Перайсці да зместу

Дзіўны лапаць, або Не ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дзіўны лапаць, або Не ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць
Казка ў адным абразку
Аўтар: Алесь Гарун

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





АСОБЫ

Пастушок — вясковы бойкі хлопчык гадоў 10—12.

Шымановіч

Галяковіч

зладзеі з места, адзеты па-мяшчанску.

Шымановіч здаравейшы за Галяковіча. Мае грубейшы голас і заўсёды як бы на нешта насуплены. Галяковіч мае рухлівы твар, па катораму надта скора пераходзяць міны, паказваючы, што мае на мыслі. Вясёлы чалавек наогул.

Лапаць — але... хіба з лапця асоба?


На сцэне — дарога, каторая ідзе каля лесу. На тыльным плане зараз жа за дарогаю пачынаюцца нівы, за імі ўдалечыні там-сям віднеюцца ўзгоркі, апушаныя дробнай кудзіркай, а яшчэ далей віднеецца верх нейкай будыніны — цэрквы ці то касцёла — за далечынёй не разбярэш. Пры адкрыцці заслоны на сцэне пуста.



З’ява І

[правіць]

Пастушок (выходзіць з правага боку, памахуючы пужкай. Праз плячо ў яго прывешана берасцяная труба. Гаворыць, разважаючы). Ну і доля нашая, пастухоўская, крычы: «Куды, Раба?», «Куды, Падласа?» Гнёзды, праўда, можна яшчэ часамі папароць, дык зноў жа птушанят шкода... Эх! Як вырасту, аніяк пастухом не буду! (Ідзець па дарозе і нанатыкае стары, з кавалкам гнілой аборы лапаць. Паднімае яго і, павесялеўшы, кажа.) Ага, знаходка! (Аглядаючы з усіх бакоў лапаць.) Ну, во!

Такое і шчасце пастухоўскае: знойдзеш часамі лапаць стары на дарозе альбо ў лесе ды кавалак гнілой аборкі: а да чаго вось такое шчасце (паказуючы лапаць), да чаго такое смяццё прыдасца? На рэчку пусціць, дык і то на дно пойдзе. (Хоча адкінуць лапаць убок і ўжо памеркаваўся гэта зрабіць, аж тут яго перапыняе невядомы голас.)

Голас (хрыпаваты, стараваты, як бы пацярпеўшага шмат чалавека). Ой, не наракай на шчасце! Не гань таго, што само ў рукі даецца. Даронаму каню, кажуць, у зубы не глядзяць, а не ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць.

Пастушок (страх здзівіўшыся, апушчае руку з лапцем доле і аглядаецца кругом: хто б гэта гаварыў? Пытаецца, крыху здэтанаваўшыся). А хто гэта гаворыць?

Голас (чуецца з таго боку, у якой руцэ пастушок трымае лапаць). Ды я ж, лапаць!

Пастушок (падняўшы лапаць перад сабой, сумляваючыся). Ты хіба гаварыць умееш?

Лапаць (гэта і раней быў яго голас, апрыскліва). А ты без вушэй хіба? Чуеш жа сам, што гавару.

Пастушок (рассмяшыўшыся, махае лапцем у паветры і зноў, падняўшы яго перад сябе). Ха-ха-ха! Во дзіва. А каб ты скіс з гэтакім лапцем! (Як бы да публікі.) Вось усе кажуць: Просты, як лапаць», «Дурны, як лапаць», а тутака — маеш! Не лапаць нават — атопак, а гаворыць! Смеху варта, даліпантачкі! (Смяецца.)

Лапаць. От, відаць, што ты дурнейшы за ўсякі атопак! Дзіву даўся, што лапаць гаворыць!.. А чаму табе не дзіва, як маўчыць лапаць?

Пастушок (зацікаўлена). А нашто трэба, каб ён гаварыў?

Лапаць (навучаючы). Запытайся «чаму», ды не «нашто»? Вось, напрыклад, каб такі ўзвей-вецер, як ты, ды цябе на нагу адзеў дый пайшоў бы гайсаць, падаць па-твойму, калоцячы цябе аб камні, дый аб жвір рэзаць, дый аб галлё драць — як бы ты тады быў? Не маўчаў бы, пэўне!

Пастушок (жартаўліва). Ого-го, які ты краснабай! Ну, добра! Цяпер я па-твойму запытаюся: чаму лапаць маўчыць?

Лапаць (раздумляючы). Бо-о...

Пастушок (са смехам). Бо, мусіць, дурны лапаць! Дурны лапаць, як бот!

Лапаць (сярдзіта). Ілжэш, я з ліпавага лыка зроблены, знача, не бот!

Пастушок (паблажліва). Ну, добра — годзе сварыцца, пачнем мірыцца! Якую ж ты мне карысць даць можаш?

Лапаць (сярдзіта). А вось такую, што і не хачу табе сказаць!

Пастушок. Чаму?

Лапаць. Так сабе... Бо ты дурны!

Пастушок (жартам). Як лапаць?..

Лапаць (з вялікай злосці аж заварушыўся ў руках у Пастушка). Як бот!!! Як дзве... Як дзвесце пар ботаў у аднэй кучы!

Пастушок (заспакойваючы). Ну, добра, лапцік,— хай буду я дурны, толькі ты не злуй... Ну, лапцік... Міленькі... Досыць злаваць, я болей не буду!

Лапаць (змякчэўшы, але яшчэ бурчліва). А-а? Гэтак спачатку трэба было, гжэчнінька, а не наругаючыся!

Пастушок (шчыра). Не буду, дадушы, не буду болей!

Лапаць (яшчэ мякчэй). І не трэба! Дарма што я толькі лапаць, а як табе дапамагу, як захачу — ого-го!

Пастушок. Як жа?

Лапаць (саўсім змякчэўшы). А во як: палажы ты мяне за пазуху, каб мяне людзі не бачылі, дык усё будзеш ведаць, што другія думаюць, ніхто ад цябе са сваімі думкамі не схаваецца.

Пастушок (радасна і здзівована). О-ой! Няўжо праўда?

Лапаць (зноў запаліўшыся). Сам ты ілжэш!

Пастушок (ад здзіўлення шырока расчыніўшы вочы). Дык я ж не кажу, што ты ілжэш!

Лапаць (гняўліва). Але падумаў!.. І ніякага табе дзела няма, адкуль я ўсё ведаю!.. Замалы ты яшчэ, каб усё ведаць.

Пастушок (шчыра). Лапцік, лапцічак! Не буду, ніколі не буду! Не злуй, лапцічак! Бо я ж дурны....

Лапаць (весела, паблажліва). Гэ-гэ-гэ! Прызнаўся! Ну, добра, добра, хавай мяне за пазуху, дый пойдзем. Там твае каровы даўно думаюць, як бы ім у дзеравенскі авёс убіцца.

Пастушок (успомніўшы аб каровах, з імпэту). Няўжо?

Лапаць (без злосці). Пакінь ты гэты звычай — пытаць ды перапытваць! Кажу: ідзём — значыць — ідзём.

Пастушок (паспешна хаваючы лапаць за пазуху). Ідзём, ідзём!.. (Бяжыць у той бок, адкуль прыйшоў. Праз хвілінку чуецца яго голас: «Куды, Раба! А каб цябе!»)



З’ява ІІ

[правіць]

Па дарозе з праціўнага боку выходзяць Шымановіч і Галяковіч — зладзеі з места. У кожнага з іх за плячыма здаровы мех.


Шымановіч (запыніўшыся, да Галяковіча). А што, пане Галяковіч, чы не пасядзім часамі край дарожкі? Нешта я замарыўся, ногі як не свае — ледзьве перастаўляю.

Галяковіч. З ахвотай, з ахвотай, пане Шымановіч. І мне, па праўдзе кажучы, гэтая (падмігвае на сваю торбу) «бульба» плечы адабрала! Але... можа (паказуе на лес), у лесе... зацішней будзе?

Шымановіч. Ды і тутака не гасцінец, не вельмі ходзяць. Могам спакойна пасядзець. А ў лесе яно, праўда, зацішней,— але ж камары, пане Галяковіч...

Галяковіч (згаджаючыся). Ну, то й сядзем, пане Шымановіч.

Шымановіч (ківае галавой). І адпачнем...

Галяковіч. І перакусім (падмігваючы на торбу Шымановіча), чым бог паслаў... (Абое сядаюць на мяжы каля дарогі і скідаюць свае катомкі з плеч.)

Шымановіч (вымаючы з кішэні бутэльку, ківае галавой). Але! І перакусім... Хлебам нашым штодзённым...

Галяковіч. Га-га-га! Ёмка сказаў, пане Шымановіч! (Жыва бярэ з рук Шымановіча бутэльку і, адкаркаваўшы яе.) Бывайце здаровы, пане Шымановіч! (П’ець з бутэлькі.)

Шымановіч (матануўшы галавой). На здароўе! Абы б не цераз край...

Галяковіч (п'ючы). О... не... (Адпіўшы палавіну трункі з бутэлькі, кракае і, абціраючы рукавом вусы, другой рукой паднімае бутэльку ўгару, як бы адмяраючы, ці столькі адпіў, колькі трэба, а потым аддае бутэльку Шымановічу.) Трымайце, пане Шымановіч, каб не ўпала — шкода будзе, як разальецца.

Шымановіч (прымаючы ад яго бутэльку). Ну, каб я бутэльку выпусціў! За здароўе! (П’ець.)

Галяковіч. На здароўе, за нашу ўдачу! (Вынімае з аднаго свайго клумка кавалак сала, некалькі яец, соль у паперцы, хлеб, нож. Усё раскладае на вынятай з торбы паперцы, потым рэжа хлеб, сала.) А цяперака закусім.

Шымановіч (паставіўшы ля сябе пустую бутэльку). Падмацуемся, казаў той!


Кожны з іх бярэць па кавалку сала і хлеба і са смакам закусуе. Аж пакуль не з’яўляецца Пастушок, яны, правячы свае гутаркі, закусуюць.


Галяковіч (жуючы). Праўду кажаце, пане Шымановіч, што мусім падмацавацца. Не малы ж гэта кавалак дарогі перамералі, а сколькі яшчэ засталося да места!

Шымановіч. Ну-у, цяпер клопат невялікі, лічы, што мы ўжо ў месце. Да вечара паспім, адпачнём, а потым, сам ведаеш, якія ў тутэйшым двары коні — як львы! І агледзецца не паспеем, як на месцы будзем!

Галяковіч. Каб жа толькі ўсё памысна зышло! Каб толькі ніхто не пачуў, як будзем каламажку выцягваць ды коні ўпрагаць...

Шымановіч (з незадаваленнем). Ат! Што ў ягамосця за звычай — перад самай справай заўсёды, як варона, праракуеш?! Коні ты ніколі не краў, ці што? Чаго ж баішся?

Галяковіч (трошкі вінавата). Бо звычайна чалавек я смелы, а ў такім дзеле заўсёды неяк баюся, пане Шымановіч. Хто яго згадае, як можа трапіцца: не сам клаў... А цяпер суды — ведаеш, якія!.. Так упякаюць...

Шымановіч (перабіваючы, нецярпліва). Аднак жа як у царкву ты лез гэтыя ліхтары ды шаты (паказуе рукою на клумак Галяковіча) красці альбо калі вартаваў, як я гэтыя шынкі (паказуе на свой клумак) з клеці ў гаспадара праз страху выцягваў, дык нічога з табой не сталася!

Галяковіч (абоімі рукамі ўцішае яго). Ш-ш! Вунь нехта з лесу ідзе... Чалавек нейкі!..

Шымановіч (аглянуўшыся). Які там чалавек — падпасавіч! (Варочаючыся да перарванай гутаркі.) Дык не бойся, і цяпер нічога не станецца.

Галяковіч. Ш-ш-ш!



З’ява ІІІ

[правіць]

Тыя ж і Пастушок.

Пастушок (вітаючы). Дзень добры паном!

Шымановіч. Здароў! Хто ты тут такі?

Пастушок. Пастух, паночку.

Шымановіч. Чый? Дзеравенскі?

Пастушок. Не, дворны. Дзеравенскія ў другім месцы быдла пасуць. А я ад двара.

Шымановіч. Дзе ж ваш пан цяпер, у двары жывець?

Пастушок. Ого, у двары! Тата кажа: «Ці такі наш пан дурны, каб чакаць, пакуль яго ў двары арыштуюць». Няма нашага пана, яшчэ перад зімой некуды выехаў.

Шымановіч. За што ж вашага пана ў двары арыштавалі б?

Пастушок. Я хіба ведаю? Тутака кругом якія былі паны — усіх павывозілі. А пана Банадысюка самога не было, дык жонку і матку ўзялі...

Галяковіч. А хто ж гэта іх браў?

Пастушок. Салдаты... Маскалі нейкія з места прыязджалі.

Шымановіч Хто ж у вас цяпер у двары, калі няма пана?

Пастушок. Пан Ігнацы.

Шымановіч Які пан Ігнацы — брат паноў, ці што?

Пастушок. Не, не брат, камісар. І пратсядаціль...

Шымановіч. Пратсядаціль? Адкуль жа ён узяўся?

Пастушок. Ды гэта ж наш Карнюк, парабак. Цяпер жа ў нас у двары камітэт, а на вёсцы ёсць яшчэ камітэт.

Шымановіч Камітэты?!. Што ж яны ў вас робяць?

Пастушок. Сварацца... Як начальства... Наш Карнюк усё дзеравенскага прадсядаціля лае.

Галяковіч (да сябе). Дай распытаюся, як у іх там, ці лёгка нам будзе коні ўзяць? (Голасна да Пастушка.) А якія ж у вас цяперака парадкі? Добра?

Пастушок (маючы нешта сабе на мыслі, але ўдаючы нядбаласць). Го-о! Добра, ды яшчэ як! У нас парадкі цяпер: як толькі павячэраюць, дык зараз жа і кладуцца спаць і такую хропку задаюць, што аж сцены дрыжаць... Не тое, што раней!

Галяковіч (да сябе). Добра! (Да Пастушка.) А хурманы як?

Пастушок. Што — як хурманы?

Шымановіч (груба). Ну, як яны, спяць таксама ці гуляюць?

Пастушок (як раней). Дзе там гуляюць! Спяць! Ды яшчэ раней кладуцца за парабкаў... А цяпер дык і месца змянілі: не пры стайні спяць, а ў палацы.

Галяковіч (да сябе). Во лоўка! Значыць, конікі нашы!

Пастушок (да сябе). Ого! (Жыва паглядае на абоіх зладзеяў.)

Галяковіч (да сябе). Замок у стайні зламаць, і квіта!

Пастушок (як бы пачуўшы яго словы). Не, паночку,— нават і замка ламаць не трэба: цяпер у нас такі парадак, што ўсё парасчыняна,— бяры, што хочаш, выводзь, што хочаш, вынось, што хочаш...

Галяковіч (трывожна да Пастушка). А ты скуль ведаеш?..

Пастушок. Аб чым? (Да сябе.) Ого!..

Шымановіч (ратуючы з клопату Галяковіча). Што ў вас такія парадкі! (Да сябе.) Д’ябал!

Галяковіч (да сябе). Як ён трапіў на думку, што мы хочам рабіць?! Ці не чуў часамі, як гэты (асцярожна паказуе на Шымановіча) мядзведзь роў, што ў нас у мяхох ляжыць?

Пастушок (да сябе). Ого! (Да Шымановіча.) Як жа мне не ведаць, што ў двары робіцца, калі я сам з двара? Гэта было б усё роўна, што па гары хадзіць, ды сонца не бачыць. Тут не трэба і д’яблам быць (да Галяковіча), не тое што чуць, як гэты дзядзька (паказуе на Шымановіча) роў, што ў вас у мяхох пахована?

Шымановіч і Галяковіч (ускочыўшы разам). Што-о?!!

Шымановіч (аглядаецца на свой мех). Ці не развязалася часамі сала?

Галяковіч (аглядаецца на свой). Ці не прадраўся мех ліхтаром?

Шымановіч (прыступаючы да Пастушка). Хто тут роў па-твойму і аб якіх мяхох ты гаворыш? (Да сябе.) Ці ёсць тут яшчэ пастухі?

Галяковіч (ласкава да Пастушка). Табе, мусіць, здалося нешта, хлапчанё! Ніхто тутака не роў, дый мядзведзяў тут, здаецца, няма. (Да сябе са страхам.) Не дай бог, як зловяць з крадзеным ды яшчэ з цэрквы. А і за сала па галоўцы не пагладзяць!

Пастушок (да сябе). Ага! Цяпер я з вас нацешуся, паночкі. (Да зладзеяў.) Тут і чуць не трэба, каб ведаць, што вы цэркву абдзёрлі і ў дзядзькі Сымона з клеці сала выцягнулі — па вас відаць. (Да Шымановіча.) А пастухоў, нас дворных, некалькі, і я зараз іх усіх паклічу, хай вас звяжуць ды ў камітэт завядуць альбо да камісара, каб вы ведалі, як на чужое дабро сквапіцца! Зараз! (Кідаецца ў лес, адкуль чуваць яго голас.) Дзядзька Апанас! Дзядзька Мікалай! Яўхім! «Лавеце зладзеяў, што цэркву абакралі! (Чутно, як трубіць у рог.)



З’ява IV

[правіць]

Тыя ж без Пастушка.


Шымановіч (да Галяковіча). Ну?

Галяковіч (да Шымановіча). Ну?

Шымановіч. Што рабіць будзем?

Галяковіч. Уцякаць, пане Шымановіч... Хай яго ліха з хлопцам!

Шымановіч. А з гэтым (паказуе на клумкі) як? Панясём?

Галяковіч. Здурнеў хіба? Дай божа самім уцячы, а не тое, што з гэтым — такі цяжар! Бо як зловяць нас гэтыя камітэты... (Махае рукой.)

Шымановіч (шкадуючы). Шкода!

Галяковіч (жыва). Чаго болей шкадаваць: сваёй скуры ці гэтага?

Шымановіч (нахмарыўшыся). Шкода!

Галяковіч. Ну, шкадуй сабе, калі хочаш, а я больш сябе шкадую... (Кідаецца бегчы ў лес, у той бок, адкуль прыйшлі, але не па дарозе.)

Шымановіч (за ім услед). Куды ты, у лес?

Галяковіч (запыніўшыся, праз кусты ўжо). А ты хацеў, каб па дарозе? Каб нас на конях зараз жа дагналі? Нябось конскія ногі — не нашыя — спрытнейшыя. Хадзем, бо я чакаць не буду! (Хаваецца ў лесе.)

Шымановіч (азірнуўшыся на клумкі, цяжка ўздыхае). Э-эх, шкода! (Паволі ідзець за Галяковічам, азіраючыся на мяхі. Дайшоўшы так да кустоў, кідаецца бегчы.)



З’ява V

[правіць]

На дарозе нейкі час нікога няма. Потым з-за кустоў асцярожна выглядае Пастушок. Бачучы, што нікога няма, ён выскакуе на дарогу.


Пастушок. Ха-ха-ха! Ха-ха-ха! Уцяклі-такі? Вось дзе настрашыў дык настрашыў! Малайчына лапаць — як ён спрытна мне падказваў, што яны думаюць... Ха-ха-ха! Во дзівіліся!.. (Падыходзячы да клумкаў.) А цяпер паглядзім, што ў іх сапраўды ў гэтых клумках пахована. (Развязвае мех Шымановіча.) Ог-го-о! Паўнютанькі сала. От зладзеі — гэтак чалавека пакрыўдзіць, увесь скорам выцягці! (Бярэцца развязваць мех Галяковіча.) А ў гэтым што? Бацюхны-светухны! (Вымае сярэбраны ліхтар.) Ліхтары!! (Другой рукой перабірае ў мяшку рэчы.) Ай-я-й-я-а! Гэта ж яны, мусіць, усе абразы ў Залужжу паабдзіралі! От зладзеі! (Кідае капацца ў мяхох і сядае на мяжы паміж імі, як бы да публікі.) І што рабіць з гэтым? (Коратка падумаўшы.) Трэба, мусіць, пратсядацілю сказаць гэта: хай робіць, як ведае, бо ён жа начальства. (Успомніўшы аб лапцю.) Лапцік, мілы лапцік! (Лезе рукой за пазуху вымаць лапаць.) Ты разумнейшы за ўсіх зладзеяў на свеце! (Выняўшы з-за пазухі лапаць і трымаючы яго перад сабой.) Ты чуў, як яны ўцяклі?!

Лапаць (хрыпаватым голасам, здаволена). А што, жук ты яловы, бачыш? Хэ-хэ-хэ!

Пастушок. Бачу, бачу! (Увідзеўшы сала і хлеб на паперцы, што пакінулі зладзеі,— да лапця.) А цяпер давай папалуднуем, тут і сала і хлеб ёсць — усё пакінулі! (Кладзе лапаць на калені і, узяўшы ў рукі кавалак хлеба і скрылік сала, пачынае есці. Паказуючы ў публіку хлеб і сала.) Хоць чужое, ды не крадзенае!

Лапаць (навучаючы). А заробленае!

Пастушок. Так, лапцік, а заробленае! А ты, мусіць, ніколі не прабаваў сала, ні чужога, ні заробленага,— дай жа я цябе хоць раз ім пачастую, можа, твой голас паправіцца, хрыпкі не будзе! (Бярэ лапаць у адну руку, а другой хоча шмараваць яго салам.)

Лапаць (крычыць). Пачакай, азарднік, што ты робіш?!.


Пастушок усміхаецца ў час гэтых слоў і апушчае руку з салам.


Заслона.