Кусаюць уцехі ўсе чэрствую лусту,
і сэрцы крывавяцца болем.
Поэта юнацтва аддаў на распусту,
а песьні суровым пабоям:
кусаюць уцехі ўсе чэрствую лусту.
II
Ветры ласкавымі сталі, —
ня сыплюць імжою-слатою.
Ружа з пахіленым станам
пялёсткі ўмывае сьлязою.
Нехта каліткаю скрыпнуў
з запалам, з дакорным імпэтам.
Зоры губляюць іскрынкі
на сумныя кудры поэты.
Лёгка, нэрвова ступае,
ня чуе душэўнага болю.
Песьня — ня скнара скупая, —
гармоніі, грацыі болей!
Людзі ўсе сталі „багамі“.
Пачуцьці, дашчэнту ня стлейце!
Гукі, ў сугучнасьці, ў гамы!
Маё залатое сталецьце!!!
Роспач зайшлася на скрыпцы,
у віхры стыхійным плянэта.
Нехта каліткаю скрыпнуў, —
музыкі, ў літаўры — поэта!
III
О, вечар, мой вечар зялёны,
у слове хвалююцца хвалі!
Поэту тры стройныя клёны
пад шаты свае захавалі.
Залоцяць сутоньне лістамі,
краса іх з зарою асеньняй.
Як брацьця, плеч-поплеч пасталі, —
сягоньня ёсьць іх ўваскрасеньне.
Кастальскай крыніцы ня маем,
няма й златагрывых Пэгасаў, —
а песьні аквечаны маем,
а песьні ніколі ня гаснуць.
Жыцьцё іх — нядоля ліхая,
цярнёвы вянок Беларусі.
Ўсьміхаюцца зоры над гаем, —
бель-срэбныя ткуцца абрусы.
Плач струнны за сэрца хватае,
ліецца са струн Апалона, —
то лірнік поэту вітае,
заўсёды к яму ён з паклонам.
О, вечар, мой вечар зялёны,
у слове хвалююцца хвалі!
Поэту тры стройныя клёны
пад шаты свае захавалі.
IV
О, Беларусь!
Тваё мінулае ў мармурах не застыла
і медзьдзю-бронзай ня зьвініць.
Яно ня знае готыкі, антычных стыляў,
ня знае колераў сузорчатых зарніц.
Яно пахована ў глыбокія курганы, —
крывёй-бальзамам гоіць сны.
Твой гені, у мінулым паруганы,
да славы ўзьнімуць вольныя сыны.
Ты сілы траціла свае дазваньня;
цябе абплакаў на кургане клён.
Штогод тваё спраўлялі ўкрыжаваньне,
штогод гісторыі праклён.
Таму й мінулае ў мармурах не застыла
і медзьдзю-бронзай ня зьвініць.
Яно ня знае готыкі, антычных стыляў,
Ня знае колераў сузорчатых зарніц.
V
Прабіла зарніца дванаццаць гадзін, —
адчуў толькі гэта поэта адзін.
Прабіла яна яму сэрца наскрозь, —
успомніў Айчыну, у якой ён узрос.
Успомніў цярпеньні народу свайго, —
душу апаліў жыватворчы агонь.
Лісты залатыя ён з клёну трасе
і песьні складае адвечнай красе.