Гісторыя беларускае літэратуры (1921)/II/Несьвядомае адраджэньне/П. Бахрым

З пляцоўкі Вікікрыніцы
„Энеіда“ П. Бахрым
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1921 год
„Тарас на Парнасе“

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Біаграфічны матар‘ял. Паўлюк Бахрым—селянін з Крошына, Слуцкага павету, Менскай губэрні. У 1828 годзе ён вучыўся разам з другімі мужыцкімі дзяцьмі ў школе ксяндза Магнушэўскага. Гэты ксёндз быў шчыры прыхільнік працоўнага народу, хацеў падняць людзей з голаду і цямноты і памагаў крошынцам проціў пана судзіцца за зямлю. Дзяцей ён вучыў чытаць, пісаць, лічыць, разумець катэхізм, апрача таго, даваў чытаць добрыя кніжкі. Хлопчык Бахрым надта спадабаў пісаць вершы, пераймаючы напісаныя ў кнізе. Многа вершаў з польскага пісьменьніка Нарушэвіча, баек Эзопа ды чаго іншага ўмеў ён напамяць; таксама любіў сьпісываць усё, што пападалася пад рукі, ня толькі друкаванае, але і рукапіснае. Так разьвівалася яго сьвядомасьць. Посьле, калі крошынскіх сялян засудзілі за „бунт“, а школу зачынілі, у вучня Бахрыма начальства знайшло вершыкі, каторыя здаліся яму вельмі шкоднымі і небясьпечнымі. Паліцыя забрала іх і шукала, ці няма яшчэ. Ксёндз Магнушэўскі на выпытах дужа хваліў Бахрыма, а ня ведаўшы, на што ў яго пытаюцца, казаў, што хлопчык умее напамяць значна болей сваіх вершыкаў, чымся ў яго адабралі запісаных. Князь Радзівіл даказаў, што вучні ў школе дэклямавалі нягожыя для сялянскіх дзяцей байкі і розныя вершы. Тады Магнушэўскага аддалі пад нагляд паліцыі, Паўлюка Бахрыма неўзабаве здалі ў маскалі, а многа сялян выслалі ў Сыбір. Добры ксёндз пажыў пасьля таго мала і памёр з гора, а якое было патым жыцьцё Паўлюка Бахрыма ніхто вестак дагэтуль не сабраў. Кажуць, што ён з войска вярнуўся, жыў у Крошыне і памёр ў 1891 годзе.

Творы Паўлюка Бахрыма не захаваліся, апрача тых некалькіх, шго пайшлі ў народ. Адзін сшыток яго „войстрых“ вершыкаў узяў сабе сэнатар Навасільцаў ці прафэсар Пэлікан, каторыя прыязджалі ў Крошын даведацца аб тым „бунце“ і вельмі дзівавалісь на поэта-самародка; Дэкляруючы навет паклапаціцца аб яго ўзгадаваньні. Есьць толькі адзін друкаваны вершык Бахрыма, гэта—„Заграй, заграй…“ Апрача таго, кажуць, ён злажыў „Гутарку Данілы з Сьцяпанам“ і „Размову пана з мужыком“, каторыя запісаны ад народа этнографамі.

Заграй, заграй, хлопча малы“… — лірычная песьня аб цяжкім жыцьці ў часе паншчыны. Бацьку песьняровага забілі кіямі, маці яго тужыць, сястра плача, а самаго яго сярдзіты крошынскі пан здаець у маскалі. Песьня пераймае народную творчасьць, але сьведчыць аб некаторым знаёмстве аўтора з кніжкаю. Напісана яна з запраўдным поэтычным натхненьнем і шчырым чуцьцём, ахоплена-ж далікатнасьцю засмучонага настрою. Спосаб думаньня—абразны, параўнаваньні і звароты мовы—народныя; вось прыклад:

Гдзе-ж я, бедны, абярнуся?
Ой, кажане, кажане,
Што ня сеу ты па мяне,
Каб я большы не падрос
Ды ад бацькавых калес?..

Вершы сілябічныя, то па 8, то па 7 складоў у радку. Рыфмы дабраны добра, але націск на перэдастатнім складзе нявыдзержан, і з жаноцкімі ёсьць рыфмы мужчынскія. Незнаёмасьць з правіламі і добрымі прыкладамі танічнага вершаскладаньня шкодзіла Бахрыму, ды ня гледзячы на гэта, верш яго зусім музыкальны і падходзіць да танічнага. Прыродная пясьнярская здольнасьць Бахрыма відаць, напрыклад, з першага куплета песьні, дзе скачучая лёгкасьць першых двух радкоў падходзіць пад іграньне на скрыпцы і цымбалах, а важкаватае дудуканьне двух другіх нагадуець дуду:

Заграй, заграй, хлопча малы,
І у скрыпачкі, і у цымбалы,
А я заграю ў дуду,
Бо у Крошыне жыць ня буду

Гутарка Данілы з Сьцяпанам па складу верша не падобна да разгледжанай песьні, але ўвесь яе тон і думкі лёгка нагадуюць бахрымаўскую творчасьць. „Гутарка“ была дужа пашырана, як рукапісны твор невядомага аўторства. Магчыма, што Бахрым схаваў імя і не падпісаўся навет псэўданімам, баяўшыся паноў. Твор напісан перад вольніцай. Даніла з Сьцяпанам талкуюць аб тым, што паны ня хочуць, каб цар даваў вольніцу. Чуецца, што аўтор „Гутаркі“ сам мужык; ён глыбока адчуваець мужыцкую няволю, ненавідзіць паноў і вельмі жадаець скасаваньня прыгону. Але сьветагляд яго не расшыраны кніжнай адукацыяй, думкі прастадушныя, патрэбнай для дзейнага адраджэньня нацыянальнай і соцыяльнай сьвядомасьці няма.

Размова пана з мужыком. Затое, што паны зьдзекаваліся над мужыкамі, не давалі ім навет плакаць і без канца каралі, вінен ці ня вінен,—на іх голаў падзе тое самае, хай толькі прыдзе вольніца. „Размова“ якраз і малюець гэтую расплату. Пан вітаецца з Сьцяпанам і просіць, каб яго Дарота прыйшла да пана на работу, дэкляруець заплаціць і накарміць. Сьцяпан адказуець пану гэтак:

Ужо панскі хлеб дакучыў,
Як пан нас добра мучыў.
Добра паны гандлявалі:
Слуг на сабакі мянялі

Значаньне твораў П. Бахрыма. З тэхнічнага боку „Гутарка“ і „Размова“ стаяць нізка. Відаць, пясьняр мала клапаціўся аб надворным харастве сваіх твораў, а ўсё стараньне пакладаў на пералічаньне і паказаньне соцыяльных злыдняў. Яно й ня дзіва, бо гэткая была пара, што такім якраз спосабам найлягчэй было прамовіць да мужыцкае душы. І творы Бахрыма пайшлі ў гушчу народа, дзе ня толькі пабуджалі беларускасьць, але надавалі ёй выразнага соцыяльнага выгляду. У гэтым галоўная літэратурна-гістарычная заслуга Бахрыма. Ён—наш першы пісьменьнік з мужыкоў. Меў усе задаткі, каб зрабіцца беларускім Шаўчэнкам, адылі адсутнасьць адукацыі і жыцьцёвае гнібеньне тут перамаглі. Усёжткі сваім маласьвядомым і задушаным словам сказаў проці зьнявагі і ўціску і кінуў сьлед ў гісторыі нацыянальнага і літэратурнага адраджэньня.