Перайсці да зместу

Дні вясны (1927)/Кветкі красы/Я ведаю — у кожнага пачуцьці ёсьць…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ (Вечнае Раньне-Мэсія…) ⁂ (Я ведаю — у кожнага пачуцьці ёсьць…)
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1927 год
З цыклю „Заходняя Беларусь“

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Я ведаю —
у кожнага пачуцьці ёсьць
і кожны імі з нас жыве.
Ў адных —
заўсёды скаліцца на сэрцы злосьць,
ў другіх —
сьмех сонечных завей.

У думках часам:
холад, цень, —
душа атулена імглой…
Я ад жыцьця уцехі не хацеў,
калі краіны сэрца ранамі цьвіло.

Хоць вусны жаліла аса,
хоць сьцюжай веяла з зарніц, —
казаў:
схіляць няма чаго чала
і падаць ніц.

Ўрадзіўся я такім, —
ня мне ў маўклівасьці цьвісьці.
Няхай расступяцца вякі
да сьветлага ў жыцьці!

30-VII — 26 г.