Перайсці да зместу

Дні вясны (1927)/Струны сонца/Струны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зялёны шум лясны… Струны
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1927 год
Ня шумі, бяроза!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СТРУНЫ СОНЦА

СТРУНЫ

I

Ой галосяць мінорныя струны, —
пэрламутныя сьлёзы на руні!

Ой зайшліся, зайшліся ад жалю…
Ніяк суму ня зважаць на шалі.

Веснавыя у смутку ясноты, —
лямантуюць высокія ноты.

Ня скрышталіцца роспач іх лёдам, —
колькі новых жахлівых мэлёдый!

У сонату зьвіюцца акорды, —
ой вы, струны жыцьцёвасьці горкай!

II

Ой ты, клёне, клёне мой зялёналісты,
над табой зара заранкаю цьвіце,
пад табой-жа горна плача цымбалісты.

Струны рвуцца, рвуцца ўсё часьцей, часьцей:
ой-да боль-балючасьць ў сэрца упілася.
Прысланіўся месяц да жарсьцьвяных сьцен;

абступілі радасьць чорныя балясы.
Скавытаць зубамі ўвосень воўк ахвоч…
Не лячыць жа раны, не лячыць альясам,

калі ў песьні сьцюжа, калі ў слове ноч.

14-VIII — 26 г.