Дзевяноста трэці (1937)/1/2
← Кніга першая | Частка першая. Кніга другая Раман Аўтар: Віктор Гюго 1937 год Арыгінальная назва: Quatrevingt-treize (1874) Пераклад: Янка Маўр |
Кніга трэцяя → |
КНІГА ДРУГАЯ
КАРВЕТ „КЛЭЙМОР“
СУТЫЧКА АНГЛІІ І ФРАНЦЫІ
Увесну 1793 года, у той момант, калі Францыя была атакаваная ворагамі з усіх бакоў, у архіпелазе пратокі Ла-Манш адбылася адна падзея.
На востраве Джэрсей, у маленькай бухтачцы Бонюі, 1 чэрвеня, увечары, прыблізна за гадзіну да захаду сонца, у туманнае надвор'е, небяспечнае для плавання, а таму зручнае для ўцёкаў, рыхтаваўся да адплыцця нейкі карвет. На судне гэтым была французская каманда, але ўваходзіла яно ў склад англійскай флатыліі. Англійскай флатыліяй камандаваў прынц дэ-Ла-Тур д'Овернь, з рода герцагаў Бульёнскіх, і карвет быў вылучаны з яе склада, па яго загаду, для выканання асабліва важнага, неадкладнага даручэння.
Гэты карвет, занесены ў спісы пад назвай «Клэймор», меў выгляд транспартнага судна, але ў сапраўднасці быў судном ваенным. Ён быў пабудаваны па тыпу цяжкіх мірных гандлёвых суднаў, але знадворны выгляд яго не адпавядаў сапраўднасці. Пры пабудове яго ставіліся дзве задачы: баявая здольнасць і падман. Калі можна — ашукаць, калі неабходна — біцца.
З прычыны важнай справы, якую павінен быў выканаць карвет у гэтую ноч, на сярэдняй яго палубе, за мест грузу, паставілі трыццаць каранад[1] вялікага калібра. Усе гэтыя трыццаць гармат — ці таму, што прадбачылася бура, ці проста для таго, каб надаць судну мірны характар, — былі прымацаваны на месцах трайнымі ланцугамі такім чынам, што жэрлы ўпіраліся ў шчыльна зачыненыя люкі. Пушачныя парты былі прыкрыты. Знадворку нічога не было відаць. Карвет быў нібы ў масцы. Каранады былі даўнейшай формы, з лафетамі не на суцэльных колах, а на бронзавых, са спіцамі. Звычайна на ваенных карветах гарматы стаяць на верхняй палубе. «Клэймор»-жа, прызначаны для нападу знянацку і для засад, меў няўзброеную палубу і быў пабудаваны з такім разлікам, каб змяшчаць пад верхняй палубай схаваную батарэю. «Клэймор» быў судном грунтоўным і на выгляд нязграбным; гэта не перашкаджала яму мець добры ход. Ва ўсім англійскім флоце не было судна з такім моцным корпусам, як у «Клэймора», а ў бойцы ён бадай не ўступаў фрэгату, хоць у яго і не было бізань-мачты. За яго руль, складанай, рэдкай формы, з арыгінальным выгінам на ніжнім канцы, было заплочана пяцьдзесят фунтаў стэрлінгаў на верфях Соутгемптона.
Каманда складалася выключна з французаў — эмігрантаў-афіцэраў і дэзертыраў-матросаў. Усё гэта быў адборны народ: усе да апошняга вопытныя маракі, бравыя салдаты і верныя раялісты[2]. Усе фанатычна былі адданыя карвету, шаблі і каралю.
Да каманды судна быў прыкамандыраваны поўбатальён марской пяхоты на выпадак, калі трэба будзе высадзіць дэсант.
Капітанам быў граф дзю-Буабертло, кавалер ордэна святога Людовіка, адзін з лепшых афіцэраў былога каралеўскага флота; памочнікам яго — шэвалье дэ-Ла- В'ёвіль. Лоцманам быў Філіп Гакуаль, самы вопытны са шкіпераў Джэрсея. Няцяжка было здагадацца, што судно было прызначана для не зусім звычайнай работы.
Перад самым адплыццем судно прыняло на борт чалавека, пра якога нават па выгляду можна было-б сказаць, што ён пускаецца на рызыкоўную авантуру. Гэта быў высокі стары, прамы і моцны, з суровым тварам.
Цяжка было дакладна вызначыць яго ўзрост: ён адначасова здаваўся і старым і маладым.
У той момант, калі ён уваходзіў на карвет, яго марскі плашч расхінуўся, і з-пад яго мільганулі шырокія штаны, батфорты, куртка з казінай скуры, адзетая поўсцю ўнутр, а зверху расшытая шоўкам, — словам, поўнае ўбранне брэтонскага селяніна. Касцюм таямнічага старога, нібы затым, каб яшчэ больш зрабіць яго падобным на сапраўднага брэтонскага селяніна, быў трохі пацёрты на каленях і локцях, а яго марскі плашч з грубай тканіны нічым не адрозніваўся ад старога плашча рыбака. На галаве ў яго быў круглы, мяккі, шырокі капялюш з высокім верхам, якія насілі ў тыя часы. З апушчанымі берагамі ён меў выгляд сялянскага капелюша, але лёгка мог ператварацца ў вайсковы галаўны ўбор: дзеля гэтага толькі варта было крыху падняць адзін бераг і прымацаваць яго да верху пятліцай з кукардай. Стары насіў свой капялюш па-сялянску — без пятліцы і без кукарды.
Лорд Балькара, губернатар вострава, і прынц дэ-Ла-Тур д'Овернь асабіста праводзілі яго на карабль. Жэламбр, сакрэтны агент прынцаў-эмігрантаў, сам наглядаў за абсталяваннем яго каюты і, не гледзячы
Выява
Жэламбр нізка пакланіўся брэтонскаму мужыку.
на сваё родавае дваранства, уласнымі рукамі прынёс за старым яго чамадан. Адыходзячы на бераг, Жэламбр нізка пакланіўся гэтаму брэтонскаму мужыку. Лорд Балькара сказаў яму: «Жадаю вам поспеху, генерал», а прынц дэ-Ла-Тур д'Овернь ласкава дадаў: «Да пабачэння, брат мой».
«Мужык» — гэтай мянушкай каманда «Клэймора» адразу ахрысціла свайго пасажыра. Але, не ведаючы аб ім зусім нічога, яны добра разумелі, што незнаёмец — такі-ж мужык, як іхні ваенны карвет — грузавое гандлёвае судна.
Дзьмуў слабы вецер. «Клэймор» вышаў з Бонюі абмінуў Булэй-Бэй і некаторы час трымаўся ўдоўж берагу.
Потым пачаў змяншацца ў змроку надыходзячай ночы і, нарэшце, знік з вачэй.
Праз гадзіну Жэламбр, вярнуўшыся да сябе ў Сент-Элье, адправіў наступныя радкі графу д'Артуа[3], у галоўную кватэру герцага Іёркскага:
«Ваша светласць! Ад'езд адбыўся. Поспех забяспечаны.
Праз тыдзень усё ўзбярэжжа, ад Гранвіля да Сен-Мало, будзе ахоплена пажарам».
А за чатыры дні раней дэпутат ад Марны і прыёр, камандыраваны з важнымі паўнамоцтвамі ў армію, што стаяла на ўзбярэжжы ля Шэрбурга, і які жыў у той час у Гранвіле, атрымаў праз сакрэтнага эмісара ліст, напісаны тою самаю рукою, што і вышэйпрыведзеная дэпеша. Вось што было ў ёй напісана:
«Грамадзянін дэпутат! 1 чэрвеня, у час прыліву, выйдзе ў мора ваенны карвет «Клэймор» з замаскаванай батарэяй. Ён павінен высадзіць на бераг Францыі чалавека з наступнымі адзнакамі: стары, высокі рост, сівыя валасы, арыстакратычныя рукі, сялянскае ўбранне. Далейшыя падрабязнасці прышлю вам заўтра. Ён высадзіцца 2-га раніцай. Папярэдзьце нашу эскадру, захапіце карвет. Загадайце гільятыніраваць гэтага чалавека».
КАРАБЛЬ І ПАСАЖЫР У ЦЕМРЫ НОЧЫ
Замест таго, каб накіравацца на поўдзень, карвет павярнуў спярша на поўнач, потым на захад і ўвайшоў прама ў той рукаў мора, між Серкам і Джэрсеем, які вядомы пад назвай «Праходу крушэнняў». Ні на тым, ні на другім беразе гэтага праходу не было маяка.
Сонца ўжо села. Ноч была чарней за звычайныя летнія ночы. Месяц павінен быў узыйсці, але ўсё неба было зацягнута вялізнымі хмарамі; па ўсяму было відаць, што месяц пакажацца толькі перад самым сваім захадам. Некалькі хмар навісла нізка над морам. Цемра спрыяла мэтам карвета.
Лоцман Гакуаль спадзяваўся, што, калі не здарыцца нічога непрадбачнага, вецер будзе спадарожны і можна будзе падняць усе парусы, карвет на світанні прыстане да французскага берагу.
Спачатку ўсё ішло добра. Гадзін каля дзевяці надвор'е быццам нахмурылася, як кажуць маракі: вецер пасвяжэў, і паднялася хваля. Але вецер быў спадарожны, і моцнае хваляванне не пераходзіла ў буру. Аднак, кожны раз, як налятаў шквал, карвет зарываўся носам у ваду.
«Мужык», якога лорд Балькара назваў генералам і якому прынц дэ-Ла-Тур д'Овернь сказаў: «Да пабачэння, брат мой», са спакойнай важнасцю хадзіў па палубе, хадзіў упэўненай, цвёрдай хадой марака, нібы і не заўважаючы гойдання. Часам ён даставаў з кішэні сваёй світкі плітку шакаладу, адламваў кавалачак, клаў у рот і жаваў. Не гледзячы на сівыя валасы, у яго былі цэлыя ўсе зубы.
Ён ні з кім не ўступаў у размову, калі не лічыць адрывістых фраз, якія ён часам ціха кідаў капітану. Той з павагай выслухваў кожнае слова і, здавалася, лічыў за камандзіра судна гэтага пасажыра, а не сябе.
Пад майстэрскім кіраваннем лоцмана «Клэймор», не заўважаны праз туман, абышоў доўгую паўночную канцовасць Джэрсея, трымаючыся пад самым берагам, каб не напароцца на небяспечны рыф, што тырчыць пасярэдзіне марскога рукава між Джэрсеем і Серкам. Гакуаль, стоячы ля руля, накіроўваў судно між падводнымі скаламі, так сказаць, вобмацкам, але ўпэўнена, як чалавек, добра знаёмы з акіянам. Карвет не запальваў агнёў на носе, баючыся выдаць сваю прысутнасць у мясцінах, якія так пільна ахоўваліся. Усе на караблі радаваліся туману. Чуваць было, як прабіла дзесяць на званіцы Сент-Уэна, — верная адзнака, што вецер усё яшчэ дзьме ў карму. На карвеце па-ранейшаму ўсё ішло добра.
У пачатку адзінаццатай гадзіны капітан судна граф дзю-Буабертло і яго памочнік шэвалье дэ-Ла-В'ёвіль праводзілі чалавека ў сялянскім убранні ў адведзеную яму капітанскую каюту. Уваходзячы ў яе, ён павярнуўся і сказаў, сцішыўшы голас:
— Вам вядома, панове, што трэба строга захоўваць тайну. Ні слова нікому да самага моманта выбуху. Толькі вы двое на гэтым судне ведаеце маё імя.
— Мы знясем яго з сабой у магілу, — адказаў Буабертло.
— А я, — сказаў стары, — не назаву яго нават пад пагрозай смерці.
І ён увайшоў у каюту.
СУТЫЧКА
Капітан і яго памочнік зноў падняліся наверх і пачалі хадзіць па палубе, выказваючы свае ўражанні. Яны гаварылі пра свайго пасажыра.
Буабертло сказаў ціха на вуха Ла-В'ёвілю:
— Хутка мы ўбачым, які гэта правадыр.
Ла-В'ёвіль адказаў:
— Як-бы там ні было, ён усё-такі прынц.
— Так, амаль.
— Ва Францыі ён дваранін, але ў Брэтані — прынц.
— Не маючы французскага прынца, прыходзіцца згаджацца на брэтонскага, — заўважыў Буабертло.
— Калі няма пявучага дразда… не, не дразда, а арла, можна задаволіцца і крумкачом.
— Я хацеў-бы лепш каршуна, — сказаў Буабертло.
— Вядома, усё-ж кіпці і дзюба, — згадзіўся Ла-В'ёвіль.
— Ну, паглядзім, што будзе.
— Так, — зноў пачаў Ла-В'ёвіль, памаўчаўшы, — час падумаць аб правадыры. Я падзяляю думку Тентен'яка: «Пораху і правадыра!» Я вам вось што скажу, капітан. Я ведаю бадай усіх мяркуемых правадыроў. Ведаю і ўчарашніх, і сёнешніх, і тых, што з'явяцца заўтра. Але ніводнага з іх я не лічу той разумнай галавой, якая нам цяпер патрэбна. Для гэтай праклятай Вандэі патрэбны такі генерал, які быў-бы ў той час назолай. Тут трэба не даваць спакою ворагу, цягацца за кожны млын, кожны куст, кожны раўчак, кожны камень. Трэба задзіраць яго на кожным кроку, умець скарыстаць кожную яго хібу, нічога не прапускаць міма вачэй, біць направа і налева, палохаць смелымі нападамі, не адчуваць літасці, не ведаць ні адпачынку, ні сну. Цяпер у гэтай мужыцкай арміі ёсць героі, але няма правадыроў. І чаго гэта мы, чорт вазьмі, нападаем на рэволюцыю і якая розніца паміж рэспубліканцамі і намі, калі мы самі ставім цырульнікаў начальнікамі над дваранамі?
— Нічога не зробіш! Гэтая рэволюцыя псуе і нас.
— Скула на целе Францыі.
— Скула трэцяга стана, — скончыў Буабертло. — Адна толькі Англія можа нас вылечыць.
— І вылечыць. Будзьце ўпэўнены ў гэтым, капітан.
— А пакуль — брыдка і моташна!
— Ну, але! Усюды мужыччо. Якія дзіўныя параўнанні мы бачым у гэтай вандэйскай вайне! З аднаго боку півавар Сантэр, з другога — цырульнік Гастон.
— Ну, не, даражэнькі Ла-В'ёвіль, я трохі інакш гляджу на гэтага Гастона. Успомніце, як проста і люба расстраляў ён трыста чалавек сініх, прымусіўшы іх спачатку выкапаць сабе яму.
— Усё гэта вельмі добра, але я зрабіў-бы тое самае не горш за яго.
— Вядома. І я таксама.
— Вялікія ваенныя геройствы патрабуюць прыроджанага шляхецтва ад тых, хто іх робіць, — сказаў Ла-В'ёвіль. — Вайна — справа рыцараў, а не цырульнікаў.
— Сустракаюцца, аднак, у гэтым трэцім стане і паважаныя людзі, — адказаў Буабертло. — Возьмем для прыкладу хоць майстра гадзіннікаў Жолі. Былы сержант Фландрскага палка, ён робіцца адным з правадыроў вандэйцаў. Ён камандуе атрадам у берагавой арміі. У яго ёсць сын. Сын гэты — рэспубліканец. І вось бацька б'ецца ў шэрагах белых, а сын — у шэрагах сініх. У часе бойкі бацька і сын сустракаюцца твар у твар. Бацька бярэ ў палон сына і тут-жа забівае яго з пісталета.
— Што добра, то добра, — сказаў Ла-В'ёвіль.
Яны прайшлі некалькі крокаў, думаючы кожны пра сваё. Потым гутарка зноў пачалася.
— Капітан, ці не ведаеце вы, што за апошні час ставяць у Парыжы?
— «Адэль і Паліну» і «Пячору».
— Хацелася-б паглядзець.
— Убачыце.
Ён падумаў крыху і дадаў:
— Праз месяц мы будзем у Парыжы.
— У такім разе, капітан, нашы справы не такія ўжо дрэнныя?
— Яны былі-б зусім добрыя, каб удалося знайсці сапраўдных кіраўнікоў для брэтонскай вайны. Ла-В'ёвіль паківаў галавой. Потым спытаўся:
— Капітан, высадзім мы марскую пяхоту?
— Так, калі пабярэжжа за нас. Не, калі яно акажацца варожым. На вайне бываюць выпадкі, калі даводзіцца ламацца ў дзверы, а бывае і так, што выгадней праслізнуць цішком. Грамадзянская вайна заўсёды павінна мець у кішэні падабраны ключ у запасе. Мы зробім тое, што будзе магчыма. Галоўнае — знайсці правадыра.
Ля-В'ёвіль хвіліну падумаў і сказаў:
— Тут трэ' было-б прынца, французскага прынца, прынца крыві, сапраўднага…
— Навошта? У нас-жа словам «прынц»…
— Завуць «труса». Я ведаю, капітан. Але гэта трэба для таго, каб уздзейнічаць на гэтае вясковае быдла.
— Дарагі мой Шэвалье, прынцы не хочуць біцца.
— Абыйдземся і без іх.
Буабертло машынальным рухам прыціснуў руку да ілба, нібы выціскаючы з яго нейкую думку, нарэшце, сказаў:
— Што-ж, паспрабуем пакуль гэтага генерала.
— Ён — чыстакроўны дваранін.
— Вы думаеце, ён спраўдзіць надзеі?
— Так, калі будзе добры, — сказаў Ла-В'ёвіль.
— Гэта значыць, бязлітасны, — паправіў Буабертло.
Граф і Шэвалье зірнулі адзін на аднаго.
— Граф дзю-Буабертло, вы знайшлі адпаведнае слова. Бязлітасны! Але, вось акурат тое, што нам трэба. Гэтая вайна не павінна ведаць літасці. Надышоў час крыважэрных. Царазабойцы адсеклі галаву Людовіку шаснаццатаму — мы пасячэм царазабойцаў. Так, няўмольны палкаводзец, які не ведае літасці, — вось каго нам трэба. У Анжу і ў Верхнім Пуату начальнікі гуляюць у велікадушша, даруюць і мілуюць, і ўсё ідзе дагары нагамі. У Марэ і ў Рэтцэ вайсковае начальства лютуе, і справы ідуць добра. Гіена супроць гіены.
Буабертло не паспеў адказаць. Апошняя фраза Ла-В'ёвіля была раптоўна перапынена жудасным крыкам, і ў той-жа міг пачуўся дзіўны, ні на што не падобны шум. І крык і шум даносіліся з-пад палубы.
Капітан і яго памочнік кінуліся к трапу, што вёў на сярэднюю палубу, але не маглі выйсці: перапалоханыя артылерысты натоўпам спяшаліся наверх, штурхаючы адзін аднаго.
Здарылася жудасная рэч.
ЖАХІ ВАЙНЫ
Адна з гармат, дваццацічатырохфунтовая каранада, сарвалася з ланцугоў.
Нічога горшага не можа здарыцца з ваенным караблём на поўным хаду ў адкрытым моры.
Гармата, разарваўшая свае путы, у такіх умовах адразу робіцца зверам.
Цяжкая махіна бегае на колах, кідаецца ўправа, кідаецца ўлева, як більярдны шар, нахіляецца адначасова з бакавым качаннем, нырае разам з судном пры кілявым, нясецца ўперад, коціцца назад, спыняецца, нібы раздумваючы, потым зноў пускаецца бегчы, стралой праносіцца з аднаго канца судна на другі, падскаквае на месцы, становіцца на дыбкі і зноў імчыцца, круцячыся, коўзаючы, ламаючы, забіваючы і знішчаючы ўсё навакол. Уявіце сабе таран, які б'е ў сцену, як яму ўзбрыдзе ў галаву. Дадайце яшчэ, што таран жалезны, а сцяна драўляная. Асатанелы чурбан скача, як пантэра. З важкасцю слана ў ім злучаецца спрытнасць мышы. Ён выяўляе ўпартасць сякеры, што дзяўбе ў адно месца, ашаламляе раптоўнасцю налятаючага шквала, нібы як удар маланкі. Ён важыць дзесяць тысяч фунтаў, а скача, як дзіцячы мячык. То раптам закружыцца на месцы, то адразу паверне ўбок. Што можна тут зрабіць? Як спыніць гэтыя дзікія скокі? Бура нарэшце спыніцца, цыклон пранясецца, вецер сціхне, зламаную мачту заменяць новай, цечу можна затрымаць, пажар пагасіць. Але як усмірыць гэтага вялізнага бронзавага звера? Як да яго даступіцца? Супроць гарматы, якая сарвалася, няма ніякіх спосабаў абароны. Падлога пад ёй гойдаецца, і яна гойдаецца разам з падлогай. Карабль рухаецца і штурхае яе, як хваля штурхае карабль і як хвалю гоніць вецер. Як змагацца з гэтым кругаваротам? Як уціхамірыць гэты страшны механізм, які пагражае крушэннем? Як угадаць кірунак яе бегу — усе гэтыя падскокі, павароты, прыпынкі, удары?
Кожны такі ўдар у сценкі карабля можа пусціць яго на дно. Як папярэдзіць няшчасце? Тут-жа маеш справу з кідальным знарадам, які нібы жыве свядомым жыццём; ён то прыпыняецца, нібы нешта абмяркоўваючы, то раптам мяняе кірунак і ўвільвае ад вас. Страшная гармата вар'юе, ляціць наперад, пасоўваецца назад, б'е ўсё, што трапіцца ёй на шляху, і раптам кідаецца бегчы, праносіцца міма вас, блытаючы ўсё вашы меркаванні, ламае перашкоды, душыць людзей, як мух. Уся жудасць становішча ў тым, што падлога пад вамі хістаецца. Якім чынам весці барацьбу на пакатай паверхні, якая пры гэтым безупынна змяняе нахіл?
У адзін момант уся каманда карвета была на нагах.
Вінаваты ў здарэнні быў кананір, які слаба закруціў гайку ланцуга і не падклаў тармазоў пад колы каранады, у выніку чаго падушка яе ёрзалася ў раме, расхістваючы абедзве пляцоўкі, пакуль, нарэшце, не саскочыў гарматны брук[4]. А тут яшчэ парваўся канат, і гармата ўжо слаба трымалася на лафеце. Нерухомы гарматны брук, які перашкаджае адкату гарматы, у той час яшчэ не ўжываўся. Вялікая хваля ўдарыла ў пушачны порт, слаба прымацаваная каранада адкацілася, парвала ланцуг і ўсёй сваёй важкай масай пачала кідацца між дэкамі. У той момант, калі парваўся ланцуг, усе кананіры былі ля батарэі. Каранада, адкінутая кілевым нахілам удоўж палубы, урэзалася ў гурток людзей і адразу раздушыла чатырох, потым, падхопленая бакавым нахілам, раптам завярнулася ўбок, разрэзала папалам пятага, стукнулася аб левы борт і збіла з лафета другую гармату.
Тады і вырваўся той жудасны крык, які пачулі наверсе. Усе, хто быў на сярэдняй палубе, кінуліся к трапу. Памяшканне батарэі адразу апусцела.
Вялізная гармата засталася адна. Цяпер яна магла распараджацца сабой і гаспадарыць на судне. Яна магла зрабіць з ім усё, што хацела. Усе гэтыя людзі, загартаваныя ў бойках, якія смяяліся ў часе іх, цяпер дрыжалі.
Жах ахапіў усіх.
Капітан Буабертло і памочнік капітана Ла-В'ёвіль, абодва адважныя людзі, стаялі над трапам і глядзелі ўніз, бледныя, маўклівыя, не ведаючы, што рабіць. Нехта адсунуў іх і сышоў уніз.
Гэта быў іхні пасажыр, брэтонскі селянін, чалавек, аб якім яны за хвіліну перад тым гаварылі.
Спусціўшыся з трапа, ён спыніўся і стаў глядзець.
СІЛА І МУЖНАСЦЬ
А гармата ўсё насілася між дэкамі. Яна падбіла ўжо чатыры гарматы і зрабіла дзве прабоіны ў борце, на шчасце, вышэй ватэрлініі, але небяспечныя ў час шквала. Яна шалёна налятала на бімсы карвета. Шканцы, вельмі моцныя, яшчэ трымаліся, бо гнутае дрэва мае асаблівую моцнасць, але чутно было, як яны трашчалі пад ударамі гіганцкага тарана, які біў ва ўсе бакі разам. Чатыры колы цяжкага лафета штохвілінна перакачваліся па целах забітых людзей, крышылі іх, і хутка пяць трупаў ператварыліся ў дваццаць бясформеных кавалкаў мяса. Мёртвыя галовы, здавалася, крычалі. Струмені крыві пераліваліся па падлозе ў залежнасці ад крэна карвета. Унутраная абшыўка судна, прабітая ў многіх месцах, пачала распаўзацца. Усё судно напоўнілася пякельным гулам.
Капітан хутка авалодаў сабой, і па яго загаду на сярэднюю палубу пачалі кідаць усё, што толькі магло затармазіць ці аслабіць шалёны рух каранады, — матрацы, ложкі, запасныя парусы, жмуты канатаў, мяхі з матроскай бялізнай і нават пачкі фальшывых папяровых грошай, якіх на карвеце быў цэлы груз; на гэтую подлую выдумку англічан у той час глядзелі, як на зусім дазволеную ваенную хітрасць.
Але чым магло дапамагчы гэтае рыззё, калі ніхто не адважваўся спусціцца, каб разлажыць яго належным чынам? Праз некалькі мінут яно ўсё было параскідана і пакрышана ўшчэнт.
Хваляванне на моры павялічвала катастрофу. Сапраўдная бура, можа, перакуліла-б гармату; каб яна апынулася на баку або коламі ўгару, з ёй можна было-б справіцца.
Між тым руйнаванне ішло далей. Ужо стварыліся шчыліны, нават надломы ў ніжняй частцы мачт, што ішлі скрозь усе ярусы судна аж да самага кіля. Пад сударгавымі штуршкамі каранады фок-мачта трэснула; нават грот-мачта была папсаваная. Уся батарэя расхлябалася. Дзесяць гармат з трыццаці былі ўжо непрыгодныя для бою. Лік прабоін у бартах павялічваўся, і ў карвет пачала прасочвацца вада.
Стары пасажыр, спусціўшыся на сярэднюю палубу, стаяў, як статуя. Суровым поглядам назіраў ён руйнаванне, але не варушыўся. Здавалася, немагчыма было зрабіць і кроку ў памяшканні батарэі.
Набліжаўся момант гібелі карвета. Яшчэ некалькі мінут, і крушэнне было-б немінучым.
Заставалася або загінуць, або адхіліць катастрофу. Трэба было на нешта адважыцца.
Але на што?
Каранада была страшным супраціўнікам. Трэба было ўсмірыць вар'ятку, прымацаваць маланку, абясшкодзіць гром.
— Толькі бог можа выратаваць нас, — сказаў Буабертло.
Усе маўчалі, пакінуўшы каранадзе рабіць сваю жудасную справу.
А знадворку хвалі біліся аб барты карвета, адказваючы сваімі ўдарамі на ўдары з сярэдзіны. Здавалася, два молаты б'юць па чарзе.
Раптам на гэтай непрыступнай арэне, дзе вольна разгульваў вызвалены ад ланцуга звер, з'явіўся чалавек з жалезным брусом у руцэ. Гэта быў вінавайца катастрофы, кананір, па чыёй нядбайнасці здарылася ўся гэтая бяда. Адчуваючы сябе вінавайцам няшчасця, ён захацеў паправіць яго. Схапіўшы ў адну руку ганшпуг, у другую вяроўку з зацяжной пятлёй, ён саскочыў праз люк на пярэднюю палубу.
Тут пачалося нешта жудаснае: змаганне гарматы з кананірам, паядынак паміж рэччу і чалавекам.
Чалавек стаў у куце, трымаючы напагатове ганшпуг і вяроўку з пятлёй. Абапёршыся спіной аб сценку, растапырыўшы свае моцныя, быццам сталёвыя ногі, ён урос у падлогу і, збялелы, але трагічна спакойны, чакаў.
Ён чакаў моманту, калі гармата пранясецца каля яго.
Кананір ведаў сваю гармату, і яму здавалася, што і яна ведае яго: даўно ўжо яны жылі разам. Колькі разоў ён засоўваў руку ёй у горла! Гэта быў яго прыручаны звер. І чалавек загаварыў з гарматай, як з сабакам.
— Сюды, сюды! — клікаў ён яе.
Можа ён любіў яе. Здавалася, яму хочацца, каб яна падбегла да яго.
Але падбегчы да яго для яе азначала наляцець на яго. І каб гэта здарылася, ён загінуў-бы. Як гэтага ўнікнуць? Як зрабіць, каб яна яго не раздушыла?
Усе глядзелі на іх, затаіўшы дыханне. Толькі адзін стары пасажыр здаваўся спакойным; апрача двух байцоў, толькі ён яшчэ быў на палубе, нібы секундант пры смяротным паядынку.
Ён і сам рызыкаваў быць расціснутым, але не варушыўся.
А пад імі сляпая вадзяная стыхія кіравала барацьбой.
У той момант, калі кананір, уступаючы ў гэтую страшную рукапашную бойку, кінуў выклік гармаце, калыханне выпадкова, па капрызу мора, на міг прыпынілася, і каранада замерла на месцы, нібы азадачаная.
— Ідзі-ж! Ідзі! — паўтараў чалавек.
Яна, здавалася, прыслухоўвалася.
І раптам рынулася на яго. Ён ухіліўся ад удара.
Завязалася барацьба. Баец з цела і касцей біўся з бронзавым зверам.
Усё гэта адбывалася ў змроку. Гэтая каласальная саранча то стукалася аб нізкую столь батарэі, то зноў падала на свае чатыры колы, як тыгр на ўсе чатыры лапы, і зноў пачынала ганяцца за чалавекам. А ён, спрытны, гнуткі, як яшчарка, выкручваўся ад гэтых ярасных нападаў. Ён унікаў адкрытай сутычкі, але ўдары, ад якіх ён ухіляўся, траплялі на сцены карвета і разбуралі іх далей.
Гармата валакла за сабой абрывак ланцуга. Нейкім чынам ён абматаўся вакол шруба на казённай яе частцы. Другі канец застаўся прымацаваным да лафета, а гэты, вольны, шалёна матляўся вакол гарматы, ад чаго падскокі яе рабіліся яшчэ больш небяспечнымі. Шруб трымаў яго, як у моцна сціснутым кулаку, а ніжні яго канец узмацняў удары тарана, шалёным віхрам круцячыся вакол гарматы, нібы жалезная пуга ў меднай руцэ. Гэты абрывак ланцуга ўскладняў барацьбу.
Але чалавек змагаўся. Бывалі нават хвіліны, калі ён пераходзіў у наступ. З ганшпугам і вяроўкай напагатове ён прабіраўся ўдоўж барта, выбіраючы момант. І гармата, нібы зразумеўшы яго хітрыкі, уцякала ад яго. А ён настойліва гнаўся за ёй следам.
Такая барацьба не магла цягнуцца доўга. Гармата, здавалася, раптам сказала сабе: «Досыць. Трэба канчаць» і спынілася. Адчувалася набліжэнне развязкі. Гармата яшчэ вагалася, але, здавалася, была ўжэ гатова (для ўсіх акаляючых яна была жывой істотай) прыняць нейкае рашэнне. Раптам яна кінулася на кананіра. Той адскочыў, прапусціў яе міма сябе і крыкнуў ёй са смехам: «Сарвалася! А ну, паспрабуй яшчэ!» Гармата, нібы раззлаваўшыся, падбіла каранаду на левым борце, потым, нібы запушчаная нябачнай прашчой, рынулася на правы борт, прама на чалавека, які зноў адскочыў. Тры каранады былі пашкоджаны штуршкамі азвярэлай махіны. Нібы сляпая, сама не ведаючы, што рабіць, яна раптам павярнулася задам да чалавека, пакацілася наперад, збіла форштэвень і ледзь не зрабіла прабоіны ў насавой частцы судна. Чалавек схаваўся ў кут ля трапа, за некалькі крокаў ад старога пасажыра, трымаючы напагатове ганшпуг. Гармата нібы заўважыла гэта: не патурбаваўшыся нават павярнуцца, яна панеслася на чалавека заднім ходам са шпаркасцю апускаемай сякеры. Прыціснуты ў кут між бортам і сходнямі, ён, здавалася немінуча загінуў. Крык жаху вырваўся з вуснаў усёй каманды.
Але тут стары пасажыр, які стаяў да гэтага часу нерухома, кінуўся насустрач гармаце са спрытнасцю, незвычайнай для яго гадоў. Схапіўшы па дарозе вязку асігнацый і рызыкуючы быць расціснутым, ён кінуў яе прама пад колы лафета. Гэты смелы і небяспечны манеўр быў выкананы спрытна, з дакладнасцю і ўмельствам, якім пазайздросціў-бы нават чалавек, добра ведаючы як абыходзіцца з марскімі гарматамі.
Пак адыграў ролю перашкоды. Каранада нібы спатыкнулася. Тады кананір быстра прасунуў свой жалезны брус паміж спіц бліжэйшага задняга кола лафета. Гармата спынілася.
Яна нахілілася набок. Чалавек сваім ганшпугам, як рычагом, дапамог ёй перакуліцца. Нібы звон са званіцы, грукнула цяжкая маса на падлогу. Чалавек, абліваючыся потам, кінуўся на яе і зачапіў мёртвую пятлю за шыю пераможанага бронзавага страшылла.
Усё было скончана, Чалавек перамог.
Уся каманда кінулася ўніз з канатамі і ланцугамі, і праз мінуту гармата была замацавана.
Кананір нізка пакланіўся пасажыру:
— Вы выратавалі мне жыццё, дабрадзею.
Стары, прыняўшы сваю ранейшую безуважную позу, нічога не адказаў.
ДЗВЕ ШАЛІ ВАГІ
Чалавек перамог, але і гармата таксама засталася пераможцам. Безадкладнае крушэнне карвета было папярэджана, але пашкоджанні яго здаваліся непапраўнымі. У бортах знайшлі пяць прабоін. Адна, у насавой частцы, была вельмі вялікая. З трыццаці гармат дваццаць стаялі на сваіх лафетах пакалечаныя. Выбыла з строю і тая каранада, што нарабіла столькі бяды і цяпер была злоўлена і зноў пасаджана на ланцуг: шруб на яе казённай частцы быў выкручаны, і наводка гарматы зрабілася немагчымай. Лік непапсаваных гармат батарэі зменшыўся да дзевяці. У труме паказалася вада. Неабходна было зараз-жа выкачваць ваду і папраўляць пашкоджанні.
Сярэдняя палуба цяпер, калі можна было агледзець яе, мела жудасны выгляд. Большага руйнавання нельга сабе ўявіць нават у клетцы ашалелага слана.
Як ні было важна для карвета заставацца незаўважаным, але ў даны момант яшчэ важней было не даць яму патануць. Прышлося асвятліць палубу ліхтарамі, прымацаваўшы іх да бартоў у розных месцах.
Пакуль ішла трагічная барацьба з каранадай і каманда, для якой вырашалася пытанне аб жыцці і смерці, была цалкам занята падзеямі на карвеце, ніхто не ведаў, што робіцца на моры.
Між тым туман пагусцеў. Надвор'е змянілася. Судно плыло па волі ветру. Карвет адхіліўся ад курса і апынуўся паўднёвей, чым трэба было. Цяпер яго больш не абаранялі берагі Джэрсея і Гернсея: ён апынуўся без прыкрыцця ў бурлівым моры. Вялікія валы лізалі яго адкрытыя раны: то была небяспечная ласка. Хваляванне рабілася пагражальным. Лёгкі берагавы вецер пераходзіў у шторм. Насоўваўся шквал, можа нават бура. За пятнаццаць крокаў нічога не было відаць.
Пакуль каманда сяк-так, з большага, папраўляла пашкоджанні на сярэдняй палубе, затыкала прабоіны і размяшчала ў баявым парадку ўцалелыя гарматы, стары пасажыр падняўся наверх.
Ён стаяў там, прысланіўшыся спіною да грот-мачты.
Задумаўшыся, ён не заўважыў, што на карвеце адбываецца нейкі незвычайны рух. Шэвалье, дэ-Ла-В'ёвіль загадаў салдатам марской пяхоты выстраіцца па абодвух баках грот-мачты, а матросы, якія ўдзельнічалі ў гэтым манеўры, па свістку боцмана размясціліся, стоячы, на рэях.
Граф дзю-Буабертло наблізіўся да пасажыра.
За ім ішоў чалавек у падраным адзенні, разгублены, з ашалелым поглядам, але ўсё-ж такі задаволены.
Гэта быў кананір, што перамог гармату.
Граф па-вайсковаму вітаў старога ў сялянскім убранні і сказаў:
— Генерал, вось гэты чалавек.
Кананір стаяў, выцягнуўшыся ў фронт і скромна апусціўшы вочы.
Граф дзю-Буабертло казаў далей:
— Генерал, ці не знаходзіце вы, што ўчынак гэтага чалавека заслугоўвае ўзнагароды?
— Так, знаходжу, — адказаў стары.
— У такім разе будзьце ласкавы даць загад, — сказаў Буабертло.
— Гэтае права належыць вам, а не мне. Вы — капітан.
— Але вы — генерал, — адказаў Буабертло.
Стары глянуў на кананіра.
— Падыйдзі сюды, — загадаў ён.
Кананір ступіў крок наперад.
Стары павярнуўся да графа, зняў у яго з грудзей ордэн святога Людовіка і прышпіліў яго да курткі кананіра.
— Ура! закрычалі матросы.
Салдаты марской пяхоты ўзялі на-караул.
Тады пасажыр, паказваючы пальцам на ашалелага ад радасці кананіра, сказаў:
— А цяпер расстраляць яго.
Крыкі захаплення замерлі ў паветры. Усе здрантвелі.
Сярод магільнай цішыні ўзняўся гучны голас старога:
— Нядбайнасць гэтага чалавека ледзь не загубіла судна. Магчыма нават, што яго ўжо нельга выратаваць. Быць у моры — азначае змагацца з ворагам. Карабль, што выконвае марскі пераход, — усёроўна, што армія ў бойцы. Мора — суцэльная засада. Кожная хіба перад ворагам — караецца смерцю. Зробленую памылку паправіць нельга. Мужнасць павінна быць узнагароджана, нядбайнасць павінна быць пакарана.
Словы гэтыя падалі адно за другім, павольна, урачыста, з няўмольнай мернасцю, як удары сякеры па дубу.
І, глянуўшы на салдат, стары дадаў:
— Выканаць прыгавар!
Чалавек з ордэнам святога Людовіка на грудзях апусціў галаву…
На месцы гэтага паведамлення павінна быць выява. Калі ласка, дадайце іх, кіруючыся даведнікамі Вікікрыніцы:Выявы і Даведка:Дадаванне выяў. |
— А цяпер расстраляць яго! — сказаў пасажыр.
Па знаку графа Буабертло два матросы спусціліся ўніз і хутка вярнуліся з саванам. За імі ішоў карабельны поп, які з часу адплыцця стаяў на малітве ў афіцэрскай каюце. Сержант вылучыў з ліку салдат, стаяўшых са стрэльбамі каля грот-мачты, дванаццаць чалавек і выстраіў іх у дзве шарэнгі, па шэсць у кожнай. Асуджаны, не сказаўшы ні слова, стаў паміж імі. Поп з распяццем у руцэ вышаў наперад і падышоў да яго.
— Марш! — скамандаваў сержант.
Узвод ціхім шагам накіраваўся к носу карабля. Матросы з саванам ішлі ззаду. Цішыня смерці панавала на карвеце. У моры роў ураган.
Праз некалькі мінут у цемры бліснула святло, грукнуў ружэйны залп, потым усё сціхла, а затым пачулася, як плюхнула ў ваду цела.
Пасажыр стаяў усё ў той-жа позе, прысланіўшыся да мачты, скрыжаваўшы рукі і думаючы сваю думу.
Буабертло паказаў на яго пальцам Ла-В'ёвілю і шапнуў:
— Нарэшце, Вандэя мае галаву.
Але што чакала карвет?
Хмары, якія на працягу ночы бадай што зліваліся з хвалямі, цяпер спусціліся так нізка, што зусім закрылі гарызонт. Усё мора было нібы пад цёмнай павалакай. Навакол не было нічога, апрача імглы і туману. Такое становішча пагражала-б гібеллю нават непашкоджанаму судну. Да туману далучылася хваляванне.
Каманда не траціла часу дарма. Карвет быў палегчаны.
Выкінулі ў мора ўсё, што толькі можна было сабраць пасля разгрому, зробленага каранадай: падбітыя гарматы, паламаныя лафеты, кавалкі адарванай унутранай абшыўкі, абломкі дрэва і жалеза. Адчынілі гарматныя адтуліны і спусцілі на дошках у ваду загорнутыя ў брэзенты трупы забітых.
Змагацца з морам рабілася ўсё цяжэй. Бура не была ўжо такая вялікая: наадварот, ураган на гарызонце пачаў сцішацца і адыходзіць на поўнач. Але марскія валы не змяншаліся.
Пашкоджанае судно не магло доўга супраціўляцца моцным штуршкам, і кожная вялікая хваля магла быць для яго пагібельнай.
Гакуаль задумліва стаяў ля руля.
Сустракаць небяспеку з бесклапотным тварам — звыклая манера камандзіраў караблёў; лоцманы яе не прызнаюць.
Ла-В’ёвіль належаў да ліку тых людзей, якія захоўваюць весялосць нават у няшчасці.
— Ну, што, лоцман, шторм, відаць, асекся? — сказаў ён. — Яму вельмі хацелася чхнуць, ды не выгарэла. Усё абыйдзецца. Будзе вецер. Вось і ўсё.
Гакуаль адказаў сур’ёзна:
— Вецер падымае хвалю.
Маракі не любяць ні смяяцца, ні сумаваць. У адказе лоцмана адчуваўся, аднак, трывожны сэнс. Для судна, маючага цечу, вялікая хваля азначае, што яно лёгка можа напоўніцца вадой. А Гакуаль яшчэ падкрэсліў сваё злавеснае прараканне пахмурым рухам брывёй.
Ла-В’ёвіль адчуў, што трэба стаць сур’ёзным.
Ён задаў пытанне лоцману, а адказ атрымаў ад гарызонта.
Пакрывала туману, павіслае над вадой, раптам разарвалася, і вачам адкрылася ўзбаламучаная цёмная паверхня мора.
Неба здавалася суцэльным дахам з хмар. Але хмары не даходзілі да гарызонта: на ўсходзе прабівалася палоска бялясага святла — праракальнік надыходзячага дня; на захадзе яшчэ віднелася бледнае святло толькі што зайшоўшага месяца.
На фоне гэтых двух светлых палос вызначаліся прамыя і нерухомыя чорныя сілуэты.
На захадзе, дзе свяціў месяц, відаць былі тры высокія скалы.
На ўсходзе, ля самага гарызонта, у бледным змроку світання вырысоўваліся восем караблёў, якія грозна выстраіліся ў лінію, на роўнай адлегласці адзін ад другога.
Тры скалы былі падводныя камні; восем караблёў — французская эскадра.
За кармой карвета былі скалы Ле-Менк'е, якія мелі дурную славу; перад ім — варожы флот.
На захадзе — смерць у марскім бяздонні, на ўсходзе — смерць у бойцы. Няроўны бой або крушэнне — іншага выбару не было.
Для барацьбы са скаламі карвет мог выставіць толькі прадзіраўленыя бакі, папсаваныя снасці, ды расхістаныя ў асновах мачты; для барацьбы з ворагам — батарэю, у якой з трыццаці гармат заставалася дзевяць і ўсе лепшыя кананіры былі забітыя.
Раніца толькі што пачала займацца на зару, і да світання было яшчэ далёка. Ноч магла працягнуцца яшчэ больш, бо цемната залежала галоўным чынам ад хмар, чорных і густых, якія стаялі высока і мелі выгляд суцэльнага шчыльнага скляпення.
Вецер, які рассеяў ніжнія хмары, гнаў карвет на Ле-Менк'е. Няшчаснае судна амаль не слухалася руля і ўжо не ішло, а кацілася па капрызу ветру і хваляў.
Грозны рыф Ле-Менк'е ў той час быў яшчэ больш небяспечны, як цяпер. З тых часоў мора несупыннай работай прыбою паспела злізаць многія з вежаў гэтай натуральнай марской цытадэлі. Абрысы скал безупынна мяняюцца. Мора — гэта піла, якая ніколі не стамляецца рэзаць, і з кожным прыбоем гэтая піла робіць новы надрэз на ўцёсах. У тыя часы блізка падыйсці да Ле-Менк'е значыла загінуць.
А восем караблёў на ўсходзе былі той самай Канкальскай эскадрай, якая пазней праславілася пад камандай капітана Дзюшэна.
Становішча карвета было крытычнае. У часе перапалоху ён адхіліўся ад першапачатковага курса і ішоў цяпер больш на Гранвіль, як на Сен-Мало. Каб нават ён і мог манеўраваць і несці ўсе парусы, ён усёроўна не мог-бы вярнуцца ў Джэрсей, бо дарогу на Джэрсей яму загарадзіла Ле-Менк'е. А падыйсці да французскага берага перашкаджала эскадра.
Аднак, буры не было: была толькі «хваля», як казаў лоцман. Мора, якое падганяў свежы вецер і якое сустракала на сваім шляху перашкоду ў выглядзе рыфаў, бушавала не на жарт.
Мора ніколі не выяўляе адразу сваіх намераў. Усю ноч карвет «Клэймор» змагаўся з туманам і рыхтаваўся сустрэць шквал. Але мора ашукала яго: яно пужала бурай і нанесла яго на рыф. Наперадзе было таксама крушэнне, толькі ў другой форме.
— Тут караблекрушэнне, там бітва! — усклікнуў Ла-В'ёвіль. — Шах і мат з абодвух бакоў.
Знясілены карвет быў ва ўладзе стыхій.
У бледным, рассеяным святле надыходзячага дня, у чарнаце хмар, у невыразных, цмяных абрысах гарызонта, у таямнічым грукаце хваль было нешта ўрачыста-хаўтурнае. Усё навакол маўчала, толькі вецер злосна скуголіў.
Катастрофа надыходзіла велічна і спакойна. Ніякага руху сярод скал, ніякага руху на караблях. Ціша гіганцкая, усеабдымная. Не верылася, што карвету пагражае рэальная небяспека. Здавалася, марыва праносіцца над морам.
Граф Дзю-Буабертло ціхім голасам даў нейкі загад Ла-В'ёвілю, які зараз-жа спусціўся ў памяшканне батарэі. Потым ён узяў падзорную трубу і стаў на карме побач з лоцманам.
Усе намаганні Гакуаля сканцэнтраваліся на тым, каб утрымаць карвет супроць хваляў, бо, каб яго падхапіла збоку ветрам і хваляваннем, яно немінуча перакулілася-б.
— Лоцман, дзе мы знаходзімся? — запытаў капітан.
— Каля Ле-Менк'е.
— З якога боку?
— З самага небяспечнага.
— Якое тут дно?
— Скалістае.
— Можна стаць на шпрынг?
— Памерці заўсёды можна, — адказаў лоцман.
Капітан накіраваў падзорную трубу на захад і паглядзеў на рыф, потым павярнуўся на ўсход і пачаў лічыць далёкія караблі.
Усяго было восем суднаў, размеркаваных у баявым парадку. Іхнія профілі выразна выступалі над вадой. Пасярэдзіне можна было разгледзець высокі корпус трохпалубнага карабля.
Капітан пачаў распытваць лоцмана:
— Ведаеце вы, якія гэта судны?
— А як-жа-ж, — адказаў Гакуаль. — Гэта эскадра.
— Французская?
— Д'ябальская.
Пасля некаторага маўчання, капітан спытаўся:
— Тут усе іхнія крэйсеры?
— Не, не ўсе.
— Так, праўда, — успомніў капітан — у эскадру ўваходзяць шаснаццаць суднаў, а тут толькі восем.
— Рэшта бадзяецца вунь там, удоўж усяго берагу і шпіёняць, — сказаў Гакуаль.
Капітан, не адрываючыся ад падзорнай трубы, прамармытаў:
— Трохпалубны карабль, два фрэгата першага ранга і пяць другога.
— Я таксама шпіёніў за імі, — прамовіў Гакуаль.
— Добрыя судны, — заўважыў капітан. — Я сам камандаваў такімі.
— А я іх бачыў зблізу, — сказаў Гакуаль. — Ужо-ж я не памылюся, не прыму адно за другое. Усе іх адзнакі сядзяць у мяне ў галаве.
Капітан перадаў яму падзорную трубу.
— Зірні: ці бачыш ты высокі карабль пасярэдзіне?
— Так, камандзір, гэта «Залаты Бераг».
— Ну але, яны яго перахрысцілі, — сказаў капітан. — Раней ён называўся «Бургундскія Штаты». Новае судно. Сто дваццаць восем гармат.
Ён дастаў з кішэні запісную кніжку з алоўкам і напісаў у ёй лічбу 128. Затым зноў спытаў:
— А як называецца першае судно налева ад карабля?
— «Вопытны».
— Фрэгат першага ранга. Пяцьдзесят дзве гарматы. Два месяцы назад ён узбройваўся ў Брэсце.
І капітан адзначыў у сваёй кніжцы — 52.
— А побач з «Вопытным» якое судно?
— «Дрыяда».
— Таксама першаразрадны фрэгат. Сорак восемнаццаціфунтовых гармат. Гэты фрэгат хадзіў у Індыю. Як ваеннае судно ён можа пахвастацца слаўным мінулым.
Пад лічбай 52 ён паставіў лічбу 40. Затым падняў галаву і зноў звярнуўся да лоцмана:
— Цяпер скажы, якія судны знаходзяцца направа?
— Направа, камандзір, усе другаразрадныя фрэгаты. Усяго іх пяць.
— Як называецца першы ад карабля?
— «Рашучы».
— Трыццаць дзве восемнаццаціфунтовыя гарматы. А другое?
— «Рышмон».
— Узбраенне тое самае. А за ім?
— «Атэіст».
— З такой назвай смешна выходзіць у мора. Далей?
— «Каліпсо».
— А апошні?
— «Лавец».
— Разам пяць фрэгатаў па трыццаць дзве гарматы на кожным.
І капітан пад ранейшымі лічбамі напісаў 160.
— Ты, аднак, добра пазнаеш іх, лоцман, — заўважыў ён.
— Я пазнаю іх, а вы іх ведаеце, камандзір, — адказаў Гакуаль. — Умець пазнаваць — добра, але ведаць — яшчэ лепш.
Капітан зноў утаропіўся ў сваю запісную кніжку і пачаў лічыць.
— Сто дваццаць восем… пяцьдзесят два… сорак… сто шэсцьдзесят…
У гэтую мінуту на палубу вышаў Ла-В’ёвіль.
— Шэвалье! — крыкнуў яму капітан. — Нам прыдзецца мець справу з трымастамі восемдзесяццю гарматамі.
— Ну, што-ж, будзем біцца, — сказаў Ла-В’ёвіль.
— Вы толькі што агледзелі батарэю: колькі-ж, нарэшце, у нас гармат, прыдатных для бою?
— Дзевяць.
— Што-ж, будзем біцца, — сказаў у сваю чаргу дзю-Буабертло.
Ён узяў у лоцмана падзорную трубу і пачаў аглядаць усходнюю частку гарызонта.
Чорныя бязмоўныя сілуэты васьмі караблёў здаваліся нерухомымі, але з кожнай мінутай раслі.
Яны паступова набліжаліся к карвету.
— Камандзір, — сказаў Ла-В’ёвіль, аддаючы чэсць капітану, — прашу прыняць мой рапарт. Я з самага пачатку не давяраў гэтаму «Клэймору». Заўсёды бывае непрыемна, калі цябе нечакана пасадзяць на карабль, які не ведае цябе і не любіць. Здрадніцкае англійскае судно! Яно не можа любіць нас, французаў. Праклятая каранада даказала гэта. Я агледзеў усё памяшканне. Якары надзейныя. Жалеза добрай якасці, без ракавін. Кольцы якараў трывалыя. Канаты вельмі добрыя. Іх лёгка аддаваць і яны не карацей устаноўленай даўжыні — ста дваццаці сажняў. З кананіраў шасцёра забітыя. Знарадаў шмат. Сто семдзесят адзін стрэл на гармату.
— Так, бо гармат усяго дзевяць, — сказаў капітан.
Ён зноў накіраваў падзорную трубу на гарызонт. Эскадра працягвала павольна набліжацца.
Каранады маюць перад гарматамі тую перавагу, што для стральбы з іх дастаткова трох чалавек, затое яны ўступаюць гарматам у тым, што б'юць не так метка і не так далёка. Трэба было, значыцца, падпусціць эскадру на адлегласць стрэлу з каранады.
Капітан ціхім голасам пачаў даваць загады. Трывожнага сігнала не падавалі, але выконвалі ўсё, што належала ў выпадках трывогі. Карвет быў няздатны для бойкі: ён не мог ні біцца з людзьмі, ні змагацца з хвалямі. Тым не менш каманда скарыстала ўсё магчымае з рэшткаў ваеннага судна. На шкафуце ля бейфутаў звалілі ўсё, што толькі было з запасных перліней і кабельтоваў, на выпадак, калі трэба было-б замацаваць мачты. Прывялі ў парадак перавязачную. Па тагочаснаму звычаю маракоў, залажылі барты парусамі і скруткамі канатаў, што абараняла ад куляў, але не ад ядраў. Прынеслі каліброўкі для куляў, хоць і пазнавата было займацца цяпер праверкай. Але-ж ніхто не прадбачыў такіх ускладненняў. Кожны матрос атрымаў зарады, пару пісталетаў і кінжал. Ложкі былі складзены, гарматы наведзены, стрэльбы зараджаны, сякеры і дрэкі раскладзены па месцах, круйткамера і камера са знарадамі адчынены. Кожны стаў на сваё месца. Усё гэта рабілася моўчкі, без гуку, як у пакоі паміраючага. Працавалі быстра і ўрачыста-сумна.
Дзевяць уцалелых каранад расставілі ў рад — усе па барту, павернутаму да непрыяцельскай эскадры.
Караблі эскадры, з свайго боку, у такой-жа цішыні рабілі свае манеўры. Яны выстраіліся цяпер поўкругам прама супроць Ле-Менк'е. Такім чынам «Клэймор», ахоплены дугой ды яшчэ звязаны сваімі ўласнымі якарамі, быў амаль прыціснуты к рыфу, гэта значыць асуджаны на верную гібель.
Восем караблёў нагадвалі зграю сабак, якія акружылі дзікага вепра; ён не падаваў голаса, а толькі скаліў зубы.
Здавалася, абодва бакі чагосьці чакалі.
Кананіры «Клэймора» стаялі ля сваіх гармат. Буабертло сказаў Ла-В'ёвілю;
— Мне-б хацелася распачаць агонь.
— Жаданне, вартае какеткі, — адказаў Ла-В'ёвіль.
НЕХТА ВЫРАТОЎВАЕЦЦА
Стары пасажыр спакойна назіраў за ўсім, што адбывалася навакол.
Буабертло падышоў да яго.
— Генерал, — сказаў ён, — усё падрыхтавана. Мы прыкаваны да нашай магілы; мы не здамося. Мы ў пастцы паміж эскадрай і рыфам. Здацца ворагу ці разбіцца ў бурунах — другога выбару нам няма. Лепш загінуць у бойцы, як у хвалях. Я, прынамсі, лічу за лепшае загінуць ад кулі ворага, чым ад вады. Але паміраць — наш абавязак, а не ваш. Вас абралі прынцы крыві, на вас усклалі вялікую місію — кіраваць паўстаннем Вандэі. Не будзь вас, і манархія можа загінуць. Вы павінны жыць. Наш абавязак — заставацца на карвеце, ваш — пакінуць яго… Я дам вам шлюпку з грабцом. Дабрацца да берага вакольным шляхам не так немагчыма, як здаецца. Яшчэ не развіднелася. Хвалі вялікія, на моры цёмна, вы праскочыце незаўважаным. Бываюць выпадкі, калі ўцёкі роўназначны з перамогай.
Стары з суровай важнасцю матнуў галавой у знак згоды. Дзю-Буабертло гучна крыкнуў:
— Салдаты і матросы!
Работы спыніліся, з усіх канцоў карвета павярнуліся да капітана твары. Ён пачаў гаварыць:
— Чалавек, якога мы вязем як пасажыра, — прадстаўнік караля. Яго аддалі пад нашу ахову, мы павінны яго зберагчы. Ён патрэбен для інтарэсаў французскай кароны. За адсутнасцю прынца крыві ён будзе, — прынамсі мы так мяркуем, — правадыром вандэйскіх дружын. Гэта вядомы баявы генерал. Ён павінен быў прыстаць да берагоў Францыі разам з намі. Што рабіць, — цяпер прыстане без нас. Выратаваць галаву — значыць усё выратаваць.
— Верна! Верна! — закрычала каманда.
Капітан казаў далей:
— Ён таксама будзе сур'ёзна рызыкаваць, дабрацца да берага нялёгка. Каб паспяхова змагацца з хвалямі, патрэбна вялікая лодка. Але толькі маленькая лодка можа незаўважанай праскочыць міма крэйсераў. Для высадкі трэба выбраць такое месца берага, дзе не пагражала-б небяспека сутыкнуцца з ворагам: лепш прыстаць па суседству з Фужэрам. Патрэбен спрактыкаваны матрос — добры грабец і добры плавец, ды яшчэ каб добра ведаў берагі і ўсе яго бухтачкі. Пакуль яшчэ досыць цёмна, шлюпка можа адыйсці незаўважанай. А там яна зусім схаваецца за парахавым дымам. Яна настолькі малая, што лёгка пройдзе па мелкаводдзю. Для нас няма выхаду, а для маленькай шлюпкі ёсць. Яна на вёслах адыйдзе як мага далей. Караблі ворага не заўважаць яе. А мы, са свайго боку, пастараемся адцягнуць іх увагу. Ці так я кажу?
— Верна! Верна! — зноў падхапіла ўся каманда.
— Нельга траціць ні мінуты. Хто хоча везці нашага пасажыра?
З цёмных радоў выступіў чалавек і сказаў:
— Я.
ЦІ ВЫРАТАВАНЫ?
Праз некалькі мінут маленькая лодачка, так званая гічка, якімі звычайна карыстаюцца для сваіх раз'ездаў камандзіры суднаў, адышла ад карвета. У ёй былі два чалавекі: за рулём сядзеў стары пасажыр, за вёсламі — матрос-ахвотнік. Было яшчэ вельмі цёмна. Выконваючы інструкцыі капітана, матрос старанна гроб да скал Ле-Менк'е. Кожны іншы шлях быў немагчымы.
У лодку паспелі палажыць сёе-тое з харчоў: мяшок з сухарамі, кавалак вэндліны і бачонак з вадой.
Адлегласць паміж карветам і шлюпкай пачала ўсё больш і больш павялічвацца. Вецер і кірунак хваляў спрыялі грабцу, і маленечкая лодачка ляцела наперад, то мільгаючы ледзь значнай кропкай у досвітным змроку, то знікаючы за грэбнямі хваляў.
Злавеснае чаканне навісла над морам.
Раптам сярод усеахапляючай трывожнай цішыні акіяна з карвета пачуўся чалавечы голас:
Казаў капітан дзю-Буабертло:
— Маракі яго вялікасці караля! Падыміце белы флаг на гротмачце: мы сустракаем нашу апошнюю зару.
З карвета пачуўся гарматны стрэл.
— Хай жыве кароль! — закрычала каманда.
Тады з боку гарызонта даляцеў другі, далёкі крык, многагалосны, зліты з шумам хваль, але ўсё-ж такі выразна чутны:
— Хай жыве Рэспубліка!
І грукат залпу з трохсот гармат скалануў марскую глыбіню.
Барацьба пачалася. Усё мора завалакло дымам, скрозь які бліскалі маланкі стрэлаў. З хваляў з усіх бакоў уздымаліся пырскі пены ад падаючых у ваду ядраў.
«Клэймор» храбра страляў па васьмі караблях. Эскадра, згрупаваўшыся вакол яго поўмесяцам, у свой чарод распачала агонь з усіх сваіх гармат. Неба азарылася пажарам; здавалася, агнедышачы вулкан устаў з марскога бяздоння. Вецер гуляў з вялізнымі клубамі пурпуравага дыму, у якім судны то знікалі, то зноў паяўляліся, нібы здані. На першым плане, у яркім зарыве бою, вырысоўваўся чорны корпус карвета. На верхавіне яго грот-мачты можна было разгледзець белы, з залатымі ліліямі, флаг.
Два чалавекі, сядзеўшыя ў лодцы, маўчалі.
Трохкутная падстава рыфа Ле-Менк'е, нешта накшталт усечанага конуса, большая за ўвесь востраў Джэрсей. Гэты конус знаходзіцца пад вадой. Толькі верхавіна яго, плоскае ўзвышша, застаецца над вадой нават у часе прыліва. Ад яе аддзяляецца шэсць вялізных уцёсаў, якія цягнуцца прамой лініяй на паўночны ўсход, ствараючы нешта накшталт высокай, месцамі разбуранай сцяны. Вузкі праход між узвышшам і гэтымі шасцю ўцёсамі даступны толькі для суднаў, якія вельмі неглыбока сядзяць у вадзе. За лініяй уцёсаў пачынаецца адкрытае мора.
Матрос, які напрасіўся правесці лодку, накіраваў яе прама ў гэты праход. Такім чынам ён ставіў яе пад ахову скал Ле-Менк'е, за якімі ёй можна было не баяцца стрэлаў з эскадры. Ён спрытна прабіраўся ў вузенькай пратоцы, удалымі паваротамі ўхіляючыся ад падводных камняў, якія пагражалі лодцы то справа, то злева. Цяпер уцёсы зусім засланялі яе ад эскадры. Зарыва на гарызонце пачынала бляднець, шалёны грукат кананады патрохі сціхаў дзякуючы таму, што адлегласць усё павялічвалася. Але гарматныя залпы не спыняліся, адкуль можна было заключыць, што карвет яшчэ трымаўся і што ён парашыў выпусціць усе свае знарады да апошняга.
Неўзабаве лодка выбралася ў адкрытае мора. Цяпер ёй ужо не пагражала небяспека — у баку ад рыфаў, па-за стрэламі, далёка ад месца бойкі.
Паступова абрысы мора пачалі святлець, светлыя палосы на небе паміж гарызонтам і хмарамі пашырыліся, грэбні хваляў пабялелі і заблішчэлі празрыстымі пырскамі пены. Дзень настаў.
Лодка схавалася ад суднаў ворага. Карцеч больш не пагражала ёй. Затое пагражала крушэнне. Маленечкая шкарупінка, без палубы, без мачты, без парусаў, без компаса, павінна была змагацца са стыхіяй, спадзяючыся толькі на вёслы. Ледзь значны атам стаяў твар у твар з двума калосамі — акіянам і ўраганам.
І раптам сярод неабдымнай бязлюднай прасторы чалавек, што сядзеў на носе, падняў свой мярцвяна-бледны пры ранішнім святле твар, пільна паглядзеў у вочы чалавеку, які сядзеў на карме, і сказаў:
— Я — брат кананіра, расстралянага па вашаму загаду…