Калі скарга на вачох навісьне,
калі ў грудзі сівы сум запаў,
прытуліся вуснамі да лісьця
і ўдыхні ў сябе сонца пах.
Набяры бліскучых кос ў бярэм‘е,
як вяночкам, імі твар абвій…
і пазнаеш, што гавораць дрэвы,
пульс жыцьця учуеш у травы.
А у сэрцы новае агніва
шлях імкненьням вызеленіць ў яр.
Закрасуе тваіх думак ніва,
дзе гайдаўся сухі бур‘ян.
Дык папросім сілы ў свайго сонца,
каб бяскрайнасьць думкай паланіць,
абарваць таемнасьці заслону
і згарэць у барацьбе-агні.
Каб на попеле тваіх жаданьняў
вырас Заўтрага кудравы лес…
Дань прыгожаму хутчэй аддайма,
покі ў думках не засела тлень.
Калі скарга на вачох навісьне,
калі ў грудзі сівы сум запаў,
прытуліся вуснамі да лісьця
і ўдыхні ў сябе сонца пах.
|