Перайсці да зместу

Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы для дзяцей/Пажар

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мужык і агуркі Пажар
Апавяданьне
Аўтар: Леў Талстой
1928 год
Арыгінальная назва: Пожар
Пераклад: Макар Краўцоў
Стары конь

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЖАР.

У жніво мужыкі і бабы пайшлі на работу. У вёсцы засталіся толькі старыя ды малыя. У аднэй хаце засталася бабка і трое ўнукаў. Бабка выпаліла ў печы і лягла адпачыць. На яе сядалі мухі і кусалі яе. Яна затуліла твар ручніком і заснула. Адна ўнучка, Марыся (ёй было тры гады), адчыніла печ, награбла вуглёў у чарапок і пайшла ў прымен. А ў прымне лежалі снапы. Бабы нарыхтавалі гэтыя снапы на перавяслы. Марыля прынясла вуглі, палажыла пад снапы і пачала дуць. Калі салома пачала загарацца, дык яна ўцешылася, пайшла ў хату і прывяла за руку брата Кірушку (яму было паўтара года, і ён толькі што навучыўся хадзіць), і сказала: „паглянь, Кілюска, якую я печку ўздула“. Снапы ўжо гарэлі і трашчалі. Калі заслала прымень дымам, Марылька спалохалася і пабегла назад у хату. Кірушка ўпаў на парозе, разьбіў нос і заплакаў: Марылька ўцягнула яго ў хату і яны абое схаваліся пад лаўку. Бабка нічога ня чула і спала. Старшы хлопчык, Янка (яму было восем гадоў), быў на вуліцы. Калі ён убачыў, што з прымна валіць дым, ён убег у дзьверы, праз дым ускочыў у хату і пачаў будзіць бабку; але бабка зо сну ашалела і забыла аб дзецях, выскачыла і пабегла на падворак па народ. Марыцька тым часам сядзела пад лаўкай і маўчала, толькі маленькі хлопчык крычаў, таму што балюча разьбіў сабе нос. Янка пачуў яго крык, паглядзеў пад лаўку і закрычаў Марыльцы: „уцякай, згарыш!“ Марылька пабегла ў прымен, але ад дыму і ад агню нельга было прайсьці. Яна вярнулася назад. Тады Янка падняў вакно і загадаў ёй лезьці. Калі яна пралезла, Янка схапіў брата і пацягнуў яго. Але хлопчык быў цяжкі і не даваўся брату. Ён плакаў і піхаў Янку. Янка два разы ўпаў, пакуль дацягнуў яго да вакна; дзьверы ў хаце ўжо загарэліся. Янка прасунуў хлопчыкаву галаву ў вакно і хацеў прапіхнуць яго; але хлопчык (ён вельмі спалохаўся) ухапіўся ручкамі і ня пушчаў іх. Тады Янка закрычаў Марыльцы: „цягні яго за галаву!“ а сам папіхаў ззаду. І гэтак яны выцягнулі яго праз вакно на вуліцу.