Да працы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Да працы
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1921


Волі прыждала ты, маці-краіна,
Выйшла на шлях ты з цямноты.
А у сыноў тваіх гнецца ўсё ж спіна,
Працы нямала гаротным.

Глянеш вакола — сэрца захватуе…
Колькі шчэ трэба нам сілы:
Хата старая, стрэхі садратыя,
Хлеў аж хістаецца згнілы.

Вокам акінеш родны палетак, —
Дзёрнам зрасліся загоны…
Хопіць тут працы для нас і для дзетак,
Хоць і працуй без паклону.

Працу даўно тут ужо распачалі:
Бачым між дзёрну разоры,
Ў час і няволі таксама аралі,
Нібы краты свае норы.

Час той загінуў, не трэба хавацца,
Кожны працуе на волі…
Выйдзема, хлопцы, ўсе, выйдзема, братцы,
К працы вялікай на поле!

Ўсе грамадою, не думайце думу,
Дума не йдзе на пажытак…
Здзеку мінулага, крыўды і глуму
Згіне хай у сэрцы адбітак.

Нашу краіну, што звалі ўсе дзікай,
Зробім квяцістай, прыгожай!..
Працы далучым, дык будзе вялікай —
Ў свеце не знойдзем пахожай!

1921