Дняпроўскія ўсплёскі (1927)/Дапрызыўнік Стах
← Вершы | Дапрызыўнік Стах Апавяданьне Аўтар: Рыгор Нядоля 1927 год |
З рынку → |
Дапрызыўнік Стах.
1.
Паміж Вязьмічамі і Грачыхамі, дзе аднойчы Ганнулька ў Міхаські на шыі хісталася, прытуліўся завод. Калі хто пісьменны, той заўсёды прачытае на шыльдзе:
Гарошынскі
вінакурны і рэктыфікацыйны
завод „МАРАТ“.
Як пачаўся рэмонт, — вось тады і прыехалі ў Гарошына Леваненкі.
Спачатку сам Пётра Іванавіч — машыністы. Потым яго жонка з сынам Стахам і дочкай Галей.
І зажылі яны, як звычайныя „гарошынцы“ жыцьцём чорным, як заслонка. Улетку — праца, узімку — праца, увосень — праца, а ўвясну, нават, сонейка ўбачыць, паглядзець, якое яно, не было часу.
Стах працаваў супольна з бацькам на заводзе за смажчыка. Брат малодшы памёр — з горлам ў яго нешта здарылася. Не вытрымаў. Во і Стах — таксама: сямнаццаты год пайшоў хлопцу. А нягеглы нейкі. Сам высокі, кволы, нібы тонкая штанга, шыя худая, а вочы вялізныя — глядзяць неяк маркотна, неяк сумна…
Праўда, выгляду сваіх вачэй Стах не ведаў ды й не любіў глядзецца ў люстэрку, але-ж бацькі трасьліся, сачылі за крокам кожным сына свайго адзінага, не ведалі, што рабіць ад любасьці сваёй бацькаўскай.
— Ой, каб у яго сухот не было? Стасік, выпей „Ле-каролю“ лыжачку…
І так вось міналі годы юнацтва, нібы ў календары лісты. А кожны ліст з цыфрай: „17“… „18“… „19“… „20“… „21“…
Бацька даўно мэханікам задзелаўся, Стах — манцёрам… А ўсё-ж ткі не тое нешта. Не хапае нештачка хлопцу — дый годзе. Гарная-б з яго дзяўчына выйшла, а хлопец так сабе…
І хаця кожную вясну добра сьпявалі дзяўчаты за возерам, у Прысмаках, — вось хораша-б туды, — Стах сядзеў адзін у майстэрні.
І пачуцьцяў… а-ніякіх!!!
2.
У восень позьнюю, калі апошнія гарошынскія бярозкі паскідалі жоўтыя кашулі, каб захавацца пад сьнежным дываном — замітусіліся, завойкалі Леваненкі…
Загад прыйшоў:
…„грамадзяне нараджэньня II-ой паловы 1904 году прызываюцца на вучэбныя пункты ў тэрыторыяльныя вайсковыя часткі дзеля прахаджэньня дапрызыўнай вайсковай падрыхтоўкі…“
— У салдаты, значыцца, бяруць Стаську!
— А матачкі-ж мае любыя! Як-жа-ж ён у казарме жыць будзе? І вопраткі цёплай няма… Ну, ці ёсьць праўда на сьвеце? Каб адзінага сына забіраць ад бацько-оў!.. Каб з іх дух папёрла, як яны людзей катуюць!!!
Бацька параіў:
— Ты скажы ім, што хворы… мо‘ яшчэ і аслабаняць. Во, як Федзька з Ваўкавіч у мінулым годзе… Гуляе хлопец і нічога!
Але-ж Стах адмовіўся.
— Пайду… усё роўна, ці тут гібець, ці там…
— Ну, што ты скажаш такому. Вядома, дурань! Не пройдзе яму дарма гэтая „падрыхтоўка“…
Аднак цёлку ад Чунькі — каровы швіцкай, прадалі, каб што-небудзь было на дарогу хлопцу. Ці ж там даглядзяць? Чакай!
Хаця нічога не папішаш. Бяруць, што ты хочаш?
Абняўся Стах з бацькамі, з Галяй, шчыльна прыціснуў да сябе Ваўчка-лахматага, друга свайго адзінага і, гайда, да хлопцаў-таварышаў. Песьню хвацілі:
„Эх, і ў садо-очку |
І зьніклі за прысмацкімі могілкамі, на шляху Смальлянскім.
На заводзе дзяўчаты разрумзаліся… Шкада было хлопцаў. Усіх шкада — і Антоську, і Петрака, і Міколу, і абодвых Грышак і Зьмітрака…
— Бедненькія!…
А пра сёмага забылі… Па сёмым войкала матка ды ў агародчыку жаласна скуліў Ваўчок.
3.
Сёмка Драгуноў, дапрызыўнік, у Стахавым узводзе быў першы. Ці то замок разабраць, ці працівагаз апрануць хуткім манэрам, ці на кане пранесьціся кандзібоберам — усюды на ём, як кажуць, кожа гарэла! А лепш за ўсё — фізкультура! Во дасьціпны хлапец!
Раз… раз… і ўжо на турніке сядзіць герой гэроем!..
Стах заўсёды дзівіўся, як гэта ў хлапцоў добра фізкультура выходзе, а ў яго не. І сумаваў…
Аднойчы:
— Леваненка! Паспрабуй, вось так, як я!
Гэта Сёмка да Стаха зьвярнуўся:
— Нічога ў мяне не выйдзе… Дый глядзець будуць… рагатаць пачнуць! Ну што тут добрага?
Але Сёмка ўвечары ізноў да яго:
Хадзі зараз… хлопцы ўсе на лыжах паехалі… адны днявальныя засталіся…
Пачухаў Стах патыліцу, але ж пайшоў да турніка з Сёмкам….
— Ну… р-раз… два… тры… гоп-ля! Эх, не так… ты, бач, во як… На руках трэ‘ падцягнуцца… р-раз… потым — кач… гоп і гатова!
— Лёгка сказаць гатова… а калі зрабіць, дык наадварот! Але паспрабую… р-раз… цяпер нагамі вышэй… два… Гоп-ля…
І з турніка носам уніз.
Фізкультура!
З гэтага дню крэпка засябраваў Стах з Сёмкам.
4.
Потым пачаліся нейкія новыя ружовыя, радасныя дні. Ні-бы хто кажуру абрыдлую садраў з Стаха. Пасьля заняткаў — з Сёмкам на турнік. А то ў Ленкуток, кніжкі чытаць, вядома якія: па фізкультуры.
Часта зьбіралася кампашка. Усё друзьзя-таварышы Сёмкі. Стаха прасілі быць запявалай. Не адмаўляўся і пачынаў любімую:
„Пры лужке… лужке… лу-ужке |
Хлопцы з мейсца, як шалёныя:
„Э-эх! Пры радзімым д-ды табуне… |
Па суботам і нядзелям — дні адначынку, — каталіся на лыжах, куды-небудзь за горад. Зварочваліся ў казарму позна, калі неба пакрывалася бледнымі агоньчыкамі зорак. Тады хутка „шамалі“ з агульнага катла і лягалі спаць. Спалі моцна — гарматай не разбудзіш. І заўсёды прыходзілася днявальнаму разтаўхваць шашкай заспаўшуюся моладзь:
— Эй, уздымайся, хлопцы! Пад‘ём! На паверку выхадзі строіцца!
Заняткі пайшлі к канцу. Марозы ўдарылі, завіхрылі сінія дымы над хатамі. Па начам неба ў сіні бэшмэт апраналася, і часавыя пры гарматах ёжыліся ў кажухох і шлемах.
Стах трымаўся… Асунуўся трохі, але-ж вочы ажылі, голас акрэп, па грудзёх хлопні — толькі гул пойдзе, як з бочкі.
І лыжнікам стаў добрым!
5.
Апошні дзень мільгануў, як быццам яго і не было зусім. У Ленінскім кутку ваенком пасьля дакладу „Задачы дапрызыўніка пасьля збору“, нагаварыў задач — у галаве не ўмясьціш:
— … будзьце заўсёды ўперадзе… Арганізуйце вайсковыя гурткі, спартыўныя… І палка не забывайце, чаму вучылі — памятайце. Трымайце сувязь… пішыце… N-кі Артполк… 1-я пушачная батарэя“…
Потым казалі начпункту, камандзіры…
— … за два месяцы вы навучыліся кой-чаму… Зараз гэтыя веды вы павінны перадаць другім А ў будучую восень, калі вы ізноў прыдзеце сюды, у лягеры, мы жадаем, каб вы прышлі добра падрыхтаванымі… Няхай жыве чырвоны дапрызыўнік!!!“
Ноччу не спалася чамусьці… Галаву зудзіла думка:
— Заўтра да дому!
А між іншым нешта цягнула застацца… Шкада было братвы… Сёмкі шкада! Усіх тых, з кім за гэтыя два месяцы спаяўся, крэпка зжыўся ў жыцьці супольным. Вось з імі, што сьпяць зараз і на стрэльбішчы мёрзьлі… І пры гарматах колькі гадзін правялі. А колькі разоў узводны Рагожын крычаў злосна:
— Ша-рап-нэль-лю па пяхоце!.. — і ганяў то ад гармат, то да гармат…
Гэта ж з імі лазіць прыходзілася ў працівагазы „Гуманта, Зэлінскага“ і слухаць на палітгадзіне краснамоўства дзядзькі Цыганкова!
— Заўтра да-дому!
І „заўтра“ прыйшло. Крэпка адказваў на паціскваньні рук командіра і памочніка… Сунуў „личную карточку“ ў кішэнь. Апошні раз разьвітаўся з Сёмкам, з таварышамі…
І, гайда, у Гарошына, дамоў.
6.
— Сыночак родны! Даражэнькі!
— Стаська! Які ты ладны стаў! Малайчына!
Заварушылі, задзёргалі хлопца бацькі. Вярсты за дзьве за завод сустракаць выйшлі. Быццам з Амэрыкі, з Бразыліі прыехаў…
— Ну, як, што? Здароў? А мы баяліся, ці не захварэў ты часам! Лістоў ад цябе не было!
Праз вёску ішлі. З кожнай хаты з вокан глядзелі вочамі цікавымі з усіх бакоў шчупалі. А дзеўкі прымацкія хлапцоў гарошынскіх выйшлі вітаць! Антоську, Міколу, Петрака, абодвых Грышак і Зьміцера Рудага…
— Як? Ужо зусім? Больш не забяруць?
А Стах з бацькамі хутчэй да дому. Да шэрага ганку, дзе шыльдачка маленькая: „Кватэра мэханіка“. Ваўчок, як шалёны, насустрэч кінуўся лізаць рукі, твар…
— Ваўчок! Ваўчок! Сабачка… не забыў?!..
За гарбатай сядзелі доўга… Запытваліся аб жыцьці ў горадзе, скардзіліся на сваё „горошынскае жыцьцё“… Чаго за сьлязмі матка не дагаварвала, сястра дапаўняла. Вось, яна якая Галя! Выцягнулася за гэты час, вочкі, як перасьпелыя чарэшні.
— Ну, як, Галя, тут у вас? Гуляць на вячоркі, пэўна, ходзіш?
— У сьвяточныя дні калі… а то дома…
— Чаго-ж так…
— Хлопцы ўсё вязнуць, а ў нас хвароба дурная ходзіць!
— Няўжо-ж гэта ‘шчэ не перавялося ў нас? І гэтыя вячоркі з пацалункамі ды абнімкамі да самай раніцы. Гэта ж негігіэнычна!
Задумаўся Стах. Во, дзе фізкультура патрэбна, во, дзе Сёмкіна праца прыгадзілася-б. Хвароба дурная ходзіць. Вядома, калі так жывуць! Трэба гэта ліквідаваць…
А няўжо гэта толькі Сёмка можа? Напрыклад, калі-б самому ўзяцца? Не, цяжка, нікалі ня браўся за такія справы…
— А мо‘ паспробваць?
Урэшце рашыў:
— Паспрабую!
7.
Спачатку было дрэнна. У гурток запісалася мала. Казалі на задворках:
Тожа інструктар знайшоўся! Гэта кожны так… зьдзене штаны і пачне фізкультуры паказваць…
Бабы перашэптваліся:
Во дажылі… голыя пачалі хадзіць… Во пайшла распуста на белым сьвеце…
А Стах — нічога… У хаце-чытальне расклеіў плякаты:
— Даёш фізкультуру!
І малюнкі розныя сам намаляваў, як умеў. Шкадаваў, што музыкі няма. Але тут настаўніца — Мар‘я Міхалаўна — дапамагла. Згадзілася кожную рэпэтыцыю граць на раялю. І пашла справа.
Нават некалькі дзяўчат у гурток запісалася.
У нядзелю ўсё Гарошына ў школу палезла — глядзець:
1-ае выступленьне
Гарошынскага Гуртку фізвыху!
Моладзі шмат пайшло. Усё-ж ткі цікава. Лузгалі семячкі і перасьмейваліся. Чакалі.
І раптам раяль: „дум-дум-дум… дум-дум…
І на сцэну хлопцы і дзяўчаты… р-раз… два… і шаравары ва ўсіх сінія. А на грудзёх значкі нейкія.
Выстраіліся і пашлі вырабляць розныя штукі! Хлопцы аж раты паразьзявілі!
Во Стах, дык Стах! А дзеўкі, трасца ім у бок, як гэта Яны панавучыліся?!
Шмат чаго было дзіўнага. Піраміда, марш камсамольскі, кузьня…
Глядзелі старыя пахмурна. Не спадабалася спачатку фізкультура, потым не вытрымалі. За жывое ўзяло і… давай у ладкі плёскаць.
А на тварах сонца. Шмат сонца…
8.
Праз месяц пасля 1-га выступленьня" ў завадзкой школе Стах пісаў:
„Таварышы камандзіры!
Прабачайце, што не трымаў сувязь, як тады казалі, калі разыходзіліся па дварам. У нас шмат чаго трэба зрабіць палепшыць. Пакуль што я арганізаваў гурток фізвыху, і ўжо адзін раз было выступленьне. Моладзь ідзе ў гурток ахвотна і нават зацікавілася, ды няма літэратуры. Калі ласка, прышлеце! А яшчэ нам дапамагае тутэйшая настаўніца. Скончыла ў гэтым годзе Магілеўскі Пэдтэхнікум і заўсёды грае нам на раялю. Справы ў нас ідуць сабе нішто. І яшчэ прашу вас, таварыш военком, прыслаць інструкцыю, як арганізаваць „Авіахім“. Як гэта робіцца і куды зварачвацца за літэратураю і лектарамі… Бо сярод насельніцтва я карыстаюся аўтарытэтам, і дзяўчаты ад мяне ўжо не бягуць, як раней… У нас газэты шмат хто выпісвае, а калі-не-калі і даклады робяцца… Пакуль бывайце здаровы, паклон усім таварышам. С. Леваненка.
P. S. Напішаце яшчэ, што патрэбна, каб паступіць у Вайсковую школу? С. Л.
А праз год Стаха Гарошына праваджала. У дальні пуць — у Ленінград за асьветай. Толькі на гэты раз Ваўчок скуліў ужо не адзін…
12 студзеня 1926 г.