Дзіва (1927)/IV/Ой, юнацтва годы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Загукала Ой, юнацтва годы
Верш
Аўтар: Нічыпар Чарнушэвіч
1927 год
Бацьку

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мае вусны ня ведалі сьмеху,
ён у прочках блукаў без мяне…
Я. Пушча.


IV


∗     ∗

Ой, юнацтва годы,
дзе вы запрапалі…
Мо‘ ў дзірван нягодны
сам я закапаў вас.
Мо‘ ў дзірван нягодны,
на сабачым лозе,
пахаваў я долю
пад асіны сьлёзы.

Пахаваў я долю,
сьмяючыся ў руку,
бяз жалю-патолі,
як сьляпую суку…
Бяз жалю-патолі
сябе абязьвечыў…
Над разьбітай скроняй
толькі нудзіць вецер.

Ой, таварыш вецер,
як і я лайдачны,
ня скулі па сьвеце,
што я адсабычыў.
Ня скулі па сьвеце —
нікому ня дзела,
што жыцьцё поэты
з больлю адзьвінела.

Нікому ня дзела,
шкадаваць ня трэба;
стомленае цела
у парваным зрэб‘і
зашнуруй, мой любы,
ў пескавыя кросны,
каб па мне, няўлюдку,
памяць не ўваскросха.

1925 г.