Перайсці да зместу

Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы з ботанікі/Стары топаль

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Яблыні Стары топаль
Апавяданьне
Аўтар: Леў Талстой
1928 год
Арыгінальная назва: Старый тополь
Пераклад: Макар Краўцоў
Чаромха

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СТАРЫ ТОПАЛЬ

Пяць гадоў наш сад быў закінены; я наняў работнікаў з сякерамі і рыдлёўкамі і сам пачаў працаваць з імі ў садзе. Мы высякалі і вырэзвалі суш і дзіч, і лішнія кусты, і дрэвы. Больш за ўсё разрасьліся і глушылі іншыя дрэвы топаль і чаромха. Топаль ідзе ад карэньняў, і яго нельга выкапаць, а ў зямлі трэба высякаць карэньні. За ставам стаяў вялізны, ў два ахопы, топаль. Вакол яго была палянка, яна ўся зарасла атожылкамі тапалёў. Я казаў іх сячы: мне хацелася, каб месца было вясёлейшым, а галоўнае — мне хацелася аблягчыць стары топаль, таму што я думаў, быццам усе гэтыя маладыя дрэвы ад яго ідуць і з яго цягнуць сок. Калі мы высякалі гэтыя маладыя таполікі, дык мне часам шкада было глядзець, як расьсякалі пад зямлёю іхнія сакавітыя карэньні, а пасьля ўчатырох мы цягнулі і не маглі вырваць падсечаны топальчык. Ён з усяе сілы трымаўся і не хацеў паміраць. Я падумаў: мусі трэба ім жыць, калі яны гэтак моцна трымаюцца за жыцьцё. Але трэ‘ было сячы, і я сёк. Пасьля ўжо, калі было позна, я даведаўся, што ня трэ‘ было зьніштажаць іх.

Я думаў, што атожылкі выцягваюць сок з старога топаля, а выйшла наадварот: калі я сёк іх, дык стары топаль ужо паміраў. Калі распусьцілася лісьцьцё, я ўбачыў (ён расходзіўся на два сукі), што адзін быў голы; і ў тое самае лета ён засох. Ён даўно ўжо паміраў і ведаў гэта, і перадаў сваё жыцьцё ў атожылкі.

Ад гэтага яны так хутка разрасьліся, а я хацеў аго аблягчыць — і пазабіваў усе яго дзеці.