Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы для дзяцей/Фазаны
← Булька і дзік | Фазаны Апавяданьне Аўтар: Леў Талстой 1928 год Арыгінальная назва: Фазаны Пераклад: Макар Краўцоў |
Мільтон і Булька → |
ФАЗАНЫ.
На Каўказе дзікія куры завуць фазанамі. Іх гэтак шмат, што яны там таньнейшыя за хатнюю курыцу. На фазанаў палююць з кабылкаю, з падсаду і з-пад сабакі. З кабылкаю вось як палююць: вазьмуць парусіны, нацягнуць на рамку, у сярэдзіне рамкі зробяць перакладзіну, а ў парусіне зробяць дзіру. Гэтая рамка з парусінай называецца кабылкаю. З гэтаю кабылкаю і з стрэльбаю чуць сьвет выходзяць у лес. Кабылку нясуць перад сабою і падглядаюць праз дзірку фазанаў. Фазаны раненька кормяцца на палянках. Іншы раз цэлы вывадак — квактуха з куранятамі, іншы раз пятух з курыцаю, іншы раз некалькі пятухоў разам. Фазаны ня бачаць чалавека, а не баяцца парусіны і падпушчаюць да сябе блізка. Тады паляўнічы ставіць кабылку, высоўвае стрэльбу ў дзірку і страляе паводле выбару.
З падсаду палююць вось як: пусьцяць надворнага сабачку ў лес і ходзяць за ім. Калі сабака знайдзе фазана, дык ён кінецца за ім. Фазан заляціць на дзерава, і тады сабачка пачынае на яго брахаць. Паляўнічы падходзіць на брэх і страляе да фазана на дзераве. Палываньне гэтае было-б лёгкае, каб фазан сядаў на дзераве на чыстым месцы ды сядзеў проста на дзераве, так што яго было-б відаць. Але фазаны сядаюць заўсёды на густыя дзеравякі, у гушчары і як пабачаць паляўнічага, дык хаваюцца ў сучкох. І бывае трудна пралезьці ў гушчары да дзерава, дзе сядзіць фазан, і цяжка разглядзець яго. Калі сабака адзін брэша на фазана, дык ён не баіцца яго: сядзіць на сучку ды яшчэ пятушыцца на яго і лапаціць крыльлямі. Але як толькі ён убачыць чалавека, дык зараз-жа, выцягваецца на сучку, так што толькі прывычны паляўнічы адрозьніць яго, а няпрывычны будзе стаяць каля самага яго і нічога ня ўбачыць.
Калі казакі падкрадваюцца да фазанаў, дык яны насоўваюць шапку на свой твар і не глядзяць угару, таму што фазан баіцца чалавека з стрэльбаю, а больш за ўсё баіцца яго вачэй.
З-пад сабакі палююць вось як: бяруць лягавага сабаку і ходзяць з ім па лесе. Сабака нюхам пачуе, дзе ранічкай хадзілі і карміліся фазаны, і пачне разьбіраць іхнія сьляды. І колькі-б ні на путалі фазаны, а добры сабака заўсёды знайдзе апошні сьлед, выхад з таго месца, дзе карміліся. Чым далей будзе ісьці сабака сьледам, тым мацней яму будзе пахнуць, і гэтак ён дайдзе да таго месца, дзе ўдзень сядзіць у траве або ходзіць фазан. Калі ён падайдзе блізка, тады яму будзе здавацца, што фазан ужо тут проста перад ім, і ён усё будзе ісьці асьцярожней, каб не спалохаць яго, і будзе прыпыняцца, каб адразу дзыгнуць і злавіць яго. Калі сабака падайдзе зусім блізка, тады фазан вылятае і паляўнічы страляе.