай ахвотай.

— А я не зраблю гэтага, — абвясціў Санчо, — ні з найвялікшай і ні з якой ахвотай, аніяк! Калі галенне гэтае не можа быць зроблена без таго, каб я лез на круп, мой пан можа шукаць сабе другога зброеносца, а гэтыя сен’ёры — другі спосаб зрабіць гладкімі іх твары. Што скажуць мае падданыя, калі даведаюцца, што іхні губернатар гуляе разам з ветрам?!

— Санчо, — сказаў герцаг, — востраў, які я вам абяцаў, вы атрымаеце, але-ж вы ведаеце, што няма такога роду вышэйшай пасады, за атрыманне якой не даводзілася-б плаціць якога-небудзь хабара. Я хачу, каб за гэтае губернатарства вы памаглі сен’ёру Дон-Кіхоту скончыць гэтую прыгоду.

— Хопіць, сен’ёр! — усклікнуў Санчо. — Няхай мне завяжуць вочы і пасадзяць на круп.

Тады Дон-Кіхот, адвёўшы Санчо ў бок, сказаў яму так, каб ніхто не чуў:

— Ты бачыш, Санчо, якое нас чакае вялікае падарожжа. Невядома, калі мы вернемся з яго. З гэтай прычыны я хацеў-бы, каб ты цяпер пайшоў да сябе ў пакой і шпарка ўдарыў сябе ў лік трох тысяч трохсот удараў бічом прынамсі хоць пяцьсот разоў. Такім чынам справе быў-бы зроблены пачатак, а пачатую справу можна лічыць напалову скончанай.

— Клянуся маім целам, — сказаў Санчо, — ваша міласць напэўна звар’яцела! Цяпер, калі мне трэба сядзець на голай дошцы, міласць ваша хоча, каб я збіў сабе сядалішча. Сапраўды, нядобра гэта з нашага боку! Едзем галіць гэтых дуэней, а калі вернемся, абяцаю вашай міласці безадкладна выканаць мой абавязак, і міласць ваша астанецца здаволенай; больш я нічога не скажу.

Вынуўшы з кішэні насавую хусцінку, Дон-Кіхот папрасіў Даларыду добра завязаць яму вочы. Пасля таго, як яна гэта зрабіла, ён сеў на Клавілен’ё і ўзяўся за ўтулку, якая лёгка круцілася. Неахвотна сеў на каня Санчо, прыладжваючыся як можна лепш на жорсткім крупе каня.

Потым яму былі завязаны вочы, і Дон-Кіхот пачаў паварочваць утулку. У той-жа момант усе прысутныя ў садзе ўскрыкнулі:

— Няхай жыве харобры рыцар! Вось ужо вы ляціце ў паветры! Трымайцеся мацней, мужны Санчо! Ты ківаешся! Глядзі, не зваліся!

Санчо чуў гэтыя галасы і, прыціскаючыся да пана свайго, сказаў:

— Сен’ёр, яны кажуць, што мы падняліся так высока, а іхнія галасы даходзяць да нас і здаецца, нібы яны гавораць тут каля нас.

— Гэта няважна, Санчо. Пры такім дзіўным палёце ты за тысячу міль пачуеш тое, што захочаш. Не прыціскайся да мяне так моцна, а то яшчэ сапхнеш мяне. Не разумею, чаго ты палохаешся: я гатоў паклясціся, што за ўсё сваё жыццё не ездзіў на кані з больш спакойным поступам.

— Гэта правільна, — сказаў Санчо, — бо з аднаго боку я адчуваю такі свежы вецер, нібы на мяне дзьмухаюць з тысячы мяхоў.

Ды і сапраўды на іх дзьмухалі з некалькіх вялікіх мяхоў.

Дон-Кіхот, таксама адчуўшы гэты вецер, сказаў:



— Відаць, Санчо, мы ўжо дасягнулі другой паветранай сферы, дзе нараджаюцца град і снег.

— У гэты момант пучкамі паклі, прывязанымі да кія, ім пачалі здалёк падаграваць твар. Санчо, адчуўшы гарачыню, сказаў:

— Няхай заб’юць мяне, калі мы ўжо не на сонцы або блізка ад яго, бо большая частка маёй барады абгарэла. Я-б хацеў, сен’ёр, зняць павязку з вачэй і паглядзець, дзе мы.

— Не рабі гэтага, — адказаў Дон-Кіхот, — бо той, хто ўзяў нас пад сваю апеку, паклапоціцца пра нас.

Уся гэтая гутарка двух герояў дала ўсім прысутным надзвычайнае задавальненне. Жадаючы завяршыць гэтую прыгоду, яны паднеслі да хваста Клавілен’ё запалены пучок паклі. З той прычыны, што ўвесь конь быў начынены ракетамі і петардамі, ён з надзвычайным трэскам падскочыў у паветра, скінуўшы на зямлю падсмаленых Дон-Кіхота і Санчо. Да гэтага часу з саду знік увесь барадаты атрад дуэней, а тыя, што асталіся ў садзе, ляжалі распасцёртыя на зямлі, нібы самлеўшыя. Дон-Кіхот і Санчо падняліся, адчуваючы сябе вельмі дрэнна. Агледзеўшыся навакол, яны былі здзіўлены, апазнаўшы той-жа самы сад, адкуль яны паехалі, і ўбачыўшы столькі людзей, ляжаўшых на зямлі.

У адным з кутоў саду яны прыкмецілі ўваткнутае ў зямлю даўгое кап’ё, на якім вісеў белы гладкі пергамент з надпісам:

„Славуты рыцар Дон-Кіхот Ламанчскі давёў да канца прыгоду з графіняй Трыфальдзі, называемай інакш дуэн’яй Даларыдай, ужо адным тым, што ўзяўся за яе. Маламбруно абвяшчае, што падбародкі дуэней ужо чыстыя і гладкія; дон Клавіхо і Антонамасія звернуты ў першабытнае сваё становішча. Калі бічаванне зброеносца будзе выканана, Дульсінея ўбачыць сябе вольнай і паспяшаецца ў абымкі дарагога рыцара. Так пастанавіў мудры Мерлін, архічараўнік усіх чараўнікоў“.

Калі Дон-Кіхот прачытаў надпіс на пергаменце, ён страшэнна ўзрадаваўся і падышоў да герцага і герцагіні, якія яшчэ не апамяталіся. Узяўшы за руку герцага, ён сказаў:

— Смялей, добры сен’ёр, больш мужнасці, бо ўся прыгода ўжо скончылася без страты для каго-б там ні было.

Герцаг пачаў ачуняць, як чалавек, прачынаючыся ад цяжкога сну. Потым апамяталася герцагіня і ўсе ляжаўшыя на зямлі. На іхніх тварах быў такі спалох, нібыта з імі сапраўды здарылася тое, што яны так добра разыгралі. Герцаг прачытаў надпіс на пергаменце і падышоў да Дон-Кіхота. Абняўшы яго, ён прывітаў яго са шчаслівай перамогай. Санчо-ж шукаў Даларыду, каб паглядзець, які ў яе

Па-другое, табе трэба пазнаць сябе самога, а гэта самае цяжкае пазнанне. Пазнаўшы самога сябе, ты не будзеш пнуцца, як жаба, што хацела параўнацца з валом.

Ганарыся, Санчо, нікчэмнасцю свайго рода і не лічы знявагай гаварыць, што ты паходзіш з сялян, бо, убачыўшы, шо ты не саромішся, ніхто не паспрабуе сароміць цябе.

Калі ты возьмеш з сабой сваю жонку, вучы яе, давай парады і ачышчай ад прыроднай яе грубасці.

Не кладзі ўсю суровасць закона на злачынца.

Калі-б якая-небудзь прыгожая жанчына прышла шукаць у цябе правасуддзя, адвярні позірк свой ад яе вачэй, слых твой — ад яе ўздыхаў і разгледзь добра сутнасць таго, пра што яна просіць, калі не хочаш, каб твой розум патануў у яе слязах і сумленне тваё ў яе ўздыхах.

Апрача таго, ты павінен быць ахайным і стрыгчы сабе ногці, не даючы ім празмерна адрастаць, як робяць некаторыя невукі к Сакава адрастаць, як гэта робяць некаторыя невукі, уяўляючыя, што даўгія ногці надаюць іхнім рукам прыгожасць. Гэты адростак і лішак, які яны не абстрыгаюць, свінскае і страшэннае злоўжыванне.

Не еж ні часнака, ні цыбулі, каб пах не выкрыў твае грубасці. За абедам еж нямнога, за вячэрай яшчэ менш, бо ў майстэрні страўніка выпрацоўваецца здароўе ўсяго цела. Не давай лішку ў напітках, памятаючы, што залішне выпітае віно не хавае тайны і не выконвае абяцанняў.

Не трэба таксама, Санчо, уплятаць у свае гутаркі бязлікую колькасць прыказак, як гэта ты звычайна робіш.

Хаця прыказкі — кароткія навучальныя выслоўі, але ты часта працягваеш так за валасы, што яны здаюцца не столькі выслоўямі, колькі бяссэнсіцай.

— Гэта будзе вельмі цяжка, — сказаў Санчо, — бо я ведаю больш прыказак, як кніга. Яны мітусяцца ў мяне ў роце, калі я размаўляю, і адна з адной б’юцца, каб разам выскачыць адтуль, а язык выкідае першыя, якія трапяць, хаця-б яны і не былі дарэчы. Але я паспрабую наперад гаварыць толькі такія, якія падыходзяць да важнасці маёй пасады, бо дзе багацце ў доме завядзецца, там хутка вячэра падаецца, а што зроблена, таго не вернеш. Ведаю толькі, што ў бяспецы той, хто звоніць на званіцы.

— Так, Санчо, — раззлаваўся Дон-Кіхот, — сшывай на жывую нітку, удзявай, устаўляй, нанізвай прыказку за прыказкай. Я табе кажу, каб ты ўтрымліваўся ад прыказак, а ты ў адну хвіліну злажыў з іх цэлае малебства. Помні-ж усе мае парады! З цягам часу я дам табе яшчэ і іншыя парады, калі ты паведаміш мне, у якім становішчы знаходзяцца твае справы.

— Сен’ёр, — адказаў Санчо, — міласць ваша гаварыла мне рэчы добрыя і карысныя, але я ніводнай не запомню. Вы павінны будзеце даць мне іх пісьмова. Хаця я ні чытаць ні пісаць не ўмею, але я дам іх свайму духаўніку, каб ён іх паўтарыў мне, калі гэта будзе патрэбна.

— Гэта дрэнна! — сказаў Дон-Кіхот. — Не да твару губернатару не ўмець ні чытаць, ні пісаць. Калі чалавек не ўмее чытаць, даводзіцца здагадвацца, што на яго не маглі мець уплыву ні добры прыклад, ні добрае навучанне. Непісьменнасць — вялікі ў табе недахоп. Ты, прынамсі, навучыўся-б хоць падпісваць сваё імя.

— Гэта я ўмею, — сказаў Санчо, — але ў крайнім выпадку я прыкінуся, нібы ў мяне правая рука пакалечана і прымушу другога падпісваць за сябе. Супроць усяго ёсць сродак, апрача смерці; няхай сабе ідуць да мяне і пагуляюць у хованкі; яны прыдуць стрыгчы, а вернуцца стрыжанымі, бо — зрабіцеся мёдам, і вас з’ядуць мухі. Колькі ты маеш, столькі ты і каштуеш, казала адна мая бабуля; і не адпомсціць табе таму, у каго сядзіба.

— О, будзь ты прокляты, Санчо! — раззлаваўся Дон-Кіхот. — Няхай забяруць цябе шэсцьдзесят тысяч д’яблаў, і цябе і твае прыказкі! Цэлую гадзіну ты іх нанізваў. Упэўніваю цябе, што гэтыя прыказкі калі-небудзь давядуць цябе да шыбеніцы. Скажы мне, невук, дзе ты іх знаходзіш, або як ты іх прыстасоўваеш, вар’ят! Я, каб прывесці адну прыказку і сказаць яе дарэчы, напружваюся і пацею, нібы зямлю капаю.

— Сен’ёр, — сказаў Санчо, — ваша міласць непакоіцца з-за глупства. Якім д’яблам перашкаджаю я, калі карыстаюся сваім багаццем? Ніякай другой маёмасці ў мяне няма — адны толькі прыказкі. Якраз цяпер у галаву мне прышлі дзве, якія падыходзяць сюды, як нельга лепш.

— Хацеў-бы я ведаць, — сказаў Дон-Кіхот, — якія гэта прыказкі прышлі табе ў галаву.

— Першая, — сказаў Санчо, — „не кладзі пальца між двума зубамі мудрасці“, а другая: „Ударыцца гладыш аб камень, або камень аб гладыш — будзе дрэнна гладышу“. Усё гэта зусім добрыя прыказкі, бо нікому не варта цягацца з губернатарам. Інакш будзе дрэнна, як таму, хто кладзе палец у рот між двума зубамі мудрасці. Тое самае мае дачыненне і да гладыша. Той, хто бачыць спіцу ў чужым воку, няхай лепш бачыць бервяно ў сваім воку, каб нельга было сказаць: „Мёртвая спалохалася абязглаўленай“; дурны ведае больш у сваім доме, як разумны ў чужым.

— Ну, не, Санчо, — сказаў Дон-Кіхот, — дурны ні ў сваім, ні ў чужым доме нічога не ведае з той прычыны, што на падмурку глупства нельга пабудаваць будынку розуму. Покуль пакінем усё гэта, Санчо, бо, калі ты будзеш дрэнна губернатарстваваць, віна будзе твая, а сорам — мой. А цяпер пойдзем абедаць, бо я думаю, што герцаг і герцагіня ўжо чакаюць нас.


РАЗДЗЕЛ XXXVII
Пра тое, як Санчо Панса паехаў на губернатарства, і пра дзіўную прыгоду Дон-Кіхота з кошкамі і званочкамі

Працягваючы свае жарты з Санчо, герцаг і герцагіня ў той-жа вечар паслалі яго з вялікай світай у мястэчка, якое для яго павінна быць востравам. Сядзеў ён вярхом на муле, апрануты ў судзейскую вопратку, а за ім, па загаду герцага, ішоў Шэры з бліскучым уючным сядлом і шаўковай збруяй. Развітваючыся з герцагам і герцегіняй, ён пацалаваў у іх рукі і атрымаў блаславенне ў свайго пана. Толькі Санчо паехаў, як Дон-Кіхот адчуў сваю адзіноту, і яму зрабілася вельмі сумна.

Павячэраўшы, Дон-Кіхот пайшоў да сябе ў пакой адзін, не згадзіўшыся, каб хто-небудзь увайшоў прыслугоўваць яму. Ён зачыніў за сабою дзверы і раздзеўся пры святле двух васкавых свечак; здымаючы шкарпэткі, ён з глыбокім жалем знайшоў на адной з іх нямалую дзірку. Нарэшце ён лёг у пасцель сумны і задумлівы з прычыны непапраўнага няшчасця з яго шкарпэткамі. Ён пагасіў свечку, але было горача, і ён не мог заснуць. Падняўшыся з пасцелі, Дон-Кіхот адчыніў крыху зарашочанае акно, выходзіўшае ў прыгожы сад. Адчыняючы яго, ён пачуў, што ў садзе ходзяць людзі і гутараць. Адна дзяўчына сказала:

— Не прасі, Эмерэнсія, каб я пачала спяваць. З той хвіліны, як гэты чужаземец з’явіўся ў замак, я магу толькі плакаць. Апрача таго я баюся сваім спевам разбудзіць герцагіню.

— Не бойся, Алтысідора, — адказалі ёй, — бо герцагіня і ўсе ў доме цяпер ужо спяць, выключаючы толькі ўладара твайго сэрца. Я зараз чула, што ён адчыніў зарашочанае акно сваё: значыць, ён не спіць.

— Не, я баюся, — зноў сказала Алтысідора, — каб мой спеў Не агаліў майго сэрца. Але няхай будзе што будзе: лепш чырвань сораму на твары, як рана ў сэрцы!

Пачуўшы гэта, Дон-Кіхот быў здзіўлены, бо не было сумнення ў тым, што якая-небудзь з дзяўчат герцагіні закахалася ў яго.

Даручыўшы сябе ўсім сэрцам сваім сен’ёры Дульсінеі Табоскай, ён парашыў слухаць музыку і нават чхнуў, каб яны пачулі. Гэта вельмі ўзрадавала дзяўчат, бо яны хацелі, каб іх пачуў Дон-Кіхот.

Наладзіўшы і настроіўшы арфу, Алтысідора запела раманс, у якім, між іншым, быў і такі куплет:

Шукаў ты свае прыгоды, —
Знайшоў ты чужыя пакуты!
Параніў ты сэрца, а лекі
Хворай ты даць не хочаш.

Дон-Кіхот праслухаў раманс і, глыбока ўздыхнуўшы, падумаў: „Які я няшчасны вандроўны рыцар: ні адна дзяўчына не можа глянуць на мяне, каб не закахацца. Які горкі лёс непараўнальнай Дульсінеі, якой не хочуць даць спакойна мець асалоду з маёй нечуванай вернасці. Але ўсё-адно: належаць толькі ёй і нікому больш — для гэтага прырода паслала мяне на свет!“

Ён зачыніў акно, і, нездаволены, нібы з ім здарылася якое-небудзь вялікае няшчасце, лёг у ложак. Але думкі, як блохі, не давалі яму ні на хвіліну ні заснуць, ні адпачыць; да гэтага далучыліся яшчэ клопаты пра шкарпэткі, якія адмаўляліся служыць яму. Варочаючыся з боку на бок, ён паспеў толькі троху задрамаць, як прышла раніца. Убачыўшы гэта, Дон-Кіхот жвава апрануўся ў замшавы свой убор і надзеў дарожныя боты, каб схаваць няшчасце са шкарпэткамі.

Потым ён урачыстай і важнай паходкай накіраваўся ў залу, дзе герцаг і герцагіня ўжо чакалі яго. Калі ён праходзіў цераз галерэю, там стаялі Алтысідора і яе сяброўка, знарок чакаючы яго. Як толькі Алтысідора ўбачыла Дон-Кіхота, яна зрабіла выгляд, нібы млее. Яе сяброўка падхапіла яе на рукі і пачала шпарка расшнуроўваць ёй вопратку.

Убачыўшы гэта, Дон-Кіхот падышоў да іх і сказаў:

— Я ўжо ведаю, якая прычына гэтых прыпадкаў.

— А я не ведаю, — адказала сяброўка Алтысідоры, — бо Алтысідора самая здаровая дзяўчына, і я ніколі не чула ад яе ніводнага „ах“. Няхай возьме пагібель усіх вандроўных рыцараў. Ідзіце, сен’ёр Дон-Кіхот, бо бедная дзяўчына не апамятаецца, покуль ваша міласць тут.

— Зрабіце так, сен’ёра, — адказаў на гэта Дон-Кіхот, — каб сёння ўначы мне ў пакой палажылі гітару, і я, наколькі змагу, заспакою гэтую пакрыўджаную дзяўчыну. Шпаркае расчараванне з’яўляецца ў пачатку кахання добра выпрабаваным сродкам!

З гэтымі словамі ён пайшоў, а Алтысідора, адразу апамятаўшыся, накіравалася разам з сяброўкай да герцагіні паведаміць ёй пра ўсё, што здарылася. Герцагіня вельмі ўзрадавалася гэтаму і парашыла яшчэ зрабіць рыцару жарт. Калі прышоў вечар, Дон-Кіхот знайшоў у сваім пакоі гітару. Ён настроіў яе, адчыніў акно і, прачысціўшы сабе горла, трохі сіплым, хаця і правільным голасам праспяваў раманс, які ён сам склаў і які пачынаўся такім чынам:

Часта магутнасць і сіла кахання
З завесы душу нам зрывае, —
Прыладай ёй служыць гультайства,
Час вольны ёй памагае.
Ёсць адна супроцьатрута
Ад любоўнага тамлення:
Шыць, вязаць, шукаць ў рабоце
І ў занятках выгаення.

Дон-Кіхот праспяваў яшчэ некалькі куплетаў накшталт гэтага, якія слухалі герцаг, герцагіня, Алтысідора і амаль усе слугі замка. Раптам з верхняй галерэі, якая знаходзілася над самым акном Дон-Кіхота, спусцілі вяроўку, на якой было прывешана больш сотні званкоў. Потым скінулі вялікі мяшок, напоўнены кошкамі, у якіх таксама да хвастоў былі прывязаны званкі. Звон і курняўканне рабілі такі страшэнны шум, што нават герцаг і герцагіня, якія выдумалі гэтую прыгоду, былі здзіўлены, а Дон-Кіхот нават быў ахоплены жахам. Тры кошкі ўскочылі праз акно ў пакой і пачалі бегаць тут, як цэлы легіён д’яблаў. Яны гасілі свечкі, гарэўшыя ў пакоі, і бегалі па ім, шукаючы сабе выйсця, Дон-Кіхот ўскочыў, падняў свой меч, пачаў сячы ім па акну і гучна крычаць:

— Вон, злосныя чараўнікі! Вон, зграя ведзьмакоў! Я — Дон-Кіхот Ламанчскі, супроць якога ўсе вашы злыя намеры не маюць моцы.

Потым, павярнуўшыся да кошак, якія бегалі па яго пакоі, ён пачаў біць іх мячом. Яны кінуліся да акна і дзве выскачылі з яго. Але трэцяя кошка, якую ўдары мяча Дон-Кіхота вельмі ўжо цяснілі, скокнула яму на твар і ўчапілася ў нос зубамі і кіпцюрамі да таго, што Дон-Кіхот ад болю закрычаў на ўсю сілу. Пачуўшы гэта, герцаг і герцагіня здагадаліся, у чым справа, і паспешна кінуліся да яго ў пакой. Адчыніўшы яго, яны ўбачылі, што бедны рыцар з усяе сілы змагаецца з кошкай, якая ўчапілася яму ў твар. Увайшоўшы ў пакой са свечкамі, яны ўбачылі няроўную бойку. Герцаг хацеў разняць іх, але Дон-Кіхот гучным голасам закрычаў:

— Няхай ніхто не адбірае яго ў мяне і няхай дадуць мне біцца кулакамі з гэтым злосным д’яблам і чараўніком! Я сам пакажу яму, хто такі Дон-Кіхот Ламанчскі!

А кошка, не звяртаючы ўвагі на гэтыя пагрозы, гырчэла і чаплялася за яго яшчэ мацней. Нарэшце герцаг адарваў яе і выкінуў за акно, а Дон-Кіхот астаўся з падрапаным тварам і з не зусім непашкоджаным носам. Ён быў раззлаваны, што яму не далі скончыць бойку, якую ён так няўхільна вёў з гэтым нягоднікам-чараўніком.

Дон-Кіхота адразу-ж палажылі на ложак і пачалі залечваць яму раны, якія зрабіў беднаму рыцару ўвесь гэты кашачы зброд з іхнімі званкамі і чараўніцтвам.

Гэтая дзіўная прыгода каштавала яму пяці дзён ляжання ў ложку, дзе з ім здарылася другая, больш прыемная прыгода. Тут мы яго і пакінем, бо нас кліча вялікі Санчо Панса, жадаючы ўступіць у сваё славутае губернатарства.


РАЗДЗЕЛ XXXVIII
Пра тое, як вялікі Санчо Панса ўступіў у валоданне сваім востравам і якім чынам ён пачаў там губернатарстваваць

Санчо Панса са ўсёй сваёй світай прыехаў у мястэчка з насельніцтвам каля тысячы жыхароў, — адно з самых значных мястэчак, належачых герцагу. Яму паведамілі, што яно завецца востравам Баратарыя. Калі ён пад’ехаў да варот абнесенага сценамі горада, яму насустрач вышаў увесь гарадскі совет, званілі ў званы, і жыхары праявілі ўсеагульную радасць. З некаторымі камічнымі цэрамоніямі перадалі яму ключы горада і прызналі яго нязменным губернатарам вострава Баратарыя. Калі Санчо пасадзілі на судзейскае крэсла, мажардом герцага сказаў яму:

— Сен’ёр губернатар, па старажытнаму звычаю той, хто ўступае ў валоданне славутым гэтым востравам, абавязаны даць адказ на пастаўленае яму запытанне.

У той час, як мажардом гаварыў гэта, у судовую залу ўвайшлі два чалавекі: адзін апрануты селянінам, а другі — краўцом.

Кравец сказаў:

— Сен’ёр губернатар! Я і гэты селянін прышлі да вашай міласці з наступнай прычыны. Гэты добры чалавек учора з’явіўся да мяне ў майстэрню і, даўшы мне кавалак сукна, запытаў, ці хопіць тут матэрыі, каб зрабіць з яе шапку. Памерыўшы сукно, я сказаў, што хопіць. Напэўна ён уявіў, што я хачу ўкрасці ў яго частку сукна, абгрунтоўваючы сваё падазрэнне на ўласнай злосці і на дрэннай думцы наогул аб краўцах. З гэтай прычыны ён сказаў мне, каб я добра паглядзеў, ці хопіць тут сукна на дзве шапкі. Адгадаўшы яго думкі, я адказаў, што хопіць. А ён, скачучы ўсё далей на сваёй праклятай здагадцы, патрабаваў усё болей шапак, і я згаджаўся з ім, покуль мы не дайшлі да пяці шапак. Цяпер ён прышоў па іх. Я хацеў аддаць іх яму, але ён не хоча плаціць за работу і нават патрабуе, каб я заплаціў яму за сукно.

— Ці так усё гэта? — запытаў Санчо ў селяніна.

— Так, сен’ёр, — адказаў ён, — але няхай міласць ваша загадае яму паказаць тыя пяць шапак, якія ён мне пашыў.

— Ахвотна, — сказаў кравец. — І адразу-ж, выняўшы з-пад плашча руку, ён паказаў пяць шапачак, надзетых на канцах пяці яго пальцаў, і сказаў:

— Вось тыя пяць шапак. Клянуся сумленнем маім, што ў мяне не засталося ні кавалачка яго сукна.

Усе прысутныя засмяяліся з такой дзіўнай цяжбы. Санчо крыху падумаў і сказаў:

— Такім чынам, вось прысуд мой: кравец траціць плату за работу, а селянін — сукно; шапкі-ж аддаюцца на карысць зняволеных у астрозе і — усёй справе канец.

Гэты прысуд абудзіў усеагульны смех, але загад губернатара быў прыведзены ў выкананне. Потым на суд да яго з’явіліся два старыя. Адзін трымаў у руках палку, а другі, не маючы нічога, сказаў:

— Сен’ёр, гэтаму добраму чалавеку я пазычыў многа часу назад дзесяць чырвонцаў золата з умовай, каб ён вярнуў мне грошы, калі я іх папрашу ў яго. Я не прасіў іх, але з той прычыны, што сам ён ніколькі не клапаціўся пра зварот даўга, я напамінаў яму пра яго некалькі разоў. Аднак ён не толькі не варочае мне грошай, але нават адмаўляецца ад свайго даўга і гаворыць, што ён ужо вярнуў мне іх. У мяне няма сведкаў таго, што я даваў яму грошы. Калі ён прысягае, што вярнуў іх мне, я гатовы дараваць яму доўг.

— Што вы адкажаце на гэта, стары з палкай? — запытаў Санчо.

— Я прызнаю, сен’ёр, — сказаў стары, — што ён пазычыў мне грошы, але раз ён патрабуе мае прысягі, я гатоў прысягнуць што сапраўды вярнуў яму яго грошы.

Стары з палкай перадаў яе другому старому, каб ён яе патрымаў, покуль ён прысягае, нібы яна яму перашкаджала. Потым ён прысягнуў у тым, што сапраўды вярнуў тые дзесяць чырвонцаў, якія цяпер у яго патрабуюць. Пачуўшы гэта, вялікі губернатар запытаў першага старога, што скажа ён на словы свайго праціўніка. Той адказаў, што, напэўна, даўжнік яго сказаў праўду, бо ён лічыць яго сумленным чалавекам. З гэтага часу ён ужо ніколі нічога не будзе з яго патрабаваць. Даўжнік узяў у пазыкадаўца сваю палку і вышаў з апушчанай галавой з суда. Санчо, убачыўшы ўсё гэта, задумаўся і праз некаторы час загадаў вярнуць старога з палкай. Яго вярнулі, а Санчо, убачыўшы яго, папрасіў даць яму палку, якую ён адразу-ж аддаў другому старому, сказаўшы:

— Ідзіце сабе з мірам. Цяпер вы атрымалі свае грошы.

— Атрымаў, сен’ёр, — запытаў стары, — але хіба гэта чаротавая палка каштуе дзесяць чырвонцаў?

— Так, — сказаў губернатар, — або я — самы вялікі дурань на свеце!

І ён загадаў тут-жа перад усімі пераламаць палку. Калі гэта зрабілі, унутры яе знайшлі дзесяць чырвонцаў золата.

Усе былі вельмі здзіўлены і палічылі свайго губернатара за новага Саламона. У яго запыталі, як ён даведаўся, што ў гэтай палцы схаваны дзесяць чырвонцаў. Ён адказаў, што стары перад прысягай аддаў свайму праціўніку палку, а потым прысягнуў, што ён сапраўды аддаў яму свой доўг. Тады і прышло Санчо ў галаву, што, напэўна, у палцы знаходзяцца грошы. Апрача таго, Санчо аднойчы чуў, як вясковы поп апавядаў пра падобны-ж выпадак, а ў яго такая добрая памяць, што, калі-б ён не забываў усяго таго, што хацеў-бы помніць, лепшай памяці не знайсці на ўсім востраве.

З суда Санчо павялі ў раскошны палац, дзе ў вялікай зале быў накрыты вельмі пекны стол. Толькі Санчо ўвайшоў у залу, як зайгралі габоі, і да яго падышлі чатыры пажы, каб падаць яму памыць рукі. Музыка сціхла, і Санчо сеў на канец стала, бо не было другога крэсла, а на ўсім стале не было другога прыбора. Поплеч з Санчо стаяў нейкі чалавек, які аказаўся потым доктарам. У руках у яго быў маленькі жэзл з кітавага вуса. Знялі дарагі белы абрус, якім былі накрыты фрукты і безліч блюдаў з рознай ежай, стаяўшай на стале. Паж надзеў на Санчо вышыты кружавамі нагруднік, другі паж падаў яму блюда з фруктамі. Але толькі Санчо праглынуў кавалак, як доктар з жэзлам датыкнуўся ім да блюда, якое адразу-ж аднеслі. Другога блюда Санчо нават не далі пакаштаваць, бо раней, як ён паспеў датыкнуцца да яго, маленькі жэзл ужо датыкнуўся да блюда, і яго прыбралі з той-жа паспешнасцю, як і блюда з фруктамі.

Убачыўшы гэта, Санчо здзівіўся і, глянуўшы на ўсіх прысутных у зале, запытаў, ці павінен ён абедаць, як фокуснік. На гэта чалавек з жэзлам адказаў яму:

— Вы, сен’ёр губернатар, павінны абедаць так, як губернатары. Я, сен’ёр, доктар і атрымліваю пенсію на гэтым востраве, каб быць доктарам пры губернатарах, аб здароўі якіх я клапачуся куды больш, як аб сваім уласным. Удзень і ўначы я вывучаю і даследую камплекцыю губернатара, каб змагчы вылечыць яго, калі ён захварэе. Я загадаў прыбраць блюда з фруктамі з той прычыны, што яно надзвычайна вільготнае, а блюда з іншай ежай я таксама загадаў прыбраць, бо гэтая ежа надзвычайна гарачая.

— У такім выпадку вось тое блюда з падсмажанай курапаткай не можа пашкодзіць мне!

— Курапатак сен’ёр губернатар не паспрабуе, покуль я жывы.

— Але чаму-ж?

— Таму, — адказаў доктар, — што настаўнік наш Гіпакрат, пуцяводная зорка і святло медыцыны, гаворыць: усякае перасычэнне шкодна, а больш за ўсё шкодна перасычэнне курапаткамі.

— Калі гэта так, — сказаў Санчо, — няхай-жа з усіх блюдаў, якія стаяць на стале, сен’ёр доктар пакажа на тыя, якія найбольш мне карысныя. Дайце мне іх есці, не датыкаючыся да іх вашай палачкай, бо, клянуся жыццём губернатара, я паміраю ад голаду.

— Вы праўду кажаце, сен’ёр губернатар, — адказаў доктар, — такім чынам, на маю думку, вашай міласці трэба цяпер з’есці сотню маленькіх бісквітных трубачак і некалькі тоненькіх скрылькоў айвы, — і тое і другое вельмі карысна для страўніка і садзейнічае траўленню.

Пачуўшы гэта, Санчо адкінуўся на спінку крэсла і, пільна гледзячы на доктара, запытаў у яго, як яго завуць і дзе ён вучыўся.

— Завуць мяне, сен’ёр губернатар, доктарам Педро Рэсіё: доктарскую-ж ступень я атрымаў ад Осунскага універсітэта.

На гэта Санчо гнеўна адказаў:

— Такім чынам, сен’ёр доктар Педро Рэсіё, які атрымаў вучоную ступень ад Осунскага універсітэта, вон адсюль, з воч далоў! Інакш, клянуся сонцам, я вазьму дубіну і так распраўлюся ёю са ўсімі дактарамі, пачынаючы з вас, што ў мяне ніводзін з іх не застанецца на ўсім востраве. І дайце мне што-небудзь паесці, не то бярыце назад ваша губернатарства, бо пасада, якая не корміць таго, хто займае яе, не варта і двух бабін.

Доктар спалохаўся, убачыўшы, да якой ступені раззлаваўся губернатар, і сабраўся пайсці з залы, але ў гэтую хвіліну пачуўся на вуліцы паштовы ражок. Выглянуўшы з акна, паж сказаў:

— Едзе пасланец ад сен’ёра герцага; ён вязе, напэўна, які-небудзь важны загад.

Ганец увайшоў у залу ўвесь у поце. Вынуўшы ліст з-за пазухі, ён перадаў яго ў рукі губернатара. Санчо-ж аддаў яго мажардому, якому загадаў прачытаць надпіс:

„Дону Санчо Панса — губернатару вострава Баратарыя — ва ўласныя рукі або ў рукі сакратара“.

— Пачуўшы гэта, Санчо запытаў:

— Хто-ж тут мой сакратар?

— Я, сен’ёр, — адказаў адзін з прысутных.

Новаспечаны сакратар, прачытаўшы па загаду Санчо ліст спачатку сам сабе, сказаў, што гутарка ў ім ідзе пра такую справу, аб якой трэба пагутарыць адзін-на-адзін з губернатарам. Санчо загадаў ачысціць залу так, каб у ёй засталіся толькі мажардом і адзін паж. Доктар і астатнія пайшлі, а сакратар прачытаў ліст, у якім гаварылася наступнае:

„Да майго ведама дайшло, сен’ёр дон Санчо Панса, што некаторыя ворагі гэтага вострава маюць намер зрабіць злосны на яго напад. Вам трэба быць пільным і на варце, каб не заспелі вас у распалох. Чатыры пераапранутыя чалавекі ўвайшлі ў горад, маючыя намер забіць вас, бо яны баяцца вашага выдатнага розуму. Прыглядайцеся да тых, хто з’явіцца гаварыць з вамі, і не ежце таго, што вам будуць прапанаваць. Я прыду да вас на помач, калі вы трапіце ў цяжкое становішча. Усё рабіце так, як гэта можна чакаць ад вашага розуму.

Ваш сябра герцаг“.

Санчо быў здзіўлены, і прысутныя таксама выказалі сваё здзіўленне. Але губернатар звярнуўся да мажардома з наступнымі словамі:

— Цяпер трэба безадкладна пасадзіць у астрог доктара Рэсіё, бо гэта ён мае на ўвазе забіць мяне самым пакутлівым спосабам — галоднай смерцю.

— Мне здаецца, — сказаў паж, — што вашай міласці ўсё-ж не варта было-б нічога есці з усяго, што настаўлена тут на стале.

— Не адмаўляю гэтага, — адказаў Санчо. — Няхай мне дадуць кавалак хлеба і фунты чатыры вінаграду, бо ў ім не можа быць атруты. Я не маю сілы цярпець больш голад. Калі вам трэба падрыхтавацца да боек, дык варта добра падмацаваць сябе ежай. Вы, сакратар, адкажыце герцагу, што ўсё, што ён загадвае, будзе дакладна выканана. Напішы яшчэ ад майго імя, што я цалую руку сен’ёры герцагіні і рукі майго пана сен’ёра Дон-Кіхота Ламанчскага. Як добры сакратар, вы можаце дадаць яшчэ ад сябе ўсё тое, што захочаце і што будзе здавацца вам дарэчы. А цяпер няхай прыбяруць гэтыя абрусы і дадуць мне паесці, а я ўжо спраўлюся са ўсімі шпіёнамі, забойцамі і чараўнікамі, колькі-б іх ні напала на мяне і на мой востраў.

У гэты час у пакой увайшоў паж і сказаў:

— Прышоў селянін, які хоча пагутарыць з вашай сен’ёрыяй аб справе вельмі важнай, як ён упэўнівае.

— Што за дзіўныя людзі, — здзівіўся Санчо, — усе гэтыя прасіцелі?! Хіба можна, каб яны былі такімі дурнымі і не маглі разумець, што ў такія гадзіны, як цяпер, не час займацца справамі? Ну, усё-адно, няхай ён увойдзе. Толькі даведайцеся спачатку, ці не са шпіёнаў ён і ці не з забойцаў маіх?

— Не, сен’ёр, — адказаў паж. — Ён здаецца крышталёвай душой.

— Ці нельга было-б, — запытаў Санчо, — цяпер, калі тут няма доктара Педро Рэсіё, атрымаць мне паесці што-небудзь грунтоўнае і больш сытнае, хаця-б кавалак хлеба або цыбуліну.

— Сёння ўвечары вячэра ўзнагародзіць вас за адсутвасць абеда, ваша светласць застанецца здаволенай, — сказаў паж, што загадваў абедам.

У гэты час увайшоў селянін з вельмі прыемным выглядам. За тысячу міль можна было ўбачыць, што ён вельмі добры чалавек.

Перш-на-перш ён запытаў:

— Хто тут сен’ёр губернатар?

— Хто-ж можа ім быць, — адказаў сакратар, — як не той, хто сядзіць там на крэсле!

— У такім выпадку схіляюся перад тварам яго, — сказаў селянін і, стаўшы на калені папрасіў у яго руку, каб пацалаваць яе.

Але Санчо не дапусціў да гэтага і загадаў яму падняцца і растлумачыць, што яму трэба.

— Я, сен’ёр, селянін родам з Мігель-Тура, — сказаў прасіцель. — Справа мая ў тым, што я быў жанаты, і ў мяне два сыны — студэнты; з іх малодшы рыхтуецца ў бакалаўры, старэйшы — у лісенсіяты. Цяпер — я ўдавец, бо жонка мая памерла або, больш правільна, яе забіў дрэнны доктар, а калі-б яна не памерла, дзіця яе было-б сынам, і ён рыхтаваўся-б у мяне на доктара, каб ён не мог зайздросціць сваім братам бакалаўру і лісенсіяту[17].

— Так што, — сказаў Санчо, — каб ваша жонка не памерла, або каб яе не забілі, вы цяпер не былі-б удаўцом?

— Так, сен’ёр, ніякім чынам не быў-бы ім, — адказаў селянін.

— Шпарка мы пасоўваемся! Ну, далей, браце! Цяпер час спаць, а не займацца справамі.

— Такім чынам, я кажу, што той мой сын, якому быць бакалаўрам, закахаўся ў нашым мястэчку ў дзяўчыну па імені Клара Перлерына, дачка Андрэса Перлерына, багацейшага земляроба. Кажучы па праўдзе, дзяўчына тая — нібы пэрл Усхода і, калі паглядзець на яе з правага боку, яна падобна да палявой кветкі. З левага яна ўжо не такая прыгожая, бо тут у яе нехапае вока, якое яна страціла ў час воспы. Хаця на твары ў яе многа вялікіх воспін, але тыя, якія яе кахаюць, кажуць, што гэта не воспіны, а могілкі, у якіх пахаваны душы яе прыхільнікаў. Яна такая чысцюля, што, баючыся запэцкаць сабе твар, трымае нос, як гаворыцца, паднятым угару; так і здаецца, нібы ён уцякае ад яе рата. Тым не менш яна надзвычайна прыгожая, бо рот у яе вельмі вялікі. Калі-б не недахоп дзесяці або дванаццаці пярэдніх і карэнных зубоў, гэты рот мог-бы лічыцца адным з самых прыгожых ратоў. Пра губы я нічога не магу сказаць, бо яны такія пяшчотныя і тонкія, што, калі-б было ў звычаі наматваць губы, з іх мог-бы выйсці вялікі клубок. А з той прычыны, што ў гэтых губ не такі колер, які бывае звычайна, яны здаюцца проста дзіўнымі, бо яны ўпрыгожаны блакітнымі, зялёнымі і фіялетавымі плямамі. Я так падрабязна апісваю яе якасці з той прычыны, што я да яе добра стаўлюся, і яна не здаецца мне непрыгожай.

— Апісвайце, як хочаце, — сказаў Санчо, — мне падабаецца выяўленчае мастацтва. Каб я паабедаў, для мяне было-б лепшага дэсерта, як намаляваны вамі такі жывапісны партрэт.

— Каб я мог апісаць пекнасць і высокі рост яе, вы-б яшчэ больш здзівіліся; але я не магу гэтага зрабіць, бо яна такая крывая і гарбатая, што калені падыходзяць у яе да падбародка. Але, каб яна выпрасталася, яе галава дасягнула-б столі.

— Ну, добра, — сказаў Санчо, — звярніце ўвагу, брат, што вы ўжо намалявалі яе з ног да галавы. Чаго-ж вы цяпер хочаце? Гаварыце, у чым справа, без балбатні і расцягвання.

— Я хацеў-бы, сен’ёр, — адказаў селянін, — каб ваша міласць дала мне рэкамендавальны ліст да бацькі маёй нявесткі, просячы яго, каб ён згадзіўся і каб гэтае вяселле адбылося. Мы-ж з ім роўныя і па дарах лёсу і па дарах прыроды, бо мой сын хварэе на падучую, і не праходзіць дня, каб тры або чатыры разы не мучылі яго прыпадкі.

— Ці не хочаце вы яшчэ чаго-небудзь, добры чалавек? — запытаў Санчо.

— Я хацеў-бы яшчэ аднаго, толькі не адважваюся сказаць. Але так і быць, сен’ёр: я хацеў-бы, каб ваша міласць дала мне трыста або шэсцьсот чырвонцаў у дапамогу да пасагу майму бакалаўру.

— Падумайце, ці не хочаце вы яшчэ чаго-небудзь, — сказаў Санчо, — і няхай не стрымліваюць вас выказаць гэта ні баязлівасць, ні сорам.

— Не, больш нічога, — адказаў селянін.

Але не паспеў ён скончыць гэтых слоў, як губернатар падняўся, схапіў абодвума рукамі крэсла, на якім сядзеў, і крыкнуў:

— Клянуся, дон цюхцей, грубы і неабцёсаны, што калі вы зараз-жа не пойдзеце адсюль і не схаваецеся з вачэй маіх, я праламлю вам галаву вось гэтым крэслам! Хітрун, мастак чортаў, ты ў такія гадзіны прыходзіш прасіць у мяне шэсцьсот чырвонцаў! Адкудь я іх вазьму, абібок? Ды калі-б я іх нават меў, навошта я даў-бы іх табе, ашуканец і дурань?! Скажыце мне, пракляты, яшчэ няма і паўтары сутак, як я губернатарствую, а ты ўжо ўяўляеш, што ў мяне ёсць шэсцьсот чырвонцаў!

Паж даў знак селяніну, каб ён пайшоў, і той вышаў з пакоя з апушчанай галавой, баючыся, каб губернатар не ажыццявіў свае пагрозы, бо хітрун вельмі добра сыграў сваю ролю.

Але пакінем Санчо з яго гневам і вернемся да Дон-Кіхота, пакінутага намі з забінтаваным тварам і занятага лячэннем кашачых ран, якія не загаіліся ў яго на працягу васьмі дзён.


РАЗДЗЕЛ XXXIX
Пра тое, што адбылося ў Дон-Кіхота з дон’яй Родрыгес, дуэн’яй герцагіні, а таксама і пра іншыя падзеі, заслугоўваючыя быць запісанымі і ўвекавечанымі

Надзвычайна нездаволеным быў цяжка паранены Дон-Кіхот з забінтаваным тварам, адзначаным кіпцюрамі кошкі. Шэсць дзён праляжаў ён, нікому не паказваючыся. Аднойчы ўначы, калі ён ляжаў з адкрытымі вачыма, думаючы пра свае няшчасці, ён пачуў, што дзверы яго пакоя адчыніліся, я падняўся на пасцелі на ўвесь свой рост, з ног да галавы захутаны ў коўдру з жоўтага атласу. На галаве ў яго быў вялікі начны каўпак, твар і вусы забінтаваныя, — твар з-за кашачага драпання, а вусы — каб не растрапаліся і не абвіслі.

У гэтай баявой позе заспела яго ўвайшоўшая ў пакой шаноўная дуэн’я з белай вуаллю, пакрываўшай яе з ног да галавы. У левай руцэ яна трымала запаленую свечку, а правай рукой прыкрывала ад святла свае вочы, і без таго абароненыя вельмі вялікімі акулярамі. Ішла яна ціха, асцярожна перасоўваючы ногі. Дон-Кіхот сачыў за ёю са сваёй вартавой вышкі. Убачыўшы яе, ён падумаў, што якая-небудзь вядзьмарка або чараўніца ідзе рабіць з ім злую справу. Але калі рыцар спалохаўся, убачыўшы гэтую фігуру, дык і фігура была ахоплена жахам, убачыўшы яго.

— Што гэта я бачу? — гучна крыкнула дунэ’я і ад спалоху выпусціла з рук свечку. Апынуўшыся ў цемры, яна павярнулася, каб уцячы, але ад спалоху заблыталася ў спадніцы і павалілася на падлогу.

— Заклінаю цябе, здань, адкрыйся мне, хто ты і што табе ад мяне патрэбна?

Збянтэжаная дуэн’я, пачуўшы, што яе заклінаюць, па свайму спалоху здагадалася пра спалох Дон-Кіхота і адказала ціхім і сумным голасам:

— Сен’ёр Дон-Кіхот, я не здань, я дон’я Родрыгес і прышла да вас за дапамогай. Але пачакайце мяне крыху, міласць ваша, я пайду запалю свечку і вярнуся расказаць пра мае крыўды вам, збавіцелю ад усіх крыўд на свеце.

Хутка дуэн’я вярнулася, і Дон-Кіхот лёг на свой ложак, а сен’ёра Родрыгес села на крэсла, не здымаючы сваіх акуляраў і не выпускаючы з рук свечкі. Пасля таго, як абодва яны заспакоіліся, першым спыніў маўчанку Дон-Кіхот, які сказаў:

— Цяпер, сен’ёра дон’я Родрыгес, вы можаце выкласці мне ўсё, чым напоўнена пакрыўджанае ваша сэрца.

— Справа ў тым, сен’ёр Дон-Кіхот, — пачала дуэн’я, — што, хаця вы бачыце мяне ў вопратцы бездапаможнай дуэн’і, я родам з горнай мясцовасці Овіедо і паходжу з самай славутай сям’і ў той мясцовасці. З-за няшчаснага лёсу свайго я павінна была выехаць адтуль, і тут бацькі мае пакінулі мяне ў якасці пакаёўкі ў адной знатнай сен’ёры, а самі вярнуліся да сябе на радзіму, дзе і памерлі. Праз некалькі год вышла я замуж за аднаго шаноўнага зброеносца. Ад гэтага шлюбу ў нас нарадзілася дачка, хутка пасля чаго муж мой памёр ад спалоху, які з ім здарыўся.

Я засталася бездапаможнай удавой, маючы на руках дачку, прыгожасць якой расла, як пена марская. З той прычыны, што я карысталася славай вельмі добрай белашвейкі, герцагіня, нядаўна перад гэтым вышаўшая замуж за герцага, захацела ўзяць мяне разам з дачкою ў каралеўства Арагонію. Тут у маю дачку закахаўся сын багатага землеўласніка, які жыве ў адной з вёсак герцага, зусім недалёка адсюль. Ён так моцна закахаўся ў маю дачку, што і яна закахалася ў яго. Але ён к гэтаму часу пакінуў кахаць яе, і хаця раней абяцаў на ёй ажаніцца, але цяпер адмаўляецца. Герцаг ведае гэта, бо я некалькі разоў скардзілася яму і прасіла яго загадаць таму земляробу ажаніцца з маёй дачкой. Але герцаг глухі да маіх просьбаў, бо бацька ашуканца надзвычайна багаты і пазычае герцагу грошы. З гэтай прычыны герцаг і не хоча раздражняць яго. Вось я і хацёла-б, каб ваша міласць узялася паправіць гэтую бяду шляхам просьбы або шляхам зброі. Ваша-ж міласць нарадзілася для таго, каб помсціць за крыўды і абараняць няшчасных. Клянуся сумленнем, з усіх дзяўчат, што жывуць у маёй сен’ёры герцагіні, няма ніводнай, якая была-б

варта падэшвы маёй дачкі. Не ўсё тое золата, што блішчыць, нават мая сен’ёра герцагіня… Але я лепш змоўчу, бо і сцены маюць вушы.

— Што такое з сен’ёрай герцагіняй? Прашу вас, скажыце, сен’ёра, — пачаў прасіць яе Дон-Кіхот.

Але толькі ён сказаў гэтыя словы, як дзверы ў яго пакой з шумам расчыніліся. Нечаканы стук гэты да таго спалохаў дон’ю Родрыгес, што ў яе з рук пала свечка, і ў пакоі зноў зрабілася цёмна, як у воўчай зяпе. Адразу-ж бедная дуэн’я адчула, што дзве рукі схапілі яе так моцна за горла, што яна не магла і пікнуць. У гэты час нехта, не кажучы ні слова, пачаў пантопляй біць яе. Хаця Дон-Кіхот і адчуваў жаласць, але не шавальнуўся на сваім ложку, не ведаючы, што гэта такое, і баючыся, каб і да яго не дайшла чарга гэтай экзекуцыі.

Баязлівасць яго была не без падставы, бо, пакінуўшы пабітую ўшчэнт дуэн’ю, маўклівыя каты падышлі да Дон-Кіхота. Зняўшы з яго коўдру і посцілкі, яны пачалі так моцна і балюча шчыпаць яго, што ён быў прымушаны абараняцца ўдарамі кулакоў.

Усё гэта адбывалася ў дзіўнай маўклівасці. Бойка працягвалася амаль поўгадзіны; потым здані зніклі, а дон’я Родрыгес, аплакваючы сваё няшчасце, вышла з дзвярэй, не сказаўшы ні слова Дон-Кіхоту. Апошні-ж, увесь пашчыпаны, адчуваючы боль ва ўсім целе, замяшаны і задумлівы, астаўся ў сваім пакоі адзін. Мы там яго і пакінем у здагадках даведацца, хто быў той злы чараўнік, які прывёў яго ў такое становішча. Але гэта будзе сказана ў свой час, цяпер-жа Санчо кліча нас да сябе, і мы паспяшаемся да яго.


РАЗДЗЕЛ XL
Пра тое, што здарылася з Санчо Панса ў час абыходу вострава

Мы пакінулі вялікага губернатара, раззлаванага і разгневанага на селяніна, навучанага мажардомам. Але ўсё-такі Санчо адважна трымаўся супроць усіх, не гледзячы на сваю прастату, грубасць і невуцтва. Усім, хто застаўся з ім, і доктару Педро Рэсіё, які зноў вярнуўся ў залу, ён сказаў:

— Цяпер я сапраўды разумею, што суддзі і губернатары павінны быць з бронзы, каб не адчуваць дакукі прасіцеляў, якія клапоцяцца толькі пра сваю справу. Суддзі-ж таксама людзі з мяса і касцей і павінны даць прыродзе тое, што яна патрабуе ад іх. Гэта толькі мне не даюць нічога есці, дзякуючы сен’ёру доктару Педро Рэсіё, які хоча, каб я памёр з голаду.

Пасля гэтага доктар урачыста абяцаў даць яму павячэраць увечары. Нарэшце прышоў жаданы час, калі далі на вячэру мяса з цыбуляй і вараныя цялячыя ногі. Санчо накінуўся на ўсё з вялікім здавальненнем і сказаў, звяртаючыся да доктара:

— Сен’ёр доктар, з гэтага часу не клапаціцеся даваць мне есці ўсялякія прысмакі, бо гэта азначала-б зрываць з завесы мой страўнік, які прывык да простага харчу. Няхай паклапоцяцца пра маё харчаванне і харчаванне майго Шэрага, бо гэта — самае галоўнае. Калі прыдзе час, я зраблю абыход, бо я мяркую ачысціць гэты востраў ад усялякага людскога бруду і ад розных валацуг, гультаёў і бяспутных людзей. Правільна кажу я або балбачу глупства?

— Ваша міласць гаворыць да такой ступені разумна, сен’ёр губернатар, — адказаў мажардом, — што я проста здзіўлены.

Нарэшце Санчо скончыў сваю вячэру і, калі прышоў вечар, ён накіраваўся ў абыход разам з мажардомам, сакратаром, пажам, летапісцам, на абавязку якога ляжала запісваць усе яго ўчынкі, і са столькімі альгасіламі[18] і актуарыусамі, што з іх можна было-б скласці сярэдняга памеру батальён. Прайшоўшы некалькі вуліц, яны пачулі лязг нажоў і, паспяшыўшы да таго месца, убачылі, што б’юцца два чалавекі.

Убачыўшы дазорцаў парадку, тыя пакінулі біцца, і адзін з іх крыкнуў:

— Сюды, у імя караля! Хіба дазволена, каб у гэтым горадзе рабавалі народ і нападалі на людзей!

— Заспакойцеся, добры чалавек! — сказаў Санчо. — Паведаміце прычыну гэтай сваркі, бо я — губернатар і разгледжу вашу справу.

— Сен’ёр губернатар, — сказаў другі, — я растлумачу вам усё як мага карацей. Гэты дваранін толькі што выйграў у ігральным доме больш тысячы рэалаў — якім спосабам, аднаму чорту вядома. Я прысутнічаў пры яго гульні і ў некалькіх нячыстых выпадках схіляў рашэнне справы ў яго карысць супроць майго сумлення. Я чакаў, што ён дасць мне за гэта, прынамсі, які-небудзь залаты, але ён паклаў у кішэнь свае грошы і вышаў з ігральнага дома. Я пайшоў за ім, раззлаваны, і ветліва папрасіў яго даць мне хоць восем рэалаў, бо я чалавек шаноўны і не маю ні пасады, ні прафесіі, а хітрун гэты, злодзей і ашукавец, не захацеў даць мне больш як чатыры рэалы, — так мала ў яго сораму і сумлення. Каб міласць ваша не падаспела, я прымусіў-бы яго аддаць увесь выйгрыш, і ён даведаўся-б, наколькі вага перавешвала.

— Што вы на гэта скажаце? — звярнуўся тады губернатар Санчо да другога.

Другі адказаў, што ўсё сказанае яго праціўнікам правільна. Але, з другога боку, тыя, што чакаюць узнагароды за такія паслугі, павінны быць ветлівымі і прымаць тое, што ім даюць, а не пачынаць спрэчку. Лепшым доказам таго, што ён чалавек сумленны, а не злодзей, як гаворыць яго праціўнік, служыць менавіта тая абставіна, што ён не захацеў яму нічога даць, бо шулеры заўсёды ў такіх выпадках даюць хабар.

— Гэта правільна, — пацвердзіў мажардом, вырашайце, міласць ваша, сен’ёр губернатар, што нам рабіць з гэтымі людзьмі?

— Трэба зрабіць вось што, — сказаў Санчо. — Вы, выйграўшы, сумленна або несумленна, зараз-жа дайце гэтаму чалавеку сто рэалаў, Апрача таго, афяруйце яшчэ трыццаць рэалаў для бедных зняволеных у астрозе. А вы, у якога няма ні заняткаў, ні прафесіі і які па-гультайску праводзіць час на гэтым востраве, зараз-жа бярыце сто рэалаў і заўтра на працягу дня знікніце з гэтага вострава ў дзесяцігадовае выгнанне, памятаючы, што калі вы вернецеся сюды раней тэрміну, то дакончыце яго на тым свеце, бо я павешу вас на шыбеніцы, або, прынамсі, кат зробіць гэта па майму загаду.

Адзін аддаў грошы, другі паклаў іх у кішэню і паабяцаў пакінуць востраў, а першы накіраваўся дахаты.

— Я знішчу гэтыя ігральныя дамы, — сказаў губернатар, — бо мне здаецца, што яны прыносяць вялікую шкоду.

Яны пайшлі далей і сустрэлі двух вартавых, якія вялі затрыманага імі чалавека і сказалі:

— Сен’ёр губернатар, — вось гэты чалавек не мужчына, а жанчына, пераапранутая ў мужчынскую вопратку.

Падняўшы вышэй два ліхтары, пры святле іх яны ўбачылі твар дзяўчыны год каля шаснаццаці. Валасы яе былі сабраны ў сетку з золата і зялёнага шоўку, прыгожую, як тысячы пэрлаў. Яны аглядзелі яе з галавы да ног. Дзяўчына спадабалася ўсім, але ніхто не ведаў яе. Санчо быў здзіўлены яе прыгожасцю і запытаў у яе, хто яна, куды ішла і чаму пераапранулася ў мужчынскую вопратку?

Апусціўшы вочы на зямлю і саромячыся, дзяўчына адказала:

— Не магу сказаць, сен’ёр, уголас тое, што для мяне так важна трымаць у тайне. Магу сказаць толькі, што ч не зладзейка і не злачынніца, а няшчасная дзяўчына, якую гора прымусіла парушыць прыстойнасць, якую патрабуе скромнасць.

Губернатар загадаў усім адыйсці, за выключэннем мажардома, пажа і сакратара. Убачыўшы, што яны адны, дзяўчына сказала:

— Сен’ёры, я дачка Педро Перэса, адкупшчыка воўны ў гэтым сяле, які часта бывае ў доме майго бацькі.

— Гэта не выйдзе, сен’ёра! — сказаў мажардом. — Я вельмі добра ведаю Педро Перэса. У яго няма дзяцей. Да таго-ж вы гаворыце, што ён — ваш бацька, і адразу-ж дадаеце, што ён часта бывае ў доме вашага бацькі.

— І я таксама гэта заўважыў, — сказаў Санчо.

— Вось што, сен’ёры, я ў замяшанасці не ведаю, што кажу, — адказала дзяўчына. — Скажу праўду. Я — дачка Дыего дэ-ля-Лана, якога вы, сен’ёры, напэўна ведаеце.

— Вось гэта падыходзіць, — адказаў мажардом, — бо я ведаю Дыего дэ-ля-Лана, знатнага і багатага ідальго, у якога ёсць сын і дачка. Пасля таго, як ён аўдавеў, ніводзін чалавек ва ўсім мястэчку не бачыў твара яго дачкі, бо ён трымае яе пад замком. Кажуць, што яна надзвычайна прыгожая.

— Усё гэта правільна, — адказала дзяўчына. — Я — яго дачка. Ці праўду гавораць пра маю прыгожасць гэта, сен’ёры, вы ўжо маглі ўбачыць. — І, сказаўшы гэта, яна пачала горка плакаць.

Санчо пачаў заспакойваць яе, як умеў, і папрасіў расказаць усё, што з ёю здарылася, абяцаючы памагчы ёй усімі мажлівымі сродкамі.

— Справа ў тым, сен’ёры, — адказала яна, — што мой бацька трымаў мяне пад замком дзесяць год. За ўсе гэтыя гады я не бачыла ніводнага чалавека, за выключэннем майго бацькі, брата і арандатара Педро Перэса. З гэтай прычыны я і сказала, нібыта ён мой бацька, каб не назваць імя сапраўднага майго бацькі. Гэтае зняволенне прыводзіла мяне ў роспач, і я пачала ўпрашаць майго брата… — Тут яна зноў горка заплакала.

Мажардом сказаў ёй:

— Кажыце далей, міласць ваша, сен’ёра, бо вашы словы і слёзы трымаюць нас усіх у неўразуменні.

— Няшчасце маё ў тым, — сказала дзяўчына, схіляючы твар, — што я папрасіла майго брата апрануць мяне у мужчынскую вопратку і ўначы, калі бацька наш будзе спаць, узяць мяне з сабою паглядзець горад. Пераможаны маімі ўпрашваннямі, ён выканаў маё жаданне і, адзеўшы мяне ў гэты гарнітур, сам прыбраўся ў маю сукенку. Сёння ўначы, каля гадзіны таму назад, мы вышлі з дома і абышлі ўвесь горад. Толькі што збіраліся мы вярнуцца дахаты, як убачылі, што насустрач нам ідзе натоўп людзей, і брат мой сказаў: „Сястра, гэта, напэўна, абыход; бяжы за мной з усяе сілы, бо, калі нас апазнаюць, нам будзе дрэнна!“ Кажучы гэта, ён кінуўся ўцякаць. Я-ж, менш як праз шэсць крокаў, павалілася ад спалоху. Тады падышоў слуга правасуддзя, які прывёў мяне сюды, міласці вашы. Цяпер я, нібы дурная, стаю засаромленая перад столькімі людзьмі.

— Такім чынам, сен’ёра, — сказаў Санчо, — з вамі не здарылася ніякага другога няшчасця?

— Нічога другога са мной не здарылася.

Справядлівасць раскайвання дзяўчыны была канчаткова падверджана з’яўленнем двух вартавых, якія прывялі яе брата, апранутага ў жаночую вопратку.

Ён збянтэжаны і засаромлены, расказаў тое-ж самае, што і яго сястра.

— Ну, добра, — сказаў Санчо, — пойдзем, мы праводзім вас да дома вашага бацькі; можа ён яшчэ нічога не ведае. Ад гэтага часу не будзьце такімі дзяцьмі. Добрая дзяўчына, як з паламанай нагой, сядзіць дома. Жанчына і курыца, калі па свеце ходзіць, многа сабе шкодзіць; а тая, якая імкнецца бачыць, імкнецца таксама, каб і яе бачылі — больш нічога ве скажу!

Юнак падзякаваў губернатара, ўсе накіраваліся да іхняга дома. Дайшоўшы да свайго дома, юнак кінуў у акно каменьчык. Зараз-жа да іх сыйшла ўніз дзяўчына, чакаўшая іх, і адчыніла ім дзверы. Яны развіталіся са сваімі праважатымі і пайшлі. Сэрца пажа было працята, і ён парашыў на наступны дзень ісці прасіць рукі дзяўчыны ў яе бацькі. Санчо-ж займеў жаданне ажаніць гэтага юнака са сваёй дачкой Санчыкай і парашыў своечасова пачаць перамовы пра гэта, мяркуючы, што дачка губернатара можа абраць сабе якога захоча мужа.

На гэтым скончыўся абыход у тую ноч, а праз два дні скончылася і губернатарства Санчо, дзякуючы чаму ўсе яго планы былі расстроены, як мы гэта і ўбачым далей.


РАЗДЗЕЛ XLI,
у якім адкрываюцца чараўнікі, пабіўшыя дуэн’ю і падрапаўшыя Дон-Кіхота, а таксама апавядаецца, што здарылася з пажам, які завёз лісты да жонкі Санчо Панса

Калі дуэн’я Родрыгес вышла з спальні, каб ісці ў пакой Дон-Кіхота, другая дуэн’я, спаўшая з ёю разам, пачула гэта. Усе дуэн’і надзвычайна цікаўлівыя; з гэтай прычыны другая дуэн’я пайшла за ёю ўслед так ціха, што першая не прыкмеціла гэтага. Калі дуэн’я Родрыгес увайшла ў пакой Дон-Кіхота, яе сяброўка адразу-ж накіравалася да сен’ёры герцагіні давесці да яе ведама, што дон’я Родрыгес знаходзіцца ў спальні рыцара. Герцагіня разам з Алтысідорай моўчкі і з вялікай асцярожнасцю дайшлі да пакоя Дон-Кіхота і пачалі падслухоўваць, што там гаварылася. Калі герцагіня пачула, што дон’я Родрыгес збіраецца пачаць плёткі пра яе Дон-Кіхоту, яна не магла гэтага сцярпець. Раззлаваная, яна разам з Алтысідорай уварвалася ў пакой і аддзякавала дуэн’ю, а заадно і Дон-Кіхота так, як пра гэта ўжо было расказана.

На наступны дзень герцагіня паслала пажа, — таго самага, які граў ролю Дульсінеі ў хітрай справе зняцця з яе чар, — Тэрэсы Панса з лістом яе мужа і яшчэ другім лістом ад самой герцагіні, дадаўшы да яго ў падарунак Тэрэсе вялікую нітку дарагіх каралаў.

Паж гэты быў вельмі разумны і здагадлівы. Прыехаўшы ў вёску Санчо, ён запытаўся ў адной сустрэчнай дзяўчыны, дзе жыве Тэрэса Панса. Дзяўчына адказала, што гэта — яе маці, і прапанавала праводзіць яго да свае хаты. Яны накіраваліся разам і, яшчэ не дайшоўшы да хаты, дзяўчына крыкнула ля дзвярэй:

— Выходзь, мама Тэрэса, выходзь. Тут прыехаў сен’ёр, які прывёз лісты і іншыя рэчы ад майго добрага бацькі.

На яе кліч вышла Тэрэса Панса з кудзелькай лёну ў руках, якую яна прала. Яна не была вельмі старою. Хаця ёй здавалася за сорак год, але яна была свежая і моцная. Убачыўшы дачку і з ёю пажа вярхом на кані, яна запытала:

— Што гэта такое, дзіця? Хто гэты сен’ёр?

— Слуга сен’ёры дон’і Тэрэсы Панса, — адказаў паж.

Сказаўшы гэта, ён шпарка саскочыў з каня і з пакорнасцю апусціўся на калені перад сен’ёрай Тэрэсай, дадаўшы:

— Дайце мне вашы рукі, міласць ваша, дон’я Тэрэса, жонка сен’ёра дона Санчо Панса, сапраўднага губернатара вострава Баратарыі!

— Ах, сен’ёр мой, не рабіце гэтага, падыміцеся з кален, — сказала Тэрэса. — Я не дама з палаца, а бедная сялянка, дачка селяніна-батрака і жонка вандроўнага зброеносца, а зусім не губернатара.

— Ваша міласць, — адказаў паж, — дастойнейшая жонка архідастойнейшага губернатара! У доказ гэтай ісціны атрымайце, міласць ваша, гэты ліст і гэты падарунак.

Тут ён выняў з кішэні нітку каралаў з залатымі кручкамі і надзеў ёй на шыю, кажучы:

— Вось гэты ліст — ад сен’ёра губернатара, а другі ліст і гэтыя каралы — ад маёй сен’ёры герцагіні, паслаўшай мяне да вашай міласці.

Тэрэса стаяла ашаломленая, і не менш таго дачка яе; нарэшце дзяўчынка сказала:

— Няхай заб’юць мяне, калі наш пан Дон-Кіхот не замешаны ў гэтую справу.

— Зусім правільна, — адказаў паж. — З павагі да сен’ёра Дон-Кіхота сен’ёр Санчо ў цяперашні час губернатар вострава Баратарыя, як вы ўбачыце з гэтага ліста.

— Прачытайце мне яго, сен’ёр дваранін, — сказала Тэрэса, — бо чытаць я зусім не ўмею.

Ён прачытаў ім ліст Санчо, а потым і ліст герцагіні, у якім было наступнае:

„Дарагая Тэрэса! Добрыя якасці вашага мужа Санчо прымусілі мяне прасіць майго мужа, каб ён даў яму губернатарства на адным востраве. У мяне ёсць весткі, што ён добра губернатарствуе, чым я вельмі здаволена. Разам з тым пасылаю вам, дарагая мая, нітку каралаў з залатымі кручкамі. Прыдзе час, калі мы пазнаёмімся і будзем гутарыць адна з адной. Наогул усё можа здарыцца! Кланяйцеся ад мяне вашай дачцы Санчыцы. Скажыце ёй ад майго імя, каб яна была напагатове, бо я маю намер выдаць яе замуж за чалавека знатнага, калі яна менш за ўсё будзе чакаць гэтага. Мне казалі, што ў вашай вёсцы ёсць вялікія тлустыя жалуды. Прышліце іх мне тузіны са дзве; і я буду вельмі цаніць іх за тое, што яны ад вас. Калі вам што-небудзь будзе патрэбна, трэба толькі адкрыць рот, і адразу-ж усё будзе выканана. Покуль астаюся вашым сябрам, які вельмі вас кахае.

Герцагіня

— Ах, — сказала Тэрэса, праслухаўшы ліст, — якая добрая і ласкавая сен’ёра! Гэта не тое, што жонкі ідальго нашай мясцовасці, якія ўяўляюць, што вецер не павінен да іх датыкнуцца. Яны лічаць за загану глянуць на сялянку. Што-ж тычыцца жалудоў, сен’ёр мой, я пашлю іх яе светласці гарнец і такіх буйных, што могуць прыходзіць на іх глядзець, як на цуд. Цяпер-жа, Санчыка, пачастуй добрага гэтага сен’ёра. А я тым часам пайду расказаць маім суседкам пра нашу радасць, а таксама папу і цырульніку маэсе Ніколасу, якія былі такімі сябрамі твайго бацькі.

— Я ўсё зраблю, маці, — адказала Санчыка, — але вы павінны даць мне палову гэтай ніткі каралаў. Я не лічу маю сен’ёру герцагіню такой бязглуздай, каб яна адной вам паслала гэтую нітку.

— Уся яна будзе тваёй, дачка. Толькі дай мне панасіць яе некалькі дзён, бо яна радуе маё сэрца.

— Вы ўзрадуецеся, таксама, — сказаў паж, — калі ўбачыце вузел, які ў мяне тут у ручным чамаданчыку: у ім вопратка самага тонкага сукна, якую губернатар толькі раз надзяваў на паляванне і пасылае сен’ёры Санчыцы.

— Няхай жыве ён тысячу год! — усклікнула Санчыка. — А калі патрэбна, дык нават дзве тысячы год.

Пасля гэтага Тэрэса вышла з хаты з лістамі і караламі. Сустрэўшы выпадкова папа і Сансона Караско, яна пачала скакаць, кажучы:

— А у нас маленькае губернатарства! Няхай пачне цяпер сварку якая-небудзь ідальго, я разаб’ю яе ўшчэнт!

— Што гэта, Тэрэса, за шалёныя выбрыкі? Якая гэта ў вас папера ў руках?

— Гэта зусім не шалёныя выбрыкі, а лісты герцагінь і губернатараў, а на шыі ў мяне — дарагія каралы, і я наогул губернатарша!

— Мы не разумеем вас, Тэрэса, і не ведаем, што вы хочаце сказаць.

— А вось паглядзіцеі — адказала Тэрэса і дала ім лісты.

Поп прачытаў іх уголас так, каб і Сансон Караско чуў. Сансон і поп паглядзелі адзін на аднаго, здзіўленыя тым, што прачыталі. Бакалаўр запытаў, хто прынёс ёй гэтыя лісты. Тэрэса адказала, што ўсё гэта прывёз герцагскі паж.

Поп зняў з яе шыі каралы і пачаў разглядаць іх. Пераканаўшыся, што гэта сапраўды дарагія каралы, ён сказаў:

— Клянуся расай, якая на мне, не ведаю, што сказаць і што думаць пра гэтыя лісты і падарункі!

— Праверым вагу, — сказаў Караско. — Паглядзім, хто прывёз гэтыя лісты. Можа ён растлумачыць што ўсё гэта азначае.

Яны пашлі ўслед за Тэрэсай і заспелі пажа за прасейваннем ячменю для свайго каня, а Санчыку — за гатаваннем абеда. Яны ветліва пакланіліся пажу, а Сансон папрасіў яго паведаміць яму весткі пра Дон-Кіхота і Санчо Панса і растлумачыць, што гэта за губернатарства ў Санчо на востраве, калі большасць астравоў на Сяродземным моры належыць каралю.

— Сен’ёр Санчо Панса — губернатар, — адказаў паж, — гэта без сумнення. Востраў або не востраў тая мясцовасць, дзе ён губернатарствуе, не мая справа. Досыць, што гэтае мястэчка мае тысячу жыхароў.

Поп і бакалаўр парашылі, што паж жартуе, але дарагія каралы, таксама паляўнічы гарнітур, прысланыя Санчо, збівалі іх з панталыку. Яны не маглі ўтрымацца ад смеху, а Тэрэса сказала:

— Сен’ёр свяшчэннік, ці няма тут каго, хто-б ехаў у Мадрыд або ў Таледо; ён купіў-бы мне круглыя фіжмы, самыя што ні на ёсць модныя, бо я павінна зрабіць чэсць губернатарству майго мужа. Калі я пачну нудзіцца, дык паеду ў сталіцу і завяду сабе там карэту, бо губернатарша вельмі лёгка можа завесці сабе і трымаць карэту.

— А чаму-ж і не, мама! — сказала Санчыка. — Няхай брэшуць тыя, хто ўбачыць мяне седзячай з маёй сен’ёрай маткай у карэце.

— Усе гэтыя шчаслівыя падзеі, — сказала Тэрэса, — напрарочыў мне добры мой Санчо, і ты ўбачыш, дачка, што ён зробіць мяне графіняй, бо ў добрым жыцці самае галоўнае — гэта пачаць. Я часта чула, як добры твой бацька (ён такі-ж бацька прыказак, як і твой) казаў: „калі табе дадуць цёлку, бяжы з вяроўкай; калі табе даюць губернатарства, трымай моцна; калі табе даюць графства, учапіся за яго“.

Пачуўшы гэта, поп сказаў:

— Як відаць, усе члены сям’і Панса нараджаюцца кожны з мехам прыказак у целе.

— Гэта праўда, — сказаў паж, — бо губернатар Санчо гаворыць іх на кожным кроку; хаця многія з іх бываюць недарэчы, тым не менш яны даюць здаваленне маёй сен’ёры герцагіні.

— Няўжо вы, міласць ваша, — сказаў бакалаўр, — усё яшчэ сцвярджаеце, што сапраўды Санчо — губернатар і што на свеце ёсць герцагіня, якая пасылае сюды падарункі і піша лісты?

— Сен’ёры мае, — сказаў паж, — я нічога больш не магу сказаць, апрача таго, што сен’ёр Санчо Панса сапраўды губернатар, якім яго прызначылі мае сен’ёры герцаг і герцагіня. Няхай хто-небудзь з вас паедзе са мной і ўбачыць сваімі вачыма тое, чаму не вераць вашы вушы.

— Мне варта-б паехаць з вамі, — сказала Санчыка. — Пасадзіце, міласць ваша, мяне ззаду на каня, і я з вялікай ахвотай накіруюся пабачыцца з маім сен’ёрам бацькам.

— Дачкам губернатараў, — засупярэчыў паж, — непрыстойна вандраваць адным па вялікіх дарогах, іх павінны суправаджаць карэты або насілкі і вялікая світа слуг.

— Клянуся маім бацькам, я таксама добра магу ехаць на асліцы, як і ў калясцы: я не з такіх!

— Маўчы, дзяўчынка, — сказала Тэрэса, — бо ты не ведаеш, што гаворыш! Іншыя часы — іншыя ўчынкі.

— Сен’ёра Тэрэса больш, як нават сама думае, гаворыць праўду, — сказаў паж, — але дайце мне паесці і адпусціце мяне, бо я мяркую вярнуцца яшчэ сёння ўвечары.

На гэта поп сказаў:

— Пойдзем, міласць ваша, да мяне паабедаць, бо ў сен’ёры Тэрэсы больш добрага жадання, як мажлівасці прыняць такога дарагога гасця.

Паж адмаўляўся, але ўрэшце павінен быў згадзіцца, а поп вельмі ахвотна павёў яго да сябе, каб больш падрабязна распытаць пра Дон-Кіхота. Бакалаўр прапанаваў Тэрэсе напісаць адказ на атрыманыя ёю лісты, але яна не захацела, каб ён умешваўся ў яе справы. Яна дала скібку хлеба і пару яек служку, і ён пад яе дыктоўку напісаў два лісты, адзін — яе мужу, а другі — герцагіні. Лісты гэтыя аказаліся не з горшых у параўнанні з пададзенымі ў гэтай вялікай гісторыі, як мы ўбачым ніжэй.


РАЗДЗЕЛ XLII
Пра далейшае губернатарства Санчо Панса і пра іншыя здарэнні, у тым выглядзе, як яны здарыліся

Калі на наступны дзень пасля губернатарскага абыходу сен’ёр губернатар падняўся з ложка, па загаду доктара Педро Рэсіё яму падалі на снеданне крыху варэння і чатыры глыткі халоднай вады. Санчо ахвотна прамяняў-бы гэта на кавалак хлеба і галінку вінаграду, але падначаліўся, бо Педро Рэсіё ўпэўніў яго, нібыта лёгкі харч, прыняты ў нязначнай колькасці, ажыўляе розум і асабліва неабходны людзям, маючым уладу і займаючым высокія пасады. З-за гэтай сафістыкі Санчо цярпеў такі голад, што ўпотайкі праклінаў губернатарства і таго, хто даў яго яму. Тым не менш са сваім голадам і сухім варэннем ён заняў у той дзень судзейскае крэсла. Першая справа была прапанавана на яго разгляд адным чужаземцам.

— Сен’ёр, — сказаў той, — глыбокая рака падзяляе на дзве часткі адно і тое-ж валоданне; на гэтай рацэ стаіць мост. На канцы маста знаходзіцца шыбеніца і нешта накшталт прысутнага месца. Там звычайна засядала чацвёра суддзяў, занятых прыстасаваннем закона, выданага ўласнікам ракі, маста і валодання і маючага ў сабе наступнае: „Калі хто-небудзь пярэйдзе з аднаго берагу на другі цераз гэты мост, ён перад тым павінен сказаць пад прысягай, куды ён ідзе і з якой мэтай; калі ён скажа праўду, яго павінны прапусціць, калі-ж ён схлусіць, яго без ніякага патурання павесяць на стаячай тут-жа шыбеніцы". Ведаючы гэты закон і суровыя яго ўмовы, многія праходзілі церез мост; даючы кляцьбу, яны гаварылі праўду, і суддзі вольна прапускалі іх. Але аднойчы прывялі да прысягі чалавека, які кляўся, што ён ідзе памерці на стаячай на масту шыбеніцы і толькі з гэтай мэтай.

Суддзі параіліся між сабой наконт гэтага і сказалі: „Калі мы вольна прапусцім гэтага чалавека, — ён схлусіў у тым, у чым кляўся, і па закону павінен памерці, а калі мы яго павесім, мы пойдзем супроць закону, бо выйдзе, што ён сказаў праўду, і па закону павінен быць вольна прапушчаны“. Вось я і пытаюся ў міласці вашай, сен’ёр губернатар, што рабіць з гэтым чалавекам суддзям, бо яны да гэтага часу ў сумненні?

Санчо папрасіў яшчэ раз паўтарыць, з чаго складаецца гэтая заблытаная справа, а потым і ў трэці раз. Нарэшце, раскусіўшы ўсю мудрасць, ён сказаў:

— Па-мойму, трэба тую частку чалавека, якой ён сапраўды кляўся, прапусціць цераз мост, а тую, якой ён схлусіў, павесіць.

— Але тады, сен’ёр губернатар, — сказаў чалавек, — давялося-б падзяліць таго чалавека на дзве часткі — на хлуслівую і праўдзівую. Калі яго падзяліць, ён безумоўна павінен памерці, такім чынам не будзе дасягнута тое, што патрабуецца законам.

— Слухайце, сен’ёр добры чалавек, — сказаў Санчо, — гэты прахожы мае аднолькавае права як памерці, так і жыць, бо прычыны асудзіць яго і апраўдаць зусім аднолькавыя. Няхай лепш вольна прапусцяць яго, бо рабіць дабро заўсёды больш пахвальна, як рабіць зло: я падпісаў-бы гэта сваім імем, каб умеў падпісвацца.

— Зусім правільна, — адказаў мажардом, — і мне здаецца, што ніхто не мог-бы прыдумаць лепшага рашэння, як тое, якое прыдумаў вялікі Панса. Няхай на гэтым і скончыцца суд сёнешняй раніцы, а я зраблю распараджэнне, каб сен’ёр губернатар пад’еў у поўнае свае здавальненне.

— Пра гэта я толькі і прашу, — сказаў Санчо, — няхай дадуць мне есці. А потым я разблытаю хоць тысячу самых мудрых спраў!

Мажардом стрымаў сваё слова, мяркуючы, што было-б плямаю на яго сумленні даць памерці з голаду такому мудраму губернатару, тым больш, што ён меў намер у гэтую-ж ноч скончыць з ім, сыграўшы апошні жарт, які яму было даручана сыграць з ім. У час абеда, прайшоўшага без ніякіх абмежаванняў доктара, прыехаў ганец з лістом ад Дон-Кіхота. Санчо загадаў сакратару прачытаць гэты ліст, і сакратар прачытаў наступнае:

Ліст Дон-Кіхота Ламанчскага да Санчо Панса, губернатара вострава Баратарыя.

„Я чакаў пачуць весткі пра твае памылкі і недарэчнасці, сябра Санчо, але да мяне дайшлі весткі пра твае мудрыя справы. Мне кажуць, што ты губернатарствуеш, нібыта ты чалавек, а будучы чалавекам, трымаешся, як жывёла — да таго вялікая пакорнасць, якую выказваеш ты. Я хацеў-бы, каб ты прыняў пад увагу, што часам трэба для падтрымання аўтарытэта займаемай пасады ісці супроць пакорнасці сэрца. Даю табе яшчэ некалькі парад: апранайся добра, бо і ўпрыгожаная палка не здаецца палкай. Не выдавай многа законаў, а калі выдаш некаторыя галоўныя, то старайся, каб яны былі добрыя і каб іх выконвалі.

Будзь бацькам для добрых спраў і вотчымам для дрэнных спраў. Не будзь заўсёды строгім або заўсёды ласкавым, а абяры сярэдзіну між гэтымі двума крайнасцямі — у гэтым вышэйшае праяўленне мудрасці.

Памятай пра ўсе мае парады, якія я даў табе перад ад’ездам на губернатарства.

Сен’ёра герцагіня паслала нарачнага з тваім паляўнічым гарнітурам і яшчэ адным падарункам жонцы тваёй, Тэрэсе Панса, і мы штохвіліны чакаем ад яе адказу. Я быў крыху нездаровы з прычыны нейкага кашачага драпання, атрыманага мною не для ўпрыгожання майго носа; але нічога дрэннага з гэтага не вышла, бо калі ёсць чараўнікі, якія праследуюць мяне, дык ёсць і такія, якія заступаюцца за мяне.

Паведамі пра ўсё, што з табой здарыцца, бо адлегласць недалёкая. Я хутка мяркую развітацца з гультайскім жыццём, бо я не нарадзіўся для яго. Мне выпала адна справа, якая, я думаю, пазбавіць мяне прыхільнасці герцага і герцагіні; хаця гэта мяне вельмі непакоіць але ніколькі не палохае, бо ўрэшце-ж я павінен думаць больш пра свой абавязак, як пра іхняе жаданне. Нарэшце жадаю табе ўсяго найлепшага. Твой сябра.

Дон-Кіхот Ламанчскі“.

Санчо выслухаў ліст з вялікай увагай. Паклікаўшы сакратара, ён зачыніўся з ім у сваім пакоі і парашыў безадкладна адказаць свайму сен’ёру Дон-Кіхоту. Сакратар пад яго дыктоўку напісаў наступнае:

Ліст Санчо Панса да Дон-Кіхота Ламанчскага.

„У мяне столькі спраў і заняткаў, што няма нават часу пачасаць у галаве або абрэзаць ногці, чаму яны ў мяне і вельмі даўгія. З гэтай прычыны, сен’ёр душы маёй, не здзіўляйцеся, што да гэтага часу я не паведаміў вам, добра або дрэнна мне жывецца на маім губернатарстве, дзе я больш цярплю ад голаду, чымся тады, калі мы з вамі ўдвух валацужылі па лясах і пустынных мясцовасцях.

Мой сен’ёр герцаг папярэджваў мяне, што на гэты востраў прышло некалькі шпіёнаў, каб забіць мяне. Да гэтага часу я ніводнага не адкрыў, апрача нейкага доктара, атрымліваючага пенсію, каб заганяць на той свет усіх губернатараў, колькі-б іх сюды ні прыехала. Гэты доктар гаворыць сам пра сябе, што ён не лечыць хваробы, калі яна з’явіцца, а толькі папярэджвае яе, каб яна не з’яўлялася. Лекі, якія ён скарыстоўвае, — дыэта і зноў дыэта, каб чалавек ператварыўся ў скуру і косці, хаця худоба — горшая хвароба, як трасуха. Адным словам, ён душыць мяне голадам, і я паміраю ад прыкрасці. Калі я ехаў на губернатарства, я думаў есці гарачае, піць халоднае і пеставаць цела адпачынкам на галандскіх посцілках і пухавіках, а прыехаў пасціцца, нібы я — пустыннік. Думаю, што ўрэшце чорт возьме мяне.

Да гэтага часу я не атрымліваў ніякіх даходаў, ні пенсіі, ні хабараў, і не магу ўявіць сабе, да чаго ўсё гата

павядзе. Тут мне казалі, што губернатары, якія едуць сюды, атрымліваюць ад жыхароў у падарунак або ў пазыку многа грошай.

Робячы мінулай ноччу абыход, я сустрэў вельмі прыгожую дзяўчыну ў мужчынскай вопратцы і брата яе — у жаночай. У дзяўчыну закахаўся мой паж і ў марах абраў яе, як ён гаворыць, сабе ў жонкі; я-ж абраў сабе зяцем яе брата. Сёння абодва мы хочам пагутарыць пра свой намер з іхнім бацькам, нейкім Дыего дэ-ля-Лана, ідальго і такога старажытнага паходжання, што лепшага жадаць нельга.

Я наведваю рынкі, як ваша міласць мне гэта раіць, і ўчора я накрыў гандлярку, якая прадавала свежыя арэхі. Пераканаўшыся, што яна гарнец свежых арэхаў змяшала з гарнцам старых, сухіх і гнілых, я ўсе арэхі адабраў у яе і загадаў перадаць у прытулак для бедных хлапчукоў, якія змогуць разабрацца ў іх.

Вельмі рады, што сен’ёра герцагіня напісала ліст жонцы маёй, Тэрэсе Панса, і паслала ёй падарунак. Пацалуйце, міласць ваша, ёй рукі ад майго імя і скажыце ёй, што яна не кінула сваю прыхільнасць у дзіравы мех. Я-б не хацеў, каб ваша міласць мела непрыемную сутычку з герцагам і герцагіняй; калі вы пасварыцеся з імі, гэта, як відаць, пойдзе не на карысць мне.

Што-ж тычыцца кашачага драпання, я нічога не разумею, але думаю, што гэта адзін з тых жартаў, якія злосныя чараўнікі звычайна робяць вашай міласці. Жадаю вам таксама вельмі многа ўсяго добрага. Слуга вашай міласці.

Санчо Панса, губернатар“.

Сакратар запячатаў ліст і адразу-ж паслаў яго з ганцом, а тыя, што разыгрывалі з Санчо жарты, сабраліся і ўмовіліся, як скончыць з яго губернатарствам. Гэты вечар Санчо правёў у тым, што выдаў некалькі распараджэнняў адносна добрабыту мястэчка, якое ён лічыў за востраў. Распараджэнні гэтыя былі такія добрыя, што да сёнешняга дня яны захоўваюцца ў гэтай мясцовасці і называюцца „Канстытуцыя вялікага губернатара Санчо Панса“.


РАЗДЗЕЛ XLIII,
у якім апавядаецца прыгода другой дуэн’і, Даларыды, інакш называемай дон’яй Родрыгес

Калі Дон-Кіхот паправіўся ад кашачага драпання, ён парашыў прасіць у герцага і герцагіні дазволу ехаць у Сарагосу. Ужо набліжаўся час турніра, на якім ён спадзяваўся выйграць узбраенне. Аднойчы за абедам ён ужо сабраўся ажыццявіць свой намер і папрасіць дазволу паехаць, але ў гэты час у дзверы вялікай залы ўвайшлі дзве жанчыны, захутаныя з ног да галавы ў траур. Адна з іх, падышоўшы да Дон-Кіхота, кінулася яму ў ногі, расцягнулася на падлозе і пачала так плакаць і стагнаць, што ўсе, бачыўшыя і чуўшыя яе, прышлі ў замяшанне.

Дон-Кіхот падняў жанчыну з падлогі і прымусіў яе скінуць пакрывала з заплаканага твара. Яна так і зрабіла, перад усімі адкрыўся твар дон’і Родрыгес, побач з якой была яе дачка, ашуканая сынам багатага селяніна. Дон’я Родрыгес, звяртаючыся да сваіх паноў, сказала:

— Ці не будзе ласкава ваша светласць даць мяе дазвол пагутарыць крыху з гэтым рыцарам.

Герцаг даў дазвол, і дуэн'я, звяртаючыся да Дон-Кіхота, сказала:

— Некалькі дзён назад я давяла да вашага ведама, харобры рыцар, аб ашуканстве маёй дачкі, зробленым адным нягодным селянінам. Цяпер вы хочаце пакінуць гэты замак у пошуках добрых прыгод. З гэтай прычыны я прасіла-б, раней як вы апынецеся на вялікай дарозе, выклікаць на дуэль таго распуснага селяніна і прымусіць яго ажаніцца з маёй дачкой, як ён абяцаў. Спадзявацца ў гэтай справе на герцага я не магу, бо гэта азначала-б чакаць ігруш ад вяза, з той прычыны, якую я ўжо выказала вашай міласці.

На гэтыя словы Дон-Кіхот адказаў з вялікім гонарам і ўрачыстасцю:

— Добрая дуэн’я, асушыце свае слёзы і стрымайцеся ад уздыхаў, бо я бяру на сябе абавязак памагчы вашай дачцы. З дазволу герцага, майго сен’ёра, я зараз-жа паеду шукаць гэтага жорсткага юнака і заб’ю яго, калі ён адмовіцца выканаць дадзенае ім слова.

— Няма патрэбы, — адказаў герцаг, — каб міласць ваша шукала селяніна, бо я сам дам яму ведаць пра гэты выклік і прымушу з’явіцца ў мой замак, дзе я абодвум вам адвяду зручнае месца для дуэлі.

Пасля гэтага, зняўшы з рукі пальчатку, Дон-Кіхот кінуў яе сярод залы, а герцаг падняў яе, кажучы, што ён прымае выклік ад імя свайго васала і вызначае тэрмін дуэлі праз шэсць дзён ад сёнешняга дня. Потым яны ўмовіліся пра месца дуэлі і зброю. Калі яны ўмовіліся, жанчыны, апранутыя ў траур, пайшлі. Герцагіня загадала не лічыць іх з гэтага часу за служачых, а за вандроўных сен’ёр, якія з’явіліся ў замак прасіць правасуддзя. Ім адвялі асобнае памяшканне, на здзіўленне іншай прыслугі, якая не ведала, на чым спыніцца глупства і вольнасць дон’і Родрыгес і яе няшчаснай дачкі.

У гэты час у залу ўвайшоў паж, які вазіў лісты і падарункі Тэрэсе Панса, жонцы губернатара Панса. Вынуўшы два лісты, ён перадаў іх у рукі герцагіні. На адным стаяў надпіс: „Ліст маёй сен’ёры герцагіні, не ведаю куды“, а на другім лісту: „Майму мужу Санчо Панса, губернатару вострава Баратарыя“.

Герцагіня гарэла ад нецярплівасці прачытаць свой ліст. Адразу-ж распячатаўшы яго, яна прачытала наступнае:

Ліст Тэрэсы Панса герцагіні

„Вельмі ўзрадваў мяне, сен’ёра мая, ліст, які ваша высокасць напісала мне. Каралавая нітка вельмі прыгожая, і паляўнічы гарнітур майго мужа таксама. Што ваша светласць зрабіла губернатарам мужа майго Санча, дало вялікае здавальненне ўсяму нашаму сялу, хаця ніхто гэтаму не верыць. Я таксама не паверыла-б гэтаму, каб не было каралаў і вопраткі. Тут, у сяле, усе лічаць майго мужа тупагаловым і, за выключэннем статка коз, не могуць сабе ўявіць, чым ён яшчэ мог-бы кіраваць. Я, сен’ёра душы маёй, парашыла, з дазволу вашай міласці, накіравацца да двара і раз’язджаць там у карэце, каб калоць гэтым вочы тысячы зайздроснікаў, якія ўжо ёсць у мяне. Такім чынам, упрашаю вашу высокасць, загадайце мужу майму паслаць мне крыху грошай і нават досыць многа, бо ў сталіцы расходы вялікія. Ногі ў мяне так і скачуць, да таго мне хочацца ў дарогу. Калі я і дачка мая зададзім бляск і трэск у сталіцы, муж мой зробіцца больш вядомым праз мяне, як я праз яго. Сёлета не было збору жалудоў у нашым сяле, тым не менш пасылаю вашай высокасці каля поўмеры, якія я сама хадзіла збіраць у лес.

Няхай ваша высокасць не запамятае напісаць мне. Я ў адказ паведамлю пра ўсе навіны нашага мястэчка. Дачка мая Санчыка і мой сын цалуюць рукі вашай міласці.

Слуга ваша Тэрэса Панса.“

Вялікае было задавальненне, якое даў усім ліст Тэрэсы Панса. Герцагіня-ж папрасіла Дон-Кіхота распячатаць ліст, прысланы губернатару. Дон-Кіхот зараз-жа распячатаў яго, каб пацешыць іх, і прачытаў наступнае:

Ліст Тэрасы Панса да яе мужа Санчо Панса

„Твой ліст я атрымала, Санчо душы маёй, і клянуся табе, што нехапала толькі двух вяршкоў, каб я звар’яцела ад шчасця. Пачуўшы, што ты губернатар, я ледзь не павалілася ад захаплення, бо раптоўная радасць таксама забівае, як і вялікае гора. Хаця перада мною ляжала вопратка, каралы і лісты, але мне здавалася, што я бачу толькі сон: хто ж мог падумаць, што казапас зробіцца губернатарам вострава? Трэба доўга жыць, каб многае бачыць; з гэтай прычыны я не думаю пакінуць жыць, покуль не ўбачу цябе зборшчыкам падаткаў — пасада, якая прыносіць нямала грошай. Сен’ёра герцагіня перадасць табе пра маё жаданне накіравацца ў сталіцу; падумай пра гэта і паведамі мне сваю думку, бо я буду старацца зрабіць табе там гонар, раз’язджаючы ў карэце.

Поп, цырульнік, і бакалаўр ніяк не могуць паверыць, што ты — губернатар. Сансон гаворыць, што ён пойдзе шукаць цябе і выб’е з твае галавы губернатарства, а з галавы Дон-Кіхота — яго вар’яцтва. Паслала я крыху жалудоў маёй сен’ёры герцагіні і хацела-б, каб яны былі з золата. Прышлі мне некалькі нітак пэрлаў, калі іх носяць на гэтым востраве. Сёлета ў нас няма алівак і нельга знайсці ні кроплі воцату ва ўсім сяле.

Санчыка пляце на каклюшках кружавы і зарабляе кожны дзень восем мараведысаў, якія і кладзе ў скарбонку для свайго пасагу. Цяпер, калі яна дачка губернатара, ты дасі ёй пасаг і без гэтага.

Фантан на нашым пляцу высах. Чакаю адказу ад цябе і твайго дазволу на маю паездку ў сталіцу. Жыві больш доўгія гады, як я, або столькі-ж, бо я не хацела-б пакінуць цябе на гэтым свеце без сябе.

Твая жонка Тэрэса Панса“.

Лісты выклікалі захапленне, смех і здзіўленне. Потым прыехаў ганец, які прывёз ліст Санчо да Дон-Кіхота. І гэты ліст прачыталі таксама пры ўсіх. Герцагіня пайшла да сябе, каб даведацца ў пажа, што з ім здарылася ў вёсцы Санчо. З ім мы і пакінем яе, каб расказаць канец губернатарства вялікага Санчо Панса, гонара і люстра ўсіх губернатараў на астравах.


РАЗДЗЕЛ XLIV
Аб трывожным канцы і сканчэнні губернатарства Санчо Панса

Калі на сёмы дзень свайго губернатарства Санчо ляжаў у ложку, насыціўшыся не хлебам і віном, а толькі вымаўленнем прысудаў і меркаванняў, ён пачуў такі гучны гул галасоў і звон званоў, што здалося — увесь востраў разбураецца. Санчо сеў на ложак і пачаў уважліва прыслухоўацца, спрабуючы здагадацца, якая магла быць прычына такога вялікага перапалоху. Але да шума галасоў і звону званоў далучыліся гукі бязлікіх труб і бубнаў, дзякуючы чаму яго ахапіў спалох і жах. Саскочыўшы з ложка, Санчо надзеў пантоплі і, не накінуўшы на сябе верхняй вопраткі, падышоў да дзвярэй сваёй спальні. Тут ён убачыў, што па калідоры да яго накіроўваецца больш дваццаці чалавек з запаленымі факеламі ў руках і паднятымі мячамі. Усе яны гучна крычалі:

— Да зброі, сен’ёр губернатар, да зброі! На востраў напала вялікая колькасць ворагаў. Мы загінулі, калі ваш розум і мужнасць не выратуюць нас з бяды!

Калі яны дайшлі да яго, адзін з іх сказаў:

— Узбройцеся зараз-жа, ваша светласць, калі вы не хочаце самі загінуць і загубіць увесь востраў!

— Навошта мне ўзбройвацца? — адказаў Санчо. — Што я разумею ў ваеннай справе? Гэтыя рэчы лепш за ўсё было-б даручыць майму пану, сен’ёру Дон-Кіхоту, які са ўсім гэтым справіцца і прывядзе ўсё ў парадак у адзін момант!

— Ах, сен’ёр губернатар, — сказаў другі, — што гэта за спакой такі? Узбройцеся, міласць ваша, выходзьце на пляц і будзьце нашым правадыром.

— Узбройвайце-ж мяне, калі ласка, — згадзіўся Санчо.

І зараз-жа яму падалі два вялікія шчыты на ўвесь рост чалавека.

Гэтыя шчыты прымацавалі яму проста на сарочку, адзін шчыт — спераду, другі — адзаду. Праз адтворыны, зрабленыя ў іх, яны прасунулі яго рукі і звязалі шчыты так моцна вяроўкамі, што ён стаяў, як забіты між двума дошкамі, не маючы мажлівасці сагнуць кален і зрабіць хоць здзін крок. Яму далі ў рукі кап’ё, на якое ён абапёрся, каб можна было стаяць.

Калі яго так узброілі, яму сказалі, каб ён вёў іх усіх; калі ён будзе іхняй пуцяводнай зоркай, то справы іхнія скончацца добра.

— Як магу я, няшчасны, ісці, — адказаў Санчо, — калі мне нельга сагнуць калені: мне перашкаджаюць гэтыя дошкі, якія так моцна прышыты да майго цела. Вам давядзецца ўзяць мяне на рукі і палажыць поперак або паставіць да якога-небудзь тайнага выйсця з крэпасці, дзе я буду ахоўваць яго гэтым кап’ём або маім целам.

— Ідзіце, сен’ёр губернатар, — сказаў другі, — больш спалох, як гэтыя дошкі, перашкаджае вам хадзіць. Хопіць. Страпяніцеся, бо позна ўжо, і лік ворагаў расце, крыкі робяцца гучнейшымі і небяспека ўзмацняецца.

Пачуўшы гэтыя ўгаворы, бедны губернатар паспрабаваў пайсці, але паваліўся пры гэтым так моцна на зямлю, што яму здалося, нібы ён разбіўся ўшчэнт. Ляжаў ён, як чарапаха, а гэтыя насмешнікі не выказвалі да яго ніякай літасці: пагасіўшы свае факелы, яны пачалі яшчэ гучней крычаць і клікаць да зброі. Адны спатыкаліся аб яго, другія падалі, а быў і такі, які ўскочыў на яго, пастаяў досыць доўга і адтуль, нібы з высокай вартавой вежы, кіраваў, як правадыр, атрадам і гучна крычаў:

— Сюды! Ахоўвайце гэтае выйсце з крэпасці! Зачыніце тыя вароты! Скіньце штурмавыя лесніцы! Нясіце сюды гранаты, гарачую смалу і дзёгаць у катлах з маслам!

Пабіты Санчо, які ўсё гэта чуў і цярпеў, казаў сам сабе:

— О, хоць-бы праціўнік хутчэй авалодаў гэтым востравам, і я быў-бы мёртвым або па-за вялікай гэтай мукай!

Нарэшце, калі ён менш за ўсё спадзяваўся, ён пачуў галасы, крычаўшыя:

— Перамога! Перамога! Праціўнік кінуўся, ўцякаць. Эй, сен’ёр губернатар, падымайцеся, міласць ваша, і ідзіце радавацца з перамогі!

— Падыміце мяне, — жаласным голасам сказаў пабіты Санчо.

Яму памаглі падняцца; апынуўшыся на нагах, ён сказаў:

— Праціўніка, якога я нібыта перамог, няхай прыб’юць мне да ілба. Не хачу падзяляць здабычы ворага, а ўпрашаю каго-небудзь даць мне глынуць віна, бо ўсё перасохла ў мяне ў сярэдзіне.

Яму прынеслі віна, развязалі шчыты, і ён сеў на свой ложак. Ад спалоху і стомы ён абамлеў, але хутка зноў апамятаўся і, даведаўшыся, што хутка развіднее, не кажучы ні слова, пачаў апранацца. Потым ён павольна, бо быў пабіты, пайшоў у стайню, куды за ім накіраваліся ўсе быўшыя з ім.

Падышоўшы да свайго асла, ён абняў яго, пацалаваў у лоб і са слязмі на вачах сказаў:

— Ідзі сюды, таварыш і сябра мой, удзельнік маіх пакут і гора! Калі я не меў іншых думак, апрача клопатаў наконт твае збруі ды харчавання твайго маленькага цела, — па-шчасліваму ішлі мае гадзіны, дні і гады. Але з таго часу, як я цябе пакінуў і падняўся на вежу ганарлівасці, у душу маю ўвайшлі тысячы пакут, тысячы трывог і чатыры тысячы турбот.

Кажучы гэта, ён сам сядлаў свайго асла, а ўсе вакол маўчалі. Скончыўшы сядлаць Шэрага, Санчо ледзь узлез на яго і, звярнуўшыся да мажардома, сакратара, доктара Педро Рэсіё і да многіх другіх прысутных, сказаў:

— Дайце мне дарогу, сен’ёры мае, і адпусціце да ранейшай маёй волі, дайце мне вярнуцца да ранейшага майго жыцця, каб я ўваскрос ад гэтай цяперашняй смерці. Я не нарадзіўся ні быць губернатарам, ні абараняць астравы і гарады ад ворагаў, якія-б захацелі напасці на іх. Я лепш умею араць зямлю і падвязваць вінаградныя лозы, чымся выдаваць законы і абараняць астравы. Аставайцеся тут, міласці вашы, і скажыце герцагу, што голым я нарадзіўся і голым застаўся; не маючы ні граша, уступіў я ў губернатарства і без граша выходжу з яго, а цяпер я еду прыкладваць сабе пляйстары, бо я думаю, што ў мяне ўсе рэбры паламаныя, дзякуючы праціўніку, які сёння ўначы хадзіў па мне.

— Сен’ёр губернатар, — сказаў мажардом, — мы вельмі ахвотна далі-б вашай міласці паехаць, хаця нам і будзе сумна страціць вас, бо ваш розум і спосаб дзеяння прымушае нас жадаць вашай прысутнасці. Але кожны губернатар павінен раней, як выехаць з мясцовасці, дзе ён губернатарстваў, даць справаздачу пра сваю дзейнасць.

— Ніхто не можа гэтага патрабаваць ад мяне, — спыніў яго Санчо, — без распараджэння герцага, майго сен’ёра. Я еду цяпер да яго і яму дам я дакладную справаздачу пра ўсё. Тым больш, што я еду голым, — значыць, не трэба іншых длоказаў, што я кіраваў, як ангел.

— Вялікі Санчо праўду кажа, — сказаў доктар Рэсіё, — і мы павінны адпусціць яго, бо герцаг будзе бязмежна рады бачыць яго.

Усе згадзіліся з гэтым і адпусцілі яго, але перад тым прапанавалі яму ўзяць з сабою ўсё, што ён захоча для выгады падарожжа.

Санчо сказаў, што яму нічога не патрэбна, за выключэннем толькі крыху ячменю для Шэрага і поўкавалка сыру і поўбуханкі хлеба для яго самога, бо дарога блізкая. Усе абняліся з ім, і ён са слязмі абняў усіх, пакінуўшы іх здзіўленымі як ад слоў яго, так і ад рашэння, такога цвёрдага і разважлівага.


РАЗДЗЕЛ XLV,
у якім гаворыцца аб рэчах, якія маюць дачыненне да гэтай гісторыі і лепш за якіх нічога быць не можа

Герцаг і герцагіня, як мы ведаем, парашылі зрабіць дуэль між Дон-Кіхотам і іхнім васалам. Але з той прычыны, што маладога хлопца на месцы ў той час не было, яны парашылі замяніць яго лакеем-гасконцам Тасілосам. Праз два дні герцаг сказаў Дон-Кіхоту, што яго праціўнік з’явіцца праз чатыры дні і выступіць на полі бойкі ў пацвярджэнне таго, што дзяўчына хлусіць, калі гаворыць, што ён даў слова ажаніцца з ёй. Дон-Кіхоту вестка гэтая дала вялікае задаваленне, і ён парашыў выказаць у гэтай справе цуды харобрасці. У замяшанасці і радасці чакаў ён, калі пройдуць гэтыя чатыры дні, якія ў яго нецярплівасці здаваліся яму чатырма стагоддзямі.

Дамо ім прайсці, а пакуль вернемся да Санчо, які ехаў на Шэрым да свайго пана, быць з якім яму падабалася больш за губернатарства ўсіх астравоў на свеце.

Усё цела яго балела ад нядаўніх пабояў, і, напэўна, дзякуючы гэтаму, ён не меў мажлівасці даехаць у той-жа вечар да замка герцага, хаця знаходзіўся ўсяго ў якой-небудзь поўмілі ад яго. Калі яго заспела досыць цёмная ноч, гэта не вельмі занепакоіла яго. Ад’ехаўшы ў бок ад дарогі, ён меў намер дачакацца раніцы. Але яго няшчаснаму лёсу захацелася, каб ён і Шэры зваліліся ў глыбокую і вельмі цёмную яму, якая знаходзілася між некалькімі вельмі старымі будовамі. Яма была крыху больш як у тры сажні. Санчо апынуўся на дне яе, не атрымаўшы ні раны, ні ўдараў. Ён абмацаў усё сваё цела і вельмі ўзрадаваўся, што ён не разбіўся ўшчэнт. Потым Санчо абмацаў таксама і сцены ямы, каб паглядзець, ці не будзе мажлівасці вылезці адтуль без чужой дапамогі. Але сцены былі гладкія, што вельмі засмуціла Санчо, асабліва, калі Шэры пачаў жаласна і нудна стагнаць, бо ён быў сапраўды ў дрэнным становішчы.

— Ах, — сказаў Санчо Панса, — колькі нечаканых здарэнняў адбываецца на кожным кроку! Учора яшчэ я быў губернатарам вострава, даючы загады сваім слугам, а сёння я пахаваны ў падзямеллі, і няма ніводнага слугі, які прышоў-бы мне на дапамогу. Тут мы павінны будзем загінуць ад голаду, калі мы раней не памрэм: ён — ад удараў і пераломаў, а я — ад гора. Калі-б я памёр на радзіме, прынамсі, ведалі-б, што ніколі Санчо Панса не пакідаў свайго асла, а асёл — Санчо Панса.

Асёл слухаў яго ўсю ноч, але не адказаў ні гукам, — да таго мучыўся і цярпеў бядак. Калі-ж прышоў дзень, Санчо пераканаўся, што вылезці з гэтага калодзежа без чужой дапамогі нельга.

Ён пачаў зноў скардзіцца і крычаць, спадзяючыся, ці не пачуе яго хто-небудзь, але ва ўсёй аколіцы не было ніводнага чалавека, які мог-бы яго пачуць. Вынуўшы з дарожнай торбы кавалак хлеба, Санчо даў яго аслу, і той прыняў яго вельмі радасна.

У гэты час Санчо прыкмеціў з аднаго боку ямы адтуліну, у якую сагнуўшыся, мог прайсці чалавек. Ён пралез туды і ўбачыў, што ў сярэдзіне было прасторна і светла, бо згары прабіваўся сонечны прамень, які ўсё асвятляў. Убачыўшы гэта, Санчо вярнуўся назад і, узяўшы камень, пачаў адкапваць ім зямлю ў адтуліне, так што хутка асёл лёгка мог прайсці скрозь яе. Узяўшы яго за аброць, ён пайшоў наперад па гэтай пячоры, каб паглядзець, ці няма выйсця з другога боку.

Такім чынам прайшоў ён вялікую адлегласць, калі ўбачыў наперадзе цмянае святло, падобнае на дзённае.

Між тым Дон-Кіхот, усхваляваны і радасны, чакаў вызначанага дня дуэлі, маючы намер выправіць несправядлівасць і крыўду, па-здрадніцку зробленыя дачцы дуэн’і. Ён выехаў аднойчы раніцай, каб папрактыкавацца і падрыхтавацца да бойкі, якая павінна была адбыцца на наступны дзень. Прышпорыўшы Расінантэ, ён паехаў ускочку, і конь нагамі трапіў так блізка да адтуліны пячоры, што, калі-б рыцар не спыніў яго, ён абавязкова зваліўся-б у падзямелле. Пад’ехаўшы бліжэй, ён глянуў, не злазячы з каня, у гэтае бяздонне і раптам пачуў адтуль гучны крык. Уважліва прыслухоўваючыся, ён нарэшце разабраў наступныя словы:

— Ці няма якога-небудзь жаласнага рыцара, які зжаліўся-б над пахаваным жывым грэшнікам і няшчасным скінутым губернатарам?!

Дон-Кіхоту здалося, што ён чуе голас Санчо. Гэта надзвычайна здзівіла яго, і ён, узвысіўшы свой голас, як толькі мог, крыкнуў:

— Хто там унізе? Хто там скардзіцца?

— Хто-ж можа скардзіцца, — пачуўся адказ, — яе не бездапаможны Санчо Панса, губернатар вострава Баратарыя і былы зброеносец славутага рыцара Дон-Кіхота Ламанчскага?

Калі Дон-Кіхот пачуў гэта, яго здзіўленне падвоілася, бо ён парашыў, што Санчо, напэўна, памёр, і душа яго пакутуе тут. Захоплены гэтай здагадкай, ён сказаў:

— Заклінаю цябе ўсім, чым магу, скажы мне, хто ты такі; калі ты памёр ужо, я і тады гатоў памагчы табе, чым толькі магу.

— Мяркуючы па вашых словах, — пачулася ў адказ, — вы, напэўна, мой пан Дон-Кіхот Ламанчскі.

— Я Дон-Кіхот, той, які лічыць сваім абавязкам памагаць жывым і мёртвым. Калі ты, мой зброеносец Санчо Панса, памёр, і д’яблы яшчэ не занеслі цябе ў пекла, дык я з свайго боку буду хадайнічаць аб тваім паратунку.

— Клянуся вам, чым хачаце, — адказаў яму глухі голас з падзямелля, — што я — зброеносец ваш Санчо Панса і што я за ўсё сваё жыццё яшчэ ні разу не паміраў. Пакінуўшы маё губернатарства, я сёння ўначы зваліўся ў гэтае падзямелле і астаюся ў ім да гэтага часу разам з Шэрым, які не дасць мне схлусіць.

Здавалася, што асёл зразумеў словы Санчо, бо ў тую-ж хвіліну ён, нібы ў пацвярджэнне, пачаў раўсці з усяе сілы.

— Добры сведка, — сказаў Дон-Кіхот, — я апазнаю гэты рэў і твой голас, добры мой Санчо. Пачакай мяне, я паеду ў замак герцага і прывяду людзей, якія выцягнуць цябе з гэтага падзямелля.

— Едзьце, міласць ваша, — сказаў Санчо, — і варочайцеся хутчэй, бо я не маю сілы быць тут пахаваным жыўцом і паміраю ад страху.

Дон-Кіхот паехаў у замак і хутка вярнуўся адтуль з многімі людзьмі. Яны прынеслі з сабою вяроўкі і ледзь выцягнулі Шэрага і Санчо Панса на паверхню зямлі. Адзін студэнт, убачыўшы гэта, сказаў:

— Такім чынам павінны былі-б пакідаць свае губернатарствы ўсе дрэнныя губернатары.

Пачуўшы гэта, Санчо адказаў:

— Восем або дзесяць дзён назад, злосны брат, уступіў я ў губернатарства вострава. За ўсе гэтыя дні я ні разу не наеўся сытна хлеба; дактары толькі і рабілі, што праследвалі мяне, а праціўнікі паламалі мне косці. Я не меў часу ні хабару браць, ні падаткі збіраць, і няхай ніхто не гаворыць: „Гэтай вады я не нап’юся“, — бо здараецца — дзе думаюць знайсці капчонку, не знаходзяць і кручкоў для яе. З мяне хопіць цяпер. Нічога больш я не скажу, хаця-б і мог.

— Не злуйся, Санчо, не крыўдзься з таго, што ты можаш пачуць, бо гэтаму не было-б канца, — сказаў Дон-Кіхот. — Няхай кажуць, што хочуць. Прывязаць языкі злосных людзей, усё-адно, што зачыніць адкрытае поле варотамі.

Акружаныя хлапчукамі, даехалі яны да замка, дзе герцаг і герцагіня ў адной з галерэй ужо чакалі Дон-Кіхота і Санчо. Прыстроіўшы першым чынам у стайні Шэрага, Санчо падняўся да герцага і герцагіні, перад якімі стаў на калені, кажучы:

— Я, сен’ёры, накіраваўся губернатарстваваць на вашым востраве Баратарыя, куды я прыехаў голым, і голым застаўся. Я губернатарстваваў, растлумачваў розныя пытанні, вырашаў судовыя справы, увесь час паміраючы з голаду, бо гэтага хацеў доктар Педро Рэсіё. Праціўнік напаў на нас уначы і прывёў нас у вялікую замяшанасць. Жыхары вострава кажуць, што яны захавалі волю і перамаглі толькі дзякуючы харобрасці маёй рукі. За гэты час я ўзважыў цяжар, які нясе за сабою губернатарства, і, па майму разліку, знайшоў, што плечы мае не могуць яго вытрымаць. Ношка гэтая не для маёй спіны і стрэлы не для майго калчана. З гэтай прычыны ўчора раніцою я пакінуў востраў і накіраўваўся сюды разам з маім Шэрым. Па дарозе я зваліўся ў яму, і каб не пан мой Дон-Кіхот, я там застаўся-б да сканчэння свету. На працягу дзесяці дзён знаходжання на губернатарстве я прышоў толькі да разумення, што меднага граша не варта губернатарства не толькі вострава, а нават і цэлага свету. З гэтай упэўненасцю пераходжу я зноў на службу да майго сен’ёра Дон-Кіхота, бо ў яго я ем хлеб у трывозе, але затое наядаюся сытна, а гэта для мяне самае галоўнае.

Гэтым Санчо скончыў сваю даўгую прамову, пасля чаго герцаг абняў Санчо і заявіў, што ён да глыбіні душы шкадуе, што так здарылася, і будзе старацца даць яму другую, менш адказную і больш выгадную пасаду. Герцагіня загадала добра пачаставаць яго, бо, па ўсіх адзнаках, ён прыехаў моцна пабіты і яшчэ больш пакрыўджаны.


РАЗДЗЕЛ XLVI
Аб страшэннай і нідзе нябачанай бойцы, якая адбылася між Дон-Кіхотам Ламанчскім і лакеем Тасілосам у абарону дачкі дуэн’і Родрыгес

Нарэшце прышоў дзень, вызначаны для паядынку. Герцаг некалькі разоў даваў парады свайму лакею Тасілосу, як ён павінен перамагчы Дон-Кіхота, не параніўшы яго.

На пляц перад замкам, дзе павінен быў адбыцца славуты паядынак, прышло з усіх вакольных сёл многа народу, каб паглядзець на гэтае відовішча.

Першым паказаўся на полі бойкі цэрамоніймейстэр. Потым занялі сваё месца дуэн’і. Яны былі захутаны да самых вачэй і нават да грудзей густымі вуалямі. Калі Дон-Кіхот з’явіўся на месца паядынку, з другога боку пляца паказаўся вярхом на магутным кані вялікі лакей Тасілос з апушчаным забралам. Наблізіўшыся да месца, дзе сядзелі дуэн’і, ён спыніўся, разглядваючы тую, якая патрабавала яго сабе мужам.

Перад абодвума была пастаўлена ўмова: калі Дон-Кіхот пераможа, праціўнік яго павінен ажаніцца за дачкой дон’і Родрыгес; калі-ж ён будзе пераможаны, дык праціўнік вызваляецца ад свайго абяцання. Пачуўся трубны гук, і сэрцы гледачоў былі ўсхваляваны, у адных — жахам, у другіх — надзеяй на добры або дрэнны канец паядынку.

Даручыўшы сябе ад усёй душы сен’ёры Дульсінеі, Дон-Кіхот пачаў чакаць умоўленага знака для пачатку паядынку. Але ў нашага лакея былі зусім іншыя думкі. Калі ён глядзеў на сваю праціўніцу, яна здалася яму самай прыгожай жанчынай на свеце. Думаючы пра яе прыгожасць, ён не звярнуў увагі на гук трубы, як гэта зрабіў Дон-Кіхот, які адразу-ж кінуўся на свайго праціўніка.

Убачыўшы набліжэнне Дон-Кіхота, Тасілос тым не менш не крануўся ні на крок са свайго месца. Ён гучна паклікаў распарадчыка паядынку і запытаў яго:

— Сен’ёр, гэты паядынак адбываецца з-за таго, ажанюся я або не з гэтай сен’ёрай?

— Так.

— У такім выпадку мне няма чаго біцца, бо я прызнаю сябе пераможаным і згодзен безадкладна ажаніцца з гэтай сен’ёрай.

Распарадчык паядынку быў вельмі здзіўлены гэтым. Таксама былі здзіўлены, яшчэ не ведаючы ў чым справа, затрымкай паядынку герцаг і Дон-Кіхот. Пакуль усё гэта адбывалася, Тасілос пад’ехаў да месца, дзе сядзела дон’я Родрыгес, і гучна ўсклікнуў:

— Сен’ёра, я згодзен ажаніцца з вашай дачкой, не рызыкуючы быць забітым!

Калі мужны Дон-Кіхот пачуў гэтыя словы, ён сказаў:

— Я стрымаў сваё абяцанне і цяпер вызвалены ад яго. Няхай яны сабе жэняцца ў добры час!

Тасілос пачаў расшпільваць свой шлём, і, калі ён вызваліўся ад яго, ашуканства выкрылася. Убачыўшы яго твар, дон’я Родрыгес і дачка яе ўсклікнулі:

— Гэта ашуканства! Тасілоса, лакея герцага, падсунулі нам замест сапраўднага жаніха. Мы патрабуем правасуддзя супроць такой хітрасці!

— Не хвалюйцеся, сен’ёра, — пачаў заспакойваць іх Дон-Кіхот. — Гэта не хітрасць, бо ва ўсім вінаваты злыя чараўнікі, праследуючыя мяне. Зайздросцячы славе, якую я павінен быў набыць гэтай перамогай, яны ператварылі твар вашага жаніха ў твар чалавека, які, як вы кажаце, служыць лакеем у герцага. Паслухайцеся маёй парады і выходзьце за яго замуж, бо няма сумнення, што ён той самы і ёсць, якога вы хочаце мець сваім мужам.

Калі герцаг пачуў гэта, ён, ледзь стрымліваючы смех, сказаў:

— Я гатоў паверыць словам харобрага рыцара: мы адкладзем вяселле на два тыдні. Можа пераможаны за гэты час схамянецца і прыме сапраўдны свой выгляд, злосць-жа чараўнікоў не можа працягвацца так доўга.

— Хто-б ні быў, — сказала тут дачка Родрыгес, — той, хто просіць мяне сабе ў жонкі, я ўдзячная яму. Лепш зрабіцца жонкаю лакея, чымся застацца ашуканай рыцарам, хаця, між іншым, той, хто ашукаў мяне, зусім не рыцар.

У выніку парашылі трымаць Тасілоса пад замком, каб пераканацца, чым скончыцца яго ператварэнне. Дон’я Родрыгес і дачка яе засталіся вельмі задаволеныя тым, што справа ва ўсякім выпадку скончыцца вяселлем, але яны памыліліся, як пра гэта чытач даведаецца ніжэй.

Усімі была абвешчана перамога Дон-Кіхота, а ён сам парашыў развітацца з гуллівым жыццём, якое ён вёў у гэтым замку. Ён прасіў дазволу ў герцага і герцагіні паехаць ад іх, і, атрымаўшы згоду, пачаў збірацца ў дарогу.

Герцагіня дала Санчо лісты яго жонкі, над якімі ён праліў слёзы, кажучы:

— Хто-б мог падумаць, што вялікае маё губернатарства скончыцца тым, што я зноў вярнуся да цяжкіх прыгод майго пана Дон-Кіхота Ламанчскага?

Мажардом ад імя герцага непрыкметна даў Санчо невялікі кашалёк з двума сотнямі чырвонцаў. Санчо прасіў перадаць герцагу самую шчырую падзяку за гэты падарунак, які некалькі заспакоіў беднага Санча і ўзнагародзіў яго за пакуты, якія ён выцерпеў за час няшчаснага свайго губернатарства.

Развітаўшыся напярэдадні ўвечары з герцагам і герцагіняй, Дон-Кіхот і Санчо выехалі раніцай у поўным узбраенні з замка і накіраваліся ў далёкае падарожжа па дарозе ў Сарагосу.


РАЗДЗЕЛ XLVII,
у якім гутарка ідзе пра славутую прыгоду са статкам быкоў, а таксама пра вялікае рашэнне Дон-Кіхота трымацца далей ад Сарагосы

Калі Дон-Кіхот апынуўся ў адкрытым полі, ён адчуў сябе нібы абноўленым для выканання сваіх рыцарскіх учынкаў. І, павярнуўшыся да Санчо, ён сказаў:

— Воля — адзін з самых каштоўных дароў, якім лёс надзяляе людзей і вандроўных рыцараў.

У гэтых і іншых не менш бясклопатных гутарках правялі яны досыць доўгі час, покуль не выехалі на сярэдзіну вялікай дарогі, якая ляжала недалёка ад зялёнага луга. Убачыўшы здалёк некалькі коннікаў, Дон-Кіхот адразу адчуў прыліў рыцарскай энергіі і парашыў прымусіць іх прызнаць дзівосную прыгожасць непараўнальнай Дульсінеі.

Седзячы вярхом на Расінантэ, ён стаў сярод дарогі і крыкнуў:

— О, вы, падарожнікі, рыцары, зброеносцы або коннікі, праязджаючыя па гэтай дарозе. Ведайце, што Дон-Кіхот Ламанчскі, вандроўны рыцар, знаходзіцца тут і сцвярджае, што ніхто на свеце не можа быць прыгажэй за ўладарку маёй душы, Дульсінею Табоскую. З гэтай прычыны няхай той, хто мае іншую думку, з’явіцца сюды і пачне са мной бойку.

Між тым натоўп коннікаў, які складаўся з пагоншчыкаў статка быкоў, наблізіўся, і адзін з гэтых коннікаў, што быў наперадзе, гучна крыкнуў Дон-Кіхоту:

— Далоў з дарогі, д’ябал, або гэтыя быкі растопчуць цябе!

— Эа, паганы зброд, — адказаў Дон-Кіхот, — мяне не палохаюць ніякія быкі. Прызнайце, разбойнікі, усе разам узятыя, тую ісціну, што я сказаў тут, або змагайцеся са мной!

Пагоншчыкі не паспелі адказаць, як статак дзікіх быкоў разам з пагоншчыкамі і многа іншых людзей наляцелі на Дон-Кіхота і Санчо, скінуўшы іх на зямлю і адкінуўшы іх далёка. Санчо ляжаў разбіты, Дон-Кіхот ашаломлены, Шэры пакамечаны і Расінантэ — крыху лепш за яго.

Але нарэшце ўсе падняліся — і Дон-Кіхот з вялікай паспешнасцю, спатыкаючыся і падаючы, пабег за статкам, гучна ўсклікаючы:

— Спыніцеся і пачакайце, зброд разбойнікаў, вас чакае адзін рыцар!

Але пагоншчыкі быкоў не спыніліся і звярнулі так мала ўвагі на яго пагрозы, як на леташнія хмары. Убачыўшы, што яму не дагнаць іх, Дон-Кіхот спыніўся і сеў на дарозе, чакаючы Санчо, Расінантэ і Шэрага. Калі яны падышлі, пан і слуга селі зноў вярхом і моўчкі паехалі далей. Пакрытыя пылам з-за няветлівых паводзін з імі статка быкоў, рыцар і зброеносец ледзь даехалі да чыстай і празрыстай крыніцы, якая трохі асвяжыла іхнія стомленыя целы і душы. Пасля гэтага Санчо выцягнуў свае прадукты і, не чакаючы Дон-Кіхота, пачаў іх знішчаць.

— Еж, сябра Санчо, — сказаў Дон-Кіхот, — падтрымлівай сваё жыццё; яно для цябе мае больш каштоўнасці, як маё для мяне. Я, Санчо, нарадзіўся, каб жыць, паміраючы, а ты — каб памерці, спадзяючыся. Не шанцуе мне ў жыцці: калі я чакаў пальм, трыумфаў і вянкоў, заслужаных маімі геройскімі ўчынкамі, я ўбачыў сябе сёння раніцою растаптаным, пакамечаным і памолатым нагамі брудных жывёл. Гэтая думка канчаткова адбірае ў мяне ўсю ахвоту есці, так што я думаю памерці галоднай смерцю.

— Значыцца, — сказаў Санчо, не пакідаючы шпарка есці, — міласць ваша не ўхваліць прыказкі, якая гаворыць: „Няхай жыццё Марты перажыта, ды памрэ яна сытай“. Ведаеце, сен’ёр, што няма большага вар’яцтва, як упадаць у роспач. З гэтай прычыны пад’ежце і ляжце крыху паспаць на зялёным матрацы гэтай травы, а прачнуўшыся, вы адчуеце некаторую палёгку.

Дон-Кіхот, крыху падумаўшы, згадзіўся з ім і сказаў:

— Калі ты, о, Санчо, хочаш памагцы мне, дык прашу цябе, покуль я буду спаць, адыйдзі крыху адсюль і, агаліўшы сваё цела, удар сябе аброццю Расінантэ трыста або чатыраста разоў у лік тых трох тысяч з лішкам, якія ты павінен зрабіць сабе, каб зняць чары з Дульсінеі. Табе-ж павінна быць шкада, што гэтая бедная сен’ёра застаецца зачараваная з-за тваёй бесклапотнасці і неахайнасці.

— На гэта можна многае адказаць, — заявіў Санчо, — а покуль давайце ляжам абодва спаць. Няхай пацерпіць сен’ёра мая Дульсінея. Калі яна менш за ўсё будзе чакаць, яна ўбачыць мяне пасечанага ўдарамі. Покуль не памрэш, працягваеш жыць, — я хачу гэтым сказаць, што я маю яшчэ час выканаць тое, што я абяцаў.

Дон-Кіхот падзякаваў яго за гэта і пад’еў крыху, а Санчо — многа. Потым абодва ляглі спаць і, прачнуўшыся досыць позна, адправіліся ў сваё падарожжа, спяшаючыся даехаць да заезджага двара.

На гэты раз Дон-Кіхот называў яго менавіта так, супроць свайго звычаю бачыць ва ўсіх заезджых дварах зачараваныя замкі. Прыехаўшы туды, Санчо завёў жывёлу ў стайню і даў ёй корму, выказаўшы пры гэтым асаблівую падзяку небу за тое, што гаспадару яго гэты заезджы двор не здаўся замкам. Калі падышоў час вячэры, яны накіраваліся да сябе ў пакой, і Санчо запытаў у гаспадара двара, што ён можа даць ім паесці. Гаспадар адказаў: „няхай яны пытаюцца чаго хочуць, бо гэты заезджы двор забяспечаны ўсім, што ім захочацца“.

— Не патрэбна так многа, — адказаў Санчо, — пары падсмажаных куранят з нас хопіць.

Гаспадар адказаў, што ў яго няма куранят, бо груганы іх знішчылі.

— Няхай тады сен’ёр гаспадар загадае падсмажыць курыцу, толькі маладзейшую.

— Курыцу, браце мой?! — са здзіўленнем перапытаў гаспадар. — Акурат учора я паслаў у горад прадаць больш як пяцьдзесят курэй.

— У такім выпадку, — сказаў Санчо, — у вас, вядома, знойдзецца цяляціна або казляціна.

— Якраз цяпер ні таго, ні другога ў нас няма, але на наступным тыдні ўсяго гэтага будзе вельмі многа.

— Лягчэй нам ад гэтага цяпер, ці што? — абурыўся Санчо. — Але ў вас, напэўна, вельмі многа яек?

— Клянуся целам, — зноў здзівіўся гаспадар, — госць мой мае самы мілы спакой. Я яму кажу, што ў мяне няма курэй, а ён хоча, каб у мяне былі яйкі.

Тут Санчо страціў цярплівасць і крыкнуў:

— Скажыце мне, нарэшце, што ў вас ёсць, і кінем гэтыя развагі.

— Сен’ёр госць, — сказаў гаспадар двара, — я магу вам прапанаваць толькі пару кароўіх капыт, падобных на цялячыя ногі, або пару цялячых ног, падобных на кароўі капыты.

— З гэтай хвіліны я лічу іх сваімі, — сказаў Санчо, — і няхай ніхто не дакранецца да іх!

Час вячэры прышоў, і Дон-Кіхот пайшоў да сябе ў пакой, куды гаспадар прынёс ім ежу. У гэты час у суседнім пакоі нехта сказаў:

— Міласць ваша, сен’ёр дон Херанімо, покуль нам прынясуць вячэру, прачытайце яшчэ адзін раздзел з другой часткі „Дон-Кіхота Ламанчскага“[19].

Пачуўшы сваё імя, Дон-Кіхот пачаў з пільнай увагай прыслухоўвацца да таго, што гаварылі пра яго.

— Чаму вы, дон Хуан, хочаце, каб мы чыталі гэтую недарэчнасць? — запытаў другі размоўнік, якога звалі Херанімо. — Той, хто прачытаў першую частку сапраўднай гісторыі „Дон-Кіхота Ламанчскага“, не будзе мець здавальнення чытаць другую, фальшывую яе частку.

— Тым не менш, — сказаў дон Хуан, — добра было-б прачытаць яе. Больш за ўсё мне падабаецца ў ёй тое, што тут Дон-Кіхот паказаны пакінуўшым кахаць Дульсінею Табоскую.

— Пачуўшы гэта, Дон-Кіхот, ахоплены гневам і абурэннем, усклікнуў:

— Дон-Кіхот Ламанчскі не здольны і не можа запамятаць Дульсінею Табоскую, і я давяду гэта кожнаму са зброяй у руках!

— Хто гэта гаворыць? — запыталі з другога пакоя.

— Вядома, Дон-Кіхот Ламанчскі, — заявіў Санчо. — Ён адстоіць усё, што сказаў, бо добрага плацельшчыка не непакоіць унесены ім залог.

Толькі Санчо дагаварыў гэтыя словы, як у пакой увайшлі два кабальеро. Адзін з іх, кінуўшыся на шыю да Дон-Кіхота, сказаў яму:

— Няма сумнення, што вы, сен’ёр, сапраўды Дон-Кіхот Ламанчскі, магніт і ранішняя зорка вандроўнага рыцарства, на зло тым, хто хацеў-бы знішчыць вашы ўчынкі, як гэта зрабіў аўтар кнігі, якую мы збіраліся чытаць.

Абодва кабальеро прасілі Дон-Кіхота перайсці да іх у пакой і павячэраць з імі. Дон-Кіхот накіраваўся з імі, пакінуўшы Санчо з яго кароўімі капытамі.

У час вячэры дон Хуан запытаў Дон-Кіхота, якія ў яго весткі пра сен’ёру Дульсінею Табоскую. Дон-Кіхот адказаў, што яна зусім здаровая, але, на жаль, зроблена нязграбнай злоснымі чараўнікамі. Потым ён пачаў расказваць абодвум кабальеро пра свае новыя прыгоды, не ўвайшоўшыя ў першую надрукаваную частку яго гісторыі.

У такіх гутарках прайшла значная частка ночы.

Кабальеро запытаў Дон-Кіхота, куды ён парашыў ехаць. Ён адказаў, што ў Сарагосу, каб прысутнічаць на турнірах з выдачай пераможцу ўзбраення.

Тады дон Хуан расказаў яму, што ў фальшывай другой частцы гісторыі апавядаецца, як Дон-Кіхот быў у Сарагосе на турніры, дзе зрабіў вельмі многа глупства.

— З гэтай самай прычыны, — адразу адказаў гнеўна Дон-Кіхот, — мае нагі не будзе ў Сарагосе. Такім чынам я выстаўляю напаказ перад усім светам хлуслівасць гэтага дурнога пісакі. Няхай людзі даведаюцца, што я не той Дон-Кіхот, пра якога ён гаворыць.

— Вы зробіце вельмі добра, — згадзіўся з ім дон Херанімо. — Такія турніры адбываюцца і ў Барселоне, дзе сен’ёру Дон-Кіхоту можна будзе паказаць усю сваю харобрасць.

— Так я і зраблю, — адказаў Дон-Кіхот, — а цяпер, міласці вашы, дазвольце мне ісці легчы ў ложак. Лічыце мяне ў ліку лепшых вашых сяброў і слуг.

— І мяне таксама, — дадаў Санчо, — можа і я магу на што-небудзь спатрэбіцца.

З гэтымі словамі яны развіталіся адзін з адным. Дон-Кіхот і Санчо пайшлі ў свой пакой, пакінуўшы дона Хуана і дона Херанімо ва ўпэўненасці, што менавіта яны — сапраўдныя Дон-Кіхот і Санчо, а не тыя, якія апісаны ў фальшывай гісторыі. Раніцай Дон-Кіхот, развітаўшыся з частаваўшымі яго кабальеро, разам з Санчо накіраваўся ў далейшую дарогу.


РАЗДЕЛ XLVIII
Пра тое, што здарылася з Дон-Кіхотам па дарозе ў Барселону

Пакідаючы заезджы двор, Дон-Кіхот перад гэтым даведаўся, якая самая кароткая дарога ў Барселону, мінуючы Сарагосу, бо ён хацеў ашукаць хлуслівага пісаку, які напаклёпнічаў на яго. На працягу шасці дзён з ім не адбылося нічога, заслугоўваючага быць запісаным.

На сёмы дзень, спыніўшыся на начны адпачынак, Санчо адразу заснуў, а Дон-Кіхота ахапілі мары аб прыгожай Дульсінеі і аб спосабе зняць з яе чары. Ён упадаў у роспач пры думцы аб неахайнасці і малым спачуванні Санчо, які ўдарыў сябе толькі пяць разоў, гэта значыць, зусім мала ў параўнанні з бязмежнай колькасцю яшчэ нехапаючых удараў. Гэта выклікала ў яго такое моцнае нездавальненне, што ён прышоў да наступнага вываду:

„Неабходна мне самому ўзяцца за гэтую справу! Самае важнае, каб Санчо атрымаў тры тысячы трыста ўдараў. Што мне да таго, сам ён або хто-небудзь другі будзе біць яго, абы толькі ён іх атрымаў, адкуль-бы яны ні ўзяліся!“ З гэтай думкай ён падышоў да Санчо, перад гэтым узяўшы аброць Расінантэ, і пачаў адшпільваць у Санчо падцяжкі. Але толькі ён узяўся за гэта, як Санчо прачнуўся і сказаў:

— Што гэта такое? Хто мяне чапае і здымае падцяжкі?

— Гэта я, — адказаў Дон-Кіхот, — прышоў навярстаць тое, што ты прапусціў, і палягчыць маю трывогу. Дульсінея гіне; ты жывеш без турбот; я паміраю ад жадання; з гэтай прычыны адшпілі падцяжкі па добрай волі, бо мая воля — даць табе ў гэтым ціхім месцы, прынамсі, дзве тысячы ўдараў.

— Ну, не! — сказаў Санчо. — Удары павінны быць зроблены па добрай маёй волі, а цяпер у мяне няма ахвоты біць сябе. Хопіць і таго, што я даю вашай міласці слова лупцаваць сябе, калі мне гэта захочацца.

— У гэтым нельга спадзявацца на адну тваю ласку, Санчо, бо сэрца ў цябе жорсткае, а цела — пешчанае.

Кажучы гэта, ён стараўся зняць з яго порткі. Убачыўшы гэта, Санчо ўскочыў на ногі і, падставіўшы яму нагу, паваліў на зямлю тварам угару. Паставіўшы яму потым правае калена на грудзі, ён трымаў яго рукі сваімі рукамі так, што Дон-Кіхот не мог крануцца.

— Як, здраднік?і — сказаў яму Дон-Кіхот. — Ты паўстаеш супроць свайго пана?

— Не, я толькі памагаю самому сабе, бо я сам сабе сен’ёр! Няхай ваша міласць не прымушае да бічавання цяпер, тады я пушчу вас.

Дон-Кіхот абяцаў яму гэта, пасля чаго Санчо падняўся і адышоў на вялікую адлегласць ад таго месца. Тымчасам ужо развіднела, і абодвух герояў зусім нечакана акружыла каля сарака разбойнікаў, якія загадалі ім стаяць не рухаючыся, пакуль не з’явіцца іхні атаман. Дон-Кіхот быў пешы, конь яго пасвіўся, кап’ё было прыстаўлена да дрэва, — адным словам, ён быў пазбаулены мажлівасці абараняцца.

Разбойнікі кінуліся рабаваць тое, што было на Шэрым, і забралі ўсё, што знайшлі ў торбах і ў дарожным чамадане. Шчасце Санчо, што чырвонцы герцага і тыя, якія ён вёз з сабою з хаты, былі ў яго схаваны ў поясе, надзетым на голае цела. Але тым не менш, гэтыя добрыя людзі знайшлі-б іх, каб у гэты час не пад’ехаў іхні атаман. Ён вельмі здзівіўся, убачыўшы кап’ё, шчыт і самога сумнага Дон-Кіхота ва ўзбраенні. Атаман адразу-ж загадаў спыніць рабаўніцтва і сказаў, звяртаючыся да рыцара:

— Не будзьце такім сумным, добры чалавек, бо вы трапілі ў рукі Роке Гінарта[20], які больш спачувальны, як жорсткі.

— Сум мой не з тае прычыны, — адказаў Дон-Кіхот, — што я трапіў пад уладу табе, о, харобры Роке, а з тае прычыны, што бесклапотнасць мая была такой вялікай, што твае салдаты ўзялі мяне так ганебна ў палон. Каб яны знайшлі мяне вярхом на кані, са шчытам і кап’ём у руках, ім-бы давялося нялёгка, бо я — Дон-Кіхот Ламанчскі, чуткамі аб учынках якога повен увесь свет.

Роке Гінарт адразу-ж зразумеў, што хвароба Дон-Кіхота мае дачыненне больш да вар’яцтва, як да геройства. Ён быў у вышэйшай ступені здаволены, што сустрэў яго, і сказаў:

— Харобры рыцар, не крыўдзьцеся лёсам, які выпаў вам на долю. Можа няўдача ваша ператворыцца ва ўдачу, і вы астанецеся здаволеным сустрэчай са мной.

Дон-Кіхот збіраўся ўжо падзякаваць яго, але ў гэты час прыбег адзін з людзей Роке і сказаў атаману:

— Сен’ёр, недалёка адсюль, па дарозе, якая вядзе ў Барселону, набліжаецца вялікі натоўп людзей.

— Разгледзеў ты, — запытаў Роке, — ці з тых яны, што нас шукаюць, або з тых, якіх мы шукаем?

— Яны з тых, якіх мы шукаем!

— Тады ідзіце ўсе і прывядзіце мне іх сюды адразу-ж, каб ніхто з іх не ўцёк.

Яны зрабілі так, як ім загадалі, а Дон-Кіхот, Санчо і Роке засталіся адны. Тады атаман сказаў Дон-Кіхоту:

— Наша жыццё павінна здавацца сен’ёру Дон-Кіхоту зусім незвычайным, бо яно поўна дзіўных прыгод, трывог і небяспекі, але сярод лабірынта маіх памылак я не трачу надзеі выйсці ў бяспечную гавань.

Дон-Кіхот быў здзіўлены, пачуўшы развагі Роке, і адказаў яму:

— Сен’ёр Роке, пачатак выздараўлення ляжыць у разуменні хваробы і ў гатоўнасці прымаць лекі, дадзеныя яму доктарам. Калі вам захочацца, я буду вашым доктарам і навучу вас быць вандроўным рыцарам. На гэтым шляху даводзіцца цярпець столькі бяды і няшчасця, што яны, напэўна, здымуць з вас грэх зробленых вамі злачынстваў.

У гэты час вярнуліся разбойнікі, прывёўшы з сабой двух конных кабальеро, двух пешых падарожнікаў і карэту, у якой сядзелі жанчыны, суправаджаемыя шасцю слугамі. Вялікі Роке запытаў кабальеро, хто яны такія, куды едуць і колькі ў іх з сабою грошай. Адзін з іх адказаў:

— Сен’ёр, мы абодва — капітаны іспанскай пяхоты і едзем у Барселону, каб адплысці на чатырох галерах у Сіцылію. Мы маем з сабой усяго дзвесце або трыста чырвонцаў, бо звычайная беднасць салдат не дапускае вялікіх багаццяў.

Роке захацеў таксама даведацца, хто едзе ў карэце, куды і колькі ў іх грошай. Яму адказалі, што ў карэце едзе дон’я Кін’ёнес, жонка старшыні неапалітанскага суда, у суправаджэнні шасці слуг. Грошай-жа ў яе ўсяго шэсцьсот чырвонцаў.

— Такім чынам, — сказаў Роке Гінарт, — мы маем прыблізна дзевяцьсот чырвонцаў, а салдат у мяне каля шасцідзесяці. Палічыце самі, колькі давядзецца з гэтай сумы на кожнага, бо я дрэнна ўмею лічыць.

Пачуўшы гэта, разбойнікі радасна закрычалі:

— Няхай жыве Роке Гінарт многія гады! На зло шэльмам, шукаючым яго пагібелі!

Капітаны і сен’ёра жонка старшыні суда зрабіліся вельмі сумнымі, убачыўшы, што ў іх збіраюцца адабраць іхнюю маёмасць. Але Роке злітасцівіўся з іх і, абярнуўшыся да капітанаў, сказаў:

— Сен’ёры капітаны, будзьце настолькі ветлівымі пазычыць мне шэсцьдзесят чырвонцаў, а сен’ёра жонка старшыні — восемдзесят, каб здаволіць гэты атрад, суправаджаючы мяне, бо поп тым і жыве, што абедню спявае.

Капітаны вельмі красамоўна дзякавалі Роке за тое, што ён пакінуў ім іхнія грошы, а Роке папрасіў у сен’ёры прабачэння за крыўду, якую ён ёй зрабіў, прымушаны да гэтага дакладнымі абавязкамі сваёй не зусім сумленнай прафесіі.

Атрымаўшы ад іх грошы, Роке зараз-жа загадаў вызваліць падарожнікаў і пусціць іх на волю. Потым Роке напісаў ліст аднаму свайму сябру ў Барселоне, паведамляючы яго пра тое, што праз чатыры дні туды прыбудзе славуты Дон-Кіхот Ламанчскі, якога трэба прыняць як можна лепш. Гэты ліст даставіў па адрасу адзін з разбойнікаў, перад гэтым памяняўшы свой гарнітур на сялянскую вопратку.


РАЗДЗЕЛ XLIX
Пра тое, што здарылася з Дон-Кіхотам пры ўездзе ў Барселону, а таксама аб прыгодзе, зрабіўшай Дон-Кіхоту больш крыўды, як ўсе тыя, што здарыліся з ім да гэтага часу

Тры дні і тры ночы прабыў Дон-Кіхот у Роке, здзіўляючыся яго спосабу жыцця. Разбойнікі ўвесь час былі ў руху, пераходзячы з месца на месца. Сам Роке знаходзіўся асобна ад сваіх людзей у тайных сховах, бо шматлікія загады, выданыя віцэ-каралём Барселоны і пагражаючыя яго жыццю, трымалі яго ў трывозе. Нарэшце па непраезджых дарогах і тайных сцежках Роке, Дон-Кіхот і Санчо з шасцю разбойнікамі накіраваліся ў Барселону. Прыехаўшы сюды, Роке абняў Дон-Кіхота і развітаўся з ім.

Гэта было яшчэ да золку, а ў час усходу сонца коннікі ў багатых гарнітурах пад’ехалі да таго месца, дзе знаходзіўся Дон-Кіхот. Адзін з іх (той, які быў папярэджаны лістом Роке) сказаў гучна Дон-Кіхоту:

— Калі ласка, прашу ў наш горад, люстра, зорка і магніт вандроўнага рыцарства ва ўсім яго памеры! Мы ўсе — слугі вашы і вялікія сябры Роке Гінарта!

— Я ў вашым распараджэнні, — адказаў Дон-Кіхот, — вядзіце мяне, куды хочаце, калі вы маеце жаданне карыстацца маімі паслугамі!

Акружыўшы яго, пры гуках габояў і літаўраў, кабальеро разам з ім накіраваліся ў горад. Пры ўездзе ў яго двое з хлапчукоў, акружаўшых іх з усіх бакоў праціснуліся праз натоўп, і адзін з іх, падняўшы хвост асла, а другі — Расінантэ, засунулі пад гэтыя хвасты некалькі пучкоў дзікага дзёрну. Бедныя жывёлы, адчуўшы гэтыя дзіўныя шпоры, яшчэ мацней прыціснулі хвасты, чым яшчэ больш павялічылі боль. Потым, зрабіўшы тысячы скачкоў, яны скінулі на зямлю сваіх коннікаў. Зняважаны Дон-Кіхот, здагадаўшыся, у чым справа, паспяшыў зняць плюмаж з-пад хваста сваёй клячы, а Санчо — з-пад хваста свайго асла. Кабальеро, суправаджаўшыя Дон-Кіхота, хацелі былі пакараць хлапчукоў за іхнюю дзёрзкасць, але гэта было немажліва, бо яны схаваліся сярод тысячы другіх.

Пасля гэтага Дон-Кіхот і Санчо зноў селі вярхом і цяпер ужо бяспечна даехалі да дома, дзе жыў іхні праваднік. Гаспадар гэтага дома, багаты кабальеро дон Антоніё Марэно, любіў розныя прыстойныя і тонкія забавы.

Як толькі ён убачыў Дон-Кіхота ў сваім доме, ён пачаў выдумляць, якім чынам прымусіць яго выказаць свае недарэчнасці. У той дзень у доме Антоніё абедалі некаторыя з яго сяброў. Усе яны выказвалі павагу Дон-Кіхоту і абыходзіліся з ім, як з вандроўным рыцарам, у выніку чаго ён быў у надзвычайным здавальненні. А жарты Санчо былі такія дасціпныя, што ўсе, хто слухаў яго, былі нібы прыкаваныя да яго вуснаў.

У той-жа вечар Дон-Кіхота павялі гуляць у хатнім гарнітуры з чырвона-бурага сукна, ад якога ў гэты час года ўспацеў-бы сам лёд. Слугам быў дадзены загад займаць Санчо так, каб не выпусціць яго з дому. Дон-Кіхот ехаў вярхом не на Расінантэ, а на высокім спакойным муле. Ён не заўважыў, як да спіны яго прымацавалі пергамент, на якім вялікімі літарамі было напісана: „Гэта Дон-Кіхот Ламанчскі“. Запіска прыцягвала ўвагу ўсіх прахожых і праезджых. Усе яны ўголас чыталі: „Гэта Дон-Кіхот Ламанчскі“, а рыцар здзіўляўся, бачачы, што ўсе ведаюць яго і называюць па імю. Ён нават надзвычайна ганарыўся ўсеагульнай гэтай папулярнасцю і астаўся вельмі здаволены гэтай доўгай пагулянкай.

Калі ўсе вярнуліся дадому, тут пачаўся баль з дамамі. Жонка дона Антоніё, прыгожая і разумная сен’ёра, запрасіла сваіх сябровак прыйсці да яе ўшанаваць іхняга гасця і пазабавіцца ніколі нябачанымі яго дзівацтвамі. Баль пачаўся каля дзесяці гадзін вечара. Сярод дам былі дзве больш жартаўлівага і насмешлівага нораву. Яны так безупынна і старанна запрашалі танцаваць Дон-Кіхота, што стамілі яму не толькі цела, але і душу. Варта было паглядзець на фігуру Дон-Кіхота, даўгога, худога, жоўтага, у вузкай вопратцы, а галоўнае — нязграбнага.

Урэшце ён апусціўся сярод залы на падлогу, разбіты і замучаны такім вялікім практыкаваннем у танцах. Дон Антоніё загадаў узяць яго на рукі і занесці ў ложак. Санчо палажыў свайго пана ў ложак, накрыўшы яго, каб той успацеў і вызваліўся ад сваёй танцавальнай прастуды.

У такіх і таму падобных забавах прайшлі ў сен’ёра Антоніё два дні, а на трэці здарылася дзіўнае здарэнне, якога менш за ўсё чакаюць чытачы гэтай праўдзівай гісторыі.

— Здарылася гэта раніцай, калі Дон-Кіхот выехаў за горад пагуляць па ўзбярэжнай, узброены ўсім сваім узбраеннем, ён раптам убачыў, што да яго набліжаецца рыцар таксама ў поўным узбраенні. Рыцар гэты меў белае ўзбраенне, а на шчыце яго быў намаляваны бліскучы месяц. Наблізіўшыся да Дон-Кіхота, ён гучна сказаў:

— Харобры рыцар Дон-Кіхот Ламанчскі, я — рыцар Белага Месяца, нечуваныя геройствы якога, можа, напомняць табе пра мяне. З’явіўся я сюды, каб прымусіць цябе прызнаць, што мая дама, хто-б яна ні была, непараўнальна прыгажэй за тваю Дульсінею Табоскую. Прызнаўшы безадкладна гэтую ісціну, ты выратуеш сябе ад смерці, а мяне — ад працы ўчыніць яе табе. Калі-ж ты будзеш змагацца са мной, і я атрымаю перамогу, дык я буду патрабаваць, каб ты, скінуўшы зброю і стрымліваючыся ад пошукаў прыгод, накіраваўся да сябе ў сяло тэрмінам на год, дзе ўвесь гэты час ты пражывеш, не дакранаючыся да свайго мяча. Калі-ж ты пераможаш мяне, мая галава будзе ў тваім распараджэнні, зброя мая і конь мой будуць тваёй здабычай, а да тваёй славы пяройдзе слава маіх учынкаў.

Дон-Кіхот быў здзіўлены як ганарлівасцю рыцара Белага Месяца, так і прычынай яго выкліку на дуэль, але адказаў яму спакойна:

— Рыцар Белага Месяца, учынкі якога да гэтага часу яшчэ не даходзілі да майго ведама, я гатоў паклясціся, што вы ніколі не бачылі славутай Дульсінеі. Калі-б вы яе бачылі, вы, вядома, не зрабілі-б гэтага выкліку, бо пераканаліся-б, што не было і не можа быць прыгожасці, якую можна было-б параўнаць з яе прыгожасцю. Такім чынам, не кажучы нават, што вы хлусіце, а хутчэй — памыляецеся ў сваіх словах, я прымаю з азначанымі ўмовамі ваш выклік, і толькі выключаю з умовы, каб да мяне перайшла слава вашых учынкаў, бо я не ведаю, якога яны роду, я-ж здавольваюся славай уласных сваіх учынкаў. Такім чынам, пачнем дуэль.

У горадзе ўбачылі рыцара Белага Месяца і паведамілі пра гэта дону Антоніё Марэно. Той, думаючы, што гэтая новая прыгода вынайдзена якім-небудзь знаёмым кабальеро, паехаў безадкладна на ўзбярэжную. Прыехаў ён туды якраз у той час, калі Дон-Кіхот паварочваў Расінантэ, каб адзначыць поле для дуэлі. Убачыўшы, што абодва рыцары гатовы кінуцца адзін на аднаго, дон Марэно стаў між іх, пытаючыся, якая прычына прымусіла іх пачаць такую раптоўную бойку. Рыцар Белага Месяца ў кароткіх словах паўтарыў тое, што ўжо вядома чытачу і што прывяло ў неразуменне дона Марэно. Парашыўшы, што ўсё гэта — выдуманы кімсьці жарт, ён адышоў, кажучы:

— Сен’ёры рыцары, калі няма другога выйсця, як толькі зрабіць гэтае прызнанне або памерці, — пачынайце бойку.

Рыцар Белага Месяца ў ветлівых і прыгожых выразах падзякаваў дона Антоніё за дадзены ім дазвол; тое-ж самае зрабіў і Дон-Кіхот, які, даручыўшы сябе ад усяго сэрца сваёй Дульсінеі, павярнуў Расінантэ, каб ад’ехаць крыху далей.

Праз некаторы час абодва праціўнікі павярнулі сваіх коней і паімчаліся адзін на аднаго. Але конь рыцара Белага Месяца бег шпарчэй, у выніку чаго праціўнік Дон-Кіхота сустрэў яго на двух трэцях адлегласці. Тут ён стукнуўся з ім з такой імклівай сілай, што Дон-Кіхот і Расінантэ паваліліся на зямлю. Зараз-жа рыцар Белага Месяца кінуўся да яго і, прыставіўшы яму кап’ё да забрала, усклікнуў:

— Вы пераможаны, рыцар, і пазбавіцеся жыцця, калі не падначаліцеся ўмовам нашага паядынку.

Дон-Кіхот, увесь пакамечаны і ашаломлены, не падымаючы забрала, сказаў слабым, замагільным голасам:

— Дульсінея Табоская — самая прыгожая жанчына на свеце, а я — самы несумленны рыцар. Мая слабасць не павінна зменшваць гэтую ісціну. Утыркні ў мяне кап’ё сваё, рыцар, і вазьмі жыццё, бо ты ўжо адабраў у мяне чэсць.

— Гэтага я, вядома, не зраблю, — гучна так, каб усе чулі, сказаў рыцар Белага Месяца, — няхай жыве ва ўсёй сваёй недатыкальнасці слава аб прыгожасці сен’ёры Дульсінеі Табоскай! Я зусім здаволюся, калі вялікі Дон Кіхот накіруецца ў сваё мястэчка на год, як мы ўмовіліся перад гэтай бойкай.

Усё гэта дон Антоніё з многімі другімі, быўшымі тут, чуў; чуў ён таксама і адказ Дон-Кіхота: калі ў яго не патрабуюць нічога, што можа прынесці шкоду Дульсінеі, усё астатняе ён выканае, як сумленны рыцар.

Пачуўшы гэтую заяву, рыцар Белага Месяца павярнуў каня і, нахіліўшы галаву перад гледачамі, ускочку накіраваўся ў горад. Дон Антоніё парашыў паехаць за ім і, чаго-б гэта ні каштавала, даведацца хто ён такі.

Калі Дон-Кіхоту адкрылі твар, дык убачылі, што ён бледны і пакрыты потам. Расінантэ быў у вельмі дрэнным становішчы і не мог рухацца. Санчо, вельмі засмучоны, не ведаў, што рабіць. Яму здавалася, нібы тое, што здарылася, было ўва сне і ўся гэтая гісторыя — справа чараўніцтва. Яго пан быў пераможаны і абавязаўся не браць у рукі зброі на працягу года, у выніку чаго надзеі на ажыццяўленне нядаўна дадзеных ім Санчо абяцанняў былі развеяны, як дым. Хутка пасля дуэлі рыцара на насілках прынеслі ў горад, куды праз некаторы час вярнуўся і дон Антоніё.


РАЗДЗЕЛ L,
у якім апавядаецца, хто быў рыцар Белага Месяца, а таксама аб мудрасці Санчо і іншыя не менш цікавыя і прыгожыя рэчы

Дон Антоніё Марэно паехаў услед за рыцарам Белага Месяца, які схаваўся у адным з гатэляў горада. Дон Антоніё таксама ўвайшоў за ім туды, жадаючы пазнаёміцца з ім.

Рыцар пайшоў у пакой ніжняга паверха але, убачыўшы, што гэты кабальеро не адстае ад яго, сказаў:

— Я добра разумею, сен’ёр, чаго вы сюды прышлі: вы хочаце даведацца, хто я! У мяне няма прычыны хаваць гэта ад вас. Ведайце-ж, сен’ёр, што я — бакалаўр Сансон Караско, з аднаго мястэчка з Дон-Кіхотам Ламанчскім, вар’яцтва якога абуджае жаласць ва ўсіх, ведаючых яго. Выздараўленне яго залежыць ад спакою і ад таго, каб ён жыў у сябе на радзіме ў сваім доме. Жадаючы прымусіць яго зрабіць гэта, я парашыў выклікаць яго на дуэль з умовай, каб пераможаны аддаў сябе на волю пераможцы. Перамогшы яго сёння, я патрабаваў ад яго, каб ён вярнуўся ў сваё мястэчка і не выязджаў адтуль цэлы год, на працягу якога яго можна вылечыць. З тае прычыны, што ён дакладна захоўвае правілы вандроўнага рыцарства, ён выканае і абавязак, узложаны мною на яго. Вось, сен’ёр усё, што здарылася. Упрашаю вас: не гаварыце Дон-Кіхоту, хто я, каб яму можна было вярнуць розум, які ў яго добры, за выключэннем рыцарскіх яго недарэчнасцей.

— О, сен’ёр, — адказаў на гэта дон Антоніё, — вялікую страту зробіце вы ўсяму свету, калі вернеце развагу самаму дасціпнаму вар’яту, які толькі ёсць на свеце. Я асабіста перакананы, што карысць ад цвярозага розуму Дон-Кіхота не можа быць большай за тое задавальненне, якое даюць яго вар’яцкія выбрыкі, і перакананы, што вам гэта не ўдасца. Тым не менш я буду маўчаць і нічога не скажу Дон-Кіхоту, каб праверыць, ці ўдасца вам вылечыць яго.

Караско развітаўся з ім, загадаў пакласці сваё ўзбраенне на мула і выехаў у той-жа дзень з горада да сябе на радзіму.

Шэсць дзён прабыў пасля гэтага Дон-Кіхот у сваім ложку, будучы ў дрэнным настроі і безупынна думаючы пра няшчаснае сваё паражэнне. Заспакойваючы яго, Санчо сказаў:

— Сен’ёр мой, будзьце бадзёрым, калі можаце: вы-ж не паламалі сабе ніводнага рабра. Наогул, як вы ведаеце, дзе даюць, там і бяруць, і не заўсёды ёсць капчонка, дзе ёсць кручкі для развешвання яе. Вернемся дахаты і адмовімся ад прыгод у краінах і мясцовасцях, невядомых нам. Калі добра прыглядзецца да справы, больш за ўсіх трачу тут я, бо калі ваша міласць адмовіцца зрабіцца каралём, пакідаючы сваю рыцарскую прафесію, дык і мае надзеі зрабіцца графам ператворацца ў дым.

— Маўчы, Санчо, маё-ж зняволенне не будзе працягвацца больш года. Потым я зноў вярнуся да благароднай маёй прафесіі і заваюю для сябе каралеўства, а для цябе — якое-небудзь графства.

ныя мае ногі, патрабуючы, каб яны ішлі больш, як ім трэба.

У падобных гутарках прайшло ў іх чатыры дні, і з імі не здарылася нічога такога, што перашкодзіла-б іхняму падарожжу. На пяты дзень, пры ўездзе ў мястэчка, яны ўбачылі ля дзвярэй гасцініцы многа народу.

Калі Дон-Кіхот наблізіўся да іх, адзін селянін гучна сказаў:

— Няхай хто-небудзь з гэтых двух сен’ёраў скажа нам, што рабіць з нашым закладам. Справа ў тым, сен’ёр добры, — сказау селянін, — што адзін тлусты жыхар гэтага мястэчка, які важыць адзінаццаць арабасаў[21], выклікaў нa бeг свайго суседа, які важыць не больш пяці. Умовай было — прабегчы адлегласць у сто крокаў з роўнымі цяжарамі. Калі запыталі у першага, як уроўнаважыць цяжары, ён сказаў, што яго праціўнік павінен палажыць сабе на плечы шэсць арабасаў жалеза. Такім чынам пяць арабасаў вагі хударлявага параўнаюцца з адзінаццаццю — таўсцяка.

— Ну, гэта ўжо не! — сказаў Санчо раней, як Дон-Кіхот паспеў адказаць. — Усяго некалькі дзён назад я перастаў быць губернатарам і суддзёй, з гэтай прычыны менавіта я павінен растлумачыць гэтыя сумненні і выказаць сваю думку ў кожнай спрэчцы.

— Правільна, сябра Санчо, — згадзіўся Дон-Кіхот.

— Атрымаўшы дазвол, Санчо сказаў сялянам, якія натоўпам стаялі вакол яго:

— Браткі, у патрабаванні таўсцяка няма ні розуму, ні справядлівасці. Калі выкліканы мае права выбіраць зброю, нядобра, каб выклікаўшы выбраў для яго зброю, якая пашкодзіць выкліканаму быць пераможцам. Такім чынам, на мой погляд, таўсцяк, выклікаўшы на бег, павінен зняць, зрэзаць, абцясаць або саскабліць шэсць арабасаў мяса са свайго цела, дзе яму захочацца. Давёўшы гэтым спосабам сваю вагу да пяці арабасаў, ён параўнаецца з пяццю арабасамі свайго праціўніка, і тады яны могуць бегчы на роўных умовах.

— Клянуся, — усклікнуў адзін селянін, — гэты сен’ёр гаворыць чыстую праўду, але баюся, што таўсцяк не захоча развітацца нават з адной унцыяй свайго мяса, не то што з шасцю арабасамі.

— Лепш было-б ім зусім не бегаць, — сказаў другі селянін.

Але Дон-Кіхот ужо не слухаў іх. Прышпорыўшы Расінантэ, ён паехаў наперад, пакінуўшы іх здзіўленымі яго дзіўнай фігурай і розумам яго слугı, за якога яны прынялі Санчо.

Гэтую ноч пан і слуга правялі сярод поля, пад адкрытым небам. На наступны дзень, працягваючы сваё падарожжа, яны сустрэлі пешахода з торбаю цераз плячо і з пікаю ў руках. Убачыўшы Дон Кіхота, ён падбег да яго і з вялікай радасцю ўсклікнуў:

— О, сен’ёр мой Дон-Кіхот Ламанчскі, як рады будзе герцаг, калі ён даведаецца, што ваша міласць варочаецца ў замак.

— Я вас не ведаю, сябра, — сказаў Дон-Кіхот, — і не апазнаю, калі вы мне не скажаце, хто вы.

— Сен’ёр Дон-Кіхот, — адказаў чалавек, — я — Тасілос, лакей герцага, той самы Тасілос, які не захацеў змагацца з вашай міласцю з-за жаніцьбы з дачкой дон’і Родрыгес.

— Няўжо вы той, каго мае ворагі-чараўнікі ператварылі ў лакея, каб пазбавіць мяне славы ў гэтай бойцы.

— Хопіць, сен’ёр добры. Тут не было ніякага чараўніцтва. Я быў і астаўся лакеем Тасілосам і думаў ажаніцца, не пачынаючы бойкі, бо маладая дзяўчына мне спадабалася. Але як толькі ваша міласць паехала з замка, герцаг загадаў даць мне сто палак за тое, што я не паслухаўся яго загадаў, якія ён мне даў перад уступленнем у бойку. Дзяўчына-ж пайшла ў манастыр, а дон’я Родрыгес вярнулася ў Кастылію. Я іду цяпер у Барселону і нясу пакет лістоў віцэ-каралю. Калі вашай міласці хочацца выпіць глаток чыстага віна, я прапаную вам цэлую бутэльку і некалькі скрылькоў транчонскага сыру, які абудзіць смагу, калі яна заснула.

— Мне падабаецца гэтая прапанова… — сказаў Санчо.

— Ты, Санчо, — спыніў яго Дон-Кіхот, — самы вялікі аб’ядала і самы вялікі невук на свеце! Цябе ніяк нельга пераканаць, што гэты Тасілос зачараваны і ператвораны. Аставайся з ім і наядайся сытна, а я паеду ціха наперад і буду чакаць, калі ты прыедзеш.

Лакей і Санчо селі на зялёнай траве і ў добрай згодзе так шпарка справіліся з усім, што было у торбах, што нават аблізалі пакет з лістамі толькі таму, што ад яго пахла сырам.

— Няма сумнення, — сказаў Тасілос, — што твой пан, Санчо, павінен быць вар’ятам.

— Як павінен? — перапытаў Санчо. — Ён нікому нічога не вінен, бо за ўсё плоціць, асабліва калі манетай з’яўляецца вар’яцтва. Але што за карысць з таго, асабліва цяпер, калі ён канчаткова страціў розум, бо яго перамог рыцар Белага Месяца.

Тасілос папрасіў яго расказаць, як гэта здарылася, але Санчо адказаў, што было-б непрыстойна з яго боку прымушаць чакаць свайго пана. Пасля гэтага, страсануўшы свой плашч і выкінуўшы крошкі з барады, ён пагнаў перад сабой асла. Хутка ён дагнаў свайго пана, які чакаў яго пад ценем дрэва, ахоплены цяжкімі развагамі пра зняцце чараўніцтва з Дульсінеі і пра жыццё, якое яму трэба было весці ў вымушанай адзіноце.

Санчо падышоў да Дон-Кіхота і пачаў хваліць яму шчодры пачастунак лакея Тасілоса.

— Няўжо, — сказаў Дон Кіхот, — ты, Санчо, усё яшчэ думаеш, што гэта сапраўдны лакей? Але скажы мне, пытаўся ты ў гэтага Тасілоса, ці аплакала Алтысідора разлуку са мной, або яна ўжо забылася на каханне, якое мучыла яе ў маёй прысутнасці?

— Мае думкі, — адказаў Санчо, — былі не такога роду, каб я меў час пытацца пра глупства. Клянуся целам маім, сен’ёр, няўжо ваша міласць можа даведвацца цяпер пра чужыя думкі, асабліва пра думкі закаханых?

— Бачыш, Санчо, існуе вялікая розніца між каханнем і удзячнасцю; можа здарыцца, што рыцар не закаханы, але каб ён, строга кажучы, быў няўдзячным, гэтага быць не можа. Як відаць, Алтысідора моцна кахала мяне, але ў мяне не было надзеі на багацце, якое я мог-бы прапанаваць ёй, бо багацце вандроўных рыцараў — нібы блукаючыя агні, зданнёвыя і зманлівыя, а мае надзеі я аддаў Дульсінеі, якую ты зневажаеш, забыўшыся караць сваё цела, жадаючы лепш захаваць яго для чарвякоў, чымся для палягчэння лёсу маёй беднай сен’ёры.

— Сен’ёр, — адказаў Санчо, — кажучы па праўдзе, я ніяк не мог пераканаць сябе, што бічаванне маіх ляжак можа мець якія-небудзь адносіны да зняцця чар з сен’ёры Дульсінеі. Гэта ўсё-адно, што сказаць: у вас баліць галава, дык памажце маззю калені. Але як-бы там ні было, я выканаю сваё абяцанне, калі ў мяне будзе ахвота і зручны час для бічавання.

У такіх гутарках яны дайшлі да таго месца, дзе былі збіты быкамі з ног. Успомніўшы пра гэта, Дон Кіхот сказаў Санчо:

— Вось луг, на якім мы сустрэліся з пастухамі. Ведаеш, Санчо, якая думка прышла мне у галаву? Калі табе гэта падабаецца, я хацеў-бы, каб і мы ператварыліся ў пастухоў, хаця-б на той час, які я павінен правесці ў адзіноце. Я куплю некалькі авечак і ўсе іншыя рэчы, неабходныя для прафесіі пастуха. Я назавуся пастухом Кіхотыс, а ты — Пансіно, і мы будзем валацужыць па горах, лясах і лугах, здавольваць сваю смагу з крышталёвых крыніц. Дубы дадуць нам салодкія свае плады, ружы — пах, шырокія лугі — дываны, упрыгожаныя тысячай кветак. Месяц і зоры дадуць нам святло, песні — асалоду, каханне — мары, дзякуючы якім мы зробімся славутымі і бяссмертнымі не толькі ў цяперашні час, але і ў будучыя стагоддзі.

— Я, сен’ёр, такі няшчасны, — сказаў Санчо, — што баюся — ніколі не прыдзе той дзень, калі я ўбачу сябе ў гэтай прафесіі. Я нават не хачу марыць пра гэта, каб не рабіць сабе згрызот, бо сказана: знішчыўшы прычыну, знішчыш і грэх, і чаго не бачыць вока, пра тое не гаруе сэрца, бо лягчэй пераскочыць цераз паркан, чымся прасіць у добрых людзей.

— Хопіць прыказак, Санчо, — сказаў Дон-Кіхот. — Адной з тых, што ты падаў, было-б зусім дастаткова, каб выказаць тваю думку. Многа разоў раіў я табе не быць такім шчодрым на прыказкі і стрымлівацца, калі ты іх падаеш; але гэта, як гаворыць прыказка, азначае прапаведваць у пустыні, або па другой прыказцы: маці мяне б’е, а я б’ю цацку.

— Мне думаецца, — адказаў Санчо, — што ваша міласць робіць па прыказцы: „Скаварада сказала катлу: ідзі адсюль, чорнавокі“. Вы лаеце мяне за тое, што я падаю прыказкі, а самі нанізваеце іх папарна.

— Але ж я падаю прыказкі дарэчы, а ты прыцягваеш іх за валасы, падаеш іх ні к сялу, ні к гораду.

Скончыўшы, нарэшце, гэтую гутарку аб прыказках, яны павячэралі позна і дрэнна, зусім супроць густу Санчо, які ўспомніў багатыя абеды ў дамах дона Дыего дэ-Міранда, багатага Камачо і дона Антоніё Марэно. Аднак гэта не пашкодзіла яму правесці гэтую ноч ува сне, у той час як пан яго доўга варочаўся, стагнаў і ўздыхаў, ахоплены сумнымі думкамі.


РАЗДЗЕЛ LI
Пра шчаціністую[22] прыгоду, якая здарылася з Дон-Кіхотам, а таксама яшчэ пра адну, самую надзвычайную і рэдкую прыгоду.

Ноч была цёмная, і Дон-Кіхот урэшце задрамаў на некаторы час. Але заўсёдныя клопаты не давалі яму спаць. І ён, прачнуўшыся хутка, разбудзіў Санчо і сказаў яму:

— Я здзіўлены спакойнасцю твайго характару. Ты зроблены з мармура або з моцнай бронзы, у якіх няма ні руху, ні пачуцця. Я не сплю, калі ты спіш, я плачу, калі ты спяваеш, я трачу свядомасць ад паста, калі ты не можаш перадыхнуць ад перасычэння. Абавязак-жа добрых зброеносцаў — спачуваць гору сваіх рыцараў і падзяляць іхнія пачуцці, хоць-бы толькі дзеля прыстойнасці. З гэтай прычыны падумай сам, ці не пара табе падняцца і, адышоўшы адсюль некалькі ў бок, з мужным сэрцам і адважнай душой ударыць сябе трыста або чатырыста разоў у лік тых удараў, якія патрэбны, каб зняць чары з Дульсінеі. Я не хачу пaчынаць з табой бойку на кулаках, бо ў цябе рука цяжкая. Затое пасля гэтых удараў мы праспяваем: я — пра маю разлуку, а ты — пра сваю сталасць. Гэтым мы зробім пачатак нашым пастушым заняткам.

— Сен’ёр, — адказаў Санчо, — я не манах, каб падымацца сярод сна і біць сябе. Яшчэ менш здаецца мне зручным і мажлівым пераходзіць адразу ад страшнага болю удараў да музыкі. Не перашкаджайце мне, міласць ваша, спаць і не падганяйце адносна бічавання, бо ў праціўным выпадку я не дакрануся да свайго цела.

— О, закасцянелая душа! О, бязлітасны зброеносец! Дзякуючы мне, ты быў губернатарам і маеш блізкую надзею зрабіцца графам.

— Я гэтага не ведаю, — перапыніў яго Санчо, — а ведаю толькі, што пакуль я сплю, у мяне няма ні страху, ні надзей, ні трывог, ні славы. Сон — харч, які пазбаўляе ад голаду, вада, якая здавальняе смагу, агонь, які сагравае холад, вага, якая ўроўнаважвае пастуха з каралём і прастака з мудрым.

— Ніколі я не чуў, Санчо, каб ты гаварыў так прыгожа, як цяпер.

У гэты час словы Дон-Кіхота спыніў гучны гул, які пачуўся па ўсёй акрузе. Дон-Кіхот адразу-ж ускочыў на ногі і ўзяўся за меч, а Санчо, ахоплены дрыжыкамі ад спалоху, падлез пад Шэрага, загарадзіўшы сябе з бакоў узбраеннем і ўючым сядлом. Шум паступова павялічваўся. Справа ў тым, што некалькі чалавек гналі прадаваць на рынак больш шасцісот свіней, рабіўшых такі вялікі шум сваім рохканнем і чмыханнем, што яны зусім аглушылі Дон Кіхота і Санчо. Вялікі статак урэшце, без ніякай павагі да аўтарытэта Дон-Кіхота і Санчо, перайшоў цераз іх абодвух, разбурыўшы траншэі Санчо і перакуліўшы Дон-Кіхота і Расінантэ. Гурт свіней, іхняе рохканне, шпаркасць, з якой брудныя гэтыя жывёлы з’явіліся, так раззлавалі Санчо, што ён зараз-жа папрасіў у свайго пана меч, маючы намер забіць з поўтузіны гэтых свіней, але Дон-Кіхот сказаў яму:

— Пакінь іх, сябра; знявага гэтая — справядлівая кара для пераможанага вандроўнага рыцара. На такіх заўсёды накідваюцца шакалы, кусае асва і топчуць свінні.

— Напэўна, — сказаў Санчо, — зброеносцаў пераможаных рыцараў павінны кусаць мухі, есці вошы і мучыць голад. Каб зброеносцы былі сынамі рыцараў або іх блізкімі сваякамі, я-б згадзіўся з тым, каб кара за віну рыцара падала на зброеносцаў да чацвертага калена… Між іншым, усё-адно, давайце даспім тое малае, што засталося ад ночы; можа раніцою справы нашы палепшацца.

— Спі, Санчо, бо ты нарадзіўся, каб спаць, а я — для таго, каб быць заўсёды пільным. Да надыходу дня я дам поўную волю маім думкам і апрацую іх у форме вершаў.

— Мне здаецца, — адказаў Санчо, — што думкі, якія прымушаюць складаць вершы, не павінны мець вялікага значэння. Між іншым, няхай міласць ваша складае вершы, колькі ёй захочацца, а я буду спаць, колькі я здолею.

І зараз-жа ён лепш лёг і заснуў моцным сном, а Дон-Кіхот пад музыку сваіх уздыхаў запеў складзены ім самім раманс, які канчаўся такім куплетам:

Што рабіць мне? — Жыццё забівае,
А смерць, гуляючы са мной,
Зноў жыццё мне зварачае
Сваёй бязлітаснай рукой.

Пад акампанімент яго спеву непрыкметна прышоў дзень. Сонца абудзіла Санчо, які, заўважыўшы спусташэнне, зробленае ў яго прадуктах свіннямі, пракляў іх самымі апошнімі словамі. Яны зноў адправіліся ў сваё падарожжа і ў час надыходу вечара ўбачылі, што насустрач ім набліжаецца каля дзесяці коннікаў. Сэрца у Дон-Кіхота забілася ад хвалявання, а ў Санчо замерла ад страху, бо людзі, ехаўшыя ім насустрач, былі ўзброены коп’ямі і мелі вельмі ваяўнічы выгляд. Дон-Кіхот абярнуўся да Санчо і сказаў:

— Каб не маё абяцанне, я мог-бы ўзяцца за зброю, і гэтая грамада здалася б мне салодкім тортам і пернікам. Але можа гэта што-небудзь другое, а не тое, чаго мы баімся.

У гэты час коннікі пад’ехалі да іх і, не кажучы ні слова, акружылі Дон-Кіхота і накіравалі свае коп’і яму ў спіну і грудзі, пагражаючы смерцю.

Адзін з іх, прылажыўшы палец да губ, схапіў за аброць Расінантэ і адвёў яго з дарогі.

Тое-ж самае было зроблена і з Санчо. Абодвух палонных пагналі наперад.

Калі яны спрабавалі казаць хоць слова, іх зараз-жа пачыналі біць коп’ямі.

Такім чынам у поўнай маўклівасці яны каля гадзіны ночы прыехалі ў замак, у якім Дон-Кіхот адразу-ж апазнаў замак герцага.

Увайшоўшы ў галоўны двор замка, коннікі злезлі з коней і, узяўшы Санчо і Дон-Кіxoга сілай на рукі, унеслі іх на двор, вакол якога гарэла каля сотні факелаў.

Дзякуючы гэтым факелам і некалькім сотням лямпак на галерэі, акружаўшай двор, адсутнасць дзённага святла не была прыкметна.

Сярод двара, футаў на шэсць ад зямлі, стаяў катафалк, пакрыты балдахінам з чорнага мошаста. Вакол катафалка гарэла на ступенях больш сотні свечак з белага воска, а на катафалку ляжала мёртвае цела да таго прыгожай дзяўчыны, што, дзякуючы яе прыгожасці, сама смерць здавалася прыгожай. У гэтай дзяўчыне Дон-Кіхот апазнаў Алтысідору.

З аднаго боку двара была пабудавана эстрада; тут на двух крэслах сядзелі два чалавекі, якія, мяркуючы па каронах на іх галовах і скіпетрах у руках, здаваліся каралямі, сапраўднымі або фальшывымі. Побач з гэтай эстрадай стаялі другія два крэслы, на якія пасадзілі Дон-Кіхота і Санчо.

Усё гэта было зроблена у поўнай маўклівасці.

Пасля гэтага на эстраду ўвайшлі з вялікай світай герцаг і герцагіня.

Яны ўрачыста селі на два багата упрыгожаныя крэслы побач з тымі двума асобамі, якія здаваліся каралямі.

Потым нейкі слуга падышоў да Санчо і накінуў на яго вопратку з чорнай кляёнкі, усю размаляваную чырвоным полымем, шапнуўшы яму на вуха, каб ён не раскрываў рота, калі не хоча быць забітым. Санчо, вельмі спалохаўшыся, паглядзеў на сваю вопратку і ўбачыў сябе ахопленым полымем. Але яно не паліла, і з гэтай прычыны ён не звярнуў на гэта ніякай увагі.

У новым сваім уборы Санчо быў такім смешным, што Дон-Кіхот, не гледзячы на свой спалох, не мог стрымацца ад ухмылкі.

У гэты час магільная маўклівасць была парушана наступнымі словамі аднаго з людзей у кароне:

— Я не буду апісваць смерць і прыгожасць непараўнальнай Алтысідоры, скажу толькі, што яе закліканы вярнуць да жыцця вялікі Санчо не менш вялікім учынкам, аб чым сказана ў запаведных кнігах лёсу.

Ледзь сказаў ён гэтыя словы, як яго сусед, падняўшыся з свайго крэсла, сказаў:

— Эй, слухайце вы, слугі гэтага дома, спяшайцеся ўсе адзін за адным сюды і сваімі пальцамі датыкніцеся да твара Санчо дваццаць чатыры разы, ушчыпніце яму дванаццаць разоў рукі і кальніце шэсць разоў булаўкай бакі, бо паратунак Алтысідоры залежыць ад ажыццяўлення гэтай пастановы.

Пачуўшы гэта, Санчо не вытрымаў і, парушыўшы маўчанку, усклікнуў:

— Клянуся ўсім на свеце, я не дазволю датыкнуцца да свойго твара! Чорт вазьмі, якія адносіны мае мацанне рукамі майго твара да ўваскрашэння гэтай дзяўчыны?! Для гэтай капчонкі ў мяне няма кручкоў. Зачароўваюць Дульсінею, а потым б’юць мяне бізуном, каб зняць з яе чары! Памірае Алтысідора невядома ад якой хваробы, а каб уваскрасіць яе, выходзіць, што неабходна зноў-такі мне даць дваццаць чатыры аплявухі па твары, пакалечыць маё цела ўколамі булавак і нашчыпаць рукі да сінякоў! Пры чым я тут?!

— Злітуйся, тыгр, і сціхні! — сказаў чалавек у кароне. — Пакутуй і маўчы, бо ад цябе не патрабуюць немажлівага. Такім чынам, слугі, яшчэ раз кажу: безадкладна выканайце мой загад.

У гэты час на дварэ з’явілася шэсць дуэней у акулярах, трымаючы правыя рукі ўгару з голымі лакцямі. Толькі Санчо ўбачыў дуэней, ён зароў, як бык:

— Я магу дазволіць усяму свету чапаць сябе, але згадзіцца, каб да мяне датыкнуліся дуэн’і, — ні за што! Няхай кошкі падрапаюць мне твар, як яны зрабілі гэта з маім панам у гэтым самым замку! Усё я сцярплю, толькі-б да мяне не датыкнуліся гэтыя дуэн’і.

Тут ужо Дон-Кіхот спыніў маўчанку і сказаў Санчо:

— Узбройся цярплівасцю, сын, і горача падзякуй неба за тое, што яно тваю асобу надзяліла ўласцівасцю сваім пакутніцтвам здымаць чары з зачараваных і ўваскрашаць мёртвых.

Між тым дуэн’і абступілі Санчо, які, паступова заспакоіўшыся, добра сеў на сваё крэсла і пакорна выставіў твар і бараду першай дуэн’і. Адпячатаўшы свае пяць пальцаў на яго твары, яна зараз-жа зрабіла яму нізкі рэверанс.

Нарэшце ўсе дуэн’і надавалі яму пстрычкоў і шчыпкоў, але чаго ён не мог выцерпець — гэта ўколаў булаўкамі. Ён ускочыў з крэсла раззлаваным і, схапіўшы запалены факел, які быў паблізу ад яго, кінуўся на дуэней з крыкам:

— Вон, слугі пекла, я ж не з бронзы, каб не адчуваць такой надзвычайнай пакуты.

— Тут Алтысідора, якая, мабыць, стамілася ляжаць столькі часу на спіне, павярнулася на бок; убачыўшы гэта, усе прысутныя амаль у адзін голас усклікнулі:

— Алтысідора жывая! Алтысідора жывая!

Адзін з „каралёў“ загадаў Санчо зменшыць свой гнеў, бо мэта, якая мелася на ўвазе, была ўжо дасягнута. Як толькі Дон-Кіхот убачыў, што Алтысідора зрабіла рух, ён апусціўся на калені перад Санчо, кажучы:

— Цяпер якраз час, сын мой, зрабіць табе некаторыя з удараў, каб зняць чары з Дульсінеі. Менавіта цяпер, бо ўласцівая табе здольнасць выступіла ў поўнай меры.

— Вельмі добра было-б, — сказаў Санчо, — калі-б пасля штуршкоў, пстрычкоў і ўколаў булаўкамі цяпер з’явіліся ўдары бізуном. Не застаецца нічога больш, як толькі ўзяць цяжкі камень, прывязаць яго мне на шыю і кінуць мяне ў калодзеж. Гэта нават не вельмі пакрыўдзіла-б мяне. Дайце мне спакой!

Тымчасам герцаг і герцагіня падняліся і разам з Дон-Кіхотам і Санчо пайшлі насустрач Алтысідоры, каб памагчы ёй сыйсці са ступенек катафалка. Яна, зрабіўшы млосны выгляд, пакланілася герцагу і герцагіні і сказала Дон-Кіхоту:

— З-за тваёй жорсткасці, некахаючы рыцар, я прабыла на тым свеце, як мне здаецца, больш тысячы год. А табе, о, самы спачувальны зброеносец на ўсёй зямлі, я абавязана жыццём, якое цяпер маю. За гэта я дарую табе шэсць маіх сарочак. Калі яны не ўсе моцныя, дык, прынамсі, усе чыстыя.

Санчо пацалаваў ёй за гэта рукі.

Потым яго і Дон-Кіхота завялі ў тыя пакоі, дзе яны жылі раней.


РАЗДЗЕЛ LII,
у якім многае растлумачваецца, а рэшта ідзе на карысць непараўнальнай Дульсінеі

Санчо спаў гэтую ноч у адным пакоі з Дон-Кіхотам. Ён з ахвотай унікнуў-бы гэтага, бо добра ведаў, што яго пан з запытаннямі і адказамі не дасць яму заплюшчыць вочы. Гаварыць-жа яму не хацелася, бо ён яшчэ адчуваў боль ад нядаўняй пакуты. Баязнь яго мела падставу, бо не паспеў яго пан легчы ў ложак, як ужо звярнуўся да яго са словамі:

— Што скажаш ты, Санчо, пра сёнешнюю прыгоду? Бачыш, якая вялікая і магутная сіла халоднай знявагі, бо Алтысідора памерла толькі ад адной суровасці і знявагі, якія я ёй заўсёды выказваў.

— Няхай-бы яна ў добрую гадзіну памерла, — адказаў Санчо. — Абы толькі пакінула мяне у спакоі, бо я за ўсё сваё жыццё не стараўся закахаць яе ў сябе і не адварочваўся ад яе. Не магу сабе ўявіць, якое дачыненне здароўе Алтысідоры можа мець да пакутніцтва Санчо Панса. Разам з гэтым упрашаю вашу міласць: дайце мне спаць і не пытайцеся ў мяне больш ні пра што, калі не хочаце, каб я выкінуўся з акна.

— Cпі, сябра Санчо, — адказаў Дон-Кіхот, — калі толькі табе не перашкаджаюць атрыманыя табою уколы булаўкамі, шчыпкі і аплявухі па шчоках.

— Яшчэ раз упрашаю вашу міласць: дайце мне спаць, бо сон ёсць палёгка гору тых, каму яно перашкаджае спаць.

— Няхай будзе так! — сказаў Дон-Кіхот.

Пасля гэтага абодва яны заснулі. Сон іхні аўтар гэтай вялікай гісторыі выкарыстае для таго, каб даць справаздачу пра ўсе паведамленыя здарэнні.

Справа ў тым, што бакалаўр Караско раней, як выклікаць Дон-Кіхота на дуэль, прыехаў у замак герцага. Даведаўшыся тут, дзе знаходзіцца харобры наш рыцар, ён знайшоў яго і, перамогшы, зноў вярнуўся ў замак. Паведаміўшы герцагу пра вынікі паядынку, а таксама пра тое, дзе знаходзіцца Дон-Кіхот, ён паехаў у сваё сяло. Герцаг-жа знайшоў рыцара і зрабіў з ім жарт, пра які чытач ужо ведае з папярэдняга раздзела.

Не ўсю ноч Дон Кіхот, ахоплены бурнымі сваімі думкамі, праспаў, а як толькі прышла раніца, у пакой яго ўвайшла Алтысідора.

Пры з’яўленні яе Дон-Кіхот засароміўся і, накрыўшыся посцілкамі і коўдрамі, анямеў, не маючы мажлівасці сказаць ёй якую-б там ні было ветлівасць. Алтысідора села на крэсла побач з яго згалоўем і, глыбока ўздыхнуўшы, загаварыла пяшчотным і слабым голасам:

— Калі скромныя дзяўчаты даюць языку волю прарвацца праз усе перашкоды, абвяшчаюць публічна пра свае тайны, яны, безумоўна, даведзены да апошняга. Я, сен’ёр Дон-Кіхот Ламанчскі, адна з іх, — пераможаная і закаханая. Два дні таму назад з-за тваёй суровасці я памерла. Толькі дзякуючы пакутніцтву твайго добрага зброеносца, я не засталася на тым свеце.

— Каханне магло-б, — сказаў Санчо, — укласці ваша ўваскрашэнне ў пакутніцтва майго асла: я быў-бы за гэта вельмі ўдзячны, бо не для кожнай капчонкі…

Але тут Дон-Кіхот, прадбачачы цэлы паток прыказак, спыніў яго і сказаў, звяртаючыся да Алтысідоры:

— Многа разоў гаварыў я вам, сен’ёра: я вельмі засмучоны тым, што вы накіравалі сваю прыхільнасць на мяне, бо я магу адказаць вам толькі ўдзячнасцю, але не ўзаемнасцю. Я нарадзіўся, каб належаць Дульсінеі Табоскай, і ніякая другая прыгожасць не можа заняць месца, належачае ёй у маёй душы. Няхай гэта прымусіць вас вярнуцца ў межы вашай скромнасці.

Пачуўшы гэта, Алтысідора, робячы выгляд, што яна вельмі раззлаваная і засаромленая, усклікнула:

— Клянуся, дон сушаная траска, калі я дабяруся да вас, дык выдзеру вам вочы! Ці не думаеце вы, можа, дон пераможаны і дон пабіты палкамі, што я памерла з-за вас! Усё, што вы бачылі сёння ўначы, было толькі прытворствам! Я не такая жанчына, каб паміраць з-за падобных вярблюдаў!

Дон-Кіхот хацеў адказаць ёй, але ў гэты час у пакой увайшлі герцаг і герцагіня даведацца пра здароўе Санчо. Дон Кіхот папрасіў у іх дазволу паехаць у той-жа дзень і атрымаў яго.

Герцагіня запытала, ці адчувае ён прыхільнасць да Алтысідоры, на што ён адказаў:

— Сен’ёра мая, прычына хваробы гэтай дзяўчыны ляжыць у гультайстве; лекі-ж супроць яе — прыстойная і сталая праца. Вось мая думка і мая парада.

— А таксама і мая парада, — дадаў Санчо, — бо за ўсё сваё жыццё я ніколі не бачыў, каб працоўныя дзяўчаты паміралі ад кахання, бо яны больш заклапочаны тым, як-бы ім скончыць сваю работу, чымся думкамі пра каханне.

— Няма прычыны, сен’ëра, выкарыстоўваць гэтыя лекі, — адказала Алтысідора, — бо думка пра жорсткасць гэтага злога валацугі выганіць яго з маёй памяці без ніякіх іншых вымудраў.

— Заўсёды так бывае, — сказаў герцаг, — хто моцна лае, той хутка даруе.

— Бедная дзяўчына, — сказаў Санчо, — гора табе, бо ты мела справу з душой з дубовага дрэва. Сумленна кажучы, каб ты мела справу са мной, яна была-б зусім інакшай.

Гутарка скончылася; Дон-Кіхот апрануўся і паабедаў з герцагам і герцагіняй. Паехаў ён у той-жа вечар вельмі сумны з адной прычыны і вельмі вясёлы з другой. Сум яго быў выкліканы перамогай над ім, а весялосць — думкаю пра цудоўную сілу Санчо, якая была праяўлена ў справе ўваскрашэння Алтысідоры. Санчо-ж ехаў вельмі пакрыўджаны тым, што Алтысідора не стрымала свайго абяцання падараваць яму сарочкі.

— Па праўдзе кажучы, — сказаў ён, — я самы няшчасны з усіх дактароў, якія толькі ёсць на свеце. Звычайныя дактары, нават паслаўшы на той свет, атрымліваюць за сваю працу. Складаецца-ж яна толькі з таго, што яны ставяць подпіс на шматку паперы для лекаў, якія робяць не яны, а аптэкар. А мне чужое здароўе каштуе аплявух, шчыпкоў, уколаў булаўкамі, кропель крыві, удараў бізуном — і за гэта не плоцяць ні граша! Але цяпер, раней як лячыць якога-небудзь другога хворага, я скажу, каб мне падмазалі рукі, бо поп тым і жыве, што абедню служыць. Я не магу паверыць, каб неба дало мне цудоўную сілу толькі для выкарыстоўвання яе другімі ні за што ні пра што, дарма.

— Ты праўду кажаш, Санчо, — адказаў яму Дон-Кіхот. — Алтысідора зрабіла вельмі дрэнна, не даушы табе абяцаных ёю сарочак. Хаця сіла твая дармовая, але ўсё-ж цела тваё цярпела пакуты. Затое, калі ты хочаш атрымаць плату за сваё бічаванне для зняцця чараў з Дульсінеі, я даў бы табе, што каштуе. Скажы, колькі ты хочаш атрымаць? Толькі пачні біць сябе і заплаці чыстаганам з сваіх рук, бо мае грошы у цябе.

Пачуўшы гэтую прапанову, Санчо шырока раскрыу вочы і вушы і сказаў:

— Добра, сен’ёр, я гатоў задаволіць вашу міласць, бо любоў да маіх дзяцей і жонкі прымушае мяне здавацца прагавітым. Скажыце мне, міласць ваша, колькі вы дасцё мне за кожны удар?

— Адпаведна таму, што заслугоўвае велічыня і значнасць гэтага лячэння, ніякіх багаццяў не было-б дастаткова, каб заплаціць табе. З гэтай прычыны прызнач сам цану.

— Усяго ўдараў, — адказаў Санчо, — тры тысячы трыста. Хаця з іх я ўжо зрабіў сабе пяць, але я не буду іх лічыць. Калі лічыць па куартыльё[23] за кожны ўдар — а менш я не вазьму, — гэта складзе тры тысячы трыста куартыльё, або… — тут Санчо задумаўся і праз некаторы час сказаў: — восемсот дваццаць пяць рэалаў. Хаця я буду вельмі пабіты, але ўсё-ж астануся здаволеным, бо „нельга злавіць фарэлі, не памачыўшы штаноў“.

— О, блаславенны, о, любы Санчо! — усклікнуу Дон-Кіхот. — Як абодва мы, Дульсінея і я, будзем табе ўдзячны! Але скажы, Санчо, калі думаеш ты ўзяцца за бічаванне? Калі ты паспяшаешся з ім, я дадам табе яшчэ сотню рэалаў.

— Калі? Абавязкова сёння ўначы, — сказаў Санчо. — Толькі гэта было-б пад адкрытым небам, і я разарву сябе на шматкі.

З вялікай нецярплівасцю і трывогай чакаў Дон-Кіхот надыходу начы. Калі яна, нарэшце, прышла, яны ляглі на

зялёнай траве і павячэралі. Змайстраваўшы з аброці Шэрага моцны бізун, Санчо адышоў крокаў на дваццаць да некалькіх букавых дрэў. Убачыўшы, з якой рашучасцю і цвёрдасцю ён адыходзіць, Дон-Кіхот сказаў яму:

— Глядзі, сябра, не пабі сябе ўшчэнт! Рабі прамежак між адным і другім ударам. Не бярыся за справу з такой стараннасцю, каб не пазбавіцца жыцця раней, як ты дойдзеш да патрэбнага ліку ўдараў. Каб ты не прайграў гульню з-за адной карты больш або менш, я буду стаяць у баку і лічыць удары на сваіх пацерках.

— Добрага плацельшчыка не непакоіць унесены ім залог, — пакорна адказаў Санчо і, агаліўшы сябе да паясніцы, пачаў біць сябе, а Дон Кіхот узяўся лічыць удары.

Пасля шасці або васьмі удараў жарт здаўся Санчо надта цяжкім, а цана за яго — вельмі таннай. Спыніўшыся, ён сказаў свайму пану, што памыліўся, бо кожны з такіх удараў павінен біць ацэнены ў поўрэала, а не ў чвэртку.

— Працягвай, сябра Санчо, і не падай духам, бо я павялічваю ў два разы стаўку! — адказаў Дон-Кіхот.

— У такім выпадку, — сказаў Санчо, — удары пасыплюцца, як з рага багацця!

Аднак ён пакінуў біць сябе па спіне, а лупіў па дрэвах. Не гледзячы на гэта, ён час ад часу так стагнаў, што здавалася — душа вырываецца з яго цела. Баючыся, каб Санчо не пазбавіўся жыцця, а Дульсінея, дзякуючы гэтаму, сваёй прыгожасці, Дон-Кіхот сказаў:

— Заклікаю цябе жыццём, лекі здаюцца мне вельмі суровымі! Было-б добра прымаць іх толькі са значнымі перапынкамі. Ты-ж ударыў сябе ўжо больш тысячы разоў. Гэтага покуль досыць, бо…

— Не, не, сен’ёр, — спыніў яго Санчо, — дайце мне ўдарыць сябе яшчэ хоць тысячу разоў, бо за два разы мы скончым гэтую справу і ў нас застанецца яшчэ лішак.

— Калі ты ў такім добрым настроі, — сказаў Дон-Кіхот, — рабі сваю справу, а я адыйду.

Санчо вярнуўся да свайго занятку з такой вялікай стараннасцю, што ён ужо са многіх дрэў садраў кару. Нарэшце, ударыўшы вельмі моцна па букавым дрэве, ён так застагнаў, што Дон-Кіхот зараз-жа прыбег і спыніў яго, сказаўшы:

— Я не хачу, Санчо, каб ты дзеля маёй асалоды пазбавіўся жыцця, такога неабходнага, каб пракарміць тваю жонку і дзяцей тваіх.

— Калі міласць ваша настойвае, няхай так і будзе. Накіньце мне на плечы ваш плашч, бо ўпершыню тым, хто бічуецца, пагражае небяспека прастудзіцца.

Дон-Кіхот накрыў сваім плашчам Санчо, які праспаў, покуль яго не разбудзіла сонца. Тады яны паехалі далей і спыніліся ля гасцініцы. На гэты раз Дон-Кіхот не лічыў яе замкам напэўна таму, што пасля перамогі ён думаў пра ўсе рэчы з вялікай цвярозасцю. Калі іх пакінулі адных у пакоі, Дон-Кіхот запытаў:

— Скажы мне, Санчо, ці думаеш ты зноў ударыць сябе многа разоў у гэтую ноч і ці хочаш ты, каб гэта адбылося пад страхой, або пад адкрытым небам?

— Я-б аддаў перавагу, — адказаў Санчо, — каб гэта адбылося пад дрэвамі, бо яны нібы таварышы мне і дзіўна памагаюць цярпець маю пакуту.

— Не, не добра, каб ты так пакутваў. Лепш набярыся сілы, і адкладзем гэта да прыезду ў нашу вёску, куды мы прыедзем не пазней паслязаўтрага.

Санчо згадзіўся, але заявіў, што ён, з свайго боку, хацеў-бы скончыць усю справу зараз, покуль млын на-хаду, бо ў павольнасці часта хаваецца небяспека. Апрача таго адно „бяры“ лепш двух „я дам табе“, і верабей у руках лепш сокала на-ляту.

— Хопіць прыказак, Санчо, — пачаў прасіць Дон-Кіхот. — Кажы ясна і проста.

— Як відаць, ужо няшчасце маё такое, што я не ўмею сказаць нічога разумнага без прыказкі, а няма той прыказкі, якая-б не здавалася мне разумнай. Але я выпраўлюся, калі змагу.

На гэтым гутарка іхняя і скончылася.


РАЗДЗЕЛ LIII,
Пра тое, як Дон-Кіхот і Санчо прыехалі ў сваю вёску, і пра іншыя здарэнні, якія надаюць праўдзівасць гэтай гісторыі

Увесь той дзень Дон-Кіхот і Санчо правялі ў гэтай вёсцы і гасцініцы, чакаючы ночы; адзін — каб у адкрытым полі скончыць справу свайго бічавання, другі — каб убачыць гэтую справу скончанай. Як толькі прышоў вечар, яны выехалі з таго мястэчка і ноч правялі пад дрэвамі, каб даць Санчо зручны выпадак скончыць сваё бічаванне. Верны зброеносец узяўся за яго з такой-жа стараннасцю, як і ў мінулую ноч, больш за кошт кары букавых дрэў, чымся за кошт свае спіны, якую ён вельмі ахоўваў.

Ашуканы Дон-Кіхот не прапусціў ніводнага ўдару ў сваім лічэнні, і Санчо завяршыў сваю вялікую задачу перад самым золкам.

Дон-Кіхот быў бязмежна гэтым здаволены і чакаў надыходу дня, каб сустрэць Дульсінею, сваю сен’ёру, пазбаўленую ад чараў. З гэтымі думкамі і надзеямі падняліся яны на гару, адкуль убачылі сваю вёску. Санчо стаў на калені і ўсклікнуў:

— Расплюшчы вочы, жаданая радзіма, і глянь на Санчо Панса, які вярнуўся да цябе калі не вельмі багатым, дык вельмі пабітым бізунамі! Адкрый абымкі твае і прытулі таксама сына свайго Дон-Кіхота, хаця і пераможанага але…

— Кінь гэта глупства, — спыніў яго Дон-Кіхот. — Пойдзем у наша сяло. Там мы прыдумаем план пастушага жыцця, якое мы думаем весці.

3 гэтымі словамі яны з’ехалі з гары і накіраваліся да свайго мястэчка, дзе Дон-Кіхот убачыў, што на вясковым гумне сварацца два хлапчукі. Адзін з іх сказаў другому:

— Супакойся, Перыкільё, бо ты не ўбачыш яе за ўсе дні свайго жыцця.

Дон-Кіхот пачуў гэта і сказаў Санчо:

— Чуў ты, як сказаў гэты хлапчук: „Ты не ўбачыш яе за ўсе дні свайго жыцця!“

— Што-ж ваша міласць бачыць у гэтым падазронага?

— Што? — перапытаў Дон-Кіхот. — Хіба ты не разумееш, што, прыстасаваўшы гэтыя словы да маіх жаданняў, я больш не ўбачу Дульсінеі?

Тады Санчо падышоў да хлапчукоў і запытаўся ў іх, з якой прычыны яны пасварыліся.

Першы хлапчук адказаў, што ён адабраў у другога хлапчука клетку з цыркуном і не думае вярнуць яе за ўсё яго жыццё.

Тады Санчо дастаў з кішэні чатыры куартыльё, аддаў іх хлапчуку, у якога ўзяў клетку і перадаў яе ў рукі Дон-Кіхота, кажучы:

— Вось, сен’ёр, і знішчаны вашы дрэнныя адзнакі, якія маюць да спраў нашых такія-ж адносіны, як да леташніх хмар! Наогул я чуў, што не падабае разважлівым людзям звяртаць увагу на такое дзяцінства. З гэтай прычыны няма патрэбы больш спыняцца на гэтым, а накіруемся наперад і ўедзем у нашу вёску.

Яны паехалі далей і пры ўездзе ў вёску сустрэлі папа і бакалаўра Караско, якія адразу-ж апазналі іх і пайшлі ім насустрач радасныя і з адкрытымі абымкамі.

Нарэшце, акружаныя хлапчукамі і разам з папом і бакалаўрам, яны ўехалі ў вёску і накіраваліся да дома Дон-Кіхота. Тут ля дзвярэй яны ўбачылі ахмістрыню і пляменніцу рыцара, да якіх ужо дайшла вестка пра іхні прыезд. Дайшла яна таксама і да Тэрэсы Панса, якая, ведучы за руку Санчыку, дачку сваю, прыбегла глянуць на мужа. Убачыўшы яго не так добра апранутым, як, па яе думцы, павінен быў выглядаць губернатар, яна сказала яму:

— Як гэта вы варочаецеся, муж мой? Мне здаецца, вы больш падобны да высланага з губерні, як да губернатара.

— Маўчы, Тэрэса, — адказаў Санчо, — часта бываюць крукі там, дзе няма капчонкі, а покуль накіруемся дахаты, дзе ты пачуеш цуды! Я прывёз з сабою грошы, здабытыя маёй працай і без шкоды каму-б там ні было.

— Нясіце вашы грошы, мой добры муж, сказала Тэрэса, — усё-адно, здабыты яны тым або іншым шляхам.

Санчыка абняла бацьку адной рукой за талію, жонка ўзяла яго з другога боку за руку, і яны накіраваліся дахаты, а Дон-Кіхот астаўся ў сваім доме ва ўладзе ахмістрыні і пляменніцы і разам з папом і бакалаўрам.

Не трацячы часу, Дон-Кіхот адвёў у бок папа і бакалаўра і ў кароткіх словах расказаў ім пра сваё паражэнне і пра ўзяты ім на сябе абавязак не выязджаць з сваёй вёскі на працягу года — абавязак, які ён мяркуе дакладна выканаць, не адступаючы ад яго ні на кроплю.

Расказаў ён таксама і пра тое, што надумаўся зрабіцца пастухом, і пачаў прасіць іх, калі ім не перашкаджаюць больш важныя справы, быць яму таварышамі. Для сябе ён прыдумаў ужо імя — пастуха Кіхотыса — і, калі трэба будзе, прыдумае і для іх.

Усе былі здзіўлены гэтым новым вар’яцтвам Дон-Кіхота, але, спадзяючыся, што яго можна вылечыць на працягу года, яны згадзіліся на яго вымудры.

— Тым больш, — дадаў Сансон Караско, — што я — самы славуты паэт і на кожным кроку буду складаць пастушыя вершы, каб мы забаўляліся ў гэтых пустынных месцах.

На гэтым размоўнікі развіталіся з Дон-Кіхотам, настойваючы, каб ён паклапаціўся пра сваё здароўе і еў карысны для яго харч.

Толькі поп і бакалаўр вышлі, як пляменніца, чуўшая іхнюю гутарку, сказала Дон-Кіхоту:

— Што гэта такое, дзядзька? Цяпер, калі ваша міласць вярнулася, каб весці спакойнае і прыстойнае жыццё, вы хочаце зноў заблытацца ў новых лабірынтах? Калі выбіраць з двух бед, дык ужо лепш быць вандроўным рыцарам, як пастухом.

— Цішэй, пляменніца, я добра ведаю, што мне трэба рабіць. Завядзі мяне ў пасцелю, бо я не вельмі здаровы. Будзь упэўнена, што вандроўным рыцарам або вандроўным пастухом я ніколі не пакіну памагаць табе ва ўсім.

Пасля гэтага пляменніца з дапамогаю ахмістрыні палажыла яго ў пасцель, дзе яму далі паесці і даглядалі яго, як маглі.


РАЗДЗЕЛ LIV
Пра тое, як Дон-Кіхот захварэў, пра запавет, зроблены ім, і пра яго смерць

Нішто чалавечае не вечнае, асабліва-ж чалавечае жыццё. Дон-Кіхоту не была дадзена прывілея затрымаць плынь свайго жыцця; з гэтай прычыны канец яго прышоў, калі ён менш за ўсё думаў пра гэта.

Яго ахапіла трасуха, пратрымаўшая яго у ложку шэсць дзён, на працягу якіх яго часта наведвалі сябры — поп, бакалаўр і цырульнік. Санчо-ж не адыходзіў ад яго пасцелі.

Мяркуючы, што яго давяла да такога становішча крыўда ад паражэння і зачаравання Дульсінеі, сябры спрабавалі ўсемажлівымі сродкамі развесяліць яго. Але нішто не магло прагнаць сум Дон-Кіхота.

Тады паклікалі доктара: той даследваў пульс, астаўся не вельмі ім здаволены і сказаў, што на кожны выпадак трэба паклапаціцца пра бяспеку яго душы, бо цела яго ў небяспецы.

Дон-Кіхот спакойна выслухаў гэта, але ахмістрыня, пляменніца і зброеносец пачалі горка плакаць. Дон-Кіхот папрасіў, каб яго пакінулі аднаго, бо ён хоча заснуць.

Так і зрабілі. Ён спаў, як кажуць, беспрасыпу больш шасці гадзін, а прачнуўшыся, гучна ўсклікнуў:

— Як я рады, як я шчаслівы!

Пачуўшы гэта, пляменніца запытала:

— Што гэта вы, міласць ваша, кажаце?

— Я кажу пра тое, што розум мой зрабіўся вольным і ясным ад цёмных ценяў невуцтва, якімі ахутала яго няшчаснае і бесперапыннае чытанне брыдкіх рыцарскіх кніг. Цяпер я зразумеў усю іх недарэчнасць і шкадую толькі пра тое, што зразумеў усё гэта вельмі позна. Я адчуваю, пляменніца, што смерць мая блізка, і не хацеў-бы, каб за мной асталася слава вар’ята. Калі я быў ім у жыцці, дык мне не хацелася-б пацвердзіць гэта сваёй смерцю. Пакліч да мяне маіх добрых сяброў — папа, бакалаўра і маэсе Ніколаса, скажы ім, што я хачу спаведвацца і зрабіць свой запавет.

Калі яны прышлі, Дон-Кіхот сказаў:

— Прывітайце мяне, добрыя сен’ёры, з тым, што я ўжо не Дон-Кіхот Ламанчскі, а Алансо Кіхада, якому за яго ўчынкі было дадзена прозвішча „Добрага“. Цяпер я ўжо вораг Амадыса Гальскага і ўсёй бязмежнай чарады яго патомкаў. Я ненавіджу ўсе паганыя гісторыі вандроўнага рыцарства, і я зразумеў сваё вар’яцтва і небяспеку, у якую мяне кінула чытанне іх.

Калі ўсе трое пачулі гэтыя словы, яны падумалі, што якое-небудзь новае вар’яцтва ахапіла яго, а Сансон сказаў яму:

— Цяпер, сен’ёр Дон-Кіхот, калі мы атрымалі весткі, што чары зняты з сен’ёры Дульсінеі, ваша міласць загаварыла вось як! Цяпер, калі мы ужо гатовы зрабіцца пастухамі, ваша міласць хоча пакінуць нас і зрабіцца пустэльнікам! Змоўкніце, прашу вас жыццём вашым, і кіньце гэтыя гутаркі!

— Я адчуваю, — спакойна адказаў Дон-Кіхот, — набліжэнне смерці. З гэтай прычыны, сен’ёры, прашу вас — адкладзіце ў бок жарты і прывядзіце да мяне свяшчэнніка, які паспавядаў-бы мяне, і натарыуса, каб ён склаў мой духоўны запавет.

Яны глянулі адзін на аднаго, здзіўляючыся словам Дон-Кіхота. Хаця яны ўсё яшчэ сумняваліся, але былі ўжо схільны паверыць яму.

Поп папрасіў усіх, быўшых у пакоі, выйсці і, астаўшыся адзін на адзін з Дон-Кіхотам, паспавядаў яго.

Бакалаўр пайшоў па натарыуса і хутка вярнуўся з ім.

Калі споведзь скончылася, поп вышаў, кажучы:

— Алансо Кіхада Добры сапраўды памірае і сапраўды ён у цвярозым розуме. Увойдзем да яго, каб ён зрабіў запавет.

Гэтая вестка балюча ўдарыла па апухлых вачах ахмістрыні, пляменніцы і добрага зброеносца Санчо Панса. Слёзы зноў пырскнулі з іхніх вачэй цэлым патокам. Натарыус увайшоў у пакой з астатнімі і, пасля таго, як ён напісаў уступ для запавета, Дон-Кіхот, перайшоўшы да адказаў па запавету, сказаў:

— Воля мая такая, каб у Санчо Панса, якога ў час майго вар’яцтва я ўзяў да сябе ў зброеносцы, не патрабавалі грошай, быўшых у яго на руках, бо між намі была свая рахуба. Калі я, будучы вар’ятам, хацеў даць яму губернатарства вострава, дык цяпер, будучы ў цвярозым розуме, каб я мог, даў-бы яму каралеўства, бо яго прыроднае прастадушша, праўдзівасць і вернасць заслугоўваюць гэтага. І, звярнуўшыся да Санчо, ён сказаў яму:

— Даруй мне, сябра, што я прымусіў цябе здавацца такім-жа вар’ятам, як я, і спакусіў цябе прыгодамі вандроўнага рыцарства!

— Ах, — адказаў Санчо, увесь у слязах, — не памірайце, міласць ваша, а паслухайцеся маёй парады і жывіце многія гады. Самае вялікае вар’яцтва, якое чалавек можа зрабіць у сваім жыцці, гэта дазволіць сабе ні з таго, ні з гэтага памерці, калі ніхто яго не забівае. Слухайце, не будзьце гультаём, устаньце з ложка і пойдзем у поле, апранутыя пастухамі, як мы умовіліся. Можа за якім-небудзь кустом мы знойдзем сен’ёру дон’ю Дульсінею, пазбаўленую ад чараў, прыгожую, як толькі можна хацець!

— Гэта правільна, — сказаў Сансон. — Добры Санчо Панса вельмі правільна гаворыць пра гэтыя рэчы!

— Цішэй, сен’ёры, — сказаў Дон-Кіхот, — бо ў леташніх гнёздах ужо няма птушак сёлетняга года. Я быў вар’ятам, а цяпер я выздаравеў. Няхай-жа маё раскайванне верне мне ранейшую павагу, вашы міласці, і няхай сен’ёр натарыус працягвае.

„Я перадаю маёмасць маю без ніякіх агаворак маёй пляменніцы Антоніі Кіхада, тут прысутнічаючай, перад гэтым вылічыўшы з яе пенсію маёй ахмістрыні, якой я вінен за ўвесь час яе службы ў мяне, і звыш таго дваццаць чырвонцаў ёй на сукенку. Прызначаю маімі паверанымі сен’ёра свяшчэнніка і сен’ёра бакалаўра Караско, тут прысутнічаючых. Калі-б Антонія Кіхадо, пляменніца мая, захацела выйсці замуж, дык толькі за чалавека, які не ведае, што такое рыцарскія кнігі. Калі-ж ён ведае іх, і тым не менш мая пляменніца вышла-б за яго, яна пазбаўляецца ўсёй належачай ёй спадчыны, якую павераныя мае могуць скарыстаць на добрыя справы па свайму меркаванню“.

На гэтым ён ско