Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы для дзяцей/Лазіна
← Як я навучыўся езьдзіць конна | Лазіна Апавяданьне Аўтар: Леў Талстой 1928 год Арыгінальная назва: Лозина Пераклад: Макар Краўцоў |
Булька → |
ЛАЗІНА.
На Вялікдзень мужык пайшоў паглядзець, ці адтала зямля.
Ён выйшаў на агарод і калом ашчупаў зямлю. Зямля раскісла. Мужык пайшоў у лес. У лесе на лазіне ўжо надуліся пучкі. Мужык і падумаў: „давай абсаджу агарод лазінаю; вырасьце — заслона будзе!“ Узяў сякеру, насёк дзесяток лазіньніку, зачасаў з тоўстых канцоў каламі і ўваткнуў у зямлю.
Усе лазінкі выпусьцілі атожылкі ўверсе з лісьцьцямі і ўнізе, пад зямлёю, выпусьцілі гэткія самыя атожылкі замест карэньняў; і адны зачапіліся за зямлю і прыняліся, а другія няспрытна зачапіліся за зямлю карэньнямі, — замярлі і паваліліся.
На восень мужык пацешыўся з сваіх лазінаў: шэсьць штук прынялося. На другую вясну авечкі абгрызьлі чатыры лазіны, і дзьве толькі асталіся. На трэцюю вясну і гэтыя абгрызьлі авечкі. Адна зусім прапала, а другая справілася, пачала ўкараняцца і разраслася дзеравам. Веснамі пчолы гудзьма-гулі на лазіне. У раеньне часта на лазіну сядалі раі, і мужыкі зграбалі іх. Бабы і мужыкі часта сьнедалі і спалі пад лазінаю, а дзеці лазілі на яе і выломвалі з яе дубцы.
Мужык той, што пасадзіў лазіну, даўно ўжо памёр, а яна ўсё расла. Старшы сын два разы сьсякаў з яе сукі і паліў імі. Лазіна ўсё расла. Абсякуць яе навокал, зробяць гуз, а яна на вясну выпусьціць ізноў сукі, хоць і танчэйшыя, але ў два разы большыя за ранейшыя, як віхор у жарабяці.
І старшы сын кінуў гаспадарыць, і вёску сьсялілі, а лазіна ўсё расла на чыстым полі. Чужыя мужыкі езьдзілі, секлі яе — яна ўсё расла. Маланкаю ўдарыла ў лазіну, яна справілася бакавымі сукамі, і ўсё расла і цьвіла. Адзін мужык хацеў сьсячы яе на калоду, ды кінуў: яна была дужа гнілая. Лазіна звалілася на бок і трымалася толькі адным бокам, а ўсё расла, і ўсё кожны год прыляталі пчолы абіраць з яе цьвету пылок.
Сабраліся раз дзеці рана вясною пасьвіць коні пад лазіну. Здалося ім холадна, яны пачалі распальваць агонь, набралі пожні, чарнабыльніку, гальля. Адзін залез на лазіну, з яе-ж наламаў сукоў. Злажылі яны ўсё ў дуплё лазіны і запалілі. Запішчала лазіна, закіпеў у ёй сок, пайшоў дым і пачаў перабягаць агонь; усё нутро яе пачарнела. Скурчыліся маладыя атожылкі, цьвет завяў. Дзеці павялі дамоў коні. Абгарэлая лазіна засталася адна ў полі. Прыляцеў чорны крук, сеў на яе і закрычаў; „што, здохла, старая качарга? Даўно пара было.“