Дарагія Грамадзяне і Грамадзянкі зямлі Беларускай!..
"Дарагія Грамадзяне і Грамадзянкі зямлі Беларускай!.." Прамова Аўтар: Янка Купала 26 чэрвеня 1920 |
Збор твораў у 9 т. Том 8 / Мінск, Маст. Літ., 2002. Стар. 92-94 |
Дарагія Грамадзянкі і Грамадзяне зямлі Беларускай! Вітаю Вас і дзякую Вам ад усяго сэрца за тую памяць, якую Вы захацелі аказаць у сягонняшні дзень мне і маёй пятнаццацігадовай працы на ніве беларускай! Але толькі павінен я тут адзначыць, што гэта пятнаццацігадовая гадаўшчына не да мяне аднаго адносіцца, яна адносіцца да шмат каго з прысутных тут, адносіцца да ўсяго апошніх часоў руху ў беларускім адраджэнні. Усяго пятнаццаць год вялікая ідэя вызвалення з падняволля Беларусі лунае і пашыраецца сярод многамільённага беларускага грамадзянства.
Трудны і цярністы шлях прыйшлося прайсці нам, беларусам, за гэты час змагання за лепшую долю, за лепшую славу для сваёй Бацькаўшчыны.
Але мы змагаліся, змагаемся і будзем змагацца. І наша змаганне не асталося без следу. Мы самі сведкамі таго, што кінутыя мазалістай беларускай рукой здаровыя зерняты зарунеліся на нашых вачох буйнай квяцістай руняй, ад якой можна смела чакаць ураджайнага жніва.
Ні адно на свеце адраджэнне народа, ні адна вялікая ідэя не пашыралася так шпарка, як ідэя нацыянальнага адраджэння беларускага народа.
І сапраўды. Што было пятнаццаць год таму назад і што мы бачым цяпер? Пятнаццаць год таму назад некалькі шалёных галоў захацелі галавамі мур прабіваць — адбудоўваць сваю закованую ў многавяковыя кайданы Бацькаўшчыну, а сягоння без малага ўвесь народ усімі сіламі дамагаецца свайго вызвалення. Пятнаццаць год таму назад аб незалежнасці і падумаць было небяспечна, — сягоння нашы дужэйшыя суседзі самі аб гэтым па-дзяржаўнаму гавораць з намі як з народам, каторы заслужыў па людскому й божаму праву гэту незалежнасць.
Арліным узмахам агняцветнай думкі аб нашай волі мы скінулі і патапталі даўгавечную брахню — брахню, што Беларусі не было і няма. Сваім векапомным і магутным духам народным, што адважна сягае да сонца, мы паказалі свету, што Беларусь была, ёсць і будзе.
Хай Вас, браты Беларусы, не палохае цяперашні бурны крывавы час. Агнём і жалезам куецца моц, гарт, доля і воля народная. Праміне віхор, патухнуць пажары, замрэ свіст меча і настане светлы, радасны дзень змучанага, аграбленага нашага народа.
Хай Вас не палохае, што рвуць нашу зямлю на часці, што хаты нашы спалосканы пажарам, што сяўбу нашу жне нехта іншы, — зямля, засеяная касцямі сыноў беларускіх, будзе вечна належаць да ўнукаў беларускіх; спаленую хату беларускі мазоль адбудуе, а сваю сяўбу ён сам будзе жаць. Хай толькі асвеціць Вас адна вялікая думка — аддаць усё для сваёй Бацькаўшчыны, нават жыццё, калі яна Вас да гэтага пакліча.
На беларускай зямлі было і цяпер ёсць шмат фальшывых прарокаў, шмат рэнегацкіх душ, што за лыжку поснай поліўкі з чужой міскі запрадаюць сябе і свой народ у рабства чужынцам, але гэтага няма чаго баяцца. У адным з псальмаў біблейных сказана: "Стануў Бог у зграмаджэнні багоў і паміжы богамі суды судзіць". Будзем верыць, што і ў нас, беларусаў, прыйдуць новыя людзі, новыя прарокі і будуць па-божаму над фальшывымі прарокамі і прадажнымі душамі суды судзіць, з пакалення ў пакаленне пракляццем успамінаць.
Дык не зважайма на здраду, а пойдзем далей сваім хоць цярністым, але святляным шляхам, па якім дагэтуль ішлі; з верай і надзеяй будзем ісці к лепшай, яснейшай будучыне, к таму вячнаму сонцу праўды і справядлівасці для ўсіх і для кожнага паасобку, і будзе на Беларусі не такое свята, якое мы цяпер святкуем.
Верце, што мы з'яўляемся дзейнымі асобамі, героямі чараўнічай песні, чудатворчай містэрыі, якую тварыць на Беларусі паклікала нас само жыццё. У гэтых чарах, у гэтым выяўленні бяссмертнага чалавечага духу — наша пабеда, наша слава і шчасце — цяпер і ў будучыні.
Перуновым голасам будзем гаварыць з суседзямі сваімі, бліскавічнымі літарамі будзем упісваць сваю гісторыю у векавечную кнігу гісторыі народаў.
З квяцістымі сонечнымі думкамі, з нязломнай верай у лепшую долю і волю пойдзем усё наперад і наперад пад святым сцягам вольнай Беларусі.
Змагайся і стань вольным, Беларускі Народ!
- 26 чэрвеня 1920