Да ўбогіх духам

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Да ўбогіх духам
Публіцыстыка
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1913
Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 29, 19 ліпня 1913 г., б. 2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Да убогіх духам.

—Шчасьлівы убогіе духам…—сказаў калісь Хрыстос; і мне здаецца што калі Хрыстос казаў гэтые словы, на яго добрым абліччу зайграла балючая усьмешка: Звернуты гэтые словы, мабыць, былі не да пакорных духам селян галілейскіх і рыбакоў, а да тых фальшывых правадыроў народу, каторые любяць першые мейсцы на йгрышчах і першые лаўкі ў бажніцах; каторые растапырваюць абрамоўкі шат сваіх і распускаюць падалкі сьвітак сваіх, ды любяць, каб на рынках кланяліся ім і называлі іх:—вучыцель, вучыцель.

Гэткай шчасьлівай, бо ўбогай духам, ёсць наша, так называная, (відаць праз абмылку), інтэлігенція. Яна ня толькі любіць, але лічыць сваім правам займаць усюды першае мейсцо перад скромным селянствам, ня толькі любіць але і вымагаюць, каб ей на рынках і на дарогах кланяліся. Якім правам, зашто?! Ці затое, што сьвіткі вашы пашыты на тандэце? Сьляпне правадыры! Вы адцэджываеця камара, а вярблюда глытаеця. Вы прыбралі цела сваё у лепшую адзежу, а душа ваша тонець у цемнаце, у грубасьці. Вы ачышчаеця кубак зверху, а ў сярэдзіне ён у вас повен гнілі і бруду. Сьляпые! ачысцьця перш, што у сярэдзіне кубка, каб і тое, што з верху чыстым было. Падобны вы гробам пабелявым: зверху вы здаецёся пекнымі, а у сярэдзіне поўны брыды і гною.

Вы, навучэнне ў пісьме, маглі-бы быць сьветачамі свайго народу, а сталіся лютымі воўкамі ў аўчарні. Вы, заместа аткрываць вочы братом сваім асьлепляеця іх, бо самі вы сьляпые, а і тым што бачаць закрываеця вочы.

Гады вы, племя вужачае!

Зразумейця, што гэта аб вас, казаў Добры Вучыцель: яны абегаюць морэ і зямлю каб зрабіць аднаго новаго сабе падобнаго, а як зробяць, робяць яго сынам пагібелі. Вы любіця прыкрашаць гробы прарокоў і прыбіраць вагробкі справядлівых. Дый кажэця: каб мы жылі ў тые дні бацькоў нашых, то не былі-б участнікамі у крыві прарокоў. І гэтым вы самі на сябе паказываеця, гэто вы сыны тых, каторые пабілі прарокоў. Ці-ж вы ня робіця таго, што і бацькі вашы? Ці вы ня шырыця непраўды, глуму, здзеку над меншымі, слабейшымі братамі вашымі. Ці не забіваеця прарокоў народу свайго на славе, ці не прадаёцё, як юды бацькоўшчыны сваей, не вядзецё яе ва голгофу мук, не раскрыжовываеца?!..

Гляньця на народ, па бацькоўшчыну. Чыімі рукамі прыдушэн ён, чыімі рукамі раскрадзена прадзедоўская слава?

Шчасьлівы убогіе духам, каторые ня чуюць і не разумеюць таго, каторые «кайданамі меняюцца, праўдаю таргуюць» і пышаюцца гэтым! Шчасьлівы убогіе духам, каторые не бачаць свайго убожэства, бруду душ сваіх і з лёгкім сэрцам могуць сабе жадаць першых мейсц і паклоноў!…

Але, памятайця, што вы сыны тых, каторые пабілі прарокоў нашых і што кроў іх ляжыць на душах вашых. Памятайця што, Вы узрасьлі с крыві пабітых і с поту і з мазалёў паганбленых.

Юры Верэшчака.