Перайсці да зместу

Домбі і сын/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел ХVІ. Аб чым заўсёды гаварылі хвалі Раздзел ХVII. Капітану Катлю ўдасцца сёе-тое зладзіць для маладых людзей
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел ХVIII. Бацька і дачка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ XVII

Капітану Катлю ўдасцца сёе-тое зладзіць для маладых людзей.

Капітан Катль накіраваўся ў тую выдатную нядзелю да містэра Домбі і апынуўся ў сваіх надзвычай бліскучых ботах перад вачыма Таулінсона. З вялікім засмучэннем пачуўшы ад гэтага індывіда аб надыходзячым няшчасці, капітан Катль з уласцівай яму далікатнасцю паспяшаўся пайсці ў замяшанні, пакінуўшы толькі букет, у знак свайго спачування.

Аб прывітанні капітана ніхто так і не дачуўся. Букет капітана, праляжаўшы ўсю ноч у вестыбюлі, быў выкінуты раніцой у смеццевае вядро; а хітры план капітана, засцігнуты крушэннем больш высокіх надзей і больш узвышаных замыслаў, быў канчаткова разладжан.

Калі Уолтэр увечары гэтай нядзелі вярнуўся дадому пасля доўгай сваёй прагулкі і памятнага яе завяршэння, ён спачатку быў вельмі захоплены весткай, якую павінен быў ім перадаць, і пачуццямі, якія, натуральна, абудзіла ў ім сцэна, якую ён бачыў, і не заўважыў, што дзядзька, як відаць, не ведае той навіны, якую капітан узяўся паведаміць, а капітан падае сігналы сваім кручком, прапануючы яму не закранаць гэтай тэмы. Між іншым, сігналы капітана цяжка было зразумець, як-бы ўважліва ў іх не ўглядацца; бо падобна да тых кітайскіх мудрацоў, пра якіх гавораць, нібы яны ў часе гутаркі пішуць у паветры нейкія вучоныя словы, вельмі цяжкія для вымаўлення, капітан выпісваў такія зігзагі і росчыркі, што той, хто не ведае яго тайны, ніяк не мог-бы іх зразумець.

Аднак, капітан Катль, даведаўшыся аб здарэнні, адмовіўся ад гэтых спроб, бачачы, як мала астаецца цяпер шансаў на сяброўскую гутарку з містэрам Домбі да ад'езду Уолтэра. Але, прызнаўшыся самому сабе з расчараваным і засмучаным выглядам, што Соль Джылс павінен быць папярэджан, а Уолтэр павінен ехаць, — прымаючы становішча ў гэты момант такім, якім ён яго выявіў, і зусім не палепшаным, бо мудрага ўмяшання своечасова не было зроблена, — капітан па-ранейшаму быў непахісна ўпэўнены ў тым, што ён, Нэд Катль, самы падыходзячы чалавек для містэра Домбі; трэба толькі ім спаткацца, і будучыня Уолтэра ўладжана, бо капітан не мог забыцца аб тым, як цудоўна яны сышліся з містэрам Домбі ў Брайтоне, з якой далікатнасцю кожны з іх вымаўляў патрэбнае слова, як добра зразумелі яны адзін аднаго і як ён, Нэд Катаь, у цяжкую хвіліну жыцця паказаў на гэты сродак і прывёў спатканне да пажаданых вынікаў.

Пад уплывам гэтага бязвіннага заблуджэння капітан Катль пачаў нават абмяркоўваць у думках пытанне аб тым — у гэты час ён сядзеў, пазіраючы на Уолтэра, і са слязою на каўнерыку слухаў яго расказ, — ці не будзе прыстойна і ветліва пры сустрэчы з містэрам Домбі асабіста перадаць яму запрашэнне зайсці і паспытаць у яго бараніны на Брыг-плейс у любы дзень, які той прызначыць, і за шклянкай віна пачаць гутарку аб перспектывах яго маладога сябра. Але няроўнаўважаны характар місіс Мак-Стынджэр і асцярога, што яна ў часе гэтай гутаркі расставіць лагер у карыдоры і адтуль скажа якую-небудзь пропаведзь нядобрага зместу, падзейнічалі, як вуздэчка, на мары гасціннага капітана і пазбавілі яго мужнасці аддавацца ім.

Адну акалічнасць капітан вельмі добра сабе ўясніў, пакуль Уолтэр, задумліва седзячы ў часе абеду і не дакранаючыся да яды, разважаў аб тым, што здарылася, а іменна: хоць сам Уолтэр ад скромнасці сваёй, магчыма, гэтага і не заўважае, але ён з'яўляецца, так сказаць, членам сям'і містэра Домбі. Ён быў асабіста звязаны з падзеяй, якую так чулліва апісаў: пра яго ўспомнілі, назваўшы па імю, і паклапаціліся пра яго лёс у той самы дзень; і лёс яго павінен быў асабліва цікавіць гаспадара. Калі ў капітана і былі якія-небудзь захаваныя сумненні адносна яго ўласных вывадаў, дык ён зусім не сумняваўся ў тым, што вывады гэтыя прыгодны для спакоя духа інструментальнага майстра. Таму ён скарыстаў такі спрыяючы момант і сказаў свайму старому сябру навіну пра Вест-Індыю як прыклад надзвычайнага павышэння па службе, заявіўшы што ён, з свайго боку, з ахвотай паставіў-бы сто тысяч фунтаў (калі-б яны ў яго былі) за поспех Уолтэра ў далейшым і не сумняваецца ў тым, што такое змяшчэнне капітала дало-б вялікую выгаду.

Саламон Джылс спачатку быў уражаны гэтым паведамленнем, якое абрушылася на маленькую заднюю гасціную, нібы ўдар маланкі, і раз'юшана перагортваў вуглі ў каміне. Але капітан разгарнуў перад затуманенымі яго вачыма такія бліскучыя перспектывы, так таямніча зрабіў намёк на уітынгтонаўскія вынікі[1], такое значэнне надаў толькі што пачутаму расказу Уолтэра і з такім давер'ем спасылаўся на яго, як на доказ у карысць сваіх прадсказанняў і вялікі крок да ажыццяўлення рамантычнай легенды пра красуню Пег, што збіў з панталыку старога. Уолтэр, у сваю чаргу, прытварыўся такім абнадзееным і бадзёрым, такім упэўненым у хуткім сваім звароце дадому і, падтрымліваючы капітана, так выразна ківаў галавою і паціраў рукі, што Саламон, паглядзеўшы спачатку на яго, а пасля на капітана Катля, пачаў думаць аб тым, ці не варта яму вельмі абрадавацца.

— Але я, бачыце, адстаў ад века, — сказаў ён у сваё апраўданне, нервова праводзячы рукой зверху ўніз па раду бліскучых гузікаў на сваім сурдуце, а пасля знізу ўверх, нібы гэта былі чоткі, якія ён перабіраў. — І я палічыў-бы за лепшае, каб мой любы хлопчык астаўся тут. Напэўна, гэта старамоднае жаданне. Ён заўсёды любіў мора. Ён… — і стары дапытліва паглядзеў на Уолтэра, — ён рад, што едзе.

— Дзядзя Соль! — шпарка сказаў Уолтэр. — Калі вы так гаворыце, я не паеду. Так, капітан Катль, я не паеду! Калі дзядзя думае, што я магу радавацца з прычыны разлукі з ім, каб нават быў выпадак мне зрабіцца губернатарам усіх астравоў у Вест-Індыі, гэтага дастаткова. Я не крануся з месца.

— Уольр, мой хлопчык, — сказаў капітан, — супакойся! Соль Джылс, звярніце ўвагу на вашага пляменніка!

Прасачыўшы позіркам за велічным узмахам капітанскага кручка, стары паглядзеў на Уолтэра.

— Нэд, — сказаў стары, прыцягваючы да сябе Уолтэра і пяшчотна беручы яго пад руку, — я ведаю. Ведаю! Зразумела, я ведаю, што Уолі заўсёды думае пра мяне больш, чым пра сябе. Вось што ў мяне ў галаве. Калі я кажу — ён рад паездцы, гэта значыць — я спадзяюся, што ён рад. А? Паслухайце, Нэд, і вы таксама, Уолі, любы мой, для мяне гэта навіна і нечаканасць, думаю, усяму прычынай тое, што я бедны і адстаў ад века. Скажыце-ж мне, што для яго гэта сапраўды вялікая ўдача? — прадаўжаў стары, трывожна пазіраючы то на аднаго, то на другога. — Усур'ёз і напраўду? Ці так гэта? Я магу пагадзіцца з чым хочаш, калі гэта для выгоды Уолі, але не хачу, каб Уолі рабіў дрэнна для сябе дзеля мяне або таіўся ў чым-небудзь ад мяне, Нэд Катль! — сказаў стары, пазіраючы ў вочы капітана, к яўнаму замяшанню гэтага дыпламата. — Ці сумленна вы гаворыце са сваім старым другам? Кажыце, Нэд Катль. Магчыма, за гэтым штосьці затоена? Ці варта яму ехаць? Адкуль вы гэта ведаеце і чаму?

З прычыны таго, што адбывалася спаборніцтва ў любові і самаадрачэнні, Уолтэр, каб заспакоіць капітана, умяшаўся, дасягнуўшы некаторых вынікаў; удвух гаворачы бесперастанку, яны больш або менш прымірылі старога Соля Джылса з гэтым праектам або, правільней, да таго збілі яго з толку, што ўсё, і нават пакутлівая разлука, паказвалася яму ў тумане.

У яго было мала часу пра гэта думаць, бо на другі-ж дзень Уолтэр атрымаў ад містэра Каркера-загадчыка загад аб ад'ездзе і абмундзіраванні, а таксама даведаўся, што «Сын і Наследнік» адплывае праз два тыдні або, можа, на дзень-два пазней. У мітусні, выкліканай падрыхтаваннямі, якую Уолтэр наўмысна стараўся павялічыць, стары страціў апошняе самаўладанне: дзень ад'езду хутка набліжаўся.

Капітан, які не пакідаў знаёміцца з усімі падзеямі, штодзённа пытаючыся ў Уолтэра, пераканаўся, што дні, якія астаюцца да ад'езду, праходзяць, у той час як не здараецца выпадак — і наўрад ці ён здарыцца — высветліць яго становішча. Вось тады, пасля доўгага абмеркавання гэтага факта і пасля доўгіх размышленняў пра неспрыяючы збег акалічнасцей, капітану прышла ў галаву надзвычайная думка. Што, калі ён зробіць візіт да містэра Каркера і ад яго пастараецца даведацца, з якога боку бераг?

Капітану Катлю вельмі спадабалася гэта думка. Ён старанна выпрабуе містэра Каркера і выкажацца больш або менш адкрыта не раней, чым усвядоміць сабе характар гэтага джэнтльмена і пераканаецца, паладзілі яны ці не.

Такім чынам, не баючыся сустрэць Уолтэра (які, як яму было вядома, пакаваў свае рэчы дома), капітан Катль зноў адзеў парадныя боты і траурную брош і рушыў у другую экспедыцыю. Гэтым разам ён не купляў букета для прынашэння, бо накіроўваўся ў дзелавую кантору; але ён усадзіў у пятліцу маленькі сланечнік, каб прыемны арамат вёскі патыхаў ад яго асобы, і з гэтым сланечнікам, сучкаватым кійком і глянцавітым капелюшам рушыў у кантору Домбі і Сына.

Асушыўшы ў бліжэйшай таверні шклянку цёплага ромавага грога, — а гэта дапамагае сабрацца з думкамі, — капітан праімчаўся па дварэ, каб не рассеялася добратворнае дзеянне рома, і раптам апынуўся перад містэрам Перчам.

— Прыяцель, — унушальным тонам сказаў капітан, — аднаго з вашых начальнікаў завуць Каркер.

Містэр Перч з гэтым згадзіўся, але, па абавязку службы, даў яму зразумець, што ўсе яго начальнікі заняты і бадай ці будуць мець калі-небудзь вольны час.

— Паслухайце, прыяцель, — сказаў яму на вуха капітан, — мяне завуць капітан Катль.

Капітан хацеў паціхеньку прыцягнуць да сябе Перча кручком, але містэр Перч выкруціўся.

— Калі вы будзеце так ласкавы і даложыце пры першай магчымасці, што прышоў капітан Катль, — сказаў капітан, — я пачакаю.

Сказаўшы гэта, капітан рассеўся на падстаўку містэра Перча і, выняўшы насавую хустку з тульі глянцавітага капелюша, які ён заціснуў паміж кален (не псуючы яго фасону, бо ніхто не мог-бы яго сагнуць), старанна выцер галаву і як быццам адчуў свежасць. Услед за гэтым ён прыгладзіў кручком валасы і сядзеў з бесклапотным выглядам, аглядаючы кантору і пазіраючы на клеркаў.

Стрыманасць капітана была такой бестурботнай, а сам ён здаваўся такім таямнічным стварэннем, што Перч, рассыльны, быў настрашаны.

— Як, кажаце вы, ваша імя? — запытаўся містэр Перч, нахіліўшыся да яго.

— Капітан, — пачуўся густы хрыплы шэпт.

— Так, — сказаў містэр Перч, кіўнуўшы галавой.

— Катль.

— О! — сказаў тым-жа тонам містэр Перч, бо ён пачуў і нічога не мог зрабіць; дыпламатыя капітана была непераможна. — Пайду пагляджу, ці не вольны ён цяпер. Не ведаю. Магчыма, і вольны на хвілінку.

— Так, так, прыяцель, я не затрымаю яго больш, як на хвіліну, — сказаў капітан, ківаючы з такой паважнасцю, на якую быў здольны.

Перч хутка вярнуўся і сказаў:

— Ці не хоча капітан Катль зайсці?

Містэр Каркер-загадчык, стоячы на дыванчыку перад халодным камінам, які быў упрыгожаны фестонамі з пакавальнай паперы, паглядзеў на ўвайшоўшага капітана не вельмі падбадзёрваючым позіркам.

— Містэр Каркер? — запытаўся капітан Катль.

— Думаю, што так, — сказаў містэр Каркер, ашчэрыўшы ўсе зубы.

Капітану спадабалася, што той адказвае з усмешкай; гэта было прыемна.

— Бачыце, — пачаў капітан, павольна абвёўшы позіркам пакой і ўбачыўшы якраз столькі, колькі дазваляў яму каўнерык, — я, значыцца, марак, містэр Каркер, а Уольр, які запісан у вас тут у кнігах, мне амаль што сын.

— Уолтэр Гэй? — запытаўся містэр Каркер, зноў агаляючы ўсе зубы.

— Уольр Гэй, ён самы, — адказаў капітан, — правільна!

У голасе капітана чулася гарачая пахвальба кемлівасці містэра Каркера.

— Я блізкі сябра яго і яго дзядзькі, — сказаў капітан. — Магчыма што вам здаралася чуць ад галоўнага вашага начальніка маё імя? Капітан Катль.

— Не! — сказаў містэр Каркер, яшчэ больш агаляючы зубы.

— Дык вось, — прадаўжаў капітан, — я маю прыемнасць быць знаёмым з ім. Я наведаў яго на Сасекскім узбярэжжы разам з маім маладым сябрам Уольрам, калі… карацей кажучы, калі спатрэбілася заключыць маленькае пагадненне. — Капітан кіўнуў галавой з бесклапотным, натуральным і ў той-жа час красамоўным выглядам. — Думаю, вам успамінаецца?

— Здаецца, я меў гонар, — сказаў містэр Каркер, — уладжваць гэту справу.

— Правільна! — адказваў капітан. — Правільна! Мелі. Цяпер я набраўся смеласці з'явіцца сюды…

— Ці не прысядзеце вы? — усміхаючыся, сказаў містэр

— Дзякую вам, — адказваў капітан, скарыстаўшы запрашэнне. — Бадай, чалавеку лягчэй размаўляць, калі ён сядзіць. А вы не хочаце прысесці?

— Не, дзякую вам, — адказваў загадчык, прадаўжаючы стаяць — магчыма, з прычыны набытай за зіму прывычкі — спіной да каміна і пазіраючы ўніз на капітана так, нібы ў кожным зубе і ў дзяснах у яго былі вочы. — Вы набраліся смеласці, кажаце вы — хоць, дапраўды-ж, ніякай…

— Вельмі вам удзячан, прыяцель, — адазваўся капітан. — Так, смеласць прыйсці сюды па справах сябра Уольра. Соль Джылс, яго дзядзя, — чалавек навукі, і ў навуцы ён можа лічыцца, як шпаркае судно, але я яго, бадай, не назваў-бы ўмелым мараком — чалавекам практыкі. Уольр — хлопчык з надзвычай добрай аснасткай, але ёсць у яго адна загана — гэта скромнасць. Ну-с, дык вось аб чым я хацеў-бы запытацца, — сказаў капітан, прыцішыўшы голас і пераходзячы на канфідэнцыяльнае бурчэннеў, — па-сяброўску, толькі між намі, і выключна для таго, каб мне даведацца, пакуль ваш галоўны начальнік крыху аправіцца, каб я мог падыйсці к яму да самага барта. Ці ўсё тут спакойна і добра і ці рушыць Уольр у плаванне за ветрам?

— А як вы думаеце, капітан Катль? — адазваўся Каркер. — Бо вы чалавек практычны, як вы думаеце?

— Паслухайце! — сказаў капітан, вельмі абнадзеяны. — Што вы скажаце? Управах я, ці не ўправах?

— Ваша праўда, — сказаў містэр Каркер, — у мяне няма ніякіх сумненняў.

— Значыцца, кажу я, рушыць у плаванне пры добрым надвор'і! — усклікнуў капітан Катль.

Містэр Каркер усміхнуўся ў знак згоды.

— За ветрам, а вецер дзьме моцна, — прадаўжаў капітан.

Містэр Каркер зноў усміхнуўся ў знак згоды.

— Так, так! — сказаў капітан Катль з вялікай палёгкай і здавальненнем. — Я добра ведаў, які ўзяць курс. Я гэта гаварыў Уольру. Дзякую вам, дзякую вам.

— У Гэя надзвычайныя перспектывы, — заўважыў містэр Каркер, расцягваючы рот яшчэ шырэй, — перад ім увесь свет.

— Увесь свет і жонка, як кажа прыказка, — падхапіў у захапленні капітан.

На слове «жонка» (якое ён сказаў без усякага намеру) капітан запнуўся, зноў падміргнуў і, адзеўшы свой глянцавіты капялюш на набалдашнік сучкаватага кія, прымусіў яго круціцца і спадылба паглядзеў на свайго сябра, які няспынна ўсміхаўся.

— Гатоў ісці ў заклад на чвэрць пінты старога ямайскага, — сказаў капітан, уважліва прыглядаючыся да яго што я ведаю, чаго вы ўсміхаецеся.

Містэр Каркер прыняў гэта да ведама і ўсміхнуўся яшчэ шырэй.

— Адсюль гэта не выйдзе? — запытаўся капітан, ткнуўшы сучкаватым кіем у дзверы, каб пераканацца, што яны зачынены.

— Ні на дзюйм! — сказаў містэр Каркер.

— Можа, вы думаеце пра вялікую літарў «Ф»? — сказаў капітан.

Містэр Каркер гэтага не адмаўляў.

— А як наконт «Л», — сказаў капітан, — або «О»?

Містэр Каркер па-ранейшаму ўсміхаўся.

— І зноў-такі мая праўда? — шэптам запытаўся капітан; ён быў так узрадаваны, што пунсовы абадок у яго на ілбе надзьмуўся.

З тае прычыны, што містэр Каркер ў адказ усміхаўся па-ранейшаму і заківаў у знак згоды, капітан Катль устаў і паціснуў яму руку, палка запэўняючы, што яны ўзялі адзін і той-жа курс, а што датычыць яго (Катля), то ён увесь час прытрымліваўся гэтага напрамку.

— Ён пазнаёміўся з ёю, — сказаў капітан з той таемнасцю і сур'ёзнасцю, якіх патрабавала гэта тэма, — незвычайным чынам, — вы памятаеце, як ён знайшоў яе на вуліцы, калі яна была зусім маленькай, — і з таго часу ён пакахаў яе, а яна яго, як толькі могуць пакахаць двое такіх юнакоў. Мы заўсёды казалі, Соль Джылс і я, што яны створаны адзін для другога.

Кот, малпа, гіена або чэрап не маглі-б паказаць капітану адразу столькі зубоў, колькі паказаў яму містэр Каркер за час іх спаткання.

— Усё ідзе да гэтага, — заўважыў шчаслівы капітан. — Як бачыце, вецер і плынь ідуць у адным напрамку. Падумайце, ён-жа прысутнічаў там у той дзень!

— Што вельмі спрыяе яго надзеям, — сказаў містэр Каркер.

— Падумайце, ён-жа быў узяты ў той дзень на буксір! — прадаўжаў капітан. — Што можа пусціць яго цяпер на волю хваль?

— Нішто, — адказваў містэр Каркер.

— Вы зноў-такі кажаце праўду, — прамовіў капітан, паціскаючы яму руку. — Вось іменна, нішто! Такім чынам, спакойна! Сын памёр, цудоўны малютка. Хіба не так?

— Так, сын памёр, — сказаў падатлівы Каркер.

— Скажыце слова, і ў вас будзе другі сын, — праказаў капітан. — Пляменнік вучонага дзядзі! Пляменнік Соля Джылса! Уольр! Уольр, які ўжо, працуе ў вашай фірме.

— Капітан Катль, — сказаў містэр Каркер, — вашы разважанні пра Уолтэра Гэя зусім і безумоўна правільныя. Думаю, што мы гутарым канфідэнцыяльна.

— Запэўняю вас! — уставіў капітан. — Ні слова.

— Ні яму, ні каму-б там ні было? — прадаўжаў загадчык.

Капітан Катль насупіўся і паківаў галавою.

— Я кажу цвёрда, што гэта факт. Вы адгадалі магчымыя вынікі.

— А што датычыць вашага галоўнага начальніка, — сказаў капітан, — ну, што-ж, няхай наша сустрэча адбудзецца сама па сабе, часу хапае. Містэр Каркер, расцягнуўшы рот ад вуха да вуха, паўтарыў: «Часу хапае», прычым ён не сказаў выразна гэтых слоў, але прыязна схіліў галаву і без гуку пашавяліў языком і губамі.

— І з прычыны таго, што цяпер мне вядома… і гэта я заўсёды казаў… што Уольр ідзе насустрач свайму шчасцю, — сказаў капітан.

— Насустрач свайму шчасцю, — таксама нячутна паўтарыў містэр Каркер.

— І з прычыны таго, што гэта маленькая паездка Уольра ўваходзіць, калі так можна сказаць, у круг яго штодзённых заняткаў і дапасоўваецца да яго надзей тут… — сказаў капітан.

— Да яго надзей тут, — згадзіўся містэр Каркер таксама нячутна, як і раней.

— Дык вось, калі мне гэта вядома, — прадаўжаў капітан, — значыцца, спяшацца няма чаго, і я спакойны.

З тае прычыны, што містэр Каркер, па-ранейшаму не сказаўшы нічога ўголас, зноў пачціва выказаў згоду, капітан Катль умацаваўся ў сваім пераконанні, што гэта адзін з прыемнейшых людзей, якіх яму калі-небудзь даводзілася сустракаць, і нават сам містэр Домбі не прайграе, калі што-небудзь у яго пяройме.

— Да пабачэння! — сказаў капітан. — Я шмат гаварыць не ўмею, але я вам вельмі ўдзячны за тое, што вы былі такім ветлівым і шчырым. Вы мне даруеце, што я да вас уварваўся? — дадаў капітан.

— Ды што вы! — адказаў той.

— Дзякую вам. Каюта мая невялікая, — сказаў капітан, зноў варочаючыся, — але досыць утульная, і калі вам у любую гадзіну дня здарыцца быць каля Брыг-плейс, нумар дзевяты, можа, вы запішаце? — і падняцца наверх, не звяртаючы ўвагі на тое, што вам скажа асоба, якая адчыніць дзверы, я рад буду вас бачыць.

Пасля такога гасціннага запрашэння капітан сказаў: «Усяго найлепшага!», вышаў і зачыніў дзверы, пакінуўшы містэра Каркера ўсё ў той-жа самай позе ля каміна. У хітрым яго позірку і настарожанай позе, у яго фальшывых губах, якія былі расцягнуты, але не ўсміхаліся, у яго беззаганным гальштуку і бакенбардах, нават у тым, як ён моўчкі праводзіў сваёй мяккай рукой па беласнежнай бялізне і гладка выбрытым твары, было нешта кацінае. Капітан, які нічога не падазраваў, вышаў, зачарованы сваёй урачыстасцю, з прычыны чаго нават змяніўся фасон яго шырокага сіняга фрака. «Трымайся мацней, Нэд! — сказаў сабе капітан. — Ну, браце, сёння вам удасца сёе-тое зрабіць для маладых людзей».

  1. Уітынгтонаўскія вынікі — г. зн. бліскучая кар'ера, падобная да той, пра якую расказваюць легенды, звязаныя з імем Рычарда Уітынгтона, лонданскага лорд-мэра (XV ст.), які быў з вельмі беднай сям'і.