Добрыя весьці (Цётка)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Мора Добрыя весьці
Верш з зборніка Хрэст на свабоду
Аўтар: Алаіза Пашкевіч (Цётка)
1905
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/58863
Бунтаўнік


Ах, браце родны, нясуцца весьці,
Ўжо граюць маршы там на усходзе,
Над кожнай хатай, у кожным мейсцы
Шчабечуць птушкі нам а свабодзе.

Усіх злучыла чароўна слова,
Жалезны вобруч скуў нам далонь.
І матка сына даць нам гатова,
І жонка мужа вышле ў агонь.

І дзед старэнькі бяжыць ў дружыну,
І ўнучак сьледам дзеда сьпяшыць.
Хлопец, абняўшы любу дзяўчыну,
На барыкадах сьмела стаіць.

Ах, браце, крэпка сіла ў народзе!
Добрыя весьці зусюль ідуць,
Бо то мільёны разам у згодзе
Да лепшай долі сьмела ідуць.

Ах, браце, важны момант прыходзіць,
Важну ахвяру прыйдзецца даць:
На небе сонца шчасьця усходзіць,
Толькі патрэбна хмары прагнаць.

(Сьнежань, 1905)