Ты ў вачох ў сябе затаіла
глыбіню безабшарнасьці зорнай…
Ну-ж дазволь, дарагая, ўтапіцца
ў тайне казкі, нязьведанай сёньня.
Раскажы, я ня здраджу ніколі,
раскажы, чаго ночка так тужыць, —
дай, аздобім у сонечны колер
ўсё, што просіцца сумам у душу.
Глянь — і месяц уцёк сарамліва
за намітку пужлівай асіны…
Чаму клён апушчае галіны,
нібы траціць у роспачы сілы.
І чаму ты маўчыш, мая любка,
аж заплакалі ў садзе лілеі…
Чуй, хаўтурныя сьпевы дзесь льлюцца —
ў страху сэрца чаго забалела?
Разьвітаньне? — баюся, ня хочу —
разьвітаньне мне будзе магілай,
бо і зоры з табой адыходзяць,
бо і клён, не расьцвіўшы, загіне…
Вось, няма, толькі я стаю ніцым,
шчасьце ўкрала блудлівая далеч…
А вярніся, каханьне, вярніся!
На каго ты мяне пакідаеш?..
1925 г.
|