Дзяўчыначка-сэрца, сябе не трывож…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Дзяўчыначка-сэрца, сябе не трывож…
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/72103


 * * *

Дзяўчыначка-сэрца, сябе не трывож,
Ня песьці надзеі і жалю ня множ.
З табою пабрацца мне волі няма, —
Даўно заручыўся я ўжо са трыма:
        Айчызна, – я ёй у няволі жыву,
        Штоноч яе бачу, маўляў, наяву,
        За ёю сумую, журуся адно,
        Бо шчырым каханьнем зьвязаўся даўно.
Другая: матуля. Радзіўся калі
І голас мой першы падаў на зямлі,
Замучаны твар усьміхнуўся яе:
«Сыночак мой любы», — вітала мяне.
        Аб трэцьцяй, дзяўчынка, скажу, што яна,
        Другое ня знойдзеш – на сьвеце адна:
        За краты няволі паслала «люблю»,
        Дык хіба ж з табою яе падзялю?
Пакінь жа, галубка, з каханьнем сваім!
Шукай сабе шчасьця за кім за другім;
Пяшчоты, залёты ня траць ззадарма,
Даўно заручыўся я ўжо са трыма.