Доктар Франціш Скарына (1525—1925)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Доктар Франціш Скарына (1525 – 1925)
Навукова-папулярны артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1924 год
Крыніца: Крывіч. № 2 (8). Красавік — сьнежань, 1924. С. 3–13

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Безумоўна, найвялікшай постацьцю нашай гісторыі зьяўляецца Доктар Франціш (Францік) Скарына; першы чалавек з вучоным тытулам доктара на ўсходзе, гуманіста, перакладчык Бібліі на народную мову і друкар. Родам ён быў з слаўнага места Полацка, са старой калыскі крыўска-беларускай культуры, дзе яшчэ ў XII сталецьці пісаліся і перапісываліся кнігі, а пазьней існавалі «лацінска-грэцка-рускія» школы, праз якія шырылася вышэйшая асьвета.

Скарына называе сябе ў сваіх кнігах «русінам», «рускім»: «нарожаный в руском языку» (у прадмове да кніг Даніэля), сваю дзейнасьць пасьвячае «своёй братіі Русі», сваю Біблію называе: «Библія руска выложена доктором Франціском Скоранаю... богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Гэта паказуе, што Скарына прыналежаў да ўсходняга, праваслаўнага абраду, які ў нас называўся ад найдаўнейшых часоў «русской верой», і што ён, абычаем таго часу, не аддзяляў народнасьці ад веравызнаньня. Для ўсіх яго сучасьнікаў «руская вера» была адначасна «рускім языком» і процістаўлялася шыранай у тыя часы Ягельлёнамі «нямецкай», або «ляцкай» веры і штораз больш наплываўшаму ў край «ляцкаму языку».

Франціш Скарына становіцца на старану свайго народу і дае ў яго рукі «працаю і стараньнем» сваім Біблію на мове таго народу, з якога сам выйшаў: «иже мя милостивы Бог съ таго языка на свет пустил» (у прадмове да Псалтыра].

На жаль, гэтага эпохіяльнага праваслаўнага мужа не спрамаглося ацаніць консэрватыўнае «рускае» духавенства і наагул яго сучасьнікі. Духавенства сьлепа трымалася «сьвятой» царкоўнай славяншчыны і з падозрывасьцю глядзела на вялікага значэньня нацыянальную дзейнасьць Скарыны, ня толькі ў XVI ст., але нават у пазьнейшыя сталецьці аж да нашых часаў. Бо й дагэтуль праваслаўныя вучоныя багасловы лічаць пераклад Бібліі Скарыны не кананічным, адзіна таму, што між іншымі тэкстамі, якімі карыстаўся Скарына пры перакладзе, быў тэкст вульгаты, прызнанай Рымам.

З дайшоўшых да нашых часаў актаў можна бачыць, што сям'я Скарынаў прыналежала да заможных Полацкіх мяшчан — купцоў. Радзіўся Скарына каля 1485 году і быў хрышчоны імем Юр'я (Георгій). Пачатковую асьвету атрымаў Скарына дома, пад бацькаўскім вокам і паводле старасьвецкіх традыцый свайго народу. Вучыўся, мабыць, на Псалтыру, які паводле яго слоў: «детем малым початок всякое доброе науки».

Кончыўшы школы ў сваім родным крывічанскім Полацку, здольны хлапец рваўся да вышэйшых навук. Бацька яго, Лукаш, паслаў яго ў Кракаўскі унівэрсытэт. Тагачасны Кракаў меў значную крыўскую калёнію, бо пасьля жаніцьбы Ягайлы з каралеўнай польскай Ядвігай найчасьцей Вялікі Князь Літоўска-Рускі (Беларускі) быў адначасна і каралём Польскім, а знача, мусіў пражываць і ў Кракаве, а пражываючы там, меў сталую канцэлярыю для спраў В. Кн. Літоўска-Беларускага з выдатнейшых літоўскіх і крыўска-беларускіх дзеячоў. У самым Кракаве была ў тыя часы «руская» царква.

У 1504 годзе, заплаціўшы 2 грошы ўступнага, запісаўся Скарына студэнтам на філёзофскі факультэт. У унівэрсытэцкія кнігі запісалі Юр'я Лукашэвіча Скарыну на лацінскі лад: Franciscas Luce de Polecko, прыданым яму імем Франціш, а ня Юры. Сярод тагачасных кракаўскіх прафэсараў быў выдатны вучоны Ян Глоговчык (1507), які раней (1490-1492) быў вучыцелям праваслаўнага князя Івана Гашталда ў Вільні. Аб гэтым Глоговчыку гісторык Сымон Старапольскі перадае, што ён перакладаў Біблію на «рускую» мову, гэта знача, — на мову, якой гаварылі і пісалі праваслаўныя, а знача, — крывічы-беларусы ў В. Кн. Літоўска-Рускім (Беларускім). Мабыць, гэты Глоговчык ушчапіў у Скарыну любоў да кнігі і накланіў яго да працы над перакладам Бібліі на агульна зразумелую мову.

У 1506 гаду Скарына атрымаў на філёзофскім факультэце Кракаўскага унівэрсытэту вучоную ступеню бакаляра. Але, акром філёзофіі, Скарыну цікавілі багаслоўе і мэдыцына. Мэдычнага факультэту ў Кракаве ня было, і Скарына павінен быў шукаць гэтай веды ў другіх унівэрсытэтах на заходзе Эўропы. Шэсьць гадоў ён недзе вучыўся, але дзе, дагэтуль невядома. Ёсьць пашлякі, што быў на Пражскім унівэрсытэце, што бываў у нямецкіх гарадох. За гэтыя шэсьць гадоў ён здабывае сабе яшчэ адну вучоную ступеню доктара.

У лістападзе 1512 году прыбыў Скарына ў Італію, у горад Падую, які славіўся на ўвесь свьет у тыя часы сваім мэдычным факультэтам. Прыбыўшы ў Падую, Скарына стануў перад віцэ-прыорам доктарам Тадэушам Мусакі, які ацаніў здольнасьці Скарыны і заапекаваўся ім. У гэтым часе Скарына быў у вялікім недастатку, бо бацька яго Лукаш памер, і малады вучоны ня меў, чым заплаціць нават за доктарскі экзамен. Памог яму ў гэтым трудным палажэньні доктар Мусакі.

Таго ж 1512 году 5 лістапада, на 5-ю гадзіну па палудні, склікаў віцэ-прыор др. Мусакі паседжаньне мэдычнага факультэту ў касьцёле Сьв. Урбана. На паседжаньні Мусакі спавесьціў, што з дужа далёкіх краёў прыбыў у Падую нязвычайна вучоны, але бедны маладзён, які ўжо мае ступеню доктара навук (eximus atrium doctor Franciscus gn. Domini Lucae Scorina de Polocko Ruthenus) і просіць пазволіть яму экзамінавацца безплатна (de gratia speciali ad amore Dei). Пасьля прамовы прыора на паседжаньні быў пакліканы сам Скарына, і ён сам асабіста горача прасіў прафэсараў пазволіць яму бязплатна (amore Dei) трымаць экзамены на доктара мэдыцыны. Паседжаньне вырашыла справу ў карысьць Скарыны.

У суботу, 6 лістапада, у тым жа касьцелі пачаліся ўступныя экзамены Скарыны перад 14 прафэсарамі мэдычнага факультэту. Гэтыя экзамены вытрымаў Скарына сьветна і аднагалосна быў дапушчан да доктарскіх экзаменаў. 9-га лістапада, у аўторак, сабралася ўся мэдычная калегія Падуанскага унівэрсытэту ў біскупскі палац, у ліку 24 асоб, і пад прэдседацельствам вікарнага біскупа П. Забарэльлі пачаліся выспыты Скарыны. Усе прафэсары задавалі яму пытаньні, усім Скарына адпавядаў надзвычай разумна і сьветла бараніў свае думкі. Урэшце Скарына аднагалосна быў прызнаны годным ступені доктара мэдыцыны і гэту годнасьць атрымаў з рук прафэсара Бартламея Барызоні. З гэтага часу Скарына да свайго подпісу зазвычай дадае: «в науках вызволеныхъ и лекарствахъ докторъ», або: «в лекарскыхъ наукахъ докторъ».

Дабыўшы вышэйшыя навуковыя ступені, Ф. Скарына вярнуўся на бацькаўшчыну; тут ён пазнаёміўся з тагачаснымі краёвымі грамадзкімі дзеячамі і братчыкамі, пабываў у Вільні, тагочаснай сталіцы В. Кн. Літоўска-Беларускага, пераняўся мясцовымі злыбедамі і пастанавіў пасьвяціць сябе прасьветнай працы, а галоўна — перакладу біблейскіх кніг на тагачасную крыўска-беларускую мову. У той час у нас вельмі адчуваўся недахват поўнай Бібліі, так патрэбнай для царкоўнага і дамовага чытаньня. Тое, што было да яго перакладзена, не станавіла поўнасьці і траплялася ў злых паперакручаных сьпісках і то найчасьцей у чужой, малазразумелай баўгарскай, царкоўнай мове. І Скарына задумаў перакласьці ўсю Біблію і выдрукаваць яе. Гэта на тыя часы быў вельмі сьмелы крок, бо славянскія народы толькі што яшчэ знаёмяцца з друкарскай справай.

Дзеля таго, што ў родным яго Полацку ня было спрыяйных варункаў, а ў Кракаве, дзе ён атрымаў вышэйшую асьвету, друкаваньне славянскіх кніг, распачатае Фіолям у 1491 гаду, было спынена дзякуючы цемнаце і фанатызму тамтэйшага духавенства, то Скарына, сабраўшы патрэбныя старыя рукапісы, паехаў у Прагу («старое место Пражскае»). Прага маніла да сябе Скарыну таму, што там, у тыя часы, была поўная рэлігійная свабода, і ён спадзяваўся, што там яго ня сустрэне доля Фіоля.

Асеўшы ў Празе, Скарына сарганізаваў друкарню і ўвасобіў яе літарамі, зробленымі паводле рысункаў тых старых рукапісаў, якія вывез з роднага Полацка. Скарынаўскія літары адтвараюць лепшыя пробкі стара-крыўска-полацка-смаленска-тураўскага — кірылаўскага пісьма, выстылізаванага ў цэнтрах крыўскай асьветы. Прыгатаваўшы ўсё патрэбнае да друкарні, Скарына ў 1516-1517 гг. прыступіў да друкаваньня сваіх кніг, пад агульным агалоўкам: «Библія руска выложена доктором Франціском Скорыною из славного града Полоцька богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». У гэтай вялікай справе дапамагалі Скарыне матар'яльна Полацкіе і Віленскіе мяшчане і грамадзкія дзеячы, як віленскія бурмістры Багдан Оньковіч і Якуб Бабіч, а такжа распашыраныя ў тыя часы ў нас брацтвы.

Кнігі друкаваў Скарына некаторыя на царкоўна-славянскай мове (Псалтыр, Апостал), а іншыя на тагочаснай нашай літаратурнай мове. Псалтыр і Апостал былі вельмі пашыраны, дык Скарына агранічыўся толькі рэдакцыйнай папраўкай тэксту і дадаткам тлумачэньняў у крыўска-беларускай мове, а такжа памешчаньнем на белягах кнігі слоў, незразумелых для чытачоў. Другія кнігі Бібліі, менш пашыраныя і вядомыя толькі ў адрыўках, ён дапоўніў і прарэдагаваў, а некаторыя кнігі пераклаў нанова, карыстаючыся старымі рукапісамі, лацінскім тэкстам і тэкстам чэскай Бібліі, якая была надрукавана ў 1506 годзе. Прыступіўшы да працы з 1517 году, Скарына выпушчае са сваёй друкарні кнігу за кнігай: у 1517 годзе — Псалтыр, Іова, Притчи, Сираха; у 1518 годзе: Экклезіаст, Песнь-Песней, Премудрость Соломона, кнігі Царств, Ісуса Навіна; у 1519 годзе: Юдит, Судей, Пятикнижие Моисея, Руфь, Эсфирь, Плачь Іеремии, Даниила.

Скарына многа старэньня клаў на тое, каб кнігі яго былі як найлепшымі ня толькі тэкстам, але і са зьнешняга выгляду. І, запраўды, паводле друкарскай тэхнікі кніга Скарыны — гэта найлепшае, што было друкавана ў тыя часы. Яго друкі сталіся прыкладам для друкароў усей Заходнай Эўропы. Найлепшымі ня толькі тэкстам, але і са зьнешняга выгляду. Найлепшыя тагачасныя Венэціанскія і Нюрэнбэрскія друкі не стаялі вышэй, а ў многім значна ніжэй скарынаўскіх друкаў. Скарына першы ўвёў у друкарстве рысункі ў тэксьце, разьбіўку літар і слоў шпэціямі і, грамаднага значэньня для друкарства рэч, увёў нумэрацыю страніц, чаго да яго друкары не рабілі, а нумэравалі толькі аркушы ці сшыткі.

Слава аб выданьнях Скарынкі разыйшлася па ўсім славянскім сьвеце, як роўна і яго кніжкі разыйшліся па найдалейшыя нават закутках славяншчыны.

Зь невядомых для нас прычын Скарына пасьля 1519 году спыняе друк сваіх кніг у Празе і друкарню перавозіць у Вільню. Тут наладжвае сваю друкарню Скарына ў доме віленскага бурмістра Якуба Бабіча. Дом гэты, паводле мясцовай традыцыі, знаходзіўся недалёка ад ратушы, каля «Інбараў», але ў каторым з існуючых тут дагэтуль старасьвецкіх дамоў памяшчалася друкарня Скарынкі, напэўна невядома. У Вільні, каля 1529 году, Скарына ажаніўся з Магарэтай (Маргаритай) удавой на Юр’ю Адзьверніку, які быў віленскім дамаўласьнікам. Жонка прынясла ў пасадзе Скарыне ўласны дом у Вільні, аб якім таксама невядома, дзе ён быў.

У Вільні ён, каля 1525 году, выдае «Апостал» і каля таго ж часу «Малую падарожную книжицу», якая зьмяшчае ў сабе: Псалтыр, Часословецъ, Акафисты, Каноны, Шестодневец, Святцы краткия и Пасхалию. Але скарынаўская друкарня ў Вільні не працуе так энэргічна, як у Празе: пасьля выпуску гэтых двох кніжак, невядома яшчэ дагэтуль, ці было што тут у яго друкарні надрукавана. Магчыма, што па надрукаваньні Бібліі Скарына заняўся падгатоўкай новых рукапісаў да сваёй друкарні, і гэтым тлумачыцца перарыў у яго працы. Але вось у 1530 годзе вялікі пажар зьнішчыў дзьве трэція часьці Вільні, і ў гэтым пажары была зьнішчана скарынаўская друкарня, а магчыма, — разам надрукаваныя і не распрададзеныя яшчэ кнігі і прыгатаваныя да друку рукапісы.

Год сьмерці Скарыны невядомы, але яшчэ ў 1535 годзе ён жыў. Многа розных няпрыемнасьцяў дазнаў Скарына ў Вільні. Скарына меў брата Івана, які заблутаў Франціша ў свае матар'яльныя справы. Пачаліся суды, і яны давялі да таго, што маёмасьць Скарыны была сканфіскавана. Даканаў урэшце пажар, так што Скарына закончыў сваё жыцьцё ў вялікім недастатку.

У асобе Скарыны мы бачым культурнейшага чалавека сваіх часаў які нічым ня ўступаў тагачасным заходна-эўрапейскім дзеячам ні розумам, ні энэргіяй, ні сваімі шырокімі домысламі. Дабыўшы шырокую асьвету ў эўрапейскіх унівэрсытэтах, ён пасьвячае сябе выключна служэньню свайму народу. Гэту мэту свайго жыцьця ён усюды зазначае ў чысьленных прадмовах да сваіх выданьняў. Прыкладам: «всехсотворителю богу в тройцы единому... ко чти и всемъ небесным силам, святым и святицам божим ко славе и людем посполитым рускаго языка к добраму наученію».

Выдае ён кнігі Сьв. Пісьма таму, што яны, згодна яго пераконаньню, абапёртаму на тагачасным схолястычным сьветаглядзе, месьцяць у сабе ўсё, што патрэбна да збаўленьня душы чалавека: «понеже не только докторове а люди вченые в нихъ разумеюць, но всякии человек простый и посполитый чтути их или слухаючи может разумеци что есть потребно къ душному збавению его». У Бібліі месьціцца і ўся мудрасьць: «В сей книзе всей прырожоное мудрости зачало и конец, Бог вседержитель познаванъ бываетъ... В сей книзе вси законы и права, ими же люди на земли справоватися имеютъ пописаны суть... В сей книзе вси лекарства душевные и телесные зуполне знайдете... Ту научение седми наук вызволеныхъ достаточное. Хощешы ли умети граматику или по руски говорачи грамоту еже добре чести и мовити учить, знадеши в зуполнои Библии псалтыру, чти ее… Ащели же кохание имаши ведати о военных а о богатырских делехъ чти книги Судей, или книги Макавеевъ. Более и справедливее в нихъ знайдеши нежели во Александрии или во Трои». Акром гэтага ў яго прадмовах праглядае гарачае патрыотычнае пачуцьцё. Выдатным прыкладам гэтага пачуцьця зьяўляецца сказ у прадмове да кнігі Юдыт: « Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знаютъ ямы своя; птицы, летающие по возъдуху, ведаюць гнёзды своя; рыбы, плывающие по морю и реках, чуюць виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, також и люди игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имеютъ ».

Сьв. Пісаньне ён друкаваў, па магчымасьці, на зразумелай для народу мове. Ён не адважаецца яшчэ перайсьці на чыста народную гутарку, у мове яго яшчэ многа баўгарызмаў у слоўніцтве і ў формах, але ўсё ж такі ў аснову паложана народная крыўская (беларуская) мова з тымі асобнасьцямі, якія характарызуюць старакрыўскую літаратурную мову. Часьцю гэта быў кансэрватызм самога Скарыны, а часьцю прымушалі яго да гэтага аб'ектыўныя варункі: народная мова тады яшчэ ня была вывучана. Скарына і так зрабіў больш, чым можна было: ён унёс у сваю Біблію многа чыста народных слоў. Падходзячы, на сколькі пазваляў тагачасны стан моваведаньня, да народнай мовы, ён і так перарос сваё грамадзянства на цэлае сталецьце.

Біблія Скарыны была другой друкаванай Бібліяй (пасьля чэскай) у славянскіх мовах і на дзесяткі гадоў папярэдзіла пераклад Бібліі на нямецкую і французскую мову.

Выданьні Скарыны вызначаюцца яшчэ мастацкай стараной. Новыя аддзелы яго кніг і агалоўкі аздоблены рысункамі і асобнымі прыгожымі літарамі ў рамках ды застаўкамі. Кнігі маюць дрэварыты, якія, акром прыданьня аздобнасьці кнігам, кіруюцца яшчэ мэтаю, паводле слоў самога Скарыны: «абы люди посполитыя, чтути могли лепей разумети». Аб рысунках Скарыны расійскі бібліограф Стасаў кажа: «у Апостале загалоўныя літары, герб Скарыны і манаграма з літарай Т выкананы так дасканальна, з гэткім дзіўным смакам, што перавышаюць усё вырытае ў падобным выглядзе ў Бібліі». А гэты Апостал друкаваўся ўжо ў Вільні. Пад крыптонімам Т. скрываецца адзін са спатужнікаў Скарыны, хтось колечы з крыўскіх тагочасных мастакоў.

Асабліва цэнны і цікавы скарынаўскія прадмовы да выдаваных кніг. Скарына ў гэтых прадмовах, паказваючы на зьмест кнігі, зазвычай стараецца падкрэсьліць яе маральнае, рэлігійнае і асьветнае значэньне, чаму ён лічыць патрэбным друкаваць гэту кнігу. Прыкладам, у прадмове да Псалтыра ён так кажа: «И видечи таковые пожитки в такъ малой книзе я, Францишек Скарынинъ сын с Полоцька, в лекарскых науках докторъ, повелѣл есми псалтырю тиснути русскими словами а словеньским языкомъ напред ко чти и к похвалѣ богу в тройци единому и пречистой его матери Марии и всемъ небесным чиномъ святым божьим, а потомъ к пожитку посполитаго доброго, наболей с тое причины иже мя милостивыи богъ с того языка на свет пустилъ».

У сваіх выданьнях Скарына часам дае вершы сылябічнага характару. Гэткія вершы знаходзім у канцы прадмовы да кнігі Эстэр:

«Не копай под другомъ своимъ ямы
сам ввалишся в ню
Не став Амане Мардохею шибенице
сам повиснеш на ней».

У кнізе «Исход» маецца вершам дзесяць загадоў Божых:

«Веруй в Бога единого,
А не бери надармо имени Его.
Помни дни светые святити,
Отца и матку чтити.
Не забивай ни едина.
И не делай греху блудна.
Не вкради, что дружнего.
А не давай сведецства лжива.
Не пожедай жены ближнего.
Ни имени или речи его».

Апром гэтага маецца чатырохрадковы верш у кнізе Іова:

«Богу въ Тройцы единому ко чти и ко славе,
Матери Его пречистой Маріи к похвале,
Всем небесным силам и святым его к веселию,
Людям посполитым к добраму научению.».

Дзеля больш яснага прадстаўленьня характару перакладу Скарынкі падаем адрыўкі зь некаторых яго кніг:

Песьнь-песьняў, раздзел І. (Владим., 338). «Поцалуй мя поцалованиемъ оустъ своих яко лепшая суть милости твоя над вино Воннейшая над масти драгие. Олей излиянъ имя твое, сего для откровицы возлюбиша тебе. Тягны мя за собою: Побегнемъ въ добровонности мастей мастей твоихъ... Въвелъ єсть мя царь въ покои свое тайныи, возвеселимся и возрадуємся о тобе, помняще на перси твоя, паче вина правии возлюбятъ тебе…»

Эстыр, раздзел 12 (Владим., 344).

«Асъверъ Царь пресилный владеющии От индии даже До ефиопии. Ста и ддвадцати и седъми странъ княземъ, И воеводамъ под властию моею сущимъ ласку свою всем указую. Понеже над многими народы Царствую, И вси земли подбилъ есми под власть свою. А протож николи не хотехъ обращати ко злому моци свея превеликое. Но добротливостию мыслихъ всегда справовати свое подданные. Абы безо всякого страху, тише живот свой ведучи, миру егоже вси люди жадаюць поживали».

Кніга Судзьдзяў (Первольф «Славяне», т. ІІІ, 228).

«Тогда иде Гедеон и увари козля, и напече хлебовъ пресных съ муки, и вложи мясо в кошъ в горнецъ, и принесе все то подъ дубъ и пода ему. И рече къ нему ангелъ божии: Возьми мясо и хлебы и наклади на оную скалу, и юху на верхъ выли… И ангел божии зъмизалъ отъ очию его...»

Выданьні Скарыны мелі вялікае значэньне для свайго часу, яны разыходзіліся ня толькі па ўсіх крыўскіх (беларускіх) землях, але такжа па Украіне, Масковіі, у землях Вялікага Ноўгараду, палуднёва-славянскіх і нават заходзілі далёка на Заход Эўропы. Выданьні скарынаўскія паслужылі прыкладам для друкарань Тюбігенскай, Несьвіжскай, Тяпінскага. Мала таго, друкаваныя выданьні Скарыны перапісываліся. Да нашых часаў захавалася некалькі рукапісных кніг, якія былі перапісаны з друкаў Скарыны; у некаторыя зь іх трапілі і лішнія кнігі, якія былі надрукаваны, але затрачаны. Адны з гэткіх рукапісаў даслоўна перадаюць друкі скарынаўскія, з утрыманьнем прадмоў і імя Скарыны; ёсьць сьпіскі, у якіх пераменена правопісь Скарыны; а такжа заменена імя яго другім, прыкладам у Галіцкім (Яраслаўскім) сьпіску 1568 году чытаем прыпіску: «протожь я васіілій жугаев снь зь ярославля В лекарскых наоуках докторь... казал есми списати книгоу стго іова рускым языком. б(г)у кь чтии людем посполитым къ наоученію». Замест скарынаўскага правопісма тут модны тагочасты баўгарскі. З рукапісаў скарынаўскага перакладу зь лішнімі (раўняючы з захаваўшыміся друкаванымі экзэмплярамі) кнігамі трэба адзначыць біблійныя кнігі 1575 г. Львоўскага Сьвята-Ануфрэеўскага манастыра (паходзяць зь Зенкава (Падольшчына). Прадоўжаньнем гэтай апошняй рукапісі зьяўляецца рукапісь Лукі Тарнопальскага 1569 г. Калі разгледзіць лішнія кнігі гэтых рукапісаў са стараны мовы, то яны акажуцца сходнымі з тымі, якія запраўды вышлі з пад пяра Скарыны. Згэтуль натуральны вывад, што яны, відаць, былі перакладзены Скарынай, які або іх ня сусьціг надрукаваць, або надрукаваў ды яны загінулі (Карскій «Белоруссы». Т. ІІІ).

Скарына ў кнігах біблійных памесьціў 42 рысункі, рытыя на дрэве. Некаторыя з гэтых рысункаў маюць на сабе вязаны подпіс, у які стала ўходзіць літара Т (у Апостале). Пад партрэтам Скарыны вязь выразна мае тры літары: Т, М, З, гэта ёсьць подпіс мастака-рысаўніка, які аздабляе скарынаўскія друкі рысункамі. Гэты мастак рысаўнік, скарынаўскі сучасьнік, дагэтуль невядомы. Адно пэўна, што ён, як і Скарына, быў «русін»; на гэта паказуе пераезд яго, разам са Скарынай, з Прагі ў Вільню і яго манаграма, зложаная са славянскіх літар.