Перайсці да зместу

Дні вясны (1927)/Кветкі красы/Браты вы мае!..

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ (Праплюскочуць гады, бы вада…) Браты вы мае!..
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1927 год
⁂ (Дружбакоў-таварышаў ня маю…)
Іншыя публікацыі гэтага твора: Браты вы мае!..

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БРАТЫ ВЫ МАЕ!..

Браты вы мае, дарагія браты, на той
ўзьнімаю кілішак за ваша здароўе!
Хоць песьні маёй і зьлятаюць лісты,
хоць колеры яркнуць іскрыстаю кроўю.

Мы студзім часамі ў бядзе на ваду,
і радасьці зорнай ў бязьмежнасьці просім.
Пайду я, пад посьвісты ветру пайду…
Абвее мяне хай кляновая просінь.

Паклонам у пояс схілюся зары,
і водблескам кос залатых абвіюся.
Спаткаюць мяне у дарозе зьвяры, —
апошнія госьці дуброў Беларусі.

Рабіна з калінай наземяць гальлё,
і кроў праліюць сваіх ягад увосень.
Абступяць зьвяры мяне дзікай ганьнёй,
і ў сінь, белазорую сінь загалосяць.

О, зьвяры, дзіка-чулыя брацьця зьвяры,
дні наступныя род ваш падлічаць!
Хоць бяры сьлёзы вашы ў прыгоршчы зьбяры,
і ўмывай імі твар свой — аблічча.

Як шумелі, шумець гэтак будуць брады,
і плысьці хвалі будуць павольна і роўна.
Браты вы мае, дарагія браты,
ўзьнімаю кілішак за ваша здароўе!