Перайсці да зместу

Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы з фізыкі/Як робяць паветраныя балёны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Шкоднае паветра Як робяць паветраныя балёны
Апавяданьне
Аўтар: Леў Талстой
1928 год
Арыгінальная назва: Как делают воздушные шары
Пераклад: Макар Краўцоў
Гальванізм

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЯК РОБЯЦЬ ПАВЕТРАНЫЯ БАЛЁНЫ

Калі ўзяць надуты пузыр і апусьціць яго ў ваду, а пасьля пусьціць, дык пузыр выскачыць наверх вады і пачне па ёй плаваць. Якраз гэтак сама калі кіпяціць чугун вады, дык на дне, пад агнём, вада робіцца лятучаю, газам; і як зьбярэцца крыху вадзянога газу, дык ён зараз-жа пузыром выскачыць наверх. Спачатку выскачыць адзін пузыр, пасьля другі, а як нагрэецца ўся вада, дык пузыры выскакваюць ня сьціхаючы; тады вада кіпіць.

Гэтак сама, як з вады выскакваюць наверх пузыры, надутыя лятучаю вадою, таму што яны лягчэйшыя за ваду, гэтак і з паветра выскачыць на самы верх паветра пузыр, надуты газам вадародам або гарачым паветрам, таму што гарачае паветра лягчэйшае за паветра халоднае, а вадарод лягчэйшы за ўсе газы.

Паветраныя балёны робяць з вадароду і з гарачага паветра. З вадароду балёны робяць вось як: зробяць вялікі пузыр, прывяжуць яго вяроўкамі да калоў і напусьцяць у яго вадароду. Як толькі адвяжуць вяроўку, дык пузыр паляціць у гару і ляціць да таго часу, пакуль ня выскачыць з паветра таго, якое цяжэйшае за вадарод. А як выскачыць наверх у лёгкае паветра, дык пачне плаваць у паветры, як пузыр па вадзе. З гарачага паветра робяць паветраныя балёны вось як: зробяць вялікі пусты балён з горлачкам унізе, як перакулены гляк, і ў горлачка прыробяць камяк ваты, і вату гэтую намочаць у сьпірце і запаляць. Ад агню разагрэецца паветра ў балёне і зробіцца лягчэйшым за халоднае паветра, і балён пацягне ўгару, як пузыр з вады. І балён будзе ляцець да таго часу ўгару, пакуль ня прыдзе паветра лягчэйшае за паветра гарачае, якое ў балёне.

Блізка што сто гадоў таму французы — браты Монгольф‘еры — выдумалі паветраныя балёны. Яны зрабілі балён з палатна з папераю, напусьцілі ў яго гарачага паветра: балён паляцеў. Тады яны зрабілі другі балён большы, падвязалі пад балён барана, пятуха і качку і пусьцілі. Балён падняўся і спусьціўся шчасьліва. Пасьля ўжо падрабілі пад балён чаечку, і ў чаечку сеў чалавек. Балён узьляцеў гэтак высока, што схаваўся з вачэй; палятаў і пасьля спусьціўся шчасьліва. Пасьля прыдумалі балёны напаўняць вадародам і пачалі лятаць яшчэ вышэй і хутчэй.

Дзеля таго, каб лятаць на балёне, падвязваюць пад яго чаечку, і ў гэту чаечку сядаюць па двох, па трох і навет па восем чалавек і бяруць з сабою піць і есьць.

Дзеля таго, каб спушчацца, і паднімацца, калі хочаш, у балёне зроблены дзьверцы і гэтыя дзьверцы той, хто ляціць, можа за вяроўку пацягнуць ды адчыняць і зачыняць. Калі балён вельмі высока паднімаецца і, хто ляціць, хоча, спусьціць яго, дык ён адчыніць дзьверцы — газ выйдзе, балён сьціснецца і пачне спушчацца. Апрача таго, на балёне заўсёды ёсьць мяшкі з пяском. Калі скінуць мяшок, дык балёну будзе лягчэй, і ён пайдзе ўгару. Калі той, хто ляціць, хоча спусьціцца і бачыць, што ўнізе нядобра — або рака, або лес, дык ён высыпае пясок з мяшка, і балён робіцца лягчэйшым ды ізноў паднімаецца.