Ня быльнёг у даліне пасох,
і ня вецер сумуе ў лясох:
то дзяўчына дубровай ідзе,
што радасны ўтраціла дзень.
Ня лісты зажурыліся ў сінь,
і ня смутак асеньні асін:
то прадоньне вачэй агнявых,
што хлапец малады угнявіў.
Ня туман ды расу пагубляў,
і ня срэбра зіяе між плям:
то сьлязіны цьвітуць на пяску, —
што яна пагубляла ўвясну.
Не каліна ад соку гарыць,
і ня зорка ўзышла з-за гары:
гэта вуснаў жывы агняцьвет, —
ў іх запале праменіцца сьвет.
Не трава зашумела ў лугох,
і ня лён у лагчыне палёг:
гэта косы павісьлі на стан,
горкай роспачы час як настаў.
Ня быльнёг у даліне пасох,
і ня вецер сумуе ў лясох:
то дзяўчына дубровай ідзе,
што радасны ўтраціла дзень.
Ня шумеце, вятры,
увечар з клёнамі!
Ой, дуброва мая,
дуброва зялёная!
Маю жаль на цябе
сьлязамі скроплены.
Рассыпайся, сьляза,
па лісьці кроплямі!
Я ў прыгоршчы зьбяру
і роспач спырскаю.
Расьсявайся, туга,
у самоце пырскамі!
Нешчасьліва мая
дарож дзявочая, —
абступілі яе
скрозь сьцежкі воўчыя.
Ды пайду я, пайду
у даль з паклонамі.
Ой, дуброва мая,
дуброва зялёная!
Не паіла ліста
ты сытна сокамі,
не ўрадзіла яго
ты мне шырокага.
Ня прыкрыла сьлядоў
свайго я мілага, —
замялі-ж іх вятры
пяскамі сівымі.
Ён дастаўся другой
у ноч купальскую, —
не галубіць мяне
ён болей ласкаю.
Ня прыждала сватоў,
гульні вясельнае.
Я адна — сірата
у ноч асеньнюю.
Ня шумеце, вятры,
увечар з клёнамі!
Ой, дуброва мая,
дуброва зялёная!
Пасьцілайся, смутак,
пасьцілайся каляровы!
Ходзіць-блудзіць хлопец,
ходзіць-блудзіць каля рову.
Спахмурнелі вочы,
спахмурнелі чорны бровы, —
падышоў як толькі,
падышоў як да дубровы.
Ня сумуйце, сосны,
ня сумуйце сіратліва!
Расьцьвіце увесну,
расьцьвіце наноў каліна.
Я спаткаў учора,
я спаткаў палёў красуню.
Ёй аддаў напевы,
ёй аддаў усю красу я.
Васілёк блакітны,
васілёк мне падарылі
лебядзіны рукі,
лебядзіны белы крыльлі.
Захаваў на памяць,
захаваў глыбока ў сэрца, —
ён сягоньня вяне,
ён сягоньня з жалю рвецца.
Не астылі мары,
не астылі успаміны
аб былой дзяўчыне,
аб былой галубцы мілай.
Варкавалі вусны,
варкавалі ў млявым пале.
Часта мы блудзілі,
часта мы ўсю ноч ня спалі.
Я галубіў шчыра,
я галубіў кары вочы.
Не забыць ніколі,
не забыць сьлязін дзявочых.
Мне здаецца, бачу,
мне здаецца, яны ў шуме.
Іх штодзень у думках,
іх штодзень ў душы нашу я.
Пакахаў увесну,
пакахаў пад шопат вецьця.
Раскахаю ўвосень,
раскахаю ў надсьвецьце.
Стану вольным птахам,
стану вольны сваім духам.
Што было, ня будзе,
што было, названь патухне.
Не пайду пад клёны,
не пайду зрываць лісточкі.
Ня прыкрыю болей,
ня прыкрыю я сьлядочкаў.
Ня схмурнеюць вочы,
ня схмурнеюць чорны бровы, —
падыйду як толькі,
падыйду як да дубровы. —
23-IV — 26 г.
|