О, вясна, сьветлых дзён хараство!
Ў сонцацьвеце губляюцца мары.
Сьмех дзявоча-пралескавы твой
патануў у ясноце, ў надхмар‘і.
Вецер вольны плянэту абег, —
ў падарожжы мне з ім не агоркне.
Заклікаць выйду ў поле цябе,
пакланюся далінам, узгоркам.
З імі песьні складаў я раней,
з імі песьні складалі ракіты.
Быльнягі закалышуць мяне,
быльнягі — госьці сонца, блакіту.
Ой ты, цёплая радасьць палёў,
не хадзіць мне мяжой да крыніцы!
Ў ціхіх лозах як кошыкі плёў,
толькі ў песьні і можа прысьніцца.
Што было, таго сёньня няма, —
зарасьлі сьцежкі мілыя зельлем.
У палёх расьцьвітае вясна,
у палёх веснавое вясельле.
Я пашлю дарагі ёй паклон,
і спаткаць выйду ў поле удачу.
Закалоціцца лісьцямі клён, —
я пад ім песьняй горкай заплачу.
О, вясна, сьветлых дзён хараство!
Ў сонцацьвеце губляюцца мары.
Сьмех дзявоча пралескавы твой
патануў у ясноце, у надхмар‘і.
21/III — 26 г.
|