Перайсці да зместу

Домбі і сын/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XLVIII. Уцёкі Фларэнс Раздзел XLIX. Мічман робіць адкрыцце
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел L. Нараканні містэра Тутса

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XLIX

Мічман робіць адкрыцце.

Фларэнс доўга не прачыналася.

Сонца стаяла нізка на захадзе і, выглядаючы з-за чырванаватага туману, пранізвала праменнямі байніцы і разбярныя ўпрыгожанні на шпіцах гарадскіх цэркваў, нібы ўтыкаючы ў іх залатыя стрэлы, калі Фларэнс, падняўшы цяжкія павекі, ляжала, пазіраючы няўцямна і абыякава на незнаёмыя сцены і таксама роўнадушна прыслухоўваючыся да вулічнага шуму. Але раптам яна ўсхапілася з пасцелі, здзіўлена і збянтэжана азірнулася навокал і ўспомніла ўсё.

— Красуня мая! — сказаў капітан, пастукаўшы ў дзверы. — Як справы?

— Дарагі сябра! — усклікнула Фларэнс, кінуўшыся яму насустрач. — Гэта вы?

Капітан так узганарыўся, пачуўшы гэты тытул, і так быў абрадаван яе прасвятлеўшым ад радасці тварам, калі яна ўбачыла яго, што замест адказу пацалаваў кручок, без слоў выяўляючы сваё здавальненне.

— Як справы, мой яркі алмаз? — запытаўся капітан.

— Мусіць, я вельмі доўга спала, — сказала Фларэнс. — Калі я сюды прышла? Учора?

— Сёння, якраз сёння, мая маленькая лэдзі, — адказаў капітан.

— Значыцца, ноч яшчэ не надышла? Цяпер яшчэ дзень? — запыталася Фларэнс.

— Справа ідзе к вечару, мая красуня, — сказаў капітан, адхінаючы фіранку. — Глядзіце!

Фларэнс, абапіраючыся на руку капітана, такая смутная і нясмелая, і капітан з яго грубаватым тварам і дароднай фігурай, які так спакойна ахоўваў Фларэнс, стаялі, не кажучы ні слова, у ружовым ззянні яснага вячэрняга неба. Але, калі ён адчуў, што яна мацней абхапіла яго руку, калі ён адчуў, што галава адзінокай дзяўчыны бліжэй нахілілася да яго і прытулілася да яго грубога сіняга рукава, ён ласкава прыціснуў яе сваёй шурпатай рукой, зразумеў усё і не астаўся зразуметым.

— Вось і лягчэй стала, мая красуня, — сказаў капітан. — Весялей, весялей! Я пайду ўніз і прыгатую чаго-небудзь на абед. Вы самі спусціцеся пасля, мая красуня, ці можа Нэду Катлю вярнуцца і занесці вас?

Калі Фларэнс запэўніла яго, што вельмі добра зможа сыйсці ўніз сама, капітан, хоць і яўна сумняваючыся, ці дапускаецца гэта правіламі гасціннасці, дазволіў ёй рабіць як яна захоча сама і зараз-жа ўзяўся смажыць курыцу на агні, які палаў у каміне маленькай гасцінай. Каб лепш справіцца з гатаваннем, ён скінуў фрак, падкасаў абшлагі і адзеў глянцавіты капялюш — без гэтага памочніка ён ніколі не пачынаў ніводнай далікатнай або цяжкай справы.

Асвяжыўшы балеўшую галаву і палаючы твар халоднай вадой, якую капітан клапатліва падрыхтаваў для яе, пакуль яна спала, Фларэнс падышла да маленькага люстэрачка, каб паправіць растрапаныя валасы. Тады яна ўбачыла — на адну секунду, бо зараз-жа адвярнулася, — што на грудзях яе астаўся цёмны сіняк ад удару, нанесенага жорсткай рукой.

Убачыўшы гэты сіняк, у яе зноў пырснулі слёзы з вачэй; яна саромелася яго, але ён не выклікаў у яе ніякага абурэння супроць бацькі. Бяздомная і асірацелая, яна даравала яму ўсё; наўрад ці думала аб тым, што павінна яму дараваць, або аб тым, што прабачае; але яна ўцякала ад гэтай думкі таксама, як уцякала ад сапраўднасці; і ён канчаткова пайшоў і знік. Не было на свеце такога чалавека і ўсё.

Што рабіць, дзе жыць — аб гэтым Фларэнс, няшчасная, неспрактыкаваная дзяўчына, не магла яшчэ думаць. У запасе яе было некалькі гіней. Частку гэтых грошай патрэбна было патраціць на набыццё бялізны і сукенак, бо яна мела толькі тое, што было апранута на ёй. Яна была надта засмучана, каб думаць аб тым, ці хутка ў яе не будзе грошай, як дзіця, надта неспрактыкаваная ў жыццёвых справах, каб з-за гэтага надта засмучацца, нават калі-б у яе не было іншага смутку. Яна пастаралася супакоіцца і выцерці слёзы і спусцілася ўніз да свайго добрага апекуна.

Капітан вельмі клапатліва накрыў стол абрусам і гатаваў яечны соус у каструльцы; пры гэтым ён з надзвычайнай уважлівасцю паліваў тлушчай курыцу, у той час як гэта курыца круцілася на ражне і падрумяньвалася на агні. Абклаўшы Фларэнс падушкамі — а канапа для большай выгады ўжо была перасунута ў цёплы куток, — капітан з надзвычайным майстэрствам пачаў зноў гатаваць, прыгатаваў гарачую падліўку ў другой каструльцы, зварыў некалькі бульбін у трэцяй, не забываючыся пры гэтым пра яечны соус у першай і не перастаючы кожную хвіліну паліваць з лыжкі і паварочваць курыцу.

Калі абед быў, нарэшце, гатовы, капітан Катль сервіраваў яго і падаў з неменшым спрытам, чым прыгатаваў, пасля ён прыбраўся к абеду — іншымі словамі, зняў глянцавіты капялюш і надзеў фрак. Скончыўшы з гэтым, ён прысунуў крэсла да канапы, на якой сядзела Фларэнс, адкруціў свой кручок, укруціў відэлец і пачаў выконваць абавязкі гаспадара дома.

— Мая маленькая лэдзі, — сказаў капітан, — развесяліцеся і пастарайцеся добра пад'есці. Трымайцеся мацней, любачка! Вось крыльца! Вось соус! Вось сасіскі! І бульба.

Усё гэта капітан сіметрычна расклаў на талерцы і, паліўшы падліўкай, паставіў талерку перад сваёй дарагой госцяй.

— Усе глухія ілюмінатары зачынены, маленькія лэдзі, — падбадзёрваючым тонам заўважыў капітан, — і ўсё як належыць. Пастарайцеся пад'есці, мая красуня. Калі-б наш небарака Уольр быў тут, мая маленькая лэдзі… або калі-б ён мог быць тут… але-ж ён утапіўся, ці не праўда?

Фларэнс кіўнула галавою.

— Так, так, утапіўся, — супакойліва прагаварыў капітан. — Дык вось я кажу, што, каб ён быў тут, ён-бы вас упрашаў, мой скарб, каб вы крыху паелі. Такім чынам, мацуйцеся, мая маленькая лэдзі, як быццам дзеля Уольра, і трымайце сваю прыгожанькую галоўку за ветрам.

Каб зрабіць прыемнасць капітану, Фларэнс паспрабавала кавалак з'есці. Тым часам капітан, які зусім забыўся пра свой уласны абед, паклаў нож і відэлец і прысунуў сваё крэсла да канапы.

— Уольр быў малайчына, праўда, мой скарб? — сказаў капітан, які на працягу некаторага часу моўчкі паціраў падбародак і пазіраў на яе. — І ён быў слаўным хлапцом, добрым хлапцом.

Фларэнс са слязамі пацвердзіла гэта.

— І ён утапіўся, красуня, хіба не праўда? — супакойваючым тонам сказаў капітан.

І зноў Фларэнс магла толькі пацвердзіць гэта.

— Ён быў старэйшы за вас, мая маленькая лэдзі, — прадаўжаў капітан, — але спачатку вы ўдваіх былі нібы двое дзяцей, праўда?

Фларэнс адказала: «Так».

— А Уольр утапіўся, — сказаў капітан. — Хіба не праўда?

Гэта шматразова паўтараемае пытанне бадай ці магло служыць крыніцай уцехі, але, здавалася, яно служыла такім для капітана Катля, бо капітан пытаўся зноў і зноў. Фларэнс, адмовіўшыся ад абеду і адкінуўшыся на спінку канапы, працягнула яму руку, адчуваючы, што яна засмуціла яго, і ўсёй душою жадаючы яму дагадзіць пасля ўсіх яго клопатаў; ён затрымаў яе руку ў сваёй (якая пры гэтым задрыжэла) і, нібы забыўшыся пра абед і пра адсутнасць у яе апетыту, час ад часу пачынаў мармытаць глыбокадумным і спачувальным тонам: «Небарака Уольр. Так, так! Утапіўся. Праўда?» І кожны раз чакаў яе адказу, нібы гэтае пытанне ён задаваў толькі для таго, каб атрымаць адказ.

Курыца і сасіскі застылі, падліўка і яечны соус перастаяліся, перш чым капітан успомніў аб тым, што яны паданы на стол, і падазваўшы Дыагена, яны ўдвух хутка скончылі з банкетам. Захапленне і здзіўленне капітана ад Фларэнс, якая пачала прыбіраць са стала, парадкаваць у гасцінай і вымятаць попел з ачага — з яе стараннасцю мог спаборнічаць толькі палкі яго пратэст, калі яна ўзялася яму дапамагаць, — паступова выраслі да такіх размераў, што ён толькі і мог, склаўшы рукі, стаяць і пазіраць на яе, нібы на нейкую фею, што выконвала за яго гэтую работу; чырвоны абручык у яго на ілбе загарэўся ад невымоўнага яго захаплення.

Але, калі Фларэнс, узяўшы люльку з каміннай паліцы, падала яму яе і папрасіла закурыць, добры капітан быў узрушан яе ўвагай да такой ступені, што ўзяў у рукі гэтую люльку, як ніколі яшчэ не браў ніводнай люлькі. Калі-ж Фларэнс, заглянуўшы ў маленькі буфет, дастала чатырохгранную бутэльку, не чакаючы яго просьбы, прыгатавала яму шклянку надзвычай добрага грогу і паставіла каля яго, капітан адчуў сябе такім ушанаваным і ўзвялічаным, што нават барвовы яго нос пабялеў. Апанаваны надзвычайным настроем, ён напхаў люльку, а Фларэнс падала яму агню прыкурыць — капітан не мог супярэчыць або перашкодзіць ёй — і, заняўшы ранейшае сваё месца на канапе, паглядзела на яго з пяшчотнай удзячнай усмешкай, якая так яскрава гаварыла яму, што яе адзінокае сэрца прыгарнулася да яго таксама, як павернуты яе твар; дым з люлькі засеў капітану ў горле, прымусіў яго закашляцца і трапіў у вочы і прымусіў яго заміргаць і праслязіцца.

Калі ён скончыў курыць люльку, яны напіліся чаю, а пасля Фларэнс папрасіла правесці яе ў якую-небудзь краму па суседству, дзе-б яна магла купіць самыя неабходныя рэчы. Было ўжо зусім цёмна, а таму капітан згадзіўся на гэта, але спачатку зірнуў асцярожна на вуліцу, як прывык рабіць у той час, калі хаваўся ад місіс Мак-Стынджэр, і ўзброіўся сваім вялікім кійком на выпадак, калі непрадбачаныя акалічнасці прымусяць яго ўзяцца за зброю.

Вялікую гордасць адчуваў капітан Катль, калі падаў руку Фларэнс і прайшоў разам з ёю якіх-небудзь дзвесце або трыста ярдаў, увесь час зорка паглядаючы вакол і прыцягваючы ўвагу прахожых сваёй надзвычайнай пільнасцю і шматлікімі перасцярогамі. Прышоўшы ў краму, капітан з далікатнасці палічыў неабходным выйсці на некаторы час, бо Фларэнс хацела купіць туалетныя рэчы; але папярэдне ён паставіў на прылавак сваю бляшаную чайніцу і, сказаўшы маладой лэдзі, якая служыла ў краме, што ў чайніцы ёсць чатырнаццаць фунтаў і два шылінгі, папрасіў яе, у выпадку, калі гэтай сумы не хопіць на пакрыццё выдаткаў па абмундзіраванню яго пляменніцы — пры слове «пляменніца» ён многазначна зірнуў на Фларэнс, суправаджаючы позірк пантамімай поўнай хітрасці і таямніцы, — папрасіў яе гукнуць яго, і ён заплаціць рэштку са сваёй кішэні.

— Дарагі капітан Катль, — сказала Фларэнс, вышаўшы з крамы са скруткам, памеры якога вельмі засмуцілі капітана, які спадзяваўся ўбачыць насільшчыка, што павінен ісці за ёю з клункам тавараў, — дапраўды, мне не патрэбны гэтыя грошы. Я нічога з іх не выдаткавала. У мяне ёсць грошы.

— Мая маленькая лэдзі, — адазваўся расчараваны капітан, пазіраючы проста перад сабою ўздоўж вуліцы, — будзьце ласкавы, захавайце іх для мяне, пакуль я ў вас іх не папрашу.

— Можна мне пакласці туды, дзе яны былі раней, — запыталася Фларэнс, — і захаваць іх там?

Капітан быў зусім не ў захапленні ад гэтай прапановы, але тым не менш адказаў:

— Так, так, мая маленькая лэдзі, кладзіце іх, куды хочаце, толькі-б вы ведалі, дзе іх знайсці, мне яны зусім не патрэбны, — сказаў капітан. — Здзіўляюся, як гэта я раней іх не распусціў.

У першую хвіліну капітан быў зусім збіты з панталыку, але схамянуўся, адчуўшы дотык рукі Фларэнс, і яны вярнуліся дадому з тымі-ж перасцярогамі, з якімі вышлі; капітан адчыніў дзверы каюты маленькага Мічмана і нырнуў туды з хуткасцю, якую можна было растлумачыць толькі яго доўгай практыкай.

Ён дамогся таго, каб яна з'ела тосту і выпіла шклянку нігесу (які гатаваў ён беззаганна), і, падбадзёрыўшы яе ўсімі ласкавымі словамі і няскладнымі прымоўкамі, якія толькі мог прыдумаць, павёў яе наверх, у спальню. Але і ў яго было штосьці на душы, і ён выглядаў збянтэжаным.

— Спакойнай ночы, сэрца маё, — сказаў ёй капітан Катль ля дзвярэй яе спальні.

Фларэнс пацалавала яго.

У іншы час капітан быў-бы надзвычай здзіўлены гэтым знакам яе прывязанасці і ўдзячнасці; праўда, ён і цяпер не астаўся да яго нячулым, але паглядзеў ёй у твар з яшчэ большай збянтэжанасцю, чым выяўляў раней, і як быццам не хацеў ад яе выходзіць.

— Небарака Уольр! — сказаў капітан.

— Няшчасны, няшчасны Уолтэр! — уздыхнуўшы, адазвалася Фларэнс.

— Утапіўся, хіба не праўда? — сказаў капітан.

Фларэнс кіўнула галавой і ўздыхнула.

— Спакойнай ночы, мая маленькая лэдзі! — сказаў капітан Катль, працягваючы ёй руку.

Але ён усё яшчэ не выходзіў.

— Нічога не здарылася, дарагі капітан Катль? — запыталася Фларэнс, якую, прымаючы пад увагу яе настрой, няцяжка было ўстрывожыць. — Вы хочаце мне штосьці сказаць?

— Штосьці сказаць вам, маленькая лэдзі? — адказаў капітан у замяшанні, сустрэўшы яе позірк. — Не! Ну, што-б я мог вам сказаць, красуня? Вы-ж, вядома, не спадзяецеся, што я магу сказаць вам што-небудзь добрае?

— Не, — сказала Фларэнс, паківаўшы галавой.

Капітан пільна паглядзеў на яе і паўтарыў «не», усё яшчэ затрымліваючыся ля дзвярэй і ўсё яшчэ будучы збянтэжаным.

— Небарака Уольр, — сказаў капітан. — Мой Уольр, як я, бывала, называў вас! Пляменнік старога Соля Джылса! Любімы ўсімі, як кветкі ў май! Дзе вы цяпер, мой адважны хлопчык? Утапіўся, хіба не праўда?

Скончыўшы сваю прамову гэтым нечаканым зваротам да Фларэнс, капітан пажадаў ёй добрай ночы і спусціўся ўніз, а Фларэнс са свечкай стаяла на пляцоўцы лесвіцы, каб пасвяціць яму.

Фларэнс вельмі шкадавала аб тым, што, знайшоўшы прытулак тут, мімаволі абудзіла гэтыя ўспаміны ў свайго апекуна, што, між іншым было зусім натуральна. Седзячы за маленькім столікам, на якім капітан змясціў падзорную трубу, песеннік і іншыя рэдкія рэчы, яна думала аб Уолтэры і аб усім, з ім звязаным у мінулым, пакуль не захацелася ёй легчы ў пасцель, заснуць і не прачнуцца. Але калі яна са смуткам успомніла аб памёршых, якіх любіла, у яе ні разу не прамільгнула думка аб родным доме, аб магчымасці туды вярнуцца, аб тым, што ён яшчэ існуе і пад яго дахам жыве яе бацька.

Яна не адважвалася паглядзець у люстэрка, бо цёмная пляма на грудзях унушала ёй страх да самой сябе, нібы на ёй было нейкае кляймо. У цемры яна спяшаючыся прыкрыла яе дрыглівай рукой і плачучы апусціла стомленую галаву на падушку.

Уночы капітан некалькі разоў падымаўся наверх — даведацца, ці спакойна спіць яго выхаванка, а досвіткам выявіў, што яна прачнулася, бо Фларэнс, пачуўшы крокі ля сваіх дзвярэй, запыталася, ці ён гэта.

— Так, мая маленькая лэдзі, — хрыплым шэптам адказаў капітан. — Ці добра вы сябе адчуваеце, мой брыльянт?

Фларэнс падзякавала яму і адказала, што добра.

Капітан, не жадаючы ўпускаць такога зручнага выпадку, прыціснуўся губамі да замочнай шчыліны і сказаў голасам, што гучэў, як глухое завыванне ветру:

— Небарака Уольр! Утапіўся, хіба не праўда?

Пасля гэтага ён пайшоў, зноў лёг у пасцель і спаў да сямі гадзін раніцы.

І ўвесь дзень ён не мог адкараскацца ад збянтэжання і замяшання, хоць Фларэнс, займаючыся швівам у маленькай гасцінай, была больш спакойнай, чым напярэдадні. Амаль не кожны раз, калі ёй здаралася падымаць вочы ад работы, яна заўважала, што капітан пазірае на яе і задуменна гладзіць падбародак, і ён часта прысоўваў да яе сваё крэсла, нібы маючы намер паведаміць нешта вельмі канфідэнцыяльнае, і так часта адсоўваў яго зноў, нібы не ведаючы, з чаго пачаць, што на працягу дня ён на гэтым кволым судзёнцы рабіў рэйс вакол гасцінай і не раз у вельмі сумным становішчы садзіўся на мель, наляцеўшы на сцяну або на дзверы каморы.

Толькі на змроку капітан Катль, кінуўшы, нарэшце, якар каля Фларэнс, пачаў гаварыць больш або менш складна.

— Вы ніколі не бывалі ў плаванні, мая чароўнасць?

— Ніколі, — адказала Фларэнс.

— Мора — магутная стыхія, — з пачцівасцю сказаў капітан. — Шмат цудаў у марскім віры, мая красуня! Падумайце аб моры, калі вые вецер і ўздымаюцца хвалі. Падумайце аб ім, калі ў страшную, навальнічную ноч бывае так цёмна, — прадаўжаў капітан, урачыста падымаючы свой кручок, — што вы ўласную руку не ўбачыце, хіба толькі яе асветліць успыхнуўшая маланка.

— А вам здаралася трапляць у шторм? — запыталася Фларэнс.

— А як-жа, мая маленькая лэдзі, і на маю долю выпала нямала бур, — сказаў капітан, з хваляваннем выціраючы галаву, — і мне даводзілася гойсаць па хвалях; але… але я не пра сябе хацеў пагаварыць. Пра нашага дарагога хлопчыка, — ён бліжэй прысунуўся да яе, — пра Уольра, які затануў.

Капітан гаварыў такім дрыготкім голасам і павярнуў да Фларэнс такі бледны і ўстрывожаны твар, што яна спалохана схапіла яго за руку.

— Вы змяніліся ў твары! — ўсклікнула Фларэнс. — Вы раптам зрабіліся зусім іншы. Што здарылася? Любы капітан Катль, у мяне мароз прабягае па спіне, калі я пазіраю на вас!

— Не, не! Не палохайцеся, маленькая лэдзі, — адказаў капітан, падтрымліваючы яе рукой. — Усё ў парадку, усё ў парадку, мая дарагая. Дык вось, я казаў… Уольр… ён… ён затануў, хіба не праўда?

Фларэнс пільна пазірала на яго; яна то чырванела, то бляднела і прыціскала руку да грудзей.

— Усякія беды і небяспекі падпільноўваюць на моры, мая красуня, — сказаў капітан, — і над многімі геройскімі караблямі і многімі адважнымі сэрцамі самкнуліся маўклівыя воды і так і не прамовілі ні слоўца. Але і на моры можна ўнікнуць смерці, і іншы раз адзін чалавек з дваццаці, — а магчыма, і з сотні, любачка, — варочаўся дадому, калі яго ўжо лічылі памершым, а ўвесь экіпаж загінуўшым… Я… я ведаю адну такую гісторыю, Радасць майго Сэрца, — заікаючыся прадаўжаў капітан, — калісьці мне яе расказалі. І калі ўжо я ўзяў гэты курс і мы з вамі сядзім удваіх ля каміна, то, магчыма, вы хочаце, каб я вам расказаў яе? Хочаце, любачка?

Фларэнс, дрыжучы ад хвалявання, якога яна не магла ні перамагчы, ні ўцяміць, мімаволі прасачыла за яго позіркам, што скіраваўся да крамы, дзе гарэла лямпа. Як толькі яна павярнула галаву, капітан усхапіўся з крэсла і засланіў ёй вочы рукой.

— Там нічога няма, мая красуня, — сказаў капітан. — Не глядзіце туды!

— Чаму? — запыталася Фларэнс.

Капітан замармытаў аб тым, што там нічога вясёлага няма, а тут ярка гарыць агонь у каміне. Ён крыху прычыніў дзверы, якія раней былі расчынены насцеж, і зноў сеў на сваё месца. Фларэнс сачыла за ім позіркам і пільна ўглядалася ў яго твар.

— Гутарка ішла аб караблі, мая маленькая лэдзі, — пачаў капітан, — які адплыў з лонданскага порта за ветрам і ў вельмі добрае надвор'е, накіроўваючыся ў… Не палохайцеся, мая маленькая лэдзі, карабль проста рушыў у плаванне, любачка, проста рушыў у плаванне!

Выраз на твары Фларэнс устрывожыў капітана, які і сам быў вельмі расчулены і ўзрушаны і бадай ці выглядаў менш усхваляваным, чым яна.

— Ці прадаўжаць расказ, мая красуня! — запытаўся капітан.

— Так, так, прашу вас! — усклікнула Фларэнс.

Капітан як быццам праглынуў штосьці, што засела ў яго ў горле, і нервова загаварыў:

— Дык вось гэты самы злашчасны карабль трапіў там, на моры, у такі шторм, які бывае раз у дваццаць год, мая дарагая. Мне казалі, мая любачка, што дзень за днём гэты злашчасны карабль мужна трымаўся на хвалях і выконваў свой абавязак, але раптам адна хваля разбіла борт, знесла мачты і руль, змыла лепшых маракоў, і карабль быў адданы на волю шторму, які не ведаў літасці і бушаваў усё мацней і мацней, так што хвалі перакачваліся цераз судно і наносілі яму ўдары і, налятаючы на яго, разбівалі яго, як скарлупку. Кожная чорная пляма на грэбені хвалі, што адыходзіла ў мора, была або абломкам карабля, або жывым чалавекам, і карабль быў разбітым нашчэнт, мая красуня, і трава ніколі не вырасце на магілах тых, хто вёў гэта судно.

— Але не ўсем яны загінулі! — усклікнула Фларэнс. — Нехта выратаваўся? Хоць-бы адзін чалавек?

— На барту гэтага злашчаснага карабля, — прадаўжаў капітан, падымаючыся з крэсла і сціскаючы руку ў кулак з вельмі энергічным і ўрачыстым выглядам, — быў юнак, мужны юнак, — так мне пра яго казалі, — які, яшчэ хлапчуком, любіў чытаць і разважаць пра смелыя геройскія ўчынкі ў часе караблекрушэнняў. Ах, я чуў яго гаворку!.. Я чуў яго гаворку!.. І ён успомніў аб гэтым у фатальную гадзіну, бо ён не страціў мужнасці і бадзёрасці, калі самыя адважныя сэрцы і самыя выпрабаваныя людзі палі духам. Адважным ён быў не толькі таму, што на сухазем'і аставаліся тыя, каго ён кахаў. Не! Такая была яго прырода! Я гэта заўважаў у рысах яго твара — шмат разоў! — і тады я думаў, што ён проста прыгожы, няхай благаславіць яго бог!

— І ён выратаваўся? — усклікнула Фларэнс. — Ён выратаваўся?

— Гэты адважны юнак, — прадаўжаў капітан, — … глядзіце на мяне, любачка! Не аглядвайцеся…

У Фларэнс ледзь хапіла сіл запытацца:

— Чаму?

— Таму, што там нічога няма, дарагая мая, — сказаў капітан. — Не палохайцеся, любачка! Не палохайцеся дзеля Уольра, які быў дарагім усім нам! Дык вось гэты юнак, — прадаўжаў капітан, — працаваў разам з адважнымі, падбадзёрваў нясмелых, ні разу не паскардзіўся і не праяўляў ніякага страху і падтрымліваў бадзёры дух ва ўсіх матросаў, што прымусіла іх паважаць яго, нібы ён быў адмірал, — гэты юнак, кажу я, другі памочнік і адзін матрос толькі і ўцалелі з усіх, хто быў на барту судна, — адзіныя стварэнні, што асталіся жывымі, якія прывязалі сябе да абломкаў разбітага карабля і насіліся па бурлівым моры.

— Яны выратаваліся? — усклікнула Фларэнс.

— Дні і ночы насіліся яны на гэтых абломках па неабсяжным моры, — сказаў капітан, — і нарэшце… не, не пазірайце туды, любачка!.. нарэшце, паказаўся парус, і яны былі падняты на борт двое, што асталіся жывымі, адзін памёршы.

— Хто з іх памёр? — усклікнула Фларэнс.

— Не той юнак, пра якога я гаварыў, — сказаў капітан. — Пачакайце яшчэ хвілінку, мая маленькая лэдзі! Падбадзёрцеся!.. Будучы на барту гэтага карабля, яны накіраваліся ў доўгае плаванне, бо не было дзе прыстаць, і ў часе гэтага плавання марак, якога падабралі разам з ім, памёр. Але ён астаўся жывым і…

Не разумеючы, што робіць, капітан адрэзаў кавалак хлеба, насадзіў яго на свой кручок (які звычайна служыў яму відэльцам для падсмажвання тоста) і паднёс да агню, з хваляваннем паглядаючы на штосьці, што было за спіной Фаларэнс, і не заўважаючы, як гарыць хлеб.

— Ён астаўся жывым, — паўтарыла Фларэнс, — і… — І на гэтым караблі вярнуўся на радзіму, — прадаўжаў капітан, пазіраючы ў тым самым напрамку, — і… не палохайцеся, любачка!.. І высадзіўся на сухазем'е. І аднойчы раніцой, ведаючы, што сябры лічаць яго памершым, ён асцярожна падышоў да дзвярэй свайго дома, каб разведаць, але змяніў курс, нечакана пачуўшы…

— Брэх сабакі? — шпарка падхапіла Фларэнс.

— Так! — закрычаў капітан. — Трымайцеся мацней, дарагая мая! Смялей! Не аглядвайцеся! Зірніце сюды, на сцяну!

Каля яе, на сцяне, быў відаць нейчы цень. Фларэнс усхапілася, азірнулася і моцна крыкнула, убачыўшы Уолтэра.

Яна думала аб ім толькі як аб браце, аб браце, які ўстаў з магілы, аб браце, які пацярпеў крушэнне, выратаваўся і вярнуўся да яе, і кінулася ў яго абдымкі. Здавалася, ён быў адзінай яе надзеяй, яе ўцехай, прыстанішчам і сапраўдным абаронцам.

Капітан Катль, канчаткова страціўшы галаву, паспрабаваў выцерці лоб абгарэўшым тостам, насаджаным на кручок, але, пераканаўшыся, што гэты прадмет не падыходзіць для гэтай мэты, паклаў тост у тулью глянцавітага капялюша, не без цяжкасцей надзеў глянцавіты капялюш на галаву, паспрабаваў праспяваць вершык з «Красуні Пег», спатыкнуўся на першым-жа слове і пайшоў у краму. Адтуль ён неўзабаве вярнуўся з расчырванелым і запэцканым тварам і ў зусім размякшым накрухмаленым каўнерыку і сказаў:

— Уольр, мой хлопчык, вось маленькая маёмасць, якую я хацеў-бы перадаць у сумеснае ўладанне!

Капітан таропка паказаў вялікі гадзіннік, чайныя лыжкі, шчыпцы для цукру і чайніцу, і, паклаўшы ўсе гэтыя рэчы на стол, згарнуў іх сваёй вялізнай рукой у капялюш Уолтэра. Пасля капітан Катль так супакоіўся, што мог вызваліцца ад тосту, што быў у капялюшы, і заняць месца за чайным сталом; але з аднаго боку Уолтэр ухапіўся за яго плячо, а з другога боку Фларэнс са слязмі на вачах шаптала віншаванні, і капітан зноў уцёк і адсутнічаў добрых дзесяць хвілін.

Але ніколі яшчэ фізіяномія капітана не ззяла і не блішчэла так, як у той момант, калі ён стала заняў месца за чайным сталом, пераводзячы позірк з Фларэнс на Уолтэра і з Уолтэра на Фларэнс.

Капітан вельмі добра разумеў — хоць увесь час быў перапалоханым і не раз уцякаў не надоўга ў краму — разумеў, што яны гутарылі пра небараку старога дзядзьку Соля і абмяркоўвалі падрабязнасці, якія мелі дачыненні да яго знікнення; што адсутнасць старога і нягоды Фларэнс стрымлівалі іх радасць; што яны вызвалілі Дыагена, якога капітан загадзя завабіў наверх, баючыся, каб ён зноў не забрахаў. Але яму і ў галаву не прыходзіла, што Уолтэр глядзеў на Фларэнс неяк па-новаму і нібы з вялікай адлегласці. Не прыходзіла ў галаву, што Уолтэр часта паглядаў на любы твар, але, калі яна падымала на Уолтэра вочы, той унікаў сустракаць яе адкрыты позірк, які гаварыў аб сястрыной любові. Такую мажлівасць капітан мог дапусціць не больш, чым паверыць, што каля яго знаходзіцца не сам Уолтэр, а яго здань.

Яны засядзеліся да позняга часу. Капітан ахвотна прасядзеў-бы так цэлы тыдзень. Але Уолтэр устаў і пачаў развітвацца.

— Вы ідзеце, Уолтэр! — усклікнула Фларэнс. — Куды?

— Часова ён павесіў свой ложак за рогам у Бролі, маленькая лэдзі, — адказаў капітан. — На адлегласці воклічу, Радасць Сэрца!

— Вам праз мяне даводзіцца ісці, Уолтэр, — сказала Фларэнс. — Ваша месца заняла беспрытульная сястра.

— Дарагая міс Домбі, — нерашуча адазваўся Уолтэр, — калі не будзе дзёрзкасцю называць вас так…

— Уолтэр! — усклікнула яна са здзіўленнем.

— Цяпер, калі я маю магчымасць бачыць вас і гаварыць з вамі, я надзвычай шчаслівы, разумеючы, што магу зрабіць вам маленькую паслугу. Куды-б я толькі не пайшоў і чаго-б я не зрабіў дзеля вас!

Яна ўсміхнулася і назвала яго братам.

— Вы так змяніліся, — сказаў Уолтэр.

— Я змянілася! — перапыніла яна.

— Для мяне, — ціха сказаў Уолтэр, нібы разважаючы ўголас, — для мяне змяніліся. Я пакінуў вас, калі вы былі дзіцём, а цяпер бачу вас… О, зусім іншай…

— Але па-ранейшаму вашай сястрой, Уолтэр. Вы не забыліся, што мы абяцалі адзін аднаму, пры развітанні?

— Хіба можна забыцца! — Але больш ён нічога не дадаў.

— Уолтэр! — праз слёзы сказала Фларэнс. — Любы брат! Пакажыце мне які-небудзь шлях у жыцці… які-небудзь скромны шлях, каб я магла ісці гэтым шляхам адна, працаваць і думаць часамі пра вас, як пра чалавека, які абароніць мяне і паклапоціцца аба мне, як аб сястры! О, дапамажыце мне, Уолтэр, мне так патрэбна дапамога!

— Міс Домбі! Фларэнс! Я гатоў памерці за вас! Але ў вас ёсць сябры, гордыя і багатыя. Ваш бацька…

— Не, не! Уолтэр! — Яна ўскрыкнула і сціснула галаву рукамі з такім жахам, што ён замёр на месцы. — Не гаварыце гэтага слова!

З таго часу ён ніколі не мог забыцца яе голасу і позірку, калі яна прымусіла яго замоўкнуць. Ён адчуваў: каб пражыў ён яшчэ сто год — ніколі яму гэтага не забыцца.

Яна прытулілася сваім ціхманым тварам да пляча капітана і расказала, як і чаму яна ўцякла. Калі-б кожная пралітая ёю пры гэтым горкая сляза была праклёнам, які падае на галаву таго, каго яна не называла і не ганьбіла, — са страхам падумаў Уолтэр, — для яго гэта было-б лепш, чым страціць такую глыбокую і моцную любоў.

— Годзе, любачка! — сказаў капітан, калі яна змоўкла; а пакуль яна гаварыла, капітан слухаў яе з надзвычайнай увагай, ссунуўшы на бок глянцавіты капялюш і разявіўшы рот. — Стоп, стоп, мой скарб! Уольр, мой дарагі хлопчык, адчальвайце на гэту ноч, а красуню пакіньце на маю апеку.

Уолтэр абодвума рукамі ўзяў яе руку, паднёс да губ і пацалаваў. Цяпер ён ведаў, што яна і напраўду была беспрытульнай уцякачкай.