Перайсці да зместу

Домбі і сын/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел V. Рост і хрысціны Поля Раздзел VI. Другая страта Поля
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел VII. Позірк з птушынага палёту на месца пражывання міс Токс, а таксама на сардэчную прывязанасць міс Токс

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ VI

Другая страта Поля.

У Полі раніцою ўзнікла столькі апасак, што калі-б не настойлівае ўзахвочванне яе чорнавокай прыяцелькі, яна адмовілася-б ад усякіх думак аб падарожжы і звярнулася-б з фармальнай просьбай дазволіць ёй бачыцца з нумарам сто сорак сëмым пад злавесным дахам містэра Домбі. Але Сʼюзен высунула столькі астраумных пярэчанняў супроць другога плана і падтрымала першапачатковы намер такой колькасцю астраўмных довадаў, што як толькі спіна містэра Домбі велічна павярнулася к дому і гэты джентльмен накіраваўся звычайнай сваёй дарогай у Сіці, яго сын, які нічога не ведаў, быў ужо на шляху да Садоў Стэгса.

Гэтая мілагучная мясцовасць была ў прыгарадзе. Сюды накіраваліся абедзве нянькі ў суправаджэнні сваіх выхаванцаў; Рычардс, зразумела, несла Поля, а С’юзен вяла за руку маленькую Фларэнс і час ад часу частавала яе штуршкамі, калі лічыла мэтазгодным скарыстаць іх.

Якраз у гэты час першы з вялікіх падземных штуршкоў страсянуў увесь раëн да самага яго цэнтра. Сляды яго былі відаць усюды. Дамы былі зруйнаваны; вуліцы праламаны і закіданы, выкапаны глыбокія ямы і канавы; зямля і гліна навалены велізарнымі кучамі; будынкі, падкопаныя і расхістаныя, былі падпёрты вялікімі бярвеннямі. Тут вазы, перакуленыя і награмаджаныя адзін на другі, ляжалі ў беспарадку ля падножжа крутога штучнага ўзгорка; там каштоўнае жалеза мокла і іржавела ў нечым, што выпадкова ператварылася ў сажалку. Усюды былі масты, якія нікуды не вялі; праезды, якія зусім нельга было прайсці; часовыя драўляныя пабудовы і платы ў самых нечаканых месцах; шкілеты абадраных кватэр, абломкі незакончаных сцен і арак, груды матэрыялу для рыштавання, наваленая цэгла, гіганцкія пад’ёмныя краны і трыножнікі, якія шырока расставілі ногі над пустэчай.

Карацей кажучы, тут пракладалася яшчэ незакончаная чыгунка і з самых нетраў гэтага страшэннага бязладдзя ціха паўзла ўдалячынь па вялікай сцежцы цывілізацыі і прагрэса.

Але да гэтага часу вакольнае насельніцтва яшчэ не адважвалася прызнаць чыгунку. Двое-трое дзёрзкіх спекулянтаў намецілі вуліцы, і адзін узяўся за будаўніцтва, але прыпыніўся сярод гразі і попелу, каб яшчэ аб гэтым падумаць. Агульнае давер’е прывівалася вельмі туга. Там, дзе пачыналася чыгунка, аставаліся брудныя пустэчы, хлявы, гнойныя і смеццевыя кучы, канавы, сады, альтанкі і пляцоўкі для выбівання дываноў. Маленькія магільныя ўзгорачкі з устрычных ракавін у сезон устрыц або са шкарлупы омараў у сезон омараў, з бітай пасуды і завяўшых капусных лісцяў у любы сезон вырасталі на яе насыпу. Ніхто нічога ад яе не выгадваў і не думаў, што выгадае. Калі-б нікчэмная пустэча, якая была побач з ёю, магла смяяцца, яна высмейвала-б яе з пагардай, як гэта рабілі многія нікчэмныя яе суседзі.

Сады Стэгса адрозніваліся надзвычайнай недаверлівасцю. Гэта быў невялікі рад дамоў з маленькімі, беднымі ўчасткамі зямлі, адгароджанымі старымі дзвярыма, бачкарнымі дошкамі, кавалкамі брэзенту і ламаччам; бляшаныя чайнікі без дна і адслужыўшыя сваю службу камінныя рашоткі затыкалі дзіркі. Мясцовыя жыхары лічылі Сады Стэгса свяшчэнным гаем, які не знішчаць чыгункі, і былі яны так упэўнены ў яго здольнасці перажыць усе гэтыя недарэчныя вынаходствы, што камінар на рагу, які, як было вядома, кіраваў мясцовай палітыкай Садоў, абяцаў на ўвесь голас загадаць у дзень пачатку руху на чыгунцы — калі толькі ён калі-небудзь пачнецца — двум з сваіх хлапчукоў, каб тыя ўскарабкаліся па дымаходах яго жылля з наказам вітаць няўдачу насмешлівымі выкрыкамі з комінаў.

У гэтае паганае месца, сама назва якога да гэтага часу старанна ўтойвалася ад містэра Домбі яго сястрою, быў прынесен цяпер маленькі Поль Лёсам і Рычардс.

— Вось мой дом, С’юзен, — паказваючы на яго, радасна сказала Полі.

— На самай справе, місіс Рычардс? — спагадліва адазвалася С’юзен.

— І, сапраўды-ж, у дзвярах стаіць мая сястра Джэмайма, — усклікнула Полі, — і на руках у яе мой любы, ненаглядны малютка!

Відовішча гэта надало нецярплівасці Полі такія магутныя крыллі, што яна рушыла бягом па Садах і, падляцеўшы да Джэмаймы, у адзін момант абмянялася з ёю дзецьмі, на вялікае здзіўленне гэтай юнай асобы, на якую наследнік Домбі нібы з неба зваліўся.

— Ах, Полі! — усклікнула Джэмайма. — Гэта вы! Ну і перапалохалі-ж вы мяне! Хто-б мог падумаць? Заходзьце, Полі! Які ў вас цудоўны выгляд! Дзеці звар’яцеюць, калі ўбачаць вас, Полі, сапраўды звар’яцеюць.

Так і здарылася, калі меркаваць па шуму, які яны паднялі, і па тым, як яны рынуліся да Полі і пацягнулі яе да глыбокага крэсла ля каміна, дзе яе сумленны твар, падобны на яблыка, адразу акружылі яблычкі драбнейшыя, усе туліліся да яго сваімі ружовымі шчочкамі і ўсе, як відаць, даспелі на адным і тым-жа дрэве. Што да Полі, то яна ўзняла такі шум і вазню, як і дзеці, і сумятня крыху пацішэла не раней, чым яна зусім задыхалася, валасы пасмамі спусціліся на расчырванелы твар, а новая сукенка, пашытая з прычыны хрысцін, была вельмі пакамечана. Але і тады малодшы Тудль аставаўся ў яе на каленях і моцна абдымаў яе за шыю абодвума рукамі, а другі Тудль ускарабкаўся на спінку крэсла і, гойдаючы адной нагой у паветры, рабіў адважныя спробы пацалаваць яе цішком.

— Паглядзіце, да вас у госці прышла прыгожанькая маленькая лэдзі, — сказала Полі. — Бачыце, якая яна ціхенькая! Якая прыгожая маленькая лэдзі, праўда?

Гэты ўспамінак аб Фларэнс, якая стаяла ля дзвярэй, наглядаючы за падзеямі, прыцягнула да яе ўвагу малодшых парасткаў і таксама шчасліва дапамагала афіцыйнаму прызнанню міс Ніпер, у якой ужо ўзнікла апасенне, што ёю пагарджалі. — Ах, С’юзен, калі ласка, зайдзіце і прысядзьце на хвілінку, — сказала Полі. — Гэта мая сястра Джэмайма, вось Джамайма, не ведаю, што-б я рабіла, калі-б не С’юзен Ніпер; калі-б не яна, не было-б мяне тут сёння.

— Ах, прысядзьце, калі ласка, міс Ніпер, — падхапіла Джэмайма.

С’юзен з велічным і цырамонным выглядам прысела на самы кончык крэсла.

— Я ніколі яшчэ нікому так не была рада, міс Ніпер, сапраўды, ніколі, — сказала Джэмайма.

С’юзен, памякчэўшы, лёгенька пасунулася на крэсле і міласціва ўсміхнулася.

— Калі ласка, міс Ніпер, развяжыце істужкі капелюша і будзьце як дома, — угаварвала Джэмайма. — Баюся, што вы не бывалі ў такім бедным жыллі, але вы зробіце нам ласку, я ўпэўнена ў гэтым.

Чорнавокая была так узрадавана гэтым пачцівым абыходжаннем, што пасадзіла сабе на калені маленькую міс Тудль, якая прабягала паўз яе, і павезла яе на Бенберы Крос[1].

— А дзе-ж мой любы хлопчык? — запыталася Полі. — Мой бедны хлопчык? Я прышла зірнуць, як ён выглядае ў новай вопратцы.

— Ах, як шкада! — усклікнула Джэмайма. — Як ён будзе сумаваць, калі даведаецца, што мама была тут! Ён у школе, Полі.

— Пайшоў ужо?

— Так. Учора ён пайшоў першы раз, баючыся прапусціць вучэнне. А сёння займаюцца палавіну дня, Полі. Ах, калі-б вы маглі пачакаць, пакуль ён вернецца дадому… Вы і міс Ніпер, зразумела, — сказала Джэмайма, своечасова ўспомніўшы аб самалюбнасці чорнавокай.

— А які ў яго выгляд, Джэмайма, памажы яму божа? — баязліва запыталася Полі.

— Ды ўжо не такі благі, як вы, магчыма, думаеце, — адказала Джэмайма.

— Ах! — прачула сказала Полі. — Я ведала, што ногі ў яго будуць вельмі кароткімі.

— Ногі ў яго сапраўды кароткія, — адказвала Джэмайма, — асабліва ззаду; але яны з кожным днём будуць рабіцца даўжэйшымі.

Гэта пацяшэнне разлічана было на будучыню; але бадзёрасць і добрадушнасць, якія яго суправаджалі, надалі яму цану, якой яно само па сабе не мела. Пасля мінутнага маўчання Полі запыталася больш вясёлым тонам:

— А дзе бацька, любая Джэмайма? — бо гэтым патрыярхальным імем звычайна называлі ў сям’і містэра Тудля. — Ну, вось! — усклікнула Джэмайма. — Як шкада. Сёння раніцой бацька ўзяў з сабою абед і дадому вернецца толькі пад вечар. Але ён заўсёды гаворыць пра вас, Полі, і расказвае пра вас дзецям, і ён — самае ціхае, цярплівае і смірнае стварэнне на свеце.

— Дзякуй, Джэмайма! — усклікнула простадушная Полі, абрадаваная гаворкаю і засмучаная адсутнасцю містэра Тудля.

— О, няма за што дзякаваць мне, Полі, — адказвала сястра, моцна цалуючы яе ў шчаку і весела падкідаючы на руках маленькага Поля. — Іншы раз я таксама і пра вас гавару і думаю.

Не гледзячы на падвойнае расчараванне, нельга было лічыць няўдалым візіт, які быў варты такога прыёму; таму сёстры бадзёра гутарылі аб сямейных справах, аб Байлеры і аб усіх яго братах і сёстрах. Калі распачалі агульную размову, каб чорнавокая не асядлала свайго канька і не пачала папікаць, гэтая маладая лэдзі расказала каротка Джэмайме усё, што ведала пра містэра Домбі, як ён глядзіць на будучыню сям’і, занятках і характары, дала таксама падрабязны пералік свайго асабістага гардэроба і справаздачу пра бліжэйшых сваякоў і сяброў сваіх. Аблягчыўшы душу гэтымі выказваннямі, яна пакаштавала крэветак[2] і портэра і выказала гатоўнасць даць клятву ў вечнай дружбе.

Маленькая Фларэнс таксама не прамінула выпадку пакарыстацца абставінамі, бо, калі маленькія Тудлі павялі яе аглядаць паганкі і іншыя выдатнасці Садоў, яна з захапленнем пачала будаваць разам з імі ў зялёнай лужынцы, якая ўтварылася ў кутку, часовую плаціну. Яна яшчэ была занята гэтай работай, калі яе знайшла С’юзен, якая, — такое ў яе было пачуцце абавязку, не гледзячы нават на ўціхамірваючае дзеянне крэветак, — звярнулася да яе з павучальнай прамовай (якая перапынялася кухталямі) на тэму аб яе заганнай натуры, абмываючы ёй пры гэтым твар і рукі, і прадракла, што яна давядзе да сівых валасоў усю сваю сям’ю, якая з гора сойдзе ў магілу. Пасля некаторай затрымкі, выкліканай досыць доўгай канфідэнцыяльнай гутаркай наверсе, аб грашовых справах, паміж Полі і Джэмаймай, зноў быў утворан абмен дзяцей, — бо Полі ўвесь час не спускала з рук свайго ўласнага дзіцяці, а Джэмайма маленькага Поля, — і наведвальнікі развіталіся.

Але спярша маленькіх Тудляў, афяр добранамернага ашуканства, спакусілі накіравацца ўсіх у крамку з прычыны неабходнасці патраціць пені, і, калі дарога была вольнай, Полі ўцякла; Джэмайма крыкнула ёй услед, што, калі-б яны маглі па дарозе назад даць круга ў бок Сіці Род, яны абавязкова сустрэлі-б маленькага Байлера, які варочаецца са школы.

— Як вы думаеце, С’юзен, ці паспеем мы дайсці туды? — запыталася Полі, калі яны спыніліся, каб перавесці дух.

— А чаму-б не паспець, місіс Рычардс? — адазвалася С’юзен. — Час, бачыце, блізкі к абеду, — сказала Полі.

Але дзякуючы снеданню яе спадарожніца стала больш чым абыякавай да гэтага сур’ёзнага меркавання; таму яна не надала яму ніякага значэння, і яны вырашылі прарабіць «маленькі круг».

Выявілася, што ад учарашняй раніцы жыццё зрабілася цяжкім беднаму Байлеру па віне форменнай вопраткі Літасцівых Тачыльшчыкаў. Вулічная моладзь не магла пагадзіцца з гэтым касцюмам. Ніводзін юны шалапай не мог утрымацца, убачыўшы касцюм, каб не накінуцца на бяскрыўднага яго носьбіта і не зрабіць яму шкоды. Яго закідалі каменнем на вуліцы. Яго спіхалі ў канавы; запырсквалі гразёю; энергічна прыціскалі да слупоў. Хлапчукі, зусім незнаёмыя з яго асобай, зрывалі ў яго з галавы жоўтую шапку і пускалі яе за ветрам. Ногі яго не толькі ганьбілі і знеслаўлялі, але іх мацалі і шчыпалі. Гэтай самай раніцай, накіроўваючыся ў школу Тачыльшчыкаў, ён атрымаў зусім незаслужаны сіняк пад вокам і быў за яго пакараны настаўнікам, пераросшым былым Тачыльшчыкам лютага нораву, які быў назначан настаўнікам, бо нічога не ведаў і быў ні да чаго непрыгодзен, і чый бязлітасны стэк выклікаў стаўбняк ва ўсіх тоўсташчокіх хлапчукоў.

Вось чаму ідучы назад Байлер шукаў глухіх сцежак і прабіраўся вузкімі праходамі і задворкамі, каб унікнуць ад сваіх катаў. Калі-ж яму давялося выйсці на галоўную вуліцу, злы лёс прывёў, яго, нарэшце, туды, дзе група хлапчукоў, якіх узначальваў люты малады мяснік, чакала, ці не будзе ім выпадку павесяліцца. Калі сярод іх апынуўся Літасцівы Тачыльшчык, яны дружна зараўлі і накінуліся на яго.

У гэты самы час Полі, безнадзейна паглядаючы ўдоўж вуліцы, пасля добрай гадзіны хадзьбы, заявіла, што няма сэнсу ісці далей, як раптам убачыла гэтае відовішча. Ледзь згледзеўшы яго, яна ўскрыкнула і, перадаўшы майстра Домбі чорнавокай, кінулася на выручку свайго злашчаснага сынка.

Нечаканасць, як і бяда, не ходзіць адна. Уражаная С’юзен Ніпер і яе двое юных выхаванцаў былі выратаваны прахожымі з-пад самых калёс праязджаўшай карэты, перш чым зразумелі, што здарылася, і ў гэты момант (дзень быў кірмашовы) пачуліся аглушальныя крыкі: «Шалёны бык!»

У самы перапалох, калі на яе вачах людзі кідаліся і крычалі, і пападалі пад калёсы, і хлапчукі біліся, і шалёныя быкі насоўваліся, і нянька сярод усіх гэтых небяспек разрывалася на часткі, Фларэнс ускрыкнула і пусцілася наўцёкі. Яна бегла, пакуль не змаглася, упрашаючы С’юзен бегчы за ёю; але, зразумеўшы, што другая нянька асталася ззаду, яна спынілася, ломячы рукі, і з жахам, які цяжка апісаць, пераканалася, што нікога каля яе няма.

— С’юзен, С’юзен! — закрычала Фларэнс, у прыпадку роспачы ўсплёскваючы рукамі. — О, дзе яны, дзе яны? — Дзе яны? — паўтарыла нейкая старая, якая прычыкільгала з ўсёй паспешнасцю, на якую была здольна, з процілеглага боку вуліцы. — Чаму вы ад іх уцяклі?

— Я спалохалася, — адказала Фларэнс. — Я не ведала, што раблю. Я думала, што яны са мною. Дзе яны?

Старая ўзяла яе за руку і сказала:

— Я вас правяду.

Гэта была вельмі брыдкая старая з чырвонымі абадкамі вакол вачэй і ротам, які чвякаў і шамкаў нават калі яна маўчала. Яна была вельмі бедна апранута і несла нейкія скуркі, што віселі ў яе на руцэ. Напэўна, яна ішла ўслед за Фларэнс, ва ўсякім выпадку на працягу некаторага часу, бо паспела засапціся; і калі яна спынілася, каб перадыхнуць, яна стала яшчэ больш брыдкаю, бо па яе жоўтым маршчыстым твары і шыі прабягалі сударагі.

Фларэнс баялася яе і, нерашуча азіраючыся, паглядала ўдоўж вуліцы, якую прабегла амаль да канца. Гэта было глухое месца — скарэй задворкі, чым вуліца, — і нікога тут не было, апрача яе і старой.

— Цяпер вам няма чаго баяцца, — сказала старая, усё яшчэ не выпускаючы яе рукі. — Ідзіце са мною.

— Я… я вас не ведаю. Як вас завуць? — запыталася Фларэнс.

— Місіс Браун, — сказала старая. — Добрая місіс Браун.

— Яны блізка адсюль? — запыталася Фларэнс, даючы сябе пацягнуць.

— Сʼюзен тут, недалёка, — сказала Добрая місіс Браун, — а другія недалёка ад яе.

— Нікога не пабілі? — ускрыкнула Фларэнс.

— Не, — сказала Добрая місіс Браун.

Пачуўшы гэта, дзяўчынка заплакала ад радасці і ахвотна пайшла са старой, хоць, пакуль яны ішлі, яна мімаволі паглядала на яе твар, у асаблівасці на гэты нястомны рот, і разважала аб тым, ці падобна да яе Злая місіс Браун, калі толькі існуе такая асоба на свеце.

Ішлі яны нядоўга, але вельмі непрывабнай дарогай міма печаў для абпальвання цэглы і чарапіцы, а пасля старая павярнула ў гразкі завулак, прарэзаны глыбокімі чорнымі каляінамі. Яна спынілася каля несамавітага доміка, замкнутага так моцна, як толькі можа быць замкнуты дом увесь у расколінах і шчылінах. Яна адамкнула дзверы ключом, які выняла з-пад капелюша, і ўпіхнула дзяўчынку ў задні пакой, дзе на падлозе ляжала вялікая куча ануч розных колераў, куча касцей і куча прасеенага попелу і смецця; мэблі тут не было, а сцены і столь былі зусім чорныя.

Дзяўчынка напалохалася так, што не магла прамовіць ні слова і, здавалася, траціла прытомнасць. — Ну, не дурнейце, — сказала Добрая місіс Браун, штурхануўшы, каб дзяўчынка апамяталася. — Я вас не пакрыўджу. Садзіцеся на анучы.

Фларэнс паслухалася, з нямой просьбай працягваючы да яе складзеныя рукі.

— І затрымаю я вас не больш гадзіны, — сказала місіс Браун. — Разумееце, што я кажу?

Дзяўчынка з вялікай цяжкасцю прамовіла: «Разумею».

— Так, значыць, — сказала Добрая місіс Браун, у сваю чаргу садзячыся на косці, — не дакучайце мне. Калі не будзеце дакучаць, кажу вам, што я вас не пакрыўджу. А калі надакучыце, я вас заб’ю. Я магу вас забіць у любы час — нават калі вы лежыцё ў пасцелі ў сябе дома. А цяпер расказвайце, хто вы такая і што вы такое і ўсё іншае аб сабе.

Пагрозы і абяцанні старой, баязнь раззлаваць яе і прывычка, якая не ўласціва дзіцяці, але якая ў Фларэнс зрабілася нібы прыроджанай, — таіцца і захоўваць свае пачуцці, страх і надзеі, — дапамаглі ёй выканаць гэтае патрабаванне і расказаць сваю маленькую біяграфію або тое, што яна ведала аб сваім жыцці. Місіс Браун слухала ўважліва, пакуль яна не скончыла расказваць.

— Так, значыць, ваша прозвішча Домбі, а? — сказала місіс Браун.

— Так, пані.

— Мне патрэбна гэта прыгожанькая сукеначка, міс Домбі, — сказала Добрая місіс Браун, — і гэты капялюшык, і адна-дзве спаднічкі, і ўсё іншае, без чаго вы можаце абыйсціся. А ну, зніміце іх!

Фларэнс падпарадкавалася спешна, наколькі гэта дазвалялі яе дрыжачыя рукі, і пры гэтым не спускала напалоханых вачэй з місіс Браун. Калі яна пазбавілася ад усіх частак туалету, упамянутых гэтай лэдзі, місіс Браун не спяшаючыся агледзела іх і як быццам асталася зусім задаволенай іх якасцю і каштоўнасцю.

— Гм! — сказала яна, аглядаючы кволую постаць дзіцяці. — Больш я нічога не бачу, апрача чаравікаў. Мне патрэбны гэтыя чаравікі, міс Домбі.

Бедная маленькая Фларэнс зняла іх з такой-жа паспешнасцю, ад душы радуючыся, што знайшоўся яшчэ адзін спосаб задаволіць яе. Пасля старая выцягнула нейкія лахманы з-пад кучы ануч, якую яна для гэтай мэты раскідала, а таксама дзіцячую накідку, зусім паношаную і старую, і пакамечаныя рэшткі капелюша, здабытага, напэўна, з якой-небудзь канавы ці кучы гною. У гэта адмысловае адзенне загадала яна Фларэнс прыбрацца, а з той прычыны, што такія падрыхтаванні, здавалася, маглі адбывацца перад вызваленнем, дзяўчынка падпарадкавалася, бадай, з яшчэ большай гатоўнасцю. Спяшаючыся надзець капялюшык, — калі толькі можна назваць капялюшыкам тое, што хутчэй нагадвала падушку, якую падкладаюць пры пераносе цяжараў, — яна зачапіла ёю за свае густыя валасы і не адразу магла адчапіць яе. Добрая місіс Браун схапіла вялікія нажніцы і яе апанавала страснае ўзбуджэнне.

— Чаму вы не пакінулі мяне ў спакоі, — сказала місіс Браун, — калі я была задаволена? Ах, вы, блазнючка!

— Даруйце. Не ведаю, чым я вінавата, — задыхаючыся, прагаварыла Фларэнс. — Я нічога не магла зрабіць.

— Нічога не магла зрабіць! — крыкнула місіс Браун. — А як па-вашаму, што я магу зрабіць? Ах, божа мой, — прадаўжала старая, з нейкай злоснай асалодай кудлацячы яе кудры, — усякі на маім месцы адрэзаў-бы іх перш за ўсё.

Фларэнс адчула такую палёгку, даведаўшыся, што не на галаву, а толькі на валасы робіць замах місіс Браун, што не стала ні супраціўляцца, ні ўпрашаць і толькі падняла свае лагодныя вочы на гэтае добрае стварэнне.

— Каб у мяне не было раней дачкі — цяпер яна за акіянам, — якая ганарылася сваімі валасамі, — сказала місіс Браун, — я адрэзала-б усе да апошняй пасмы. Яна далека, далёка! Охо-хо! Охо-хо!

Завыванне місіс Браун не было меладычным, але, суправаджаемае шалёнай жэстыкуляцыяй, яно вяшчала аб вялікім горы і вымусіла затрапятаць сэрца Фларэнс, якая спалохалася яшчэ больш. Магчыма, яно садзейнічала выратаванню яе валасоў, бо місіс Браун, пакружыўшыся каля яе з нажніцамі, нібы новая рознавіднасць матыля, загадала схаваць іх пад капелюш, каб ніводная пасма не выбівалася ёй на спакусу. Перамогшы сябе, місіс Браун зноў уселася на косці і закурыла кароценькую чорную люльку, увесь час варушачы губамі і прычмокваючы, як быццам яна жавала мундштук.

Выкурыўшы люльку, яна прымусіла дзяўчынку несці трусіную шкурку і сказала, што павядзе яе цяпер на людную вуліцу, дзе яна можа даведацца, як ісці да сваіх. Але яна загадала ёй, прыгразіўшы ў выпадку непаслушэнства хуткай і жорсткай расправай, не размаўляць з прахожымі і ісці не да сябе дадому (бо дом, магчыма, знаходзіцца вельмі блізка з пункту гледжання місіс Браун), а ў кантору да бацькі ў Сіці, а таксама пачакаць на рагу, дзе яна яе пакіне, пакуль не праб’е тры гадзіны. Гэтыя навучанні місіс Браун падмацавала заявай, што ёсць у яе на службе ўсемагутныя вочы і вушы, якім вядомы ўсе паступкі дзяўчынкі, і гэтых навучанняў Фларэнс урачыста і сур’ёзна абяцала слухацца.

Нарэшце, місіс Браун, рушыўшы ў дарогу, пацягнула сваю змяніўшуюся, апранутую ў лахманы маленькую прыяцельку, лабірынтам вузкіх вуліц, завулкаў і завулачкаў, якія прывялі, нарэшце, да рамізніцкага двара, што канчаўся варотамі, з-за якіх чуўся шум вялікай гарадской вуліцы. Паказаўшы на гэтыя вароты і сказаўшы Фларэнс, што, калі праб’е тры гадзіны, яна павінна пайсці налева, місіс Браун рванула яе на развітанне за валасы, сказала, што цяпер тая ведае, як зрабіць, і загадала ісці і памятаць, што за ёю сочаць.

З палёгкай на сэрцы, але ўсё яшчэ вельмі перапалоханая, Фларэнс адчувала, што яе вызвалілі, і пабегла на рог. Дайшоўшы да яго, яна аглянулася і ўбачыла галаву Добрай місіс Браун, што высоўвалася з-пад нізкага драўлянага прыкрыцця, дзе яна давала апошнія ўказанні, а таксама кулак, якім пагражала ёй Добрая місіс Браун.

Фларэнс стаяла на рагу, глядзела на вулічную мітусню і яе апаноўвала яшчэ большае замяшанне; між тым гадзіннік як быццам рашыў ніколі не біць тры. Нарэшце, на званіцы прабіла тры гадзіны; гэта было зусім блізка, значыць памыліцца яна не магла; яна некалькі разоў азірнулася цераз плячо, некалькі разоў памыкалася ісці і столькі-ж разоў варочалася назад, баючыся разгневаць усемагутных шпіёнаў місіс Браун і, нарэшце, рынулася ўперад з паспешнасцю, з якою толькі можна было бегчы ў стаптаных чаравіках, не выпускаючы з рук шкуркі труса.

Аб канторах свайго бацькі яна ведала што яны належаць Домбі і Сыну і што гэта вялікая сіла ў Сіці. Таму яна магла пытацца толькі аб тым, як прайсці да Домбі і Сына ў Сіці; а з тае прычыны, што яна пыталася пераважна ў дзяцей, баючыся звяртацца да дарослых, то і карысці мела вельмі мала. Але праз некаторы час яна пачала пытаць дарогу ў Сіці, прапускаючы пакуль другую палову пытання, і тады сапраўды пачала паступова набліжацца да сэрца гэтай вялікай краіны, якой кіраваў грозны лорд-мэр.

Стаміўшыся ад хадзьбы, натыкаючыся на людзей, спатыкаючыся, аглушаная шумам і сумятнёю, непакоячыся аб брату і няньках, у жаху ад перажытага ёю і ад перспектывы з’явіцца ў такім выглядзе перад разгневаным бацькам, ашаломленая і перапалоханая тым, што адбылося, што зараз адбывалася і што яшчэ ёй мелася быць, Фларэнс ішла стомленая, са слязмі на вачах і разы два мімаволі спынялася, каб зрабіць палёгку змучанаму горкімі ўзрыдамі сэрцу.

Добрых дзве гадзіны прайшло з таго часу, як пачалася гэта дзіўная прыгода, калі, унікшы ад шуму і грукату вузкай вуліцы, застаўленай калёсамі і фурманкамі, яна вышла да якойсьці верфі або прыстані на беразе ракі, дзе ўбачыла вялікае мноства цюкоў, бочак і скрынак, вялікія драўляныя вясы і маленькі драўляны домік на колах перад якім, пазіраючы на бліжэйшыя мачты і лодкі, стаяў, пасвістваючы, дародны чалавек, заткнуўшы за вуха пяро і засунуўшы рукі ў кішэні, нібы працоўны яго дзень ужо надыходзіў да канца.

— Ну, што там яшчэ? — сказаў гэты чалавек, выпадкова азірнуўшыся. Нічога у нас няма для вас, дзяўчынка. Ідзіце! — Скажыце, калі ласка, гэта Сіці? — запыталася дрыжачая дачка Домбі.

— Так, гэта Сіці. Думаю, што вы гэта вельмі добра ведаеце. Ідзіце! Нічога ў нас няма для вас.

— Мне нічога не патрэбна, дзякую вам, — быў нясмелы адказ. — Толькі даведацца, як прайсці да Домбі і Сына.

Чалавек, які ляніва накіраваўся ў напрамку да яе, быў нібы здзіўлены гэтым адказам, уважліва паглядзеў ёй у твар і сказаў:

— А вам што патрэбна ад Домбі і Сына?

— Прабачце, мне трэба ведаць дарогу туды.

Чалавек паглядзеў на яе яшчэ больш дапытліва і ў здзіўленні пачасаў сабе патыліцу з такой энергіяй, што збіў з галавы капялюш.

— Джо! — паклікаў ён другога чалавека, рабочага, падняўшы і зноў надзеўшы капялюш.

— Вось і Джо, — адазваўся Джо.

— Дзе гэты малады францік ад Домбі, які наглядаў за пагрузкай тавараў?

— Толькі што вышаў у другія вароты, — сказаў Джо.

— Дык паклічце-ж яго на хвілінку.

Джо кінуўся да варот, крычучы на бягу, і неўзабаве вярнуўся з жыццерадасным з выгляду хлопчыкам.

— Вы на пабягушках у Домбі, ці што? — запытаўся першы чалавек.

— Я служачы фірмы Домбі, містэр Кларк, — адказваў хлопчык.

— У такім выпадку гляньце сюды, — сказаў містэр Кларк.

Падпарадкуючыся жэсту містэра Кларка, хлопчык падышоў да Фларэнс, не без падставы не разумеючы, якія ён мае да яе адносіны. Але Фларэнс, слухаючы гэта, адчула не толькі палёгку, нечакана пераканаўшыся ў выратаванні і сканчэнні падарожжа, але і вялікае заспакаенне ўбачыўшы яго ажыўлены юнацкі твар і манеры, імкліва падбегла да яго, згубіўшы па дарозе адзін з парваных чаравікаў, і абодвума рукамі схапіла яго за руку.

— Я згубілася! — сказала Фларэнс.

— Згубілася? — ускрыкнуў хлопчык.

— Так, я згубілася сёння раніцой, далёка адгэтуль... а пасля з мяне знялі сукенку... і цяпер на мне чужая... і завуць мяне Фларэнс Домбі, я адзіная сястра майго браціка... і, ах, божа мой, божа мой, дапамажыце мне, калі ласка! — усхліпвала Фларэнс, даючы волю дзіцячым пачуццям, якія яна так доўга стрымлівала, і заліваючыся слязмі. Пры гэтым яе несамавіты капялюш зляцеў з галавы, і растрапаныя валасы ўпалі ёй на твар, выклікаўшы маўклівае зачараванне і пакуту юнага Уолтэра, пляменніка Саламона Джылса, майстра суднавых інструментаў.

Містэр Кларк, надзвычай здзіўлены, мармытаў ледзь чутна: «Я яшчэ ніколі не бачыў такога тавару на гэтай прыстані». Уолтэр падняў чаравік і надзеў яго на маленькую ножку, нібы прынц у байцы, які прымяраў туфлік Золушцы. Ён перакінуў цераз левую руку трусіную шкурку і правую прапанаваў Фларэнс.

— Не плачце, міс Домбі, — сказаў Уолтэр, апанаваны энтузіямам. — Гэта цудоўна, што я быў тут! Цяпер вы ў такой-жа бяспецы, нібы вас ахоўвала цэлая каманда лепшых матросаў з ваеннага судна. Ах, не плачце!

— Больш я не буду плакаць, — сказала Фларэнс. — Я плачу з радасці.

«Плача з радасці! — падумаў Уолтэр. — І я прычына гэтай радасці».

— Хадземце, міс Домбі, Ну вось, цяпер і другі чаравік зваліўся. Вазьміце мае, міс Домбі.

— Не, не, не! — сказала Фларэнс, стрымліваючы яго ў той момант, калі ён парывіста сцягваў з сваіх ног чаравікі. — У гэтых мне больш зручна. У гэтых вёльмі добра.

— Ну, вядома, — сказаў Уолтэр, зірнуўшы на яе ножку, — мае на цэлую мілю даўжэй, чым трэба. Як-жа гэта я не падумаў? У маіх вы зусім не маглі-б ісці! Хадземце, міс Домбі! Хацеў-бы я паглядзець, які нягоднік асмеліцца вас цяпер пакрыўдзіць!

Уолтэр, маючы вельмі грозны выгляд, павёў Фларэнс, якая мела выгляд вельмі шчаслівы, і яны пайшлі ўзяўшыся падручкі па вуліцах, зусім не думаючы аб тым, якой дзіўнай магла здацца гэтая пара.

Змрок і туман згушчаліся, і ў дадатак пачаў цярушыць дождж, але яны ніякай увагі на гэта не звярталі; абодва былі цалкам захоплены нядаўнімі прыгодамі Фларэнс, пра якія яна расказвала з наіўным простадушшам і давер’ем, уласцівымі яе ўзросту, у той час як Уолтэр слухаў так, нібы яны ішлі далёка ад гразі і копаці Темз-стрыт, сярод шырокалістых высокіх дрэў на нейкім незаселеным востраве пад тропікамі, і ў асобныя моманты ён уяўляў, магчыма, што гэта так і было.

— Далёка нам? — запыталася, нарэшце, Фларэнс, падымаючы вочы на свайго спадарожніка.

— Ах, дарэчы, — спыняючыся, сказаў Уолтэр, — чакайце, дзе мы? А, ведаю. Але кантора цяпер закрыта, міс Домбі. Нікога там няма. Містэр Домбі даўно пайшоў дадому. Мабыць, і нам варта ісці дадому. Або пачакайце... Ці не завесці мне вас да дзядзі, у якога я жыву... гэта зусім блізка адсюль... а пасля паехаць да вас дадому ў карэце, паведаміць іх, што вам не пагражае небяспека, і прывезці вам якое-небудзь адзенне? Бадай, так будзе лепш?

— Ну, што-ж, — адказвала Фларэнс. — А як па-вашаму? Як вы думаеце?

Пакуль яны стаялі, радзячыся, нейкі чалавек параўняўся з імі і мімаходзь глянуў на Уолтэра, нібы пазнаў яго, але пасля, як быццам не давяраючы першаму ўражанню, прайшоў далей.

— Мне здаецца, гэта містэр Каркер, — сказаў Уолтэр. — Каркер з нашай фірмы. Не загадчык наш Каркер, міс Домбі, а другі Каркер, малодшы. Ало! Містэр Каркер! — Гэта Уолтер Гэй? — адазваўся той, прыпыняючыся і варочаючыся назад. — Мне здавалася, я памыліўся… з такой дзіўнай спадарожніцай…

Стоячы ля ліхтара і са здзіўленнем выслухоўваючы таропкія тлумачэнні Уолтэра, ён уяўляў сабой рэзкі кантраст двум дзецям, якія стаялі перад ім блізка адно ля аднаго. Ён быў не стары, але валасы ў яго былі сівыя; спіна згорбілася ці сагнулася пад цяжарам нейкага вялікага гора, і глыбокія зморшчыны перасякалі яго змардаваны, сумны твар.

— Што вы параіце, містэр Каркер? — з усмешкай запытаўся Уолтэр. — Вы-ж заўсёды даеце добрыя парады, калі размаўляеце са мною. Праўда, гэта здараецца не часта.

— Ваш план мне здаецца найлепшым, — адказаў той, пазіраючы то на Фларэнс, то на Уолтера.

— Містэр Каркер, — абрадаваўшыся, сказаў Уолтэр, у якога мільганула велікадушная думка, — паслухайце! Вось выпадак для вас! Схадзіце вы да містэра Домбі і прынясіце яму добрую вестку. Гэта можа быць карысным для вас, сэр. Я астануся дома. Ідзіце.

— Я? — усклікнуў той.

— Так. Чаму-б вам не пайсці, містэр Каркер? — сказаў хлопчык.

Той у адказ толькі паціснуў яму руку; здавалася нават, гэта ён зрабіў сарамліва і з асцярогай і, пажадаўшы яму добрай ночы і параіўшы не марудзіць, пайшоў далей.

— Ну, міс Домбі, — сказаў Уолтэр, паглядзеўшы яму ўслед, калі яны таксама пайшлі сваёй дарогай, — мы як мага хутчэй накіруемся да майго дзядзькі. Ці чулі вы калі-небудзь, міс Фларэнс, каб містэр Домбі гаварыў аб містэры Каркеры-малодшым?

— Не, — ціха адказала дзяўчынка, — я рэдка чую, як тата размаўляе.

«Ах, правільна! Тым горш для яго», падумаў Уолтер. Пасля хвіліннай паузы, на працягу якой ён глядзеў уніз на ціхманы, цярплівы тварык дзяўчынкі, якая ішла побач з ім, ён з уласцівым яму юнацкім ажыўленнем і імклівасцю пачаў гаварыць аб іншым, а калі адзін са злашчасных чаравікаў зноў зваліўся, вельмі дарэчы, прапанаваў занесці Фларэнс на руках да дзядзькі. Фларэнс, хоць і вельмі стамілася, смеючыся, адхіліла гэту прапанову, баючыся, каб ён яе не ўпусціў; яны былі ўжо недалёка ад Драўлянага Мічмана, і тут Уолтер пачаў расказваць розныя выпадкі з гісторыі караблекрушэнняў і іншыя хвалюючыя здарэнні, а таксама і аб тым, як маладзейшыя за яго хлопчыкі ратавалі і ўрачыста ўносілі дзяўчынак старэйшых за Фларэнс; яны ўсё яшчэ былі захоплены гэтай размовай, калі падышлі да дзвярэй інструментальнага майстра.

— Ало, дзядзя Соль! — закрычаў Уолтэр, урываючыся ў краму і гаворачы няскладна і перарывіста. — Якое дзівоснае здарэнне! Вось дачка містэра Домбі заблудзілася на вуліцы, а старая ведзьма абабрала ў яе адзенне... Я яе знайшоў і прывёў да нас, каб яна адпачыла ў нас у гасцінай... глядзіце!

— Божа-ж мой! — сказаў дзядзька Соль, адступаючы да свайго ўлюбёнага компаса. — Не можа быць! Ніколі-б я...

— Ды і ніхто іншы, — перабіў Уолтэр, адгадваючы канец фразы. — Ніхто, ці ведаеце, ніхто... Вось! Памажыце мне перанесці гэту канапу бліжэй да агню, добра, дзядзя Соль? Падрыхтуйце талеркі... дайце ёй паабедаць, добра, дзядзя? Кіньце гэтыя чаравікі пад камінную рашотку, міс Фларэнс... пастаўце ногі на рашотку, каб абагрэць іх... Як яны прамоклі!.. Вось дык прыгода, а, дзядзя? Божа мой, як мне горача!

Саламону Джылсу таксама было вельмі горача і ад спачування, і ад надзвычайнага здзіўлення. Ён гладзіў па галоўцы Фларэнс, угаварваў яе есці, угаварваў яе піць, расціраў ёй ногі нагрэтай ля каміна насавой хустачкай, сачыў поглядам і слухам за сваім непаседай-пляменнікам і нічога па сутнасці не разумеў, апрача таго, што на яго ўвесь час налятаў і натыкаўся гэты ўсхваляваны малады джэнтльмен, які мітусіўся па пакоі, беручыся адразу за дваццаць спраў і зусім нічога не робячы.

— Пачакайце хвілінку, дзядзя, — сказаў ён, схапіўшы свечку, — зараз я збегаю наверх, апрану другую куртку, а пасля пайду. Паслухайце, дзядзя, вось дык прыгода!

— Дарагі мой хлопчык, — сказаў Саламон, які з акулярамі на ілбе і вялікім хранометрам у кішэні кідаўся паміж Фларэнс на канапе і сваім пляменнікам, — гэта самае незвычайнае...

— Так, але, калі ласка, дзядзя... калі ласка, міс Фларэнс... ці ведаеце, абед, дзядзя.

— Так! так! так! — усклікнуў Саламон, адразу ўсадзіўшы нож у баранню нагу, нібы яму трэба было карміць велікана. — Я аб ёй паклапачуся, Уолі! Я разумею. Любая крошка! Вядома, прагаладалася. Ідзіце і прывядзіце сябе ў парадак. Госпадзі памілуй!

Уолтэру мала спатрэбілася часу, каб падняцца да сябе на мансарду і спусціцца, але Фларэнс тым часам не магла змагацца са стомай і паспела задрамаць ля каміна. Калі хлопчык вярнуўся, яна салодка спала.

— Вось гэта цудоўна! — прашаптаў ён, так моцна сціснуўшы ў абдымках Саламона, што той у твары змяніўся. — Цяпер я пайду. Вазьму толькі з сабою скарынку хлеба, я вельмі галодны... і... не будзіце яе, дзядзя Соль!

— Не, не, — сказаў Саламон. — Прыгожанькая дзяўчынка!

— Вельмі прыгожанькая! — усклікнуў Уолтэр. — Я ніколі не бачыў такога тварыка, дзядзя Соль. Цяпер я іду.

— Вельмі добра, — з вялікай палёгкай сказаў Саламон.

— Паслухайце, дзядзя Соль! — крыкнуў Уолтэр, высунуўшы галаву ў дзверы.

— Ён зноў тут! — сказаў Саламон.

— Як яна сябе адчувае цяпер?

— Цудоўна, — сказаў Саламон. — Вельмі добра! Цяпер я іду.

— Спадзяюся,— прамармытаў пра сябе Саламон.

— Паслухайце, дзядзя Соль! — усклікнуў Уолтэр, зноў паяўляючыся ў дзвярах.

— Ён зноў тут! — сказаў Саламон.

— Мы сустрэлі на вуліцы містэра Каркера-малодшага. Такім дзіўным ён ніколі яшчэ не быў. Ён развітаўся са мною, але пайшоў услед за намі — вось дзіва! — таму што, калі мы падышлі да дзвярэй, я азірнуўся і бачыў, як ён памаленьку адыходзіў, нібы слуга, які праводзіў мяне дадому, або верны сабака. Як яна сябе адчувае цяпер, дзядзя?

— Таксама як і раней, Уолі,— адказваў дзядзька Соль.

— Вельмі добра! Цяпер то я пайду ўжо.

На гэты раз ён сапраўды пайшоў, а Саламон Джылс, не маючы ахвоты абедаць, сеў з другога боку каміна, наглядаючы за сном Фларэнс. Дасягнуўшы мэты свайго падарожжа, Уолтэр выскачыў з карэты, задыхаючыся, паведаміў аб сваёй місіі слузе і пайшоў за ім проста ў бібліятэку, дзе містэр Домбі, яго сястра і міс Токс, Рычардс і Ніпер былі ўсе ў зборы.

— О, прашу прабачэння, сэр, — сказаў Уолтэр, кідаючыся да містэра Домбі, — але, на шчасце, я магу паведаміць, што ўсё добра, сэр: міс Домбі знайшлася!

— Я гаварыў вам, Луіза, што яна абавязкова знойдзецца, — сказаў містэр Домбі, крыху павярнуўшыся да гэтай лэдзі, якая плакала разам з міс Токс. — Паведаміце слугам, што няма патрэбы ў далейшых пошуках. Хлопчык, які даставіў гэтую вестку, — малады Гэй з канторы. Як знайшлася мая дачка, сэр? Мне вядома, як яе згубілі. — Тут ён велічна зірнуў на Рычардс. — Але як яна знайшлася? Хто яе знайшоў?

— Бадай, гэта я знайшоў міс Домбі, сэр, — скромна сказаў Уолтэр, — ва ўсякім выпадку не ведаю, ці магу я ставіць сабе ў заслугу, што сапраўды знайшоў яе, але я быў шчаслівым сродкам...

— Што вы падразумяваеце, сэр, — перабіў містэр Домбі, з інстынктыўнай непрыхільнасцю адзначаючы, што хлопчык відавочна горды і шчаслівы сваім удзелам у гэтай падзеі, — кажучы, што па сутнасці вы не знайшлі маёй дачкі, а былі шчаслівым сродкам? Будзьце ласкавы гаварыць толкам і паслядоўна.

Не мог Уолтэр гаварыць паслядоўна, але ён пастараўся даць тыя тлумачэнні, на якія быў здолен у сваім узрушаным стане, і расказаў, чаму ён прышоў адзін.

— Вы гэта чуеце, дзяўчына? — строга сказаў містэр Домбі, звяртаючыся да чорнавокай. — Вазьміце ўсё неабходнае і зараз-жа адпраўляйцеся з гэтым маладым чалавекам, каб даставіць дадому міс Фларэнс. Гэй, заўтра вы атрымаеце ўзнагароду.

— О, дзякую вам, сэр, — сказаў Уолтэр. — Вы вельмі добры. Дапраўды, я не думаў аб узнагародзе, сэр. — Вы — хлопчык, — сказаў містэр Домбі рэзка і ледзь не са злосцю, — і тое, што вы думаеце або ўяўляеце, быццам думаеце, мала мае значэння. Вы зрабілі добра, сэр. Не псуйце таго, што зрабілі. Калі ласка, Луіза, налейце хлопчыку віна.

Позірк містэра Домбі з відавочным неадабрэннем праводзіў Уолтэра Гэя, калі той выходзіў з пакоя пад наглядам місіс Чык, і з такім-жа нездавальненнем духоўны яго позірк ішоў следам за ім, калі ён разам з міс С’юзен Ніпер ехаў назад да свайго дзядзькі.

Там яны пераканаліся, што Фларэнс, асвяжыўшыся пасля сну, паабедала і вельмі пасябравала з Саламонам Джылсам, да якога ставілася з поўным давер’ем і сімпатыяй. Чорнавокая (якая столькі плакала, што цяпер яе можна было назваць чырвонавокай, і якая была вельмі маўклівая і засмучоная) схапіла яе ў абдымкі, не сказаўшы ніводнага сярдзітага або дакорлівага слова, і садзейнічала таму, што спатканне вышла вельмі істэрычным. Пасля, ператварыўшы гасціную спецыяльна для гэтага выпадку ў туалетную, яна пераапранула Фларэнс вельмі клапатліва ў належную ёй сукенку і, нарэшце, павяла яе ў выглядзе, вартым Домбі (наколькі гэта дазваляла прыроджаная ёй недасканаласць).

— Бывайце! — сказала Фларэнс, падбягаючы да Саламона. — Вы былі вельмі добрымі да мяне.

Стары Соль узрушыўся і пацалаваў яе, нібы даводзіўся ёй дзедам.

— Бывайце, Уолтэр! — сказала Фларэнс.

— Да пабачэння! — сказаў Уолтэр, працягваючы абедзве рукі.

— Я вас ніколі не забуду, — прадаўжала Фларэнс. — Дапраўды-ж, ніколі не забуду. Да пабачэння, Уолтэр!

З наіўнай удзячнасцю дзяўчынка падставіла яму тварык. Уолтэр схіліўся да яе, пасля зноў падняў галаву, чырвоны і сарамлівы, і ў вялікім замяшанні паглядзеў на дзядзьку, Соля.

«Дзе Уолтэр?» «Бывайце, Уолтэр!» «Да пабачэння, Уолтэр!» «Дайце мне яшчэ раз руку, Уолтэр!» — усклікала Фларэнс, пасля таго калі яе пасадзілі ўжо ў карэту разам з яе маленькай нянькай. І калі карэта, нарэшце, рушыла, Уолтэр стаяў ля парога, весела адказваў Фларэнс, якая размахвала насавой хустачкай. Драўляны Мічман за яго спіной, здавалася, як і ён сам, сачыў за адной толькі гэтай карэтай, не звяртаючы ўвагі на ўсе іншыя, якія праязджалі міма.

У вызначаны час карэта зноў была ля дома містэра Домбі, і зноў у бібліятэцы чуліся гучныя галасы. Зноў было загадана, каб карэта чакала, — «для місіс Рычардс», злавесна шапнуў нехта са слуг С’юзен, калі тая праходзіла з Фларэнс.

З’яўленне згубленага дзіцяці выклікала хваляванне, між іншым, нязначнае. Містэр Домбі пацалаваў яе ў лоб і перасцярог, каб яна ў далейшым не ўцякала і не блукала недзе з вераломнымі спадарожнікамі. Місіс Чык абарвала свае скаргі на заганнасць чалавечай натуры і прыняла Фларэнс некалькі інакш, як на гэта мог-бы прэтэндаваць толькі сапраўдны Домбі. Міс Токс падзяляла свае пачуцці, прыстасоўваючыся да ўзораў, якія былі перад ёй. Адна толькі Рычардс, вінаватая Рычардс, выказала пачуцці душы, сустрэўшы яе няскладнымі словамі прывітання і схіліўшыся над заблудзіўшайся дзяўчынкай са шчырай любоўю.

— Ах, Рычардс! — уздыхнула місіс Чык. Было-б больш прыемна для тых, хто хацеў-бы не думаць дрэнна аб сваіх бліжніх, і больш прыстойна для вас, калі-б вы своечасова выявілі адпаведнае пачуццё да дзіцяці, якое будзе цяпер дачасна пазбаўлена прыроднага харчавання.

— Луіза! — сказаў містэр Домбі. — Няма патрэбы прадаўжаць гэтыя заўвагі. Жанчына зволена, і ёй заплачана. Вы пакідаеце гэты дом, Рычардс, таму што ўзялі з сабою майго сына, майго сына, — сказаў містэр Домбі, унушальна паўтарыўшы гэтыя два словы, — у трушчобы і ў грамаду, аб якіх нельга падумаць, каб не ўздрыгнуцца. Мне здаецца, Луіза, што другая нянька, гэта маладая асоба, — тут міс Ніпер моцна ўсхліпнула, — будучы значна маладзейшай і знаходзячыся, бясспрэчна, пад уплывам карміліцы Поля, можа астацца. Будзьце ласкавы загадаць, каб заплацілі фурману, які адвязе гэту жанчыну ў... — містэр Домбі запнуўся і зморшчыўся... — у Сады Стэгса.

Полі накіравалася да дзвярэй, а Фларэнс чаплялася за яе вопратку і вельмі чулліва ўпрашвала яе не ісці. Кінжалам у сэрца і стралой у мозг уразіла ганарыстага бацьку гэта відовішча: яго плоць і кроў, ад якой ён не мог адрачыся, горнецца да гэтай невуцкай чужой жанчыны, калі ён сядзіць тут. Па сутнасці, яго не цікавіла, да каго звяртаецца і ад каго адварачваецца яго, дачка. Востры пакутлівы боль пранізаў яго, калі ён падумаў аб тым, як зрабіў-бы яго сын.

Ва ўсякім выпадку сын яго моцна плакаў у гэту ноч. Праўду кажучы, у беднага Поля была больш грунтоўная прычына для слёз, чым у большасці сыноў гэтага ўзросту, бо ён пазбавіўся сваёй другой маткі з прычыны катастрофы, такой-жа раптоўнай, як тая страта, якая засмуціла пачатак яго жыцця.


  1. Павязла на Бенберы Крос — забаўляла дзіця, падкідала яго на калене і спявала песеньку аб паездцы к Бенберы Крос.
  2. Крэветка — ракападобная жывёліна, ужываемая ў ежу.