Перайсці да зместу

Домбі і сын/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел IV, у якiм на нашай сцэне ўпершыню выступаюць новыя асобы Раздзел V. Рост і хрысціны Поля
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел VI. Другая страта Поля

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ V

Рост і хрысціны Поля.

Маленькі Поль з дня-на-дзень набіраўся здароўя і сіл. І што-дзень усё з большай стараннасцю песціла яго міс Токс, чыя адданасць была так высока ацэнена містэрам Домбі, што ён пачаў яе паважаць як жанчыну з вялікім запасам здаровага сэнсу, чые пачуцці робяць ёй гонар і заслугоўваюць заахвочвання. Ён распасцёр сваю прыхільнасць да такіх межаў, што не толькі кланяўся ёй не адзін раз з асаблівай увагай, але нават велічна даверыў сваёй сястры падзякаваць ёй у такой форме: «Калі ласка, перадайце вашай прыяцельцы, Луіза, яна вельмі добрая» або: «Паведаміце міс Токс, Луіза, што я ёй удзячны», знакі ўвагі, што зрабілі глыбокае ўражанне на лэдзі, якая іх заслужыла.

Міс Токс часцяком запэўняла місіс Чык, што «нішто не можа перавысіць яе інтарэс да ўсяго, звязанага з развіццём гэтага чароўнага дзіцяці»; і чалавек, які назірае за паводзінамі міс Токс, мог прыйсці да такога-ж вываду, не маючы патрэбы ў красамоўных пацверджаннях. Яна назірала за нявіннай трапезай юнага наследніка з нязменным задавальненнем, ледзь не з такім выглядам, нібы ўдзельнічала ў яго пачастунку нараўне з Рычардс. У часе маленькіх цырамоній купання і туалета яна дапамагала з энтузіязмам. Выкананне некаторых медычных дзеянняў, якіх вымагаў узрост дзіцяці, узбуджала ў ёй гарачае спачуванне, уласцівае яе натуры; а схаваўшыся аднойчы ў шафе (куды яна забралася ад скромнасці), калі сястра прывяла містэра Домбі ў дзіцячы пакой паглядзець на сына, які у лёгкай палатнянай распашонцы прагульваўся перад сном, карабкаючыся ўверх па плацці Рычардс, міс Токс, за спіной наведвальніка, які пра яе не ведаў, так захапілася, што не магла утрымацца, каб не крыкнуць: «Ну, хіба не прыгажун ён, містэр Домбі? Хіба не анёлак, ён, сэр?», пасля чаго ледзь не згарэла ад сораму і збянтэжанасці за дзверцамі шафы.

— Луіза, — сказаў аднойчы містэр Домбі сястры, — дапраўды, мне здаецца, што я павінен зрабіць вашай прыяцельцы які-небудзь маленькі падарунак з прычыны хрысцін Поля. З самага пачатку яна так цёпла клапацілася аб дзіцяці і, як відаць, так добра разумее сваё становішча (добрадзейнасць, на жаль, вельмі рэдкая на гэтым свеце), што, дапраўды-ж, мне было-б прыемна выказаць ёй падзяку.

— Любы мой Поль, — сказала яго сястра, — вы толькі аддаеце належнае міс Токс; я ведала, што іменна так зробіць чалавек, які ўладае вашай пранікальнасцю. Мне здаецца, калі ёсць у нашай мове тры словы, да якіх яна ставіцца з павагай, што мяжуе з пачцівасцю, дык словы гэтыя — Домбі і Сын.

— Правільна, — сказаў містэр Домбі, — я гэтаму веру. Гэта робіць гонар міс Токс.

— Што-ж датычыць якога-небудзь падарунка, любы мой Поль, — прадаўжала сястра, — я магу сказаць адно: усё, што-б вы не падарылі міс Токс, яна — у гэтым я ўпэўнена — будзе берагчы і цаніць. Але ёсць больш прывабны і прыемны спосаб, любы мой Поль, выказаць вашу ўдзячнасць міс Токс, калі вы да гэтага схільны.

— Якім чынам? — запытаўся містэр Домбі.

— Вядома, выбар хроснага бацькі, — прадаўжала місіс Чык, — мае значэнне з пункту гледжання сувязей і ўплыву.

— Не ведаю, якое яны могуць мець значэнне для майго сына, — холадна сказаў містэр Домбі.

— Зусім правільна, любы мой Поль, — адказвала місіс Чык з надзвычайным ажыўленнем, якое мела за мэту захаваць нечаканую перамену ў яе намерах, — іменна так вы і павінны былі сказаць. Нічога іншага я і не чакала ад вас. Трэба было мне ведаць, што такая будзе ваша думка. Быць можа, — тут місіс Чык зноў паліслівіла перад ім, няўпэўнена намацваючы правільны шлях, — быць можа, таму вы менш пачалі-б пярэчыць супроць таго, каб міс Токс была хроснай маткай дарагога дзіцяці, хоць-бы ў якасці прадстаўніцы і намесніцы якой-небудзь іншай асобы. Ці варта казаць, Поль, што гэта было-б прынята як вялікі гонар і адзнака.

— Луіза, — памаўчаўшы, сказаў містэр Домбі, — цяжка дапусціць…

— Вядома! — усклікнула місіс Чык, спяшаючыся папярэдзіць адказ. — Я ніколі гэтага не думала.

Містэр Домбі прыкра зірнуў на яе.

— Не хвалюйце мяне, любы мой Поль — сказала сястра, — бо ад гэтага робіцца нядобра. У мяне мала сіл. Я яшчэ не апамяталася з таго часу, як памерла бедная любая Фані. Містэр Домбі зірнуў на насавую хустачку, якую сястра паднесла да вачэй, і прадаўжаў:

— Цяжка дапусціць, кажу я…

— І я кажу, — прамармытала місіс Чык, — што ніколі гэтага не думала.

Містэр Домбі адышоў да акна і вярнуўся.

— Цяжка дапусціць, Луіза, — сказаў ён (місіс Чык ўпарта паўтарыла: «Ведаю, што цяжка», але ён не звярнуў увагі), што няма людзей, якія — мяркуючы, што ў падобным выпадку я прызнаю якія-б там ні было правы, — не маюць большых правоў, чым міс Токс. Але я гэтага не прызнаю. Я ніякіх правоў не прызнаю. Поль і я будзем мець магчымасць, калі прыдзе час, утрымацца, — іншымі словамі, Фірма будзе мець магчымасць утрымацца, захаваць сваё багацце і перадаць яго па спадчыне без якіх-небудзь павучальнікаў і памочнікаў. Такой пабочнай дапамогай, якую звычайна шукаюць людзі для сваіх дзяцей, я магу пагарджаць, бо, спадзяюся, я вышэй гэтага. У мяне няма зусім ахвоты, каб хтосьці станавіўся паміж намі. Я лічу за лепшае выказаць сваю ўдзячнасць за паслугі такой паважнай асобе, як ваша прыяцелька. Значыцца, няхай так яно і будзе; і думаю, што ваш муж і я сам надзвычай добра можам замяніць іншых хросных бацькоў.

У гэтай прамове, сказанай вельмі велічна і ўнушальна, містэр Домбі сапраўды выкрыў патаемныя свае пачуцці. Бясконцае недавер’е да ўсякага, хто можа стаць паміж ім і яго сынам; ганарысты страх сустрэць саперніка або чалавека, з якім давядзецца дзяліць паважанне і прывязанасць хлопчыка; вострая баязнь, якая нядаўна зарадзілася, што ён абмяжован у сваёй уладзе ламаць і вязаць чалавечую волю; не менш вострая баязнь якой-небудзь новай перашкоды або бяды — вось якія асноўныя пачуцці ўладалі ў той час яго душой.

Узвышаная такім чынам, дзякуючы сваёй нязначнасці, да звання хроснай маткі маленькага Поля, міс Токс з гэтага часу была абрана і прызначана на гэту пасаду; і, далей, містэр Домбі выказаў жаданне, каб цырамонія, якую доўга адкладалі, была здзейснена неўзабаве. Яго сястра, якая зусім не разлічвала на такі бліскучы поспех, хутка пайшла, каб паведаміць аб ім лепшай сваёй прыяцельцы, і містэр Домбі астаўся адзін у бібліятэцы.

Місіс Чык і міс Токс з прыемнасцю праводзілі вечар у дзіцячым пакоі, да чаго з такой агіднасцю ставілася С’юзен Ніпер, што гэта маладая лэдзі скарыстоўвала кожны зручны момант, каб пагрымаснічаць за дзвярыма.

Аднак, абедзве няпрошаныя госці, будучы ў шчаслівым няведанні адносна пачуццяў маладой лэдзі, назіралі, як маленькі Поль удачна прайшоў праз усе стадыі раздзявання, вазні, вячэры і ўкладвання спаць, а пасля селі піць чай ля каміна. Дзеці, дзякуючы старанням Полі, спалі цяпер у адным пакоі, і лэдзі, размясціўшыся за чайным сталом і выпадкова зірнуўшы на маленькія ложкі, тады толькі ўспомнілі аб Фларэнс.

— Як яна моцна спіць! — сказала міс Токс.

— Вы-ж ведаеце, любая мая, удзень яна шмат возіцца, — адказвала місіс Чык, — увесь час гуляе каля маленькага Поля.

— Якое дзіўнае яна дзіцянё, — сказала міс Токс.

— Любая мая, — сцішыўшы голас, адказала місіс Чык, — яна — вылітая матка!

— І сапраўды? — сказала міс Токс. — Ах, божа мой!

У вышэйшай ступені спачувальным тонам сказала гэта міс Токс, хоць не разумела — чаму, ведала толькі, што ад яе гэтага чакаюць.

— Фларэнс ніколі, ніколі, ніколі не будзе Домбі, — сказала місіс Чык, — хоць-бы яна пражыла і тысячу гадоў.

Міс Токс падняла бровы і зноў уся напоўнілася чуласцю.

— Я мардуюся і пакутую праз яе, — сказала місіс Чык з пакорна добрадзейным уздыхам. — Я, дапраўды, не ведаю, што з яе выйдзе, калі яна падрасце, і якое становішча ёй давядзецца заняць. Яна не ўмее расчуліць бацькі. Ды і як можна на гэта спадзявацца, калі яна так не падобна да Домбі!

Міс Токс зрабіла такую міну, нібы не знаходзіла што адказаць на такі-ж неаспрэчны аргумент.

— Да таго-ж у дзяўчынкі, як бачыце, — канфідэнцыяльна[1] паведаміла місіс Чык, — натура беднай Фані… Адважуся сказаць, што ў далейшым жыцці яна ніколі не будзе рабіць намаганняў. Ніколі! Яна ніколі не абаўецца вакол сэрца свайго бацькі, як…

— Як плюшч? — падсказала міс Токс.

— Як плюшч. — згадзілася місіс Чык. — Ніколі! Яна ніколі не знойдзе шляху і не прытуліцца да чулых грудзей бацькі, як…

— Пужлівая лань? — падсказала міс Токс.

— Як пужлівая лань, — сказала місіс Чык. — Ніколі! Бедная Фані! А ўсё-ж такі як я яе любіла!

— Не трэба хвалявацца, любая мая, — супакойваючым тонам сказала міс Токс. — Ну, годзе! Вы вельмі чуллівая.

— Ва ўсіх у нас ёсць свае недахопы, — сказала місіс Чык, праліваючы слёзы і ківаючы галавой. — Думаю, што ёсць. Я ніколі не была сляпой да яе недахопаў. І ніколі не сцвярджала адваротнага. Зусім не. А ўсе-такі як я яе любіла!

Місіс Чык усё яшчэ выцірала слёзы і ківала галавой, калі Рычардс адважылася папярэдзіць яе, што міс Фларэнс не спіць і сядзіць у сваёй пасцельцы. Як сказала карміліца, яна прачнулася, і расніцы ў яе былі мокрыя ад слёз. Але ніхто іх не бачыў, апрача Полі. Ніхто, апрача яе, не нахіліўся над ёю, не прашаптаў ёй ласкавых слоў, не падышоў бліжэй, каб пачуць, як перарывіста б’ецца ў яе сэрца. — О, любая няня, — сказала дзяўчынка, упрашальна пазіраючы ёй у твар, — дазвольце мне легчы побач з братам.

— Чаму, мая любачка? — запыталася Рычардс.

— О, мне здаецца, ён мяне любіць! — не памятаючы, што кажа, усклікнула дзяўчынка. — Дазвольце мне легчы побач з ім. Калі ласка!

Місіс Чык уставіла некалькі мацярынскіх слоў аб тым, каб яна была разумніца і пастаралася заснуць, але Фларэнс са спалоханым выглядам паўтарыла свае просьбы голасам, які перарываўся ад плачу і слёз.

— Я яго не пабуджу, — сказала яна, закрыўшы твар і апусціўшы галаву. — Я толькі дакрануся да яго рукой і засну. О, калі ласка, дазвольце мне легчы сëння побач з братам, мне здаецца, што ён мяне любіць!

Рычардс, не кажучы ні слова, узяла яе на рукі і, падышоўшы да пасцелькі, дзе спала дзіця, паклала побач. Яна прысунулася да яго як мага бліжэй, стараючыся не патрывожыць яго сну, і, працягнуўшы руку, баязліва абняла яго, за шыю, засланіла твар другой рукой, па якой рассыпаліся яе вільготныя раскудлачаныя валасы, і сціхла.

— Бедная малютка! — сказала міс Токс. — Мусіць, ёй штосьці прыснілася.

Гэты маленькі інцыдэнт парушыў ход размовы, так што ўжо цяжка было яе аднавіць, таму абедзве прыяцелькі хутка скончылі піць чай, і слуга быў пасланы наняць кабрыалет для міс Токс.

Міс Токс вельмі добра ведала пра наёмныя кебы, і яе ад’езд забіраў звычайна шмат часу. Бо яна сістэматычна займалася папярэднімі прыгатаваннямі.

— Таулінсон, будзьце ласкавы, — сказала міс Токс, — вазьміце перш за ўсё пяро і чарніла і запішыце чытэльна яго нумар.

— Слухаю, міс, — сказаў Таулінсон.

— Затым, будзьце ласкавы, Таулінсон, — сказала міс Токс, — перавярніце, калі ласка, падушку. Яна, — давяла міс Токс да ведама місіс Чык, — звычайна бывае сырой, любая мая.

— Слухаю, міс, — сказаў Таулінсон.

— Я яшчэ патурбую вас — сказала міс Токс, — аддаўшы гэтую візітную карку і гэты шылінг. Ён павінен адвезці мяне па гэтаму адрасу, і няхай зразумее, што ні ў якім выпадку не атрымае больш гэтага шылінга.

— Слухаю, міс, — сказаў Таулінсон.

— І… мне сорамна, што я вам раблю столькі клопатаў, Таулінсон, — сказала міс Токс, пазіраючы на яго ў задуменні.

— Ніколькі, міс, — сказаў Таулінсон.

— У такім выпадку, будзьце ласкавы, Таулінсон, паведаміце гэтаму чалавеку, — сказала міс Токс, — што ў лэдзі ёсць дзядзька суддзя і што калі ён дазволіць сабе ў аносінах да яе якую-небудзь дзёрзкасць, то будзе жорстка пакараны. Вы можаце сказаць гэта па-сяброўску, Таулінсон, нібы ведаеце, што так зрабілі з іншым чалавекам, які памёр.

— Зразумела, міс, — сказаў Таулінсон.

— А цяпер жадаю спакойнай ночы майму любаму, любаму, любаму хрышчэнніку, — сказала міс Токс, суправаджаючы кожнае паўтарэнне гэтага эпітэта градам пяшчотных пацалункаў; — Луіза, дарагі мой сябра, абяцайце мне выпіць на ноч чаго-кольвечы саграваючага і не хвалявацца.

Чорнавокая Ніпер, якая ўважліва назірала, ледзь стрымлівалася ў гэты крытычны момант і аж да самага ад’езду місіс Чык. Але калі дзіцячы пакой пазбавіўся, нарэшце, ад наведвальнікаў, яна ўзнагародзіла сябе за ранейшае ўстрыманне.

— Можаце шэсць тыдняў трымаць мяне ў вар’яцкай кашулі, — сказала Ніпер, — але калі яе знімуць, я яшчэ больш буду злавацца; ну ці бачыў хто-небудзь і калі-небудзь двух такіх грыфонаў[2], скажыце, місіс Рычардс?

— І гавораць яшчэ аб тым, нібы ëй, гаротнай малютцы, штосьці прыснілася, — сказала Полі.

— Ох, ужо вы, красуні! — усклікнула С’юзен Ніпер, вітаючы паклонам дзверы, у якія вышлі лэдзі. — Яна ніколі не будзе Домбі? Вось як, трэба спадзявацца, што не будзе, больш нам такіх не патрэбна, хопіць і аднаго!

— Не разбудзіце дзяцей, любая С’юзен, — сказала Полі.

— Вельмі вам удзячна, місіс Рычардс, — сказала С’юзен, якая ў гневе сваім ні для каго не рабіла выключэнняў, — і, дапраўды-ж, гэта гонар для мяне атрымліваць ад вас загады, я-ж чорная нявольніца і мулатка. Місіс Рычардс, калі ў вас ёсць для мяне яшчэ якія-небудзь загады, скажыце мне, будзьце ласкавы.

— Глупства! Якія там загады! — сказала Полі.

— Бог з вамі, місіс Рычардс! — усклікнула С’юзен. — Часовыя заўсёды распараджаюцца тут сталымі, няўжо вы гэтага не ведалі? Ды дзе-ж гэта вы нарадзіліся, місіс Рычардс, — прадаўжала Задзіра, — і калі-б і як-бы вы не нарадзіліся (аб гэтым вам самой лепш ведаць), пастарайцеся, калі ласка, запомніць, што адна справа загадваць і зусім іншая справа выконваць тыя загады. Адзін чалавек можа сказаць другому, місіс Рычардс, каб той кінуўся галавой з моста ў рэчку глыбінёю ў сорак пяць футаў, але гэты другі, магчыма, і не падумае кідацца.

— Годзе, — сказала Полі, — вы злуецеся, таму што вы добрая дзяўчына і любіце міс Фларэнс; і цяпер вы наваліліся на мяне таму, што больш нікога тут няма.

— Каму-небудзь вельмі лёгка не раздражняцца і гаварыць ласкавыя прамовы, місіс Рычардс, — адказвала С’юзен, крыху памякчэўшы, — калі з іх дзіцем носяцца, як з прынцам, і лагодзяць яму і песцяць, пакуль ён не захоча пазбавіцца ад такіх сяброў, але калі крыўдзяць ціхую, нявінную малютку, якая ніводнага кепскага слова не заслужыла, то гэта зусім іншая справа. Божа-ж мой, міс Флой, непаслухмяная, брыдкая вы дзяўчынка, калі вы ў гэтую-ж хвіліну не заплюшчыце вачэй, я паклічу чарцей, якія жывуць на гары, каб яны прышлі і з’елі вас жывую!

Тут міс Ніпер пачала страшна мычэць, нібы добрасумленны чорт, з пароды быкоў, які імкнуўся выканаць ускладзены на яго жорсткі абавязак. Пасля, дзеля далейшага супакаення сваёй юнай выхаванкі, яна накрыла яе галаву коўдрай і злосна хлопнула некалькі разоў па падушцы, пасля чаго злажыла крыжам рукі на грудзях, прыкусіла губы і прасядзела ўвесь вечар, пазіраючы на агонь.

Хоць аб маленькім Полі і гаварылася, на мове дзіцячага пакоя, што ён «вельмі шмат разумее для свайго ўзросту», але ён усё гэта разумеў так-жа мала, як і падрыхтаванні да сваіх хрысцін, якія прызначаны на паслязаўтра; аднак, вакол яго вельмі энергічна займаліся падрыхтаваннямі, якія датычылі яго ўласнага ўбрання, а таксама ўбрання яго сястры і абодвух нянек. І з надыходам знамянальнай раніцы ён, здавалася, зусім не адчуў яе значэння; наадварот, ён хацеў спаць, і ён быў надзвычай схільны крыўдзіцца на сваю світу, калі яго апраналі, каб вынесці на паветра.

Быў шэры, асенні дзень з рэзкім усходнім ветрам, дзень, які адпавядаў падзеям. Містэр Домбі ўвасабляў сабой вецер, змрок і восень хрысцін.

Чакаючы гасцей, ён стаяў у сваёй бібліятэцы, жорсткі і халодны, як само надвор’е; калі ён пазіраў з зашклёнага пакоя на дрэвы ў садзіку, іх бурае і жоўтае лісцë, дрыжучы, падала на зямлю, нібы ён прыносіў яму пагібель.

Уф! Гэта былі змрочныя, халодныя пакоі; і, здавалася, яны адзелі траур, як і жыхары дома. Кнігі, акуратна падабраныя па росту і выстраеныя ў рад, як салдаты ў халодных, цвёрдых, слізкіх мундзірах, мелі выгляд, нібы яны выказвалі адну і тую-ж думку, а іменна — думку аб замаражвальніку. Кніжная шафа, зашклёная і замкнутая на ключ, не дапускала ніякай фамільярнасці. Бронзавы містэр Піт на шафе, без ніякіх адзнак свайго боскага паходжання, вартаваў недаступны скарб, нібы зачараваны маўр. Пыльныя ўрны, што ўзвышаліся з абодвух бакоў шафы, выкапаныя са старадаўняй магілы, нібы расказвалі з двух кафедр аб разбурэнні і ўпадку; а люстра над камінам, паказваючы адначасова і містэра Домбі і яго партрэт, здавалася, перапоўнена была меланхалічнымі развагамі.

З усіх іншых рэчаў нягнуткія і халодныя камінныя шчыпцы і качарга нібы дамагаліся бліжэйшага сваяцтва з містэрам Домбі і з яго зашпіленым фракам, белым гальштукам, з цяжкім залатым ланцужком ад гадзінніка і ў скрыпучых чаравіках. Але гэта было да прыезду містэра і місіс Чык, законных сваякоў, якія неўзабаве з’явіліся. — Дарагі мой Поль, — прамармытала місіс Чык, абдымаючы яго, — спадзяюся, гэта пачатак многіх шчаслівых дзён.

— Дзякую вам, Луіза, — хмура сказаў містэр Домбі, — як жывеце, містэр Джон?

— Як жывеце, сэр? — сказаў містэр Чык.

— Можа, Луіза, — сказаў містэр Домбі, злёгку паварочваючы галаву ў каўнерыку, нібы яна была на шарніры, — вы не супраць, каб запалілі ў каміне?

— О, не, дарагі мой Поль, — сказала місіс Чык, якая так старалася, каб не стукаць зубамі, — для мяне не патрэбна.

— Містэр Джон, — запытаўся містэр Домбі, — вы не адчувальныя да холаду?

Містэр Джон, які паспеў засунуць рукі ў кішэні па самае запясце і падрыхтаваўся зацягнуць той самы сабачы прыпеў, які аднойчы ўжо давёў місіс Чык да такога гневу, заявіў, што адчувае сябе вельмі добра.

Ён дадаў паціху: «З маёй там-пам-пам-ляля», калі быў, на шчасце, перапынены Таулінсонам, які далажыў:

— Міс Токс.

І ўвайшла чароўная спакусніца з сінім носам і невыказна замёрзлым тварам, бо ў гонар цырамоніі яна апранулася вельмі лёгка ў нейкія развяваючыяся шматкі.

— Як жывеце, міс Токс? — сказаў містэр Домбі.

Міс Токс у газе, які яе ахутваў, апусцілася якраз таксама, як тэатральны бінокль, калі яго ссоўваюць, яна прысела так нізка ў падзяку за тое, што містэр Домбі ступіў ёй насустрач.

— Я ніколі не забудуся гэтага дня, сэр, — пяшчотна праказала яна. — Забыцца немагчыма. Дарагая мая Луіза, я бадай ці магу паверыць сведчанню сваіх пачуццяў.

Калі-б міс Токс магла паверыць сведчанню аднаго з сваіх пачуццяў, яна павінна была-б прызнаць, што дзень вельмі халодны. Гэта было зусім ясна. Яна скарыстала першы зручны момант, каб аднавіць кровезварот у кончыку носа, і ўнезаметку сагравала яго насавой хустачкай, каб сваёй вельмі нізкай тэмпературай ён не выклікаў непрыемнага здзіўлення ў дзіцяці, калі яна падыйдзе яго пацалаваць.

Неўзабаве паявілася дзіця, прынесенае з вялікай помпай Рычардс; Фларэнс-жа, пад аховай свайго энергічнага маладога канстэбля[3] С’юзен Ніпер, увайшла апошняй. Хоць усё дзіцячае насельніцтва насіла к таму часу не такі глыбокі траур, аднак, выгляд асірацелых дзяцей не спрыяў праясненню надвор’я. Да таго-ж і дзіця — магчыма, віной быў нос Mic Токс — расплакалася. З прычыны гэтага містэр Чык устрымаўся ад ажыццяўлення не да месца вельмі пахвальнага намеру, які зводзіўся да таго, каб аддаць больш увагі Фларэнс, бо гэты джентльмен сапраўды любіў яе і не таіў, што любіць, і цяпер рыхтаваўся праявіць гэта па-свойму, калі Поль расплакаўся і жонка спыніла містэра Чыка. — Фларэнс, дзіця маë! — жвава сказала цётка. — Чаго вы чакаеце, любачка? Пакажыцеся яму. Забаўце яго, дарагая мая!

Тэмпература панізілася або магла яшчэ больш панізіцца, калі містэр Домбі холадна паглядаў на сваю маленькую дачку, якая, пляскаючы ў далоні і падняўшыся на цыпках перад тронам яго сына і наследніка, спакушала яго саступіць з вышыні велічнасці і зірнуць на яе. Магчыма, пахвальныя намаганні Рычардс дапамагалі ўражанню; як-бы там ні было, але дзіця зірнула ўніз і супакоілася. Калі яго сястра хавалася за сваю няньку, ён сачыў за ëй вачыма, а калі яна з радасным крыкам выглянула з-за яе спіны, ён устрапянуўся і весела заваркатаў, нават засмяяўся, калі яна падбегла да яго, і, здавалася, разгладжваў ёй кудры сваімі малюсенькімі ручкамі, у той час як яна асыпала яго пацалункамі.

Ці прыемна было містэру Домбі бачыць гэта? Ён не выказаў ніякага задавальнення, астаючыся спакойным; але знешнія праявы якіх-бы там ні было пачуццяў былі яму неўласцівымі. Калі сонечны прамень і пракраўся ў пакой, каб асвятліць гуляючых дзяцей, ён не закранаў яго твара. Містэр Домбі пазіраў так напружана і холадна, што агеньчык пагас нават у смяшлівых вачах маленькай Фларэнс, калі яны выпадкова сустрэліся з яго позіркам.

Так, дзень быў хмурны, асенні, шэры, і ў наступіўшай цішыні сумна падала з дрэваў лісце.

— Містэр Джон, — сказаў містэр Домбі, зірнуўшы на гадзіннік і ўзяўшы капялюш і пальчаткі, — калі ласка, прапануйце руку маёй сястры; мая рука належыць сёння міс Токс. А вы ідзіце ўперад з містэрам Полем, Рычардс. Будзьце асцярожныя.

У карэце містэра Домбі — Домбі і Сын, міс Токс, місіс Чык, Рычардс і Фларэнс. У маленькім экіпажы, што следваў за карэтай, — С’юзен Ніпер і гаспадар экіпажа — містэр Чык.

Адзін раз па дарозе ў царкву містэр Домбі заляскаў у далоні, каб забавіць сына. Такой праявай бацькаўскага энтузіязма міс Токс была зачаравана. Але, за выключэннем гэтага інцыдэнта, адзіная розніца паміж людзьмі, якія накіроўваліся на хрысціны, і людзьмі ў траурнай карэце, заключалася ў колеры карэт і масці коней.

Ля ўваходу ў царкву іх сустрэў велічны бідль[4].

Рука міс Токс дрыжэла, калі яна прасунула яе пад руку містэра Домбі і адчула, што яе вядуць уверх па ступеньках, услед за трохкутным капелюшом і вялікім каўняром. На момант гэта напомніла ёй аб іншым урачыстым абрадзе: «Ці хочаш ты выйсці замуж за гэтага чалавека, Лукрэцыя?» — «Так, хачу».

— Цяпер тут вяселле, сэр, — сказаў бідль, — але гэта хутка скончыцца, і вы зойдзеце сюды, у рызніцу.

Перш чым павярнуцца і праводзіць іх, ён пакланіўся містэру Домбі і крыху ўсміхнуўся, даючы зразумець, што ён (бідль) памятае, як меў шчасце прысутнічаць на пахаванні яго жонкі, і спадзяецца, што з таго часу яму жылося нядрэнна.

У рызніцы дыміўся камін, і вельмі стары, перагружаны працай, які атрымлівае мізэрную песнію, клерк атэрні[5], «рушыўшы на пошукі», вадзіў указальным пальцам па пергаментных старонках вялізнага журнала запісаў, перапоўненага датамі пахаванняў. Над камінам вісеў план скляпоў пад царквой; і містэр Чык, прачытваючы ўголас для забавы сабраўшыхся прыкладзенае да яго тлумачэнне, не мог спыніцца, пакуль не прачытаў да канца даведку аб магіле місіс Домбі.

Пасля новай ледзяной паўзы сапучая маленькая прыслужніца, у якой была дыхавіца, — месца ёй было на могілках, а не ў царкве, — прапанавала ім падыйсці да купелі. Тут давялося крыху пачакаць, пакуль удзельнікі шлюбнай цырамоніі запісвалі свае прозвішчы; а ў гэты час сапучая маленькая прыслужніца — часткова з прычыны сваёй хваробы, а часткова для таго, каб удзельнікі шлюбнай цырамоніі не забыліся пра яе, — бадзялася па царкве, пырхаючы, як дэльфін.

Нарэшце, царкоўны клерк (адзіны суб’ект, які тут не сумаваў, ды і той быў трунаром) падышоў са збанком цёплай вады і, выліваючы яе ў купель, сказаў штосьці аб тым, што трэба пазбавіцца холаду, хоць і мільёна галонаў[6] кіпятку не хапіла-б для гэтай мэты. Пасля малады свяшчэннік, прыветлівы і ціхі, які відавочна баяўся дзіцяці, паявіўся, нібы галоўны герой у аповесці са зданямі, — «высокая фігура, уся ў белым», убачыўшы якую Поль раскрычаўся на ўсю царкву і не змаўкаў да таго часу, пакуль яго не вынелі са счарнелым тварам з купелі.

Але калі і гэта адбылося, к вялікай палёгцы ўсіх прысутных, голас яго ўсё-ж раздаваўся пад порцікам аж да сканчэння цырамоніі то слабей, то мацней, то сціхаючы, то зноў нястрымна пратэстуючы супроць зробленай яму крыўды.

У часе ўсёй гэтай працэдуры містэр Домбі аставаўся такім-жа спакойным і бездакорным, якім быў заўсёды, і, магчыма, дзякуючы яго прысутнасці, яна была такой халоднай, што ў маладога свяшчэнніка пар ішоў з рота, калі ён чытаў.

Калі ўсё было скончана, ён зноў прапанаваў руку міс Токс і павёў яе ў рызніцу, дзе сказаў свяшчэнніку, з якой прыемнасцю дамагаўся-б ён гонару бачыць яго ў сябе ў часе абеду, калі-б не сумнае становішча спраў у яго ў доме. Калі акт быў падпісаны, грошы заплачаны, прыслужніца (якая зноў моцна закашлялася) не забыта, бідль узнагароджан, панамар (які выпадкова быў ля дзвярэй, надзвычай цікавячыся надвор’ем) не пакінуты без увагі, яны зноў уселіся ў карэту і паехалі дадому ў тым-жа бязрадасным таварыстве. Дома яны знайшлі містэра Піта, які з пагардай паглядаў на халодную закуску, што красавалася ў халодным багацці хрусталя і срэбра і была падобнай больш да нябожчыка, выстаўленага для аддання яму ўшаны, чым на гасцінны пачастунак.

Міс Токс падарыла хрышчэнніку кубак, а містэр Чык нож, відэлец і лыжку ў футляры. Містэр Домбі, у сваю чаргу, падарыў браслет міс Токс, і пры атрыманні гэтага сувеніра міс Токс была глыбока расчулена.

— Містэр Джон, — сказаў містэр Домбі, — будзьце ласкавы заняць месца ў тым канцы стала. Што у вас там, містэр Джон?

— У мяне халодная цялячая нага, сэр, — адазваўся містэр Чык, старанна расціраючы адубелыя рукі. — А што ў вас, сэр?

— Мне здаецца, — адказаў містэр Домбі, — у мяне халодная цялячая галава, затым халодная птушка… вянгліна… піражкі… салата… омары. Міс Токс зробіць мне ласку і вып’е віна? Шампанскага, міс Токс.

Усё пагражала боллю зубоў. Віно аказалася такім нястрымна халодным, што ў міс Токс вырваўся ціхі піск, які яна з вялікай цяжкасцю ператварыла ў «гм». Цяляціну прынеслі з такой ледзяной каморы, што першы-ж кавалак выклікаў у містэра Чыка адчуванне, нібы ў яго ледзянеюць рукі і ногі.

Адзін толькі містэр Домбі аставаўся спакойным. Яго можна было-б вывесіць для продажу на рускім кірмашы, як узор замарожанага джэнтльмена.

Абстаноўка прыгнятала нават яго сястру. Яна не спрабавала ліслівіць або балбатаць і сканцэнтроўвала ўсе свае намаганні на тым, каб мець такі выгляд, нібы ёй цёпла.

— Ну, сэр, — сказаў містэр Чык, робячы адважную спробу парушыць доўгае маўчанне і напаўняючы шклянку херэсам, — гэту шклянку, з вашага дазволу, сэр, я вып’ю за здароўе маленькага Поля.

— Ды благаславіць яго бог! — прашаптала міс Токс, выпіўшы глыток віна.

— Мілы маленькі Домбі! — прашаптала місіс Чык.

— Містэр Джон, — з жорсткай важнасцю сказаў містэр Домбі, — не сумняваюся, што мой сын адчуў-бы і выказаў вам падзяку, калі-б мог ацаніць гонар, які вы яму аказалі. Спадзяюся, з часам ён будзе несці любую адказнасць, якую добрая прыхільнасць яго сваякоў і сяброў у прыватным жыцці і цяжар, звязаны з нашым становішчам у грамадстве, могуць ускласці на яго.

Тон, якім гэта было выказана, не выклікаў поваду да далейшай размовы, і містэра Чыка зноў ахапіла туга і маўчанне. Інакшая была справа з міс Токс, якая, выслухаўшы містэра Домбі з яшчэ больш напружанай увагай, чым звычайна, і яшчэ больш выразна схіліўшы галаву на плячо, перагнулася пасля цераз стол і ціха сказала місіс Чык:

— Луіза! — Што, мая любая? — сказала місіс Чык.

— Цяжар, звязаны з нашым становішчам у грамадстве, можа… я не памятаю даслоўнага выразу.

— Патрабаваць ад яго, — сказала місіс Чык.

— Даруйце, дарагая мая, — запярэчыла міс Токс, — здаецца, не так. Гэта было больш закруглена і плаўна. Добрая прыхільнасць сваякоў і сяброў у прыватным жыцці і цяжар, звязаны са становішчам у грамадстве… могуць… ускласці на яго?

— Ускласці на яго, зусім правільна, — сказала місіс Чык.

Міс Токс з урачыстасцю лёгенька пляснула ў далікатныя далоні і, закаціўшы вочы, дадала:

— Якое красамоўства!

Тым часам містэр Домбі загадаў, каб паклікалі Рычардс, якая і ўвайшла, прысядаючы, але без дзіцяці: Поль спаў пасля ўтомнай раніцы. Перадаўшы шклянку віна гэтаму васалу[7], містэр Домбі звярнуўся да яе з наступнымі словамі (міс Токс загадзя схіліла галаву на плячо і зрабіла сякія-такія падрыхтаванні, каб замацаваць гэтыя словы ў сэрцы сваім):

— На працягу шасці месяцаў, Рычардс, якія вы правялі ў гэтым доме, вы выконвалі свой абавязак. Жадаючы аказаць вам з гэтай прычыны якую-небудзь маленькую паслугу, я думаў аб тым, як ажыццявіць найлепшым чынам гэты намер, а таксама раіўся з маёй сястрою, місіс…

— Чык, — уставіў джентльмен, якому належала гэтае прозвішча.

— О, калі ласка, цішэй! — сказала міс Токс.

— Я хацеў сказаць вам, Рычардс, — прадаўжаў містэр Домбі, грозна зірнуўшы на містэра Джона, — што маё рашэнне падсказана ўспамінамі аб размове, якую я меў з вашым мужам у гэтым пакоі, калі вы былі наняты і калі ён расказаў мне сумны факт, што ваша сям’я, на чале з ім самім, глыбока пагрузла ў невуцтве.

Рычардс схілілася перад пышнасцю папроку.

— Я зусім не маю схільнасці, — прадаўжаў містэр Домбі, — да таго, што людзі, схіленыя да сцірання розніцы, называюць усеагульным навучаннем. Але неабходна вучыць ніжэйшыя класы, каб яны ведалі сваё становішча і трымаліся адпаведна. Пастолькі я адабраю школы. Маючы права вылучыць кандыдата на стыпендыю ў старадаўняй установе, названай (у гонар пачэснага грамадства) Літасцівымі Тачыльшчыкамі[8], дзе вучні атрымліваюць не толькі добрадзейную адукацыю, але дзе ім даецца таксама вопратка і значок, я (папярэдне звязаўшыся праз місіс Чык з вашай сям’ёй) вылучыў кандыдатуру вашага старэйшага сына на вольную вакансію; і, як мне паведамілі, ён адзеў сёння форменную вопратку. Здаецца, нумар яе сына, — сказаў містэр Домбі, звяртаючыся да сястры і гаворачы аб хлопчыку так, нібы той быў наёмнай карэтай, — сто сорак сёмы. Луіза, вы можаце паведаміць ей.

— Сто сорак сёмы, — сказала місіс Чык. — Форменная яго вопратка, Рычардс, — гэта прыгожы цёплы сіні фланелевы фрак і шапка з аранжавым кантам, чырвоныя шарсцяныя панчохі і вельмі моцныя скураныя штонікі. Ужо адну гэтую частку туалета можна насіць з удзячнасцю, дадала з энтузіязмам місіс Чык.

— Ну, вось, Рычардс! — сказала міс Токс. — Цяпер вам ёсць чым ганарыцца. Літасцівыя Тачыльшчыкі!

— Я вельмі дзякую, сэр, — ціха адказвала Рычардс, — і вы вельмі добрыя, што ўспомнілі пра маіх дзетак.

Пры гэтым вобраз Байлера ў касцюме Літасцівага Тачыльшчыка з маленькімі яго ножкамі, абцягнутымі моцнымі штонікамі, пра якія гаварыла місіс Чык, паўстаў перад вачыма Рычардс і прымусіў яе праслязіцца.

— Я вельмі рада, што вы такая адчувальная, Рычардс, — сказала міс Токс.

— Сапраўды, пачынаеш спадзявацца, — сказала місіс Чык, якая ганарылася сваімі даверлівымі адносінамі да прыроды чалавечай, — што ёсць яшчэ на свеце іскра ўдзячнасці і належнай адчувальнасці.

Рычардс адазвалася на гэтыя кампліменты, прысядаючы і мармычучы словы ўдзячнасці; але бачачы, што ёй не аправіцца ад таго перапалоху, у які яе прывёў вобраз сына ў неадпаведных яго ўзросту штанах, яна непрыкметна адступіла да дзвярэй і адчула вялікую палёгку, вышмыгнуўшы ў іх.

Тыя мімалётныя паказчыкі частковай адлігі, якія з’явіліся разам з ёю, з ёю і зніклі; і мароз зноў запанаваў, такі-ж жорсткі і люты, як і раней. Было чуваць, як у канцы стала містэр Чык двойчы пачынаў напяваць арыю, але абодва разы гэта быў жалобны марш з «Саула»[9]. Здавалася, што кампанія рабілася ўсё халаднейшай і халаднейшай і паступова пераходзіла ў замарожаны і цвёрды стан, як закуска, вакол якой яна сабралася. Нарэшце, місіс Чык зірнула на міс Токс, а міс Токс адказала ёй позіркам, і абедзве ўсталі і заўважылі, што час ісці. 3 той прычыны, што містэр Домбі прыняў гэтую заяву зусім абыякава, яны развіталіся з гэтым джэнтльменам і неўзабаве адбылі пад аховай містэра Чыка, які, як толькі яны павярнуліся спіной к дому і пакінулі яго гаспадара ў прывычнай адзіноце, засунуў рукі ў кішэні, адкінуўся на спінку сядзення і ўсю дарогу насвістваў «Хей хо чыві!», выказваючы пры гэтым усёй сваёй фізіяноміяй такую сумную і грозную пагарду, што місіс Чык не адважылася пратэставаць або якім-небудзь іншым спосабам дакучаць яму.

— Што датычыць Рычардс, то хоць яна і трымала на каленях маленькага Поля, аднак, не магла забыцца пра свайго ўласнага першынца. У дзіцячым пакоі яна пачала гутарку аб яго «мілых ножках» і зноў была патрывожана яго зданню у форменнай вопратцы.

— Не ведаю, што-б я ні аддала, — сказала Полі, — каб пабачыць беднага малютку, пакуль ён да яе яшчэ не прывык.

— Ну, дык я вось што скажу, місіс Рычардс, — адазвалася Ніпер, якая карысталася яе давер’ем: — пабачце яго і супакойцеся!

— Містэру Домбі гэта не спадабаецца, — сказала Полі.

— Няўжо не спадабаецца, місіс Рычардс? — абазвалася Ніпер. — Мне здаецца, што яму-б гэта вельмі спадабалася, калі-б у яго запыталіся.

— Напэўна, вы-б і не пыталіся ў яго? — сказала Полі.

— Так, місіс Рычардс, нават і не падумала-б, — адказвала С’юзен, — і я чула, як гэтыя два наглядчыкі, Токс і Чык, гаварылі, што не маюць намеру быць заўтра на сваім пасту, а значыцца, я і міс Флой выйдзем заўтра раніцой з вамі, і рабіце, што вам захочацца, місіс Рычардс, таму што мы з такой-жа, і нават з большай ахвотай можам прайсці туды, як і хадзіць туды-сюды па вуліцы.

Спачатку Полі досыць мужна адмовілася ад гэтай прапановы, але мала-па-малу стала да яе схіляцца па меры таго, як усё ясней і ясней уяўляла сабе забаронныя вобразы дзяцей і роднага дома. Нарэшце, разважыўшы, што вялікай бяды не будзе, калі на хвілінку падыйсці да дзвярэй, яна згадзілася з парадай Ніпер.

Калі пытанне было вырашана такім чынам, маленькі Поль жаласна заплакаў, нібы ў яго было прадчуванне, што нічога добрага з гэтага не выйдзе.

— Што здарылася з дзіцем? — запыталася Сʼюзен.

— Мусіць ён змёрз, — сказала Полі, прахаджваючыся з ім туды-сюды і закалыхваючы яго.

Так, дзень быў халодны, асенні; і калі яна прахаджвалася і закалыхвала, паглядаючы ў цмяныя вокны, і мацней прыціскала хлапчука да грудзей, сухія лісці падалі, як дождж.


  1. Канфідэнцыяльна — даверліва, па сакрэту.
  2. Грыфон (грэч.) — фантастычная жывёла ў грэчаскай міфалогіі, пачвара з тулавам льва і з галавой, крыллямі і кіпцюрамі арла.
  3. Канстэбль — паліцэйскі агент у Англіі.
  4. Бідль — ніжэйшая службовая асоба ў царкоўнай парафіі, выконвае, між іншым, абавязкі царкоўнага вартаўніка.
  5. Клерк атэрні — пісар, які працуе ў атэрні, — асобы, дапушчанай да працы адвакатам пры англійскім судзе; часамі суд даручае атэрні выконваць пракурорскія абавязкі.
  6. Галон — мера вадкасці, каля 4½ літраў.
  7. Васал — у эпоху феадалізма — дваранін, які атрымаў у спадчыннае карыстанне землі ад уласніка зямлі (сюзерэна) і абавязан выконваць розныя павіннасці і служыць сюзерэну.
  8. Літасцівыя Тачыльшчыкі — англійскае добрачыннае таварыства, заіснаванае яшчэ ў XVIII ст.; яно аказвала нязначную дапамогу дзецям прытулкаў.
  9. Араторыя (муз. твор кампазітара Гендэля (1685—1759).