Перайсці да зместу

Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі/XIV стагодзьдзе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XIII стагодзьдзе XIV стагодзьдзе
Літаратуразнаўчая праца
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1926 год
XV стагодзьдзе

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ХІV стагодзьдзе.

АРШАНСКАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ ХІV СТ. Забрана з Оршы ў ХІХ ст. і перададзена ў Царкоўна-Архэолёгічны музэй пры Кіяўскай Дух. Акадэміі. Евангельле мае фармат 6Х4½ вярш.; пісана на пэргаміне уставам у 2 гранкі па 28 радкоў у гранцы. У рукапісе зьвяртаюць увагу 2 мастацкія застаўкі і фантастычныя завіткі літар, зложаныя з малюнкаў рожных зьвяроў, птахаў і зьмеяў, а ў двох мяйсцох літары зложаны з малюнкаў людзкіх фігур. У кнізе маюцца маляваныя па золаце воднымі фарбамі два евангелісты: Мацей і Лука. Аршанскае Евангельле зьяўляецца клясычным помнікам стылізаціі крыўскіх рукапісаў у ХІІІ–ХІV ст. ст.

ЕВАНГЕЛЬЛЕ 1317 Г. На крыўскае паходжаньне яго паказуе між іншым лацінскі спосаб парадку лічэбнікаў. Перапісана было гэта евангельле нейкаму Пантэлейману Мартыновічу.

Знаходзіцца ў бібліатэцы СПБ. Акад. Наук, № 2. (Карскі „Бѣлоруссы“ Т. І.).

УГОДЧАЯ ГРАМАТА ГЕДЫМІНА З НЕМЦАМІ 1323 Г., у лац. і нямецк. перакладах. (Срезневскій, „Славяно-русская палеографія“, б. 226 г.).

Грамата пісана нямецкім гарадом: Любэку, Ростоку, Штральзунду, Грынсвальду, Штэціну і Готлянду. У гэтай грамаце Гедымін дае вышназваным гарадом права торгу па ўсіх прыслухаючых яму землях без аплаты мыта, а такжа запрашае сяліцца ў гарадох літоўскіх і крыўскіх рожных рэмесьнікаў, абяцаючы ім дзесяцігадовую польгу ад аплаты ўсіх падаткаў і выпаўненьня павіннасьцяў і пазваляючы ім карыстацца ўсімі прывілеямі Рыжскіх грамадзян, якія такжа мелі ад яго грамату (Бѣляевъ, „Очеркь Исторій Сѣверо-Зап. Края“ Вільня, 1867, б. 83).

УМОВА РЫГІ З ПОЛАЦКАМ, КАЛЯ 1330 Г. Пераховывалася ў Рыжскім архіве. Пісана на вялікім, шырокім кавалку пэргаміну буйным тоўстым уставам асобнага характару.

Пры грамаце дзьве пячаці; на аднэй надпіс „печать епспа григорья“, на другой „печать княжа глебова“.

Біскуп полацкі Грыгоры упамінаецца пад: 6839(=1331) г. ў Ноўгародзкім летапісе; Князь Глеб Рагвалодавіч — брат сьв. Параскевы (Кроніка Быхоўца; Stebelski, „Zywot ss. panien Eufrozyny i Parascevii“ Вільня, 1781). У І-м Ноўгародзкім летапісе пад 6841 г. сказана (зраўняй Васкрэс. лет. пад 6839 г.):

„Нарымонт названы ў хрышчэньні Глеб, прыбыў у Ноўгарад у кастрычніку 1333 году, сын в. кн. Літоўскага Гедыміна“.

Ноўгародцы далі яму Ладагу і Арэхаў на вотчыну, але ён скора вярнуўся ў Літву і атрымаў ад бацькі Пінск, між тым, як Полацак, мабыць, дастаўся Альгерду Гедымінавічу. Некатарыя гісторыкі думаюць, што спомнены ў грамаце Глеб, ёсць гэты другі князь Глеб — Гедымінавіч, а не Рогвалодавіч.

Зьместь граматы:

Тако хочемъ мы горожане смештеремь. переже како вѣсити воскъ на скалвахъ. а вамъ чинити такожь нъ тяжелѣи нашего полупуда. тотъ товаръ которыи вѣсити на скалвах. а язык пускати на товаръ. аколи товаръ на стану станеть отступи прочь. а рукою не приимай. а вѣсцѣви крстъ цѣловати какъ іему право вѣсити. какии ни товаръ будеть. а немцѣмъ дати вѣсчего отъ бѣрковьска заоушня. отъ воску. отъ мѣди. отъ олова. а соль вѣсити оу пудный рѣмѣнь. отъ бѣрковьска оузяти іему долгая. отъ рубля дати іему долгая а вризѣ рускому купцѣви отъ вѣса дати іему от бѣрковьска полъ окря. отъ воску. отъ мѣди. отъ олова. отъ хмѣлю, а соль вѣсити пуднымь рѣмѣнемь, отъ бѣрковьска дати іему отъ вѣса любѣцьскый отъ гривны серебра любѣцьскый. а вѣсити чистый воскъ безъ подъсады безъ смолы. безъ сала. какъ верхъ тако исподъ. ажо привѣзеть нечистый товаръ. а нелюбъ будеть. поіехати іему назадъ со своимь товаромъ. а свой князь тамо казнить іего. аже найдуть оу немѣць нечистый товаръ оу руской земли. поити іему назадъ стоваромь оу ригу. тамъ іего свой князь судить…

УМОВА ГЕДЫМІНА І ЯГО СЫНОЎ ГЛЕБА (НАРЫМОНТА) І АЛЬГЕРДА З РЫГАЙ 1338 ГОДУ. Сыны Гедыміна княжылі ў гэтым часе ў Полацку і Вітабску, і умова заключана ў тарговых справах гэтых гарадоў (А. Сапуновъ, „Рѣка Зап. Двина“ Витабск, 1893, б. 275).

ГРАМАТА КН. КЕЙСТУТА І ЛЮБАРТА ТОРУНСКАМУ МЯШЧАНСТВУ ПАСЬЛЯ 1341 Г. Пераховуецца ў Каралевіцкім (Кенігсбэрскім) архіве. Пісана на невялікім шматку пэргаміну ў 8 радоў. Дае права свабоднага шляху з Торуня ў „Лучьск“ праз Дрогічын і Мельнік.

Аб часе граматы гаворуць імёны князёў: Кейстут кн. Віленскі і Любарт кн. Валынскі, наступнікі Гедыміна, не маглі даць гэтай граматы раней сьмерці Гедыміна — 1341 г.

Грамата дае адну са старэйшых спроб крыўскай стылізаціі скорапісі.

УГОДЧАЯ ГРАМАТА ЛІТОЎСКА-РУСКІХ КНЯЗЁЎ З ПОЛЬСКІМ КАРАЛЁМ КАЗІМІРАМ І МАЗАВЕЦКІМІ КНЯЗЯМІ 1347 Г. „Галоўны Архіў Царства Польскага“, № 673. Выд. у „Актахъ Зап. Россіи“, І, № 1, ў „Сборникѣ др. русскихъ памятниковъ“ А. Смирнова, бал. 58, і праф. Е. Карскім у ст.: „Два древнѢйшихъ русскихъ документа Главнаго архива Царства Польскаго въ Варшавѣ“ (Древности. Труды Археограф. Ком. Имп. Моск. Арх. Общ. Т. І, вып. 3, 1889 г.).

Гедымін ажаніў сына свайго Любарта з дачкой апошняга Валынскага князя Бушай, з роду Галіцкіх князёў. А дачку сваю (невядомую, па імю) аддаў замуж (ў 1331 г.) за Болеслава Тройданавіча, пляменіка Галіцкага князя Юр’я ІІ. Па сьмерці Льва Юр’евіча, цесьця Любарта, валынскія землі перайшлі ў спадку да Юр’я ІІ Галіцкага, які быў пляменікам нябожчыка Льва-Юрьевіча. Любарт Гедымінавіч, як зяць Льва-Юрьевіча, атрымаў з гэтага спадку толькі адзін Луцк.

У 1335 годзе памер і Юры ІІ; ён быў апошнім з роду галіцкіх князёў па мужской лініі. Спадкаемцамі Юр’я ІІ асталіся а) Болеслаў Тройданавіч і б) Буша — зродная сястра Юр’я, жонка Любарта Гедымінавіча. І яны падзялілі паміж сабой спадак: Галічыну атрымаў Болеслаў Тройданавіч, а Валынь з галоўным горадам Валадзімерам дасталася Любарту Гедымінавічу.

Болеслава атруцілі галіцкія баяры, за яго распуснае жыцьцё. Па сьмерці Болеслава не асталося безпасярэдніх спадкаемцаў. Бліжэйшае права на галіцкую спадчыну мелі:

а) Любарт Гедымінавіч, як жанаты з Бушай, зроднай цёткай памершага Болеслава;

б) ўсе браты Любарта, бо сястра іх была за Болеславам Тройданавічам;

в) Вэнгерскі кароль, Карль-Робарт: гэты лічыўся спадкаемцам Галіціі таму, што сто гадоў назад два яго продкі — Андрэй (быўшы вэнгерскі кароль) і сын Андрэя Каламан — нейкі час сядзелі на галіцкім пасадзе;

г) Польскі кароль Казімер ІІІ Вялікі: Казімер лічыўся спадкаемцам Галічыны таму, што Болеслаў Тройданавіч быў сынам Мазавецкага князя, які прыходзіўся яму трызродным братам і знаходзіўся ў васальнай залежнасьці ад Польшчы.

Першы, па сьмерці Болеслава Тройданавіча, кінуўся на Галіцію Казімер Вялікі; захапіў Львоў і скарбец галіцкіх князёў. Захапіўшы Галіцію, Казімер на другі год кінуўся на Валынь, да якой большае права меў Любарт. З гэтага распачалася вайна. Сьпярша Любарту ў вайне не шчасьціла, але пасьля перавага перайшла на яго старану. Разьбіты некалькі разоў, Казімер павінен быў распачаць перагаворы з Гедымінавічамі. Вынікам было замірэньне на два гады, г. зн. — з 1347 да 1349 г. На моцы гэтай умовы пры польскім каралі асталася часова Галічына (адна Львоўская зямля), а удзёлы Луцкі, Бэлзскі, Холмскі, Берасьцейскі і Крэмянец асталіся ў руках літоўскіх князёў.

Зьмест граматы:

Вѣдаи то каждьій члвкъ. кто на тъій листъ посмотритъ. оже я князь еоунутий, и кистутий, и любартъ, юрьий наримонътовичь, юрьий коръятовичь. чинимъі мир твердъіи. ис королемъ казимиромъ польскъімъ. и сомовитомъ и его братомь казимиромъ мазовъскъім, и съ его землъми, краковьскою и судомирьскою, сирязьскою, куявьскою, лучичъскою, добръіньскою, плотьскою, мазовъскою, люблиньскою, сетѣховьскою, и со львовьскою. а за велкого князя олькѣрта и за коръята и за патрикия, и за ихъ съінъі. мъі нслюбуем, тотъ миръ держати вѣлми твердо, безо всякоѣ хитрости, не заимати намъ королевъі землѣ, ни его людий што его слухають. королеви держати львовьскую землю исполна, а намъ держати володимѣрьскую, луцкую, белзьскую, холмьскую, берестиинскую, исполна жь. а миръ отъ покрова бцѣ до иваня дне до купалъ, а отъ иваня дне за. 2. лѣтъ, а городовъ оу руской земли новъіхъ не ставити, ни сожьженого не рубити, доколя миръ стоить, за 2. лѣть. а кремянець держати юрью наримонътовичю отъ князий литовьскъіхъ, и отъ короля за 2. лѣть. а города не рубити. а коли мир станеть, юрью князю города лишитися, аже пойдеть оугорьскъіи король на литву, польскому королеви помагати, аже поидеть на русь што литвъі слушаетъ, королеви не помогати. а поидеть ли царь на ляхи, а любо князи темний, княземъ литовьсцъімъ помагати. аже поидуть на русь што короля слушаеть, литовьскимъ княземъ не помагати. а про любартово ятъство, хочемъ его поставити на судѣ передъ паньі оугорьскими, по сошествьй стго дха за 2. недли, литовьскимъ княземъ стати оу холмѣ. а королеви оу сточьцѣ, кде смолвять тутъ будегъ судъ, тягатися ис королемь. будеть ли ялъ его король по кривдѣ, любартъ будеть правъ, й я князь кистютий буду правъ передъ въгорьскимь королемь, будеть ли король правъ, намъ своего брата любарта дати оугорьскому королеви оу ятъство. а коли будеть по миру, кто не оусхочеть далѣй миру держати, тотъ отповѣсть, а по — отповѣдѣньи стояти миру за мѣсяць. аже поидуть та(та)рове на львовьскую землю, тогда руси на львовьцъ не помагати. аже поидуть та(та)рове на ляхъі, тогда руси неволя поити й съ татарььі. а оу томъ перемирьи кто кому криво оучинить, надобѣ ся оупоминати старѣйшему, и оучинити тому исправу, оучинить которъіи добръіи члвкъ кривду, любо воеводу, а любо панъ, оучинити исправу и съ нимь аже самъ не можеть заплотити тотъ истиньнъій. што же оуложать его оу вину, хочеть ли самъ король заплатити за нь, а его дѣдичьство собѣ оузяти. не оусхочеть ли король самъ заплатити, дасть тому то (дѣ)дичьство, кто его потяжеть. а за избѣга можемъ его добъіти и въідати. аже его не можемъ добъіти, можемь его иска(ти) съ обою сторону. аже побѣгнеть русинъ а любо руска, во львовъ, или холопъ чии, или роба, въідать его. а што у тои грамотѣ писано, тую жъ правду литовьскъімъ княземъ держати. а на то есмъі дали своѣ печати.

ЛАЎРЫШАЎСКАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ ХІV СТ. Пераховуецца ў бібліатэцы князёў Чартарыйскіх у Кракаве. Пісана на пэргаміне. У кнізе маецца 18 мін’ятур і заставак, рысаваных воднымі фарбамі, а такжа маецца 13 ўкладных запісаў; найстарэйшы спаміж іх адносіцца да 1429 году. У мове сустрачаюцца крыўскія асобнасьці: цьвёрдае р і ўжываньне у замест о (баграница, прамо, дундеже, ученикум).

На акладцы, гэтага шацоўнага помніка, маецца ў сярэбранай рамцы выбітае на серабрэ выабражэньне сьвятога з дзідай і шчытом. Паводле традыціі гэта ёсьць выабражэньне Міндаўгава сына Лаўрыша-Войшалка, якому прыпісуюць заснаваньне Лаўрышаўскага манастыра, дзе ён закончыў богабойным мніхам сваё жыцьцё, а па сьмерці быў далучаны да ліку сьвятых.

Падробнае апісаньне гэтага Евангельля даў І. Свенціцкі („Палеографіческо-грамматическое описаніе пергаментнаго Лавришевскаго Евангелія, начала ХІV ст.“ Изд. отд. Руск. яз. и слов. Импер. Акад. Наукъ, 1913 г., ХVІ, кн. І, б.б. 220–228).

Лаўрышаўскі манастыр знаходзіўся на беразе Нёмана, недалёка ад Новагорадка, ў тым мейсцы, дзе і цяпер стаіць вёска Лаўрышава. Аб заснаваньні гэтага манастыра Лаўрышом-Войшалкам, сынам Міндаўга, ў летапісе, пад 1262 г. (С. П. С. Р. Л. ІІ, б. 201), так сказана:

„Войшелкъ прииде опять въ Новогородок и учини собѣ монастырь на рѣцѣ на Нѣмане, межи Литвою и Новым Городкомъ, и ту живяше“.

Лаўрышаўскі манастыр, знаходзячыся паблізку ад Новагорадка, ў якім істнавала з канца ХІІІ ст. мітрапалітальная катэдра, быў адным з слаўнейшых манастыроў у краю. Між мніхамі гэтага манастыра сустрачаем выдатных асоб з княжага роду. Гэтак пад 1278 годам мы знаходзім у летапісах (П. С. Р. Л. ІІ, б. 345).

„Сынъ Тройденовъ Римонтъ, уже въ чернечествѣ сый, живый въ монастырѣ Лавришевскомъ, имя ему чернечское Елисей“.

Хрысьціянства ўсходнага абрадку вельмі рана пранікла ў Крыўскі Новагорадак[1], расьце яно тут і крэпне пры невядомых нам варунках. У другой палавіне ХIII ст. яно на гэтулькі змоцнілася, што вымагае сабе асобнага духоўнага кіравецтва. Візантыцкі імпэратар Андронік Старшы ў 1291 годзе зацьвярджае Новагорадзкую аўтокефальную мітраполію, празначаючы ёй 82 пасад у патрыаршай радзе. Дагэтуль невядома, чым можна тлумачыць стасункова высокае мейсца маладой Новагорадзкай мітраполіі ў герархіі грэцкай царквы — 82-е мейсца на 110 біскупскіх крэсел.

Новагорадзкая мітраполія на адзінадцаць гадоў старэйшая за Галіцкую, якая заснавана ў 1303 годзе і была другой пасьля Кіяўскай на ўсходна-Славянскіх землях. Гэткім чынам, Новагорадзкая мітраполія істнавала ужо да Гэдыміна.

Імя аднаго з першых Новагорадзкіх мітрапалітаў было Тэафіль. З дыплёматара Візантыцкіх імпэратараў відаць, што ў красавіку 1329 году, мітрапаліт Товтвіль (Tovtvilus) прыймаў учасьце у Канстантынопальскім сынодзе (Асtа patriarch. Constantinopoli, І., бал. 147). Акром гэтага, Новагорадзкія мітрапаліты упамінаюцца, як учасьнікі Канстантынопальскіх сынодаў у 1317 г. (жнівень), і 1327 г. (студзень), але безыменна („Latopisiec Litwy i kronika Ruska“) выд. Даніловіча, бб. 72 і 143).

Устаноўленьне ў Новагорадку аўтокефальнай мітраполіі было справай, вымагаючай упорнага змаганьня з цэнтралізмам кіяўскіх мітрапалітаў, якія ўвесь час напіралі на Канстантынопальскі патрыархат, дамагаючыся скасаваньня гэтай мітраполіі, але Новагорадак, упорна вёў змаганьне за сваю незалежнасьць і даволі памысна. У ліпні 1361 году, патрыаршай граматай акрэсьляюцца граніцы Новагорадзкай мітраполіі, ў склад яе ўходзяць біскупіі: Новагорадзкая, Тураўская і Полацкая: акром Смаленска, — немаль усе крыўскія землі. Пасьля-ж заняцьця Кіява, Новагорадзкія мітрапаліты стараюцца ўлучыць або ўзалежніць ад сябе і Кіяў.

Палітыка Альгерда была зьвернута на Ўсход і імкнулася да утварэньня з Крыўскіх, Украінскіх і Літоўскіх зямель крэпкай дзяржавы ад Балтыцкага да Чорнага мора. Мудрай палітыкай ён пашыраў сваю ўладу на Вітабск, Полацак, Смаленск, Вільню, Новагорадак і Кіяў. Але ён разумеў, што гэта вялікая дзяржава можа ўтрымацца толькі тады, калі жыхары яе будуць зьліты ў адно цэлае рэлігіяй.

Да гэтага спасобіўся Альгерд і, як здаецца, спасобіў да таго ўсе свае землі. Але перш ён хацеў мець у межах свае дзяржавы кіравецтва праваслаўнай царквой. З гэтай мэтай пачаў дабівацца ў Канстантынопальскага патрыархату, каб брат яго жонкі (Марыі Яраслаўны, кн. Вітабскай), князь Раман, мітрапаліт Новагорадзкі, быў высьвячаны і на мітрапаліта, „ўсёй Русі“, з аддачай пад яго зьверхнасьць мітраполіі Новагорадзкай, Галіцкай і Кіяўскай, а такжа біскупіі Маскоўскай.

Гэтага апошняга баялася Масква і са свае стараны рабіла захады перад патрыархам, каб яе кандыдат, Аляксей, быў высьвячаны на мітрапаліта Кіяўскага і „ўсёй Русі“, з мейсцам прабываньня ў Валадзімеры-Суздальскім.

У 1354 годзе Канстантынопальскі патрыархат, атрымаўшы ад абодвых кандыдатаў багатыя дары, абодвых-жа, і Маскоўскага — Аляксея, і Новагорадзкага — Рамана, немаль адначасова, высьвяціў на Кіяўскіх мітрапалітаў і „ўсей Русі“.

З гэтага моманту пачынаецца доўгае і упорнае змаганьне за ўплывы над праваслаўнай царквой паміж Літвой і Масковіяй. Як вынік гэтага змаганьня, утвараецца яшчэ адна новая мітраполія — Валадзімера-Маскоўская. І Масква і Новагорадак імкнуцца заваладзець тытулам Кіяўскага мітрапаліта. Масква з гэтай мэтай пачародна ўсіх першых сваіх мітрапалітаў кананізуе і ставіць на аўтары, акружае іх аўрэолям сьвятасьці, а аб Літве шырыць вестки, што гэта край паганскі, дзе забіваюць і прасьледуюць хрысьціянаў (гл. ніжэй: „Мученіе святыхъ Новоявленыхъ мученікъ родом Літвы Іоанна, Антонія і Еустаѳія“). Адна і другая старана добра разумее, што каля пытаньня аб цэнтры царкоўнага кіравецтва важацца лёсы пад кім об’яднаецца ўсходная Славяншчына — пад нашчадкамі Гедыміна, ці Івана Каліты. Масковія была паярэмлена татарамі, Літва была вольнай. Усе шансы былі на старане Гедымінавічаў.

Ход гісторыі быў павернуты саўсім ў іншы бок сынам Альгерда, В. Кн. Літоўскім Ягайлам, які перайшоў у каталіцтва і злучыў Літву з Польшчай. Ягайлавічы сталіся пропагатарамі рымскіх уплываў, а Масква атрымала нечаканы сукцэс: у яе рукі перайшло кіравецтва „рускай верай“ і, — што з гэтага вынікае, — народнасьцю. Вял. Кн. Маскоўскі становіцца адзіным праваслаўным манархам на славянскім усходзе.

Вельмі загадковае і дагэтуль яшчэ выстарчаюча ня высьветленае пытаньне аб „паганстве“ літоўскіх князёў. З аднэй стараны, цьвёрда ўстанавілася апіпія, што да Ягайлы Літва была краем паганскім, што пануючай верай было паганства, з другой стараны, гістарычныя данныя паказуюць наадварот, што большасьць ведамых гісторыі літоўскіх князёў вызнавалі хрысьціянства ўсходнага абрадку.

Гэтак з князёў Новагорадзкіх, паводле гістарычных данных былі хрысьціянамі:

1. Гінвіл Мінгайлавіч, у хрышчэньні Юры; паводле польскіх гісторыкаў быў Полацкім князям (1125†1199), (Kojałowcz. „Hist. Litwy“ Р. І, б. 69; Stebelski. „Žywot S.S. Eufroz. i Parasc.“ бал. 147. Narbut. „D. N. L.“, III. б. 307–316).

2. Барыс Гінвілавіч, (1146†1206). (Як вышэй: Kojalovič, Narbut, Stebelski).

3. Васіль-Рогвалод Барысавіч (1164†1223). (Тыя-ж аўторы).

4. Глеб Рогвалодавіч. (Тыя-ж аўторы).

5. Міндоўг Рынгольдавіч (1203†1263). У Густынскім летапісе сказана: „Пріять вѣру христіанскую отъ востока“. („Полн. Собр. Р. Л. Т. ІІ, б. 341).

6. Доўмунд або Монвід ці Арвід сын Эрдзівіла Ігуміса, паводле Стрыйкоўскага Смаленскі князь (Stryjkowski. „Kronika“, 1845, ч. І, б. 286).

7. Вікунд, сын Эрдзівіла Ігуміса, князь Вітайскі (Witejski), (Stryjkowski. „Kronika“, 1845, б. 286).

8. Тоўтвіл, у хрысьціянстве Тэафіль (Ѳеофил), сын Эрдзівіла Ігуміса; быў князям Полацкім, забіты 1264 г. (Stryjkowski. „Kronika“, б. 286).

9. Войшел або Вольштінік Міндаўговіч (1223†1267) (Latop. Litwy i kron. Rus. б. 148).

З князёў Завілейскіх былі хрысьціянамі:

1. Доўмунт Гермундавіч у хрышчэньні Цімафей, які быў пасьля Пскоўскім князям(1227†1299). („Latopis. Litwy i kron. Rus.“ Даніловіча, бб. 149, 150; „П. С. Р. Л.“, т. ІІ, б. 345).

2. Нарымунд-Сірпуці Ромундовіч (†1284). („Obraz Litwy“ Ярошэвіча, Т. ІІ, б. 2; Карамзинъ. „Истор. гос. Росс.“, т. ІV, б. 377).

3. Гольша-Лесій Ромундовіч (там-жа).

4. Гедрус-Свількель Ромундовіч (там-жа).

5. Рымунд Тройданавіч, у хрышчэньні Лаўрын або Лаўр, які ўступіў пасад Вітэнасу (радзіўся 1281 г.). Stebelski. „Žywot S.S. Eufroz. i Parasc.“, б. 173; Narbut. „Dzieje Narodu Litewsk.“, ІV, б. 297; „П. Собр. Р. Л.“ Т. ІI, б. 345). У Густынскім Летапісе ён названы Елісеем, які жыў у Лаўрышаўскім манастыры, але са Стэбэльскага відаць, што Елісей — іншая асоба.

6. Міндоўг-Альгімунтавіч, ў хрышчэньні Іан, быў Кіяўскім намесьнікам („Latopis. Litwy i kron. Rus.“, б. 227).

7. Нелюб сын Міндаўга-Іана, ў хрышчэньні Александар (†1406). („Latopis. Litwy i kron. Rus.“).

Пасьля злучэньня князьстваў Завілейскага і Новагорадзкага былі хрысьціянамі:

1. Воін сын Вітэнаса, ў хрышчэньні Васілі, кн. Полацкі (1269–1350). (Narbut „Dzieje Nar. Lit.“ Т. ІV, бал. 485).

2. Нарымунт Гедымінавіч, у хрышчэньні Глеб, князь Пінскі (1277†1348). (Naruszewicz. „Hist. Nar.Polsk.“ выд. 2-е, Т. 9, бал. ХІ; Narbut „Dzieje Nar. Lit.“, Т. V., б. 30, увага 1; Стрыйкоўскі называе яго ў хрышчэньн. Васілём: Stryjkowski „Kronika“, 1845, ч. ІІ, б. 74).

3. Альгерд Гедымінавіч в. кн. Літоўскі і Вітабскі (радзіўся 1296†1377), у хрышчэньні Александар у мністве Аляксей (Stryjkowski „Kronika“, 1845, ч. ІІ, б. 14; Карамзинъ „Истор. госуд. Росс.“, Т. ІV, прыпіска 267 і Т. V, бал. 51 і прыпіска 50).

4. Любарт Гедымінавіч, у хрышчэньні Фёдар (радзіўся 1386 г.), князь Луцкі (Карамзинъ „Ист. Гос. Росс.“, Т. ІV, б. 193; Stryjkowski „Kronika“, 1845, ч. ІІ, б.б. 41 і 74).

5. Корыят Гедымінавіч, ў хрышчэньні Міхайла, 1301†каля 1357. (Naruszewicz, „Hist. Narod. Pol.“, выд. 2, Т. 9, б. ХIII).

6. Яўнута, Янута Гедымінавіч, ў хрышчэньні Іан (радзіўся 1306), вялікі князь Літоўскі, пазьней князь Заслаўскі (каля Менску). (Stryjkowski „Kronika“, 1845, ч. ІІ, бал. 3).

7. Александар Нарымунтавіч (Глебавіч). („Latopis. Litwy i kron. Ruska“, б. 163).

8. Андрэй-Вінгальт Альгердавіч, Полацкі князь (Stryjkowski „Kronika“, 1845, ч. ІІ, б. 57 і 76; „Latopisec Litwy i kron. Ruska“, б. 165 i 167; Długosz, „Hist. Pol.“, б. 61; Stebelski, „Chronologia“ б. 12, прыпіска 6; Naruszewicz, „Hist. Nar. Pol.“, выд. 2, Т. 9, б. ХVII).

9. Дзьмітры Альгердавіч, князь Трубчэўскі (Stryjkowski „Kronika“, 1845, ч. ІІ, б. 58).

10. Корыгайла Альгердавіч, у хрышчэньні Канстантын, а пасьля прыняцьця каталіцтва — Казімер, князь Чарнігаўскі і Чартарыйскі, забіты 1390 г. (Stebelski, „Chronologia“ б. 8; Stryjkowski „Kronika“ 1845, ч. ІІ, б. 57. Narbut, „Dzieje Nar. Lit.“, Т. V. б. 145).

11. Валадзімер Альгердавіч, князь Кіяўскі, а пазьней Капыльскі, радзіўся 1316 г. (Naruszewicz, „Hist. Nar. Pol.“, выд. 2. т. 10, б. 217 і прыпіска 2; Stryjkowski „Kronika“, 1845, ч. ІI. б.б. 57 і 74).

12. Корыбут Альгердавіч, у хрышчэньні Дзьмітры — 1358†1399. (Długosz, „Hist. Pol.“ б. 125; Stryjkowski „Kronika“, 1845, ч. ІІ, бб. 58 і 74; Stebelski, „Chronologia“, бал. 8).

13. Скіргайла Альгердавіч, у хрышчэньні Іан, пасьля прыняцьця каталіцтва, — Казімер, кн. Троцкі, пазьней — вялікі князь Літоўскі, урэшце, — Кіяўскі намесьнік. („Latopis. Litwy i kron. Ruska“ б. 47; Długosz, „Hist. Pol.“ б. 60 і 142; Stryjkowski „Kronika“, 1845, ч. ІI, б. 58; Stebelski, „Chronologia“, бб. 8 і 15).

14. Ягайла, у хрышчэньні Якуб (мы думаем, па аналёгіі з народнай вымовай: Іоанн — „Югайла“, Іоанна — „Югася“, што хроснае імя яго было Іоан), пасьля прыняцьця каталіцтва — Ўладыслаў, князь Вітабскі, пазьней — вялікі князь Літоўскі і ўрэшце, — кароль Польскі — 1350†1434. ( Długosz, „Hist. Pol.“, б. 60; Stryjkowski „Kronika“, 1845, ч. ІІ б. 58; Narbut, „Dzieje Nar. Litewsk.“, t. V, б. 239; Kraszewski, „Histor. Litwy“).

15. Луквён (Лигвеній) Сымон Альгердавіч, князь Мсціслаўскі („Latop. Litwy i kron. Ruska“, б. 205; Stryjkowski „Kronika“, ч. ІI, 1845 г., бб. 57 і 74).

16. Сьвідрыгайла Альгердавіч, у хрышчэньні Леў, пасьля прыняцьця каталіцтва — Болеслаў. ( Naruszewicz, „Hist. Nar. Pol.“, выд. 2, Т. 9, бал, ХІХ; Stebelski, „Chronologia“, б. 8; Narbut, „Dzieje Nar. Litew.“, Т. V, б. 239; Stryjkowski „Kronika“, ч. ІI, б. 58).

17. Зодзевіт Альгердавіч, у хрышчэньні Іоан. (Stryjkowski, „Kronika“, ч. ІІ, б. 57).

18. Міхайла-Васілі Альгердавіч, пасьля прыняцьця хрысьціянства — Александр-Вігунд, князь Керноўскі, атручаны 1392.

19. Вітаўт або Вітальд Кестутавіч, ў хрышчэньні Александр, пасьля прыняцьця каталіцтва ў Крыжакаў — Віганд, у палякаў — Александр (1344–1430).

З гэтага сьпіску вынікае, што ў кождым здарэньні Літоўская дынастыя не вызнавала паганскай веры. Адзіна праўдзівым будзе тлумачэньне гэтага зьявішча такое, якое летапісец Гэнрык Латыш высказаў аб Полацкіх князёх: „яны ня маюць звычаю навяртаць у хрысьціянства“, што магло быць вынікам шырокай рэлігійнай толеранціі. Вярхі грамадзянства вызнавалі вышэйшую форму рэлігіі — хрысьціянства, а нізы, і, хто хацеў, вызнавалі паганскую веру і абраднасьць. Як ведама, яшчэ ў ХV ст. каталікі лічылі ўсходна-славянскіх праваслаўных „паганамі”, можа гэта і небезпадстаўна ў значэньні двоевернасьці ў абычаях і абраднасьці нашага першапачатнага хрысьціянства.

НАДАНЬНЕ ЮРЬЯ БАЛКОВІЧА ЛАЎРЫШАЎСКАМУ МАНАСТЫРУ ЗАГАДАМ КНЯЗЯ МІХАЙЛЫ ГЕДЫМІНАВІЧА, КАЛЯ 1350 Г. Ўпісана ў Евангельле, якое належала Чартарыскім, цяпер — „Имп. Публ. библ.“, (Востоковъ, „Описаніе рукоп. Румянц. музея“, 124).

КУПЧАЯ І МЕННАЯ ГРАМАТЫ АЛЕХНЫ РАМАШКОВІЧА, ПАЦЬВЕРДЖАНЬНЕ НА ІХ ВЯЛ. КН. АЛЬГЕРДА, КАЛЯ 1350 Г. (Востоковъ, „Описаніе рукоп. Рум. муз.“, 117).

УМОВА СМАЛЕНСКАГА КНЯЗЯ ІВАНА АЛЕКСАНДРАВІЧА З РЫГАЙ (1330–1359 Г.). Маскоўскі Архіў Мін. Замеж. Спраў. „Собр. гос. гр. и дог.“ (ІІ, № 8). Сахаровъ, т. V. Пісана на лісьце паперы, буйным уставам і мае 21 рад пісьма. Гэта умова зьяўляецца апошняй умовай Смаленска з Рыгай. У умове князь піша:

„докончалъ есмь по тому докончанью, како то брать мой старѣйший Кгедиминъ и его дѣти Глѣбъ (Нарымонт) и Алкердъ докончали“.

Смаленск да ІХ ст. быў галоўным горадам племя Крывічоў. Пасьля таго, як Варагі абасновіліся ў крыўскім Ноўгарадзе, ў хуткім часе сучасьнік Рурыка Алег падбіў і Смаленск. З гэтага часу князяваў тут род варажскіх князёў Рурыкавічаў і Смаленск пераходзіў з рук у рукі да ХІІ стагодзьдзя. У 1127 годзе Смаленск вызваліўся з-пад улады дынастыі кіяўскіх князёў. Першым незалежным князям быў у Смаленску Расціслаў Мсціславіч (1127–1159). З гэтага часу дынастыя Расціславічаў стала князюе ў Смаленску, які ўходзіць у круг інтэрасаў крыўскіх зямель, што раз больш адыходзячы ад кругу інтэрасаў украінскіх і маскальскіх зямель. З канца ХІІІ і да пачатку ХV ст. Смаленск змагаецца за сваю незалежнасьць. Нажаль, аб гэтым героічным кругабегу часу захавалася мала вестак. Тлумачыцца гэта тым, што смаленскія летапісы пагінулі ў часе войн і пажараў, а ўсходна-рускія летапісцы не займаліся ўжо Смаленскам, як ня ўходзячым у круг іх інтэрасаў. Калі заходна-крыўскія землі пачалі адбудовываць сваю даўную незалежнасьць пад імем Літвы, Смаленск раней-пазьней павінен быў увайсьці ў склад Літоўска-Крыўскай дзяржавы.

І, вось, пры Александры Глебавічы, як ўжо пачала крэпнуць Масква, якая перш прыслухала Смаленску, то яна стала адрываць да сябе смаленскія гарады. Прыкладам, калі Маскоўскі князь Юры Данілавіч (†1325) адабраў Мажайск, то Смаленск збліжаецца да Літвы. Ужо з умовы Гедыміна з Рыгай (1338 г.), даведываемося, што Смаленскі князь Іван Александравіч, сын Александра Глебавіча, лічыцца „малодшым братам“ Гедыміна.

Пры Альгердзе, сыне Гедыміна, збліжэньне Смаленскай зямлі з рэштай крыўскіх зямель, а’бяднаных у вял. кн. Літоўскае так змоцнілася, што смаленскія князі ўступаюць у склад Літвы, як фэдэральная часьць яе. Вялікі кн. Альгерд становіцца крэпкім абаронцам Смаленскай незалежнасьці ад прэтэнсій Масквы: гэтак пры Сімеоне Гордым (1341†1353) Альгерд хадзіў на Маскву, каб вярнуць Смаленску Мажайск, але гэта чамусь не ўдалося; ў 1352 годзе Маскоўскі князь Сімеон выступіў з грамадным войскам супроць Смаленскага князя Івана Александравіча, за якога заступіўся Альгерд і паход кончыўся перагаворамі сьпярша на рацэ Протве, а пасьля — Угры. Бачучы, што сілай ня здужае заваладаць Смаленскам, Масква пачала праз сваіх староннікаў падгатаўляць у Смаленску паўстаньне, якое выбухла ў 1358 годзе, але няўдачна.

У 1359 годзе Смаленскі князь Іван Александравіч памёр; сын яго Сьвятаслаў Іванавіч урочыстай прысягай змацаваў сваё добравольнае аб’яднаньне з вялікім князьствам Літоўска-Рускім (Крыўскім).

За Смаленск, паміж Альгердам і Масквой, былі частыя закалоты, але Масква ў ХІІІ ст. ня была яшчэ паважнай сілай. Ўзаемастасункі тагочаснай Масквы і в. кн. Літоўска-Рускага (Крыўскага) даволі добра характэрызуе апавяданье аб адным з паходаў Альгерда на Маскву пры Маскоўскім князю Дзьмітры Іванавічы (1361–1389), якое захавалася ў „Кроніках в. кн. Літоўскага, Рускага і Жомойтскага“. Друкуем паводле сьпіску Евреінаўскага і Быхаўца (ў злучанай рэдакціі):

[И въ тыи часы кнзь][2] великиі Олкирдъ Кгидимонтович Литовскиі [и Руский] исправляючи урядно гсдрьство свое не мало время гсдрствовал в великом княжствѣ Литовском [и] был в [до]кончанию и в доброи приѣзни с великим кнзем Димитриемъ Ивановичем Московским. Тои же кнзь великиі Димитреи Ивановичь, без всякие вины оставил докончалую приѣзнь прислал к великому кнзю Олкгирду посла своег[о] с ызвѣтом и прислал к нему огонь да саблю (даючи ему вѣдати што[3] буду в земли твоеи по краснои вѣсне и по тихому лѣту. И князь великиі Олкгирд вынял из огнива губку а[4] кремень и запаливъ губку далъ послу и рекъ [так]: даи то гсдрю своему і скажи ему што у нас в Литвѣ огонь е. Же онъ извѣчает мнѣ хотячи в моеи землѣ быти по краснои вѣсне і по тихому лѣту, а [я дасть Бог] у него буду на велик день и поцелую его красным яицом, [через щит] сулицою, а з Бжиею помощию къ городу [его] Москвѣ копие свое прислоню [Бо] не то воин[5], што [часу подобного валчит, але то валечник, коли непогода валки тогды над непрыятелем своим неприязни доводит][6]. И отпустивши посла и собрал воиско свое Литовское и Руское и пошел из Витепска просто [ку Москвѣ] и на самыі велик днь рано кнзь великиі с князи и з боляры [от заутрени] шол из цркви, а кнзь великиі Олкгирдъ со всѣми [силами] своими [роспустивши хоругви своі] показался под Москвою на Поклоной горѣ. Кнзь великиі Димитреи Ивановичь Московски [впаде в страх велик и ужасеся видячи великого кнзя Олкгирда з великою силою его, иж пришол на него так моцне а силне] подле слова своего.[7] И не мог (учы)ему ни единаг опору вчинити, послал к нему [просячи и великии дары ему обецаючы] дабы его из вотчины его с Москвы не выгнал и гнѣвъ свои отпустил и взял бы у него что хотел. И кнзь великиі Олкгирдъ [сожалися и] любовь свою над ним учинил [из Москвы его нё добывал и] мир с нім взял. И потом смолву[8] учинивши и сам кнзь великиі Димитреи Иванович к нему выѣхал і с нимъ видялся и дары многие [безчисленно золота серебра и дорогим жемчугом и собольми и инным дорогим, и дивным звѣрем мохнатым князя] великого кнзя Олкгирда даровал и шкоду што он в землю [его] идучи принял то ему заступилъ і затым[9] Олкгирдъ рек великому кнзю: (ачкольвек)[10] есми с тобою и помирилися, но мнѣ ся іноче не годить[11] а ни достоит толкѣ хочю под городом твоим Москвою копие свое приклонити,[12] а ту славу учинити што великиі кнзь Литовскиі и Рускиі и Жемойтцкиі Олкгирдъ копие свое под Москвою приклонил. И всѣдши сам на конь и копие свое вземши в руки и приѣхав к(о) городу и копие свое к городу приклонилъ и ѣдучи назад и рѣкъ такъ великим голосом: княже великиі Московскиі памятуи то, што[13] копие Литовское стояло под Москвою. И потом кнзь великиі Олкгирдъ со всѣми воиски своими с великою честию і со многимъ [полоном и невымовным добытком звоевавши[14]] и городы многие побравши и границу учинил по Можаескъ а[15] по Коломну и много людеи попленил [и зо всими людьми своими в цѣлости во свояси отыде].

ГРАМАТА КНЯЗЯ АЛЬГЕРДА КАНСТАНТЫНОПАЛЬСКАМУ ПАТРЫАРХУ 1371 Г. (Срезневскій, „Славяно-русская палеографія“).

У пачатку 1371 г. Альгерд прасіў Канстантынопальскага патрыарха назначыць асобнага мітрапаліта для Літоўскай праваслаўнай царквы, бо Маскоўскі мітрапаліт Аляксей:

„благаслаўляе масквіцян на праліцьцё крыві… хто прысягаў мне і ўцёк у Маскву, з таго мітрапаліт зьнімае прысягу“.

„М(У)Ч(Е)НІЕ СТЫХ НОВОЯВЛЕНЫ(Х) МЧНКЬ РОДО(М) ЛИТВЫ ІОАННА, АНТОНІЯ І ЕЎСТАѲІА. ЛИТОВСКАЯ(Ж) ИМЕНА КРУГЛЕЦЬ, КОУМЕЦЬ, НЕЖИЛО“. Захавалася ў Пралогу 1512 году (Вілен. публ. бібліатэкі), напісаным і апраўленым у Любчы. Жыцьцёпісы мучанікаў былі сьпісаны праўдападобна ў Маскве перад канонізаціяй, каля 1355 году. Астанкі гэтых мучанікаў, як кажа пр. Карскі („Белорусы“ Т. ІІІ), былі для канонізаціі перавезены ў 1374 годзе ў Канстантынопаль і там канонізаваны патрыархам Філафеям, паводле-ж жыцьцёпісу, — пахаваны ў Вільні ў царкве сьв. Мікалая. Першапачатковы рукапіс загінуў. Для канонізацыі мусіў быць пераклад жыцьцёпісаў і на грэцкую мову ды такжа не захаваўся; захавалася нейкім чынам сэрбская рэдакція з ХV ст.

Зьмест гэтай легенды такі. Манах, па імені Нэстар, навярнуў у хрысьціянства двох віленскіх Альгердавых дваранаў, родных братоў Кумца і Нежыло. Гэты браты, прыняўшы хрысьціянства, перасталі прытрымлівацца паганскіх абычаяў і, пэўне, трымалі сябе вызываюча ў стасунку да паганскай абраднасьці і духавенства. Альгерд загадаў пасадзіць іх у вязьніцу. Кумец і Нежыло (у хрышчэньні Іоан і Антоні), будучы ў вязьніцы абярнулі яе ў мейсца пропаведзі, чым выклікалі замяшаньне ў горадзе. У выніку захадаў паганскай партыі Кумец і Нежыло былі павешаны за горадам у дубовым гаю, дзе цяпер стаіць Сьв.-Троецкі манастыр. Хрысьціяне зьнялі целы павешаных за хрысьціянства, а, знача, мучанікаў і пахавалі іх у царкве сьв. Мікалая. Гэта было каля 1346—7 году. Праз некалькі месяцаў пацярпеў на тым-жа мейсцы сваяк Кумца і Нежылы, лоўчы Куклей (іншыя называюць — Міклей), па прозьвішчу Круглец, які быў прыняўшы хрысьціянства пад імем Астапа (Еустаѳія). Сумнае здарэньне Масква пасьпяшыла выкарыстаць для сваіх палітычных мэт перад Канстантынопальскім патрыархам. Маскоўскі мітрапаліт Аляксей у 1355 годзе прызнаў іх сьвятымі. У выніку вышла, што ў в. кн. Літоўскім пагане мучаць хрысьціянаў. Гэты аргумант ў тыя часы быў вельмі важны, бо і Масква і Вільня вялі змаганьне за патранат над усходнім праваслаўем. Маскве важна было утрымаць патрыарха ў пераконаньню, што літвіны — „агнепаклоннікі“, пагане, не глядзя на тое, што і сам Альгерд быў хрысьціянінам і яго пасад быў акружаны хрысьціянамі таго-ж усходнага абрадку. Гэта нетасоўнасьць гістарычных данных з жыцьёпісам мучанікаў прымусіла навейшых праваслаўных гісторыкаў высунуць гіпотэзу, што Кумец, Нежыло і Круглец былі замучаны не пры Альгердзе, а пры Гедыміне (гл. „Истор. оч. православія, католич. и уніи въ Бѣлорус. и Литвѣ“, Вільня, 1899, б. 17 ссылка). Ад 1347 і да 1826 году ніякіх пэўных данных аб рэліквіях гэтых сьвятых няма.

Рэліквіі былі знойдзены ў 1826 годзе ў сьв.-Духаўскай манастырскай царкве, тагочасным архімандрытам і выстаўлены на пакланеньне з ўрочыстымі цэладнеўнымі набажэнствамі манахаў. Але гэта чамусьці непадабалася Віленскаму генерал-губэрнатару Рымскаму-Корсакову, і па яго загаду ў царкву прыйшоў паліцмайстар і патрэбаваў каб рэліквіі былі паложаны ізноў у склеп. Архімандрыт пажаліўся на гэта Менскаму архібіскупу Анатолію, якому прыслухаў тады Віленскі сьвятадухаўскі манастыр. Архіб. Анатолі патрэбаваў ад архімандрыта тлумачэньня, па чым ён пазнаў, што гэта ёсць рэліквіі тых самых сьвятых. Архімандрыт даў патрэбнае тлумачэньне, якое пайшло ў Сьвятарнейшы Сынод. Сынод назначыў Менскага архібіскупа Анатолія і біскупа Нежынскага і Чарнігаўскага Лаўрына упэўніцца на мейсцы, ў Вільні, аб праўдзівасьці рэліквій. Названыя біскупы, агледзіўшы, прызналі рэліквіі праўдзівымі. З вывадам біскупаў згодзіўся і Сынод. („Живописная Россія под рэдакціей Семенова“ СПБ. 1882, бб. 134–144). Гэткім чынам імёны пабітых за „рускую веру“ яшчэ раз былі выкарыстываны, але ўжо пры другіх ўзаемастасунках Масквы і Вільні.

ВИЛЕНСКАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ ХІІІ–ХІV СТ. Гэтае Евангельле ў пачатках ХІХ ст. бачыў у Прачысьценскай царкве гісторык Нарбут, які знайшоў у ім цікавы для гісторыі запіс:

„Великіи литовскій князь Андрей Гедыминовичъ, въ святой схимѣ Алексій, усопши на память Палтона и Романа“.

Нам здаецца, што аднак запіс ня быў акуратна расчытаны Нарбутам, бо імя Альгерд ёсць выводнае ад „Александр“, а не ад „Андрэй“.

ПОЛАЦКАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ ХІV СТ. Прыналежала полацк. Прадцечанскаму манастыру, цяпер у Петраградзкай Публ. бібліатэцы („Кат. библ. Толст.“, ІІ, № 3). Пісана уставам.

ВІТАБСКАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ ХІV СТ. Прыналежала полацкаму Прадцечанскаму манастыру. Ў пачатках ХІХ ст. забрана ў Петраградзкую Публічную бібліатэку. (Аддзел І, № 2).

ГРАМАТА КНЯГІНІ ЮЛЬЯНІІ, ЖАНЫ В. КН. АЛЬГЕРДА, КАЛЯ 1377 ГОДУ. Грамата ўпісана ў Евангельле ХІV ст., якое пераховуецца ў Петр. Публ. бібліатэцы („Кат. библ. гр. Толст.“ ІІІ, № 3). Грамату гэту даем тут у адбітцы. Кн. Юльянія, другая жана в. кн. Альгерда, жыла пасьля яго сьмерці ў Вітабску (†1377), як дажывотная валадарка Вітабскага князьства. У часе бытнасьці ў Вітабску Юльянія заснавала пры царкве Сьв. Духа, пабудаванай яшчэ Альгердам, жаночы Духаўскі манастыр, дзе пастрыглася ў манахіні, прыняўшы імя Марыя.

Княгіня Ульянія якабы пахавана ў Вільні ў Прачысьценскім саборы. У 1810 годзе, пры перабудоўцы гэтага сабору на анатомічны тэатр, была знойдзена сярэбраная нагробная дашка, на якой было імя „Ульянія“, дашку ўзяў тагочасны рэктар віленскага унівэрсытэту Малеўскі, і яна, як непажаданы помнік мясцовай (ня — польскай) гісторыі, недзе зьнікла. („Сборн. пост. по мин. нар. просв.", Т. І., бал. 456). Ў „Собр. Др. грам. и акт.“, Вільня, 1843 г. сказана „была выкапана бляшаная дашка з рускім надпісам імені княгіні Ульяны“.

ТРОЦКАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ ХІV СТ. Пісанае ў чацьвёрку, ў адну гранку, уставам. Выдана літаграфаванымі табліцамі.

ГРАМАТА В. КН. ВІТАЎТА ТРОЦКАМУ БОГАРОДЗІЦКАМУ МАНАСТЫРУ, 1384 Г.

„Мы велики князь Витовт нареченный во святомъ крщени Александеръ, дали мы на просьбу и на жоданье княгини нашое великое Ульяны, къ монастыру нашому троцкому рожеству светое пречистое, озера троцкого луку аж до великое дороги, гдеж и камень на горе казали есмо передъ собою положити, а други камень за озеромъ противъ того каменя казали есмо положити, близко рогу, што на горе положонъ, маеть игуменъ по тую границу тую луку держати и вживати и его потомки на вечные часы а втот монастыръ и в тую луку, не мають се вступовати, ни митрополитъ, ани владыка, ани воевода троцки ани ихъ наместники“.

(„Собр. Др. грам. и акт.“, ч. ІІ, № 55).

ГРАМАТА ПОЛАЦКАГА КН. АНДРЭЯ КРЫЖАЦКАМУ ОРДЭНУ, 1385 Г.; захавалася ў летапісе. (Срезневскій „Славяно-русск. палеографія“, б. 226),

Па сьмерці Альгерда (†1377 г.) асталося 12 яго сыноў і сем дачок.

З першай жанідзьбы з Мар’яй Яраславаўнай, князёўнай Вітабскай, Альгерд меў 6 сыноў: Валадзімера князя Кіяўскага, Іана Задзевіта князя Падольскага, Сымона-Луквёна (Лыгвенія) кн. Мсціслаўскага і намесьніка Ноўгародзкага, Андрэя-Вінгальта кн. Полацкага, Канстантына-Карыгайлу кн. Чарнігаўскага, пятага — Чартарыйскага і шостага — Борыса-Буттава.

З другой жанідзьбы з Юльяніяй, князёўнай Тверскай, такжа меў 6 сыноў, у іх ліку Ягайлу (пазьней па хрышчэньні ў каталіцтва — Уладыслава, караля Польскага), які быў Вітабскім князям. Альгерд, пад уплывам княгіні Юльяніі, уміраючы назначыў Ягайлу сваім наступнікам на Віленскі вялікакнязяўскі пасад. Гэта ўразіла другіх, старшых сыноў Альгерда, а найболей — найстаршага сына з першай жанідзьбы, князя Андрэя Полацкага, які ня толькі не прызнаў Ягайлы вялікім князям, але адкрыта паўстаў супроць яго, лічучы сябе праўным наступнікам вялікакнязяўскага пасаду. Дзеля гэтага, першым актам Ягайлы па заняцьці вялікакнязяўскага пасаду была вайна з Полацкім князям Андрэям. Падтрыманы дзядзькам сваім Кейстутам, Ягайла разьбіў Андрэя, які пасьля гэтага ўцёк у Пскоў. У Полацку-ж Ягайла і Кейстут пасадзілі князям Кейстутавага сына Андрэя Гарбатага.

Пскоўцы абралі Андрэя Альгердавіча на Пскоўскага князя, але не хацелі ваяваць з Ягайлам і Кейстутам за адзысканьне Андрэю Полацкага князьства. Тады Андрэй кінуў Пскоў і падаўся ў Маскву да в. кн. Дзьмітра, які пры першай весьці аб сьмерці Альгерда стаў ваяваць крыўскія землі (Карамз., ІV, б. 199, Narbut, V, б. 77). Князь Маскоўскі з радасьцю прыняў Андрэя і абяцаў яму сваю помач войскам. У сьнежні 1369 году Андрэй з маскоўскім войскам падышоў да Трубчаўска (Северская зямля), дзе тады быў князям брат Андрэя, Дзьмітры Корыбут Альгердавіч, які Андрэя і быўшага разам з ім Маскоўскага князя Дзьмітра, сустрэў з хлебам і сольлю. Гэта яшчэ больш усьцешыла Маскоўскага князя, бо ўжо другі сын Альгерда перайшоў на яго старану, і ён шчодра наградзіў за гэта Дзьмітра-Корыбута, даўшы яму ў удзел князьства Пераяслаўска-Залескае, а Андрэю даў занятыя імі Трубчэўск і Ноўгарад-Северскі. Гэткім чынам уступленьне на пасад Ягайлы адразу значна ўзмоцніла Маскву, а князьства Літоўска-Рускае (Крыўскае) утраціла значную часьць Северскай зямлі.

Хітры, але недалёкі Ягайла, сеўшы на вялікакнязяўскі пасад, задумаў атабраць землі ад дзядзькі свайго Кейстута і з гэтай мэтай у 1380 годзе зрабіў сэкрэтную умову з крыжакамі, вечна цікуючымі на літоўскія землі. І, як вынік гэтай умовы, аддаў Полацак брату свайму Скіргайлу.

Полацкае веча, якое прыймала князёў толькі па дабравольнай угодзе, бачучы ў гэтым назначэньні князя нарушэньне сваіх правоў, прыняло Ягайлавага брата дужа ветла, як госьця, але калі той заявіў свае прэтэнсіі на Полацкі пасад, то палачане найперш узялі з яго прысягу, што ён ніколі больш не пакажацца ў Полацку, а пасьля, прывязаўшы на хрыбет вадавознай кабылы, з насьмешкамі вывезьлі з гораду (Narbut, V, б. 238).

Разгневаны гэтым Ягайла паслаў у 1382 г. пад Полацак войска, да якога далучыліся і крыжакі пад камандай Конрада Родэнштэйна, Полацак вытрымаў шаснадцацітыднёвую аблогу і, урэшце, калі крыжакі адыйшлі, Ягайлава войска было разьбіта палачанамі. За год-два пасьля гэтага Ягайла усё-ж такі сагнаў Андрэя з Полацка і палачанаў строга пакараў. Пазбаўлены удзелу, Андрэй сьпярша шукаў помачы супроць Ягайлы ў Маскве, пасьля зьвярнуўся да крыжакаў, якія з раскрытымі абоймамі прыймалі ўсіх ворагаў суседніх сабе дзяржаў. У грамаце сваёй, пісанай на імя Магістра Лівонскіх Крыжакаў, Андрэй называе яго бацькам і мілым прыяцелем і адказывае ордэну тое, чаго сам ня меў, — Полацкае князьства, з варункам, што калі крыжакі, атабраўшы Полацак у Ягайлы, перададуць яму на ленных правох, то ён і наступнікі яго абавязаны будуць служыць крыжакам, як даннікі. Немцы ня грэбавалі і гэткімі дарамі.

І вось, у 1386 годзе, калі Ягайла сьвяткаваў у Кракаве сваё вясельле с польскай каралеўнай Ядвігай, — лівонскі магістр Цольнэр, з двумя арміямі, а Андрэй с трэцяй, уварваліся ў Полацкае князьства. Адначасна Смаленскі князь Сьвятаслаў Іванавіч выступіў ад Смаленска. Андрэй і крыжакі падбурывалі ўсе крыўскія землі да паўстаньня супроць Ягайлы, за адступніцтва яго ад веры бацькоў, але ня мелі ў народзе ні веры, ні послыху. Крыжакі, ня здолеўшы нічога дасягнуць (адзін горад Лукомль здужаў утрымаць на сабе напор крыжакаў), адступілі, захапіўшы больш 3000 палону і награбіўшы рожнага дабра.

У гэтым-жа годзе Смаленскі князь Сьвятаслаў Іванавіч, пляменік яго князь Іван Васілевіч і сыны Смаленскага князя Юры і Глеб, рушылі ад Смаленска на Вітабск і Оршу. Але гэты горад зачыніўся перад ім, дакараючы яму здраду. Злучаныя войскі дапускаліся надзвычайных тыранстваў: палілі безбаронных людзей сотнямі ў драўляных будынках, душылі пад паднятымі сьценамі, садзілі на кол дзяцей і жанок. Летапісцы з агідай апісуюць зьверства гэтай вайны. Урэшце, на берагох ракі Вехры войска Сьвятаслава было разьбіта. У бітве палёг Сьвятаслаў, пляменік яго Іван Васілевіч, а сыны Юры і Глеб узяты ў няволю.

ГРАМАТА ВЯЛ. КН. АЛЕКСАНДРА-ВІТАЎТА КЭСТУТАВІЧА ВАСІЛЮ КАРАЧОЎСКАМУ 1386 Г. Пісана ў Полацку. Выд. у „Актахъ Зап. Россіи, І № 6.“ Пераховуецца ў Львове ў бібліатэцы Оссолінскіх.

ЎКЛАДНАЯ ГРАМАТА ВЯЛ. КН. ДЗІМІТРА-КАРЫБУТА АЛЬГЕРДАВІЧА ЛАЎРЫШАЎСКАМУ МАНАСТЫРУ 1386 Г., „Акты Зап. Россіи“, І, № 7.

УГОДЧАЯ ГРАМАТА СМАЛЕНСКАГА КНЯЗЯ ЮРЫЯ СЬВЯТАСЛАВІЧА І ДР. З КАРАЛЕМ ЎЛАДЫСЛАВАМ (ЯГАЙЛАМ) І СА СКІРГАЙЛАМ 1386 Г. Выдана ў „Актахъ Южн. и Зап. Россіи“, ІІ, бал. 102–103; „Рус. истор. биб.“, ІІ, 7 і ў „Archiwum Sanguszków“ І, 3–4.

ГРАМАТА УЛАДЫСЛАВА, КАРАЛЯ ПОЛЬСКАГА І ЛІТОЎСКАГА, 1387 Г. Пераховуецца ў дзяржаўным архіве ў Петраградзе. Пісана на вялікім аркушы пэргаміну з захіленым для пячаці нізам, 33 доўгіх рады пісьма. Характар полуустаўны, вельмі прыгожы і старэнны. Год абазначан: а. т. п. з. Грамата важна і па мове (Пр. Карскі „Бѣлорусcы“, Т. І. Вільня, 1905).

У 1387 годзе Ягайла выдаў дзьве граматы: а) ў Лідзе ён выдаў грамату аб зьнішчаньні паганства ў Літве; б) 22 лютага ў Вільні выдаў грамату, ў якой ён кажа, што даў прысягу: ўсіх прыродных літвіноў (у дзяржаўным значэньні) абодвага цела, ўсякага стану, годнасьці і ўраду, якія жывуць у землях літоўскіх і рускіх, да якой-бы яны веры не належалі, упрасіць, угаварыць, прызваць, а нават прымусіць да прыняцьця каталіцтва і да паслушнасьці рымскаму касьцёлу. Далей, хочучы адкланіць усе перашкоды, якія-бы маглі шкоджіць павялічэньню каталіцтва, срога загадуе, каб ніхто з Літвіноў, абодвага цела, з Рускімі (праваслаўнымі), такжа абодвага цела, не жаніўся, пакуль ня прыйме каталіцтва. Калі-б супроць гэтага загаду хто колечы ажаніўся, то ў гэткім здарэньні, ці то муж ці жана, павінны йсьці ў веры за каталіком або каталічкай, да чаго павінны быць прымушаны нават карамі на целе.

УМОВА ПАНКІ, СЛУГІ КАРАЛЕЎСКАГА, З КНЯЗЯМ СКІРГАЙЛАМ АД 1387 Г. Музэй Чартарыскіх, № 292.

ПРЫВІЛЕЙ КН. ВІТАЎТА ЖЫДАМ, 1388 Г.; унесены ў грамату 1507 г.

Пасьля збураньня сталіцы Жыдоўскага царства Іерузаліму, рымляны вывелі первабытнае насяленьне Палестыны, жыдоў, і раскідалі іх па ўсім сьвеце. Пазбаўленыя ня толькі свае дзяржаўнасьці і незалежнасьці, але апынуўшыся ў варунках ссыльных, паміж чужых народаў, жыды, аплаківаючы сваю бацькаўшчыну і волю, сьпярша тварылі невялікія выселкі, раскіданыя па Эўропе бяз усякага парадку і сувязі. Ім пазвалялася жыць у асобных кварталах і вуліцах гарадоў, замкнутых у сабе, бо акружала іх кругом хрысьціянскае насяленьне, воражае і палітычна і рэлігійна: палітычна, — бо глядзелі на іх, як на элемэнт бунтарскі і воражы, рэлігійна, — бо лічылі іх забойцамі Хрыста і мсцілі за гэта далёкім пакаленьням эмігрантаў за тыя падзеі, якія мелі калісь мейсца на іх далёкай бацькаўшчыне.

Асабліва цяжкае палажэньне жыдоў было ў Эўропе ў сярэднія вякі. Найменшая прычына, найменшы зьбег варункаў, ці проста злосная, або нават сабекарысьлівая напасьць — кідалі на жыдоў гарадзкую чэрнь, якая нападала на жыдоўскія кварталы, грабячы і забіваючы.

Жыды — выгнанцы, пазбаўленыя права валадаць нярухомай ўласнасьцю, адсунутыя ад грамадзкага жыцьця, адзінай крыніцай да свайго істнаваньня мелі таргоўлю. Цяжкае жыцьцё навучыла іх адмаўляць сабе ў найменшых збытках, абыходзіцца абы чым і абы як і прывучыла да ашчаднасьці. Адзіным збаўленьнем іх ад прасьледаваньняў і нападак і адзінай крыніцай да жыцьця былі грошы. Ашчаднасьць і таргоўля награмаджалі ў руках жыдоў грошы, і гэта апошняе было такжа прычынай няпраўд і няшчасьцяў.

І ў той час, калі ў Эўропе жыды жылі на палажэньні адкінутых і прасьледаваных, в. кн. Вітаўт выдаў жыдом прывілей, якім ён ня толькі зраўняў жыдоў у правох з рэштай жыхарства, але яшчэ даў ім некатарыя асаблівыя прывілеі на займеньнеся рэмёсламі і таргоўляй.

Свабоднае палажэньне жыдоў у Літве было прычынай вялікай жыдоўскай эміграціі ў Літву, асабліва з нямецкіх краёў, у часы — ад Вітаўта да Жыгімонта-Аўгуста.

Па атрыманьні свабод у Літве, жыды-перасяленцы чуліся ў абавязку прыняць у набажэнстве мову сваей новай бацькаўшчыны. Дзеля гэтага і была перакладзена ў ХV ст. Біблія з падзеламі яе на чытаньні ў сынагогах. Дагэтуль яшчэ ня высьветлены прычыны, чаму крыўская мова ў пазьнейшыя часы выйшла з сынагогальнага ўжытку. У кождым здарэньні Біблія ХV ст. Віленскай публічнай бібліатэкі зьяўляецца вынікам геніяльнай дзейнасьці в. кн. Вітаўта і яго палітыкі ў стасунку да прасьледаванага ў тыя часы ў Эўропе жыдоўскага народу.

ГРАМАТА КНЯЗЯ ДЗІМІТРА-КАРЫБУТА АЛЬГЕРДАВІЧА НА ВЕРНАСЬЦЬ КАРАЛЮ ЎЛАДЫСЛАВУ (ЯГАЙЛЕ) 1388 Г. Пісана ў Кракаве. Архіў Чартарыскіх і Archiwum Sanguszków, І. 10.

ГРАМАТА КН. ДЗІМІТРА АЛЬГЕРДАВІЧА НА ВЕРНАСЬЦЬ ПОЛЬСКАМУ КАРАЛЮ ЎЛАДЫСЛАВУ (ЯГАЙЛЕ) 1388 Г. Пісана ў Маладэчне. Арыгінал у бібл. Красін. у Варшаве. Выдана ў Галавацкага ў „Науков. Сборн.“ 1866, І, 36; „Вил. Вѣстн.“ 1886 г., № 45; „Собр. актовъ“ Круповича і ў „Свѣд. и зам.“ Срезневскаго, LIIІ, б. 213.

ПРЫСЯЖНАЯ ГРАМАТА КН. СЫМОНА ЛУКВЁНА АЛЬГЕРДАВІЧА НА ВЕРНАСЬЦЬ КАРАЛЮ ЎЛАДЫСЛАВУ (ЯГАЙЛЕ) 1389 Г. Пісана ў Судоміры. СПБ. Пуб. бібл. Выдана ў „Акт. Зап. Росс.“, І, № 10.

ГРАМАТА ВЯЛ. КН. ВІТАЎТА КНЯЗЮ АНДРЭЮ ВАСІЛЛУ З ПРЫЧЫНЫ СПРЭЧКІ ЯГО З СЬВІДРЫГАЙЛАМ 1390 Г. „Временникъ“, III, 5–6.

ПАРУЧНЫ ЗАПІС КНЯЗЮ СЬВІДРЫГАЙЛУ КНЯЗЁЎ І ПАНОЎ ЗА ГРЫДКА КАНСТАНТЫНАВІЧА, КАЛЯ 1392 Г. Арыгінал у „Літоўскай мэтрыцы“ (Срезневскій). Маскоўскі Архіў Мін. Юст. „Акты Южн. и Зап. Россіи“, І, № 2.

ЗАПІС СЛУЦКАГА КНЯЗЯ АЛЕКСАНДРА СЛУЦКАЙ ЦАРКВЕ СЬВ. МІХАЙЛЫ, 1392 Г. Упамінаецца ў опісі Несьвіжскага архіву. (Срезневскій, „Славяно-русская палеографія“).

ПАРУЧНЫ ЗАПІС РАЗАНСКАГА КНЯЗЯ АЛЕГА ІВАНАВІЧА ПОЛЬСКАМУ КАРАЛЮ ЎЛАДЫСЛАВУ (ЯГАЙЛЕ) 1393 Г. Пісана ў Пераяслаўле, але крыўскай мовай. (Архіў Чарторыскіх. „Акты Южн. и Запад. Россіи“, ІІ, № 67; Archiwum Sanguszków“, І, 16).

ГРАМАТА МСЦІСЛАЎСКАГА КНЯЗЯ ЛУКВЁНА АЛЬГЕРДАВІЧА КАСЬЦЮШЦЫ ВАЛЮЖЫНІЧУ, 1393 Г. („Акты, изд. Виленской Археограф. Ком.“, ХІІІ; „Записки Сѣв.-Зап. Отд. Имп. Руск. Геогр. О-ва“, кн. 3, 1912 г.).

Тэкст граматы („Акты Вил. Арх. Ком.“, т. ХІІІ, б. 1):

Божою милостью я князь Луквеній Мстиславскій. Пожаловали есьмо боярына нашого дворного Костюшку Валюжнича, далисьми ему за его вѣрное раденіе кгрунтъ, названный Валюжинскій, подъ мѣстомъ Мстиславлемъ лежачій, со всими пожитками, съ которыхъ кгрунтовъ нынѣ и напотомъ будучіе потомкове жадное пошлины нам князю и державцомъ нашимъ давати не маютъ опрочъ службы военныя, которыя посполу и зъ другими боярьми нашыми мстиславскими повинны будутъ отправовать. А будетъ на него якая отъ кого жалоба, а ино его намъ судити, а не нашимъ урадникомъ и десятникомъ городскимъ. А то есьмо дали ему самому и щаткомъ его навѣки вѣчно и непорушно. Данъ въ Мстиславлю, сентябра первого, въ лѣто шостое тысечи семьсотого, индикта третьяго.

Па сьмерці Смаленскага князя Іоана Александравіча, князь Альгерд у 1359 годзе пасадзіў у Мсціслаўлі свайго намесьніка, а ў 1377 годзе Альгердъ аддаў Мсціслаў свайму трэцьцяму сыну з Марыі Вітабскай, Луквёну (Лукашу)-Сымону. З гэтага часу пачынаецца гісторыя Мсціслаўля, як асобнага князьства, васальна падлягаючага вялікім князём Літоўскім. У склад Мсціслаўскага князьства, акром цяперашняй Мсціслаўшчыны, ўходзіла часьць Чэрыкаўскага і большая часьць Чаўскага паветаў з гарадамі Радомлям і Раснай.

Князь Луквён-Сымон Альгердавіч стаўся заснаўцом роду Місціслаўскіх князёў, якія ігралі вызначную ролю ў абароне крыўскіх зямель ад нападаў Масквы ў ХV і ХVІ ст. Патомкі кн. Луквёна называлі сябе Луквенавічамі (Лукгвеніевичи, Лугвеніевичи, а нават — Лингвеневичи).

Князь Луквён княжыў у Мсціслаўлі да 1431 году (46 гадоў) і памёр, маючы восемдзесят гадоў. Ад 1389 да 1407 году князь Луквён быў намесьнікам у Вялікім Ноўгарадзе. Будучы на вясельлі Ягайлы ў Кракаве ў 1386 годзе, Луквён, адзіны з паміж братоў Ягайлы, не перамяніў веры. Ён і да канца жыцьця трымаўся ўсходнага абрадку, будуючы цэркві і манастыры. У 1380 годзе ён заснаваў каля Мсціслаўля Пустынскі Успенскі манастыр, які ў свой час славіўся перапісчыкамі кніг. Вельмі магчыма, што вядомае „Аршанскае Евангельле“ зьяўляецца помнікам, які сьведчыць аб красопісным умецтве мніхаў гэтага манастыра.

Сын Луквёна, Юры, ўславіўся сваім мужствам ў Грунвальдзкай бітве. У гэтай бітве, злучанымі сіламі Крывічоў (Беларусаў), Літвіноў, Палякаў, Чэхаў і др. зломлена была нямецкая сіла і спынена імкненьне немцаў на ўсход. У станоўчы момант гэтай бітвы, калі польскія войскі кінуліся ўцякаць і ў абозе злучаных процінямецкіх сіл пачаўся перапалох, толькі першы, другі і трэцьці Смаленскіе і Мсціслаўскі палкі, пад камандай маладога князя Юр’я Луквёнавіча, не паддаліся агульнаму перапалоху і, стойка вытрымаўшы на сабэ страшэны напор немцаў, далі магчымасьць вял. князю Вітаўту сабраць уцякаючых і ўшыхаваць іх. Тады толькі шчасьце перашло на старану злучаных сіл, і немцы былі ўшчэнт разьбіты.

ПРЫВІЛЕЙ КН. СЬВІДРЫГАЙЛЫ ПОЛАЦКАЙ ЗЯМЛІ, ДА 1394 Г. упамінаецца ў грамаце Жыгімонта 1571 г. (Срезневскій „Славяно-русская палеографія“).

ГРАМАТА ВЯЛ. КН. ЎЛАДЫСЛАВА (ЯГАЙЛЫ), 1394. ПІСАНА Ў КРАКАВЕ. Архіў Чартарыскіх. „Archiwum Sanguszków“, І, 17.

СМАЛЕНСКІ ПСАЛТЫР 1395 ГОДУ. Пісаны і аздоблены рысункамі рукі Лукі Смаленца. Рукапіс знаходзіцца ў „Россійскомъ Историческомъ Музеѣ“.

Гэты рукапіс, які ня мае роўнага сабе па аздобнасьці выконаньня, распадаецца на дзьве часьці: на Псалтыр і Часасловец. Першая часьць пісана прыгожым, сьціслым, просталінейным, буйным уставам ў адну гранку, а другая палавіна — дробным уставам ў дзьве гранкі, чарніламі каштанаватага колеру. Характар пісьма пэўны, мастацкі. Асабліва вялікую сьмеласьць і рожнаякасьць тасуе пісец, калі ён крэсьліць тайнопіс, якой у кнізе даволі многа і якая дагэтуль яшчэ не прачытана.

Псалтыр аздоблены 3 міньятурамі, 22 застаўкамі і больш 150 аздобнымі колернымі і часьцю залочанымі пачатнымі літарамі: імі пачынаецца кожды псальм і кожды верш.

„Як вытвар рук смаленца, разгляданы Псалтыр служыць наўзвочным довадам таго, як высока стаяла ў старым Смаленску ў ХІV ст. умецтва кнігапісаньня і маляваньня, а такжа іконапіснае мастацтва“ (К. Г. Богуславскій „Замѣчательный памятникъ древней Смоленской писменности ХІV вѣка и имѣющійся въ немъ рисунокъ символико-политическаго содержания“. „Древности“. Труды Имп. Маск. Арх. Общ. Т. 21. Вып. І, М. 1906, бб. 77–88 + Табл. ХІІ–ХХ).

Міньятуры нашага помніка вызначаюцца надзвычайнай мастацкасьцю рысунка і закончанасьцю композыціі. Гэта самае можна сказаць і аб застаўках і агалоўных літарах. Асаблівае багацьце фантазыі, нязвыклую тэхніку і характэрнае злучэньне фігур выказаў аўтор у маляваньні паасобных людзей і груп.

Мужчынскія фігуры на аднэй з міньятур выабражаны ў сьвітах з гузікамі, чырвоных ботах і шлыкох на галовах, прыклякнутыя з паднятымі малебна ўверх рукамі. У аднэй з пачатных літар (літара Б) зьвісаючыя ступні ног паслужылі матэр’ялам да прыгожай арнамэнтыкі. Літара Н ўложана з дзьвёх фігур, намаляваных на сіняй асноведзі яе бакавых ліній. Адна з гэтых фігур стаіць на каленях, правая рука паднята да чала, а левая выцягнута і трымае другую фігуру — рыбу, якая стаіць на хвасьце і гэткім чынам левая рука служыць папярэчніцай для літары. Сымволізм, уложаны аўторам ў гэты рысунак, астаецца загадкай. Такжа загадкова кампазыція літары В. Тут выабражана фігура жанкі, якая раскошна разселася на складным услончыку з паложанай на яго падушкай. У паднятых руках жанчына трымае рог; ногі яе ўсунуты ў кальцо з нейкай незразумелай рэччу, якую Богуслаўскі лічыць замком. Абастоўка, якая акружая жанчыну, збыткоўная.

Асабліва цікавы рысункі сабак, хвасты якіх пераходзяць у завіткі аканту або пёраў. Цікава кампазыція льва, стылізація якога, паводле С. О. Долгова, прыпамінае ўсходныя арнаманты эпохі Сасанідаў. У адзін з рысункаў літары Б ўстаўлена цэлая лавецкая сцэна.

На адвароце 72 балоны памешчана сымволіка-палітычны рысунак, значэньне якога зьяўляецца таксама загадковым. На балоне нарысаваны 4 дзіватворы з надпісамі: Рымскі цар, Македонскі цар, Вавілонскі цар і антыхрысі, а пасярэдзіне, паміж імі, — фігурка нейкага малога зьвярка, здаецца, — зайца. Богуслаўскі тлумачыць гэты рысунак у тым сэнсе, што тут выабражана цяжкое палажэньне Смаленскага князьства, паміж акружаючымі яго больш сільнымі суседзямі, якія кожды момант гатовы яго разарваць.

Вышэйпададзенае апісаньне некатарых толькі рысункаў нашага помніка паказуе, якое аграмаднае значэньне ён маё для гісторыі нашай культуры. („Книга въ России І. Русская книга отъ начала пісьменности до 1800 г.“ Москва, 1924, бб. 44–47; І. Пічэта, „Гісторыя Беларусі“, ч. І., Масква, 1924, б. 72).

ГРАМАТА ПОЛАЦКАГА КНЯЗЯ ЯРАСЛАВА ІЗЯСЛАВІЧА ПОЛАЦКАМУ БАРЫСАГЛЕБСКАМУ МАНАСТЫРУ, 1396 Г. Арыгінал граматы пераховываўся ў архіве Барысаглебскага манастыра. Пісана на пэргаміне уставам: пры ёй захавалася васковая пячаць. Одпіс гэтай граматы, зроблены ад рукі ў палавіне ХІХ ст., пераховуецца ў Румянцаўскім музэі ў Маскве.

Барысаглебскі манастыр у Полацку заложаны князям Барысам Ўсеслававічам, які памёр у 1128 г.

Аб Полацкім князю Яраславе ў летапісах няма ніякіх зьменак. Гісторыкі дагадуюцца, што можа пры Гедымінавічах жылі тут яшчэ мясцовыя князі, або што гэта ёсьць славянскае імя каторага — колечы Гедымінавіча, якія мелі звычай насіць па некалькі імён, дзеля чаго тыя-ж самыя асобы ў летапісах сустрачаюцца пад рожнымі імёнамі. Рускія летапісцы любілі ў сваіх летапісах называць іх славянскімі імёнамі, а літоўскія — наадварот. Князь Яраслаў праўдападобна ў апошніх названы літоўскім імем. („Витебск. Стар.“, бал. 598). Перадрукавана грамата ў Срезневскаго „Древне-руск. пам. яз.“, 282.

ПСАЛТЫР 1397 Г. ВІЛЕНСКАЙ МІКАЛАЕЎСКАЙ ЦАРКВЫ. (Кипріановичъ, „Истор. Очеркъ православія, католичества и уніи въ Бѣлорус. и Литвѣ“. Вільня, 1899, б. 22).

ПОЛАЦКАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ ХІV СТ. Пераховуецца ў СПБ. Публічнай бібліатэцы F. І. 17. (Соболевскій „Палеографіческія снимки ХII–ХVІІ ст. СПБ. 1901 г.).

АБМЕЖАНЬНЕ СПРЭЧНЫХ ЗЯМЕЛЬ ЛАЎРЫШАЎСКАГА МАНАСТЫРА ПА ЗАГАДУ ВІТАЎТА, 1398 Г. („Акты изд. Вил. Арх. Ком., ХІ.“) Хоць гэта ёсьць копія, але пры ёй у выданьні зроблена гэткая увага: „гэты дакумант, выключаючы знакі прыпынку, дзеля яго старадаўнасьці надрукаваны з поўным захаваньнем правопісу, як ён запісаны ў актавых кнігах“.

По приказанью великого князя Литовъского Витовъта, се язъ панъ Петраш Монътикгирдовичъ, наместникъ Новгородскій, розъежчалъ есми земълю монастырскую Лавъришовъскую, со князя великого людьми и съ поляны. Жаловалъ се аръхиманъдритъ Лавришовский Мисайло, што черезъ монасътыръ князя великого люди дорогу подожили по дрова и по лыка и по вязье, и жоны ихъ и дѣти ихъ у сънитъку туда ходятъ, а о той дорозе монасьтыру великая кривъда и татьба деять се. Ино мы того посмотревъши и зъ бояры дали есьмо дорогу князя великого лодемъ и поляномъ одъ Олексеева хресъта направо на Лосвино, туда имъ ѣзьдити и ходити по дрова и въ лыка и по вязье й по снитъку. А другую дорогу положили есьмо мимо Сѣнъно. А шъто монасътырское здавъна, тое бы аръхимандритъ заведалъ, а къ монастыру бы тягъло. А шъто монастыръская пашня, поля и чашъчо и поросъли и ограничили есьмо монастырскую земълю по: реку Боловячу, Липу лопату и по дорогу мимо Сенъну, а по задную Стругу по Русеч, а по дорогу, што отъ Гневичъ лежитъ у Самойловичъ островъ, — у тое бы все монастыръское князя великого людемъ не надобе усътупатисе. А лѣсъ вольный, какъ монастыру, такъже и князя великого людемъ; а поляномъ, князя великого людемъ у лѣсъ уѣхавши дровъ насечь, вязья и лыкъ надрать, иного ничого не надобе пакостити. А сумежцомъ, какь ихъ право, по сътарому ведати имъ свое уходы смотрети. А шъто хмелища князя великого за Боловячою, у тое се архимандриту не въступовати; а шъто монастырская хмелища здавна, въ тое князя великого людемъ не надобе уступати се. А у хмелищахъ у князя великого и у монастырскихъ большей имъ сѣножатей не копать а хъмелищъ не терать. А то есмо урадили имъ на обе стороны, какъ имъ было любо, князя великого людемъ и монастыру. А которые съ тыхъ сесе нашъ сезъдъ порушать, тые дадуть князю великому десять рублевъ, а намъ зъ бояры три рубли. А при томъ были панъ Федосей и Яковъ Войниловичи, Ивашъко Глебовичъ, братъ его Яцъко, а Ходько Беликовичъ, а Панъфилъ Соколинскій, Ходоръ братъ его, Иванъ Пышъко, дьякъ князя великого Аленко, и инъшихъ людей много при томъ было. Писанъ у Лавришове, лѣта Божого шесть тысячей девятьсотъ шостого, инъдикта второго, Июня петнадцатаго.

ДЗЬВЕ ЗАПІСІ НА ЗЕМЛІ ЛАРЫШАЎСКАМУ МАНАСТЫРУ, ХІV СТАГ. („Акты южн. и зап. Россіи“, ІІ, № 64).

ГРАМАТА ПОЛАЦКАГА КНЯЗЯ АНДРЭЯ АЛЬГЕРДАВІЧА ПОЛАЦКАМУ ТРОІЦКАМУ МАНАСТЫРУ, РАНЕЙ 1399 Г. Грамата гэта ўпісана ў полацкае Эвангельле ХІІ–ХІІІ ст., якое пераховуецца ў Румянцаўскім Музэі (па каталёгу Востокова № 103). Гл. „Акты Западн. Россіи“, т. I. № 13; „Вѣстн. Ю. Зап. и Зап. Росс.“, 1862 г.; „Витеб. Стар.“, т. V, ч. І-я, бал. 11. і ў Саболевскаго „Смол.-полоц. договор., 16“ Р. Ф. В. ХV). Полацкі вял. кн. Андрэй, сын Альгерда і Марыі княгіні Вітабскай, першай жаны Альгерда, — забіты ў бітве з татарамі пры р. Воркслt ў 1399 г.

Калі заложаны Троіцкі манастыр невядома.

ГРАМАТА ВЯЛ. КН. ВІТАЎТА НА ІМЯ РЫЖСКАГА БУРГОМІСТРА НІКТІБОРГА 1399 Г. Рыжскі гарадзкі Архіў. Выдана ў „Собр. гос. гр. и дог.“, ІІ, № 14; „Рус.-лив. акты“ (№ 122, бб. 94–95), „Сахаровъ, т. ХV, № 18“.

ПРЫВІЛЕЙ КН. СЫМОНА-ЛУКВЁНА (ЛЫГВЕНІЯ) АНУФРАЎСКАМУ МАНАСТЫРУ, 1399 Г.; унесены ў грамату 1443 г. (Срезневскій, „Славяно-русская палеографія“).

ПОВЕСЬЦЬ АБ БІТВЕ КН. ВІТЎАТА З ЦАРОМ ТАМІР КУТЛУЕМ, 1399 Г. (Срезн. „Славян.-Русск. палеографія“).

Зьмест повесьці (Паводле сьпіску графа Рачынскага):

Того-ж лѣта князь великий Витовт пошлеть Промчислава и кнзя Глѣба Светославовича на Тимиртиклуя, а сам князь великии Витовт со всим воиском за ним(и) пойдеть, а цар Тактомыш со всимъ людом поидеть Витовту на помоч: Литва, Нѣмци и Ляхове и Татарове, и с ним было кнзей пятдесятъ, и была сила ратных вельми великая, и пошли на цара Тимиртиклуя Татарского, и похвалилися на Орду. Витовтъ реклъ: подемо пустошечи землю Татарскую и забиимо цара Тымирътиклуя, и осадим царя Токтомыша на царстве его, а Тактамыш мене посадить на всей земли Руской. И мовившы то и поишли на Татар воевати, а в томъ часе поспѣеть Тимиртиклуи цар з многими силами Татарскими [с кнзи и съ уланы ордынскими][16] и стрѣтилися с кнземъ Витовтом на поли на рецэ на Воркслѣ и была имъ битва великая лѣт 6907 (1399), мсца августа дванадцатого дня. И долго вельми билися, и побили Татарове Витовтово воиско, и кнзь великии Витовт побежит у малои дружине. И цар Тимиртиклуи поидет под Киев, и стоял подъ Киевом тры дни и Кияне дали за себе окуп тры тисечы рублев Литовскихъ, и Тимиртиклуй Татарскую орду роспустилъ по великому кнзству Литовскому воевати, [воевали Татарове][17]

олижъ до Великаг Луцка, и много лиха учинили великой земли Литовскои, и опять пошли у свою землю. А которыхъ побито кнзеи Литовских имена: кнзь Андрѣи Олькгирдович Полоцкии, а брат ег кнзь Дъмитреи Браньскии, кнзь Иван Дъмитреевичъ, кнзь Андреи пасынокъ его, кнзь Іванъ Борысовичъ Киевский, кнзь Глѣбь Светославович Смоленскии, кнзь Глѣбь Корятовичъ, а брат его кнзь Семен, кнзь Михаило Подъберезскии, а брат его кнзь Дъмитреи, кнзь Ѳедор Патрыкѣевич Бѣльскии, а пан Спытко Краковскии“.

ПРЫВІЛЕЙНАЯ ГРАМАТА ВЯЛ. КН. ЛІТОЎСКАГА ВІТАЎТА ВІЛЕНСКІМ КАНОНІКАМ, 1399 Г. У Петраградзе ў Рымска-Кат. духоўнай акад. У „Вѣстникѣ Европы“ 1828 г., № 22. Зьмешчаны зьнімак, узяты ў Лелевэля: „Dodatek do pisma Daniłowicza o katalogu biblioteki Tołstowa. О „Dyplomatyce Ruskiej“. Выдана ў „Актах Зап. Россіи“, І, № 15.

ГРАМАТА ВЯЛ. КН. ЛІТОЎСКАГА ВІТАЎТА АБ РАЗЬДЗЕЛЕ ВОЗЕРА ІСЭТА, 1399 Г. Архіў Віленскай Капітулы „Акты Зап. Россіи“ І, № 16. Сахараў, т. ХV.

ПОЛАЦКАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ ХIII–ХІV СТ. Прыналежала полацкаму Прадцечанскаму манастыру, адкуль было забрана ў пачатках ХІХ ст. Цяпер знаходзіцца ў Петр. Публ. бібліатэцы (Аддзел І, № 17). Пісана на цэлы ліст на добрым гладкім пэргаміне, уставам, у 2 гранкі. Застаўкі і пачатныя літары размаляваны мініяй. Названьні месяцаў у Евангельлі:

руинь (верасень), просинецъ (студзень), снѣжинъ (люты), сухыи (сакавік), березозолъ (красавік), травень (май), изокъ (чэрвень), чэрвень (ліпень), заревъ (жнівень).

У гэтым Евангельлі многа слоў і сказаў народных; гэтак, замест славянскага: „крины сельныя“, тут — чвѣтца польскаго, бещаден ў значэньні „безпатомны", посага і іншыя даволі чысьленыя азнакі крыўскай мовы.

Тут-жа наданьне вял. кн. Полацкага Ануфрыя.

ГРАМАТА ПОЛАЦКАГА ВЯЛІКАГА КН. АНУФРАГА ПОЛАЦКАМУ ПРАДЦЕЧАНСКАМУ МАНАСТАРУ, КАЛЯ 1399 Г. Грамата гэта ўпісана ў пэргаміннае Евангельле XIII–XIV ст., якое перахоўваецца ў Петрагр. Публ. бібліат., аддзел І, № 17. Надрукавана ў „Актахъ Зап. Россіи“, І, № 14. Пісана прыгожым уставам з мастацкімі застаўкамі і пачатковымі стылёвымі літарамі (гл: „Витеб. Стар.“ Т. V., ч. І., б. 11–14).

Прадцечанскі манастыр быў на востраве пасярод Дзьвіны; заложаны гэты манастыр кн. Ануфрыям, як гэта відаць з яго граматы, а такжа з опісу царкоўных і манастырскіх зямель, якія знаходзіліся ў воеводзтве полацкім і былі аддадзены С. Баторым полацкай езуіцкай калегіі. Опіс зроблены Скуміным Тышкевічам ў 1580 годзе. Цяпер гэтага манастыра няма (гл. „Витеб. Стар.“ Т. V, ч. 1-я, бал. 11).

Аб Полацкім князю „Онуфріі“ летапісцам нічога няведама.

ЎКЛАДНАЯ ІВАНА НІКАНАВІЧА ХІV СТ. Еванг. ХІІІ–ХІV стаг. СПБ. Публ. біб. „Собр. Погодина“ № 12, л. 128 б. Выдана А. І. Сабалеўскім, „Р. Ф. В.“, ХV, 14.

ЎКЛАДНАЯ АНДРЭЯ ДАНІЛЬЕВІЧА ХІV СТАГ. ЕВАНГ. ХІІІ–ХІV СТАГ. У СПБ. Публ. біб. „Собр. Погод.“ № 12, л. 35 об. Выдана А. І. Сабалеўскім Р. Ф. В., ХV, 14.

МСЬЦІЖСКАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ ХІV СТАГ.; знаходзілася ў Вілен. Публ. бібл., № 2.

У канцы чытаем: „зъ Менска Василей Микитичъ Лахъ, бурмистръ мѣста Менского, до Мстижи до Юрья светого отдалъ до храма Божьяго“.

Пісана на гладжаным пэргаміне уставам ХІV ст. ў дзьве гранкі па 24 радкі ў кождай. Усяго ў Евангельлі 358 балонак. Рукапіс добра захаваны. Асаблівай увагі годны застаўкі і пачатковыя літары, рысаваныя з вялікім мастацтвам, выабражаючыя ў дзіўных і рознаякіх формах птахаў, зьвераў, зьмеяў і інш. Судзячы па стылю заставак і літар, гэтае Евангельле магчыма ранейшага часу.

ПСАЛТЫР ХІV СТАГ. на пэргаміне, знаходзіцца ў СПБ. Публ. бібл. (F. 1. 2).

У канцы рукапісу ёсць прыпіска, што кнігу гэту дала Ульяна, ў мністве Елена, ў царкву арх. Міхайлы на памінак:

… „сию книгоу дала раба бжия ульяна нареченаяво иноческом житьи Елена цркви чюд стго архангела михаила на поминохъ господину своему князю великому Глебу Смоленоскому и мнѣ инокини Еленѣ і нашимъ дѣтем“.

З гэтай прыпіскі можна бачыць, што рукапіс быў дараваны ў нейкую царкву сьв. Міхайлы, ад Смаленскай княгіні Ульяны, жонкі Смаленскага кн. Глеба.

У мове рукапісу відаць крыўскія асобнасьці.

„БЕСѢДА ГРИГОРІЯ ПАПЫ РИМСКОГО“ ХІV СТ. Рукапіс Супрасльскага манастыра, (Кипріяновичъ, „Истор. очеркъ православія, катол. и уніи въ Бѣлоруссіи и Литвѣ“, Вільня, 1899, б. 22).

АДРЫВАК ПІНСКАГА ЕВАНГЕЛЬЛЯ ХІV СТ. Кипріановичъ. „Истор. очеркъ православія, катол. и уніи въ Бѣлоруссіи и Литвѣ“, Вільня, 1899, б. 22).

ТРОЦКІ ЗБОРНІК ХІV СТ. З ЧЫТАНЬНЯМІ АПОСТАЛА І ТРОПАРАМІ СЬВЯТЫМ НА 12 МЕСЯЦАЎ. (Кипріяновичъ „Истор. очеркъ православія, католичества и уніи въ Бѣлоруссіи и Литвѣ“ Вільня, 1899, б. 22).

ОКТОІХ ХІV СТ. МЕНСКАЙ КАЦЯРЫНІНСКАЙ ЦАРКВЫ. (Кипріановичъ „Истор. очеркъ православія, католичества и уніи въ Бѣлоруссіи и Литвѣ“ Вільня, 1899, б. 22).

ПОЛЕМІЧНЫ ЗБОРНІК СУПРОЦЬ ЛАЦІННІКАЎ ХІV СТ. Рукапіс Петр. Публ. бібл. (Толст. Аддзел III, № 65).

У Масковіі пісалі палеміку супроць лаціннікаў па наслыху, не стыкаючыся з імі; ў нас, пасьля хрышчэньняся Ягайлы і відочнага шырэньнеся каталіцтва, пісалі трактаты ва ўласнай абароне. Да гэткіх належыць названы зборнік, які быў уложаны: „на обличение и на посрамление ляховомъ ий латынамъ“.

ТВОРЫ МІТРАПАЛІТА КІПРЫЯНА (†1406.) Мітрапаліт Кіпрыян быў выключна рэлігійным пісьменнікам, пісаў многа, але з яго твораў дахавалася мала. З таго, што дахавалася, ведама:

1. „Посланіе къ игуменомъ и попомъ и діакономъ и ко мнихомъ, и ко всѣмъ православнымъ христіаномъ“. („Полн. собр. русск. лѣт.“, ІV, 99). Пасланьне знаходзіцца ў рукапісе Сынодальн. бібл. № 228. (Шевыревъ. „Истор. Русск. слов.“, лекція ХIII, увага 10).

2. „Посланіе къ игумену Афанасію“. („Акт. Истор.“ І, балон. 481, Макарій. „Ист. Рус. церкви“. Т. V, бал. 185).

3. Есьць яшчэ надрукаваны чатыры пасланьні мітр. Кіпрыяна („Правосл. Собесѣдн.“, 1861 г. ІІ, 75–106). а) „Да ігумена Сергія“, ў якім Кіпрыян паведамляе аб сваей падарожы з Кіява ў Маскву на мітраполію. б) „Пасланьне да ігумена Федара“, ў якім апісуе крыўды і непрыемнасьці робленыя яму па дарозе ў Маскву па загаду вял. князя Маскоўскага Дзьмітра Іванавіча, паказуе на непраўнасьць прэтэнсій ахрімандрыта Міцяя на Маскоўскую мітраполію, тлумачыць сваю нявіннасьць перад вял. князям і сваю дзейнасьць у Літве. в) У трэцім і чацьвертым — павядамляе аб сваёй падарожы ў Канстантынопаль. Першы і два апошнія лісты вельмі кароткі і малаважны, але другі вельмі цэнны для гісторыі.

„Ня скрыю ад вас — піша Кіпрыян названым вышэй ігуменам — і ад усяго хрысьціянскага роду, што рабілі са мной, чаго не рабілася над ніводным сьвяціцелям, як станула руская зямля. Я прызваленьнем Божым, і выбарамі вялікага і сьвятога сабору і, благаслаўленьнем ўсесьветнага патрыарха, пастаўлены мітрапалітам на ўсю рускую зямлю, як ведама ўсім. І цяпер паехаў быў са ўсей чыстасардэчнасьцю да вялікага князя. Але ён разаслаў паслоў, каб не прапусьціць мяне, зрабіў заставы, сабраў войска, паставіў над ім вояводаў і наказаў ім, якое зло зрабіць са мной і навет аддаць мяне безміласэрна сьмерці. Я, заховуючы князя ад бязчэсьця і клапоцячыся больш аб душы яго, прайшоў іншым шляхам, спадзяючыся на сваю любоў да яго і яго княгіні і яго дзяцей; але ён прыставіў да мяне мучыцеля, праклятага Мікіпара, і якога зла не ўчыніў нада мной? Ганьбы, зьдзекі, насьмешкі, грабежніцтва, голад! Мяне ноччу вязьніў нагага і галоднага, і ад тэй сьцюдзёнай начы дагэтуль мучуся… Калі сьвецкія баяцца князя таму, што у іх жоны і дзеці, набыткі і багацтвы, якіх яны ня хочуць пазбавіцца…; то вы, што адракліся сьвету і жывеце дзеля аднаго Бога, як вы, бачучы такую злосьць, змоўчылі? Калі вы хочаце дабра для душы вялікага князя і ўсей вотчыны яго, чаму вы маўчалі?“… „Я ехаў да яго благаславіць яго, і княгіню яго, і дзяцей яго, і баяраў яго, і ўсю вотчыну яго, і жыць з ім ў сваёй мітраполіі, як жылі мае браты з яго бацькам і дзедам, вялікімі князямі, а яшчэ хацеў дарыць яго чэснымі дарамі. Вініць мяне ў тым, што я перш быў у Літве: але што злога зрабіў я, будучы там? Калі я быў у Літве, то многіх хрысьціянаў свабадзіў з горкага палону, многіе з ненавідзячых Бога пазналі праз нас праўдзівага Бога і прыйшлі да правай веры праз сьв. хрышчэньне. Будаваў я сьв. цэркві, угрунтаваў хрысьціянства, прылучыў да рускай цэркві мейсцы царкоўныя, якія за даўнасьцю лет былі запусьцеўшыя. Новагорадак літоўскі даўно адпаў, а я прывярнуў яго, і аднавіў дзесяціну мітраполіі і сёлы“.

4. „Житіе св. Петра, митрополита кіевского“. Надрукавана ў „Степенной книгѣ“ І, 410. У гэтым творы, які аўтор абапер на тым, што чуў са слоў, ён ня толькі выабражае ўсё жыцьцё сьвятога ад нарадзін да яго сьмерці, але пералічае некатарыя цуды па яго сьмерці ў тым ліку і цуда, якое сам дазнаў.

5. „Прощальная грамата“. Гэта ўласьціва ёсьць тэстамант мітрапаліта, які напісаў ён за чатыры дні да сьмерці. У ім памесьціў ён вызнаньне веры і прашчаньне са сьветам. Грамата гэта была прачытана над яго гробам. Летапісцы аб ёй адзываюцца з вялікай пахвалай. Надрукавана ў „Полн. Собр. Р. Лѣт.“, V, 254; „Никон. Лѣт.“, V, 3; „Акты отн. къ город. быту Росс.“, І, 543.

У летапісе Татішчава (ІV, 424) прыпісываюцца Кіпрыяну яшчэ некатарыя другія навучныя працы:

„книги своею рукою писаше, яко въ наставленіе душевное, преписа соборы, бывшія въ Руси, многія житія святыхъ русскихъ и степени великихъ князей русскихъ; иная-ж въ наставленіе плотское, яко правды и суды, и лѣтопись русскую, отъ начала земли русскія вся по ряду, и многи книги къ тому собравъ, повелѣлъ архимандриту Игнатію спасскому докончати, яже и соблюдохъ“.

Аб мітрапаліце Кіпрыяне ведама што, ён быў ураджэнцам Літвы (гл. „Полн. прав. богосл. энциклоп. словарь“, VIII, 1276), жыў доўга на Афоне і быў урадоўцам у Канстантынопальскага патрыарха, які асабіста яму даручыў разабраць на мейсцы спрэчку вял. кн. Альгерда з Маскоўскім мітрапалітам Аляксеям. У тыя часы істнавала аўтокефальная Літоўская мітраполія (Новагорадзкая) і Альгерд, падбіўшы Кіяў, стараўся перад патрыархам, каб Новагорадзкі мітрапаліт Раман (Вітабскі князь, брат жонкі Альгерда) меў адначасова тытул мітрапаліта Кіяўскага і ўсей Русі. Маскоўскі-ж князь гэтага самага тытулу стараўся для свайго кандыдата — Маскоўскага мітрапаліта Аляксея. Умелай палітыкай Кіпрыян памог Альгерду адсунуць Аляксея і дабіцца перад патрыархам назначэньня Рамана. Па сьмерці Аляксея, мітрапаліта Маскоўскага, патрыарх назначыў Кіпрыяна быць мітрапалітам Кіяўскім і ўсей Русі. Баючыся, што Кіпрыян, як ураджэнец Літвы, будзе больш спрыяць апошняй, Маскоўскі вял. кн. Дзьмітры Іванавіч не прызнаў яго. Паміма гэтага, Кіпрыян паехаў у Маскву, дзе, са згоды в. кн. называў сябе тады мітрапалітам архімандрыт Міцяй. Выгнаны з Масковіі, Кіпрыян паехаў у Канстантынопаль, шукаючы патрыаршага суда. Праціўнікі зрабілі тое-ж самае: пабывалі ў патрыарха, падкупілі ўплывовых асоб і дабіліся, што замест памершага Міцяя патрыарх назначыў мітрапалітам ўсей Русі Пімена. Але Маскоўскі князь пасадзіў за штосьці Пімена ў манастыр і запрасіў урэшце Кіпрыяна, які ўрочыста 23–V–1381 г. уехаў у Маскву. Пасьля гэтага Кіпрыян быў другі раз выгнаны князям з Масквы і толькі ў 1389 годзе аканчальна асеў у Маскве, дзе прабыў да сьмерці (1406 г.).

Кіпрыян належаў да надзвычайна ўмелых палітыкаў; маючы сваю мітраполію, як мітрапаліт Кіяўскі і ўсей Русі, часьцю ў Масковіі, часьцю ў Літве ўмеў ладзіць і з Літоўскім і з Маскоўскім князям, а галоўнае, — дзякуючы яму, трывала ўзглядная згода між гэтымі князямі. Вітаўт і Ягайла адносіліся з вялікай пашанай да Кіпрыяна і ў важнейшых выпадках засягалі яго рады. Вял. кн. Маскоўскі, Васілі Дзьмітравіч, выказываў такжа вялікую пашану мітр. Кіпрыяну.

Кіпрыян славіўся, як знавец літэратуры і пісьменнік, „всякого цѣломудрія і разума божественного преисполненъ и вельми книженъ“. Ен быў знаўцом царкоўных канонаў, а так-жа стройнасьці царкоўнай службы. Акром арыгінальных казаньняў, навук і розных грамат, перакладаў шмат з грэцкага. Пісаў пераважна царкоўна-славянскай мовай. Памёр у Маскве, пахаваны ў Успенскім Саборы. У 1472 годзе быў канонізаваны і ўлучаны ў почат сьвятых.




  1. Крыжацкі хронікар Дусбург (Dusburg сар., 315) пад 1314 г. піша: „Брат Гэнрык Маршалак… прыйшоў у зямлю Крывіція (Crivitae) і места яе, званае Новагорадак (Novagardia) здабыў“.
  2. Усюды ўзятае ў квадратныя скобкі дапоўнена са сьпіску Быхаўца.
  3. У сьп. Евреінаўскім: „извѣщая ему ведай то“.
  4. У Евр. сьп.: „да“.
  5. У Сьп. Быхаўца: „валечнік“.
  6. У Евр. сьп.: „что времени подобного воюет, но то воин когда не во время воины над неприятелемъ своим неприездни доводит“.
  7. У Евр. сьп. іншая рэдакція: „што Олкгирдь подле слова своего стоит силно и силно пришел“.
  8. У сьп. Быхаўца: „змову“.
  9. У Евр. сьп.: „потомъ“.
  10. У Евр. сьп.: „аще“.
  11. У Евр. сьп.: „хочет“.
  12. У сьп. Быхаўца: „прислонити“.
  13. У Евр. сьп. усюды: „что“.
  14. У Евр. сьп.: „і со многимъ добытком неисповѣдимымъ і со многимъ полономъ извоевав“…
  15. У Евр. сьп. усюды: „да“.
  16. Ўстаўка з Румянцаўскага сьпіску.
  17. Ўстаўка з Румянцаўскага сьпіску.